Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата - Людміла Іванаўна Рублеўская 5 стр.


– Аляксандр, гэта… гэта не зусім дарэчы! – у роспачы ўскрыкнула пані Саламея.

А Пранціш Вырвіч скрозь смех змог вымавіць толькі адно:

– Харошыя ў цябе дзеці, доктар! Як ёсць бацькавічы…

Раздзел другі. Як Баўтрамей Лёднік на востраў Ява з’ехаў

Кажуць, калі засноўвалі друід ды кароль там, дзе зліваюцца Сона ды Рона, горад Ліён, на ўзгорак наляцела варання, як мух на разлітае сочыва.

Нашчадкі гэтых птушак, дзяцей старажытнага бога Луга, раскашаваліся й цяпер і над антычнымі акведукамі, і над шматлікімі гарбатымі мосцікамі і сярэднявечнымі саборамі, падобнымі да стамлёных рыцараў. І, вядома, сыпалі здзеклівае сваё крумкатанне чорныя Лугавы дзеці на тлумную плошчу Бялькур, чые каштанавыя прысады яшчэ не страцілі белай квецені…

– Месье Барталам’ю! Месье Лёднік! Рады вас бачыць!

Руку Чорнага Доктара з энтузіязмам трос багата апрануты мажны пан, на ягоных грудзях паўзверх чорнага аксамітнага камзола пабліскваў залаты ланцуг.

– Ніколі не забудуся, як вы нас выратавалі!

Рады, як на сто коней сеў.

Каля пана ў чорным камзоле ўсміхалася пані ў ружовай сукенцы, падобнай да клумбы. За іхнімі спінамі, як сціплы статыст за дэкарацыямі антычных развалін, стаяў слупам малады чалавек з абыякавым тварам. Занадта абыякавым для здаровага.

– Наш П’ер нарэшце бачыць сонца! Яго не трэба замыкаць, мы можам хадзіць з ім на людзях!

Пані плакала ад шчасця, як сыр на сонцы.

У маладога чалавека былі невыразныя вочы і капялюх, насунуты дастаткова нізка, каб схаваць шнары ад аперацыі.

Вараннё колішняга Лугдунума, цяперашняга Ліёна, марудна кружляла над плошчай Бялькур, выглядаючы чарговую ахвяру.

– Я не пярэчу, каб ты займаўся даследаваннямі мозга, Бутрым, – перарывістым голасам шаптала сінявокая гожая, як антычная статуя, пані. – Ты вялікі вучоны… Але будзь асцярожны. Не пераступі мяжы…

– Ты мая ля біш… – ціха прагаварыў яе спадарожнік, высокі хударлявы цемнавокі мужчына, і пацалаваў ёй руку, нібыта дзюбнуў носам. – Мая козачка… Тут гэта самае ласкавае азначэнне для любай. Я… пастараюся не пераступіць мяжы.

Але абяцанні апантаных людзей каштуюць не болей, чым “місісіпійскія акцыі” шалбера Джона Ло. Папрадаваў іх французам, што праглі займець дармовага золата, знойдзенага ў амерыканскай Луізіане, а заміж таго страцілі родныя ліўры.

У кабінеце, дзе кніжных шафаў было больш, чым паветра, пан Жан Жылібер, у свае дваццаць дзевяць вядомы доктар, хірург і батанік, нецярпліва кусаў вусны, пакуль Пранціш Вырвіч, прыхадзень з далёкай барбарскай краіны, вывучаў пакамечаныя паперы, якія быццам курыца лапай скрэмзала.

– Бачыце, месье Вырвіч, па ўсіх рахунках з мясцовых лавак выходзіць, што ў доме барона дэ Варда жыве нашмат больш чалавек, чым лічыцца. Прычым звярніце ўвагу – мяса, зеляніна, хлеб у такіх вялікіх колькасцях закупляецца самага простага гатунку – нібыта для ўтрымання звярынца. Да таго ж таемна, праз падстаўных асобаў. Бо для панскага стала прыслуга набывае ў іншых лаўках.

Гадзіннік, што ўпрыгожваў будынак Ліёнскай медычнай школы, адбіў Час Змяі, які, як вядома, пачынаецца а другой, калі ў сярэдзіну светлага дня запаўзае прадвешчанне цёмнай пары.

– Нічога дзіўнага, што ў медычным таварыстве ўтрымліваюць звярынец для доследаў? – паціснуў плячыма Вырвіч. – Лёднік сам прызнаваўся, што яны ў мазгах няшчасных жывёлак калупаюцца. А пра таямніцы… У Бутрыма ў Віленскай акадэміі ў сутарэннях таемная лабараторыя была, якую айцы-езуіты забаранялі. Я сам колькі разоў дапамагаў яму там трупы патрашыць – і людзей, і звяроў. Праўда, без асаблівай ахвоты. Не маё гэта.

Пранціш дасюль памятаў сваё здзіўленне, калі Жылібер падзяліўся светлым успамінам дзяцінства: як патрапіў на ўскрыцце трупа ў анатамічны амфітэатр, і якое захапленне ў яго выклікала відовішча зладжання арганізма знутры.

Шаноўны анатам адзначыў пазногцем радок у адной з папер:

– “Па начах жа пане мой дабрадзею крычаць у сутарэннях тут як душы ў пекле крычаць хто не ведаю але многа так аж мне страшна робіцца асабліва ж як бачыў валакуць у тыя сутарэнні а на галовах мяхі ж уздзетыя”… Тут ужо ёсць за што зачапіцца! Я даўно марыў неяк прыціснуць гэтых прыблудных прагрэсістаў у пудраных парыках. Варта было нешта супраць іх метадаў выказацца ды адпрэчыць запрашэнні – усё… У іх жа хаўрусе – бароны, маркізы ды біскупы. Не разумею, чаму Барталам’ю не заўважае, як ягоныя новыя сябры насамрэч да яго ставяцца, пераглядаюцца пагардліва за спінай, а ў твар – “ге-еній”… А мне ўчора сказалі ў магістраце, калі не саступлю стаўленнікам прагрэсістаў практыку ў шпіталі, не заплацяць за батанічны сад. А я туды ўсе грошы свае ўваліў!

Жылібер стукнуў даланёй па дубовай стальніцы, нібыта спадзяваўся высекчы адтуль, як жарынкі крэсівам з крэменю, залатыя манеты.

– Калі што – застанецца мне торбу цераз плячо ды ў якасці вандроўнага цырульніка ісці зубы ірваць па вёсках, па сантыме за паслугу. А тут такая падстава паноў выкрыць… Тое, што зараз скажу, я гаварыць староннім не павінен, – Жылібер востра зірнуў на суразмоўцу, і Пранціш урачыста пакланіўся, пацвярджаючы – шляхціц таямніцу не выдае.

– У Ліёне дзве масонскія ложы. Адна, дзе больш арыстакратаў, з панамі-прагрэсістамі сварыцца не хоча. У другой, нашай, якая называецца “Дасканалая гармонія”, ёсць тыя, хто дужа не любіць Бяскоўскага, а дэ Варда ненавідзяць яшчэ за ягоныя парыжскія справы.

– А што ён вытварыў? – зацікавіўся Пранціш, якому дэ Вард нагадваў нейкае агіднае марское стварэнне, халоднае, вялізнае і бязлітаснае – слізгае каля цябе ў цёмнай вадзе, і не ведаеш, ці адразу глыне, ці нагу адхопіць.

– У судзе нічога не давялі, але гаворка ішла пра выкраданне дачкі аднаго збяднелага двараніна, – Жылібер скрывіўся, як ад смуроду. – Гэтыя радавітыя вычварэнцы Калігулу ды Нэрона здзівілі б сваймі гнюснымі забавамі.

Пранціш трохі нахмурыўся ад чарговага рэспубліканскага выпаду французскага знаёмца – у спрэчках пра “выраджэнне арыстакратыі” ім ніколі не прыйсці да згоды. Жылібер уздыхнуў.

– Эх, калі б удалося даведацца, чым насамрэч займаюцца ў Таварыстве, ды шум падняць, прынамсі, шпіталь ім не аддадуць. Хто ж туды пойдзе лячыцца, ведаючы, што стане ахвярай бязбожных доследаў? Ды й, магчыма, удасца з горада шалбераў выжыць – з Парыжа дэ Вард і Бяскоўскі не па сваёй волі з’ехалі. І пан Лёднік, калі даведаецца праўду, адумаецца – чалавек ён прыстойны… Але само неба нам спрыяе!

Батанік горача перахрысціўся – Вырвіч успомніў, што той мусіў стаць па волі бацькі святаром, пакуль не падгледзеў цікавае ўскрыццё трупа.

– Я б нічога не намеліўся сам выведваць, а тут у дом дэ Варда ўзялі прыслугай небараку, які абавязаны мне жыццём. Ён пасля траўмы кепска гаворыць, але паны не ведаюць, што гэты лядашчы бядняк, якога ў горадзе ўважаюць за дурылу, умее чытаць і пісаць. Так што Агюст, падслухаўшы, што мяне хочуць знішчыць, сам прапанаваў дапамогу. Але ў судзе з яго сведка, як вы разумееце, ніякі.

Жылібер пацёр рукой лоб з раннімі зморшчынамі. Анатамічныя малюнкі, развешаныя па сценах кабінета ўперамежку з засушанымі раслінамі ў зашклёных рамачках, нагадвалі пра буцвенне, цвіленне, паміранне ды іншыя вартыя для роздуму добрых хрысціян рэчы.

– Калі б толькі месье Барталам’ю Лёднік не быў такім упартым… Адзін спадзеў – вы, месье Вырвіч, яго ўгаворыце, каб разведаў, чым там у сутарэннях займаюцца. Пакуль жа – не хоча і слухаць, што справа Таварыства – з гніллю, ды спасылаецца, што слова даваў, сам не стане лезці ў сакрэты калег. – Калі слова даў – памрэ, не парушыць. Мяне вунь ні разочку з сабой на іх доследы не ўзяў – забаронена, маўляў, старонніх прыводзіць, – задумліва прамовіў Пранціш, а ў душы паступова разгаралася знаёмая жарынка, і вось ужо нішто сабе вогнішча так і паліць прагай новых прыгодаў.

– Я сам усё разведаю! – рашуча заявіў Вырвіч. – Мне не ўпершыню. Уга, у якіх жорнах давялося пабываць! Замкі любыя адчыняю звычайнай шпількай – Лёднік сам вучыў, калі мы пані Саламею ў Слуцкім замку вызвалялі. Зброя мая не хібіць!

Пранціш, як маланка бліснула, выхапіў верную шаблю, якую зваў па імені радавога герба Гіпацэнтаўрам, выпісаў у паветры хітры вензель – ажно засвістала.

– Падумаеш, нейкія падазроныя лекары… Ваш слуга ўпусціць мяне, каб я ў сутарэнні зазірнуў?

Жылібер сярдзіта пераклаў з месца на месца выпускі Венскага медычнага штогодніка, быцам шукаў на іх старонках парады.

– Не, не варта так рызыкаваць… Вы, месье Вырвіч, асоба вядомая – асабліва пасля двубою з пляменнікам біскупа, вас могуць пазнаць. А ў доме – цэлы маленькі гарнізон. Лепей усё-ткі пан Лёднік, як сябра Таварыства…

– Не! – заматаў галавой Пранціш. – Дэ Вард – не дурань, ведае, прызнайся Лёдніку ў нечым злачынным – той ганарыста сыдзе. А паколькі сыходзіць не хоча, учора вунь, пані Саламея распавядала, сядзеў усю ноч ды маляваў схему мозга, дык усе будуць гуляцца ў свае гульні. Бутрым – “не ведаю ні пра што кепскае”, натура як у таго тура, прагрэсісты – “а ў нас і няма нічога кепскага”. Лёднік на тым тыдні збіраецца ў Манпелье, на іхняе зборышча. Повен дом чужога народу наб’ецца. Лёкаі, фурманы, герольды, гардыяны… Калі зловяць – скажу, Бутрыма шукаў па тэрміновай справе.

Прафесар медычнай школы раздражнёна хмыкнуў.

– Як з малітвай праз дрыгву. Давайце дамовімся, вашамосць Вырвіч. Напачатку вы перагаворыце з доктарам Лёднікам. Калі зноў не захоча дапамагаць – што-небудзь прыдумаем.

Думаць ды мудрыць – і вада са студні збяжыць. Пранціш Вырвіч, былы каралеўскі драгун, не збіраўся чакаць. І нават не стаў раіцца з Чорным Доктарам. Сам усё разведае! Вось здорава будзе торкнуць Бутрыма дзюбатым носам у чорныя справы ягоных улюбёных дактароў! А галоўнае – Пранціш моцна баяўся, што ўпарты полацкі Фаўст так і застрагне тут, на чужыне, паглыблены ў навуку, як жамяра ў жывіцу.

Вараннё кружляла над багатым трохпавярховым домам з белымі калонамі, як бы хтось размешваў у небе вялізнай лыжкай варыва з чорных круп. Ну дакладна прытулак нячыстай сілы! Нездарма кляты дэ Вард прыгледзеў для сябе будынак ля развалін амфітэатра, у якім калісьці адны людцы забівалі другіх на пацеху трэцім. Вырвіч бачыў адмысловыя каменныя раўчукі – каб кроў з арэны сцякала. Мусіць, гінулі тут і першыя хрысціяне, аддадзеныя крыважэрным ільвам…

Напэўна, драгуну варта было цяпер адчуваць сябе гэткім героем-пакутнікам, які засоўвае галаву ў пашчу звера, але ён проста гарэў азартам бойкі. Тым больш, з Лёднікам развіталіся нядобра. Пасварыліся так, што пыл курэў. Варта было рэкнуць пра канфедэратаў, Бутрым зноў пачаў вярзці, ён, маўляў, не шляхціц па нараджэнні, у яго свае ўяўленні пра гонар, і кідацца ў крывавую калатнечу, ад якой пакутаваць зноў простым людзям, ён не абавязаны. А ўдасканальваць сваё лекарскае майстэрства якраз абавязаны. Вырвіч выкрыкнуў, што прагрэсіўныя дактары, з якімі Лёднік сваё майстэрства ўдасканальвае, зграя злачынцаў і распуснікаў. Бутрым забубнеў, што маніпуляцыі з мазгамі не парушаюць волю Госпада, прышчэпак ад воспы баяліся, верылі, што ад іх людзі ператвараюцца ў кароў. Барон дэ Вард, можа, і непрыемны, і з арыстакратычнымі забабонамі, а доследы аплачвае, і вынікі ўнікальныя. Пані Саламея ўмяшалася – і ёй перапала. Полацкі Фаўст заявіў, што ён пабыў ужо чужой рэччу, і хапіла. Нікому не дазволіць перашкаджаць сваім навуковым пошукам ды ўцягваць у шляхецкую палітычную тузаніну.

І дзвярыма на развітанне амаль ляснуў – стрымаўся, каб дачушку не спалохаць.

Бізуноў бы дурню ўсыпаць…

Пад старым каштанам катрыншчык у саламяным капелюшы накручваў нашмараваную да залатога бляску ручку свайго інструмента, упрыгожанага райскімі пейзажамі:

Вырвіч успомніў, як спявалі лірнікі ў Менску пад вокнамі канвента езуіцкага калегіума падобную ж песню, пра тое, як сястра забіла сястру з-за гожага рыцара. Толькі тут адна другую ўтапіла, а там яны збіралі ў лесе маліну. А прыпеў гучаў “Грай, пастушку, грай”. Дзе той Менск, дзе тая Беларусь…

Пранціш доўга звыкаў да тутэйшай спёкі – не паходзіш у шапцы з дыяментавым гузам, як належыць шляхціцу. Дамы ўсе каменныя, са светлага пясчаніку, не саломай крытыя – чарапіцай… Нідзе сумленнай драўлянай хаціны не пабачыш! Вуліцы ў мястэчках вузкія і цёмныя, часам вершніку не праехаць. Таполі тут раслі змрочныя, як надмагільныя стоды. Асабліва раздражнялі вока кіпарысы. Нібыта трохі і падобныя да беларускага ядлоўцу, але Пранцішу яны нагадвалі цёмныя лісіныя хвасты. Стаіліся на ўскрайку поля вялізныя лісіцы, вось-вось кінуцца на вандроўніка.

На цэрквачцы ўдарыў звон… Цэрквачка была прысвечаная Святому Роху. Будучы святы нарадзіўся тут, у Манпелье, і ад нараджэння меў знак у форме чырвонага крыжа на грудзях. У свой час святому ўдалося ацаліцца ад чумы, і ён жа ратаваў ад яе іншых. Таму й лічыўся найлепшым абаронцам ад пошасці, а таксама апекуном хірургаў. Цікава, ці апякуецца ён такімі, як Бяскоўскі? На месцы шаноўнага святога Вырвіч пульнуў бы ў падазронага доктара маланкай…

Пляц перад домам дэ Варда, палова якога была аддадзеная для патрэб д’ябальскага Таварыства, увесь застаўлены карэтамі. Пранціш угнуў галаву ў плечы, нацягнуў капялюх з абвіслымі брыламі на самыя вочы. Пад шырокім каптанам вельмі зручненька схаваліся шабля ды пісталет. А спякота сёння – пот ажно слепіць. Дзверы чорнага хода лёгка адчыніліся перад пасланцом з лаўкі зяленіўшчыка – а менавіта такую ролю ўзяў на сябе спрактыкаваны шпег Вырвіч, не паленаваўся цэлы мех з арцішокамі прыцягнуць.

Але калі ў камору прыдыбаў Жылібераў шпег Агюст, Пранціш ледзь не расчараваўся ў сваёй задуме. Гледзячы на пляскаты твар слугі – як па патэльні носам вазілі, а вочы пазіраюць адно на зайца, другое на варону, цяжка ўявіць, што гэты чалавек здатны на штось разумнейшае за цяганне мяхоў.

Але Агюст, які закрумкатаў-замыкаў штось сапраўды няўцямнае, падміргнуў шпегу цалкам разумна, і схітрыўся зрабіць так, каб іхнія манеўры ў бок лесвіцы да сутарэнняў засталіся незаўважанымі. Хаця ў доме сапраўды тоўпілася шмат люду, як на кірмашы, і некаторыя, апранутыя ў венгерскія касцюмы, плячыстыя, са спаласаванымі старымі шнарамі абліччамі, з пісталетамі ды шпагамі за паясамі, дакладна не былі ні лёкаямі, ні кухарамі…

У адным са шматлікіх калідораў пачулася водгулле вучонага дыспуту, нібыта пчолы ў вуллі, куды сунуў нейкі дурань палку… Ці не з’яўляецца гэтым дурнем мнагамудры прафесар Баўтрамей Лёднік – вось ужо хто любіць цвеліць вучоных калегаў! Апошні раз на дыспуце ў Ліёнскай медыцынскай школе пачаў заступацца за венскага доктара Аўэнбругера, што напісаў трактат, як пры дапамозе выстуквання грудной клеткі выяўляць схаваныя хваробы. Небараку Аўэнбругера за ягоную “перкусію” ў Вене высмеялі ды зганьбавалі так, што звар’яцеў і трапіў у лячэбніцу. А тут Лёднік давай даказваць слушнасць ягонай методы! А Чорнага Доктара не збянтэжыш нападкамі, у яго на кожны аргумент – сваіх дзесяць… Ледзь не пабіліся!

Лесвіца, ужо не засланая дыванамі, як у доме, цёмная, з шурпатых каменняў, вяла ўніз, у цемру. Пранціш адчуў сябе фларэнтыйскім паэтам Дантэ, якога валачэ ў чысцец па крутых прыступках касавокі Вяргілій. А той даволі спрытна адчыніў хітры замок на абабітых жалезнымі палосамі дзвярах унізе… Сунуў Пранцішу ў руку ліхтар і, перш чым сысці, так-сяк паказаў на пальцах, удакладняючы мыканнем: вернецца праз чвэрць гадзіны. Шпацыр госця мусіць быць кароценькім, як заляцанні багатай удавы да збяднелага шляхцюка.

Назад Дальше