Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата - Людміла Іванаўна Рублеўская 6 стр.


Вырвіч, усё-ткі некалькі імгненняў счакаўшы, каб канчаткова прыдушыць ганебную гадзюку страху, націснуў усёй даланёй на створку дзвярэй. Тая падалася наперад са здрадлівым рыпеннем. З цемры прагалу пацягнула смуродам, як сапраўды са звярынца, а яшчэ чамусьці – гнілымі водарасцямі.

А потым…

А потым Вырвіч адплюшчыў вочы і зараз жа зноў заплюшчыў, бо сонца разанула па зрэнках, як татарын па горле баранчыка. Ад даволі адчувальнага пагойдвання цягнула на ваніты…

Пранціш усё-ткі прыўзняў павекі – далібог, хоць манетамі іх падпірай. Над ім абыякава плылі аблокі, сінела неба, спакойнае, як тапелец… Побач пацоквалі капыты, колы падскоквалі на каменьчыках – значыць, ён у экіпажы… А ў горле ўтварылася шостае кола пекла, у якім, згодна Дантэ, ляжаць у распаленых вогненных магілах блюзнеры ды эпікурэйцы. Лёднік, праўда, паблажліва ставіўся да Эпікура, якога лічыў цікавым філосафам: усё на свеце створанае з драбнюткіх часцінак – атамаў, і існуюць толькі іхні рух і пустэча. Бязбожнік, цьху!

Лёднік! Прагрэсіўныя дактары! Сходка ў доме дэ Варда!

Пранціш нарэшце прыўзняўся – свет загайдаўся, як русалка на вярбе. Гэтак смажыла ды вяло ўбакі, калі выпіў тры збаны такайскага віна з адным нясвіжскім войскім, што з’ехаў пасля паразы Пане Каханку за мяжу ды раптам прыжаніўся ў Ліёне. Вось і паўспаміналі землякі Беларусь ад душы…

– Як пачуваецца месье? – пачуўся збоку клапатлівы, але з прыхаванай насмешкай голас. Пранціш вылупіўся, як мог: злева ад яго сядзеў пан Альфонс Бяскоўскі ва ўсёй даўгалыгай красе.

І яшчэ адзін знаёмы голас:

– Горачка якое, набраўся ягоная мосць, як жаба гразі…

А гэта азваўся Хвэлька. Вунь яго спіна наперадзе, там, дзе месца фурмана. Значыць, брычка Лёднікава, а дзе сам доктар?

– Адплыў на Яву, – ветліва адказаў на пытанне Бяскоўскі. Пранціш ажно трохі ачуняў.

– Як гэта? Калі? Чаму?

– А што, пан нічога не памятае?

Вырвіч з цяжкасцю прысеў. Галава была, як цэбар з пяском, так і цягнула зноў прылегчы.

– Вы мне, вашамосць пан Бяскоўскі, мякіну не церушыце… Не мог Лёднік з’ехаць, не развітаўшыся!

– Ну чаму – не развітаўшыся? – здзекаваўся паскудны Альфонс. – Яшчэ як развітаўся! Няўжо і гэтага не памятаеце? А мне мой бацька распавядаў, што ў Рэчы Паспалітай добра піць умеюць…

– Я не піў! – абурана заявіў Пранціш. Бяскоўскі ўдавана скрушна ўздыхнуў.

– Я заўсёды казаў, што такайскае, закупленае ў дэ Фруа, пасля пэўнай колькасці адбівае памяць. Дык вось, шаноўны пан Вырвіч, учора вы ўварваліся ў дом ягонай мосці барона, проста ў лабараторыю ў сутарэннях, дзе мы абмяркоўвалі вынікі чарговай аперацыі. Пачалі шумець і патрабаваць, каб месье Лёднік зараз жа адпраўляўся з вамі на радзіму, ваяваць… Прабачце, не памятаю, з кім і за што. Месье Лёднік узлаваўся… Барон, каб спыніць спрэчку, запрасіў усіх за стол, дзе вы і паказалі, як павінен частавацца сапраўдны шляхціц. Вы так абражалі свайго сябра, што ён заявіў – зараз жа адпраўляецца разам з месье Перэсам на карабель, які адплывае раніцай на востраў Ява. А паколькі месье Барталам’ю чалавек гарачы, і такайскага таксама выпіў, дык мы вас ледзь расцягнулі. Вы доктару шабляй твар падрапалі, ён вас кулаком па вуху прыклаў…

Вырвіч памацаў вуха: а-ёй, сапраўды баліць, распухла…

– Ды вы не хвалюйцеся, доктар дзесьці праз год вернецца. Ну, можа, праз два.

Туман перад вачыма разамгліўся, усё бачылася выразна, як дуля перад носам. Вось толькі нічогенька з таго, што расказваў Бяскоўскі, не вымалёўвалася ў памяці.

– Вы маніце, вашамосць!

Рука сама пацягнулася да шаблі… Гіпацэнтаўр аказаўся на месцы, пры левым баку. Бяскоўскі не змяніўся ў твары.

– Дарую вашу гарачнасць, пан Вырвіч. Вам зараз вельмі нядобра… Але пан Лёднік ясна сказаў, што больш бачыць вас не хоча.

Хвелька павярнуў засмучоны твар.

– Праўда, вашамосць! Пан доктар з дзвярэй толькі высунуўся, злосны-злосны і абдрапаны, сказаў, каб я вас адвёз да пані Саламеі… І ліст мне для пані перадаў. А вы такі былі… Увесь віном абліты. Дзякуй ягонай мосці пану Бяскоўскаму, што паехаў вас праводзіць. А божачкі мае, што ж я пані Саламеі скажу… – гэта Хвэлька ўжо мармытаў сабе пад нос. – Бедная мая пані! Бедныя дзеткі! Толькі прыехалі пані з дачкой, напакутваліся дарогай… Гэта ж успомніць – карэты праклятыя ламаюцца, паненачка захварэла, давялося на караблі плысці… А пана шчэ далей панесла, да дзікуноў! Папёр як ад пугі… І што ягоная мосць Вырвіч яму нагаварыў?

Пранціш бяссільна адкінуўся на сядзенне. Пачуццё віны, злосць на ўпартага Лёдніка… Давёў алхімік усім, што вольны! Зараз, відаць, ужо шкадуе – кінуў жонку, дзяцей… А куды з карабля сярод мора падзенешся? Наступны раз зойдуць у порт, добра калі ў Танжэры. Хіба што Лёднік дадумаецца на першым жа прыпынку сысці ды вернецца да сям’і?

Гэта Пранціш ужо меркаваў перад пані Саламеяй. Хадзіў туды-сюды, прамаўляў, як Станіслаў Аўгуст на сойме, пераконваючы шляхцюкоў адмовіцца ад права ліберум вета… Доктарава сядзела, сціскала тонкія пальцы так, што збялелі. У лісце, перададзеным ад Бутрыма Хвэлькай, было ўсяго некалькі спехам напісаных радкоў. Даруце, маўляў, не хвалюйцеся, вярнуся, але не магу ўпусціць такі шанец – пабачыць надзвычайныя медыцынскія здольнасці тубыльцаў Інданезіі.

Каб тым тубыльцам шашаль пяты патачыў з іхнімі медычнымі цудамі…

– Як жа ён… Праз два акіяны… У яго ж марская хвароба… Напакутуецца. І лекаў з сабой не ўзяў… – нейкім змярцвелым голасам прагаварыла пані. І Пранцішу – як нажом па сэрцы. Трэба ж, не пра сваю крыўду – а пра здароўе збеглага мужа думае.

Вось Алесік крыўды не хаваў. Здавалася, ён цяжэй за ўсіх перанёс раптоўны ад’езд бацькі. Прагаварыў толькі адно:

– Ён слова даў скончыць са мной дослед. Шляхціц не мусіць слова парушаць! Гэта ганьба!

І больш пра татку не гаварыў, зацяўся ды слёзы крадма выціраў. Аднойчы толькі слоікі свае з нечым жывым і незразумелым паразбіваў.

Лета штурхала перад сабой па пыльнай дарозе сонечны вазок. А Саламея і Пранціш вынайшлі тужлівую гульню: усё разважалі, чым зараз мог бы займацца Баўтрамей Лёднік… Вось ён на караблі, разглядае ў падзорную трубу паўднёвыя зоры. Лечыць прыхварэлага матроса. А можа, зашыўся ў кут каюты, і яго самога ванітуе – не пераносіў полацкі алхімік марской гайданкі. А цяпер ён, напэўна, ужо бачыць бераг Афрыкі. Карабель прычаліў, набегла мурынаў, прынеслі мяняць нешта цікавае – слановыя біўні, каралы, какосавыя арэхі на шкляныя пацеркі, самыя надзейныя грошы ў экзатычных падарожжах. А цяпер павінен быў і да Явы даплысці…

Ці шчаслівы там доктар, ці знайшоў, што хацеў? Пранціш уяўляў апантаных пілігрымаў, што не данеслі да свае мэты галоўнага – чыстага сэрца, і таму не ўбачылі Грааля.

Ліст прынеслі толькі аднойчы. Скамечаны, пажаўцелы… Пані Саламея, калі думала, што ніхто не бачыць, прыціскала паперу да твару, быццам хацела надыхацца аднымі пахамі з мужам, адчуць дотык рукі, што выводзіла літары… Бо з самога ліста нічога нельга было толкам даведацца: тыя ж “не хвалюйцеся” ды “прабачце”.

А справы ішлі ўсё горш… Пан Жылібер, падобна, расцаніў ад’езд Лёдніка як здраду, і з Пранцішам вітаўся вельмі холадна. Можа, не паверыў і ў тое, што Вырвічу нічога разведаць не ўдалося. Тым больш Агюст знік, як сабака на кірмашы: слугі распавялі, сабраў клунак ды падаўся да нейкай далёкай радзіны ў Праванс. Што было цалкам зразумела.

Пацыенты, кінутыя ліцвінскім доктарам, абураліся і, вядома, іх кашалькі і здароўе патраплялі ва ўладанне іншых эскулапаў.

Праўда, тыя хворыя, што не мелі напханых кашалькоў, – ткачы, вугальшчыкі, ды проста жабракі, па-ранейшаму цягнуліся да дзвярэй Чорнага Доктара ў спадзеве на бясплатны ратунак, і маглі задаволіцца лекарскімі ўменнямі ягонай жонкі. Але ж ясна – даходу ад гэтага было не больш, чым зерня ад сурэпкі, хіба хтось з пацыентаў аддзячыць кошыкам яблыкаў ці мяшком вугалю.

Затое Альфонс Бяскоўскі працвітаў. На голую галіну знойдзецца крумкач. Нават у Ліёне, дзе сваіх дактароў як кіем набіта, расказвалі казкі пра цуд-аперацыі, якія пан дасканала ўмее рабіць, нават лепей, чым мог зніклы Чорны Доктар. Да Бяскоўскага і кардынал прыязджаў на кансультацыі, і яшчэ – дзве фаварыткі караля! Праўда, у старога Людовіка Пятнаццатага, асабліва пасля смерці мадам дэ Пампадур, гэтых фаварытак цэлае паселішча адмысловае распладзілася ў Версалі, як у якогась усходняга султана. Любая шылахвостка магла прыстроіцца туды паўлінам хвасты круціць, і нават калі кароль толькі аднойчы хіба ўшчыкнуў яе за дупу, строіла з сябе ледзь не каралеву. Нездарма людзі бунтаваліся – арыстакраты ўбівалі шалёныя грошы ў шаўкі-пудраныя парыкі, адзін капялюх мог каштаваць даражэй за дом простага француза… А той француз яшчэ кучу дурных падаткаў плаціў. Прыкладам, на соль. Кожны мусіў закупляць на год сто фунтаў солі, але забаранялася карыстацца ёй, скажам, каб назапасіць мяса ці гуркі… Хоць прыгаршчамі, але толькі еш! А забарона гандляваць хлебам паміж правінцыямі – нават калі дзесь галадаюць, а праз пару міль булкі чарсцвеюць… Вальтар’янец Жылібер неяк наспяваў горка-жартоўную песеньку, у якой пералічваліся розныя падаткі: “Пяаж, бараж, куцюм, эталаж, лэд, афараж, анаж, шаблаж, гурметаж, танлье, руаж, бушэры, эталанаж, шэ-мінаж, курбаж, ванажы бюісанаж”… Не менш, чым у Рэчы Паспалітай: падымнае, падарожнае, чынш, дзякла, рэйтаршчына, стацыя, жарнавое, лясное, чапавое і гэтак далей. Як любіў бурчэць сын гарбара Лёднік: “Дагуляюцца пудраныя парыкі, прыйдзе на іх мясцовы Вашчыла з віламі!”

Як гэта ў яго сумяшчалася з сяброўствам з “пудраным парыком”, баронам дэ Вардам?

Адзначылі дзень народзінаў Сафіі Баўтрамеевай Лёднік – два годзікі прыгажуньцы. Атрымала ў падарунак парцалянавую ляльку, зараз жа прырабіла ёй крылцы з марлі. І кінула дзеля цікавейшага: старэйшы брат падарыў жывую чарапаху, і Сафійка цягала яе паўсюль і цалавала ў гідкую маршчыністую пыску.

Краем вуха Вырвіч чуў, што адзін з дактароў-прагрэсістаў, які выкладаў ва ўніверсітэце, зрабіў цікавы даклад: вынайшаў новы спосаб лячэння падкаленнай анеўрызмы. Вось бы полацкі доктар у дыскусіі паўдзельнічаў – сам жа калісь гэтай тэмай займаўся.

А пад канец лета прыйшоў ліст з Варшавы, ад князя Антонія Тызенгаўза. Той пісаў, што раз доктар Баўтрамей Лёднік адмовіўся ад даручанага яму задання і не збіраецца вяртацца ў Гародню, яму перастаюць выплачваць пенсію. А ўжо выплачаныя грошы належыць вярнуць, а гэта дзве сотні талераў.

Даклалі добразычліўцы пра ўцёкі Чорнага Доктара.

Вось гэта была параза, як у туркаў пад Хоцінам. Франсуа Рабле, вядома, сказануў неяк, што няма такога багацея, які б ніколі не пазычаўся, і такога бедняка, у якога ніколі нельга пазычыць. А гонар дурны ліцвінскі куды падзенеш? Такія змардуюцца – не папросяць. На зберажэнні, якія пакінуў Лёднік, доўга не працягнеш… Пранціш лічыў, што лепей Саламеі з дзецьмі і Хвэлькай пераехаць да яго – здымаў кватэру каля вайсковай школы, дзе выкладаў, не харомы – але два пакоі маюцца. Ну і на ягоны заробак з голаду не памруць. Узяць яшчэ некалькі радавітых цюхцяяў у вучні, паабяцаўшы зрабіць з іх геніяў фехтавання… Дзякуй Лёдніку – натрэніраваў у свой час.

А вось што далей? Забраць з сабой пані Саламею, калі канфедэраты адправяцца на радзіму? Але доктарава пакуль пра гэта і слухаць не хацела… Бутрым жа павінен вярнуцца! Дый на радзіме паўставала пытанне пра доўг у дзве сотні талераў!

Калі пані Саламея пакавала куфры, каб перабрацца да Вырвіча, з’явіўся сам дэ Вард, з лёкаем ды цяжкой кульбачкай, упрыгожанай дыяментамі. Выпіў нетаропка гарбаты. Распавёў пра дзівосныя расліны Інданезіі. Прапанаваў заплаціць за дом, ну і ўвогуле прызначыць жонцы шаноўнага доктара Лёдніка прыстойнае грашовае ўтрыманне. Вочы барона льсніліся так непрыемна, што й гадаць не трэба было, якой удзячнасці хоча. Саламея, ясна, ганарліва адмовілася. А барону што? Толькі ўсміхнуўся: паскачы, пасвішчы, птушачка, цябе ўжо накрылі сілом.

Праўда, і ў дзіравы нерат можа патрапіцца шчупак. Раптам да мадам Лёднік заявіўся сам банкір з выбачэннямі: аказваецца, на яе імя зроблены вялікі ўклад, і за дом на год наперад заплачана, і за навучанне малодшага Лёдніка ў школе. І не, барон дэ Вард тут ні пры чым.

Пранціш толькі рукамі развёў: няўжо Бутрым расстараўся? Не падазраваў за ім такой дзелавой жылкі. І наставалі часы, якія апісваў Скарына-Палачанін, астролаг не горшы, чым у свой час Лёднік: «Сего году не будеть гібелі солнца ані месеца, но будет соітіе всех седмі звезд, блудящих во знамені небесном, в Рібах, месеца февраля. Оні же напотом, естлі господь бог допустіть, велікое премененіе царств, законов, людей і всех на землі і во водах родящіхся быті знаменують, яковое ж прежде тым не бывало».

Раздзел трэці. Пастка для Чорнага Доктара

Алхімікі ведаюць, што перад атрыманнем філасофскага каменя ёсць стадыя нігрэда. Чорны воран яе ўвасабляе, дзюбаты ды пахмуры.

Не дужа прыемная стадыя, трэба прызнацца. Усе рэчывы распадаюцца, змешваюцца ў штось чорнае, як дзёгаць. Калі майстар умелы, з гэтай неапетытнай кашы атрымае малы эліксір, здольны ператвараць нізкія металы ў срэбра ды золата.

А можна і застацца са сваім дзёгцем… Загразнуць у ім, марачы ўжо не пра золата, а пра чыстую лапінку, каб хоць нагу паставіць.

Чорны воран, Чорны Доктар, спрэс нігрэда ў сэрцы Лангедока. Лістота каштанаў даўно страціла яркі зялёны колер, пагрубела, пацямнела і нават пачала ржавець на самых краёчках…

Ні калівам не падобны да ворана новы вучань настаўніка фехтавання з Манпелье пана Вырвіча, немалады жыццярадасны купчына Жак, які набыў патэнт на дваранства і з гэтае прычыны вырашыў навучыцца высакароднаму мастацтву фехтавання, сцягнуў з круглага твару маску з дроту.

– Вох, месье, не хацеў бы я сустрэцца з вамі на полі бойкі! Ну вы ж і спрытны!

Вырвіч трохі скрывіўся. Раней нізавошта не згадзіўся б вучыць такога плебея. Але зараз трэба было пракарміць чатырох чалавек, носам не пакруціш. А купчына ўсё радасна тарахцеў:

– А я ж дагэтуль увогуле зброі ў руках не трымаў. Толькі марыў. Мяне ж у дзяцінстве яшчэ скалечыла – у лаўцы бацькі сунуў руку пад вагі, на якіх мяхі з цукрам узважвалі… Косткі зрасліся, але ўся даланя была скручаная, як сухая курыная лапа. А цяпер – вось! – новаспечаны шэвалье Жак дэ Сягюр махнуў направа-налева шпагай, як быццам перакрэсліваў сумнае прасталюднае мінулае. – Віват доктару Альфонсу Бяскоўскаму!

Пранціш ледзь утрымаўся, каб не сказаць якую гадасць: носяцца з лупавокім Альфонсам, як чорт з бубнам.

– І як ён вам руку вылечыў? Масаж? Мазь?

– Аперацыя! – пахваліўся купчына. – Грошы шалёныя аддаў, два месяцы з заматанай рукой хадзіў, затое цяпер – як новую прырабілі! А дагэтуль жа ніводзін доктар ні за якія грошы не браўся маё калецтва выправіць! Раілі, вядома, пайсці да Барталам’ю Лёдніка з Ліёна – але патрапіць да яго амаль немагчыма было, ён толькі цяжка хворых зрэдзь прымаў. А я – што, не паміраў жа…

Дэ Сягюр надзьмуўся, як індык, відаць, успамінаючы старую крыўду.

– Смеццяра з нашай вуліцы дык без чаргі той доктар прыняў, бясплатна нагу з кавалачкаў склаў гэтаму смердзюку, якога карэта шаноўнага маркіза пераехала. Ткачы да яго хадзілі з мануфактур, абадранцы. А я столькі грошай прапаноўваў, але… Дый да лепшага, што не патрапіў на прыём. Прызнацца, – купчына няёмка хмыкнуў, – дужа мы з жонкай Чорнага Доктара баяліся. Я яго толькі на вуліцы здалёк пабачу – і сэрца ў пяты…

Пранціш з цікавасці пасунуўся паглядзець на ацалёную канечнасць: усё-ткі Лёднік у свой час і Вырвіча спрабаваў далучыць да лекарскага майстэрства і за падобныя аперацыі браўся з цікавасцю. Любіў, як казаў, “тонкую працу”… І ў былога каралеўскага драгуна пераняло дыханне. Ён мімаволі ўхапіў караткапалую руку шэвалье, наблізіў да вачэй: гэткі спосаб сшываць раны, каб заставалася менш шнараў, вынайшаў сам Лёднік. А вось так замацоўваць сухажыллі – гэта ўвогуле адмысловы штрых Бутрыма. Ён сам Пранцішу гэты прыёмчык паказваў, а той так і не засвоіў.

Назад Дальше