Інфанта і аднарог - Сяргей Балахонаў 5 стр.


Ще не вмерла України і слава, і воля,Ще нам, браття молодії, усміхнеться доля.

Усе ўвачавідкі асалапелі, але эмоцыі стрымалі. Ззаду пачуўся ўстрывожаны шэпт чальцоў адміністрацыі. Руслан Альгердавіч спяшаўся суцішыць аднаго з невядомых мне гасцей. Любартава кінулася да Майсюка, які ўсё ж выключыў гімн суседняе дзяржавы і пачаў апраўдвацца: маўляў, спампаваў трэк з інтэрнэту, не пакалпаціўшыся загадзя праверыць яго змест. Адначасова ён корпаўся ў ноутбуку, каб сцягнуць з сеціва патрэбны гукавы файл. На гэты раз яму пашанцавала. Паўза занадта не зацягнулася, і ўрэшце можна было падхапіць словы нашага міралюбівага гімну:

Мы, беларусы – мірныя людзі,Сэрцам адданыя роднай зямлі,Шчыра сябруем, сілы гартуемМы ў працавітай, вольнай сям’і.

Я наўмысля варушыў губамі, дарма што ведаў новыя словы толькі прыблізна, і пільнаваў, ці робіць яшчэ нехта гэткае. Бальшыня шкаляроў, асабліва старшакласнікаў, проста стаялі і глядзелі ў зорнае нікуды. Падпявалі толькі малыя і ўсяго некалькі чалавек больш сталага школьнага веку. Мае ўсе чыста маўчалі, прымудраючыся на мігі паведаміць адно аднаму, што класны кіраўнік спявае беларускі гімн.

Калі галоўная песня нашай краіны адгучала, Алеся Рыбанька запрасіла да мікрафона дырэктара. Ён, павіншаваўшы ўсіх прысутных, стаў пералічваць выдатныя дасягненні школы за мінулы навучальны год. Я заўжды дзівіўся яго прамоўніцкаму імпэту і ўменню доўга гаварыць без паперкі. Дырэктар згадаў і медалістаў, і адрамантаваныя класы, і яшчэ плойму ўсяго ўсялякага, чым я і не падумаў бы хваліцца. Следам за ім прамаўляў госць, якога прадстаўляла Алеся, а я празяваў усё, што яна сказала. Госцеў спіч быў бадзёры. Ён абычас усміхаўся, напамінаючы сабе і ўсяму ваколлю, што нам пашчасціла быць грамадзянамі самай стабільнай дзяржавы ў свеце. Цалкам лагічным пасля яго выступу выглядала ўручэнне членскіх білетаў навабранцам моладзевага саюзу, якое паволі перацякло ў спеў яшчэ ненавернутай у членства, але надзвычай патрыятычнай старшакласніцы з даўгімі валасамі, пафарбаванымі ў цёмны-цёмны колер:

Беларусь сильная,Беларусь красивая,Самая моя,самая моялюбимая!

«І ты паставіў ёй за год усяго толькі шасцёрачку?» – памысна каяўся я. Але адказваць не было калі. Надыходзіў час успомніць старты і фінішы нашых школьных спартоўцаў. Да мікрафона Алеся запрасіла жанчыну, якую на маёй памяці ніхто і ніколі не прадстаўляў інакш, як наша дарагая Ганна Мікалаеўна. Ні прозвішча, ні пасады, нават прыблізнай, не называліся. Гаварыла яна сцісла, нібыта жыхарка старажытнай Лаконікі. Хваліла поспехі. Замоўчвала заганы. Зычыла цярпення. Яе словы падмацоўваў акрабатычны эцюд, які выконвалі крохкія дзяўчынкі з дужымі рукамі. «Што будзе, калі гэткая маляўка захоча пераехаць табе па мардаглядзе?» – толькі і паспеў я паднесці запалку, каб падагрэць у сабе даследніцкі інтарэс, а ўжо мусіў абвяшчаць выступ першакласнікаў.

Малыя асабліва не тлуміліся – generation next! – праспявалі традыцыйныя прыпеўкі пра неадольную цягу да навучальнага працэсу і запатрабавалі адказнага слова выпускнікоў, з шэрагу каторых выйшла некалькі дзяўчат. «Чувакоў фіг падпішаш на гэты цыркус. Так дык мора па яйцы, а гэтак – саромеюцца», – пацягнула мяне ў натурфіласофію. Адзінаццацікласніцы рыфмамі кляліся ў любові да школы і (хо-хо-хо!) настаўнікаў, а сваім маленькім спадкаемцам зычылі светлай і чыстай, нібы нашая Белая Русь, дарогі ў краіну ведаў.

– Увага! Урачысты момант! – прагаласіў я.

– Нашы выпускнікі віншуюць настаўнікаў і сваіх малодшых сяброў! – падхапіла Алеся.

Загучала нешта лірычнае з творчасці гурта 30 Seconds To Mars, а пляцоўка на пэўны час ператварылася ў гэткую хадзільню. Адзінаццацікласнікі неслі кветкі педагогам і пакуначкі з дзіцячым шчасцем першакласнікам. Атрымаў букет і я. Падзякаваў. Усміхнуўся. Паспяшаў хутчэй збыць гэты каштоўны груз, перадаўшы, нібы на захаванне, Любартавай. Ніколі не любіў кветак, пагатоў тых, што мне дарылі на падобных імпрэзах. Што занадта, то нешакаладна.

Мая напарніца абвясціла выхад Скрэпкінай і нейкага малога. Я чакаў, што Наташа падыме таго і пасадзіць на плячо. Але не спраўдзілася. Яны ішлі побач і, трымаючы разам званок, выклікалі яго гук. Калі яны прайшлі кола цалкам я паклаў сваю тэчку на калонку, адправіў Рыбаньцы ледзь прыкметную буську і пабрыў у бок маіх адзінаццацікласнікаў. Цёмнавалосая старшакласніца зацягнула фінальную песню:

Не потеряй меня планета,Не забывай, что я есть где-то,Не растворяй меня лучами солнечных дней,Не оставляй меня напрасно,Не предавай, одно ведь ясно,Просто когда-нибудь я тоже стану твоей.

Песня скончылася, і самотная Алеся стала зачытваць спіс класаў і класных кіраўнікоў, называючы нумар кабінета, дзе мусіў адбыцца першы класны час. Мяне трэсла ад залішняй канцэнтрацыі словаў з коранем «клас». Але зусім неўзабаве прагучала запрашэнне, што тычылася мяне і тых дваццаці шасці чалавек, якія стаялі за маімі плячыма, наўрад ці думаючы пра будучыню. Мы зрабілі свой пачэсны круг вакол пляцоўкі і рушылі ў школу, дзе няспынна дзынькаў стандартны электрычны званок.

Мы падняліся ў кабінет матэматыкі (клас жа мне дастаўся фізіка-матэматычны!), дзе я мусіў пагаманіць з дзецьмі на зададзеную тэму («Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь») і правесці падрыхтаваную мной віктарыну, а ўжо толькі тады брацца за рэкламаваныя перад лінейкай працоўныя моманты. Я глядзеў на сваіх вучняў і рукі мае (разам з сэрцам) калаціліся. Мне здавалася, што кожнае слова прамоўленае мною будзе ўважанае за фальшывае, падманлівае. Менавіта таму я не адважыўся агучваць дбала падрыхтаваны сцэнар з эпіграфам і пятнаццаткай пытанняў у стылі інтэлектуальнай карыды. Трэба было праз «не жадаю» прымусіць сябе. Але я не зрабіў гэтага, і вучні адчулі адну з маіх выразных слабінак. «Ну, што ж, як вы напэўна зразумелі, я ваш новы класны кіраўнік, – вымавіў я, і ў класе засвяцілася некалькі ўсмешак. – Што паробіш. Так атрымалася. Я віншую яшчэ раз усіх вас з надыходам новага навучальнага і апошняга вашага школьнага года. Хай ён станецца для вас хуткім, простым і шчодрым на добры плён, каб урэшце вы змаглі ўдала выбраць сваю жыццёвую дарогу і годна крочыць па ёй у будучыню». Мяне нямала здзівіла, што гэтыя пафасныя словы прамаўляліся зусім шчыра, без якога-небудзь унутранага панукання ці знушчэння над сабой. Тады мне было неўпрыцям, што прамаўляў не я, а мая адзінота, якая каторы ўжо раз стаяла на парозе чужой будучыні, не бачачы наперадзе ні новай зямлі, ні новага неба, ні тысячы дарог да шчасця для мяне асабіста…

Апамятаўшыся ад раптоўнага наслання, я стаў кавалерыйскім наскокам вырашаць актуальныя праблемы, звязаныя з фармаваннем актыву класа і запаўненнем анкет, якія б мне дапамаглі пазней займацца бюракратычным віндсёрфінгам.

Выбары класнага актыву сваёй безальтэрнатыўнасцю маглі паспаборнічаць з камуністычнымі. Старостай абралі Аксану Багуслаўскую. Віцэ-старосту абіраць не сталі, дамовіўшыся, што ў разе чаго Аксана сама прызначыць адказную асобу. Потым выбралі адказных за журнал (Лера Булатнікава і Карына Кляшторная), а следам і рэдкалегію, якую склалі Алёна Караблёва і Аліса Селязнёва. Аліса напрасілася сама. Але, як я зразумеў, зусім не дзеля любові да насценгазетнага мастацтва, а з прычыны асцярогі, што я прызначу яе на нешта больш пільнае. Але пасады на гэтым, хвала Алаху, скончыліся. І мне, спатнеламу, прыходзілася чакаць, калі ж вучні пісьмова адкажуць на дзіўны набор анкетных пытанняў. На збянтэжаныя позіркі дзяцей я паведамляў, што самыя дзіўныя анкеты будуць яшчэ наперадзе. «Не хацеў бы я пабачыць гэтага пераду», – пажартаваў Грыша Стахіевіч.

8

Наступным днём я імкнуўся быць з маім класам, як мага большую колькасць часу, хаця ўрокаў у іх не вёў. Наведваўся на перапынках. Пытаў пра справы і пра злевы. Мне нешта адказвалі. Хто млява, хто жвава. Хто разумна, хто з выклікам.

– А што, вы будзеце ўвесь час так за намі хадзіць? – ненатуральна пісклявым голасам спытала Лера Булатнікава.

– Мне ж трэба з вамі пазнаёміцца больш шчытна, – ненаўмысна дапусціў двухсэнсоўнасць я.

– Вы на што, Эрнест Скіргайлавіч, намякаеце? – удаючы гэткую маміну дурніцу, адрэагавала Лера.

– Гэта ты сама стрэлкі пераводзіш, – нібыта няўрокам кінула Караблёва.

– Во, во, з хворай галавы на здаровую валіш, – падтакнула Селязнёва.

Булатнікава троху спахмурнела, але адказваць на закіды аднакласніц не стала, адно буркнула на Карыну Кляшторную, якая стаяла побач моўчкі і ледзь прыкметна ўсміхалася. Знайшла крайнюю.

– Ну, дзяўчаты, так мы кашы не зварым, – мне не хацелася быць нагнятальнікам канфлікту ў дзявоцкай палове класа.

– Быстрасупам абыдземся, – працягвала бурчэць Лера.

Я павінен быў неяк улагодзіць сітуацыю і ў наступную хвіліну зрабіў чарговую памылку – папрасіў у насупленай дзяўчыны прабачэння. А так нельга было рабіць. Такім чынам я прадэманстраваў яшчэ адну сваю слабінку. І гэта відавочна не замарудзіла стаць па маім сыходзе з кабінета прадметам абмеркавання сярод дзяўчат. Дакладней не ведаю. А хлусіць не стану.

Не было б дуды – не было б бяды: праз урок паступіла ўводная, што на заўтра спланаваны суботнік. З карабля на баль, а з балю да Папялушкі – яна ж з работай ані трасцы не спраўляецца. Каляжанкі маёй іроніі зразумець не маглі. Я і сам асабліва не смяяўся. Прыйшоў да сваіх дзетак і тонам начальніка Чукоткі загадаў прынесці мне на перапынку спіс дзесяці добраахвотнікаў, што будуць дапамагаць беднай Папялушцы. Усе дружна скрывілі насы, нібыта іх запрашалі пачысціць Аўгіевы стайні. Пачуўся цэлы шэраг аднекванняў.

– Мы больш на беласнежках спецыялізуемся, – паспрабаваў карчомна пажартаваць Андрэй Дастаеўскі.

– Дас іст фантастыш, – падтрымаў непрыстойную лінію Пеця Андропаў са сваім заўсёдным паваротам галавы ў бок і скіраваннем вачэй у столь.

– Я выслухаю вас заўтра. А зараз спрачацца не буду. Праз трыццаць хвілін, будзьце ласкавыя, падаць мне спіс.

Староста ніякавата пазірала на мяне, пераглядваючыся з аднакласніцамі.

Я не ведаю, як мая актывістка ўгаворвала аднакласнікаў, якія аргументы прыводзіла, да чаго апелявала. Прыйшла, аднак, са спісам у належны час.

– Эрнест Скіргайлавіч, на жаль, я заўтра не змагу быць сама, – сказала Аксана, нібы прапускала бясплатную экскурсію ў Галівуд. Я зірнуў на прынесены шматок паперы з прозвішчамі і спытаў: – І ўсе прыйдуць?

– Калі нехта не прыйдзе, скажаце мне, – прамовіла староста.

Аксаніна фраза мяне і цешыла, і пужала: не я, а яна будзе разбірацца з прагульшчыкамі. Гэта таксама было няправільна.

Для падстрахоўкі я абтэлефанаваў усю дзясятку шчасліўцаў. Але гэта мала дапамагло, бо на суботнік з’явілася толькі палова. Астатнім выгодней было раптоўна засаплівіць, з’ехаць з бацькамі на шашлыкі ці папросту стаць часова недасягальным абанентам. Сітуацыя ў калег па паралелі была трохі лепшай. Атрымаўшы інструкцыі ад Любартавай, наша працоўная брыгада рушыла ў бок парка высокіх тэхналогій культуры і адпачынку. Па дарозе да нас далучыліся Міла і Арына. Апошняя была з маленькай пляменніцай. Мая зорка Кася Вядзёркіна выразна адчула нястачу ўвагі да сябе.

– Эрнест Скіргайлавіч, я пайду. Ну, што я буду ў тым парку рабіць?

– Кася, пабудзь са мной, калі ласка, – сказаў я так спакойна і цвёрда, што адразу ж адчуў фібры паслухмянасці, якія заструменілі ад дзяўчыны. У яе зайграў мабільнік. «Так, мама. Суботнік, мама. Няскора, мама. Эрнест Скіргайлавіч, папрасіў пабыць з ім, мама», – мамкала Вядзёркіна.

Арына з Мілай пасмейваліся. Два іншыя класы ішлі далёка паперад нас. Хлапцы з 11 «А» далучыліся да іх. Мы ж крочылі ціха. Крочылі і размаўлялі. Я адчуваў жахлівую корць запытацца пра Настассю, але змушаў сябе маўчаць. Дзяўчаты гэта разумелі і, нібыта між іншым, паведамілі, што ў Цыпінай сёння лекцыі, а то, безумоўна, выцягнулі б на шпацыр і яе. Ну, безумоўна ж. Таблетка пад язык. А размова ўсё вілася ля сумежных тэмаў: каханні, вяселлі, дзеці.

– Калі мы ўжо вас пабачым з вашым дзіцём? – спытала Вядзёркіна, як брытвай па мітральнаму клапану паласнула. Я адчуў, што мае былыя вучаніцы ледзьве стрымлівалі сябе, каб не сказаць Касі пару ласкавых словаў.

– Ну, мабыць, не сёлета, – мой спакой і цвёрдасць растаялі, нібы Снягурка на купальскім вогнішчы.

Дзяўчаты трохі замарудзілі хаду. Бакавым зрокам я ўбачыў, як Міла злёгку штурхнула Касю, прыгразіла кулачком і жэстамі загадала спыніць падобныя роспыты. Вядзёркіна пракашлялася і паскорыла крок, даганяючы аднакласнікаў.

– Я да хлопчыкаў, – папярэдзіла яна, каб я нічога такога не падумаў.

– А як вам класнае кіраўніцтва? – спытала Зарыцкая, нібы гэтая тэма была для мяне менш балючай (зрэшты, так яно і было!).

– Псіхалагічна мне гэта цяжка трываць. Гэта, як пастаянны ціск.

– Ай, не перажывайце, вы добры чалавек і справіцеся з усім выдатна, – здавалася, што яна казала шчыра, але ўвадначас адчуваліся лёстачкі.

– Да таго ж грошай больш. А ў канцы года падарунак файны атрымаеце, – супакойвала Міла чыста прагматычнай аргументацыяй.

– Я ўжо і не ведаю, якому богу падарунак зрабіць, каб у мяне класнае кіраўніцтва забралі, – патэтычна ўздыхаў я. – Бачыце, я нават на суботнік нікога сабраць не магу.

– Гэта несмяротна, Эрнест Скіргайлавіч, – вярнулася Арыніна чарга суцяшаць мяне. – Думаеце ў нашай класухі з намі ўсё гладка было?

– Вы ж прынамсі яе слухалі… – Адным вухам слухалі, а другім выпускалі… – пракаментавала Міла.

Маленькая дзяўчынка, Арыніна пляменніца, глядзела па чарзе на кожнага з нас і ўважліва слухала. Верагодна, апошняя рэпліка яе зацікавіла найбольш і яна ціхенька запыталася: «Цёця, а чаму вы адным вухам слухалі? Другое заткнулі?».

У парку мы нарэшце нагналі астатніх. Каля «клеткі» нас сустрэла сэксапільная цётка. Яна выдала інвентар зусім не сэксуальнага ўжытку і павяла ўсю грамаду за сабой у бок палацу. Хлапцы з ахвотай крочылі за ёй. Вось толькі за граблі трымацца не вельмі хацелі. Але давялося. Хлапцам – грабаць, а мне ўгаворваць, каб яны грабалі.

Кася Вядзёркіна зноў прыклеілася да мяне і маіх спадарожніц, яўна не збіраючыся працаваць. Занурыўшыся ў свае перажыванні, я глядзеў на гэта скрозь пальцы. Нечакана высветлілася, што класныя кіраўніцы «бэшак» і «вэшак» не проста стаялі над сваімі вучнямі, але і самі актыўненька шоргалі граблямі. Гэта мяне збянтэжыла, як і касыя позіркі вучняў, асабліва дзяўчын. Арына і Міла пераглянуліся, не кажучы ні слова, схапілі пару вольных грабелек і далучыліся да працы.

Калі ж тая серада прайшла,Як не еўшы на прыгон пайшла.

«Яны мяне проста песцяць», – падумалася мне. Незанятага інвентару я больш не бачыў. Пакінуўшы Арыніну пляменніцу пад апеку Вядзёркінай, я з раскурочаным сумленнем падаўся да выдатніцы з 11 «В» Кіры Краўзэ і папрасіў пазычыць мне каштоўную прыладу працы.

– Ідзіце, Эрнест Скіргайлавіч, шпацыруйце са сваімі дзевачкамі. Не замінайце працаваць, калі ласка, – рэзка адцяла тая, быццам я пакрыўдзіў яе, прынамсі, тройчы.

– Кірачка, чаго ты злуешся? – я не ведаў, куды схаваць лішак уласнай атарапеласці.

Я цудоўна памятаў, якія выдатныя адносіны ў нас былі з ёй, калі яна вучылася ў дзявятым класе. Пра нас нават пляткарылі, хаця паміж намі нічога і быць не магло, апроч незвычайнага сяброўства. Але чорны піяр, відаць, падзейнічаў: увесь дзясяты клас нашы дачыненні былі нацягнутымі, як струны на арфе багоў. Яна абсалютна ігнаравала мяне ў сэнсе інтэлектуальных размоваў. Я не разумеў яе раптоўнага захаплення двоечнікам з 9 «Б». Але адкрытых сутыкненняў між намі не здаралася. І на адзнаках у яе гэта ніяк не адбілася. Бо была яна працавітая і старанная, як Ефрасіння Полацкая… І вось цяпер пасля ўсяго, што не было паміж намі, яна не хацела мне даваць нейкія дзёўбаныя граблі! Мяне перакасіла ад злосці і сораму.

Назад Дальше