Першы іхні год у Лангедоку Пранціш успамінаў, як пільнавальнікі сармацкіх нораваў на Літве – пракаветнае залатое стагоддзе. Маўляў, тады ўсе дзеўкі былі прыгожымі ды цнатлівымі, і на адным сцябле расло па пяць каласоў. Калі прыехалі ў Францыю, Лёднік у шпіталі Жана Жылібера ледзь не начаваў, лекцыі ў медычнай школе слухаў, тады і сам пачаў іх чытаць. А ў батанічным садзе ў квартале Брота, які Жылібер за свой кошт заснаваў, на пару з апантаным батанікам кожную травінку абнюхаў…
Пакуль не з’явіліся “прагрэсіўныя дактары”, і, даведаўшыся пра заезджае, хаця й барбарскае, свяціла, не далучылі яго да сваіх таямніцаў, раз ужо не ўдалося завабіць да сябе Жылібера.
А ў апошняга тут жа пачаліся непрыемнасці, нібыта хтосьці крыкнуў “ату”. Некаторыя даследаванні давялося згарнуць. У батанічны сад прызначылі адміністратараў настолькі недасведчаных, што як знарок пачалі губіць каштоўныя раслінныя зборы.
Парывісты і патрабавальны – возьмуцца з Лёднікам спрачацца, ледзь шыбы не лопаюцца, але сумленны Жан Жылібер, з грубаватым абліччам і высокім ілбом, Пранцішу падабаўся. Не нашмат старэйшы за Пранціша, нарадзіўся ў вёсцы, не з багацеяў – а столькі паспеў дасягнуць! Выкладаў батаніку, анатомію, хірургію, збіраў народныя песенькі, вырошчваў рэдкія расліны… Праўда, Пранціш аніяк не мог падзяліць рэспубліканскіх перакананняў Жылібера. Той сябраваў з Вальтэрам, Русо і Дзідро, у салоны блюзнерскія матаўся і любіў вярзці пра роўнасць саслоўяў і разбэшчанасць “прывілеяваных класаў”, патрапляючы ў лад Лёдніку, гэткаму ж прадсталюдцу. А ў гэтым inter dominum et servum nulla amicitia est.[3] Абодва прафесары, дарэчы, плату з хворых бралі толькі пасля ацалення, а беднякоў прымалі бясплатна. Чым выклікалі шчырае абурэнне калегаў.
І пані Саламеі батанік прыйшоўся да душы. Пан Жылібер быў у іх разам са сваім студэнтам Давыдам Ляйбовічам, пляменнікам полацкага аптэкара Лейбы, якога Лёднік прыхапіў з сабою з Беларусі. Аптэкар у свой час дапамог малому сыну гарбара выйсці ў людзі, і Бутрым на гэта не забыўся.
Тады за сталом Чорнага Доктара паспрачаліся добра… Але пра патрэбнае. Напрыклад, Жылібер быў супраць залішняга ўмяшальніцтва ў прыроду. Лічыў – замест пігулак ды ўсялякай хіміі лепей дыета ды зёлкі, не падабалася яму і ўжыванне опіуму. А вось Лёднік, былы алхімік, вельмі дык любіў з атрутнымі рэчывамі паэксперыментаваць.
Спрачаліся і як адукоўваць шматлікіх самадзейных павітух.
Пытанне было вельмі вострым. Кабеты, што дапамагалі парадзіхам, часцяком абвінавачваліся ў вядзьмарстве. Ды й самі спрыялі таму, ужываючы дзікунскія метады, самы бясшкодны – выманьваць немаўля, якое доўга не можа нарадзіцца, цукрам. У Вялікім Княстве Літоўскім дасюль памяталі страшную гісторыю, што здарылася з Раінай Грамычынай, пападдзёй, якую паклікалі палячыць сына Яна Сапегі. Хлопчык памёр, не паспела лекарка ў дом зайсці. Вядома, у няшчасці абвінавацілі Грамычыну. А следства засяродзілася на тым, як падчас дапамогі парадзіхам кабета чаравала. Паўтара года кабету катавалі. Дарэмна абаронца прамаўляў: «Што дзяцей малых абкурваць умее, хіба гэта чараўніцтва? Абкурваць жанчын падчас родаў бабровым струменем, пер’ямі жывых курапатак, перастрэлам, мірай ды іншымі зёлкамі свянцонымі, рог адзінарога піць даюць, а таксама арліны камень – хіба гэта чараўніцтва?”
Ад часоў спаленай на вогнішчы Грамычынай метады павітух не надта змяніліся. У век Асветніцтва абкурваць парадзіх пер’ем курапатак? Зладзіць курсы акушэрства пры будучай медычнай школе ў Гародні было неабходна. Пані Саламея, сама добрая лекарка і акушэрка, згаджалася дапамагчы. Давыд па сканчэнні курса фармацэўтыкі меўся працаваць у аптэцы пры будучай медычнай школе.
Шмат высокіх слоў прамаўлялі і кіраўнікі Таварыства прагрэсіўнай медыцыны.
– Колькі ёсць людзей – забойцаў, гвалтаўнікоў, якіх падвяргаюць смяротнаму пакаранню, хаця вінаватая ў іх злачынствах хвароба – паталогіі ў мазгу, – тлумачыў вучоны барон. – Магчыма, пухліны памерам з макавінку, таўшчынёй з валасіну! Гэта, умеючы, можна лёгка выправіць, і in summa[4] чалавек стане бяспечным і нават карысным для грамадства! Вось вам прыклад…
Дэ Вард азірнуўся і крыкнуў у бок дзвярэй:
– Гарганцюа, хадзі сюды, сябар мой!
Лёкай за крэслам барона, здавалася, хацеў прыгнуцца.
У пакой, крочачы, як мог бы крочыць пражскі Галем, увайшоў слуга дэ Варда ў чорнай аксамітнай куртцы з нашытымі на яе залатымі змеямі з галовамі пеўняў – эмблемай Таварыства прагрэсіўнай медыцыны. Пранціш у чарговы раз адвёў вочы: яму заўсёды было вусцішна глядзець на гэтага вялізнага барадатага дзецюка з павязкай на лбе – не дарэмна яму далі мянушку “Гарганцюа”. Нібыта шкляныя цёмныя вочы, рысы твару калісьці, напэўна, нават прыгожыя, уладныя, але зараз нерухомыя, азызлыя.
– Ці задаволены ты сваім жыццём, сябар мой? – мякка спытаў дэ Вард слугу. Той прамарудзіў з адказам трохі больш, чым належала здароваму чалавеку, але адказаў роўна і хрыплавата, гледзячы ў адну кропку, якая знаходзілася дзесьці над левым плечуком дэ Варда, якраз там, дзе гіпатэтычна мусіў сядзець апанент анёла-ахоўніка:
– Я ўсім задаволены, вашамосць барон. Мне жывецца шчасна і спакойна. Дзякуючы літасці і розуму яго мосці барона.
Дэ Вард пераможна агледзеў кампанію, хаця Лёднік і Пранціш ужо дакладна не раз чулі гісторыю выратаванага слугі, і прадстаўленне разыгрывалася для адной Саламеі.
– А між тым гэты няшчасны быў адным з самых страшных злачынцаў свету. Каб яго не спынілі – на ягоных руках з’явілася б кроў яшчэ соцень бязвінных! Яго мусілі павесіць – але ўдалая аперацыя…
– Я сам зрабіў яе ўжо тры гады таму! – насмеліўся перабіць барона Альфонс Бяскоўскі, нібыта замоўчвання сваіх заслуг баяўся больш, чым раззлаваць мецэната. – І ніякіх наступстваў! Restitutio ad integrum!.[5] Гарганцюа нават не пазбаўлены радасці мець зносіны з супрацьлеглым полам.
– Зносіны – гэта не каханне. Ваш кліент больш падобны да механічнай лялькі, чым да жывога чалавека, – з дрыготкай у голасе адказала Саламея, адводзячы вочы ад чарнабародага волата з мёртвым тварам. – Вы кажаце, выправілі злачынцу да лепшага? Але ці ўратавалі ягоную душу? Гасподзь сам вызначыў шлях да выкуплення злачынстваў – шчырае пакаянне. Чалавек мусіць усвядоміць, што нарабіў, і зажадаць выправіцца. А калі вы пазбаўляеце яго такой магчымасці – гэта бязбожна!
Дэ Вард спыніў востры позірк на абліччы пані… Паглядзець было на што. Вялікія сінія-сінія вочы з даўжэзнымі цёмнымі вейкамі, носік, як вытачаны з мармуру, бялюткая скура без зморшчынаў – хіба ў куточках вачэй і паміж броваў, ружовыя вусны, дасканала акрэсленыя… Пранцішу дужа не спадабаўся баронаў позірк. Папраўдзе, пані Саламея была далёка не ў тым узросце, калі жанчына лічыцца асабліва прывабнай для вока… Але ж і памерлая фаварытка французскага караля Людовіка мадам дэ Пампадур не была юнай, калі круціла каханкам, як хацела, ела дзеля захавання маладосці супы з труфеляў ды ўважалася за Венеру. Фаварытка Францыска Другога, а пасля ягонага сына Генрыха Другога Дыяна дэ Пуацье амаль да сямідзесяці лічылася першай прыгажуняй краіны. Можа, таму, што мылася сцюдзёнай вадой і кожны дзень ездзіла конна. І велічная прыгажосць пані Саламеі па-ранейшаму выклікала не толькі павагу… Тым больш, палачанка нічога не рабіла, каб сябе прыкрасіць, і не стала б траціць два дні на “эмаліроўку твару”, як свецкія прыгажуні. Ім тынкавалі аблічча каляровымі пудрамі, і пасля нельга было ўмывацца ды ўсміхацца, каб не пайсці трэшчынамі, як першы лядок на лужыне.
– Празмерная схільнасць да злачынстваў, на маю думку – гэта вар’яцтва, а хіба ацаліць вар’яцтва – грэх? З дапамогай месье Лёдніка мы прасунуліся ў нашай высакароднай справе далёка, як ніколі! – мякка прамовіў дэ Вард, шырока ўсміхнуўшыся доктаравай жонцы. – Ён вынайшаў асаблівае рэчыва, якое ўсыпляе пацыента так, што можна спакойна прасвідроўваць ягоны чэрап ды рабіць любыя маніпуляцыі.
– Праўда, тынктуры не ўдаецца шмат нарыхтаваць, яна нетрывалая, ды яшчэ з пабочнымі эфектамі… Усё іn statu nascendi,[6] – раздражнёна прабуркатаў Баўтрамей. Бяскоўскі замахаў рукамі:
– Ах, што вы, калега, гэта не пабочныя эфекты, а самыя што ні на ёсць лекавыя, in optima forma![7] Вы дарэмна працягваеце доследы, каб ад гэтых эфектаў пазбавіцца. Мяне ваша вынаходніцтва цалкам задавальняе!
– А мяне – не, – адрэзаў Бутрым і кінуў сабе на талерку лыжку салаты. – Я некалькі разоў выпрабоўваў на сабе і ледзь не…
Полацкі Фаўст кінуў хуткі позірк на жонку і змоўк, зразумеўшы, што дарэмна прагаварыўся. Саламея страшэнна гневалася на ягоную прыкуду выпрабоўваць на сабе ўласныя вынаходніцтвы, а часам для такога дактары пераймалі і заразу.
– Мы вельмі зацікаўленыя, пан Лёднік, – прамовіў барон, уперыўшыся светлымі халоднымі вачыма ў змрочнага доктара, – каб рабіць больш аперацый… Вы, з вашай неверагоднай дакладнасцю, з вашай цвёрдай рукой не схібіце. Бо ў пана Бяскоўскага пакуль адзіная цалкам удалая аперацыя – гэта наш Гарганцюа.
Па твары пана Альфонса павуком прабег цень застарэлай зайздрасці і нянавісці.
– Працуйце, працуйце, а разуменне прыйдзе потым, – раптам гучным голасам, сапраўды быццам механічная лялька-аўтамат, вымавіў Гарганцюа, які так і стаяў слупам пасярод пакоя.
Пранціш вылупіўся на слугу, што працытаваў акадэміка-сэнсуаліста д’Аламбера. Гэта было, нібыта засмажаны парсючок на стале раптам ажыў. Разгубленасць прамільгнула ў цёмных вачах Лёдніка, а дэ Вард раздражнёна махнуў рукой:
– Ідзі, Гарганцюа, чакай нас на дварэ.
Волат пакорліва развярнуўся і, цяжка тупаючы, выйшаў.
– Вось, як бачыце, і здольнасць да мыслення ў яго захавалася! – закруціўся ў захапленні ад самога сябе на крэсле Бяскоўскі. Саламея нервова сціснула тонкія пальцы, яе талерка заставалася пустой.
– Дык вы збіраецеся рабіць шмат падобных аперацый?
– Гэта наша мэта, шаноўная пані! – ветліва пакланіўся барон. – Няўжо такое не гуманней за смяротнае пакаранне або зняволенне ў вар’ятні, калі няшчасныя вар’яты жыўцом гніюць, пасаджаныя на ланцугу ў сутарэннях, і выюць ад бяссільнай злосці, незразумелай ім самім? Я не аспрэчваю, магчыма, якіясь з іх апантаныя злым духам, – прымірэнча падняў руку дэ Вард, але Пранціш разумеў, што яго словы проста даніна забабонам гаспадароў. – Калі святому слову ўдаецца выратаваць небарак, добра. Калі ж прычына фізічная, калі гэта проста хвароба – хіба не наш доўг пазбавіць бліжніх пакутаў? De actu et visu,[8] тэхніка можа быць удасканаленая да таго, што ніхто і не западозрыць, што чалавек перанёс аперацыю.
Дзесьці капрызлівы дзіцячы плач засведчыў, што паненцы Сафійцы зноў чагосьці збракавала для шчасця. Пані Саламея рванулася была бегчы туды, але плач сціх і адразу ж змяніўся смехам: Жулі знайшла чым суцешыць гаспадарскае дзіця. Дэ Вард зноў усміхнуўся ўстрывожанай пані, паспеўшы абмераць позіркам яе гнуткі, як у дзяўчыны, стан.
– Мы нічога супраць Бога і прыроды не робім, мадам Лёднік. Напрыклад, на востраве Ява дзікуны спаконвеку дасканала валодаюць методыкай, якую мы толькі намацваем, і самых агрэсіўных чальцоў племені жрацы з дапамогай свярдзёлка і голкі, якую заганяюць у лобныя долі мозга, ператвараюць у ціхамірных пакорлівых працаўнікоў.
Здавалася, жоўты прыплюснуты чэрап з дзіркай, адабраны ў Сафійкі, намагаецца адпаўзці падалей ад прагрэсіўных дактароў, у глыб паліцы.
– Вы не распавядалі пра гэта, вашамосць! – цёмныя вочы Лёдніка зноў загарэліся фанатычнай цікаўнасцю. Дэ Вард прыўзняў бровы ў ветлівым здзіўленні.
– Не можа быць, каб вы гэтага не чулі, дарагі доктар! Не далей чым праз тыдзень у Латэ прыбудзе карабель, які адпраўляецца на Яву з экспедыцыяй, і наш калега Жак Перэс далучыцца да яе. Эксперыменты з псіхікай на астравах проста ўнікальныя! Ёсць, напрыклад, звесткі пра ажыўленне нябожчыкаў. Некаторых тубыльцаў уводзяць у штучную кататонію, хаваюць. Потым жрэц выкопвае небараку, прыводзіць у прытомнаць, чымсьці апойвае – і чалавек нібыта робіцца іншым… А якія там рэдкія расліны! У пана Жылібера блізка такіх няма…
Лёднік слухаў, кусаючы тонкія вусны, і відаць было, гатовы зараз жа сарвацца й плысці на тую Яву. Саламея ўхапіла яго за рукаў: – Бутрым, ты не можаш нікуды ехаць! Ты мусіш выканаць працу, дзеля якой цябе паслалі… Увесну цябе чакае князь Тызенгаўз. У цябе лекцыі. І пра нас падумай…
Лёднік перахрысціўся, нібыта адагнаў ачмурэнне, і пакорліва ўздыхнуў.
– Сапраўды, не да экспедыцый.
– Што ж, яна не апошняя, дарагі месье Лёднік! – суцешыў дэ Вард. – Разумею вашу скруху – нельга паспець усё, што здаецца важным… Таму ці не настаў час выбіраць? Развітайцеся са сваймі ранейшымі абавязкамі, колькі ў вас іх ні было б – і прысвяціце сябе канчаткова нашаму Таварыству. Увесну мы вернемся ў Парыж, і нас чакаюць вялікія справы. Ад заўтрашняга ж дня вы пачнеце атрымліваць плату ў дзесяць тысяч ліўраў у год, у вас будуць неабмежаваныя магчымасці для даследчыцкай працы і перспектывы для кар’еры.
Дэ Вард гаварыў нават суха, не вуркатаў, як над вухам гожанькай прыслугі, ад таго словы былі важкімі.
– Паверце, над намі асобы настолькі магутныя, што вам ніколі больш не давядзецца клапаціцца ні пра грошы, ні пра небяспеку.
Вырвіч сціснуў кулакі… Пракляты француз на здраду Айчыне падбівае! Але Лёднік толькі ветліва пакланіўся:
– Дзякую за шчодрую прапанову, вашамосць. Мае абавязкі не такога кшталту, каб іх можна было разарваць без непапраўнага ўрону для гонару.
Саламея схіліла галаву, каб схаваць усмешку палёгкі.
– У любым выпадку, праз тыдзень мы чакаем вас, шаноўны пан Лёднік, у Манпелье на чарговым доследзе! – не паказаўшы расчаравання доктаравай трываласцю перад спакусай, нагадаў дэ Вард.
– Пацыент будзе незвычайны, які – пакуль сакрэт! – таямніча дадаў Бяскоўскі, падчапіў на відэлец кавалак парсючка і панёс у рот. На твары пана адбілася пэўнае непаразуменне, і ён, памарудзіўшы, выплюнуў штосьці мокрае і белае… Ватны шарык! Калі толькі Сафійка злаўчылася напхаць у страву сваіх забавак? Саламея прыкусіла губу.
– Дарэчы, вашамосць Бяскоўскі, я скіраваў да вас маркізу Панвіль, – няўважна прамовіў Лёднік. – Яе светласць ніяк не можа ўцяміць, што мне бракуе часу на яе банальны катар страўніка. Усяго толькі захоўваць дыету, курс магнэзіі… Ну, самі разберацеся.
– Дзякую, калега, – расцягнуў вусны ва ўсмешцы пан Альфонс. І Пранціш падумаў, што Бутрым так і не растраціў свайго дасканалага ўмення на раз заводзіць смяротных ворагаў ды распальваць зайздрасць.
Грукнулі дзверы. Радасны Алесь Лёднік у суправаджэнні Хвэлькі вярнуўся са школы, прыціскаючы абедзвюма рукамі да сябе нейкую пасудзіну.
– Маю гонар вітаць шаноўнае панства! Шчыра прашу дараваць мне за адцягненне ўвагі вельмішаноўных мосцяў. Вашамосць пан бацька, яны вылупіліся! У той дзень, як я і вылічыў!
Шляхетны паніч урачыста паставіў на стол з засмажаным парсючком слоік, у якім варушылася нешта шэрае і склізкае, і адвесіў паклон па ўсіх правілах свецкага тону.
– Віншую, Аляксандр. Спадзяюся, ты запісаў усе дзеі эксперыменту ў нататнік, – сур’ёзна прамовіў Чорны Доктар, з прыхаваным гонарам гледзячы на радаснае аблічча сыночка. У слоіку штось ажно захлюпала.
Барон дэ Вард асцярожна паклаў відэлец з недаедзеным кавалкам на край талеркі. Лёкай за ягоным крэслам адступіў на крок да сценкі. А пан Бяскоўскі нічога, скасавурыўся на варухлівае паскудства ў слоіку і далей сабе жуе.