Праклятыя госці сталіцы - Бахаревич Ольгерд Иванович


Альгерд Бахарэвіч

Праклятыя госці сталіцы

© Бахарэвіч А., 2008

© Выдавец Логвінаў І.П., 2008

Частка першая

Мінус

1

Увесь дом чуў, як яго зачыналі: жонка мясцовага актывіста Мінуса, якая віталася з суседзямі заўсёды шэптам, на гэты раз лямантавала як рэзаная, насаджваючы нядаўна пабудаваную хрушчоўку на свой крык, нібы мяса на шампур. Мужчыны весела падміргвалі адзін аднаму, кабеты, хаваючы абурэньне, удавалі трывогу: ці мала што? (хаця б вокны пазачыняла)… Аднак столькі было ў гэтым ляманце радаснай моцы, моцы сусьветнага патопу, такім ён быў красавіцкім, антысавецкім, усепераможным, што нават школьнікі, якія гулялі ў двары ў штандар, разумелі: цётцы вельмі, вельмі добра… Дый не магло, ня мела права ў кватэры нумар дзевятнаццаць адбыцца анічога благога, там заўсёды жылі як душа пад душам Шарко. Так што калі таварыш Мінус з папкай пад пахаю вяртаўся дахаты з таварыскага суду, суседзі сустракалі яго звычнай нянавісьцю, і толькі малады практыкант з жэку чамусьці горача паціснуў руку.

Як і ўсе тутэйшыя дзеці, Назар Мінус нарадзіўся з жоўтай плямкаю на правым прадплеччы, падобнай да лішая. Гэта быў час, калі вэтэраны вайны яшчэ не кусалі людзей у цёмных завулках, і марозіва рабілі з малака. У суседнім пад’езьдзе жыў хлопчык Родзя, і ўсё на сьвеце было Родзіна. Грэлася на пліце вада ў эмаляваным вядры, майдадыр са злавесным шкробатам наточваў свой інструмэнт, і кляксонамі павісквалі прывязаныя да калыскі гумовыя качкі. Сястра нехаця малілася на кухні сьвятому Валодзю. Назар Мінус узяў нагу ў руку й ціха прамовіў:

– Не разумею.

Тут жа па-над ім навісла сястра, вялізная, нібы цэпэлін. Чорнымі ад атраманту рукамі ўхапілася за пруты калыскі – блізка, так невыносна блізка: “Мама, мама, ён сказаў мама!”. Зьбегліся, торгалі, як на таржышчы. Апоўначы прыйшоў Мінус-старэйшы, давіўся макаронамі пад сьвісьцячы жаночы шэпт. Падыйшоў да заснулага Назара, паглядзеў са шкадаваньнем: біцэпсаў не відаць, і ростам ня выйшаў – дзе ж такога на бам адправіш.

2

Тым вясёлым і знаходлівым, хто вызначае будучыню па палёце птушак, а нацыянальнасьць – па форме носу, адразу адкажам на галоўнае пытаньне:

– Не.

3

Ніхто з нас ня памятае таго часу, калі знаходзіўся ў мацярынскім чэраве; сэйсмічныя хвалі на жончыным жываце не абуджаюць у мужа ўспамінаў пра колішнюю ўласную шчасьлівую адзіноту, дый сама жонка глядзіць на іх як на нечуваны цуд, забыўшыся, што калісьці лупіла кагосьці нагою пад рэбры. Відаць, надта ўжо жахлівай была тая гвалтоўная калектывізацыя, настолькі жахлівай, што памяць пра яе пасьпешліва сьціраецца з нашай сьвядомасьці разам з ранейшымі ўспамінамі – як з дыскеты. Інакш бы людзі да канца дзён жылі пад цяжарам гэтай незваротнай страты, чалавецтва ператварылася б у статак занудаў-экзыстэнцыялістаў, цэрквы будавалі б у форме вагінаў, жыцьцё лічылася б сьмерцю, а зачацьце – злачынствам, людзі б толькі й рабілі што ўздыхалі пра страчаны рай; усе сысуны на зямлі хадзілі б злыя й паўасьлеплыя; пасьля такога прасторавага скачку ніхто б ня марыў ні пра асваеньне космасу, ні пра будаўніцтва камунізму. Нехта абараняе нас ад родавага шоку, клапатлівай рукой асьвяжоўваючы нашу памяць зноў і зноў. Яму патрэбныя чыстыя носьбіты. Толькі вось дзеля чаго?

Можа быць, жонка таварыша Мінуса ела занадта шмат мойвы з папяровых прамасьленых скруткаў. Можа быць, яна пару разоў не паглядзела перадачу “Здароўе”. Можа быць, ёй аднойчы прысьнілася, што таварыш Мінус ператварыўся ў камод. Аднак калі Назару прысьпеў час ісьці ў школу, ён цудоўна памятаў сваё колішняе адзінотнае плаваньне між добразычлівых шапатлівых пухіркоў – нібыта вольная расьліна, надзеленая зрокам, ён з усходняй усьмешкай, якая сьвяцілася недзе глыбока ўнутры, назіраў, як ён, існы і ў той жа час ня бачны дагэтуль нават самому сабе, прарастае ўшыркі і ўздоўж; вакол была фоталябараторыя, дзе праяўлялі ягоную будучыню, ружовую, цудоўную. Іншы б памер ад агорафобіі, калі анёлы ў белым цягнулі яго за галаву кудысьці ў смурод, аднак Назар замружыў вочы й цярпліва пракаўтнуў усё тое пякучае, што кінулася яму ў глотку на гэтым дзікунскім сьвяце. “Малчык палучылса”, – сказаў незнаёмы голас, а знаёмага не было чуваць.

4

Расплата прыйшла потым. Сястра чытала яму казкі; уладкаваўшыся з нагамі на ложку, яна рабіла змораны дарослы твар, прысланялася сьпінай да сьцяны й пачынала: “У адным горадзе, дзе ўсе людзі былі зьвязаныя паміж сабой паркалёвай нітачкай, аднойчы зьявіўся хлопчык. Ніхто ня ведаў, адкуль ён узяўся, гэты хлопчык, і імені ягонага таксама ніхто ня ведаў…”. Па каленях сястры, зацягнутых у грубыя вязаныя калготы, праносіліся туды-сюды драўляныя аўтамабілі, на антарктычную прасьціну сыпаўся чырвоны бальшавіцкі пыл. “Ы-ы”, – цадзіў скрозь зубы Назар Мінус. Сястра перагортвала старонку, потым яшчэ адну, яе голас, які старанна імітаваў інтанацыі адной тэлевядучай, станавіўся ўсё больш аднастайным і нарэшце пачынаў сіпець. “Панапісваюць усялякую ірунду”, – са злосьцю прамаўляла сястра, кідала кніжку ў кут і рабіла матчыны вусны. Назар глядзеў на сястру як зачараваны: за ейнай сьпінай калыхаўся цень узброенага мячом павука, у вачох успыхвалі дыямэнты, над плячом сястры навісаў чорны рыцар, а конь яго касавурыўся на Назара вагністым вокам. Перад сястрой на кукішках сядзеў брунаты й пупырчаты, як рапуха, чалавек у сярэднявечным капелюшы й абмахваўся вэерам са зьмеяў. Баючыся соскі, Назар маўчаў.

Зь імі ўсё было ясна, а вось простых жыцьцёвых рэчаў Назар Мінус не разумеў. Захоўваючы ў памяці абставіны свайго зьяўленьня тут, ён проста ня мог уцяміць сутнасьці некаторых навакольных зьяваў. Старая цётка, ад якой пахла сабачай мачой, надзявала яму на галаву душнае картоннае прыстасаваньне, зашмальцаванае й запляванае да такой ступені, што з Назара прасіўся на волю ранішні амлет, а гэтая страва і так не была ў жываце жаданым госьцем. Ззаду прыстасаваньне мела гумку, якая сьцягвала патыліцу й драла на ёй валасы нібы чужая купальная шапачка. Назару было загадана на вачах у некалькіх дзясяткаў агрэсіўна настроеных дарослых хадзіць ад сьцяны да сьцяны, махаць рукамі й тупа паўтараць загадкавы тэкст: “Ну каскажы церабяты, хтойя такойсер махнаты, кох цітрашчацу бышчолг, хтойя такойсер іволг”. Яму дзіка хацелася ў прыбіральню, прыстасаваньне налезла на самыя вочы і закрыла нос; задыхаючыся, паўасьлеплы Назар хістаўся ў цэнтры вузкага пакойчыка, пакуль не наляцеў на другога такога ж небараку. Церабяты заіржалі, катавальнае прыстасаваньне нехта зь яго нарэшце зьняў. Назар хутчэй ад маркоты, чым ад крыўды, даў волю ўсім вадкасьцям, якія меліся ў ягоным арганізме. “Ганьба, ганьба”, – паўтарала маці, цягнучы яго за сабой так, нібыта ён быў на колах.

Хтойя, такойсер махнаты?

5

Утульны ружовы сьвет, дзе не існавала ні лева, ні права, мерны пошум па той бок, нябачныя, лагодныя, цёплыя ручаі – усё гэта раптам пачало кудысьці зьнікаць, пад нагамі распаўзлася белая бездань. Засмактала Назара, пацягнула за сабою; на руках, нагах і галоўнае, на галаве, нібыта тое паскуднае прыстасаваньне, што даводзілася потым цягаць у дзіцячым садку, замкнуліся кайданкі каардынатаў. Успамін пра гэтую надзвычайную падзею, хаця й пабляк з гадамі, аднак усё адно захінаў няўмольным ценем любыя калектыўныя дзеяньні, і як Назар не стараўся, сутнасьць іхная заставалася таямнічай.

Ніхто, аднак, не назваў бы яго разумова адсталым. Назар спраўна рабіў усё, што патрабавалася, рабіў з намі, рабіў як мы, рабіў лепш за нас. І няхай ён стаяў на лінейцы нібы сядзеў на цыркулі – дзяржава не падазравала нічога злачыннага, гладзіла па макаўцы, цярпліва чакала Назаравай крыві, Назаравага поту, чакала ягоных пальцаў, зубоў, ног, сноў, мараў.

Пэдалягічная майстэрня нумар шэсьцьсот шэсьцьдзесят шэсьць, куды адправілі Назара, месьцілася ў пяці хвілінах хадзьбы ад дому. Вакол штодня адбываліся дзіўныя рытуалы. Дужы маладзён зь неахайнымі вусамі падхопліваў Назара на рукі й марудна крочыў уздоўж застылага бруната-белага шэрагу. Як быццам гандляр рабамі прапаноўваў на рынку свой тавар. Назару было загадана заціснуць у спалоханых далоньках і трэсьці званочак, бесьперапынна трэсьці – спыніш зацеклую руку, і цябе аддадуць, прададуць, каму? ну хаця б вунь той цётухне, якая ўжо аблізваецца, прагна паглядаючы на Назара; гальштук на яе шыі як скрываўленыя нажніцы. Назар спалохана круціў шыяй, ловячы ў натоўпе вочы маці, а тая сьмяялася разам з усімі; сярод гэтага гурту кожная магла б быць ягонай мамаю.

Назар пакутліва імкнуўся зразумець, чаго ж ад яго хочуць усе гэтыя малыя й вялікія людзі. Аднак марна ён спадзяваўся, што калі-небудзь яму адкрыюцца іхныя сакрэты. Ад напружаньня яму часта балела галава – кволы Назараў розум настойліва чапляўся за думку, што ў падзеях, удзельнікам якіх яго прымушалі станавіцца, маецца нейкая прыхаваная заканамернасьць: ухапіць бы яе за хвост, і тады можна будзе стаць часткай зьвяна. Неўзабаве ён адмовіўся ад такіх пошукаў – высьветлілася, што неабходна проста глядзець на іншых, і яны ўтрымаюць цябе на паверхні.

6

Аднойчы ўзімку хлопчыкаў, зь якімі Назар быў вымушаны дзяліць блакітны пакой на другім паверсе школы, маладая крыкуха паставіла ў рад тварамі да сьцяны й загадала не азірацца. Назар Мінус паслухмяна замёр; хвіліны ішлі павольна, бы сьняжынкі за вакном; нехта зьлева калупаўся ў носе. Блакітная сьцяна ад доўгага сузіраньня выядала вочы нібы хлёр. “Раз, два, тры!” – заенчыла настаўніца. Дазволена было абярнуцца. На іх кінуліся дзяўчынкі, да міргаючага, успацелага Назара падбегла лядашчая Наташа Рабецкая, надзела на шыю чорную палку з плястмасы, прамармытала нешта неразборлівае й пасьпешліва ўцякла ў бясьпечны жаночы статак.

Жывы куток школы складалі маркотны кот, якога кармілі ліверкай, і мікраскапічная птушка. Бывала, на занятках ката засоўвалі ў пусты акварыюм, і рота школьнікаў вісела над ім, расьпіхваючы адзін адного лакцямі. Кот шыпеў, выгінаў хвост, але потым скараўся й, сьцяўшыся, беспасьпяхова спрабаваў схавацца між празрыстых сьценак. Дзеці ўпотай чакалі, калі ж кот наробіць ад страху – усім была цікавая рэакцыя настаўніцы. Кот з сумнай зайздрасьцю глядзеў на птушку ў клетцы. Назар з казак ведаў, якая сувязь існуе паміж катамі й птушкамі, ён адчыніў аднойчы клетку й праз паўгадзіны насельніцтва жывога кутку скарацілася на адну істоту. Яго абазвалі загадкавым словам “фашыст”, і з таго часу прыродазнаўства ў Назара Мінуса неяк не ішло.

Часам Назару здавалася, што разгадка блізкая, у ягонай галаве цьмяна мігцела нешта падобнае на разуменьне, заставалася зрабіць некалькі крокаў да той запаветнай рыскі, за якой аднаклясьнікі, узяўшыся за рукі, смакталі з дарослых пажыўны сок дзяцінства – Назар ступаў наперад, і тут жа на яго, нібы аркан, налятаў неадчэпны ўспамін: ён, Назар Мінус, сіненькі, няздатны да плачу, на паўшляху паміж тым сусьветам і гэтым, назад дарогі няма, а ёсьць толькі выбар паміж жыцьцём і сьмерцю, права на які належыць зусім не яму. І перад такімі згадкамі любыя аўтаматы Калашнікава і птушкі Пржэвальскага выглядалі лухтой.

7

“Не разумею”, – крэмзаў ён пальцам па замерзлым шкле; перапынак паміж урокамі набліжаўся да заканчэньня. Цоканьне абцасаў за сьпінай прымусіла Назара здрыгануцца, ягоныя аднаклясьнікі ўжо біліся за проймы дзьвераў. Назар пасьпеў аднак зьнішчыць напісанае, на далонях блішчэла вада. “Што гэта ты тут, а?” – завуч малодшых клясаў Алена Станіславаўна схапіла Назара за плечы й зьлёгку патрэсла. “Што ты там пісаў?”. Назар маўчаў, ліхаманкава разважаючы, што мог пісаць на замерзлым шкле добрасумленны вучань пятае клясы школы імя партызана-героя. Шостую запаведзь піянэра? Хатняе заданьне па матэматыцы? Верш для “Зорьки”? Прызнаньне ў каханьні да Наташы Рабецкай? Урэшце Назар вырашыў сказаць праўду. Магчыма, не зрабі ён гэтага, а застанься моўчкі стаяць, апусьціўшы вочы долу, завуч пагразіла б яму суворым і справядлівым пальцам і пакінула б у спакоі. Але добрасумленны вучань ня мог зрабіць нічога іншага, як сказаць усё як ёсьць.

“Што-о?” – не паверыла вушам Алена Станіславаўна, і ўсьмешка на яе твары стала нядобрай. “Ты што ж, па-руску не разумееш? На якой жа мове з табой загадаеш размаўляць?”. Назар зірнуў ёй у вочы. “Ну, пойдзем,” – уздыхнула завуч і ўзяла яго пад руку. Пятага-дзясятага, Назара сюды! Допыт у абклееным ружовымі шпалерамі кабінэце быў дастаткова доўгім. На дапамогу завучу прыйшла настаўніца біялёгіі, у якой якраз была фортка. “Ну скажы, ты ж пісаў… пісаў нехарошае слова?” – нахіліўшыся над Назарам, шыпела біялягіца. Назар думаў пра тое, што сёньня ў госьці мусяць завітаць бабка зь дзедам і будзе званіць цётка зь Ніжняй Кулумчы, яму было надзвычай няўтульна між дохлых кактусаў і двух жаночых целаў, якія востра пахлі чымсьці атрутным, няправільным. Хутка допыт надакучыў Назару. “Так, я пісаў нехарошае слова”, – прашаптаў ён і мацней узяўся за падлакотнікі. “Якое? “ – з палёгкай выдыхнула завуч. “Скажы мне на вушка”. Яна з надзеяй паднесла сваё агіднае, як сырое мяса, вуха, на якім боўталася яркая пунсовая кропля, да вуснаў Назара. “Мне ты можаш сказаць. Ну? Мы з Тацянай Іванаўнай нікому ня скажам”.

Назар не прамовіў нічога. Для яго падзелу словаў на добрыя й кепскія не існавала. Кожнае нешта значыла, а значыць, мела права на жыцьцё. “Бацька”, – канстатавала настаўніца біялёгіі. “Не скажыце, – запярэчыла завуч. – Таварыш Мінус паважаны чалавек, да таго ж актыўны абшчэсьцьвеньнік. Тут у іншым справа. Можаш ісьці, але запомні: тут табе школа, а не дзіцячы сад”.

8

Яго якраз у той год пачалі вучыць дзіўнай мове, патрэбы ў якой Назар таксама зусім не разумеў. Людзі навокал размаўлялі ўсім зразумелымі словамі, існавала таксама мова французская, што страшэнна падабалася Назару: як высьветлілася, на ёй размаўлялі мушкецёры й капітаны шхунаў – яны штоночы завітвалі да Назара ў сон, ценямі прасьлізгвалі па сьцяне над ложкам, дыяфільмамі краліся па прасьціне. Дзьве мовы былі абгрунтаваныя, прыгожыя ды абсалютна непадобныя адна на адну.

А гэтая новая, трэцяя… Яна была амаль уцямнай, але відавочна лішняй. Гэтая мова нагадвала Назару тую гульню, у якую гулялі раз-пораз ад няма чаго рабіць ягоныя аднаклясьнікі. “Давай размаўляць на бумскай мове”, – казаў адзін другому такому ж сапліўцу. “Давай. Бум’я бум’еў бумсёньня бум’суп. Бум’а бумты? – Бумкатлеты”. Карысьці ад новага школьнага прадмету было ня больш чым ад бумскай або чумскай мовы. Назар не разумеў і ненавідзеў яго.

9

Па-за школай здараліся й прыемныя моманты. Маці апранала лепшую сукенку, брала Назара як маленькага за руку і яны йшлі да аўтобуснага прыпынку. Сястра, якая пасьпявала ўпотай стэлефанавацца зь якім-небудзь дэбілам, пра якога Назар ведаў шмат, а бацькі – толькі добрае, заставалася дома; яна мела добрую нагоду – рыхтавалася паступаць у інстытут. Назару адкрываўся горад – аглушальны, таўхатлівы, падзелены паміж чэргамі, поўны сюрпрызаў. Яны ехалі ў кавярню “Вавёрачка”, аднак якая ж гэта была вавёрачка? – сапраўдная вавёра, з высокай столяй, зэдлікамі амаль у Назараў рост, вітражамі ў вокнах, якія фарбавалі панылую школьную форму ў колер прыгодаў. У-у, гэтыя пятніцы, марозіва ў вазачках, жэле з трускавак, якое, здавалася, можна есьці тонамі, але асабліва – загадкавы й непараўнальны Самбук. З чаго яго рабілі, што за зельле клалі на дно, які чараўнік з дапамогай гэтай раскошы купляў душы дзяцей?… хто б ён ні быў, Назар бы штодня аддаваў яму душу за лыжачку Самбуку.

Дальше