– Вы фільм жахаў рэпетуеце? – не прамінула падкалоць адна з вучаніц.
«Ерэтычны трылер», – хацеў скаламбурыць я, але ўстрымаўся. Балазе падышла лепшая сяброўка Кіры з 11 «Б» Ніна Дарошка і вельмі спакойна з добрай усмешкай сказала: – Эрнест Скіргайлавіч, вы не хочаце трохі паграбаць?
Падобная фраза з многіх дзясяткаў вуснаў вылецела б, як прэтэнзія. А Ніначка гаварыла нагэтулькі шчыра і бясхітрасна, што расчуліўся не толькі я, але і Кіра, нібы толькі што і не кідалася маланкамі. Я ўдзячна прыняў граблі, як рыцар прымаў блаславёны на геройскія ўчынкі меч, і мы разам сталі паціху вычэсваць з травы першае апалае лісцё. Дарошка стаяла побач і расказвала нешта вясёлае пра свайго малодшага браціка. І было нам шчасце.
Нашае дзіўнаватае трыа прыцягнула ўвагу Шчодрык і Зарыцкай. Я не чуў дакладна іх словаў, але верагодна яны паспяшаліся зрабіць выснову, што і без іх сяброўкі Цыпінай мне можа быць добра. Нашай працоўнай ідыліі не вытрымала нават Вядзёркіна, якая ўзяла граблі ў класнай кіраўніцы 11 «В», перадаручыўшы ёй Арыніну пляменніцу. Не ведаю, ці сапраўды ёй захацелася працаваць, ці можа яна мела спадзевы пачуць ад нас нешта сенсацыйнае. Кася Вядзёркіна не была пляткаркай, але надта любіла гаварыць па сакрэце. На гэты раз ёй не пашанцавала.
– Эрнест Скіргайлавіч, можна вас патурбаваць? – папытала Арына Зарыцкая.
– Толькі не трэба мас турбаваць! – засведчыла абазнанасць у сучаснай беларускай паэзіі яе сяброўка.
– Хадановіча цытуеш? Добра, – не прамінуў прадэманстраваць дасведчанасць я, і не чакаючы адказу, папярэдзіў: – Не дзівіся толькі потым, калі пазней пачуеш пра нас што-небудзь гэткае. Цябе зараз чуў не адзін я. І наўрад ці яны зразумелі цытату адэкватна.
– Эрнест Скіргайлавіч, вы ўсё так ускладняеце, – стала астуджаць мяне Арына. – Вы пасля суботніка куды?
Пульс мой імгненна пачасціўся.
– Спачатку ў школу, паперы розныя забраць. А потым дамоў. Трэба журнал да панядзелка аформіць. А справа гэта цяжкая, як карона Святарнай Рымскай Імперыі.
Наконт журнала я сказаў чыстую праўду, але яго запаўненне планаваў на нядзелю.
– А вы плоў любіце? – спытала Арына.
– З кальмарам, – удакладніла Міла.
– Смачны? – прапішчала малая.
– Смачны, – пацвердзіла Арына.
– Ну… Я… Гэта… – усе мае аратарскія здольнасці раптоўна канулі ў вогненную рэчку пад калінавым мостам. – Плоў я з мясам… Звычайна… Кальмар так… І ў салатах… Ці фаршыраваныя там… А каб плоў і кальмар разам… Не каштаваў… Ніколі… – У вас ёсць унікальная магчымасць паспытаць гэтую эксклюзіўную страву, – тонам спрактыкаванага коміваяжора прамовіла Міла.
– Паспытаў бы рыбкі кот. Але як дастаць праз лёд? – сказаў я і адмоўна паматляў галавой, адымаючы ў дзяўчат магчымасць давесці свае асцярожныя запросіны да лагічнага завершання.
Так, я разумеў, што мяне хочуць запрасіць у госці. Я быў бы і не супраць, але становішча было і хочацца, і колецца. Цяжка сказаць з дакладнасцю, чаго я тады страшыўся: страты кантролю над сітуацыяй, сваіх потных шкарпэтак ці помсты Ктулху за пакрыўджаных братоў кальмараў. Але давялося адмовіць.
Суботнік неўзабаве скончыўся. Граблі (ці не сваім ходам?) вярнуліся на месца. Школьнікі разыходзіліся, развітваючыся з класнымі. У мой бок таксама ляцелі «да пабачэнні» і спадзевы «выпадкова сустрэцца» у нядзелю на «Дні горада». «На дні ці на дне?» – жартаваў я ў адказ, але жарт здолелі ацаніць толькі Зарыцкая са Шчодрык.
9
Зразумела, што ні на дні, ні на дне я не аб’явіўся. Мне нават ломка было ў чарговы раз рэфлексаваць над невылечнай завядзёнкай маіх сугараджан сплаўляцца ў цэнтр для масавага баўлення часу ў фармаце in harelka veritas. І Арынчыны sms-віншаванні з нагоды дня горада я ўспрымаў не інакш, як з іроніяй, спадарожна крамсаючы лязом новенькі класны журнал, што ніяк не хацеў ахайна запаўняцца.
З панядзелка ж пачаўся паўнацэнны працоўны тыдзень з больш-менш стабільным раскладам і вучнямі пакуль што зацікаўленымі ва ўроках. За малым выняткам, канечне. Як заўжды адчувалася і ўласная натхнёнасць што да навучальнай часткі. Пагатоў узроставы абсяг маіх шкаляроў быў шырокі – з восьмага па адзінаццаты клас. Таму даводзілася гаварыць пра многае і рознае: пра гамлетаўскі цвішэнізм і посткаланіяльную перыядызацыю гісторыі Беларусі, пра дэканструкцыю міфа пра Сізіфа, зробленую Альберам Камю і бясконцую шматстайнасць чалавечых «Я-вобразаў», пра формулу Пратагора і глабалізацыйныя выклікі сучаснасці.
Эфект першага тыдня быў традыцыйна станоўчым, не гледзячы на пэўныя цяжкасці, звязаныя з наяўнасцю спецыфічна спартыўных класаў і бестэрміновага рамонту кабінета хіміі, дзеля чаго з восьмымі даводзілася займацца часцяком у актавай зале, адчуваючы сябе ў пэўным сэнсе гладыятарам. Ave caesar! Morituri te salutant!
Са сваімі ж дзеткамі я насіўся, як ведамы персанаж з пісанай торбай. Гэта ім яўна не падабалася. Хаця цешыліся з таго, што прагул многімі суботніка мінуўся беспакаранна. Насіцца яшчэ трэба было і таму, што 11 «А» клас распачынаў сезон унутрышкольных дзяжурстваў. Штоперапынак я бегаў да іх, выганяючы на пасты. Яны павольна, быццам цягнучы час, пакідалі аўдыторыі, але часцяком не паспявалі прайсці і пару крокаў па калідоры, як пачынаў гучаць парадаксальна выратавальны для іх званок на ўрок. Ніхто нават і не таіў сваёй радасці з гэтай прычыны. А мне тая радасць была, як горкія суніцы. Салодкіх вяршкоў у гэтыя суніцы спрабавалі дабавіць невядомыя кідальнікі «глушцоў» – штодня я меў на маім мабільным старэчы да паўсотні страчаных выклікаў з сама мала дзесяці розных нязнаных мне нумароў. Такія вяршкі не прыпадалі да смаку. Але ж мусіў цвердзіць сабе: «Цярпі гора, будзе і мёд». Наважыцца на анталагічны бунт я ніяк не мог, бо больш за ўсё на свеце баяўся страціць звычную сістэму быццёвых каардынатаў. Ды яшчэ і ў першы навучальны тыдзень, ды з дзяжурствам па школе. Зрэшты, як бы мне ні хацелася захаваць быццёвую стабільнасць, восі каардынатаў міма маёй волі хісталіся. І хісталіся добра… Гэтыя рухі, гэтыя бегі нябесныя надломлівалі маю душу, і неўпрыкмет для сябе я змяняўся і выразна не ў бок дасканаласці.
Як дзяжурны па школе мусіў пільнаваць, ці датрымліваецца вучнямі дзелавы стыль адзення. Калі шчыра, дык мне было да лямпачкі, у што апранаюцца дзеці, абы толькі не ў брудныя лахманы. Дый ніхто нікому не дазволіў бы пагнаць пераапранацца раніцой ладную палову школы! А яно ж так і было – на дзелавы стыль бальшыня вучняў з добрым сумленнем забіла вялікі цвік. Каб хоць неяк паказаць стродкасць і прынцыповасць у гэтым пытанні, я папросту не пусціў на свае ўрокі ўсіх вучняў, што прыйшлі ў джынсе. Найперш дасталося дыхту дзявятым. А ў 9 «Б» з гэтай нагоды прагучаў дыялог, які адразу стаўся класічным. Вучні тады былі збольшага агаломшаныя маім учынкам і наракалі на нястачу грошай, каб набываць адмысловыя апранахі. «Дзе ўзяць штаны?» – патэтычна ўсклікала рэшта хлапцоў. «Спадніцу дзе ўзяць?» – незадаволена гукала астача дзяўчат. Настрой у мяне быў забойны, і я без віхлянняў раіў заняцца перашыўкай бацькоўскіх рэчаў.
– Вы ўяўляеце, як холадна ехаць ранкам у школу? Мы ж у спадніцах сабе ўсё адмарозім, – не без правакацыйнага пасылу шуганула на мае парады пекная танкляўка.
– Што? – нават і паловай вока не міргнуў я, удакладняючы крыніцу яе клопату.
– Вы ўсё зразумелі, – катэгарычна, як скальпель няўмелага, але амбітнага, хірурга, урэзала дзяўчынка.
– Вы мабыць хочаце, каб мы не змаглі нараджаць, – уставіла свае тры грошыкі іншая вучаніца, якая без важкіх на тое падставаў спрабавала лічыць сябе самай прыгожай дзяўчынкай на паралелі дзявятых.
– Баюся, што ў цябе дзіцё з’явіцца значна раней, чым у мяне, – папудлівым языком прамянцеў я.
– Хіба што ад вас, Эрнест Скіргайлавіч, – бязлітасна габлянула дзяўчынка.
– Я не дастойны такога шчасця, – падбіраючы словы (добра, што не зубы з падлогі), трагічна прамямліў ваш пакорлівы служка.
– У вас заніжаная самаацэнка, – падала голас з апошняй парты сонная нефармалка ў чорным.
Трываць далей перакрыжаваныя двубоі было небяспечна, і давялося спешна вяртаць усіхнюю ўвагу на праблему паходжання чалавека ад малпападобных продкаў…
Не падзяліцца з кімсьці аповедам пра гэты інцыдэнт было б стопудовым грахом, і неўзабаве я разбалбатаў пра яго плойме сваіх калегаў. Збольшага яны ўсе ўсміхаліся. Толькі Міроненка зрабіў здзіўленыя вочы і вымавіў па-нямецку: «Седзячы ў шкляной хаце, не варта шпурляцца камянямі». Ён быў мудрым выключэннем.
Я здагадваўся, што ўся адміністрацыя школы неўзабаве даведалася пра маю педагагічную нягоду, але ацаніла, відаць, яе зусім па-свойму: як гераічнае кіданне грудзьмі на агнявую кропку праціўніка. Звання героя мне, што праўда, не далі, але палічылі мой педагагічны досвед дастатковым, каб прымацаваць (слова ж якое!) да мяне практыкантку-пяцікурсніцу, якая мусіла, быццам губка, уцягваць ўсе лепшыя метады і прыёмы работы класнага кіраўніка. Зрэшты, нельга выключаць верагоднасці таго, што прымацоўвалі да мяне Валю (так яе звалі) яшчэ і з аглядкаю на мой халасцяцкі статус і з стратэгічным разлікам: «ану нешта й выйдзе». Папраўдзе практыкантка, як і бальшыня яе напарніц, выдалася, як ніколі, харошай. Рэч тут не ў прыгажосці ці зваблівых вочках (гэтага дабра ў сезоны студэнцкіх практык заўжды было покатам), рэч у звычайнай камунікабельнасці напалам з абаяннем, пасыпаным іранічнасцю мала не постмадэрнісцкага кшталту. Такая рэцэптура выклікала зваротнае жаданне камунікаваць, а не праціраць моўчкі порткі дзе-небудзь на ўзбочыне лакальных інфармацыйных плыняў. Магчыма такая незвычайная для мяне цяга тлумачылася Валінымі прафесійнымі здольнасцямі ў журналістыцы, якая была яе другой спецыяльнасцю пасля беларускае філалогіі.
У кожным разе мы ўдвох спрабавалі раскачагарыць наш 11 «А», наіўна мяркуючы, што гэта магчыма ў прынцыпе. Валя праводзіла традыцыйныя псіхалагічныя тэсты. Дзеці традыцыйна кпілі з тэставых пытанняў і пісалі ў адказ чыстую бздуру. Вылучаліся тут найперш хлапцы, якія спрэс былі смехунамі першай гільдыі і нават уголас давалі з’едлівыя каментарчыкі, мала зважаючы на маё змяінае шыпенне. Аднак Валіны сацыяметрычныя ды іншыя абследаванні былі дзіцячым лепятаннем на лужочку ў параўнанні з грудам пытанняў, якія падкінула (атрымай фашыст гранату!) школьная сацыяльна-псіхалагічная служба, дзе самым нявінным было «Ці п’яце вы спіртное разам з бацькамі?», а самым пакручастым «Ці вы ўжо мелі полавы кантакт?».
Хлапцоў гэта весяліла. Дзяўчат бянтэжыла. У выніку адсотак шчырасці быў нянадта высокім. Мноства вучаніц перажывала, ці не пазнаю я іх почырк, бо думалі, што я адразу ж пабягу глядзець адказы на адно канкрэтнае пытаннечка. Думку гэтую агучылі адразу ж, але толкам не патлумачылі, дзеля чаго мне гэта варта было б рабіць. Адна толькі Вядзёркіна прашаптала нешта няўцямнае пра перспектывы сумеснага выпускнога вечара. Урэшце, з майго асабістага дазволу замест адказаў насупраць страшнага пытання яны ставілі прочыркі. Смехуны ж на тое адказвалі станоўча, а самыя балдэсы ўдакладнялі колькасць актаў у тыдзень.
– Не бярыце да сэрца, Эрнест Скіргайлавіч. Для іх узросту гэта нармальна, – суцяшала мяне Валя, нібы рабіла грандыёзнае псіхолага-педагагічнае адкрыццё.
– А мне здаецца, што ў іх узросце ўжо самы час падобныя пытанні успрымаць больш адэкватна, без лішніх выпіндосаў, – не пагадзіўся я.
– А можа ўсе гэтыя, як вы сказалі, выпіндосы, адно толькі абаронная рэакцыя на ўмяшанне ў іх прыватнае жыццё.
– Я ж не прасіў у іх падрабязную справаздачу.
– Усё адно. Дый узроставая розніца між імі і вамі дае аб сабе знаць…
– Чаго? – я пачынаў заводзіцца.
– Не такая вялікая, каб успрымаць вас выключна як педагога. І не кожная вучаніца, нават ананімна, захоча паведамляць класнаму кіраўніку пра сваё полавае жыццё. Вы ж не доктар.
– Ваша тэза безумоўна цікавая. Аднак ёсць закавыка – узроставая розніца акурат вельмі істотная.
– Колькі? Ну гадоў сем-восем. Гэта дробязь…
– У параўнанні з вечнасцю, канечне, – чмыхнуў я.
– Не, ну насамрэч дробязь жа, – не сунімалася практыкантка.
– Валя, гэта ў мяне з вамі розніца ў сем-восем гадоў, а з імі – адзінаццаць-трынаццаць…
Суразмоўніца збянтэжылася і мабыць крыху пачырванела, што цяжка было згледзіць пад важкім пластом касметыкі. Пасля секунднага здранцвення яна выціснула з сябе адну суцяшальную фразу: – Як сведчаць псіхолагі, і гэта не самая крытычная разбежка. Большасць дзяцей з вашага класа успрымае вас толькі часткова прадстаўніком іншага пакалення, бо вы фізічна не маглі быць іхным бацькам…
– Давайце ўрэшце перастанем, як казалі даўней, дышкурсаваці, бо слізгацім па нейкіх небяспечных гранях. Дый характарыстыку вам трэба пісаць на іх, а не на Баластоўскага.
– Можна хоць яшчэ адно слізкае пытанне? – практыкантка пыталася, прымружыўшы вока.
– Ну, паспрабуйце, – злітаваўся я і абдарыў яе спагадлівай ўсмешкай.
– А кім вы самі хочаце быць для іх: класным кіраўніком ці сябрам?
Прызнавацца ў тым, што класнае кіраўніцтва сталася для мяне непрыемным сюрпрызам, не хацелася. Імгненна ацаніўшы ўзровень правакацыйнасці пытання, я стаў хітраваць: – А хіба ж нельга быць і гэтым, і гэным адначасова? І ўвогуле мы з вамі з сэксу пачыналі…
Наша размова адбывалася ў настаўніцкай. Мы сядзелі на канапе і прамаўлялі дастаткова ціха, каб ніхто з прысутных маіх каляжанак асабліва не здолеў разабраць, пра што ўвогуле вядзецца. Аднак мая апошняя фраза прагучала ў такой крыштальна чыстай цішыні, што ўсе пяць настаўніц, якія сядзелі троху воддаль за сталамі, увадначас, бы па камандзе, адарваліся ад сваіх сшыткаў, кнігаў, газет і запытальна зірнулі ў мой бок. «Няўжо ты паспеў яе трахнуць, нягоднік?!» – чыталася ў іхных вачах. Я не рэагаваў на гэта, а Валя нічога і не заўважыла. – З сэксу? – без патрэбы перапытала яна. – Ну дык вось вам, Эрнест Скіргайлавіч, яшчэ пытаннечка: ці вы шчыра мяркуеце, што ўсе адзінаццацікласніцы не бачаць вас аб’ектам сэксуальных мрояў?
У той момант я мог бы моцна ўхапіцца рукамі ў яе лебядзіную шыйку і трошкі падушыць чыста ў прафілактычных мэтах. Аднак мая прыродная схільнасць ніколі не ўздымаць руку на жанчын, не дазволіла ўчыніць гэткі паўманьяцкі перфоманс.
– Адкуль мне ведаць? – стрымана азваўся я.
– А пра што вы надоечы з гэтай пульхнай валейбалістачкай з 11 «Б» гутарылі? – пераможна ўклеіла яна штучку і ўрачыста ўтаропілася мне ў твар, ажно на ім шчэць заварушылася. Я адразу зразумеў, які эпізод меўся наўвеце, але ніяк не мог даць хуткага ёмкага і, галоўнае, адчэпнага адказу. Ліхаманкава вышукваючы прыдатнае тлумачэнне, я не знайшоў нічога лепшага, як проста пераказаць практыкантцы ўвесь эпізод, не забываючы напусціць дыму слоўнай велягурыстасці. – Валя, вы ж цудоўна ведаеце, што адны і тыя самыя з’явы могуць успрымацца людзьмі па-рознаму ў залежнасці ад кантэксту з’яваў і кантэкстуальнай заангажаванасці рэцыпіентаў. Гэта, як у прыпавесці пра слана і сляпых мудрацоў, якія па-рознаму яго апісвалі, бо кантэкстуальна мелі дачыненне не з цэлым сланом, а з паасобнымі яго часткамі: хвастом, нагамі, хобатам…
– Дык вы ёй пра хобат распавядалі?! Як я не здагадалася?! – не прамінула пакпіць практыкантка.
– У тым і фішка, што я ёй нічагуткі і не расказваў. У нас у школе завядзёнка: настаўнік-прадметнік выводзіць вучняў да гардэробу, калі ягоны ўрок у іх апошні гэтым днём. Вось так і было, што ўсе «бэшкі» ірванулі хутка, а валейбалістка апошняй, і я выходжу за ёй. Яна спытала, куды я іду. Я сказаў: «Трэба ж вас правесці». «Да пасцелі?» – удакладніла яна. А потым нямая сцэна.