Зборная РБ па негалоўных відах спорту - Павал Касцюкевіч 12 стр.


Я не магу: у мяне, гэта, прабабуля пры смерці, на Чыжоўскіх могілках ляжыць.

Паўтараю: Гішпанія два чалавекі, давозка чалавека туды і транспарціроўка цела назад за кошт дзяржавы. Валік, ты як?

Мяне няма.

Паўтараю, падлы: Гішпанія два труп... чалавекі усё ўключана!

Францавіч, у нас жа ёсць «замежка»...

Зборная Беларусі па негалоўных відах для выязных гульняў не зможа паехаць у Гішпанію: яны ў Штатах у французскім рэстаране атруціліся кальмарным соусам на кубку свету па спартыўным шопінгу.

Курвы!

Хто сказаў «курвы»? Сашуня і Генік? Выдатна нецэнзуршчына прыраўноўваецца да паднятай рукі. Значыць, вы абодва марш у гішпанскае консульства па візы, астатнія збіраемся ў Раўбічы: заўтра адкрыццё чэмпіянату Еўразіі па скачках з трампліна на вярблюдзе. Паказальны выступ.

Слухай, Францаявіч, як жа гэта магчыма скочыць з трампліна на вярблюдзе?

Ну, а як жа гэта можа быць немагчымым? Спярша вярблюда крыху прыструніў, ага, так, спусціўся да самага трампліна, раўнавагу трымаеш, нервы у кулаку, і так сабе няспешна, далікатна, раўнамерна, па-нашаму бачком так трохі, крок-скок і паляцеў...

Францавіч, ты монстр!


***


Як нараджаецца галоўны герой? І ўвогуле ці магчымы такі зорка-суперстар, новы-незацяганы, непракручаны праз мясарубку стагоддзя хх і вір яго напалмавых вечарынак? Наўрад. Тут жа патрэбны чалавечышча, чыя прага выжыць была б маштабнейшая за чэмпіянат Галактыкі па лыжных гонках на асфальце. Тут трэба звяруга, якога падчас выпрабаванняў торкае не менш за фіналіста спаборніцтваў па сумо на сланах. Які здолеў узяць усё гэта і, нахрэн перакуліўшы, здзейсніць першую беларускую рэвалюцыю. Тут і цяпер.

І вось, бачце: у шатні для тарэадораў два члены «негалоўкі», гэтыя нашыя эрбэшныя прэтэндэнты ў героі Генік і Сашуня, за дзесяць хвілінаў да свайго гладыятарскага выхаду. А праўдападобней ужо адзін Генік, бо сапраўдны герой нараджаецца адно на самоце, так што Сашуня неяк выкруціўся і застаўся ўдома.

Дык вось Генік цяпер у шатні, дзе шафкі-слупкі як гарызантальны груз-200 з трупамі ўсіх гэтых няўдах, якія былі да апошняга свайго бою перакананыя, што нарадзіліся з богавай барадой у правіцы, і па-дзіцячы верылі, што адораныя найвышэйшым блатам, які ёсць на небе, хай свяціцца імя яго. І перабывае наш прэтэндэнт у паўпрытомным стане пасярод паху змытай хлоркай крыві, няясна: людской ці бычынай гэтак, на самоце, пакінуты паразважаць, што за гульня такая гэтая карыда, і як з яе выкараскацца. Бо што б вам ні казалі настаўнікі ў школе камікадзэ, ацалеласць адзіная неабходная ўмова для існавання ўсіх сапраўдных герояў. І яшчэ ў дадатак наш прэтэндэнт прыгадвае, што ўсе тарэадоры, нават мёртвыя, былі прыроджанымі гішпанцамі і нюхалі бычыную мачу з дзетсаду. А ён жа, Генік Качуня дзіця балотаў і прапіскі: што ўвогуле ён можа цяміць у баі быкоў?

Або не, ведаеце, не. Ён не ў шатні. Ступакі Геніка, прэтэндэнта ў супермены, ужо парушылі роўнядзь пяску тарэадорскай арэны, а наўкола, злепленае ў адзін няўежны камяк, палатно з пустых глядацкіх твараў. Перад Генікам бык. За чырванаватай таніроўкай бычыных вачэй капітанская рубка з нелюдзем, пазбаўленым літасці і мазгоў. Вось тут, сярод персанальнага халакосту і поўнага капца, як сцвярджаецца, і павінен нарадзіцца сапраўдны герой...

Ці ні хера не павінны, бо той Генік гэта я! О, Божа, які кашмар! Ааааа!

Арэна, бык, я. Адчуваю, што жыцця маю секунд семвосем. Яшчэ трохі і шал гідкай плеўкай залепіць вочы. Зацыклены ў суцяшальную паўтаралку: «Мама-што-я-тут-раблюмама?» Пацею як снегавік у фрытурніцы.

І вось на 3.54 секунды свайго васьмісекундавага існавання, за колькі імгненняў да смерцяноснага рыўка, ЯГО рыўка на МЯНЕ, даю крок уперад і ніцма валюся перад быком у глухой паганскай малітве. Залаты цялок, садом і гамора што заўгодна, абы жыць! А па калашынах бяжыць хваля гарачыні.

І тут бляск бычынага вока робіцца бялейшы. Гэта ўжо не крывавы Марс гэта нязыркая бліскаўка Альдэбаран, мяшанка срэбра і ртуці, бель праўдзівага золата, увадначассе лагодны і сляпучы гузік. І дыхавічны голас:

Ну, што, Вадаліў, напусціў ужо ў порткі?..

Бачу пашча быка ненатуральна, але старанна растульваецца і сашчапляецца, вымаўляючы людскія словы. Ён дадае:

Нашто ж так пераймацца? Нашто, Вадаліве, твае турботы і неспакой, твая крыўда і слёзы? Ты што, не ведаеш, смаркач, што літаральна ўсе мы зроблены з зор?

Я скручваю голаў і бачу, што мая левая рука неяк так без болю адлучаецца ад пляча і імкліва ляціць у неба. Шматкроць расце і шпарка аддаляецца ўвадначассе. Разумею, што ніколі яе больш не пабачу, нават калі буду брысці па яе ў патрэбным кірунку ўсё жыццё. Правая рука таксама адлятаецца, але крыху пад іншым вуглом. І тудысама у зорнае бязмежжа. Потым чарга ног яны,узнятыя ўгору, бязгучна стартуюць наўздым не раўнуючы як «Васток-1» і «Васток-2». Тым жа часам тая самая прыгода налучыла і быка: вясёлы выбух неўсцеражонай шампані і яго цела крышыцца, дзеліцца на вялікія шматкі, што разлятаюцца ўгору шчаслівым каляровым феерверкам

Хто я цяпер? Гэта цяжка сказаць. Ці чалавек я? Ой, пэўна не. Мае канцавіны гэтак шалёна няблізка адна ад адной, а паміж імі зорная бездань на мільярды светлавых эпох. Так, мае ногі, рукі і цела зоркі. Няўежнае згусце матэрыі, тоны галактычнага пылу, урану, крэмню, марганцу ды іншай касмічнай дрэні. Не, дакладна: чалавекам тут не пахне.

А бык тутсама, у небе. Але цяпер у нас з ім няма варожы, няма больш забойцы, няма ахвяры. І ў прынцыпе, мы адзін аднаму ніхто. Маўклівыя згуртаванні зорак, якім у роўнай меры займае мову перад манархавым абліччам касмічнай моўчы. Сузоре Быка і сузоре Вадаліва.

Дык я, значыцца, ёсць сузорем? Сузорем?! Тым вымысленым задзіночаннем сонцаў, якое існуе толькі ў выяўленні чалавека і складаецца з нічым не звязаных у рэчаісным свеце нябесных цел?.. Чорт яго ведае...

Я ёсць, але мяне не існуе. І гэтак я абсалютна вымысленая сутнасць кручуся, лунаю, гушкаюся, ці як там называецца дзеянне, якое я раблю ў гэтай бясконцай прасторы, дзе імгненне за год. А пада мною, сярод выдмаў і барханаў Зямлі, загрузаючы па калена ў пяску, аблізваючы губы ад саракагадовага гарадзенскага перапою, брыдзе вядомая ваўкалакам Францавічам зборная Беларусі па негалоўных відах спорту.

Першынство на прызы Майсея па спартыўным арыентаванні у сінайскай пустэльні.

Назад