Праклятыя госці сталіцы - Бахаревич Ольгерд Иванович 2 стр.


Таварыш Мінус быў вольны ад сваіх неадкладных грамадзкіх справаў толькі па суботах – па нядзелях ён пісаў скаргі ды актуальныя артыкулы для газэтаў, ягоная пішучая машынка даводзіла да гістэрыкі дачку, суседзі грукалі ў сьценку. Па суботах жа таварыш Мінус выконваў бацькоўскі абавязак: вёў сына ў кіно. Найбліжэй да іх знаходзіўся кінатэатр імя Жданава. Ён месьціўся на першым паверсе старога змрочнага дому, заля была разьлічаная чалавек на шэсьцьдзесят, ня болей. Першы рад, куды ім раз-пораз даводзілася садзіцца, ад экрану адзьдзяляла ўсяго некалькі квадратных мэтраў стракатай пліткі, на сьценах віселі ўрачыстыя, нібы пахавальныя, фота савецкіх кінаартыстаў. Назар прасоўваў грошы ў вакенца – жанчына, якая сядзела там, заўсёды глядзела на яго з-за шкла так асуджальна, нібыта Назар з бацькам бралі квіткі ў бардэль. Першы час Назар не заўважаў сувязі паміж пільным промнем сьвятла за сьпінай і карцінкаю на экране; ён увесь быў засяроджаны на дзеі, у самыя адказныя моманты кулакі ягоныя міжволі сьціскаліся, і так і дрыжэлі ў шчасьлівым паралюшы, пакуль рэжысэр не замазваў чорнае белым і перад вачыма не пачыналі прасьцюжана мігцець расчаравальныя словы велічынёй з галоўнага героя. Таварыш Мінус вадзіў сына толькі на правільныя фільмы: краіна была набітая шпіёнамі як трамвай у гадзіну пік; нібы лайдак, паглядаў у сіняе неба забіты мусульманамі малады памежнік, рабочыя са шчасьлівымі тварамі аддавалі начальнікам свае заробкі, а тыя не хацелі браць, і дзяўчаты закахваліся выключна ў міліцыянтаў. Апошні нямецка-фашысцкі захопнік са сваім неад’емным характэрным сьмехам і вечным “Лёс, лёс” быў нашмат лепшы за любога амэрыканца – амэрыканца заўсёды звалі Біл, а савецкага марака – Сярога. Чорных амэрыканцаў кіно не чапала, хаця і адгукалася пра іх чамусьці пагардліва: негры. Улюбёнай стужкай бацькі й сына Мінусаў была “Затрымаць любой цаной”. Яны хадзілі на гэты фільм тройчы.

Назар спадзяваўся, што кіно дапаможа яму ўсё зразумець. Яно й праўда было падобнае на ключ у канцы задачніку, але Назар ня верыў, што разгадка можа быць такой простай. На тварах актораў праступала стома; адсоўваючыся на задні плян, яны са шкадаваньнем пазіралі на гледача з-за плячэй галоўных герояў: ня верце нам, даруйце нам.

10

Прыкладна раз на месяц да іх у госьці прыязджалі бабка зь дзедам. Бабка неўзабаве напівалася й давай казаць на таварыша Мінуса нехарошымі словамі. Маці прамаўляла з дакорам “Мама”і йшла мыць посуд. Малады практыкант з жэку, які зьняў сабе пакой у суседнім пад’езьдзе, таксама сядзеў за сталом, абдымаўся зь дзедам, жор аліўе – зрэшты, цяпер ён быў ужо не практыкант, а інжынэр са штатным акладам, уладар сантэхнікаў і дворнікаў, і таварыш Мінус любіў пагаварыць зь ім пра патрыятызм. Госьці разыходзіліся доўга. “Мора, мора”, – неслася з вокнаў на ўвесь двор, заходзілі на сто грамаў суседзі, маці зноў і зноў адчыняла халадзільнік. Грамада са змрочнаю асалодаю ў вачох цягнула нудныя, бясконцыя сьпевы, якія лічыліся народнымі, аднак насамрэч былі напісаныя заслужаным кампазытарам Іванам Хрулям, Шукшыным савецкай песьні, як казалі пра яго ў перадачы “Музыка нас зьвязала”. Чаму яны ўвесь час прыходзяць па адных і тых жа днях – ламаў галаву над незразумелымі заканамернасьцямі жыцьця сваёй сям’і Назар Мінус, якому дзед, рагочучы, суваў за каўнер навюткія грошыкі. Чаму калі ад сястры па вечарох пахне віном і тытунём, маці б’е яе па галаве ручніком, а за сталом зь дзедам і бабкай маці зь сястрой паляць і моршчацца ад партвэйну як дзьве сяброўкі?

Таварыш Мінус нападпітку кожнага разу ўсаджваў Назара перад сабой на крэсла й пачынаў адзін і той жа аповед: пра сваю колішнюю вайсковую службу ў Запаляр’і. Белага мядзьведзя, які калісьці ледзь ня зьеў тату, Назар ведаў як роднага.

11

На наступнае лета, як потым высьветлілася, апошняе на радзіме, Назара адправілі ў піянэрскі лягер. Новыя загадкі тамілі Назараву душу. Але ён вытрымаў. “Рукі на коўдру!” – лямантавала выхавацелька, уваходзячы ў цёмную хлапечую палату ды ўключаючы сьвятло, бо ніхто ня мог дазволіць чалавеку права на асабістае, таемнае і, што самае жахлівае, бескарыснае для краіны задавальненьне, і ён паслухмяна клаў рукі далонямі ўніз туды, куды загадана, а пад коўдраю вырастала трэцяя рука й шэптам чытала свой верш на свабоду.

12

Яны пераехалі ў Ніжнюю Кулумчу раптоўна, нібыта ўцякалі ад кагосьці. Некалькі тысяч душных кілямэтраў сям’я Назара адолела зь цяжкасьцю, таварыш Мінус валяўся з тэмпэратурай на верхняй паліцы й патрабаваў у жонкі даць яму грамадзкае даручэньне. На другі дзень у вокны вагона зазірнула сталіца, яе погляд абыякава прасьлізнуў па Назаравым твары, назаўсёды пакінуўшы ў ягоных вачох чырвоныя зорачкі. Сястра бадзялася па вагонах; цягнік выстрыгаў у бясконцых пушчах і дубровах даўгія палосы. Някрасаўскія мужыкі, зьняможаныя кабылкі й падобныя да Назаравага бацькі ўазікі з выглядам фаталістаў чакалі, пакуль падымецца шлягбаўм. Рэкі станавіліся ўсё шырэй, а на трэці дзень іхнага падарожжа вагоны, здавалася, завісьлі над неабдымнай, страшнай, бяскрайняй воднай паверхняй. Назар глядзеў уніз з захапленьнем, а потым азіраўся на сваіх спадарожнікаў: як гэта яны не баяцца ўпасьці ў Касьпійскае мора. Маці жавала варанае яйка й драмала, таварыш Мінус чытаў мясцовую праўду.

Увечары ў вагоне зьявіўся першы Салавей-разбойнік, прадаваў кавуны. Назар атруціўся й да самае Ніжняе Кулумчы праседзеў у прыбіральні.

13

“А мне што”, – шчэрыла рэдкія зубы правадніца. – У вас у білетах напісана: да Кулумчы. Ідзіце ў міліцыю”. Усё красамоўства таварыша Мінуса апынулася бясьсільным перад гэтай жалезнай лёгікай; уздыхнуўшы, ён схаваў у кішэню клятчасты лісток з кароткім тэкстам: “Я сустрэла чалавека, зь якім мы пасьлязаўтра расьпісваемся. Не сярдуйце на мяне. Ваша дачка”, узяў у вадну руку чамадан, а ў другую – валізу й павёў жонку з сынам на станцыю.

Ніжняя Кулумча была маленькім сонным пасёлкам, які, нібыта сярэднявечная вёска вакол фэадальнага замку, вырас за апошнія пару дзясяткаў гадоў пры вялікім чыгуначным вузьле. Дзевяноста працэнтаў насельніцтва працавала на чыгунцы, астатнія або кармілі чыгуначнікаў, або лячылі іх, або імі камандавалі. Цётка сустрэла парадзелае Назарава сямейства прыхільна, саступіла бацькам свой высокі, дзявочы ложак, сама спала на двары, а Назару пашанцавала – у яго ўпершыню ў жыцьці зьявіўся ўласны пакой, цёмная камора збоку ад вэранды.

Таварыш Мінус неўзабаве ўладкаваўся па партыйнай лініі, да таго ж ён раз на некалькі дзён пісаў у мясцовы баявы лісток “Кулумчанскі чыгуначнік” зьедлівыя крытычныя артыкулы пра фармалізм у працы з моладзьдзю ды ў пажарнай ахове – праз тыдзень іхнага знаходжаньня тут бацьку Назара ўзьненавідзела ўся ня толькі Ніжняя, але й Сярэдняя Кулумча, ня кажучы ўжо пра Верхнюю. Маці Назара пайшла ў школу, вучыць салаўятаў-бандзюжанятаў вялікай і ўсім зразумелай мове. Праз два месяцы прыйшла паштоўка ад сястры: яна пісала, што цяжарная і носіць цяпер прозьвішча Рамаданава. Назар, такім чынам, мусіў стаць камусьці дзядзькам, чым вельмі ганарыўся. Жыцьцё наладжвалася. Цётчын тэлефон цяпер часта будзіў іх сярод ночы: малады інжэнэр жэку, а цяпер ужо, як высьветлілася, начальнік гэтай установы, доўга размаўляў з мамаю й перадаваў усім цёплыя, як дранікі, прывітаньні.

Наўкола панаваў аранжавы стэп, тутэйшымі тотэмамі былі рыба, кавуны й лякаматывы. Недалёка застыла ўласнае Мёртвае мора – салёнае возера, у якім немагчыма патануць, чароўная лямпа мінэральнага аладзіна. Мясцовыя насельнікі рэдка наведвалі гэтую перліну роднай прыроды, затое ўлетку сюды дзікунамі прыязджалі пракажоныя нават зь Фёдара-Кузьмічска, ставілі палаткі, адольвалі, абуўшы гумовыя віетнамкі, саляныя таросы, што, нібы бялок яешні, атачалі жаўток густой, нерухомай вады, уваходзілі ў возера асьцярожна, як паганцы, якія надумалі храсьціцца.

Напачатку Назару падабалася тут – жыць у Ніжняй Кулумчы было і цяжэй, і прасьцей, чым у горадзе дзяцінства. З пазачалавечым сьветам ён заўжды меў неблагія стасункі, а людзі ў гэтым пасёлку не выдумвалі нічога мудрагелістага. Пілі, нараджалі дзяцей, працавалі да поту № 7, сьпявалі песьні ўсё таго ж заслужанага кампазытара Івана Хруля. Аднак у тым далёкім цяпер горадзе заставалася шмат неразгаданых таямніцаў, і запаветны Назараў успамін, хаця й спавіла яго, нібы воблак гару Кулум на даляглядзе, нечаканая зьмена месца жыхарства, прачынаўся часам уначы й пёк, пёк, пёк. І тады будні, школа, футбол, камсамол, стэп, дзе няма куды схавацца, і грудастая крэолка Даша Мірзабекава падаваліся тым пяском, якім заносіла Ніжнюю Кулумчу ў ліпені, і сьвятло кінапраектара ў кінатэатры імя Жданава запальвалася за сьпіной, нібы за Назарам гнаўся нехта зь бязьлітасным ліхтарыкам, каб урэшце куды-небудзь ды прывесьці.

14

Мы ўсе падобныя да знакамітых людзей, хаця б звонку. Няхай не цалкам, няхай не да кагосьці пэўнага, а адразу да некалькіх. Я даўно думаю пра тое, што пры апісаньні якога-кольвечы чалавека няма патрэбы карыстацца грувасткімі й састарэлымі прыметнікамі. Дастаткова сказаць: “Ён быў падобны да…” і ўсім адразу ўсё стане зразумела. Чалавек паўстане перад намі як жывы. У адной маёй сяброўкі быў пудзель, у профіль поўная копія Сяргея Ясеніна. Праўда, сьпераду ён больш выдаваў на вядомага кожнаму верніку тутэйшага мітрапаліта, а ззаду нагадваў кампазытара Івана Хруля. Сама сяброўка была падобная да Антоніё Бандэраса і, адпаведна, лічылася рэдкай прыгажуняй.

Назара Мінуса ў ягоныя дваццаць два было не адрозьніць ад Энтані Хопкінса ў зэніце славы. Зрэшты, пра гэта ведаю толькі я.

15

Ён дажыў да заканчэньня школы нібы ў сьне: матэматыка, што выглядала кашчунствам між дзікай тутэйшай неабсяжнасьці, таропкі ананізм у сваёй каморцы пасьля заняткаў, пакуль усе на працы, экскурсіі ў суседні горад, практыка на чыгунцы. Выбухам васямнаццацігодзьдзя Назара адкінула на два халодныя гады за пару тысячаў кілямэтраў на ўсход. Выдрэсыраваны школай, ён неяк перажыў гэты вар’яцкі час і ягоны гідкі гумар. Вяртаньне дахаты прынесла навіны: цяпер бацька жыў праз вуліцу зь юнай карэспандэнткай “Кулумчанскага чыгуначніка”, а маці зь цёткай пілі па начах чырвонае спэцыяльнае. Малады начальнік жэку па тэлефоне павіншаваў Назара з дваццаць першым годам жыцьця – знаёмы ад пачатку сьвету голас паведаміў з ганарлівасьцю, што цяпер ён ні хто іншы, як дэпутат гарсавету. Маці плакала. Назараў бацька зашпільваўся на ўсе гузікі й крычаў пра таталітарызм. Даша Мірзабекава выйшла замуж за начальніка станцыі. Назар плюнуў і зьехаў у сталіцу імпэрыі вучыцца.

“Вось, паглядзі, – кінулі яму аднойчы праз плячо ў інтэрнацкім калідоры. – Там сёньня тваю радзіму, блін, другі раз паказваюць”. Назар тэлевізар глядзеў рэдка, газэтаў не чытаў, аднак ведаў, што цяпер ягоная радзіма не радзіма ўжо, а Рэспубліка Радзіма, і зь вялікімі літарамі ўсім даводзілася лічыцца. На факультэце гаварылі пра разгул нацыяналізму й мянялі камсамольскія значкі на праваслаўныя крыжы; на вуліцах сталіцы яшчэ нядаўна стралялі, пад вокнамі жаночай часткі інтэрнату штораніцы зьяўляўся мужык у паліто, накінутым на голае цела – ён распахваў крысьсё й гучна сьмяяўся, а калі яго спрабавалі спаймаць, мужык бег у парк і пакрыўджана крычаў: “Не чапайце мяне, я сэксуальная меншасьць!”. Назар падыйшоў да тэлевізара, прысеў на кукішкі. На экране грукаталі танкі, біліся ў гістэрыцы сьцягі, нехта няўлоўна знаёмы ў залатой фуражцы велічна ўздымаў руку, а за ягонай сьпінай смутна ўгадваліся абрысы кавярні “Вавёрачка”. “Скажы што-небудзь па-бумску”, – хіхікнуў з кута сакурсьнік у есаульскай форме. Чалавек на экране цяпер размаўляў з народам, голас ягоны саграваў сэрца й вяртаў туды, у незабруджаную загадкамі самоту, у адзінае месца ў сусьвеце, дзе Назар быў самім сабой. Ад таго самага практыканта жэку ў чалавеку ў фуражцы засталіся хіба вочы – кожны раз, калі начальнік Радзімы казаў зь вялікай літары, яны наліваліся праўдай і блішчэлі, як у нутрыі.

Наступны дзень Назар прапіў, прасядзеўшы да зорак ў таннай сталічнай ташнілаўцы, а ноч прабавіў у пакоі інстытуцкай сяброўкі. Раніцай, калі яшчэ толькі выпаўзала з-за крамлёўска-кромвэльскіх зубцоў дэмакратычнае сонца, ён выйшаў у непрыбраную сталіцу й пашыбаваў у накірунку вакзала.

16

Сьмерць у сваіх дачыненьнях з Назаравай цёткай улічыла яе прафесійныя заслугі й напаткала пажылую кулумчанку акурат на чыгуначных рэйках, пад коламі цягніка, на якім калісьці прыехала сюды Назарава сям’я. Бацька, які з былым імпэтам арганізоўваў у ва ўсіх трох Кулумчах ячэйку нейкай апазыцыйнай партыі, не пазнаў Назара; магілу маці паказалі яму суседзі. Назар прагуляўся да плошчы, дзе цяпер вісеў зусім новы сьцяг. Назарава таямніца, пазбаўленая бачнага ўвасабленьня, ныла ўнутры й выклікала яшчэ большую разгубленасьць. Людзі вакол гінулі за мэтал, за мэдаль і за мэтан. Ён стаяў між роўных штабеляў загадак і ня бачыў выйсьця. Вецер кідаў яму ў твар сухі пясок – жменю за жменяй. І тут зь нябёсаў пачуліся воплескі.

Назар абярнуўся. Нехта незнаёмы наклейваў на шчыт ля Дому культуры новую кінаафішу. Край яе адрывіста пахлопваў пад парывамі ветру. Чалавек адыйшоў, палюбаваўся на сваю працу й зьнік унутры будынку. Назар падыйшоў бліжэй. “Затрымаць любой цаной” – было напісана на афішы ахайным жаночым почаркам. “Худ. фильм. Нач. 20.00”.

Ён узяў у кладоўцы свой стары ровар і паехаў на салёнае возера. На адзінай аўтамабільнай дарозе, якая вяла да гары Кулум, было цесна. Доўгай чарадой па ёй цягнуліся нецярплівыя джыпы й пакорлівыя масквічы. Ля возера, захінаючы бульдозэры й бэтонныя блёкі, стаяла здаравенная палатняная бандура з паведамленьнем аб будаўніцтве каля Ніжняй Кулумчы санаторыя “Жывая вада” і стварэньні ажно да Кулуму суцэльнай лячэбна-курортнай зоны. Праз тыдзень Назар прадаў цётчын дом лупатаму дзядзьку, былому намесьніку дырэктара заводу, хвораму на псарыяз і трохі разгубленаму ад нечаканага багацьця, што нядаўна звалілася на ягоную галаву, і зьехаў з Кулумчы назаўжды.

17

Калі б не Назар Мінус, я бы дагэтуль. Страшна нават падумаць, што б я дагэтуль. Нават не магу сабе ўявіць, што я дагэтуль бы. А цяпер я біёграф вялікага, без сумненьняў выбітнага чалавека. Раней я шмат чытаў, і ўрэшце захварэў на беспрычынную роспач. Тады я стаў пісаць, зранку перачытваў напісанае й мне станавілася яшчэ горш. Мая жыцьцёвая прастора звужалася. Мае ўласныя пінжакі пагражалі мне расправай, я кленчыў грошы ў заўзятых ворагаў, у тых, з кім бы год таму за адзін стол ня сеў, на ноч я клаў пад падушку нож. У маім пакоі вісеў на сьцяне чачэнскі сьцяг, а з раніцы ў лазьніцы я адплёўваўся крывёй.

Так працягвалася да той пары, пакуль я… Зрэшты, як пісалі ў старых, цяпер забароненых кнігах, пра ўсё па парадку.

Частка другая

Жыціе сьвятога К

18

Дзякуючы кіно мінуўшчына ўяўляецца нам чорна-белай; чорнымі былі робы тых палонных немцаў, якія ўзімку 1948 году пачалі будоўлю пяціпавярховіка на вуліцы Ўзорнай, і бела, белым-бела сьвяціліся на кадрах кронікі яго сьцены ў жніўні, калі аб’ект здавалі ў эксплюатацыю. Тады будавалі шпарка. У верасьні каля двухсот чалавек сьвяткавалі тут улазіны: усё як мае быць, зь дзіцячым плачам, песьнямі, скокамі й бойкамі. Дом атрымаўся шыракагруды, з ордэнскімі планкамі невялікіх балькончыкаў, з шырокімі пляцоўкамі, высокімі столямі, узараным дваром, дзе выцьвіталі на сонцы гімнасьцёркі й юныя дрэўцы, ды праставатай фігурнай ляпнінай, якая апярэзала дах. Праўда, першы паверх першага пад’езду новага дому на Ўзорнай так ніхто й не заняў – пляніроўка гэтай часткі дому прадугледжвала нейкія грамадзкія памяшканьні. Жыхары спадзяваліся, што там адчыняць булачную, аднак высьветлілася, што ўсё значна весялей. З новага году пад спачывальняй сям’і члена парткому зборачнага цэху матацыклетнага заводу тав. Грышука, на адзін цагляна-бэтонны мэтр уніз ад ножак шлюбнага ложку, пачала працаваць кіназаля.

Назад Дальше