– Дык вы не скажаце нам, што значыць слова «фанабэрка»?
Я не здолеў стрымацца ад смеху і літаральна выбухнуў рогатам, а следам, нібы згодна з прынцыпам даміно, зарагаталі і ўсе мае спадарожніцы. Наш смех быў да непрыстойнасці звонкім і задорыстым. Гэта канечне схіляла да пазітыву. Але мая дзіўная здольнасць секунднага абстрагавання ад таго, што адбываецца, спрытна руйнавала такое ж мімалётнае шчасце. Заўжды, калі надыходзіў час адчування хаця б найменшага шчасця, нейкая частка маёй свядомасці выслізгвала вонкі і пачынала лунаць, азіраючы мяне збоку, адпускаючы ў мой адрас самыя жорсткія кпіны. Так было ў дзяцінстве, калі я радаваўся з’яўленню ў маёй калекцыі новай паштовай маркі. Так было ў юнацтве, калі мая аднакурсніца дэманстравала спрыт сваіх вуснаў і языка. Так здарылася і на гэты раз. Я рэзка змоўк. Дзяўчаты па інерцыі працягвалі хіхікаць. Але самыя пільныя ўсачылі неспадзяваную перамену ўва мне, сталі штурхаць астатніх локцямі ў бок ды ціхенька цыкаць.
– Што здарылася? – ізноў наважылася Вядзёркіна.
– Дэжавю, – схлусіў я, і мне здалося, што Кірыла Тураўскі, побач з помнікам якога мы акурат крочылі, хітравата прымружыў свае манументальныя вочы ў жаданні нешта сказаць. Я не паспеў нічога зрабіць, як свядомасць напоўнілася незнаёмым голасам: «Мы же нищие есмы словом и мутни умом, не имуще огня Святаго Духа на слажение душеполезных словес». «Якое мудрагелістае прызнанне літаратарскага бяссілля», – падумаў я, баючыся, праўда, азірнуцца на помнік вялікаму тураўцу. Мы ішлі далей.
На помнік Леніну я нават не глянуў, што не застрахавала мяне ад ягонай заўвагі: «Правільнай дарогай ідзяце, таварыш!». Мінаючы старую друкарню, я маральна рыхтаваўся да сустрэчы з помнікам Дзяржынскаму. Жалезны Фелікс, зваяны з бронзы, па-чэкісцку пільна глядзеў на мяне і маіх вучаніц. Здавалася, мы здолеем хутка збочыць управа да ракі, і я не пачую ніякіх натацый. Спадзеў быў дарэмным – следам за мной паляцелі словы, быццам іскры ад удару карнага мяча рэвалюцыі аб ланцугі маіх неад’емных псіхалагічных комплексаў: «Хто баіцца болю, той заўжды паддасца злу».
14
Давялося прыспешыць хаду. Дзяўчаты моўчкі рабілі тое самае, аж пакуль адна з іх не сказала: «Эрнест Скіргайлавіч, вы імчыцеся так, нібы тое дэжавю вам на пяткі наступае». Я рэзка спыніўся і, стараючыся запярэчыць, імкліва падбіраў словы. Словы падбірацца не хацелі. І ў той момант, як ратунак, пачуліся прыглушаныя гукі мелодыі з вежы былога палацу царскіх палкаводцаў і іх наступнікаў. «Люблю наш край, старонку гэту», – міжволі зварухнуліся ў паўшэпце вусны.
– Даўно хацела вас спытаць, – звярнулася да мяне Алёна Караблёва, – што гэта за музычка такая?
– Гэта пэўна нейкі любімы хіт апошняй тутэйшай княгіні, – не прамінула выказаць сваю версію Лера Булатнікава.
Я адмоўна матлянуў галавой, заклікаў усіх рушыць дальш. І толькі калі мы падышлі да пешаходнага моста праз Сівую, я стаў тлумачыць: – Ведаеце, дзяўчынкі, а песня да расійскіх князёў ніякага дачынення не мае.
– Песня? – ўдакладніла Алёна.
– Песня, – пацвердзіў я.
– Вы нам яе праспяваеце? – падлашчваючыся, спытала Лера.
– Не, мае мілыя, пець я зараз дакладна не буду. Рубікон не той.
– А вы баіцеся нас ці вакольных людзей? – уклініла сваё пытанне Кася Вядзёркіна.
– Я, дзяўчаты, нічога не баюся, акром усёмагутнага Алаха і самога сябе, – мяне пацягнула на дзіўныя праявы высакамоўнасці. Імгненна зразумеўшы, што зараз пачнуцца роспыты пра Алаха, я шпарка вярнуўся да песні: – Гэта песня беларускага Адраджэння… – Оў, Рэнесанс! – з вучоным выглядам усклікнула Булатнікава. – Скарына, Гусоўскі, Міхалон Літвін… – Не, не, не, – запярэчыў я. – Іншае Адраджэнне.
– Ну, сапраўды, – эўрыстычна разважала Караблёва. – У Беларусі было столькі гэтых адраджэнняў, што пальцаў на руцэ не хопіць. Гэта, па ходу, наша нацыянальная традыцыя. Адраджацца… – … як фенікс, – амаль прашаптала Карына Кляшторная.
– Ды ну, традыцыя, – скептычна азвалася Лера, – мне гэта больш нагадвае бязлітаснае кола сансары.
– Лерка, чаго ты ўскладняеш? Па-мойму з адраджэннем усе заканамерна. Гэта, як з домам. Моцны вецер дах зрывае, але ж гаспадары, калі жывыя, не кідаюць дом, а ставяць новы дах. Адраджаюць. А такіх вятроў, бураў, пажараў, прыдуркаў з запалкамі можа быць вельмі многа. І дакуль гаспадар жыве, датуль ён будзе аднаўляць свой дом, даводзіць яго да ладу, – разгаварылася Вядзёркіна і пры канцы нават засаромелася таго, што стала цэнтрам усіхнай увагі.
– Але ж ці не на праклятым месцы той дом стаіць? – ціхмяна прамовіла Кляшторная.
– Ды не праклятае, – шчыра запярэчыла Караблёва, – проста ёду дэфіцыт, а адсюль усе нашы лішнія праблемы вынікаюць. Ды нам пра гэта Эрнест Скіргайлавіч яшчэ ў восьмым класе расказваў. Хіба не помніш?
– Я ж не Селязнёва, каб кожнае слова Эрнеста Скіргайлавіча памятаць, – адпарыравала, нібы вострым каменем кінула, Карына.
Алісы сярод прысутных не было, і тэма не набыла працягу, што пры нораве маіх вучаніц выглядала троху дзіўна. Сам я ад нечаканай згадкі Алісы страпянуўся, спрабуючы дапяць: выпадкова Кляшторная прыпомніла яе або за гэтым прыпамінаннем тоіцца нейкі намёк, адрасаваны персанальна мне.
Разлеглую моўкнасць перарвала зноў жа Карына: – Я ведаю, што гэта за песня. Яе напісаў Вячаслаў Качанскі на юначы верш Канстанцыі Буйло. А юначкай яна была аж у пачатку ХХ стагоддзя. Сто гадоў таму… – А-а-а, – згодна прастагнала Караблёва, – я нешта такое прыгадваю: «Наша Ніва», Янка Купала, вялікая скураная канапа ў рэдактарскім кабінеце, віно, яблыкі, чытанне «Паўлінкі» усю ноч… – У цябе таксама дэжавю? Ці як? – не без куслівасці спыталася Булатнікава.
– Ніякага дэжавю, я проста чытала дзесьці пра гэта.
– Дык што ж атрымліваецца, дзяўчынкі, – выявіла неўразуменне Кася, – гэтая паэтэса спала з Купалам? І колькі ёй тады было гадоў? А яму?
– Вось і я пра гэта падумала, – заўсміхалася Лера, касавурачыся на мяне.
Я рабіў выгляд, што не заўважаю ні яе касавуранняў, ні слізгаты новага напрамку нашай гаворкі.
– Не помню ўсіх нюансаў. Эрнест Скіргайлавіч, дапамажыце ж, калі ласка. Дайце свой каментар, – папрасіла Алёна. – Ці ты Карына? Размаўчалася тут зноў.
– Нічога не ведаю, – адсекла ўсе прэтэнзіі Кляшторная.
І мне хацелася вось так па-простаму аднекацца. Але, на жаль, падобны спосаб мне бачыўся чыста непрымальным. Дзеля таго я набраў у грудзі свежага паветра, паволі выдыхнуў праз ноздры і пачаў: – Я не ведаю, адкуль вам вядома пра нашаніўскую рэдактарскую канапу, аднак акурат яна сваёй маштабнасцю і ўразіла паненку Канстанцыю, калі ў 1907 годзе яна завітала ў Вільню і бавіла ноч у рэдакцыі «Нашай Нівы» разам з Купалам. Было ў іх там нешта ці не было – ніхто не адкажа пэўна. Паэтка ў позніх сваіх мемуарах проста зрабіла намёк на гэта, шмат увагі надаўшы менавіта канапе. Зрэшты, яна магла зрабіць такі акцэнт наўмысна, каб у нас уражанне адпаведнае склалася. Паўпраўда часта выглядае вельмі праўдападобна, бо правакуе дадумванне.
– Што гэта значыць? – папрасіла патлумачыць Булатнікава.
– Усё вельмі проста. Вось уявіце, я сяджу за настаўніцкім сталом. Перада мною аркуш паперы, на якім я малюю сэрцайкі. Проста малюю. Проста надпісваю жаночае імя. Так, проста наўздагад. Якая-небудзь Груня ці Груша. А адбываецца ўсё на перапынку, і мастацтва сваё я ні ад каго не хаваю. І вось ты, Лера, праходзіш міма і праз плячо зазіраеш у гэты аркуш: бачыш сэрцайкі і жаночае імя. Што ты ў той час думаеш? Ты робіш паспешлівую выснову, што я закаханы ў нейкую Груню, бо табе здаецца, што ты маеш факты для таго, каб рабіць падобныя высновы. А фактаў насамрэч нямашака. Ёсць толькі тваё дадумванне.
– Божачкі, – завойкала Булатнікава. – Гэта ж жахліва. Атрымліваецца, што ў нас не жыццё, а суцэльнае дадумванне.
– Самае жахлівае, што ўвесь наш свет можа быць усяго толькі дадумваннем Бога, – няшчадна ўрэзаў я.
– Не кажыце такія жудасныя рэчы, – ледзьве не ўзмалілася, хаця і са звыклым для сябе налётам тэатральнасці, Лера. Іншыя вучаніцы ўспрынялі мае развагі моўчкі. Толькі Кася Вядзёркіна, змучаная прагай адказу на іншае пытанне, з абурэннем усклікнула: – Кіньце вы гэтае дадумванне! Жанчына не стала б апісваць канапу без прычыны. Канстанцыя ў савецкі час проста не магла ўзяць і напісаць, што ў яе з Купалам быў сэкс. Але мабыць жа быў!
– І што ты хочаш гэтым сказаць? – удакладніла Караблёва.
– Гэтым нічога, – Кася зрабіла трагічныя цялячыя вочы. – Мяне цікавіць іншае: у іх жа была агромністая разбежка ва ўзросце. Так, Эрнест Скіргайлавіч?
– Гэта, як сказаць, – выціснуў я, – ён нарадзіўся ў 1882, а яна ў 1893 годзе.
– Адзінаццаць гадоў розніцы! – выгукнула Кася.
– Чаго ты ўсхадзілася? – з пякучай усмешкай спытала Лера. – Нармальная разбежка. Людзі і не з такімі разбежкамі шлюб заключаюць. А тут жа не пра шлюб гаворка.
– Ты хочаш сказаць, што такі вось сэкс – нармальная з’ява? – не суцішалася Вядзёркіна.
– Нармальная, калі натуральная, – адказала Булатнікава. – Калі ўсё дабраахвотна, без прымусу, то якія могуць быць прыдзіркі? Ніякіх.
– Дзяўчаты, – умяшаўся я, гатовы ад усіх гэтых размоў праваліцца ў Аргенціну, – сэкс у выпадку Купалы і Буйлянкі ёсць нашым дадумваннем. Калі ж мы не памыляемся, то мусім улічваць зорны фактар.
– Што за ён?
– Вы хочаце нас заблытаць?
– Зоркі спрыяюць?
Пасыпаліся пытанні ад маіх вучаніц.
– Я маю на ўвазе тое, што трэба разумець, кім Янка Купала для яе з’яўляўся. Ён быў для яе зоркай. А ў дачыненнях між зоркамі і адданымі фанаткамі нярэдка здараюцца раманы.
Мы асцярожна спускаліся па кепскіх прыступках, якімі сканчаўся мост, і павярнулі налева, кіруючыся пад шатамі таполяў да спартовай пляцоўкі, дзе ўрэшце мусіў распачацца паўнавартасны дзень здароўя.
– Мяне ваша апошняе выказванне, Эрнест Скіргайлавіч, збянтэжыла, – абарвала Вядзёркіна нашу кароткачасовую сцішанасць.
– А што тут бянтэжыцца, – не даючы мне зрэагаваць, загаварыла Караблёва. – Ты мазгамі раскінь і зразумееш, што для маладой сялянкі Янка Купала з нашаніўскай багемы гэта амаль тое ж самае, што для цябе Рыкі Марцін.
– Ай, – пакрываючыся барвай, заенчыла Кася. – Ну, колькі таго Рыкі Марціна можна мне прыпамінаць? Гэта было даўно і няпраўда.
– Не так і даўно. Гадоў пяць таму, – сказала Алёна, і прымружыўшы вока спытала ў расчырванелай аднакласніцы: – І хто тады паўтараў: «Ах, які мужчына, гэты Рыкі Марцін. Я з ім абавязкова загуляла б»?
Кася не стала адказваць.
– Усё досыць з гэтым, – прамовіў я. – Давайце хуценька да настаўнікаў фізкультуры, яны вам скажуць, што трэба рабіць.
15
Мы падышлі ўшчыльную да спартовай пляцоўкі, дзе ўжо ўладарыла гамарня, мітусіліся дзеці рознага веку. Хлапцы паспелі падзяліцца на каманды і ганялі мячык, імітуючы чэмпіянат свету па футболу. Іншая група, якая складалася і з хлапцоў, і з дзяўчын гуляла ў валейбол без сеткі. Гульня выглядала вельмі зладжанай, хаця ў пэўныя моманты здавалася, што бальшыня ўдзельнікаў больш прызвычаіліся да пляжнага варыянту валейбола. «Эх, раздзецца б, як улетку», – гучна заяўлялі самыя адчайныя з іх. Крыху паводдаль, каб нікога не закрануць, здавалі нарматыў па кіданні гранат. А збоку на бегавой дарожцы вучні парамі трушком штурмавалі стометроўку.
Я стаяў у цэнтры усяго гэтага ўсяленскага рушання і думаў пра вечнасць. Маёй вечнасцю тады быў боль неўзаемнага, да таго ж няроўнага, кахання. Strangelove. Думкі, як карусель, круціліся вакол аднаго пытання: «Чаму?», адказ на якое знайсці было цяжка. Здавалася, што лягчэй можна адшукаць у цёмным пакоі чорную котку, нават калі б яе там не было. Я спрабаваў зноў пераключыцца на вакольную кругаверць, але нічога не атрымлівалася. Таму вяртаўся зноў а зноў на крукі таго самага ярэмнага пытання, не раўняючы, як героі «Паўсталых з пекла», якія дагуляліся з чароўным куфэркам – ключом ад брамы ў апраметную.
Я быў сам па сабе, узіраючыся ў халодныя пяскі майго персанальнага пекла, а ваколле са сваёй мітуснёй-гамарнёй – само па сабе. Ледзяныя вятры маёй геены выбівалі з вачэй кроплі гранатавага колеру. Праз мружыва гэтых кропель я не заўважаў ні каляжанак, якія падыходзілі з незразумелымі пытаннямі, ні жвавых вучаніц, якія спрабавалі дэманстраваць спанатранасць у какецтве. Я толькі ўзіраўся ў пясчаныя далягляды маёй інтымнай апраметнай, намагаючыся разабраць, што за плямкі трымцяць на гарызонце. І чым больш пытанняў задавалі каляжанкі, а вучаніцы ўлягалі ў баламуцтва, тым ясней мне бачыліся постаці каля падножжа крыштальнага купала – бялютка белы аднарог і юная дзяўчына. Яны проста стаялі і глядзелі ў мой бок, быццам не верылі, што акром іх, сцюдзёных вятроў і музыкі нябеснага крышталю ў той пустэльні нехта ёсць…
Да рэчаіснасці мяне вярнула блюмканне мабільніка. Старэча Сімэнс сігналіў аб прыходзе sms’кі. Выскачыўшы з пякельнае сцюжы, я схапіў тэлефон у спадзеве прачытаць пару суцешлівых словаў. Але іх не было – кляты «Дульком» прасіў тэрмінова папоўніць баланс. Буйнейшаму айчыннаму аператару сотавай сувязі было абсалютна насраць на тое, між якімі сусветамі балансавала мая душа.
– Эрнест Скіргайлавіч, чаго вы такі маўклівы? – вяртаючыся з бегавой дарожкі спытала Вядзёркіна. Следам пляліся астатнія адзінаццацікласніцы.
– Маўчанне ягнят – золата Макены, – вырвалася нешта няўцямнае з маіх, пакрытых ледзяной корачкай, вуснаў.
Мой адказ адначасова і здзівіў Касю, і стрымаў ад далейшых роспытаў. Напэўна, баялася, што з яе асабістай шафы можа вываліцца яшчэ адзін шкілет Рыкі Марціна ці якога-небудзь Брэда Піта.
– Ну, і прабежачка, – цяжка дыхаючы, скардзілася Караблёва. – Ледзь не нарадзіла.
Дзяўчаты, не зважаючы на стому, ажывіліся.
– А хто тата? – не прамінула пацікавіцца Булатнікава.
– Гэта я вобразна кажу. А будзеш трындзець атрымаеш па попе, – з усмешкай адказала Алёна.
– Па попе?! Які жах! – заблагала Лера. – Ты ж мне ўсіх жаніхоў адаб’еш.
– Можна падумаць, у цябе іх шмат, – недаверліва заўважыла Карына Кляшторная.
Булатнікава магла б сказаць: «А ў цябе хоць адзін ёсць?», аднак не хацела крыўдзіць сваю нецалаваную аднакласніцу. Валерыя ў каторы раз загарэлася неперадавальнай усмешкай, прыперчыўшы яе для смаку драбкамі падробленай сарамяжнасці, і падкрэслена млявым голасам прамовіла: – Колькі ні ёсць – усе мае.
– Гучыць неяк цьмяна і непераканаўча, – зазначыла Караблёва.
– А каго тут трэба пераконваць? – з невялічкім выклікам спытала Булатнікава і абвяла ўсіх прысутных выпрабавальным позіркам. Дураслівыя агеньчыкі ў яе вачах раз-пораз давалі знак, што ўсё дужа несур’ёзна, абы паблазнаваць. У гэтым блазнаванні яна схапіла за руку васьмікласніка, які акурат спрабаваў прашмыгнуць міма нашага таварыства.
– Хлопчык, ты мой жаніх? – звярнулася Лера да збянтэжанага мальца. Што праўда, яго збянтэжанасць імгненна мінула, і з усёй імавернай нахабнасцю вырваса перыяду гарманальнага выбуху «жанішок» астудзіў дураслівасць выпускніцы: – А ты ў люстэрка на сябе хоць раз глядзела?!
– Ах ты, казёл! – не ўцярпела Булатнікава і спрабавала стукнуць падлетка па галаве. Але той спрытна адхінуўся, вызваліўся з Лерчынай рукі і пагарцаваў на футбольную пляцоўку.
Ловячы ўсмешкі сведак гэтага інцыдэнту, Валерыя намагалася захаваць добрае аблічча: – Вось бачыце, як? З малалеткамі толькі звяжыся.
– Бачым, бачым, як цябе, нявестушка, адшылі, – адказала за ўсіх Карына.
– Калі так справа і далей пойдзе, – паспрабаваў рэзюмаваць я, – то нікому тваіх жаніхоў у цябе адбіваць не давядзецца, бо ты сама іх падобнымі выбрыкамі адпудзіш.
– Нічога страшнага, – ураз знайшлася Булатнікава і хітра паглядзела мне ў вочы. – Адзін жаніх, дык дакладна застанецца. А ўвогуле я пакуль замуж не збіраюся і пра сямейны побыт будучы не думаю.