Крыху рэкламы не зашкодзіць
Энергічны голас за кадрам: Вам надакучыла падыходзіць ранкам да паліцы і бачыць на ёй ўсялякія-розныя шкарпэткі, з якіх у ніводнай няма пары?
Вам абрыдла, усё ж пайшоўшы на гешэфт з сумленнем ды нацягнуўшы чорную і чырвоную, мармытаць у гасцях нешта кшталту:
«У вас такая ўтульная вітальня, можна, я паем торцік тут?»
І Вам, амаль выпхнутаму ў гасцёўню, абрыдла гістэрычна крычаць гаспадарам:
«Паглядзіце ў акно, паглядзіце ў акно там лятучы Памідораў!» каб тым часам ліхаманкава скінуць боты і хуткастрэльна ўплішчыцца ў першыя-лепшыя тапкі дваццаць трэцяга памеру?..
Зазірнула сонца і ў Ваша аконца! Мы прапануем Вам рэвалюцыйны прадукт, які прынясе Вам душэўны спакой: гэта абсалютна фантастычны, унікальны набор «Аднолькавыя шкарпэткі»©!
У гэтым цалкам неверагодным наборы Вы знойдзеце ідэнтычныя, тоесныя, тыя самыя, Божачкі, ды называйце як хочаце! адным словам, дзве абсалютна аднолькавыя шкарпэткі. Толькі падумайце: два шкарпэткавыя асобнікі, якія адмыслова для Вас вынайшлі найвядомейшыя навукоўцы, выкарыстоўваючы найноўшыя фарбавальныя і вымяральныя тэхналогіі; шкарпэткі, якія ніхто не адрозніць ні па колеры, ні па памеры!
Спажывец: Незямная асалода! Вядома, я і раней падазраваў, што насіць шкарпэткі кайф: яны так прыемна аблягаюць нагу, у іх гэтак утульна! Але з цягам часу я высветліў, што не ўсе шкарпэткі аднолькавыя. Рэч у тым, што я піяніст, і ў мяне няма часу глядзець за нагамі. (Бягучы подпіс: Леапольд Швагер, піяніст). Не так даўно, выступаючы перад публікай, пачаў заўважаць, што жанчыны адварочваюць ад мяне позірк і нават пасміхаюцца. Я не мог зразумець, у чым праблема: прарэх жа зашпілены, парэзаў ад галення няма.
Я пазбыўся сну, пачаў зазіраць у бутэльку. Пакуль аднойчы сябар не параіў набыць набор «Аднолькавыя шкарпэткі»©.
Цяпер маё жыццё цудоўна перамянілася:
жанчыны на канцэртах зноў пазіраюць у мой бок, а да мяне вярнулася ўпэўненасць. Не паверыце: цяпер я нават дазваляю сабе рэзацца пры галенні і не зашпільваць прарэха! Мала таго: часцяком апранаю пад фрак шорты.
Мужчына ў белым халаце з прабіркай у руцэ на тле хімічнай лабараторыі: Мы правялі сацыялагічнае апытанне пяці тысячаў чалавек і пяці тысячаў шымпанзэ ва ўсім свеце. (Бягучы подпіс: Вітольд Швагер, сацыёлаг). І ніхто з іх не адрозніў двух асобнікаў з набору «Аднолькавыя шкарпэткі»©. Ніводная жывая істота! Стопрацэнтны вынік. Гэта фантастыка! Я, як сацыёлаг і ўладальнік дзвюх дарослых ног, раю выкарыстоўваць у якасці шкарпэтак толькі набор «Аднолькавыя шкарпэткі»©!
Энергічны голас за кадрам: І гэта яшчэ не ўсё! Акрамя двух шкарпэткавых асобнікаў на любы памер і колер абсалютна задарма мы вышлем на Ваш адрас глянцаваную кардонку, якую прыемна разрываць, калі Вам захочацца ўпершыню атрымаць асалоду ад Вашага набора «Аднолькавыя шкарпэткі»©. Адваротны бок кардонкі можна выкарыстаць таксама ў якасці кардонкі-для-напісання-чаго-небудзь-на-ёй. І гэта яшчэ не ўсё: мы дашлем Вам стопрацэнтную капронавую нітку, якая трывалым чынам злучае два шкарпэткавыя асобнікі разам...
І нават гэта яшчэ не ўсё! Калі Вам захочацца чагосьці нязведанага, Вы можаце абсалютна лёгка і хутка памяняць шкарпэткі з нагі на нагу, бо нашыя шкарпэткавыя асобнікі выштукаваныя цалкам узаемазамяняльнымі і дасканала прымаюць форму любога ступака, на які насоўваюцца.
Мужчына ў гавайскай кашулі і аранжавых шкарпэтках: Здурнець можна!
Спажыўчыха: Раней мой муж з жахам чакаў канца прання, каб зноў не далічыцца некалькіх сваіх упадабанак. Але цяпер, калі я набыла пяцьдзясят выдатных набораў «Аднолькавыя шкарпэткі»©, муж больш не турбуецца: хай сабе колькі знікла ў чэраве машыны усё адно маем яшчэ шмат абсалютна аднолькавых асобнікаў. Цяпер назіраць за машынным праннем зрабілася для мужа асалодай. У яго заўсёды добры настрой і на дваццацігоддзе нашага шлюбу ён нават падарыў мне карбюратар.
Энергічны голас за кадрам: Дасылайце на наш адрас усяго толькі 50 у.а. і мы адымчым вам на дом фантастычны набор «Аднолькавыя шкарпэткі»©, плюс шматмэтавую кардонку, плюс стопрацэнтную капронавую нітку. І ў дадатак: абсалютна дармовы каталог нашых тавараў, сярод якіх:
Электрычны чайнік, які ПРА-ЦУ-Е;
Набор сталовага посуду, які ЧЫ-СТЫ; і хіт сезона:
аўтамабіль, які ЁСЦЬ (абсалютна любой маркі!).
Генная інжынерыя
1. Ціханаўна
7х7=77. 3+8=38. 5099 акругляем да 6 тысячаў. Дзень добры! Салацік «Нясвіжскі» і боршчык «Сібірскі» па другім разе палічыла нешта рука цыкліцца стала: відаць, перамена надворя. Ага, хлеб толькі адзін, больш браць не будзеце, адназначна? Тады 10 хлябоў, то бок 1+0. Акругляем тысячай, каб усе лічбы зусім аднолькавыя былі, 17 тысячаў 777. Разлічвалі на 5? Што паробіш порцыі растуць. Чэк хочаце паглядзець? Гляньце: боршчык «Пельменскі», салацік «Нясвежы», адзін плюс адзін раз... Так, на гэты пункт чэка не глядзіце, гэта ён не вам. І гэта таксама з іншага чэка адціснулася само. Чай тры разы прабіла? Ну, ведаеце, пасля рэзання цыбулі ў вачах крыху траіцца, і гэта яшчэ па-людску вось у канцы месяца ад перапрацоўкі бывае ў мазгах пецярыцца. А ў астатнім усё правільна. Бачыце, Ціханаўна ніколі не памыляецца ў нехарошы бок. Так што, даставайце заначку: я не рэнгенолаг, але бачу: ёсць. Вуньдзе, за фатаграфіямі дзяцей. Якія яны ў вас ужо дарослыя глядзяць так і ўсё разумеюць, што маму выручаць трэба. Ад Ціханаўны грошы ў кашальку не ўтоіш. Спасіба, агульначалавечы вам спасіба...
А ты, Цукерачка, слухай бацьку, то бок
Ціханаўну: усё проста сядзіш, нікога не чапаеш і за харчовыя паслугі бярэш грошы. Людзей хоць і многа ў сталоўку прыходзе, але, памятай, чэк адзін. Як жыццё. Вось мне ўнукаў падымаць трэба, і на фальксваген зяціку. Таму перад зменай рабі, Цукерачка, сабе ўстаноўку на добрае думай пра доўгі і шчаслівы чэк. Маладая ты яшчэ, але навучышся...
Добры дзень! Салацік, булачка... Што гэта ў вас у баршчы дзве смятаны? Не? Ну, неяк мне падалося, смятанная плямка неяк так небюджэтна падваяецца Леапольдаўна з лыжкай пагарачылася. Трэба якую піпетку. А што гэта пад пюрэ эсхалоп схаваўся? Ды канечне, з кім не бывае! Неслі, рукі трусіліся, вось
эсхалоп пюрэшкай і заваліла. З вас дзевятнаццаць дзевяноста...
У дзевяностыя, Цукерачка, людзі былі
2. Клятыя 1990-я
... абазлённыя: грошы на абед давалі без рэшты дома самі рэжуць салаты і лепяць катлеты з каніны. Касіру не разгуляцца. І калі касір, скажам, прыязджае ў вёску, дык і на сваіх бацькоў накрычаць можа, а тыя ўжо на калгаснай скаціне спаганяюцца. Ад гэтага куры мяса давалі абазлённае, а таму ежа ў сталоўках рабілася несмачнейшай і несмачнейшай. І вопытныя людзі казалі, што Чарнобыль не ў восемдзесят шостым, а значна пазней, у дзевяностыя ляснуў. Проста людзям манілі некалькі гадоў, каб самыя слабыя з нас не вытрымалі і хуценька паўміралі, і тады можна было ўсё спісваць на васмідзясятыя і СССР. Адным словам, адчай такі, разруха. І ўсё неяк, Цукерачка, крыва выходзіць: захочаш малака папіць, падыдзеш да халадзільніка, дастанеш пірамідку з малаком і абавязкова нешта ў цябе наўскасяк пойдзе: пакетам да крыві распаласуешся, потым грудзі абальеш. У дадатак на падлогу трапіць: паслізнешся і лабацінай аб рог стала. Сядзіш ў ружовай лужыне крыві з малаком, плачаш. І так усе дзесяць гадоў. Працоўныя суботы піянінамі «Беларусь» валяцца на галаву. Авіялайнеры «Белавія» ў нябёсах не вытрымліваюць: садзіцца сабе самалёт на ўзлётную паласу, механікі падышлі: бач а ён ужо ўсмятку і крылаў няма. Яшчэ раскажу табе, Цукерачка, пра два прыкрыя моманты. Вуглы ў дамоў абкусаныя былі, бо людзі, ідучы на працу ці яшчэ куды, ад голаду зубы ў сцены ванзалі, а метро хадзіла без прыпынкаў. Не верыш, Цукерачка? Правільна, апошняе чыстая выдумка, а першае непрыемная, але праўда.
І нараджаліся тады сектанты-зомбі. Дакладней, зявілася ў Мінску секта, якая верыла, што пекла месціцца не ў глыбінях, а тут, на зямным абліччы, то бок усе мы ўжо патрапілі ў геену вогненную ды існуем якраз у ёй. Адным словам, празамбіравалі людзям мозгі, а тыя сабе яшчэ ў галовы ўвагналі, што катлы таго зямнога пекла там, дзе грэшныя душы павінны варыцца, стаяць якраз у кухні нашага харчовага камбіната. І насталі тады для камбіната прэчорныя дзянькі. Было, што заходзіць такі чалавек: нармальна ўсё салат
«Світанак», кефір сабе на паднос ставіць, ніякіх выбрыкаў, чын-чынаром. А вось як з катламі параўнаўся, дык у момант вока плюх усім сваім целам у кацёл з баршчом кіпячым. І ляжыць там роўненька, нават не гыркне, хоць і апёчна, бо мяркуе, што за сваё грахаводства пакуты прыняў. І хадзілі яны, і зрыналіся ў боршч: як маслам ім у нас памазалі проста нейкі кацёл адпушчэння!.. І была ў нас там адна Аксана... Не ведаю, як там яе па бацьку. Адным словам, гэтая Аксана пастаянна ўсё тлумачыць кліентам: «Тое філе, а сёе паштэт, катлету не бярыце, бо надта хлебная сёння». Перадкуецца перад людзьмі. Мы ж яе прама з Леапольдаўнай папярэдзілі: «Што ты з імі дудукаешся? То ж не людзі, а сектанты-зомбі. Прынамсі, ладная іх частка». А яна ўсё: «Жадаеце, што жадаеце... А філе, а рыбка...» Дык вось, у той злашчасны для Аксаны дзень на першае давалі халаднік і гарохавы суп. Адзін з кліентаў, выявіўшыся сектантам-зомбі, дайшоў па катлоў ды па сваёй гнюсотнай завядзёнцы штурмануўся ў чан з халадніком. І тут жа, як ашпараны, выскоквае назад: ён жа думаў у пякельныя катлы трапіць. Але ж у пекле не можа быць гэтак холадна; яму стала ясна: пераблытаў кацёл. Вылез ён з халадніку: сам чырвоны, увесь у бурачыных кудзерках чыста ўкраінскі біс, падумаў-падумаў і даў нырца ўжо ў чан з гарачым гарохавым супам. Людзі і персанал у шоку. А бач ты, ударніца-даўбальніца Аксана замест таго, каб здурнець разам з усімі, спакойненька так крычыць сектанту-зомбі над катлом: «А што на другое вы хочаце: курыцу або катлетку?» Тады з гарохавага супу вылезла рука і пачуўся булькаючы голас: «Вас!» І потым Божа, зьлітуйся! схапіла тая рука Аксану за халат і пацягнула за сабою, у кацёл. Крыку было!.. Я паклікала на помач Леапольдаўну, а тая яшчэ і Францаўну, цягнем-пацягнем за валасы, ратуем нашу Аксанаўну... Але што можна зрабіць з маньякам, які заўзята верыць, што ваш кацёл з гарохавым супам праход у апраметную?! Дык вось, сектант-зомбі па-дябальску зацягнуў гаротніцу на самае дно. Ясна: той выпадак з Аксанаўнай стаў апошняй кропляй, якая перапоўніла кацёл нашага цярпення. Увечары Леапольдаўна вытачыла асінавы чарпак і назаўтрашнім абедзе надавала тым чарпаком па лбе першаму ж зомбі. Зомбі з капылоў, і больш яны нас не трывожылі... Але ж Аксанаўну не вернеш.