У гэтай вёсцы жылі колісь мае бацькі, і быў у нас сусед Гарасім. Чалавек ён быў старанны, усяго яму хапала, служыў добра пану, спраўна плаціў падаткі. Меў ён адзіную дачку, Агапку. Пекная была дзяўчына: здаровая, румяная, як спелая ягада. Даўней, як прыбярэцца і прыйдзе на кірмаш з жычкаю[41] ў касе, у чырвонай шнуроўцы[42] – свеціцца, як цвет макавы, усе не могуць на яе наглядзецца, кожны любіў з ёй патанцаваць, і дудар для яе граў найахвотней. Ах! прызнаюся: і мне ў той час яна так прыпала да душы, што і сёння ўспамінаю яе ўздыхаючы. Падабалася яна і Карпу. І вырашыў ён дамагацца яе, але, ведаючы, што не любіць яго дзяўчына, а бацькі не хочуць мець сабе такога зяця, і сватоў, прысланых ад яго, не прынялі, Карпа, каб было па-ягонаму, ідзе да пана, просіць, каб загадаў Агапцы ісці замуж толькі за яго. Бацькі ж яе, даведаўшыся пра гэта, прасілі аканома і ўсю воласць[43] заступіцца, бо Агапка яшчэ занадта маладая і не здолее добра ўпраўляцца ў ягонай хаце; і гаспадарка ў яго ўвачавідкі развальваецца, нічога добрага ад яе не прычакаеш. Па просьбе аканома і вяскоўцаў пан адклаў вяселле на наступны год, а Карпу загадаў, каб напрыканцы гэтага тэрміну паказаў, што зрабіў карыснага і колькі зарабіў грошай.
Кахаў і я Агапку, але каб пабрацца з ёю – пра такое і думаць не мог. Баяўся панскага гневу, і з Карпам цяжка было спрачацца, бо быў ён дворскі,[44] з рознымі чараўнікамі меў фамільярнае сяброўства і калі б толькі даведаўся пра маю прыхільнасць да Агапкі, дык, пэўна, зрабіў бы са мною што-небудзь кепскае. Дык я толькі пакрыёма ў душы сумаваў, прасіў Бога, каб гэтая нявінная авечка не трапіла ў кіпцюры да шалёнага ваўка. Але сталася ўсё інакш.
Карпа – чалавек несумленны і лянівы – ідзе на параду да Парамона, найстрашнейшага чараўніка ў нашай ваколіцы, апавядае яму пра сваю сімпатыю да Агапкі, пра ўмовы, якія пан загадаў яму выканаць за год. Словам, просіць яго, каб адкрыў спосаб, якім хутка можна забагацець, а ён гатовы на ўсё, хоць душу д’яблу прадаць, абы толькі дамагчыся свайго.
Парамон выняў са скрыні загорнутыя ў паперу нейкія зярняткі і, даючы іх Карпу, так раіць:
– Калі не маеш свайго чорнага пеўня, дык расстарайся дзе-небудзь, накармі яго гэтым зернем, і ён праз колькі дзён знясе яйка, не большае за галубінае. Гэтае яйка ты павінен насіць цэлы месяц пад леваю пахаю. Праз месяц вылупіцца з яго маленькая яшчарачка, якую будзеш насіць пры сабе і кожны дзень карміць малаком са свае далоні. Расці яна будзе хутка, а па баках у яе вырастуць скураныя крылы. Праз месяц яшчарка ператворыцца ў крылатага цмока. Ён будзе выконваць усе твае загады. Ноччу ў чорным абліччы прынясе табе жыта, пшаніцы і іншага збожжа, а калі прыляціць, палаючы агнём, дык гэта значыць, што будзе мець пры сабе золата і срэбра. Жыві з ім у дружбе, калі хочаш быць багаты, бо калі ўгнявіш, дык ён можа спаліць табе хату і ўсё тваё дабро.
Гэтую бязбожную параду Карпа выканаў ахвотна. Выгадаваў жахлівага цмока, але чары яго не засталіся тайнымі, бо гэтае страхоцце няраз пасля захаду сонца з’яўлялася на вачах вяскоўцаў, што вярталіся дахаты позняй парою.
Аднойчы і я, калі пасвіў коней на начлезе, бачыў, як ляцела тое страшыдла, з шумам рассыпаючы вакол сябе іскры, нібы распаленае жалеза пад молатам каваля, і над дахам Карпавае хаціны распалася на дробныя частачкі і знікла. Неба ў той час было яснае, ніводнае хмурынкі на ім, і зоркі зіхацелі на нябесным скляпенні. «О Божа! – падумаў я. – Перад Табою няма нічога таемнага. Ты будзеш суддзёю спраў людскіх, але людзі пра гэта забываюць».,[45] дык у карчму заходзіць падпёршыся ў бокі, чырвоная шапка набакір, галава задзёртая, і здаецца, што ўсе для яго нішто, жменяю грошы шпурляе на стол, кажа падаваць тое, што толькі яму заманецца, частуе ўсіх і смела крычыць, што пан яму, як брат родны, ні ў чым не адмовіць, і ён усё зробіць, што яму толькі захочацца, што Агапка павінна радавацца, калі можа выйсці за яго замуж, бо ён за свае грошы можа купіць жонку, якую толькі пажадае.
Агапка, чуючы пра гэта, залівалася слязьмі, бо ведала, што яе выбар і жаданне бацькоў – нішто. Усё было ў руках пана, а той не меў ні спагады, ні літасці. Ведала яна добра і душу Карпаву, і звычкі ягоныя. Часам чула гаворку суседзяў між сабою, што ён ужо пабратаўся з Парамонам, што ўжо служыць яму шатан, які назапасіў для яго безліч грошай. Не цешыла тое золата маладую дзяўчыну, бо яна бачыла ў лятунках сваіх мужа стараннага, цнатлівага ды пабожнага.
Прайшоў год. Карпа накупляў пану ў горадзе багатых падарункаў і прыехаў на гожым кані нагадаць пра абяцанае. Паслалі па Агапчынага бацьку, загадалі рыхтавацца да хуткага вяселля. Плакаў бедны Гарасім са сваёй жонкаю над лёсам дзіцяці і маліўся, каб Бог быў ёй апекуном. Агапка ж хавала скруху свайго сэрца, каб не растрывожыць яшчэ больш бацькоў. Узяўшы ядвабныя стужкі, якія найбольш любіла, і колькі кавалкаў кужалю, што сама ткала, пайшла да касцёла і, павесіўшы ўсё гэта на абраз Прачыстае Маці, пала ніц, енчачы і заліваючыся слязьмі; і ўсе, хто быў там, таксама не маглі стрымаць слёз. Пасля набажэнства яна выцерла слёзы і вярнулася да бацькоў са спакойным абліччам, як быццам усцешаная.
Спагада і любасць да гэтае дзяўчыны перамаглі ў ва мне ўсякі страх. Іду да хаты, дзе жыў Гарасім. Нечаканыя думкі і смелыя намеры выспяваюць у маёй галаве. Вырашыў: ад тыранства і напасці схаваць яе дзе-небудзь у далёкай старане. Ідучы да вёскі, убачыў Агапку. Самотная, яна хадзіла па полі, плачучы, спявала жаласным голасам звычайную песню-падзяку бацькам за іх клопаты. Набліжаюся да яе, бяру за руку (а сам быў у той час як непрытомны). Хочучы аблегчыць яе пакуты, так прапаную свае паслугі:
– Агапка! Ведаю я прычыну слёз тваіх, ведаю аб пакутах бацькі і маці. Карпа – бязбожны чалавек. Ён падкупіў пана, несумленна пагарджаючы тваім выбарам і воляю тваіх бацькоў. Паслухай мае рады, калі маеш хоць частку тае прыхільнасці да мяне, якую я маю да цябе і да тваіх бацькоў. На зямлі ёсць высокія горы, зарослыя густым лесам; ёсць цёмныя пушчы, што чарнеюцца каля нашых вёсак. У засень іх нетраў ніколі не заглядвала чалавечае вока; яны цягнуцца бясконца. Давай пойдзем прэч з гэтых краёў. Давай схаваемся ад усіх знаёмых у гэтых дзікіх пустэльнях. Я буду тваім вартаўніком і правадніком. Свет вялікі, знойдзем і мы дзе-небудзь свой куток. Ёсць і людзі з ласкавым сэрцам, якія даюць прытулак уцекачам ад суда, а мы ж невінаватыя ні перад Божым судом, ні перад людскім і дзе-небудзь працаю заслужым сабе кавалак хлеба. Добры Бог дасць нам здароўе і сілы, падтрымае ў тых цёмных лясах сваёй апекаю.
Калі я казаў гэта, слёзы зацьмілі мае вочы. Агапка, гледзячы на мяне, адказала так:
– Я кахаю цябе, але не магу згадзіцца і пайсці з табою, бо бацькі мае будуць пакутаваць. Няхай лепш я сама буду ахвяраю свайго няшчасця, каб толькі яны былі спакойныя.
Сказаўшы гэта, яна шпарка пайшла дадому.
Я доўга стаяў на тым месцы, не ведаючы, што рабіць. У роспачы вярнуўся да свае хаты; як непрытомны, зноў пабег у поле, блукаў па лясах; не ведаў, за што зацяць рукі, ад самоты ледзь не памёр. Далі запаведзь.[46] У нядзелю Карпа з Агапкаю бярэ шлюб у касцёле. Ён, вясёлы і выхвальны, стаяў проста, валасы на галаве падстрыжаныя па-панску, на шыі ядвабная хустка, на нагах блішчастыя боты, вопратка з тонкага сукна (такая, якую пан часам апранае). Словам, калі б хто не ведаў, што Карпа наш брат, – за паўвярсты яшчэ зняў бы шапку і пакланіўся. Яна, наадварот, смутная, твар – бледны: змянілася ўся, нібы ў яе сухоты, бляск вачэй пагашаны слязьмі. І казалі, што свечкі ў маладых гарэлі так цьмяна, што сёй-той са страхам паглядаў на гэта, шэпчучы суседу: «Не будзе тут шчасця. Жыццё іх зацьміцца смуткам».
З касцёла Карпа з дружынаю і маладою жонкаю паехаў на паклон да пана, а з маёнтка – да хаты Агапчаных бацькоў. Вяселле было Бог ведае па-якому. Карпа з дзяцінства быў дворскі; звычаі нашы вясковыя яму ўжо здаваліся смешнымі і былі не даспадобы. Не пераязджаў ён на кані праз падпаленую салому, не гаварылі госці ніякіх арацый, не спявалі вясельных песень, не паклікалі нават дудара, і моладзь не патанцавала. Вяселле ў Гарасімавай хаце падобнае было да хаўтураў. І хутка маладая пара з гасцямі паехала адгэтуль да свае хаты, дзе ўжо Карпа кожным учынкам хваліўся сваім дворскім глянцам ды багаццем і хацеў, каб яго ўсе хвалілі.
Паклікаў дудара, кінуў яму, нібы чыноўнік які, колькі срэбранікаў і загадаў граць. Добра заплаціў таксама і кабетам, каб спявалі; з вымушанай ветлівасцю, нібы паніч які, прасіў хлопцаў і дзяўчат скакаць. Не было там шчырасці, а вось ежы і пітва – аж занадта. Чаркі з гарэлкаю амаль без адпачынку пераходзілі з рук у рукі. Шум у хаце, музыка грае, моладзь скача; ён апавядае пра сваю дворскую службу, пра прыхільнасць, якую заслужыў у пана. Адна Агапка – як забітая; было шкада нават на яе глянуць.
На панадворку хоць і цёмна, але ціха. На чыстым небе поўнач. Сітка[47] змяніла сваё становішча. Госці, захмялелыя ад моцных напояў, весяліліся. Нечакана нібыта маланка асвяціла хату і нейкі незвычайны шум пачуўся за сцяною. Пацямнела полымя свечак, усе заціхлі ды пазіралі адно на аднаго. Карпа быццам змяніўся з твару і, як непрытомны, гучна прамовіў: «Прыбыў мой госць» – і адразу ж загаварыў да сваіх сяброў пра нешта іншае. Але пасля гэтага здарэння дзіўная была перамена ў той хаце; кожнага апанаваў нейкі неспакой, некаторыя з прысутных бачылі загадкавыя і страшныя праявы: то на дварэ, то ў цёмных кутках хаты. Аднаму падалося, што нейкае страшыдла, зарослае валасамі, з-за сцяны ўглядаецца ў вакно; другому здалося, што на печы сядзіць нейкі карузлік з велізарнай галавою, чорны, як вугаль; іншы бачыць нібыта таго чарнакніжніка, які вучыў пана штукам шатанскім і золата рабіць. Карпа, убачыўшы трывогу асобных гасцей, смяяўся, казаў, што гэта моцная гарэлка стварыла такія дзівы, загадваў дудару граць і спяваць песні. Сярод гаманы і тлуму забылі пра ўсё.
Адчыняюцца дзверы: уваходзіць чараўнік Парамон. З-пад густых броваў агністым вокам прабег ён па гасцях і, стоячы яшчэ ля парога, так абазваўся:
– Кланем[48] вам, шаноўная дружына! Няхай вашую вясёлую кампанію радасць не пакідае, а маладой пары зычу згоды, любасці, багацця і заўсёды так весела прымаць і частаваць суседзяў і добрых сяброў.
Карпа вітае яго і просіць, каб сядаў на лаве на покуць. Расступаюцца госці, Парамон сядае за стол, спінаю апіраецца аб сцяну і ганарліва разглядвае ўсіх, хто стаіць перад ім. Карпа падносіць яму гарэлкі і закуску.
– А дзе ж твая Гапуля, гаспадыня маладая? Ці яна так занятая, ці, можа, таксама мяне не пазнала? Я пастарэў, а яна маладая вельмі, і ёй яшчэ трэба вучыцца, як жыць на свеце.
Карпа падвёў Агапку. Парамон зірнуў на яе маркотны твар і кажа:
– Не смуткуй, пажывеш, пакахаеш, і добра будзе.
Акім, селянін гэтае самае воласці, падданы пана К. Г., быў колісь з Парамонам у вялікай непрыязні. Будучы ў добрым гуморы, бо не любіў абмінаць чарку, успомніў нязгоды мінулых часоў, заклаў рукі за пояс, адставіў правую нагу і ў такой паставе, стоячы перад Парамонам і гледзячы яму ў вочы, так абазваўся:
– А! Кланем!
Усе паглядзелі на Акіма. Не рады, што ён, захмялеўшы ад гарэлкі, асмеліўся жартаваць з Парамонам. Баяліся, каб не выйшла з гэтага якога няшчасця, бо ўсе і раней верылі ў сілу Парамонавых чараў; верылі, што ён не толькі можа наслаць на людзей розныя хваробы і шаленства, але, калі захоча, дык і цэлае вяселле аберне ў ваўкоў.
Парамон зірнуў на яго са з’едлівай усмешкаю:
– А ты, – кажа здзекліва, – часам так падкрадаешся да панскае або суседскае спіжарні ці туды, дзе беляць палотны, што цябе не толькі вартаўнік не пачуе, але і сабака такога госця не знюхае.
– Га![50] Я добра памятаю, як вінавацілі мяне ў крадзяжы палатна, – адазваўся Акім, – ты варажыў на рэшаце, называючы імёны ўсіх сялян воласці. Рэшата павярнулася на маім імені і на імені Грышкі-дудара. Жонка аканома паверыла тваім чарам, і нас лупцавалі без міласэрнасці. А пасля адкрылася, што мы без віны прынялі тыя пакуты. Подлыя твае ўчынкі, і ў чарах тваіх няма ніякае справядлівасці.
Тут адгукнуўся і дудар Грышка:
– Га! Так, памятаю і я. Варта было б за твае хлуслівыя чары кіем падзякаваць, ды так, каб ты і з зямлі не ўстаў.
Парамон не мог вытрываць, што ману прыпісваюць ягоным чарам. Заіскрыліся вочы, пачырванеў ён увесь, усхапіўся з лавы. Усе перапалохаліся. Карпа хапае яго за плечы ды просіць, каб дараваў ім, бо п’яныя, не памятаюць, што кажуць. Бачачы гэтае бязладдзе, прыбягае Агапка, хапае яго за руку, перапрошвае, што ў іх меў такую непрыемнасць, і просіць прабачыць. Таксама Акіму і Грышку кажа, каб яны забылі пра мінулае і памірыліся з Парамонам. Карпа ставіць на стол гарэлку і вельмі просіць, каб, выпіўшы па чарцы, яны забылі, што было даўней.
Чараўнік крыху супакоены.
– Добра, – кажа, – не турбуйцеся, я паміруся. Няма ў мяне не толькі ахвоты перапыніць забавы ў вашай хаце, але хачу, каб яны зрабіліся яшчэ весялейшыя. Няхай сабе Грышка весела грае на дудзе, а Акім скача, – і з хітраю ўсмешкай дадаў: – Ну, ідзіце, запрашаюць нас гаспадар і маладая гаспадыня выпіць адзін да аднаго па чарцы гарэлкі. Яшчэ пеўні не спявалі: цяпер самы час павесяліцца.
Карпа, Агапка і госці вельмі просяць Акіма і Грышку, каб селі за стол з Парамонам. Акім не адмовіўся ад гарэлкі; дык і Грышка па яго прыкладзе выпіў з Парамонавых рук па кілішку; пасля яшчэ раз паўтарылі.
– Згода! Згода і мір паміж намі, – крычаць госці. – Сталы гнуцца ад пачастункаў, досыць і пітва, і закускі, давайце піць, гуляць, зычачы маладым багацця, здароўя і доўгіх гадоў.
Заспявалі песні. Грышка надзімае свой скураны мех, гучаць музыка і спевы. Моладзь скача. Парамон, задумліва і са здзеклівым тварам, пазірае то на дудара, то на Акіма. Кароткі час працягвалася дружная і вясёлая забава. Але раптам Грышка пачынае нейкага шалёнага казака,[51] госці крычаць, просяць, каб іграў «Цярэшку»,[52] спяваюць: «Цярэшкі біда стала, з кім яго жына спала». Ён не зважае на гэта, нікога не слухае, а ўсё грае ды грае сваё без усякага ладу. Тут Акім выбягае на сярэдзіну і пачынае, як шалёны, скакаць невядома што; дзівяцца ўсе, гледзячы і не разумеючы, што з ім зрабілася: вочы вырачыліся, твар змяніўся. Просяць аднаго і другога, каб адзін пакінуў граць, а другі – скакаць. Нічога не дапамагае. Ніякіх просьбаў не чуюць. Звар’яцелі абодва. Хацелі ўтрымаць – мармыча нешта незразумелае, вырываецца, зноў скача, і дудар грае беспярэстанку. Парамон збоку глядзіць на гэта і гучна смяецца.
– Не рушце іх, – кажа, – няхай павесяляцца. Другі раз не захочуць з кожным задзірацца.
Карпа просіць, каб дараваў ім і загадаў спыніцца.
– Няхай яшчэ пагуляюць, – адказаў Парамон. – Гэта іх навучыць паважаць і шанаваць людзей, разумнейшых за сябе.
Доўга пакутавалі дудар і Акім ад гэтага шалу. Ужо і поўнач мінула, і другі раз певень праспяваў. Нарэшце Грышку пакідаюць сілы: ён выпускае з рук дуду і падае, самлелы, на дол. Акім хістаецца, увесь учарнеў, нібыта перад смерцю. Гэтак задаволіўшыся помстаю, Парамон нешта пашаптаў, даў ім вады і, калі яны супакоіліся, узяў шапку, пакланіўся гаспадарам і пайшоў дадому.
Гэты выпадак парушыў увесь лад. Госці адзін за адным дзякавалі гаспадарам за іх ветлівасць і, зычачы багацця і шчаслівых дзён, выходзілі за дзверы.
Тут пан Завальня перапыніў:
– Кажуць, што некалі даўней, калі людзі больш дбалі аб славе Божай, такіх чараўнікоў палілі на агні або кідалі ў ваду. Чуеш, Янка, што робяць людзі, калі пабратаюцца з д’яблам? На свеце трэба быць асцярожным, чуў я за сваё жыццё шмат пра каго з такіх шкодных чараўнікоў, як Парамон.