Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата - Людміла Іванаўна Рублеўская 8 стр.


– Я – не адзін з вас, – цвёрда прамовіў Лёднік. – Я моцна памыліўся, лічачы, што вы шчыра апякуецеся навукай. І рабіць аперацыі на мозгу больш не буду. Але даводзіць мяне да стану гэтага небаракі, – кіўнуў ён у бок нерухомага волата, – вам няма ніякай карысці.

Дэ Вард варухнуў густымі бровамі.

– Сапраўды, нішчыць такі розум і ўменні, як у вас, марнатраўства. Разумных рабоў варта добра карміць і прыстасоўваць да справы.

Барон прайшоўся вакол Лёдніка, аглядаючы, як купец – тавар.

– Расказвалі мне, як некалькі год таму нейкі містэр Айсман, хударлявы, чарнавалосы ды спрытны, выйграў турнір у Лонданскім байцоўскім клубе і на выручаныя грошы выкупіў таемную лабараторыю доктара Дзі… А яе мог знайсці толькі майстар, які адладзіць створаны доктарам Дзі механічны аўтамат у выглядзе лялькі. Пасля містара Айсмана расшуквалі за забойства ягонай каханкі лэдзі Кларэнс, а ён бясследна знік. А шкада, нам якраз дужа патрэбны добры механік, адладзіць старажытны механізм. Але, магчыма, Айсман і Лёднік – не такія ўжо розныя людзі…

Вось гад, здзекуецца – ведае дакладна, што Лёднік і быў тым Айсманам, і сапраўды адрамантаваў ляльку па імені Пандора, атрыманую ў спадчыну ад вялікага гетмана Міхала Казіміра Рыбанькі… Вось толькі лэдзі Кларэнс забілі зусім іншыя людзі… І ці не тыя, ад каго ў паскудніка дэ Варда гэтыя звесткі? І ці не прысутнічае Пранціш у якасці міжвольнага памагатага пры тым, як зашчоўкваецца хітра і доўга ладжаная пастка на адмысловага, але надта натурыстага майстра, лекара ды знаўцы навук таемных Баўтрамея Лёдніка? Барон не хаваў задавальнення:

– Што ж, месье Лёднік, не хочаце заставацца на баку гаспадароў – калі ласка, у рабы! Напішаце жонцы ліст, што адпраўляецеся заўтра на Яву… Шэвалье дэ Перэс, пацвердзіце пасля гэта.

Чарнявы шчуплы пан у вялізным парыку – галава як дзьмухавец – коратка пакланіўся. Пранціш успомніў, што нейкі доктар Перэс сапраўды мусіў раніцай адплываць у экспедыцыю.

– Вы знікнеце для ўсяго свету. Страціце імя і аблічча. Мы будзем называць вас… Як?

– Ды ён да Скарамуша падобны! – выгукнуў пагардліва шчакасты пан у раскошна вышытым камзоле – здаецца, банкір з Манпелье?

Вырвіч, каб у другіх абставінах, хіхікнуў бы – сапраўды, персанаж мясцовага тэатра масак Скарамуш, худзючы, насаты, чарнявы, задзірысты ваяка, на якога сыпаліся бясконцыя кухталі ды палачныя ўдары, страшэнна нагадваў полацкага Фаўста.

– Ну вось, месье Лёднік, як Скарамуш, вы назаўсёды застанецеся ў гэтым доме. А ваша сям’я, разам з нахабным маладым чалавекам, будзе мірна вас чакаць, потым забудзецца на збеглага мужа і бацьку… Затое шаноўны доктар захавае свае прынцыпы.

Лёднік упарта сціснуў вусны. Пранціш памятаў, як калісьці, калі доктар адмовіўся ад магіі, алхіміі і астралогіі, ягоны крэдытор пан Агалінскі цэлы год не мог ніякімі бізунамі і кухталямі змусіць неслухмянага раба складаць гараскопы.

– Я згодны. Толькі адпусціце хлапца і не чапайце маю сям’ю.

– Тады вы павінны самі вырашыць свой лёс. Здзелка мусіць быць сумленнай!

Па знаку барона звераваты слуга ў чорным балахоне з нашытымі залатымі змеямі з галовамі пеўняў паднёс Баўтрамею просты драўляны куфэрак. – Ну, смялей, Скарамуш! – весяліўся барон, людзі ў зале ажно выцягнулі шыі, назіраючы драматычнае відовішча, як у тэатры.

Лёднік адкінуў накрыўку і на імгненне застыў. У куфэрку ляжаў разамкнуты жалезны ашыйнік.

– Можа, усё-ткі лепей – вялікія грошы, слава, тытул баранета, цікавыя навуковыя доследы, шыкоўныя ўборы для гожай жонкі і бліскучая адукацыя для дзетак? – мякка папытаўся дэ Вард. Пранціш замыкаў, як мог, заварушыўся, хоць сам не ведаў, што ў такой сітуацыі падказаць. У цёмных вачах Лёдніка мільгануў жах – Вырвіч ведаў, наколькі доктар, пабыўшы ўжо рабом, цаніў волю, – але рукі ягоныя не дрыжэлі, калі ён узяў з куфэрка ашыйнік і зашчоўкнуў яго на сваёй шыі.

А далей зноў карцінка перад вачыма драгуна знікла, і пачалася выратавальная цемра, нігрэда, якое здаецца бясконцым, у якім толькі горыч ды гніенне.

Раздзел чацвёрты. Як Пранціш сарацынам зрабіўся

Кажуць, што язмін прынесла на зямлю багіня Афіна… І надае ён мудрасці. Праўда, калі герцаг Тасканы, якому належаў адзіны ў Італіі куст язміну, забараніў прадаваць яго парасткі, садоўнік закахаўся і… куды тая мудрасць ды асцярога дзяюцца, калі закахаешся? І ззяюць цяпер сузор’і белых кветачак па ўсіх гародчыках свету…

Пранціш Вырвіч, аднак, адчуваў, што больш язмінавы куст з вохкімі кветкамі не выкліча ў яго рамантычных пачуццяў. Пранціша Вырвіча ванітавала.

Ці ад зелля з язмінавым пахам, ці ад таго, што ўспомніў.

Саламея клапатліва абцерла драгуну, які ледзь прыўзняўся з падлогі, твар мокрай анучкай і падхапіла пад руку.

– Паспрабуйце ўстаць, пан Вырвіч… Што, так кепска вам?

– Кепска? Мне? – Пранціш сплюнуў на падлогу і горка, страшна засмяяўся. – У параўнанні з нашым мудрым Бутрымам – я проста ўладальнік папараць-кветкі! На зоры, халера, ён глядзіць з палубы… Па джунглях гуляе…

Арыстоцеля звычайная гетэра змусіла вазіць яе на спіне – мудрасць бяссільная перад чалавечымі слабасцямі. Пранціш, хапаючыся за збалелую галаву, хадзіў туды-сюды перад уражанымі слухачамі.

– Так што ўсе гэтыя цуд-аперацыі за Бяскоўскага робіць Лёднік. На ўсялякі выпадак – раптам пацыент ачомаецца – змушаюць яго захутвацца да вачэй… А вось колер яго воч не памяняеш. Упэўнены, што й тое вынаходніцтва з падкаленнай анеўрызмай ён сваім гаспадарам аддаў.

– А я думаў, чаго гэта раптоўныя пробліскі генія ва ўсялякіх няздараў! – з горыччу прамовіў Жылібер. – На тым тыдні яшчэ адзін, гэткі доктар Баландзоне з камедыі масак, парадаваў дакладам пра асаблівасці крывацёку. Таксама з Таварыства прагрэсіўных нягоднікаў…

– І ў нас дэкан факультэта хваліўся, што ў Таварыстве прагрэсіўнай медыцыны пра новае ўжыванне аканіту даклад будуць рабіць, і яго запрасілі паслухаць, – ціха дадаў будучы фармацэўт Давыд Ляйбовіч, бледны прыгорблены юнак з вечна здзіўленымі цёмнымі вачыма – ён увогуле гаварыў усё ціха, нібыта ўслухоўваўся ва ўласныя словы. – А я ведаю, што доктар Лёднік яшчэ ў Полацку пра аканіт артыкул напісаў.

Саламея ўскочыла, ламаючы рукі:

– Мы тут сядзім, а яго, магчыма, катуюць! Забіваюць! Калечаць!

Палачанка была здатная і на штурм палаца пайсці. Давыд скасавурыўся і нават трохі адсунуўся ад ваяўнічай кабеты. Пранціш пастараўся супакоіць пераляканую саламяную ўдаву:

– Нічога з ім не зробяць. Бутрым – курка, якая нясе залатыя яйкі. Дэ Вард сам жа адразу сказаў, што добрых рабоў належыць берагчы. Яны ж ведаюць – Бутрым нізавошта не нашкодзіць пацыенту, нават дзеля ворага са скуры вылузаецца, абы вылечыць… І дурман ім трэба, каб нехта варыў, ён жа не захоўваецца доўга, не назапасіш. І ідэі Бутрымавы, колькі красці будуць – у яго новыя з’явяцца. І пра нейкі паламаны механізм згадвалі… Ён ім дужа, дужа патрэбны! Настолькі, што, думаю, яны самі пастараліся загнаць яго ў такую пастку, каб згадзіўся ім слугаваць.

Пранціш у адчаі стукнуў кулаком па цяжкой шафе, так што слоікі ў ёй спалохана зазвінелі.

– Вы думаеце, яны адразу планавалі менавіта такі сыход? – трывожна папытаўся Жылібер. Вырвіч змрочна хітнуў галавою.

– Вельмі верагодна. Наўрад паны спадзяваліся, ведаючы Лёднікавы погляды, яго захапленне вашымі Русо-Вальтэрамі, што ён рынецца на абарону ўлады арыстакратыі з малатком наперавес. Пралічылі, што чужынец, бязродны, ніхто не заступіцца, з самымі ўплывовымі землякамі ў Францыі пасварыўся… За сям’ю будзе баяцца… А тут яшчэ і я ім патрапіўся.

– Божа ж мой… – схапіўся за галаву Жылібер. – А ці не было данясенне Агюста часткай іхняга плана? Каб у дом вас заманіць…

Абодва прыгнечана замаўчалі. Канешне, пэўнасці не мелася – але раптам развялі драгуна ды батаніка, як шчаўлікаў? Затое хапіла ім розуму не пайсці ў абдоймы прагрэсістаў, а Чорны Доктар…

– І вось жа здаецца, сталы чалавек ваш Лёднік – а злавіць яго проста, як бяскрылага матылька… – з прыкрасцю прамовіў Жылібер.

– Не першы раз, – паныла засведчыў Пранціш. – Да апошняга будзе сябе падманваць, потым як раскаецца – і ўсё… Валі, меч, маю галаву. Ніякіх пагадненняў.

За вокнамі дома з зялёнымі аканіцамі сеяўся дробны дождж праз жоўтыя далані каштанаў, занадта нішчымная міласціна, каб паспрабаваць яе ўхапіць. Саламея бліснула сінімі вачыма:

– Я не буду чакаць! Пайду ў суд! Бутрым жа ліёнскага пракурора ад смерці выратаваў…

– Які суд, Саламея? – сумна спыніў яе Вырвіч. – Той пракурор з прагрэсістамі шампанскае піў, калі яны змушалі Лёдніка мяне калечыць. Закон на іх баку. Ні пра якія ператрусы ў палацы й не рэкнеш. Палезем – прыстрэляць, як злодзеяў. А самае горшае – калі зразумеюць, што шукаем Бутрыма, перахаваюць яго так, што ніколі не знойдзем. Не спыняцца ні перад чым. Помніце, я распавядаў пра жанглёра з адрэзанымі рукамі?

Пані Саламея, уявіўшы, відаць, скалечанага мужа, захлынулася ад жаху і выбегла з пакоя, сутаргава рыдаючы. Пранціш з няёмкасцю пачухаў у патыліцы… Але пані тут жа вярнулася ўпэўненай хуткай хадой.

– Я пайду туды! Дэ Вард абавязкова мяне прыме. Прыдумаю штось… Папрашу, напрыклад, каб мяне да Бутрыма на Яву адправіў…

– Ён і адправіць! – злосна запярэчыў Пранціш. – Будзеш сядзець з мужам цераз сценку, ён на ланцугу, ты на ланцугу. Дзяцей сіротамі пакінеш!

За акном заскуголіў вецер, зашаргатала лістота, нібыта хтосьці падкрадаўся да дому, у якім ужо чатыры месяцы не было гаспадара. Жылібер задумліва прамовіў:

– Даведацца б, ці праўда Барталам’ю ў доме барона, і дзе яго трымаюць. Але абы да каго таемнага генія не прывядуць. Тут трэба асабліва важны кліент з асабліва складанай хваробай, каб яны баяліся памыліцца. А месье Лёднік – выдатны дыягност, qui bene dignoscit – bene curat.[13]

Вырвіч нахмурыўся, успамінаючы расповеды апытаных пацыентаў: – Адзін маркіз расказваў, што пасля некалькіх няўдалых візітаў – ніяк не маглі падабраць лячэнне, Бяскоўскі змусіў яго на пару хвілін надзець “сляпую” маску – маўляў, хай засяродзіцца на адчуваннях, дзе яму баліць. Тады ў пакой яшчэ нехта ўвайшоў, маркіза хуценька і даволі груба – ён нават трохі абураўся такой непавагай, – абмацалі. Потым доктар з некім раіўся, а калі з маркіза знялі маску, пра ягоныя болі доктар усё і распавёў, як гадалка. Цалкам магчыма, што да кліента, пакуль той не бачыў, і падводзілі Лёдніка.

Жылібер пацёр упартае падбароддзе.

– Верагодна. Але дзе ўзяць маркіза ці якуюсь каралеўскую пасію, якія згодзяцца нам дапамагчы? Можа, вы, пан Вырвіч, пагаворыце з якім земляком, з кола Радзівіла ці Багінскага?

Пранціш пачаў ліхаманкава перабіраць у галаве радавітых знаёмцаў – гэты занадта невысокага палёту для прагрэсістаў, той дзеля здрадніка-доктара і пальцам не варухне… Доктар жа лічыўся ў колах канфедэратаў наёмнікам Тызенгаўза, і, адпаведна, Панятоўскага, якога французскія ўлады з падачы эмігрантаў абвесцілі дыктатарам.

Раптам пачуўся з вітальні спалоханы голас Хвэлькі, і нечыя хуткія абцасікі застукалі па наваскаванай падлозе, як быццам падалі ігральныя косткі, паказваючы “венеру”, і глыбокі, усхваляваны жаночы голас вымавіў:

– Магчыма, я вам дапамагу, вашымосці?

У вітальні пераляканы Хвэлька прыціскаў да сябе няўважна скінуты яму на рукі мокры плашч з дарагога чорнага аксаміту. А ў пакой уваходзіла страчанае шчасце, падступная прыгажосць, птушка Сірын… У яе былі вялікія светла-зялёныя вочы, як у русалкі, велікаватыя вусны з горкай усмешкай, гнуткая постаць і здольнасць завалодваць увагай усіх прысутных – быццам яна стаяла на ярка асветленай сцэне і выконвала трагічную ролю.

Яна і жыла на сцэне… Былая егіпецкая прынцэса Серафіна – асістэнтка вандроўнага мага, былая прыгонная актрыса Слуцкага тэатра, былая нявеста каралеўскага драгуна Пранціша Вырвіча…

– Дзень добры, вашамосць Вырвіч!

Яна глядзела толькі на яго, быццам нікога больш у пакоі. І каб выяўлялася ў гэтым поглядзе насмешка ці халоднасць, дык і Пранціш змог бы падыграць. Але ў светла-зялёных вачах свяціліся ўсё тая ж адданасць, усё тая ж безнадзейная, сумная пяшчота. Калі сусвет перастаў звінець, як нацягнутая цеціва, Вырвіч агледзеў госцю ўважлівей. У шыкоўнай серабрыстай сукенцы, расшытай перлінамі, з брабанцкімі карункамі, у самым модным капелюшы… Маністы, пярсцёнкі, бранзалеты – усё нібыта з куфэрка інфанты. Танклявая постаць са звыкла ганарыстай паставай. Ніхто б не ўсумніўся, што пані – найменш графіня.

Першай апамяталася Саламея, якая з радасным “Раіна!” кінулася абдымаць пані. – За вашым домам, магчыма, сочаць, дык я пад’ехала ў карэце да суседняга, там мадыстка жыве, а потым – цераз агароджу, яна якраз са зручных каменняў складзена, і бэз у вас пад вокнамі вельмі ўтульны… Пакуль лісце не абляцела, – весела тлумачыла госця, але Пранціш чуў дрыготку ў яе голасе. І праўда, да срабрыстай спадніцы прычапіліся сухія травінкі, і шчыгрэневыя светлыя пальчаткі, якія пані сцягнула, упэцканыя бязлітасна і нягжэчна. Дзе яшчэ ў Францыі знойдзецца пані, каб у такой сукенцы – ды цераз агароджу?

– Падслухоўвала, значыць, – змрочна сказаў драгун, намагаючыся, каб хоць у самога голас не дрыжэў, бо ў грудзях заварочаліся жаронцы застарэлага болю і крыўды так, што паміж імі мог хутка сцерціся на муку адзіна варты шляхціца і мужчыны спакой.

– Я ж абяцала, што буду побач. Каб дапамагаць вам, пан Вырвіч! – ціха прамовіла Раіна, і зноў – гэты ж адданы позірк, ад якога паціху шалееш, бо нічога гэтая адданасць не вырашыць, не выправіць.

– Ты што, у Францыю паехала за мной? – недаверліва папытаўся Вырвіч. Раіна нясмела ўсміхнулася, раптам перастаўшы быць падобнай да графіні, а нагадала тое худзенькае спрытнае дзяўчо, што ў адной шаўковай кашулі прабіралася да маладога драгуна ў пакой цераз фортку, у самую залеву ды холад, абы папярэдзіць аб небяспецы.

– Я ж абяцала вас ахоўваць…

– Чакай… – Пранціш пачаў не жартам гневацца – гнеў як найлепш прыглушае боль і безнадзейнасць. – Дык гэта ты за дом Лёднікаў заплаціла? І за навучанне Алеся?

Раіна нават вачэй не апусціла.

– Пан Лёднік з рабства мяне выкупіў, куды болей грошай аддаўшы, і не лішніх, заступаўся за мяне, я павек з ягонай мосцю не расплачуся за ўсё.

Драбнюткі французскі дождж зашаргацеў у парудзелай лістоце.

– А год таму, калі я пляменніка біскупа параніў на двубоі, ты пастаралася, каб мяне з турмы адразу ж выпусцілі? А я яшчэ, дурань, гадаў, з чаго б то суддзі раптоўна перамяніліся, намякалі, што хтось за мяне слоўца замовіў…

– І з вамі, пан Вырвіч, мне павек не расплаціцца, – гэтак жа ціха, з пяшчотным сумам у голасе, прамовіла Раіна. Вырвічу хацелася ажно зараўці ды страсянуць дурную кабету за плечы – анёла-ахоўніка з сябе выяўляе, хаваецца, п’есу на хаду сачыняе… Нявартая яна… У той час, як магла проста заставацца побач і не кроіць драгуну сэрца.

– І як жа цябе цяпер называць? – з горкай насмешкай спытаў Пранціш. – А то й не ведаю, як паспалітай грамадзе прадставіць. Зноў Семпенсетра, прынцэса егіпецкая?

Але Вырвіч забыўся, што Раіну, прыгонную акторку, якая зведала з жорсткімі гаспадарамі не адно кола пекла, збянтэжыць не проста. Яна прысела ў прыдворным рэверансе і з годнасцю прадставілася:

– Мадам Серафіна Мішэль, вашамосць. Артыстка каралеўскага тэатра.

І позірк такі хітручы…

Саламея перапыніла допыт, змусіўшы змерзлую госцю ўсесціся, ды яшчэ абхінула яе футрам – мяркуючы па пасінелых вуснах артысткі, гэта было не лішнім.

– Мадам уваходзіць у блізкае кола караля? – без усялякіх нюансаў нецярпліва спытаўся негалантны Жылібер. – Дэ Вард ведае, хто вы?

Па сэрцы Пранціша правяла вострымі кіпцюрамі лапа пачвары з найменнем рэўнасць, а яшчэ загарчыла расчараванне. Калісьці ж і Станіслаў Панятоўскі за чароўнай артыстачкай упадаў… Няўжо яна такім вось чынам працягнула кар’еру, каралеўскай фаварыткай стала? Стары Людовік перабраў усіх гожанькіх тэатральных кабетаў. Адкуль жа яшчэ такія ўборы ды куча грошай? Але Раіна толькі лёгка і сумна ўсміхнулася, і збліснулі перліны, як слёзы – вось-вось сцякуць.

Назад Дальше