Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік) - Хаўстовіч Мікола 2 стр.


Пан Завальня любіў прыроду, найбольшай прыемнасцю для яго было садзіць дрэвы, і таму, хоць дом яго стаяў на гары, за паўвярсты нельга яго ўбачыць, бо быў з усіх бакоў прыкрыты лесам. Толькі рыбакам, што плавалі па возеры, адкрывалася ўся пабудова. Ён таксама меў прыроджаную душу паэта і хоць сам не пісаў ні прозай, ні вершам, але кожнае апавяданне пра разбойнікаў, герояў, пра чары і цуды надзвычай яго займала, і кожную ноч ён засынаў не іначай, як слухаючы чарадзейныя гісторыі. Таму ўжо было звычайным, што, пакуль ён не засне, хто-небудзь з чэлядзі мусіў апавядаць яму якую простанародную аповесць, і ён слухаў цярпліва, хоць бы адна і тая ж гісторыя паўтаралася некалькі дзесяткаў разоў. Калі хто прыязджаў да яго, маючы якую патрэбу, які-небудзь падарожны ці квестар,[28] ён найласкавей яго прымаў, частаваў, пакідаў начаваць і выконваў усе жадункі, узнагароджваў, абы толькі той расказаў яму якую казку. А асабліва ўвосень, калі ночы доўгія. Той госць быў для яго наймілейшы, які меў у запасе найбольш гісторый, розных здарэнняў і показак.

Калі я прыехаў да яго, ён быў вельмі мне рады, распытваў пра шаноўных людзей, у якіх я праслужыў столькі гадоў,[29] расказваў пра сваю гаспадарку, пра бярозы, ліпы і клёны, якія шырока распрасцёрлі свае галіны над дахам. Некаторых суседзяў хваліў, іншых жа ганіў, што яны займаліся толькі сабакамі і паляваннем. Нарэшце, пасля доўгае размовы пра сёе ды тое, кажа мне:

– Ты чалавек вучоны, хадзіў у езуіцкую школу[30]

]

Дык я пачаў прыпамінаць, чым бы пахваліцца. Я нічога не чытаў, апрача гісторыкаў і класікаў. Гісторыя народаў – не займальная рэч для таго, каго не цікавяць тэатр свету і асобы, што іграюць розныя сцэны. Для майго дзядзькі адзінай гісторыяй былі Біблія, са свецкіх жа паданняў ён дзесьці вычытаў, што Аляксандар Македонскі, прагнучы даведацца пра вышыню неба і глыбіню мора, лятаў на грыфах і апускаўся на дно акіяна[31] і такая чалавечая смеласць яго, дзядзьку, здзіўляла і займала. Трэба было і мне расказаць што-небудзь падобнае, таму вырашыў пачаць з «Адысеі» Гамера, бо ў гэтай паэме поўна чараў і дзіваў, як і ў нашых асобных простанародных аповесцях.

Блізу дзесятае гадзіны вечара, калі вясковыя жыхары канчаюць сваю працу, мой дзядзька пасля малітвы ідзе спачываць. Ужо сабралася ўся чэлядзь паслухаць новыя аповесці, а ён сказаў так:

– Ну, Янка, раскажы ж нам што цікавага, я буду пільна слухаць, бо сёння адчуваю, што не хутка засну.

Тады я, каб мае аповесці былі лепш зразумелыя для слухачоў, расказаў коратка пра самых галоўных грэцкіх багоў, багінь і герояў, пасля пра залаты яблык, пра суд Парыса, пра аблогу Троі. Усе слухалі з цікавасцю і здзіўленнем. Я чуў, як некаторыя з чэлядзі гаварылі:

– Гэтай басні прыпомніць не можна, дужа цяжкая.

– А ці было калі ў сапраўднасці тое, што ты расказваеш? – пасля доўгага маўчання перапыніў дзядзька.

– Так некалі верылі паганцы, бо гэта было да нараджэння Хрыстовага.

Вядома з гісторыі пра гэты народ, вядома таксама і пра яго рэлігію.

– І такому вас вучаць езуіты ў школах, нашто ж гэта прыдасца?

– Хто вучыцца, – адказаў я, – той павінен пра ўсё ведаць.

– Ну, то кажы далей.

І далей я апавядаў без перапынку. Ужо было пасля паўночы. Чэлядзь, разыходзячыся, паціху паўтарала паміж сабой:

– Нам гэтай басні ня выўчыцца, усё што-то ні па-нашэму, тут нічаго ні прыпомніш.

Праз пэўны час я пачуў моцны храп майго дзядзькі і, усцешаны з гэтае прычыны, перажагнаўся і заснуў.

На другі дзень ён як вясковы гаспадар устаў вельмі рана, агледзеў увесь свой маленькі маёнтачак, вярнуўся ў дом і, набліжаючыся да мяне, калі я яшчэ драмаў, загукаў:

– О, як бачу, вашэць любіць спаць па-панску; уставай, у простых людзей гэта грэх, і цябе назавуць гультаём! Але твая ўчарашняя гісторыя вельмі вучоная, хоць забі, не помню аніводнага імя тых паганскіх багоў. Дый гэта не апошні раз, пагасцюеш у мяне да вясны і за доўгія зімовыя ночы шмат мне раскажаш пра сёе і пра тое.

У час майго побыту ў дзядзькавым доме мусіў я амаль пяць тыдняў кожную ноч усыпляць яго пераказам славутых паэм грэцкіх або лацінскіх класікаў, аднак найбольш яму падабалася з «Адысеі» мудрасць Уліса[32] на берагах Цырцэі і на востраве цыклопаў. Паўтараў мне няраз:

– А можа, некалі даўно і бывалі такія агромністыя веліканы, толькі дзіўна, што з адным вокам на ілбе. Але ж і хітрун гэты Уліс – напаіў, выкалаў вока і выехаў на баране.

Не мог таксама ён забыць шостае песні з Вергілія,[33] дзе Эней увайшоў у пекла. Паўтараў некалькі разоў такія словы:

– Хоць ён быў і паганін, ды якое шляхетнае пачуццё і любасць да бацькі – ісці ў такое небяспечнае месца. Але якая ў іх дзіўная вера, у нас душачкі збавёныя ідуць у неба, а яны сабе прыдумалі нябеснае валадарства так глыбока пад зямлёй. Дзіўная рэч!

Аднаго разу, размаўляючы са мною, запытаўся ён, ці даўно я быў у Полацку.

– Амаль год не меў нагоды быць у гэтым горадзе.

– Калі надарыцца там быць, добра было б даведацца ад ксяндзоў езуітаў, як вучацца мае Стась і Юзік. О, не кепска быць чалавекам вучоным! От, як вашэць апавядаеш з розных кніжак, таго невук і ў сне не ўбачыць! Добра ўсё ведаць. Я, будучы ў Полацку, і мая нябожчыца жонка, вечная ёй памяць, прасілі ксяндза-прэфекта,[34] каб не шкадавалі розгаў.

О, гэта цудоўныя вершы – розга вучыць розуму і веры. Сёй-той з нашых панічоў, якіх песцяць у бацькоў, толькі і бавіцца з коньмі і сабакамі, а прыйдзе які ў касцёл, дык нават не перажагнаецца. Якая ўцеха бацькам – толькі кара Божая!

Ужо былі першыя дні лістапада. Самотны, седзячы ля вакна, я слухаў завыванне асенніх вятроў і пошум бяроз і клёнаў, якія густа ўздымаліся над дахам. Віхор круціў па двары жоўтае лісце і ўзнімаў яго ўгору. Усюды глуха, толькі зрэдку забрэша сабака, калі мінае прахожы або пакажацца з лесу звер. Думкі мае былі занятыя нейкімі тужлівымі марамі. Тут уваходзіць кабета, што за гаспадыню ў майго дзядзькі. Гэта сястра яго жонкі-нябожчыцы, ужо ў сталых гадах. Убачыўшы, што я задумаўся, сказала:

– Нудзішся ты ў нас, пане Янка. Ты малады чалавек, а адпаведнае кампаніі не маеш, а можа, ужо і гэтыя начныя апавяданні апрыкралі. Крышку патрывай, – як толькі замерзне Нешчарда, паўз гэты фальварак праз возера будзе вялікая дарога. О! Тады пан Завальня запросіць да сябе шмат гасцей, каб расказвалі, што каму заманецца.

Прайшло колькі дзён. Яснымі і пагодлівымі начамі заіскрыліся маразы. Заснула возера пад тоўстай лядовай глыбай, пасыпаўся снег з аблокаў – і ўжо зіма. Уздоўж Нешчарды з’явілася шырокая дарога, праходзяць падарожныя і цягнуцца ў Рыгу вазы, гружаныя лёнам і пянькою, паказаўся гурт рыбаловаў на лёдзе. Мы з дзядзькам любілі часта наведваць тоні і глядзець на багаты ўлоў, а тут яшчэ і тая была карысць, што ён, прабыўшы цэлы дзень на марозе, хутка засынаў, і я вечарамі быў вольны. Да таго ж мы часцей мелі і заезджых гасцей, перад якімі дзядзька вельмі хваліў мяне і езуіцкія навукі, расказваючы, што чуў ад мяне шмат новых і такіх разумных аповесцей, што і запомніць цяжка. Быў і я рады гасцям, бо сёй-той з іх заступаў маё месца, і мне ўжо было прыемней слухаць, чым гаварыць.

Вечар быў цёмны, неба пакрыта хмарамі, нідзе аніводнае зоркі, падаў густы снег. Раптам пачынае дзьмуць паўночны вецер, навокал страшная бура і завіруха, вокны засыпала снегам, за сцяною завылі сумным голасам віхуры, быццам над магілаю самое прыроды, за адзін крок вока нічога не бачыць, і сабакі на падворку брэшуць: кідаюцца, быццам напалі на нейкага звера. Выходжу з дому, слухаю, ці не падышла зграя ваўкоў, бо ў такую завіруху гэтыя драпежныя звяры найчасцей шукаюць сабе здабычу, гойсаючы тут і там каля вёсак. Узяў набітую стрэльбу, каб хоць папужаць іх, калі здолею заўважыць зіхатлівыя воўчыя вочы. Раптам пачуў крык на возеры, там і тут пераклікаліся паміж сабою мноства адчайных галасоў, быццам не могучы даць рады ў страшнай небяспецы. Я вяртаюся ў хату і кажу пра гэта дзядзьку.

– Гэта падарожныя, – адказаў ён, – дуйка снегам замяла дарогу, і яны, блукаючы па возеры, не ведаюць, у які бок падацца.

Гаворачы гэта, ён узяў запаленую свечку і паставіў яе на падваконні.

Пан Завальня меў звычай рабіць гэта кожную завейную ноч ужо таму, што жыла ў ягоным хрысціянскім сэрцы любоў да бліжняга, і ён рады быў заўсёды гасцям, каб з імі пагаварыць і паслухаць іхнія гісторыі. Падарожныя, што заблудзіліся, заўважыўшы з возера агонь у вакне, цешыліся, як мараходы, змучаныя марскімі хвалямі, калі ўгледзяць здалёк сярод начное цямрэчы святло партовага ліхтара, цешыліся і з’язджаліся ўсе да сядзібы майго дзядзькі, быццам да прыдарожнае карчмы, каб пагрэцца і даць адпачынак коням.

Вецер не сціхаў, і дом, быццам высокія валы, акружалі снежныя сумёты; сярод шуму буры чуваць рыпенне снегу пад нагружанымі вазамі, стукаюць у зачыненыя вароты і крычаць:

– Рандар! рандар! Адчыні вароты; ахці, якая мяцеліца, саўсём перазяблі, і коні прысталі, чуць цягнуць. Рандар! Рандар! Адчыні вароты!

На гэты крык выходзіць парабак, незадаволены, што ўваліўся ў глыбокі снег:

– Пагадзіця, адчыню, чаго вы крычыця, тут не рандар жывець, а пан Завальня.

– Ах, паночык (думалі, што гэта сам гаспадар), пусці нас піраначаваць, ноч цёмная, нічаго не відна, і дарогу так замяло, што і найці няможна.

– А ці ўмеіце сказкі да прыкаскі?

– Да ўжо ш як-нібуць скажым, калі толька будзе ласка панская.

Адчыняюцца вароты, на падворак заязджае некалькі вазоў, насустрач выходзіць дзядзька і кажа:

– Ну, добра, будзеце мець вячэру і сена для коней, толькі з умовай, што хто-небудзь з вас павінен расказаць мне цікавую казку.

– Добрэ, паночык, – адказваюць сяляне, здымаючы шапкі і кланяючыся.

Вось выпраглі яны і прывязалі да вазоў сваіх коней, паклалі ім сена, зайшлі ў пакой для чэлядзі, абтрэслі снег, там далі ім вячэру; пасля яе сёй-той з іх прыйшоў у пакой да майго дзядзькі, ён даў ім яшчэ па кілішку гарэлкі, пасадзіў падарожных каля сябе і ўлёгся ў пасцель з намерам, аднак, слухаць казкі. Сабраліся сямейнікі, і я сеў паблізу, з вялікай цікавасцю жадаючы пачуць новыя яшчэ для мяне простанародныя аповесці.

Апавяданне першае. Пра чарнакніжніка і пра цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем

Не кожны чытач зразумее беларускую мову, дык гэтыя народныя апавяданні, якія пачуў я з вуснаў простага люду, вырашыў (наколькі змагу) у даслоўным перакладзе напісаць па-польску.

Падарожны гэты быў чалавек не маладых гадоў; валасы меў сівыя, але быў здаровы і моцны. Калі апавядаў пра сваё мінулае, здавалася, маладзеў; крыху падумаўшы, пачаў так:

– Не казку пану раскажу, а тое, што было ў сапраўднасці, што здарылася нават са мною. Горкім бывае часам нашае жыццё, але хто спадзяецца на Бога, – Бог злітуецца і ўсё пераменіць на лепшае. Бяда таму, хто, прагнучы багацця, прадае сваю душу пеклу.

У маладосці маёй, памятаю, мелі мы пана К. Г. Злы гэта быў пан, страшна ўспомніць, што ён рабіў: хлопцаў і дзяўчат жаніў і замуж выдаваў, не хочучы і ведаць ні пра іхнія сімпатыі, ні пра іх мінулае шчасце: ні просьбы, ні слёзы не маглі яго ўлагодзіць; вяршыў сваю волю, здзекуючыся з людзей без усялякае літасці, конь і сабака былі яму даражэйшыя, чым хрысціянская душа. Меў ён лёкая Карпу, злога чалавека; і яны абодва, спачатку пан, а пасля пахолак, прадалі свае душы д’яблу. А было гэта так.

З’явіўся ў нашым маёнтку – невядома адкуль – нейкі дзіўны чалавек. І цяпер яшчэ памятаю аблічча, твар і адзенне яго: нізкі, худы, заўсёды бледны, вялізны нос, як дзюба драпежнае птушкі, густыя бровы, пагляд яго – як у чалавека ў роспачы ці вар’ята, апранахі яго – чорныя і нейкія дзіўныя, зусім не такія, як у нас носяць паны ці ксяндзы; ніхто не ведаў, ці быў ён свецкі, ці манах які, з панам размаўляў на нейкай незразумелай мове. Пасля адкрылася, што гэта быў чарнакніжнік, які вучыў пана рабіць золата і іншыя д’ябальскія штукі.

І хоць у той час я быў зусім маладзён, аднак мусіў адбываць у маёнтку чаргу начнога вартаўніка, абыходзіць усе панскія будынкі і стукаць малатком у жалезную дошку. Няраз бачыў, як акурат апоўначы ў панскім пакоі гарэла святло, і ён там з чарнакніжнікам пастаянна быў нечым заняты; усе заснулі, і ціш панавала на панадворку, над дахам панскага жылля сюды і туды снавалі кажаны і нейкія чорныя птушкі. Сава, апусціўшыся на дах, то рагатала, то плакала, нібы немаўля. Мяне апанаваў люты страх, але калі перажагнаўся, пашаптаў пацеры, – зрабілася крыху лягчэй, і, адчуўшы ў сабе больш смеласці, вырашыў я ціхенька падысці да панскага вакна і паглядзець праз шыбу, што яны там робяць. Толькі падышоў, як ля сцяны ўбачыў жахлівую пачвару. Страшна ўспомніць, гэта была велізарная жаба-рапуха. Яна кінула на мяне вогненны позірк. Я адскочыў назад, пабег, як шалёны, прэч і ледзьве спыніўся праз дзве сотні крокаў. Увесь дрыжаў. Мне падумалася, што гэта шатан у абліччы таго страшыдлы пільнаваў вокны майго пана, каб ніхто не ўбачыў сакрэтаў, якія там чыніліся. Я змовіў «Анёла Божага»[36] і хоць ноч улетку была ясная і цёплая, дрыжаў, нібы на марозе. Дзякуй Богу, што хутка заспяваў певень, патухла святло ў пакоі, і я, крыху ўжо супакоіўшыся, дачакаўся ўсходу сонца.

Другое здарэнне таксама было дзіўнае. Я сек у лесе дровы. Сонца заходзіла. Гляджу: ідуць па дарозе пан з чарнакніжнікам і раптам павярнулі да густога яловага лесу. Я, маючы цікавасць, крадуся ціхенька следам і хаваюся за дрэвам, будучы ўпэўнены, што там павінны дзеяцца нейкія чары. Усюды ціха, толькі дзесьці далёка стукае дзяцел на спарахнелым дрэве. Бачу: на старым вывернутым дрэве сядзіць пан, каля яго стаіць чарнакніжнік і трымае за галаву велізарную гадзюку, якая чорнай стужкаю абвіла яму правую руку. Не ведаю, што было далей, бо я ад страху ўцёк.

Трэцяе здарэнне было яшчэ страшнейшае. Хоць я яго і не бачыў, аднак чуў ад надзейных людзей, дый пра гэта гаварылі ва ўсіх навакольных вёсках. Апоўначы наш пан, той госць шатанскі і лёкай Карпа ўзялі ў аборы чорнага казла, завялі яго на могілкі. Кажуць, што выкапалі яны з магілы наўца,[37] чарнакніжнік надзеў на сябе нябожчыкаву чамарку,[38] забіў казла і яго мясам і крывёю адпраўляў нейкія страшныя ахвяры. А што там дзеялася тае начы, нельга ўспомніць без страху. Казалі, што нейкія страшыдлы запоўнілі ўсё неба, нейкія звяры, падобныя да мядзведзяў, дзікоў і ваўкоў, бегалі вакол, равучы так, што пан і Карпа ад страху знепрытомнелі і пападалі на зямлю. Не ведаю, хто іх прывёў да прытомнасці, але пасля тае страшнае ночы чарнакніжнік знік, і ніхто яго потым не бачыў. Пан увесь час маркоціўся, хоць меў шмат золата і іншага багацця – чаго толькі не захоча – усё ёсць; зрабіўся яшчэ больш люты, ніхто яму дагадзіць не мог, нават Карпу выгнаў з маёнтка.

Калі падарожны апавядаў гэта, дык было чуваць, як шапталіся слухачы: «Вот ужэ страх так страх, аж мароз па скуры падзіраець». І дзядзька адазваўся такімі словамі:

– Мусіць, спачатку ён быў фармазонам[39] ці пабратаўся з недаверкамі,[40] а чалавек без рэлігіі на ўсё гатовы. Але што ж далей?

Падарожны апавядаў далей:

– Карпа, выгнаны з маёнтка, аддадзены быў у работнікі аднаму заможнаму гаспадару. Ды там ён болей замінаў, чым быў памочнікам, бо, жывучы з дзяцінства ў маёнтку, зрабіўся лайдаком, да таго ж упартым і неслухмяным. Да аканома часта даходзілі скаргі, і той пераводзіў яго з аднае хаты ў другую, але нідзе не мог ён застацца надоўга. Нарэшце Карпа папрасіў аканома заступіцца за яго перад панам, каб далі яму хату і колькі дзесяцін зямлі, бо калі ён сам зробіцца гаспадаром, дык будзе, маўляў, больш старанны. Пан згадзіўся. Пабудавалі яму новую хату, адрэзалі лепшае зямлі, далі пару коней, колькі кароў ды іншае жывёлы на развод. Урэшце задумаў ён жаніцца. Але ніводная гаспадарская дачка не хацела ісці за яго, бо ніхто ні на яго, ні на ягоную гаспадарку не спадзяваўся, бо ведалі ўсе, што ў яго ні веры, ні Бога ў сэрцы няма.

Назад Дальше