Рош яшчэ ніколі дагэтуль не пакідаў Шабаноў. Тут было ўсё, што трэба для жыцьця: установы, якія выдаюць паперы, і ўстановы, якія іх прымаюць. Адсюль езьдзілі кудысьці аўтобусы, раз на гадзіну, па шашы, міма чародаў жыгулёў і масквічоў, і ў вачох кожнага пасажыра цьмяна зьзяў катлаван. Рош ведаў, што ў цягніках мусяць быць машыніст, правадніца і гарбата ў падшклянках. І няхай гэты цягнік быў незвычайны цягнік – тады тут мусілі быць незвычайны машыніст, незвычайная правадніца і незвычайная гарбата. Таму ён зноў пайшоў у самы канец, паглядзеў на шынэль, які ўсё гэтак жа валяўся на падлозе (лыжная шапачка зусім угрузла ў лужыне каля дзьвярэй і стала ўжо проста анучай), і, адчуваючы дзіўны спакой, пералез у наступны вагон. Гэты нічым не адрозьніваўся ад папярэдняга, хіба што наяўнасьцю замест шыняля й шапачкі нейкіх старых газэцін. Трэці вагон быў цяплейшы. Як толькі Рош прамінуў першае купэ, насустрач яму выйшла правадніца. Яна вохнула (потым Рош часта прыгадваў гэты гук, бо ў той момант ад яго па скуры забегалі прыемныя мурашкі) і чамусьці схапіла Роша за руку. Яна загаварыла, хутка-хутка, Рош не разумеў, што яна кажа, і таму сказаў: «Рош»; яна заківала. «Сал, Ён, Бэн!» – сказаў Рош звонка, азірнуўшыся на тамбур, і вагон, соладка выгнуўшыся, паўтарыў. Яна правяла яго за руку, як малога, у сярэдзіну вагона – там, у такім самым брудным, але сухім купэ сядзелі трое мужчын прыстойнага выгляду і пілі гарэлку, закусваючы батонам і каўбасой.
«Як там, да ветру хадзіць ня мокра?» – запытаўся ў правадніцы, усьміхнуўшыся, адзін з мужчын і падняўся. На ім адзіным быў пінжак, астатнія былі ў нейкіх шэрых сырых куртках.
«Вось», – прамовіла правадніца, паказала на Роша, адпусьціла яго і пляснулася на драўляную лаву.
«Давай сядай, – сказаў мужчына, які сядзеў каля акна. – Вып’еш з намі?»
«Ты што? Ён малы яшчэ», – сказала правадніца, кульнула кілішак і адрэзала сабе каўбасы, паклаўшы на калені тоўстую кардонную тэчку. Вочы яе сталі яшчэ дабрэйшыя, чым былі.
«Які твар у яго… – сказаў трэці мужчына, з барадою. – Дзіўны. Такія твары на дарозе не валяюцца. Слухай… Гэта ж тое, што трэба. Гэта ж… Гэта ж тое, што мы шукалі. Бля буду, тое».
«Ага. І маўчыць, як партызан», – сказаў той, што ў пінжаку, і пайшоў да тамбуру.
«Акурат партызаны нам і трэба. А гаварыць – як што, агучым, – сказаў барадаты. – Навошта гаварыць. Мне твар… Твар трэба… Менавіта такі. Я ў такіх рэчах спэц».
«Гэта точна, – адгукнуўся той, што сядзеў каля акна. – Дай каўбаскі, Жэнь. А хлопчык… ён таго – ён нармальны вабшчэ? А то нешта я за яго баюся».
«Ды нармальны, нармальны, – сказала правадніца. – Я ў яго спытала, як завуць, сказаў – Росьцік».
«Ты, Росьцік, ня бойся, калі што, – сказаў барадаты. – Мы цябе ня кінем, як на вакзале спынімся, маме патэлефануем, скажам, што ўсё ў парадку. І яшчэ камусьці патэлефануем. Аднаму добраму чалавеку, каб ён здох. Так што школа там і ўсё-такое – ты забудзь… Не хвалюйся, у сэньсе. Напішаш толькі нам сваё прозьвішча – і ўсё. Але папрацаваць давядзецца, гэта так, гэта не бяз гэтага…»
Нейкі час яны ехалі моўчкі. Рош зь цікавасьцю глядзеў у акно. Шабаны даўно скончыліся; па абодва бакі чыгункі быў лес, але неўзабаве і ён неяк згарнуўся і здрабнеў, зь лесу вырас белы мур, які размотваўся перад вачыма доўга, нібы рулён паперы. З другога боку было поле, пляскатае і чорнае. На такім Роша летась упершыню ў жыцьці прымусілі зьбіраць бульбу.
«Нашая гоп-кампанія на трох машынах да раніцы да месца не даедзе», – пазяхнуў той, які сядзеў каля акна. Усе астатнія таксама пачалі пазяхаць.
«Зразумела, што мы першыя будзем».
«Нічога, парэпэтуем якраз, – сказаў барадаты, які ня зводзіў вачэй з Рошавага твару. – Вось дык удача. Я галаву ламаю, дзе ўзяць, а яно само прыйшло. Пачуў бог мае малітвы, прасьці мяне юнацтва маё камсамольскае. Парэпэтуем, а, Росьцік? Расьціслаў? Як па бацьку цябе, га?»
«А ён наогул уцяміў ужо, хто мы? – спытаў той, што ля акна. – Жэнь, ты яму сказала?»
«Ня памятаю, – сказала правадніца, робячы Рошу бутэрброд. – На, ты ж галодны, Росьцік».
«Мы кіно здымаем, – сказаў той, што каля акна, і ў голасе ягоным нешта не пачулася ніякай гордасьці. – Ага. Кіно».
«Пра вайну і немцаў», – падаў голас мужчына ў пінжаку, які толькі што вярнуўся ў купэ.
«Ну і ня толькі, – сказаў барадаты. – Ты кіно глядзіш? Глядзіш, куды ты дзенешся. Дык вось, я рэжысёр, Алесь Іванавіч. А гэта…»
«Сал», – сказаў Рош, жуючы бутэрброд.
«А ты ведаеш, што такое кіно? – нахіліўся да Росьціка той, што сядзеў ля акна, і галава яго завісла над каленямі правадніцы. – Ведаеш? Ні хуя ты ня ведаеш, малы, што такое кіно…»
«Ціха, Бора», – сказала правадніца і адпіхнула галаву на месца.
«У нас няма кіно. І ня будзе», – сказаў раптам чалавек у пінжаку і заплакаў.
«Прыдуркі», – сказала правадніца і адным духам выпіла кілішак.
«Ты, Росьцік, не маўчы, – мякка сказаў Алесь Іванавіч. – Чуеш, я зь цябе зорку зраблю, Расьціслаў…»
«Сал, Бэн, – сказаў Рош. – Рош, Ён».
«Колькі, пытаешся, маіх фільмаў выйшла? – сказаў Алесь Іванавіч тым самым мяккім голасам. – Эх, Росьцік… А ніводнага. Ні-вод-на-га. Усе на паліцы ляжаць».
«Ну, не скажы, Алесь Іванавіч, – нахмурыўся чалавек у пінжаку, што хадзіў у прыбіральню, а цяпер жаваў бутэрброд. – А «Зоры…», а «Раманс?»
«Дык гэта ж не кіно… – з агідаю прамовіў Алесь Іванавіч. – Гэта ж так, шабашка… Агітпроп. Кампраміс. Кампрамат, за які ў будучым давядзецца адказваць… Дый якое гэта кіно наогул – усяго дзьве стужкі дзесяціхвілінныя».
Чалавек у пінжаку дажаваў каўбасу і паціснуў плячыма.
«Бо добрыя людзі, каб ім сесьці пасраць і ўвек не прасрацца, лічаць, што… – працягваў Алесь Іванавіч. – А… Не сасьпелі яны да майго кіно. Так, Расьціслаў. Кіно – гэта… О, кіно! Кіно – гэта такое спалучэньне вайны і немцаў, якое толькі ў пэўнай прапорцыі… Эх, Росьцік, ты мая зорка…»
«Глядзі, – сказала стомлена правадніца. – Ты – Росьцік, так? А ў фільме ты будзеш ніякі ня Росьцік…»
«Ні хуя ня Росьцік», – пацьвердзіў той, што сядзеў ля акна, наліў усім і паклаў ногі на суседнюю лаву.
«Ты будзеш Юзік, – сказала правадніца і пазяхнула. – Цябе ворагі будуць у вагон запіхваць, а ты лататы як дасі – у лес. Уцячэш і будзеш па лесе бадзяцца. Па балотах, як Рабінзон».
«Як палескі Рабінзон!» – важка прамовіў чалавек у пінжаку, падняў палец і стаў яго разглядваць. Яны выпілі яшчэ па адной. Чалавек ля акна нацягнуў на твар капюшон курткі. Правадніца спала. Разявіўшы рот, спаў Алесь Іванавіч з пакрыўджаным тварам. Хроп чалавек, які хадзіў да ветру. Рош асцярожна прыўзьняў капюшон з вачэй таго, хто сядзеў ля акна. «Твар у цябе, як у анёла», – прашаптаў той і заплюшчыў вочы. Рош пасядзеў зь імі яшчэ крыху, адчуваючы, як цяжэюць целы, навальваючыся на яго, сьціскаючы, выціскаючы з лаўкі. Потым ціха падняўся і выйшаў у калідор. Цягнік, бразгаючы, весела каціў празь лес. І калі ён прытармазіў на нейкім пераезьдзе, Рош саскочыў зь яго лёгка, нібы з ровара, зрабіў па інэрцыі некалькі крокаў наперад, спыніўся і агледзеўся. На шыі ў яго вісеў ключ, у небе вісела сонца, а на шлягбаўме мокрае павуціньне. А каля шлягбаўма стаяла дзяўчына і ўсьміхалася яму. І ніхто больш нікуды не сьпяшаўся.
2
Гэты кавалак мяса – такі сьвежы й падазрона чырвоны, нібы яго пафарбаваў дзіцёнак – яе муж набыў у нейкай перасоўнай краме побач з гастраномам, адной з тых, якія невядома адкуль прыяжджаюць раніцай і невядома куды дзяюцца апоўдні. Уласна кажучы, Сіманенка быў пасланы ў гастраном па муку, але вярнуўся зь мясам – і такі горды, нібы сам яго ўпаляваў. Яны яшчэ паспрачаліся тады наконт паходжаньня таго кавалка; Сафія была ўпэўненая, што гэта ялавічына, тым часам як муж пераконваў яе, што гэта сьвініна і нішто акрамя сьвініны. Сам факт таго, што муж дакладна ня ведаў, за што ён заплаціў у перасоўнай крамцы, Сафію дужа весяліў, і таму яна асабліва не настойвала на сваім, а вось Сіманенку спрэчка, здаецца, закранула за жывое. Ён сядзеў на кухні ў адных шортах каля адчыненага акна, за акном быў двор, а за дваром – вуліца маршала Маліноўскага (былая Каліноўскага), фіранка за сьпінай мужа рабіла ненавязьлівыя спробы ператварыцца нарэшце ў тогу, і Сафіі рабілася яшчэ весялей.
«Усё таму, што мы адарваліся ад прыроды! – скрушна казаў Сіманенка, крыважэрна ўпіваючыся вялікім і ўказальным пальцам у прышч на голым валасатым калене. – Яшчэ дваццаць гадоў таму любая баба была здольная адрозьніць сьвіньню ад каровы, нават у такім выглядзе! А цяпер? Болей сушаў трэба жэрці! Сурымяў і гэтых, як іх…»
«Васабяў. У сьвініны больш саладжавы пах», – сказала Сафія, падстаўляючы пад кран пальцы.
«Кажу табе, гэта сьвініна! – Сіманенка схапіў кавалачак ужо парэзанага мяса і сьціснуў яго; але ўпэўненасьці ў яго вачах ужо не было. – Паглядзі, які тлушч, ажно сьвеціцца! Ды я чую, як яно рохкае…»
Яна схавала мяса ў лядоўню, а праз два дні дастала і паклала ў місу, каб размарозіць. Але назаўтра (яна й забылася) яны абедалі ў бацькоў Сіманенкі, на наступны дзень Сіманенка раптам заехаў па яе а дванаццатай і запрасіў у рэстарацыю, што было для яе поўным сюрпрызам – яна так і не даведалася, зь якой нагоды яны патрацілі там столькі грошай. Раніцай у яе балела галава, да самага вечара – і Сіманенка варыў сабе пяльмені. Часам Сафія кідала на даўно разьмяклае мяса задуменны позірк, але бацькі Сіманенкі, рэстарацыя, мігрэнь – усё гэта абудзіла ў ёй такую ляноту, што яна адразу ж забывала, што хацела зрабіць. Так яны й дацягнулі да выходных. «Бедны зьвер, мы так і не даведаліся, хто ты, – сказала Сафія, нажом ссоўваючы парэзанае мяса ў сьметніцу. – Вось і скажы мне, дзеля чаго ты загінуў?» Яна ўручыла завязаны пакет Сіманенку, які, гучна ляпаючы тапкамі, патупаў да дзьвярэй, падсунуў да іх свой чаравік, каб не зачыняліся. Успацелая Сафія ў атачэньні раскладзеных вакол строгіх рыб зірнула ў акно кухні. Двор быў пусты і ціхі, як сцэна. Потым там зьявіўся сумны Сіманенка ў тапках, шаркатлівай хадой падышоў да сьметніка і апусьціў туды пакет. Воплескі. Скразьняк. Муж рушыў назад праз двор, узьняў галаву, убачыў Сафію і млява пасьміхнуўся. Яна памахала яму з акна рукой і адвярнулася да сваіх рыбаў. Больш яна яго ніколі ня бачыла.
* * *
Больш за ўсё – нават больш за раптоўнае зьнікненьне мужа – Сафію спалохала яе ўласная рэакцыя на гэтую падзею. Яна нічога не прадпрыняла. Прайшла гадзіна; яна дагатавала рыбу, час ад часу вызіраючы ў двор і чамусьці шторазу натыкаючыся позіркам на знаёмы пакет, які яна толькі што завязала і які ляжаў на самым версе сьметніцы, выставіўшы на сонца свой бліскучы хвосьцік. Скразьняк станавіўся ўсё больш адчувальны. Сафія выключыла газ і працерла пліту. Сафія прычыніла дзьверы й наведала прыбіральню. Сафія бразнула акном, якое звычайна мог зачыніць адно Сіманенка, бо толькі ён ведаў, у які момант і ў якім месцы акну патрэбны, як ён казаў, «асаблівы падыход». Сафія пагартала часопіс і кінула яго на канапу. Міма. Яна нахілілася, каб падняць, і моцна ўдарылася патыліцай аб стол, калі падымалася. За гэта часопіс мусіў забіць ёй муху. Сафія пракралася ў кухню, замерла і каршаком кінулася на сьцяну, распласталася на ёй, малоцячы па шпалерах. Хлапкі прагучалі жаласьліва і так непераканаўча, нібы нехта даверыў немаўляці выбіць у двары самы вялікі дыван. Смачна пахла смажанай рыбай. Яна павячэрала безь Сіманенкі, асьцярожна раздумваючы, куды б ён мог падзецца. Прылегла на канапу безь Сіманенкі, на двары безь Сіманенкі пачало цямнець. Кватэра безь Сіманенкі здавалася ёй чужой; нібыта яна выконвала тут увесь дзень загады невядомых гаспадароў, гатавала, прыбірала, прала, а зараз мусіла забраць ганарар у капэрце, пакінуць на стале ключы і паехаць дадому.
Вядома, тэарэтычна Сіманенка мог кагосьці сустрэць ля пад’езду і кудысьці з гэтым кімсьці пайсьці. Падняцца да суседа, выправіцца ў гаражы, дарма што свайго гаражу яны ня мелі і стайня Іхнай Машыны была на звычайнай агароджанай стаянцы. Ці пайсьці на канал. Але ў тым і рэч, што з вобразам Сіманенкі гэта ўсё мала стасавалася. Сіманенка ну ніяк не пасаваў да гэтае ролі. У тым і рэч, што Сафія цудоўна ведала, што Сіманенка ня мог нікуды пайсьці, не папярэдзіўшы яе, ніводзін сусед ня быў у стане завабіць да сябе Сіманенку, бо хто-хто, а Сафія пастаралася, каб стасункі мужа з суседзямі абодвух палоў былі як стасункі кіроўцы аўтобуса з пасажырамі. Размовы – толькі ў мікрафон ці праз шкляную перагародку, у найлепшым выпадку – праз шчыліну, празь якую можна прасунуць талёнчык. Cафія жыла ў цэнтры гораду, ня ў самым цэнтры, вядома, аднак – «і ад цэзара далёка, і ад в’югі», то бок на прыстойнай адлегласьці ад вакзалу, але і не ў Шабанах. Добры, зялёны раён, ні табе заводаў, ні парадаў, ні рабаваньняў-згвалтаваньняў. Чыстая, цяністая вуліца маршала Маліноўскага. Наўрад ці каму прыйшло ў галаву выкрасьці ў яе Сіманенку, ды яшчэ ў выходны дзень. Кожны зь сяброў ведаў, чым гэта пагражае, ніхто б не наважыўся. А калі б у двары нешта раптам здарылася, Сафія абавязкова б пачула. Акно ж было адчыненае. Больш за тое, яна мела адмысловую інтуіцыю – хто, як не яна, выклікаў тады ўзімку хуткую. Што праўда, выклікала яна яе для сябе – надта ўжо балела галава, але ж хуткая, якая ўжо заяжджала да іх у двор, ледзь не пераехала цётку, што ляжала на дарозе з інфарктам і абмаражэньнем, і, як высьветлілася, гэтым самым уратавала цётцы жыцьцё. Сафія ўпотай ганарылася сваім учынкам.
Але гэтым разам яе інтуіцыя маўчала. Калі зусім сьцямнела, Сафія ўключыла ва ўсіх пакоях сьвятло, накінула швэдар і спусьцілася ўніз. У двары было ціха, раз-пораз, не зьвяртаючы ўвагі на Сафію, міма пад’езду праходзілі цьмяна знаёмыя ёй людзі, людзі з чэргаў, прыпынкаў, вагонаў і бальконаў. Прайшоў паліцэйскі патруль – трое сымпатычных паголеных хлопцаў. Па выходных патрулі праходзілі тут часта, але не затрымліваліся. Пад’ехала таксі, зь якога сталі выгружаць п’янага бацьку сямейства – мамка за татку, дачка за мамку, сынок за дачку, сабака за сынка: не дапамагло, давялося прасіць таксіста. «Мам, а гэта праўда, што хутка ў Шабаны мэтро правядуць?» – спытаў між справаю сын, але мама не адказала. Сафія адвярнулася, пастаяла, павіталася з кімсьці, хто прасьлізнуў міма яе ў пад’езд: сьпіна была шырокая, як у Сіманенкі, але на сьпіне боўтаўся доўгі хвост, перавязаны гумкаю – хлопец з чацьвертага паверху. Кажуць, сатаніст. Бацьку сямейства выгрузілі і пацягнулі ў суседні пад’езд. Апошнім увайшоў сабака, папярэдне агледзеўшы двор і зачыніўшы задняй лапаю дзьверы. Стала ціха. Паўсюль з-за сьценаў гаманілі тэлевізары: хорам. Можа, нешта цікавае паказваюць, падумала Сафія. Вярнулася, зачыніла дзьверы на замок. Сіманенкі дома не было. Яна прайшлася па кватэры, вярнулася ў перадпакой. Правяла рукой па аркушы, які быў прышпілены да сьцяны: яе рукой, чырвоным флямастэрам, там была выведзеная дата: 24 жніўня. Да гэтага дня заставалася яшчэ некалькі месяцаў. Можа, ёй і праўда трэба было паехаць дадому? Да сваіх бацькоў ці да Сіманенкавых. Яна ўключыла тэлевізар, ёй і праўда на момант здалося, што там могуць нешта сказаць наконт Сіманенкавага зьнікненьня. Можа, там зараз на экране зьявіцца й сам Сіманенка, паглядзіць на яе вінавата спадылба і ўсё растлумачыць. Але Сіманенка быў ня з тых, чыя прысутнасьць або непрысутнасьць у сьвеце нешта зьмяняе. Хаця зараз Сафія магла б з гэтым і паспрачацца. Яна разьдзелася, яшчэ раз падышла да акна ў кухні, агледзела двор, а потым легла ва ўмяціну, якая засталася ад Сіманенкі, і ўпершыню за гэты год выспалася.
Назаўтра яе з самай раніцы біла дрыготка, яна яшчэ ніколі такой ня мела; яна адзелася як мага прасьцей і выправілася на стаянку, дзе стаяла Іхная Машына. Стаянка падалася ёй агромністай, нібы незнаёмы горад. У цёмных акулярах, намацваючы ў кішэні не бязь цяжкасьці адшуканыя ёй у Сіманенкавых рэчах ключы, яна прабіралася між чужых аўтамабіляў, кожны зь якіх пры яе набліжэньні курчыў ёй дзіўную пысу; яна пачувалася заблукалай у нейкім гета, дзе ня вельмі любяць адзінокіх дамачак. Часам яе нават клікалі, вясёлыя, грубыя мужчынскія галасы, сьпіна ўздрыгвала, але яна не абарочвалася. Яшчэ загадзя яна вырашыла, што калі машыны ня будзе на месцы, то, значыць, усё вельмі кепска, а калі будзе, то ня ўсё яшчэ страчана і можна жыць далей, жыць з надзеяй. Стаянка, залітая сонцам і бэтонам. Яна была тут толькі аднойчы, даволі даўно, яшчэ да вясельля, і ўжо забылася, дзе дакладна стаіць Іхная Машына. «Чорт, нават спытаць няма ў каго», – падумала яна, спыніўшыся перад шчыльнымі радамі – уладальнікі аўто ўжо разьяжджаліся па сваіх справах, але шэрагі радзейшымі не рабіліся, так іх тут было шмат. Так, адрэсы Іхнай Стайні яна ня ведала. Часам ёй хацелася паклікаць Іхную Машыну – як клічуць бадзячых сабак ці кароў, але Сафія стрымлівалася. А яны стаялі перад ёй, такія безнадзейна аднолькавыя, «як кітайцы», падумала Сафія з роспаччу – калі яна і магла іх адрозьніць, то толькі па колеры: сінія, белыя, чырвоныя, чорныя, цёмна-зялёныя, высакародных мэталічных адценьняў. Ключы ўпалі з кішэні, яна таропка кінулася падымаць – а калі выпрасталася, убачыла яе, убачыла здалёк. Іхная Машына пазнала Сафію і кінулася да яе ўсім сваім ладным, прыземістым целам, сваёй акруглай заднічкай і замілавальнымі бакавымі люстэркамі. Сафія адамкнула дзьверы, села на месца кіроўцы, прамакнула лоб сурвэткаю. Пасядзела трохі, адчуваючы сябе ўсё больш упэўнена. Агледзелася, праверыла тое, што называлася сьмешным словам «бардачок» – у машыне не было ніякіх сьлядоў Сіманенкі. Але сама машына была на месцы і нікуды не зьбіралася ўцякаць. Гэта быў добры знак.