Раптоўны ўхіл у сям’ю і сямейны побыт быў бяспройгрышным варыянтам перамены тэмы.
– Ай, Лерка, не гані ты, – не паверыла Вядзёркіна. – Усе мы пра гэта думаем.
– Ага, – пагадзілася Алёна. – Вунь Аліса Селязнёва нават вызначыла, колькі дзяцей у яе будзе, і як яна іх назаве.
Чарговая згадка пра Алісу зноў змусіла мяне скалануцца. Мне вельмі хацелася ведаць пра яе сямейныя планы.
– І колькі ж дзяцей яна сабе намеркавала? – як мага больш нейтральным тонам пацікавіўся я.
– Трох, – адказала Караблёва.
– Які жах, – выгукнула Булатнікава. – Цяжка ўявіць такое. Цэлы вывадак. Бедны Дзімка.
Нарэшце я даведаўся, як звалі Алісінага хлопца, і нават не здзівіўся, бо толькі дзімкамі маглі звацца ўсе гэтыя мужчынкі, што круціліся ля маіх вучаніц. Колькі мне ні выпадала такіх бачыць, усе яны для мяне выглядалі на адзін твар, быццам драўляныя салдаты казачнага героя Хведара Набілкіна. У галаве міжволі паўстала блюзнерская карціна: Аліса, яе драўляны муж і тры маленькія бураціны, што сноўдаюць між імі.
– А яна на Дзімку асабліва і не спадзяецца, – у адказ на Лерчына шкадаванне кінула Кляшторная і перавяла позірк на мяне.
Тым часам дух мой заняло, і я злёгку прыгнуўся, пачуўшы магутную артылерыйскую кананаду, рыхтык немец на Курскай дузе. Дзяўчаты ўздрыгнулі адначасова са мной.
– Вось да чаго глабальныя праблемы давялі, – абуралася Алёна, – амаль сярэдзіна цэнтральнаеўрапейскай восені, а божанька нас грымотамі адорвае.
– Але ж на небе ні аблачынкі, – Лера, як магла, праз голле дрэваў узіралася ў небасхіл.
Цяжка было паверыць, што вушы мне парэзалі не гарматныя стрэлы, а перуны.
– Ведаеце што, – звярнуўся я да сваіх адзінаццацікласніц, – калі нехта зараз хоча пайсці дадому… – Да вас, Эрнест Скіргайлавіч? – перабіваючы, улезла са сваімі хітрыкамі Булатнікава.
Мне давялося перайсці на больш суворы тон: – Калі нехта зараз хоча пайсці дадому, – павольна выразна, робячы націск на кожным слове прамаўляў я, – то можа збірацца і ісці. Толькі цур не шлындаць па горадзе, а прыйсці дамоў і паабедаць. Абяцаю, што ўсім патэнцыйным гулякам, – я ўедліва паглядзеў на Леру, а потым крыху мякчэй на Касю, – праз паўгадзіны патэлефаную на хатні нумар.
«Патэнцыйныя гулякі» трохі апанурыліся. А вось Алёна Караблёва захоплена заўсміхалася: – Эрнест Скіргайлавіч, вы проста, як строгі татачка.
Я адказаў ёй прыязнай усмешкай. Дзяўчына адразу зразумела, што маё «можна збірацца і ісці» насамрэч азначала «трэба збірацца і ісці». Яна глянула на аднакласніц і па-завадатарску выгукнула: – Ну што, сябровачкі, хадзем ужо?
Сябровачкі пагадзіліся, хаця па выразах твараў некаторых заўважалася неахвота, з якой яны мусілі развітвацца. «А чым жа было ваша нядаўняе нежаданне ісці сюды?» – спытаў я толькі ў думках, наканаваўшы пытанню застацца без адказу. Вучаніцы развіталіся і падыбалі ў бок моста. Я скіраваўся ў бок спартовай пляцоўкі, дзе гулялі нешматлікія прадстаўнікі мужчынскай паловы 11 «А» класа. Да маіх вушэй даляталі незадаволеныя рэплікі Булатнікавай. Яна наўмысна гучна плакалася Вядзёркінай: – Такі непрабівальны. Ты з ім па-чалавечы: і пра пізду, і пра Янку Купалу, а ён: «Ідзіце абедаць». Не, каб сам узяў ды ў барчык які запрасіў.
– Ну, ты сказанула, у барчык, – сцішана, азіраючыся, прамовіла Кася. – З якой такой прычыны ён павінен цябе весці ў бар? Супакойся.
– У-у, нас адправіў, а сам зараз з дзевяцікласніцамі языком малоць будзе.
– Ён з імі на нажах з-за джынсаў.
– Ну, значыць з васьмікласніцамі… – Яго не цікавяць…
Даслухаць Касіны словы не ўдалося – па-першае, дзяўчына ладна аддалілася, а па-другое, неба зноў выбухнула грымотамі. «Дзеўкі, дзеўкі… Што ж у вашых галовах творыцца?» – зноў жа на ўсялякі выпадак моўчкі спытаўся я.
Хлапцы перапынілі свой футбол. Андрэй Дастаеўскі з заўсёднай мінай клоўна, які шукае справядлівасці, кіўнуў у бок аднакласніц і пацікавіўся: – А чаго вы іх адпусцілі? Не цукровыя, не растануць. Ды і дажджу пакуль няма.
Я ведаў, што Андрэй можа спытаць падобнае, і зазбіраўся яго суцішыць. Аднак я не паспеў і рота разявіць, як яшчэ адзін смяхун Пеця Андропаў вырашыў адказаць замест мяне: – Як ты, Андрэй, не разумееш? Можа яны і не цукровыя, але ж ім яшчэ нараджаць.
Хлапец яўна пакепліваў, абыгрываючы эпізод маёй класічнай гутаркі з дзяўчатамі 9 «Б». Прысутныя пачалі былі гагатаць у манеры герояў пустых амерыканскіх моладзевых камедый ці іх расійскіх клонаў. Я такога смеху не любіў. Хранічна не мог трываць. Пільна, без намёку на ўсмешку, я паглядзеў на Андропава. Ён умэнт адвёў вочы, павярнуў галаву ў бок і стаў вывучаць колеравую гаму яшчэ неапалага восеньскага лісця.
– Мы з вамі, мужыкі, дык дакладна не растанем, – прамовіў я, абводзячы позіркам усіх сваіх вучняў-хлапцоў.
– Гэта вы на што намякаеце? – з-пад клоўнскай маскі Андрэя Дастаеўскага паказаліся іклы.
Ва ўсім незразумелым для сябе ён бачыў варожыя падкопы.
– Я не намякаю, я кажу, што мы з вамі дакладна не цукар. І гэтую акалічнасць нам узаемна давядзецца трываць цэлы навучальны год.
Хлапцы пераглянуліся, але з пошукам адказу не патрапілі.
Між тым пасля няўдалай, але вельмі моцнай падачы з боку валейбольнай пляцоўкі ляцеў мяч. Ляцеў не абы куды, а проста мне ў галаву. Мой бакавы зрок падтарможваў і адразу не прыкмеціў небяспеку, нібы турэцкая проціпаветраная абарона, якая празявала прылёт гарматнага ядра, асядланага баронам Мюнхгаўзэнам. «Эрнест Скіргайлавіч! Асцярожна!» – пачуўся крык адной з васьмікласніц, але было позна, каб зразумець што да чаго. Я абярнуўся на крык, мячык дакладна трапіў мне ў лоб і лопнуў. Сведкі здарэння хорам войкнулі. Я ўбачыў успышку звышновай зоркі. «Эрнесцік, ты сваім вострым розумам сапсаваў нам інвентар», – спагадліва сказала настаўніца фізкультуры.
16
Я чуў пра мноства выпадкаў, калі мяч трапляў людзям у галаву. Я быў сведкам і нават ахвярай шмат якіх падобных эпізодаў. І ніколі мяч, дакранаючыся да чыёйсьці галавы, не лопаўся. Зрэшты, здзіўляцца гэтаму я занадта не стаў. У думках я вяртаўся а вяртаўся да словаў Карыны Кляшторнай пра Алісу. «А яна на Дзімку асабліва і не спадзяецца», – пульсавала ў маіх глуздах і рэхам адбівалася ў гузаку, які вылез на лобе пасля ўдару мячыкам. Я намагаўся рацыяналізаваць Карыніны словы, каб не мець лішняе спакусы ўбачыць у іх адрасны намёк. У галаве гула пясчаная марсіянская бура, і здавалася, што вось-вось з вушэй пасыплецца пясок чырвонае планеты.
На плошчы я ўскочыў у зялёны айчынны аўтобус і ўсеўся ля вакна, цалкам заняты той самай думкай. «А яна на Дзімку асабліва і не спадзяецца». Танаванае шкло змяняла натуральныя колеры заваконня. Неба аддавала чырванаватым адценнем.
– Яна магла гэта сказаць з самых розных прычынаў, – прыемны жаночы голас заказытаў маё вуха.
Я няўцямна адарваўся ад вакна і зірнуў налева. Побач са мной сядзела фенаменальнае прыгажосці жанчына ў кароткай барвовай сукенцы з тонкім паясочкам-ланцужком, які адно дзеля красы ляжаў на таліі. Беласнежныя валасы былі сабраныя ў два кранальныя дзявочыя хвосцікі. У блакітных вачах хавалася Атлантыда. У бляску пульхных вуснаў таілася Эльдарада. Легкадумны кірпаты носік быў выклікам усім багам нашага небеззаганнага сусвету.
– Хто вы? – саромеючыся зірнуць на ногі незнаёмкі, ціха спытаў я.
– Гэта цяжка патлумачыць, – адказала яна і падарыла мне ўсмешку моднае фотамадэлі, якая спусцілася са сваіх глямурных алімпаў, каб дзеля пацехі пакатацца на аўтобусе Мінскага аўтамабільнага заводу. Падарыла і папрасіла ўзаемнае ласкі: – Прашу вас, не задавайцеся пытаннем наконт таго, хто я. Вы можаце называць мяне як сабе хочаце – Ізольда, Джульета, Мальвіна, Аэліта…
Яна ўсміхнулася, кранальна зморшчыўшы носік. Мяне агарнула нейкае падабенства страху – аўтобус імчаўся па звыклым маршруце, але краявіды за вокнамі былі спрэс марсіянскімі. Ні табе дрэваў, ні звыклых мікрараёнаў. Толькі асфальтаваная дарога праз чырвоную пустэльню ўкрытую мноствам заінелых камянёў. Там, дзе мусілі б быць новабудоўлі, круціліся пыльныя віхуры.
– Дык вось, – не зважаючы на маё здумленне, прадоўжыла Аэліта, – Карына магла сказаць тую фразу па розных прычынах. Яна магла папросту канстатаваць факт – хлопец пры Алісе адно дзеля прыліку. Каб быў. Каб не адставаць ад сябровак. Ён быццам модны аксесуар, але насамрэч непатрэбны Алісе. Магчыма, што Карына ведае, хто Алісе сапраўды патрэбны. А можа быць яна такім чынам спрабавала зняславіць Алісу. Маўляў, пабачце, якая амаральная дзяўчынка – з адным хлопцам сустракаецца, а трох дзяцей мяркуе нажыць з кімсьці іншым. Так ці інакш, мы не ведаем, на каго згодна з версіяй Карыны, Аліса спадзяецца. Усе нашы высновы без дастатковых звестак будуць толькі дадумваннем.
– Але чаму Кляшторная на мяне так пільна паглядзела? – маё пытанне прагучала гэтак жа нягегла, як індастрыял у выкананні крамлёўскага акына ля падножжа марсіянскага сфінкса.
– Вось з такіх пытанняў дадумванне і пачынаецца, – яна зрабіла стродкі выгляд. – А калі б яна пры гэтым яшчэ б і чупа-чупс смактала? Што б вы тады падумалі? Якія званы загучалі б у вашай галаве? Якія б званкі? Дзынь, дзынь, дзынь…
Я рэзка падхапіўся з ложка, адарваўшы ад падушкі цяжкую, як каменны блок для піраміды Хеопса, галаву. Бардовы хатні тэлефон заходзіўся нахабна настойлівымі трэлямі. Я схапіў слухаўку, нібы змяю, якую збіраўся задушыць ці прынамсі пазбавіць атруты.
– Алё, – выгукнуў незадаволена я.
– Здароў. Ты што, спаў? – пачуўся ў слухаўцы голас майго даўняга камрада Мікаэла Бухоўскага. З пэўных часоў я стаў адносіць яго да шматлікіх ценяў майго перакрэсленага мінулага. Але ён раз-пораз нагадваў пра сябе раптоўнымі тэлефанаваннямі і прадказальнымі прапановамі – набухацца. Нас некалі звялі «Вытокі». Нас колісь пасварыў факт майго заляцання да яго дзяўчыны – молодой и неопытной вытоковки, якая, не могучы разабрацца ў сабе, удзячна прыняла маю да яе ўвагу. Прыняла, каб урэшце разабрацца і вярнуцца да Бухоўскага, а мяне адштурхнуць у лёд любоўнае Антарктыды. У стане гэткай абледзянеласці я выглядаў досыць бяспечна, і Мікаэл без асаблівае рызыкі аднавіў нашае спабутэльніцтва, як мы аднойчы назвалі гэта, зазірнуўшы спачатку ў бутэльку, а потым у слоўнік Ластоўскага. Гарэлка, зялёныя аліўкі і Ксеня Чудатворная, якая піла з намі, каб яе каханаму Мікаэлу дасталася менш, зрабіліся негалосным сімвалам вытокаўскіх пасядзелак апошняга перыяду іх існавання. А потым усё знікла. Ці можа быць я сам захацеў, каб яно знікла для мяне. Але незалежна ад майго жадання цені перакрэсленага мінулага нагадвалі пра сябе, не разумеючы, што прычыняюцца да з’яўлення хвараблівых успамінаў… – Здароў, – суха павітаўся я і замаўчаў, здагадваючыся, што скажа Бухоўскі.
– Ета самае, тут прапазіцыя адна тупічаская ёсць, – ён няўклюдна спрабаваў выкарыстоўваць наш колішні слэнг, – давай набухаемся!
– Шампанскім? – падыгрываючы яго настальгічным ноткам, удакладніў я.
– Хо-хо-хо, – засмяяўся Мікаэл. – Не, не шампанскім. Беленькай.
Мяне заўжды перасмыкала, калі нехта гарэлку называў беленькай. У маіх вушах гэта гучала, як наўмысна фальшывы камплімент.
– Па-першае, я гарэлку даўно не п’ю. А па-другое, у мяне заўтра важная сустрэча.
– Вой, якая ў цябе ўжо там важная сустрэча? – праігнараваўшы маё «па-першае», скептычна чмыхнуў Бухоўскі. Скепсіс ягоны быў досыць ліпкі, нібыта Мікаэл з’яўляўся носьбітам ісціны ў апошняй інстанцыі і з гэтае вежы выразна бачыў: ні з кім ніякіх сустрэч у мяне няма і быць не можа ў прынцыпе.
– Чалавек з культурнай канторы прыходзіць, – яшчэ больш стрымана прамовіў я.
Узнікла паўза. Бухоўскі колькі секунд думаў, а потым выдаў: – А чорт з ім.
– Чорт не чорт, а жартаваць не выпадае.
– Дык давай заўтра на піва, раз ты беленькую не паважаеш.
Скачкі яго думак мяне ўражвалі.
– Толькі пасля сустрэчы з чалавекам, – паставіў умову я.
– Я табе пазваню. Ты на ноч пачытай Біблію і «Малы канспіратар».
Дарадца хрэнаў.
Але я ўзяў з паліцы і адну, і другую кнігу, каб разгарнуць іх наўгад і прачытаць, зліваючы цытаты ў цэлае: «Запішы ўяву і накрэслі ясна на скрыжалях, каб чытач мог лёгка прачытаць, бо ўява стасуецца яшчэ з пэўным часам і гаворыць пра канец і не ашукае. Калі ты не хочаш казаць, абараняючы сябе, магчыма, захочаш абараняць іншых, абараняць справу, даводзячы чысціню сваіх подумаў і метадаў змагання». Я вярнуў кнігі на іх месцы. У галаве ад прачытанага нічога не засталося. Мяне сушылі зусім іншыя думкі. І з гэтым трэба было або мірыцца, або біцца. Я абіраў сярэдзінны варыянт: прыхапіўшы дошку для вэбсёрфінгу, сыходзіў у сеціва. Сайты, блогі, коменты руляць. Галоўнае своечасова вярнуцца, каб, лёгшы спаць, не ўбачыць у сне мудрагелісты скрыпт ці код памылкі 404.
17
У суботу ў школе было нешматлюдна. Займаліся толькі профільныя класы, дый тыя не ў поўным складзе, бо для многіх вучняў дзень гэты ўяўляўся выходным. І ні профіль, ні шнобель іх зусім не хваляваў. Мае збольшага ўсе прысутнічалі. Абступіўшы мяне, яны на ўзахапы распытвалі пра маё самаадчуванне. Я ўсміхаўся і гаварыў: «Не дачакаецеся». Яны ўсміхаліся ў адказ і бажыліся, што не зычаць мне кепскай долі.
– Бедны, Эрнест Скіргайлавіч, – спачувальна прамовіла Аліса Селязнёва. – Гэта ж так атрымалася, наўмысна не прыдумаеш.
– Проста не трэба было нас адпраўляць дамоў так рана. Мы б вас дакладна ад гэтай нягоды ўратавалі, – заявіла Лера Булатнікава, але без крыўды, якая лілася з яе кагадзе.
– На самой справе ва ўсім вінаватыя мы – хлапцы, што гулялі ў футбол, – пасыпаў вірутальным попелам сваю галаву і галовы іншых футбалістаў Грыша Стахіевіч.
Я працягваў усміхацца. «Не ўсё так кепска», – думалася мне. Званок пагнаў мой 11 «А» на матэматыку. Я застаўся на калідоры адзін, збіраючыся ісці ў якую-небудзь пустую аўдыторыю, каб да прыходу госця з КНАКС праверыць некалькі стосаў сшыткаў з храналагічнымі табліцамі. Я павярнуўся і пацягнуўся ў настаўніцкую, каб спраўдзіць расклад заняткаў. Не дайшоўшы да яе, сутыкнуўся з настаўнікам фізікі. Той акурат замыкаў свой кабінет.
– А там урокі яшчэ будуць? – не дзеля парожняе цікавасці спытаўся я.
– Здаецца, не. А што ты хацеў?
Было ў яго манеры задаваць пытанні нешта кіношнае. І гэтым разам Майсюк нагадваў дзіўнае спалучэнне тыповага белагвардзейскага контрразведчыка з савецкіх фільмаў і аднаго з бедакоў, што хацелі дастукацца да нябёсаў у культавым нямецкім фільме.
– Вольная аўдыторыя патрэбна, – сілячыся ўдаваць крэпкага арэшка са згушчонкай і каньяком, тлумачыў я. – Дзядзька адзін прыйдзе. Гутарка сур’ёзная мае быць.
– Ды, калі ласка, – Ярык працягнуў мне ключ. – А дакладна дзядзька? Бо калі цётка ці там лялечка якая, то я магу і лабаранцкую саступіць. Пад тваю адказнасць. Кушэткі, праўда, там няма. Але ёсць нядрэнны, як для нашых теренів, – ён чамусьці ўкруціў украінскае слова, – выбар напояў. Зноў жа, пад тваю адказнасць.
Адмовіўшыся ад яго велікадушнай прапановы, я неўзабаве перацягнуў сшыткі ў кабінет фізікі. Было душнавата. Я адчыніў вакно і з хвіліну ўзіраўся ў незвычайную нябесную сінь. Рабілася мутарна. Давялося прымушаць сябе ўзяцца-ткі за праверку табліц. Напалеонаўскія войны ў Еўропе. Храналогія. Асноўныя падзеі. Вынікі. Вуркатанне жывата. Фіёлкі ўваччу. Ваенная дыктатура з апорай на буржуазію. Горш за ўсё – чакаць і даганяць. Знішчэнне феадальна-абсалютысцкіх парадкаў. От беспорядка всяко дело шатко. Работы не правяраліся. Думкі скакалі. Позірк слізгацеў па вучнёўскіх грымзолях. Выхапіць каліва сэнсу было цяжка. Я кляпаў дзясятку за дзясяткай адно толькі за прысутнасць ахайна выкананай табліцы без увагі на змест, дзе Напалеон зусім спакойна мог скарыць увесь белы свет і нават дастукацца да нябёсаў, будучы ўсяго толькі смачным торцікам…