Белая муха, забойца мужчын - Бахаревич Ольгерд Иванович 4 стр.


«А зараз мы пройдзем уніз, – усьміхнуўшыся, сказала мне Люба, і ўсе пакорліва ўздыхнулі. – Сходы, якія мы бачым за гэтымі дзьвярыма, вядуць у пакой аканома, а адтуль – да памяшканьняў, дзе захоўваліся замкавыя прыпасы…»

«Не, – сказала раптам жанчына ў белай, занадта белай сукенцы. – Не, Люба, мы туды ня пойдзем».

«Як гэта ня пойдзем? – зьдзіўлена ўскінула бровы Люба. – Вы павінны. Экскурсія яшчэ не…»

«І ніхто туды ня пойдзе, – прамовіла жанчына ў белай сукенцы строга і стомлена. – Ніхто. Усе застануцца тут, Люба, і будуць уважліва слухаць, што ім скажуць. Дзякуй вам за цікавую экскурсію».

Чорнага заплечніка на гэтай нахабнай, занадта нахабнай жанчыне відаць ужо не было. Затое ў руках зьявілася нешта, падобнае да зброі. Чорнай і недвухсэнсоўнай зброі. Такую я трымаў у руках апошні раз на вайсковых зборах ва ўнівэрсытэце.

«Что это у вас, девушка, за фаллическій символ в руках? – засьмяяўся нехта з мужчын. – Дайте-ка мне…» Ён зрабіў два хуткія крокі і тут жа спалохана адступіў назад. Фалічны Сымбаль у руках жанчыны ў белым нарабіў столькі шуму, што Люба заплакала, а ў Жанчыны ў Зялёным пачалася гістэрыка. Аўстрыяк зьбялеў, а Кунцэ ўхвальна засьмяяўся. «Приключэние!» – падняў ён угару вялікі палец. Жанчыну ў Зялёным пасадзілі за стол, Любу пагладзілі па галаве, але яна заплакала яшчэ гучней.

Гэта і праўда быў стрэл. У тынкаванай сьцяне цямнела дзірка зь няроўнымі, быццам намаляванымі краямі, а ў паветры запахла вясёлай сьмерцю.

Аглушаны, я стаяў і глядзеў на жанчыну ў белым. На вялікае акно, на сонечны прамень, які ў той самы момант, калі я зірнуў на яго, распаўся на некалькі вясёлкавых зьмеек. На непрыгожую маладзіцу з нашай групы, якая адышла да адных дзьвярэй, і на іншую, хударлявую, якая стала каля сходаў, што вялі ў пакой аканома. У іхных руках таксама былі яны – Фалічныя Сымбалі. На кітайца, які расшпіліў пінжак і аказаўся пласкагрудай дзяўчынай зь невялікім пісталетам у руках. На тоўстую дзеўку з вачыма, як у старога «Масквіча», якая дастала свой Фалічны Сымбаль і падышла да акна, памахаўшы камусьці рукой.

«Што будзем рабіць з гэтымі, Босая?» – запыталася ў жанчыны ў белым непрыгожая маладзіца.

«Зачыніце іх пакуль што тут», – сказала Босая, прысела перад Любай на кукішкі і пагладзіла яе па шчацэ.

«Усё будзе добра, – сказала Босая задуменна. – Магчыма. А можа, і не. Гэй, Аленькі Цьвяточак, прасачы, каб усё было ў парадку. І зьбяры ў іх тэлефоны, а то зараз званіць кінуцца. І фотаапараты хай здадуць, а то я іх ведаю…»

Непрыгожая маладзіца кіўнула, з усьмешкай пазіраючы на бледных мужчын і жанчын, што хапалі ратамі паветра, як рыбіны. Босая падышла да акна, задаволена прымружылася і шпаркім крокам рушыла да дзьвярэй.

«Что с нами будет?!! – залямантавала зьнянацку жонка бурклівага мужчыны. – Мужчины, что вы смотрите? Сделайте что-нибудь!»

Ніхто не зварухнуўся. Босая спынілася і падышла да жанчыны. Усе з апаскаю праводзілі позіркамі Фалічны Сымбаль у яе голых руках. Рукі трымалі Сымбаль цьвёрда, як камень трымае зямную вось. Пад уважлівым позіркам Босай жанчына змоўкла, як і не было нічога.

«Што будзе? – прамовіла Босая. – Пабачым. А пакуль што… Пакуль што Замак у стане аблогі. Не хвалюйцеся, гэта зь ім ужо здаралася, і ня раз. Скажу, каб вам прынесьлі зьнізу каву і нешта перакусіць».

І ўсе неяк адразу супакоіліся. Толькі ў пажылога адстаўніка напяліся вены на руках ды вочы наліліся крывёй. Аленькаму Цьвяточку давялося досыць груба тыцнуць руляй свайго Фалічнага Сымбаля у ягоную сьпіну, каб той паслухмяна паклаў тэлефон на стол, а за тэлефонам рукі, вялікія, пакрытыя сівым валосьсем і суворымі татуіроўкамі.

«Ну, не сумуйце тут», – сказала Босая, думаючы пра сваё, і выйшла, і яшчэ доўга было чуваць, як грукаюць па сходах абцасы яе туфляў.

6. Кропкi над Б

Дырэктарка замкавага комплексу Галіна Вітольдаўна Бабец займала ў ім такую стратэгічную пазыцыю, якой пазайздросьціў бы любы фэадальны военачальнік.

Яе кабінэт мясьціўся ў правай замкавай вежы: адсюль, падышоўшы да аднаго з вузкіх і высокіх вокнаў, яна магла бачыць, як на далоні, усё навакольле – і ад яе пільнага, падведзенага сінім вока ня здольны быў схавацца ніводзін рух. Скасіўшы другое бяссоннае, як запаленая газьніца, вока долу, Галіна Вітольдаўна мела магчымасьць назіраць і за тым, што дзеецца ў замкавым двары. Выдатная пэрспэктыва.

А ў двары магло адбыцца што заўгодна. Ці ня зладзілі яе супрацоўніцы злачыннага перакуру? ці не размалёўваюць дзеці спакусьліва белыя сьцены ўнутраных, псэўдаантычных порцікаў канца ХVIII стагодзьдзя? ці не фатаграфуюцца экскурсанты ў занадта непрыстойных позах? А галоўнае, ці не пралез за чырвоныя замкавыя муры нейкі журналісьцік, каб напісаць пра іх штосьці разьвязнае і хлусьлівае?

Апошняе асабліва злавала Галіну Вітольдаўну: даручаны ёй аб’ект яна любіла аддана і палка, і нават думала пра яго зь нейкім прыдыханьнем, бо думкі, як вядома, таксама ўмеюць дыхаць – і пакідаць запацелымі вочы таго, хто наважваецца іх думаць. Кожная мысьль матэрыяльная, не стамлялася паўтараць Галіна Вітольдаўна сваім падначаленым, а значыць, усё, што вы падумалі, пакідае дзесьці свой сьлізкі сьлед. А выціраць – нам. І калі нейкая непісьменная маладая курыца… нейкая стрыжаная недавучка… нейкая прышчавая школьніца лічыць, што яна мае права пісаць пра Замак што захоча, што яна мае права мець пра Замак нейкія ўражаньні, усяго толькі і зрабіўшы ў жыцьці, што выпіўшы кавы ў замкавым бістро – дык Галіна Вітольдаўна лічыла сваім абавязкам супрацьстаяць гэтаму.

Для таго яе тут і паставілі – супрацьстаяць і абараняць.

Гэты дэвіз Галіна Вітольдаўна Бабец напісала б на сваім фамільным гербе, калі б ён у яе быў. Але гербу ў яе не было. Быў стол, на якім тырчаў нягнуткі, нягеглы сьцяжок, побач са сьцяжком паблісквала шкляная мадэль сярэднявечнага замка, падарунак калег з Аўстрыі. А над сталом вісеў партрэт прыгожага вусатага мужчыны, дзяржаўнага мужа. Вісеў і глядзеў у кампутар, на экране якога аднойчы…

Так, у той дзень Галіна Вітольдаўна з раніцы сядзела і злавалася, пазіраючы на кубак з толькі што запаранай гарбатай, тот самый чай, на паверхні белая выспачка пены – быццам хто плюнуў. Журналістачкі. Крыўда дырэктаркі была яшчэ сьвежая, як тынк на сьценах. Адна сталічная штучка – хітрая погань, прыкінулася звычайнай турысткай – прабеглася тут нядаўна, нарабіла здымкаў і напісала пра Замак такое, што валасы на галаве ўсталі дуба. Галіна Вітольдаўна не адразу паверыла, што гэта здымалі ў яе Замку. Гэтая, прасьціце за выражэніе, журналістка зьляпіла нейкі паскудны пасквіль, яе, бачыце, не зацікавілі ні калекцыя зброі, ні мэбля, якой, між іншым, дзьвесьце гадоў, ні партрэты, кожны зь якіх абышоўся міністэрству культуры ў круглую суму. На фота былі толькі нейкія вуглы, шпалеры, унітазы, скуластыя твары супрацоўніц, скамечаныя пакеты… А подпісы якія пахабныя. Калі ўсё гэта зьявілася на сьвет божы, Галіна Вітольдаўна знайшла ў сеціве выяву гора-журналісткі, загадала раздрукаваць і раздаць усім супрацоўнікам. Пры апазнаньні – затрымаць. Дырэктарка патэлефанавала ў газэту, ёй сказалі, што тая дзевачка – звычайны фрылансэр.

«Я так і думала, – горка і зларадна пасьміхнулася Галіна Вітольдаўна. – Што і трэба было даказаць. Правяралі б, каго бераце на работу».

Карэспандэнтка больш не паказвалася, але наведнікаў хапала. Усім хацелася пабачыць велічны старажытны Замак, які атрымаў новае жыцьцё. Але як дырэктарка Галіна Вітольдаўна Бабец была ня надта гэтым задаволеная. Ёй патрэбныя былі не галадранцы нейкія, хай бы і са сталіцы, а сапраўдныя замежныя турысты. Менавіта іх чакала рэстарацыя «Пан або прапаў», крама сувэніраў, менавіта па іх душу стаяў сумны фатограф каля разьвешаных у фае старасьвецкіх строяў, менавіта ім быў адведзены пакой для віпаў у левым крыле, які можна было зьняць на суткі за суму, эквівалентную гадавому заробку Галіны Вітольдаўны.

Але людзі з далёкіх замежжаў ня надта рваліся ў Замак. А тыя, што прыяжджалі – толькі хмурыліся, пілі чамусьці адну ваду і елі прывезеныя са сталіцы бутэрброды. І гэта – іншаземцы?..

Галадранцы адны. І там, і тут.

Пан прападаў, параваркі стаялі халодныя, як сьпісаныя паравозы ў дэпо, блішчалі непрыстойна яркія і пукатыя, як прадукцыя інтым-шопу, сувэніры, сумны фатограф нядаўна звольніўся, а ў пакоі для віпаў кожны дзень мянялі некранутыя прасьціны, быццам тут начаваў прывід…

Трэба было нешта рабіць.

Дзьверы ў дырэктарскі кабінэт раптам паволі адчыніліся і замерлі, быццам прапускаючы кагосьці наперад. Галіна Вітольдаўна ўздрыгнула і падняла падведзеныя сінім вочы. Ніякіх гасьцей яна сёньня не чакала. Дый не маглі яны завітаць вось так зьнянацку. Яна пачула б спачатку крокі на лесьвіцы, яна заўжды іх чула. Але да гэтага моманту ў вежы было ціха – толькі з двара даносіўся дзявочы віск экскурсаводак.

І вось – гэты скрып.

Дырэктарка паднялася, падышла да дзьвярэй, вызірнула ў вузкі калідор. Нікога. Яна зачыніла дзьверы і падышла да акна. Яшчэ адзін аўтобус пад’ехаў. Выходзяць… Цікаўныя, азіраюцца, глядзяць, мружачыся, на муры, на вежу, на браму… Глядзяць – а яе, Галіну Вітольдаўну, ня бачаць. Так і мусіць быць. Улада павінна заставацца магутнай і непрыкметнай. Галіна Вітольдаўна Бабец была тут у Замку вышэйшая за ўсіх. Адзіныя, хто быў упоравень зь ёю – гэта хмара, што насунулася на Замак з раніцы, ды лянівае сонца. Хмара і сонца. І мужныя ваяры, прыгожыя вобразы якіх жылі тут паўсюль. Галіна Вітольдаўна верна служыла ім і дзяржаве. Разам яны былі сілай. Галіна Вітольдаўна Бабец, князі Якуцкія і дзяржаўныя мужы, уладары цяперашняй Краіны Замкаў. Усе разам яны і ёсьць – Гісторыя.

Крак. Крак. Крак.

А вось цяпер па калідоры дакладна нехта ішоў.

Нясьпешна, нібы навобмацак, нібы выбіраючы месца для кожнага наступнага кроку. Як варона каркае. Гэта было ўжо ня першы раз. А лесьвіца ўнізе чамусьці маўчала. Дырэктарка прыслухалася. Крокі былі нягучныя, але выразна чуліся зусім блізка, за сьцяной кабінэту. Што за халера?

…Пакручастая лесьвіца, што вяла ўгару па вузкім нутры каменнай вежы, была таксама вялікім плюсам – Галіна Вітольдаўна спадзявалася, што старыя супрацоўніцы ня будуць злоўжываць візытамі ў дырэктарскі кабінэт. Але калектыў ёй трапіўся на дзіва малады. Адны незамужнія, чырванашчокія дзеўкі, якія зь любой нагоды ўзьляталі па крывых прыступках, як быццам гнаўся хто. «Галіна Вітольдаўна, Галіна Вітольдаўна!» Крычалі так, быццам іх рэжуць жыўцом. Ніякай пачцівасьці да гістарычнай памяці. Яна хутка навяла тут парадак, патлумачыла, што гэта за месца працы, якая адказнасьць на іх ляжыць. Прыціхлі, перасталі швэндацца дзе папала. Ня дзеўкі, а нейкія скразьнякі ў спадніцах… І тут дзьверы ў яе кабінэт зноў павольна і неяк шматзначна адчыніліся. Галіна Вітольдаўна бачыла ў пройме сьцяну калідору, асьветленую праціснутым скрозь вузкія вокны сонцам – а на сьцяне дрыжэў дзіўны трохкутны цень. Быццам жаночая постаць прытаілася збоку і чакае, калі яе запросяць увайсьці. Галіна Вітольдаўна адставіла ўбок кубак з гарбатай, рашуча падышла да дзьвярэй і грымнула імі з усяе моцы.

«Якаўлевіч, – набрала яна нумар заўхоза. – Зайдзіце да мяне, як зможаце, ручка ў дзьвярах боўтаецца. І праверце там заадно, чым занятыя нашы пцічкі».

Галіна Вітольдаўна Бабец не любіла жанчын. Галіна Вітольдаўна Бабец любіла людзей.

Жанчыны выклікалі ў ёй пачуцьцё пратэсту. Асабліва маладыя. Было ў іх нешта такое… Ну вот как вам сказаць. Такое хітрае і двухсэнсоўнае. Яны нават выглядалі ўсе неяк няправільна. Ну што гэта такое, на самам дзеле: усе гэтыя цыцкі, губкі, лыткі, завушніцы, усьмешачкі… Навошта гэта ўсё? Хто гэта прыдумаў? Вось, напрыклад, гэтая новенькая, Люба. У першы ж дзень падышла: «Галіна Вітольдаўна, а я веру, што ў нашым Замку жыве гэты прывід!» – і вочы, як у дзіцяці.

«Што? У што ты верыш, дзіця маё?»

«Што прывід нашай Ганны, той, якую спалілі – сапраўды існуе!»

«Добра, што мы ня плацім ёй зарплату, – змрочна адказала тады дырэктарка. – Дый за што плаціць? Дзе вынікі? Дармаедка твая Ганна. Ідзі, працуй, і паменей разгавораў! Помні, што мысьль – матэрыяльна!»

Жанчыны зусім не пасавалі Замку – гэта было мужчынскае месца, і мужчыны даверылі Галіне Вітольдаўне захаваць яго такім. І Галіна Вітольдаўна не магла ня выканаць мужчынскага загаду.

Пра тое, што Галіна Вітольдаўна і сама належыць да касты непаўнавартасных, яна старалася ня думаць. Гэта была чыстая выпадковасьць. Галіна Вітольдаўна была не такая. Галіна Вітольдаўна шанавала мужчын. Тых, што кіравалі тут трыста гадоў таму, і тых, хто кіраваў цяпер. Галіна Вітольдаўна любіла, калі на яе крычалі мужчыны. І яны крычалі: мацюгаліся, камандавалі, гразіліся, грукалі кулаком па стале. І тады Галіну Вітольдаўну апаноўваў такі жар, быццам яе прывязалі і яна ня можа паварушыцца, прывязалі й паднесьлі да самага нізу жывата расплаўленае жалеза…

Галіна Вітольдаўна апусьціла галаву і сьцішана зараўла.

І тады праклятыя дзьверы адчыніліся трэці раз.

«Якаўлевіч, ручку паглядзі, разбаўталася», – прамовіла дырэктарка, не падымаючы галавы.

«Галіна Вітольдаўна? – спытаў незнаёмы, стомлены жаночы голас, які не абяцаў нічога прыемнага. – Памагай бог, добры дзень».

Дырэктарка рэзка падняла галаву. У пакой увайшлі адразу дзьве даволі маладыя жанчыны, адна невысокая, у белай сукні, з твару – скончаная мярзотніца, а разам зь ёй – худая і даўгалыгая, як сьмерць, якая адразу пачала шныраць вачыма па кабінэце.

«Так, вы хто такія? Журналісткі? Чаму без папярэджаньня?»

Жанчына ў белай сукенцы ўсьміхнулася: «Не, мы не журналісткі, Галіна Вітольдаўна. Мы, хутчэй… Скажам так, маладыя мастачкі…»

«Ага. Рэстаўра-а-атаркі…», – прашыпела злавесна хударлявая.

«Адкуль вы ведаеце, як мяне завуць?» – падазрона спытала Галіна Вітольдаўна, намацаўшы рукой цяжкі шкляны замак на стале.

«На дзьвярах напісана», – суха адказала тая, што ў белай сукенцы. Яе вочы, вялікія, як у мухі, глядзелі проста на дырэктарку, быццам Галіна Вітольдаўна была звычайным крэслам. Пустым крэслам пад партрэтам вусатага мужчыны.

«А Якаўлевіч – гэта, відаць, той мужычок з інструмэнтам, – прамовіла худая. – Ён яшчэ і пісталетам махаў, дурань, страляць зьбіраўся».

«Напэўна, ён любіць мёртвых жанчын. Вось жа ізврашчэнец, – кіўнула тая, што ў белым, і зноў павярнулася да дырэктаркі. – Якаўлевіч прасіў перадаць, што затрымаецца. Дні на тры», – дадала яна зьедліва.

«Чаго-чаго? – нахмурылася Галіна Вітольдаўна, набіраючы нумар Якаўлевіча. – Якія яшчэ тры дні?»

«Якія яны будуць, залежыць толькі ад нас з вамі», – уздыхнула дзеўка ў белым і падміргнула сваёй прыяцельцы.

Якаўлевіч чамусьці не адказваў, і гэта было вельмі, вельмі падазрона.

«Так, што вам тут трэба, спадарыні? Я занятая,» – гістэрычна выгукнула Галіна Вітольдаўна, адчуваючы, як расьце ўнутры млосьць. Дзьве дзеўкі, маладыя, здаровыя, стаяць так блізка, што яна адчувае іх подых, адчувае, як пахнуць іх па-летняму адкрытыя целы.

«Мы праводзім у вас, хм… – задумалася тая, што ў белым. – Скажам так, мастацкую акцыю. Тры дні пажывем тут у вас, а потым паглядзім».

«Што значыць пажывем? – паднялася, бліснуўшы сінявою, з-за стала Галіна Вітольдаўна, схапіўшы шкляны замак і сьціснуўшы яго ў руцэ. – Папрашу вас, дзевушкі, пакінуць мой…»

«Джэк Патрашыцель, расстаў, калі ласка, усе кропкі над і, – ласкава зьвярнулася жанчына ў белай, занадта белай сукенцы да сваёй таварышкі. – Займіся пунктуацыяй, дарагая. Ты гэта любіш».

У руках хударлявай зьявіўся доўгі, памерам зь яе руку, чорны прадмет, у якім Галіна Вітольдаўна не адразу пазнала самую звычайную мужчынскую зброю. Такую, як у кіно пра вайну.

«Уберите это! – перайшла яна зь перапуду на другую дзяржаўную мову. – Уберите ваши штучки!»

Назад Дальше