Алена Брава
Рай даўно перенаселены
© Брава А., 2012
© ПВУП “Галіяфы”, 2012
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Менада і яе сатыры
Частка першая
Выдатніца
1
У школе яе дакаралі за почырк: занадта вытанчаны, з бутонападобным «т» замест трохногага зэдліка, які належала выводзіць у сшытку, – яе «т», што тая гатовая выбухнуць пупышка, абяцала шалёнае несанкцыянаванае цвіценне, у той час як на школьнай клумбе кветкам прадпісвалася расці не вышэй за сярэд-нюю лінію. Зрэшты, ва ўсім астатнім настаўнікі былі ёю цалкам задаволеныя, чаго нельга сказаць пра аднакласнікаў з дзявятага «Б»: менавіта ў гэты «дружны калектыў» яна, нідзе і ні ў чым не растваральны асадак восьмага «В» (выпускнога класа, які імгненна растаў, нібы цукар, у масе гарадскіх СПТВ), прыйшла са сваім пух-лым дэрмацінавым партфелем першага верасня другога года ад пачатку васьмідзясятых. Хлопцы, зазірнуўшы на перапынку ў яе дзённік, загорнуты ў ахайную вокладку (ні кляксы, ні задумлівага малюнка на палях, падумаць толькі!), высветлілі, што адзнака «добра» з’яўляецца тут рэдкім госцем, а «дрэнна» і ўвогуле не начавала, пасля чаго адразу страцілі да яе ўсякую цікавасць. Дзяўчаты ўважліва агледзелі яе купленую навыраст форменную сукенку з латамі на локцях, пухнатыя каштанавыя валасы, якія яна чамусьці закручвала ў старэчую фігулю на макаўцы (альбо заплятала ў касіцы з белымі бантамі), баваўняныя, з «Дзіцячага свету», калготкі, што збіраліся ў складкі на каленках, як іх ні падцягвай, і з пагардаю адвярнуліся.
Але што там – калготкі! Горш за ўсё быў выраз вачэй новенькай: нейкага натхнёнага суму і самаадданай гатоўнасці выкласціся дарэшты. Вочы, між іншым, былі колеру няспелага агрэсту, з густымі веямі і ружаватымі павекамі, заўжды прыпухлымі, нібыта пасля слёз, а скрозь скуру прасвечвалі блакітныя жылкі, што тая рачная сетка на новенькай контурнай карце па геаграфіі. Але ніхто не спяшаўся скіраваць свае ветразі да гэтага пятнаццацігадовага мацерыка, яшчэ не адкрытага і не нанесенага на карту. Юля – так звалі гаротнічку – з усяе моцы намагалася заслужыць адабрэнне класа: уцерлася ў світу прыгажуні Зоі Мардасавай, не-пераўзыдзенай спецыялісткі ў галіне апранах імпартных дзеў, на перапынках бегала ў шклозаводскую кулінарыю па пірожныя для Зоі ды цыгарэты для Сашы Сомава па мянушцы «Сэм», які, дарэчы, склаў пра бягунню вершык:
Наша Юля лепш за ўсіх скакала,А ёй паставілі два балы!Што і казаць, выкладвалася яна занадта.
Некаторыя ўжо чулі, што ў дванаццаць год выдатніца, не ўмеючы плаваць, скочыла з вышкі ў басейн, адкуль яе вылавіў багром настаўнік фізкультуры, – гэты «подзвіг» яна здзейсніла з-за любові да «англічанкі», усім вядомай зануды, якую празвалі Афеліяй за бясконцыя цытаты з Шэкспіра ды газавыя шалікі, што змяіліся за ёю па школьных калідорах разам са шлейфам мятнага лекавага паху.
Падумаць толькі – з-за любові!
2
Сумная (альбо вясёлая – як паглядзець) гэтая love-story адбылася ў правінцыйным горадзе, дзе кожны дзень і нават год настолькі падобныя адзін да аднаго, што ў абарыгенаў міжволі ўзнікае адчуванне вязкага сну, выкараскацца з якога можна толькі пераскочыўшы ў іншы сон, – пры дапамозе алкаголю, тэлебачан-ня альбо рамантычнага кахання, каму што больш даспадобы. З дзяўчынкай – прататыпам галоўнай гераіні – я ўпершыню сустрэ-лася на гарадской алімпіядзе па роднай мове, дзе мы прадстаўля-лі кожная сваю школу. У канцы «мерапрыемства» быў канцэрт, на якім чыталіся вершы: у асноўным дэкламавалі савецкіх тагачасных класікаў. Юля (магчыма, у яе было іншае імя) адзіная з усіх высту-пала з вершам уласнага сачынення. У памяць запалі радкі:
Каб выжыў дзень, забіваюць зоркі.Не забівай мяне абязбольваннем!І яшчэ:
Жыццё і Смерць маюць адзін і той жа твар.Штодня яго бачу перад сабою…Нешта там было пра востры срэбны дрот, нацягнуты над безданню, па якім яна ідзе да каханага, зрэзаўшы ў кроў босыя ступні. Верш называўся «Шчасце». Акрамя зместу, мяне ўразіў голас дэкламатаркі: звонкі, як бразготка, ненатуральна ўзбуджаны, ён мог бы належаць адной з тых жанчын на старажытна-грэцкай кераміцы, што танчаць з паглыбленымі ў сябе тварамі, апавітымі плюшчом тырсамі ў руках і змеямі на таліях.
Героі ды гераіні антычных міфаў з’яўляліся на свет самым мудрагелістым чынам: са сцягна ці галавы бацькі-грамавержца, з кропель крыві кастрыраванага бога, а то дык і наогул – ад дотыку німфы да кветкі. Чаму ж галоўнай гераіні майго рамана не нарадзіцца з верша пра каханне, прадэкламаванага са сцэны дзяўчом-падлеткам?
Школа, у якой вучылася Юля, знаходзілася побач з маёй. Я часта потым бачыла гэтую дзяўчынку. Прыгадваю, як яна самотна стаіць, відавочна ўражаная апошняю, ужо нетутэйшаю прыгажосцю, не, хутчэй, голым сэнсам, які нясе ў сабе восеньская, пастрыжаная ў манашкі алея: золата пад нагамі, чарноцце ўзнятых дагары галін. Неяк я сустрэла яе ў краме разам з маці – атлусцелай, з грубымі рысамі твару, падталым ля каранёў валос фальшыва-бландзіністым сумётам прычоскі ды скрыўленымі злосцю вуснамі, яна лаяла Юлю за штосьці так гучна, што ўсе навокал азіраліся, а дачка моўчкі глядзела ў падлогу і ўцягвала галаву ў плечы. Было відаць, што для яе тая сітуацыя цалкам звыклая. Часам яна гуляла па шклозаводскім парку, прыціснуўшы да грудзей кнігу, выбіраючы самыя цяністыя куткі.
Відавочна, сяброў у яе не было.
3
Што ж, чытач, сёння я не пацешу цябе сентыментальным распо-ведам. Я бачу маю гераіню застылым камарыкам у беспаветранай прасторы бурштынавай брошкі, станчэлым да павуціністага шкілеціка, абароненым адно празрыстаю, мядова-цягучаю абалонкаю вымыслу, якая з цягам часу робіцца зацвярдзелай, што той цэмент. Яна спачывае ў абдымках прыгожага сну, вырабленага Марфеем, пэўна, на заказ, бо калектыўны сон, які глядзяць з ранку да вечара жыхары гарадка па ўказцы ўвішных марфеяў мясцовага разліву, значна больш грубейшы за яе вытанчанае забыццё. У такім выпадку, па закону люстэркаў, ператвораная мною ў літаратурны персанаж, яна, мажліва, нарэшце набудзе рэальнасць – глебу пад нагамі, якой ёй так не хапала? Там, у сваім жыцці, пабудаваным ёю па законах літаратуры, яна раптам знерухомее і назаўжды застанецца з узнятай над парогам нагой – спынены кадр, бачны яскрава, як за імгненне да выбуху. А ў сюжэце, які зараз будзе разгортвацца на паперы (дакладней – на экране майго ноўтбука «Siemens Nixdorf»), Юлечка возьме ды і ачуецца ад ружова-ледзянцовага сну, выпрастае камарыныя крыльцы і кудысьці там узнясецца…
Не, не выпрастае, не ўзнясецца. І не толькі таму, што промні яе і майго зроку, скіраваныя ў наша агульнае юнацтва скрозь лінзу мінулай эпохі, праламляюцца пад дужа рознымі вугламі, забяспечваючы зусім не аднолькавыя варыянты дыфракцыі (такія вось атрымліваюцца «пошукі страчанага часу»). Галоўнае ж паля-гае ў тым, што Юля сачыняла сваё жыццё, як раман, паклаўшы перад вачыма творы класікаў, што тая краўчыха-самавучка – чужыя лякалы, і пры гэтым мала дбала пра дэкарацыі сцэны, дзе мае адбыцца дзея, а правальную гульню іншых персанажаў і ўвогуле ў разлік ніколі не прымала, з незвычайнай лёгкасцю надзяляючы іх патрэбнымі ёй якасцямі. Яна так і не здолела ўцяміць, што жыццё аплецена сеткай паўсядзёншчыны і, як рака-віна глеем, пакрыта павуцінай звычайнага – тым, што не ўвайшло б у канчатковы тэкст ніводнага рамана. Рамантычны герой ачыш-чаны ад выпадковага і змешчаны ў штучнае асяроддзе, дзе час непраўдападобна ўшчыльнены; быццам праспіртаваны экспанат, ён можа заставацца ў пакоі альбо перамяшчацца ў абмежаванай прасторы, выконваючы зададзеныя аўтарам хімерычныя дзеянні. З жывым чалавекам такога не зробіш; ён заўжды будзе вытыр-кацца з-за межавых рыс фантома і крочыць сваім уласным шляхам, мімаходзь упэўнена трушчачы крохкія, як яечная шкарлупіна, замкі-збудаванні, у якіх вы былі намыліліся пражыць з ім усё жыццё і памерці ў адзін дзень.
Усяго гэтага Юлечка не ведала, дый не жадала ведаць. Што ж, такая недасведчанасць ніколі не застаецца беспакаранай, і аўтар у дадзеным выпадку нічым не можа дапамагчы гераіні, бо абавязаны падпарадкоўвацца ўсё таму ж закону адбіткаў. Зрэшты, літарату-ра і жыццё даўно сталіся люстэркамі, змешчанымі адно насупраць другога, і цяжка вызначыць, які з адбіткаў сапраўдны; выявы, па-мнажаючыся, сыходзяць у бясконцую перспектыву.
4
Займець сяброў у яе не атрымліваецца, хоць плач. Нават Таня Савіч, дачка прыбіральшчыцы, бедна апранутая, з вялікімі чырвонымі рукамі, займае ў іерархіі класа больш пачэснае месца, чым Юля. Што звычайна робіць чалавек, калі жадае быць заўважаным? Намагаецца вылучыцца з натоўпу. І яна пачынае пісаць школьныя сачыненні сваім почыркам. Яна не толькі настойвае на непрызнаным педагогамі бутонападобным «т» – яна яшчэ і апісвае тое, што адчувае, а не тое, што патрэбна! Спачатку настаўніца, прыгаломшаная выкшталцоным узорам цытат, аб’яў-ляе яе сачыненні лепшымі ў класе. Але гэта працягваецца нядоўга. Яе ўзнёслыя споведзі (піша ж яна так, быццам бы гэта – дзённік, не прызначаны для чужога вока) не да месца там, дзе флейта ра-мантыкі, гэтай прасцячкі, што з часоў Марсія сама здзірае з сябе скуру, не мае аніякіх шанцаў перад літаўрамі афіцыёзу.
Дый клас у неўразуменні: навошта яна гэта робіць? Чаго прасцей: спісаць з крытыкі некалькі старонак пра тое, што Анегін, прыкладам, лішні чалавек – менавіта гэтага чакаюць ад іх настаўнікі. Здаецца, новенькая не разумее няхітрых правіл гульні і ў школьных сшытках выстаўляе на ўсеагульны агляд сваю душу, голую, як зародак, ледзьве прыкрытую каляплодным пухіром хрэстаматыйнае тэмы. Увішныя «харашысткі» гадаюць, што яна разлічвае ад гэтага мець, а яна проста імкнецца хоць да каго-небудзь дакрычацца ў іх special English school,[1] што прыткнулася паблізу шклозаводскай трубы. (Славутая труба ўзвышаецца над імі карыкатурай на Вялікага Бэна ды плюецца кіслотным дымам, ад якога ў роце стаіць ёлкі прысмак, шкло ў вокнах робіцца брудна-жоўтае, а на капронавых панчохах настаўніц распаўзаюцца дзіркі). Тая шчырасць, з якой Юля выказвае сябе: пра дрэва ў парку, да якога ходзіць «на споведзь», пра «Месяцовую санату» у выкананні Гілельса, якую слухае – трэба ж! – толькі ў «сінім» пакоі, – насамрэч ёсць толькі спробаю з кім-небудзь зблізіцца. Але яе пачуццёвасць тут непрыстойная, як эксгібіцыянісцкія практыкаванні на падваконні.
…Кожнага разу, калі літаратарка зачытвае ўголас Юліна сачыненне, за сутулаватай спінай выдатніцы адбываецца наступнае: Саша Сомаў кідае папяровы шарык у Зою Мардасаву, што ўздыхае над імпартным часопісам, Андрэй Лазоўскі, штатны блазан дзя-вятага «Б», дэманстратыўна крыўляецца, капіруючы літаратарку, сёстры-двайняты Рудаковы сінхронна пудраць і без таго лялечна-ружовыя пыскі. У гэтай бязмэтнай валтузні адчуваецца, між іншым, свядомая воля, клас яшчэ раз абвяшчае свой прысуд Юлі: яна – чужаніца! Нікчэмная зубрылка, яна спрабавала ўбіцца ў ласку сваёй заўсёднай гатоўнасцю даць спісаць задачку па хіміі – ні фіга, яе манеўр разгаданы. І колькі б яна ні намагалася прыкінуцца сваёй, колькі б ні паўтарала слоўцы класнага жаргону, – большасць ёй не давярае, і вось ён, выкрывальны доказ яе чужароднасці: сачынен-не са спасылкамі на пісьменнікаў, якія не вывучаюцца ў школьнай праграме, з незразумелымі нармальным дзевяцікласнікам «лі-рычнымі адступленнямі».
«Табе падабаюцца сачыненні новенькай? – пытаецца ў Зоі Мар-дасавай стараста дзявятага «Б» Люда Грыневіч, пытаецца наўмысна гучна, каб Юля чула. – Ну і лахіня! І навошта загружае?»
Тая паціскае ў адказ плечыкам. Прыгажуня Зоя марыць стаць афіцыянткай, мець жыццё вясёлае ды лёгкае, каб заезжы паэт абавязкова напісаў пра яе вершык, а яна між тым аблічвала п’яных. Ёй не да такіх дробязяў, як сачыненні нейкай няўклюды.
Хутка настаўніца літаратуры пачне чытаць уголас узорна-паказальныя сачыненні старасты. Гэтая дзяўчына выдатна ве-дае, што трэба рабіць: па савецкіх святах яна дэкламуе добра пастаўленым у драмгуртку голасам «ідэйныя» вершы са сцэны, а потым паліць у прыбіральні, распавядаючы, як «класна кінула» увесь гэты «піпл». І ў сачыненнях яе прадпрымальная сляза скоч-ваецца менавіта ў патрэбным, грамадска значным і дазволеным хрэстаматыяй месцы. Змалку стараста разумее тое, пра што Юля пакуль не здагадваецца: зачэрпваць адтуль, дзе на мелкаводдзі плюхаецца залатая рыбка банальнасці, ёсць бяспройгрышны спосаб падабацца большасці, гэтаму самаму «people». І, дарэчы, асобным яго прадстаўнікам. Менавіта такой хаўкі, пальцам пханай, патрабуе гэты натоўп. Калі камусьці надта хочацца стаць тут сваім, трэба ўсяго толькі прыкінуцца пасрэднасцю. У гэтым Юля ў хуткім часе дасягне вялікага поспеху – яна ж зусім не дурніца! Неўзабаве ёй будзе не цяжка здагадацца, на якім пе-сенна-кумачовым пасажы пральецца сляза, на якім бадзёрым прапагандысцкім клішэ ўзнікне абурэнне альбо смутак. Яна зробіць малапрыемнае адкрыццё: пачуцці людзей выдрэсіраваны, як цыркавы сабака, і намуштраваны на пафас. Імі лёгка кіраваць пры дапамозе няхітрай галерэі вобразаў. Гэты вопыт спатрэбіцца ёй у будучым, калі ў тэатры ўласнага жыцця яна створыць цэлы шэраг мудрагелістых масак, прыдатных для спакушэння. Ство-рыць, але так ніколі і не здолее прыцерціся да іх шурпатага споду і насіць гэтыя брэнды з такой прыроджанай элегантнасцю, як тое робіць стараста класа. А пакуль што яна толькі спрабуе пераняць паводзіны тых дзяўчат, для якіх падабацца іншым так жа натуральна, як дыхаць. Выдатніца імкнецца прааналізаваць, расшчапіць на малекулы гэтую няўлоўную субстанцыю – жаночую прывабнасць – ды вывесці яе формулу. І як гэта ім удаецца: доўгі сеанс усмешкі, выгляд анёла, які, шкадуючы смяротных, схаваў свае асляпляльныя крылы? Можа, ёй паспрабаваць, як Зоя Мардасава, напусціць на сябе ганарлівую пыху альбо, капіруючы Кацю і Таню Рудаковых, напяваць мелодыі маладзёжных шлягераў, якія яна, дарэчы, цярпець не можа? Ёй здаецца, што, узводзячы вакол сябе ўсе гэтыя шчыты ды латы з паветра, нібыта сцены гатовай да абароны крэпасці, у якой захоўваюцца быццам бы неймаверныя запасы вады і ежы, яна абавязкова каго-небудзь зачаруе, а потым ужо апусціць з твару забрала, як апускаюць пад’ёмны мост над цытадэльным рвом, і – welcome, стомлены вандроўнік! – у імгнен-не вока стане САБОЙ.
І хтосьці паставіцца да гэтага неабыякава.
5
Вось яна ідзе дадому са школы. Позняя восень, як п’яная расхлістаная дворнічыха, корпаецца ў дварах, змятаючы брудныя папяровыя кветкі ды затаптаныя кумачовыя банты ў калюжыны (горад толькі што адсвяткаваў чарговую гадавіну рэвалюцыі). Дом, у якім жыве Юля, стаіць на скрыжаванні дзвюх вуліц – Стаханаўскай і Сацыялістычнай. Першая з іх у сямідзясятыя была заасфальтаваная, і неўзабаве бародавачнай нарасцю тут узнялася прысадзістая цагляная будыніна. Некалькі кватэр аддалі пера-давікам хімкамбіната, да якіх належала і маці выдатніцы, Галіна Іларыёнаўна. Астатнія занялі працаўнікі шклозавода, які пастаўляў амаль ужо фальклорныя гранёныя шклянкі ў афраазіяцкі свет (зрэшты, гранёнчыкаў выраблялася столькі, што з іх можна было да смерці ўпаіць саракаградусным напоем камунізму і «бра-тоў» з Лацінскае Амерыкі, а мо нават і пінгвінаў з Паўднёвага полюса).
…Юля ўваходзіць у шклозаводскі парк. Некалі смараг-дава-зялёны, парк гіне ад атрутных выкідаў: кроны сосен зрабіліся пярэста-рыжыя і ўзімку нагадваюць аблезлыя лісіныя шапкі, густа прысыпаныя нафталінам. Нават шэрыя гарадскія птушкі, што даўно замянілі тут вавёрак, ад ёлкага заводскага дыму здаюцца брудна-рыжымі. Летняя эстрада даўно не ра-мантавалася, дошкі згнілі, фарба на лаўках аблупілася. Паблізу ад эстрады знаходзіцца напаўразбураны фантан, пабудаваны яшчэ ў сталінскую эпоху: на пастаменце ў сярэдзіне круглай яміны, якая калісьці запаўнялася вадою, басаногая дзяўчына ў лёгкай сукні і вянку з плюшча танцуе ў атачэнні двух мужчын з флейтамі. Скульптура істотна пацярпела ад дажджоў, снегу ды мясцовай шпаны, і цяпер цяжка дакладна вызначыць, што менавіта меў на ўвазе аўтар: танец менады з сатырамі або німфу, якая спакушае фаўнаў. (Настаўніца гісторыі, зрэшты, сцвярджае, што ніякія гэта не міфічныя істоты, а прадстаўнікі братніх закаўказскіх рэспублік). У танцоркі адбіта вуха і кончык носа. Яе позірк скіраваны на мужчынскую фігуру, якая ад-сутнічае: ад «героя» засталіся адно ніжняя палова цела ды вы-кручаныя ў танцы ногі. Другому танцору пашанцавала больш: у яго адбіта толькі галава (зрэшты, яна яму без патрэбы). На дне яміны – мешаніна з бітых бутэлек ды смецця: тут, на каменным борціку, звычайна ўладкоўваюцца аматары распіць пляшку-другую. Сляды разбурэння не перашкаджаюць Юлі па дарозе са школы нерухомець у гэтым цудоўным кутку і доўга аб чымсьці марыць.