…Неўзабаве выдатніца пакідае парк. Ногі гразнуць то ў пяску, то ў рэдкім глеі, калі Юля крочыць па Стаханаўскай вуліцы міма аднапавярховых драўляных баракаў, што будаваліся «горкаўскім метадам» – пасля працы і па выхадных (мясцовыя жыхары называюць яго «горкім»). Усю цэнтральную частку вуліцы займае вялізная лужына, берагі якой штогод падсыпаюць самі жыхары баракаў, інакш увесь гэты раён, пэўна, знік бы пад вадой, як Кіцеж. (Аднойчы ў час веснавой адлігі Юля, паслізнуўшыся на насыпе, звалілася ў брудную ледзяную ваду разам з партфелем і балалай-кай, калі вярталася cа свайго першага ў жыцці ўрока ў музычнай школе. Балалайку ўратаваць не ўдалося. На тым і скончыліся яе заняткі музыкай – на вялікі жаль, бо малады выкладчык-балалаечнік, чые доўгія валасы ды блакітныя вочы і паўплывалі на выбар музычнага інструмента, авалодаў думкамі выдатніцы не на жарт).
Перасоўваючыся ў межах свайго цеснага сусвету (дзве вулі-цы – сістэма каардынат, дом на скрыжаванні – кропка адліку), Юля непазбежна рухаецца ў дурную бясконцасць. Але вось яна і дома. Выдатніца з цяжкасцю распранаецца ў вузкім калідорчыку, дзе рознакаліберныя рэчы месцяцца адна да адной усутыч, як на складзе камісіёнкі. У Галіны Іларыёнаўны даволі дзіўнае ўяўленне пра ўтульнасць. Здаўна тут «прапісаліся»: няспраўная лядоўня «Саратаў», прадушаная канапа без ножкі, дзіцячы гаршчок з інвен-тарным нумарам ясляў-сада «Сонейка». Над пуфікам з мэблевага гарнітура невядомай маркі вісіць, як пакалечанае крыло, анучны каляндар з сімволікай «Алімпіяды-80». Развітанне з любым з тых цудоўных набыткаў («Міленькія штучкі!» – кажа пра іх Галіна Іла-рыёнаўна) для маці падобна адсячэнню ўласнай рукі альбо нагі. Айчыннае барахло суседнічае з рэчамі «вытанчанымі»: на дзвярах сарціра бесперапынна эпатуе публіку хлопчык, які спраўляе малую патрэбу, на кухні смелым, амаль дысідэнцкім намёкам выглядаюць назбіраныя па знаёмых пустыя бляшанкі з-пад закар-доннага піва.
Юля разаграе порцыю супу, зваранага маці на тыдзень (у каструлі, як адзінокая субмарына, плавае сіняя курыная нага), налівае чаю ў дзіцячы металічны кубачак і ўсаджваецца за пісьмовы стол. На стале – партрэт Армана Жана дзю Плесі кардынала дэ Рышэлье, выразаны з рамана Дзюма і любоўна ўстаўлены ў рамку: у самотнага і гордага кардынала, што ўвесь час адбіваецца ад мушынага клану мушкецёраў, яна была закаханая ў дзіцячым садку. Побач месціцца прайгравальнік грампластынак, над ім модная навінка – чорна-белы фотаздымак Уладзіміра Высоцкага, абдымаючага замежную русалку Марыну Уладзі. Здымак, набыты Галінай Іларыёнаўнай ў фарцоўшчыка за два рублі пяцьдзясят капеек, мусіць дэманстраваць, што гаспадыня кватэры – надзвычай дасведчаная ў культурных рэаліях персона. Але найгалоўнейшае сведчанне яе «інтэлігентнасці» – на кніжных паліцах.
Кнігі для хатняе бібліятэкі маці падбірала не столькі пад колер шпалераў (яны ўсё ж калі-нікалі пераклейваліся), колькі ў тон раскошнай югаслаўскай «сценкі», дзеля якой Галіне Іла-рыёнаўне давялося перацягаць загадчыцы мэблевага магазіна не адну ўпакоўку пральнага парашка «Пунсовы ветразь». Мэбля глядзелася ў кватэры, як брыльянтавы пярсцёнак на паедзенай экзэмай руцэ. Каб неяк прыручыць гэтую імпартную прыгажосць, ад якой балелі вочы, як напачатку прастуды, Галіна Іларыёнаўна вырашыла запоўніць паліцы кнігамі. «Пунсовы ветразь» цяпер самаўпэўнена пракладаў шлях праз мёртвы штыль кніжнага ма-газіна, скіроўваючыся акурат да кабінета загадчыцы. Так дома ў Юлі з’явіліся творы Цвейга (карычневы пераплёт), важкі двух-томнік «Аповесцяў пра каханне» (вокладка з віньеткай) – у ім школьніца з прыроджаным пачуццём трагічнага адшукала «Грана-тавы бранзалет» Купрына і «Кветкі запозненыя» Чэхава, – ды томік Фітцджэральда (колеру антрацыт) з «Вялікім Гэтсбі». Усе гэтыя тамы, што нясуць у сабе такую дозу месяцовага яду рамантызму, якая здольна атруціць на ўсё жыццё і менш успрымальны арганізм, выдатніца адзін за адным цішком перацягвае ў свой пісьмовы стол…
Маці тым часам выхваляецца перад таварышкамі па службе сваёй разумніцай-дачкой, якая марыць адно пра залаты медаль ды прэстыжны інстытут. Галіна Іларыёнаўна абсалютна не ў стане ўявіць, што тыя сотні тысяч кубаметраў выкідаў, якімі ў планавым парадку забруджвае паветра горада яе прадпрыемства, – нішто ў параўнанні з наркатычным газам, што ўдзень і ўночы, як у тры змены працуючы завод, выдатніца прапускае праз сябе.
У тым узросце, калі душа больш падатлівая, чым воск, лёгка прыняць за жыццё, якога не ведаеш, яго літаратурныя адбіткі. Тым больш, калі навакольная рэчаіснасць нагадвае халтурны спектакль хранічна п’янага правінцыйнага рэжысёра, пастаўлены да чарговага партз’езда. Між іншым, кнігі, здольныя прышчапіць буйны парастак Юлінай сентыментальнасці да разгалістага дрэва грамадзянскасці, якая культывавалася ў тую пару ўсімі добрапрыстойнымі садаводамі ад літаратуры, дзяўчынка праглынае, гідліва зажмурыўшыся, як абавязковую яечню на сняданак. Тыя трывалыя, як крамлёўскія цагліны, тамы з серыі «Школьная бібліятэка», пераважна ў барвовых вокладках (катэгорыя трагічнага ў іх увянчана дазволенымі лаўрамі сацыяльнай патэтыкі), без энтузіязму штурмуюць Юліны аднакласнікі. Яе ж душа ўзворвае ніву пачуццёвага.
…«Мы можам ніколі не сустрэцца больш. Але калі табе рап-там спатрэбіцца маё жыццё – прыйдзі і вазьмі…» Як у салодкім трызненні, яна патанае ў вобразах пазамінулай эпохі. Асабліва ўразіў яе «Ліст незнаёмкі» Цвейга – гісторыя маладой жанчыны, якая яшчэ школьніцай на ўсё жыццё пакахала «белетрыста Р.» і аддалася яму, а потым стала прастытуткай, каб утрымліваць дзіця, якое нарадзіла ад яго. Самым па-мазахісцку вытанчаным у сюжэце выяўлялася тое, што пры кожнай наступнай сустрэчы гэты надзіва няўважлівы спадар Р. лічыў, што перад ім зусім новая жанчына, і ніводнага разу так і не пазнаў сваю верную Незнаёмку. Як кальцыевая шкарлупіна над курыным зародкам, над Юляй цвярдзее абалонка страху так і не стаць Незнаёмкай для свайго «белетрыста Р.» Ёй ужо шаснаццаць! Дзе ж яно, яе Вялікае Кахан-не? Навокал адно шэрасць, таго і глядзі, жыццё прамільгне сярод убогіх дэкарацый, паміж Стаханаўскай і Сацыялістычнай! Быццам бы нейкі далёкі сваяк пасылае ёй штогод да дня народзінаў аднолькавыя віншавальныя паштоўкі з абавязковымі ўмоўнымі ружамі, – без колеру і паху, нібыта кветкі на паштоўцы, з’яўляюц-ца немаведама адкуль гады яе юнацтва (атрымай і распішыся!), надзіва падобныя, няйнакш, наштампаваныя ў тыпаграфіі Паліт-выдату. Адкуль жа ў жыцця такая безліч безгустоўных паштовак?
І калі яны нарэшце скончацца?
6
Скончыліся яны ў той дзень, калі над горадам паплыў неда-рэчны пах валяр’янкі. Чаму – недарэчны? Справа ў тым, што на мясцовай фармацэўтычнай фабрычцы настойку валяр’янкі гатавалі выключна ўвечары. Пэўна, дырэктар быў філантропам і жадаў землякам хаця б уночы забыцца напоўніцу на той жудасны ландшафт, у які ператварыла некалі ціхі і зялёны правінцыйны гарадок шпаркае развіццё «планавай эканомікі». Зранку ж гара-джане звычайна дыхалі пахам антыбіётыкаў, ад якога слязіліся вочы ды пяршыла ў горле; у той цудоўны шлейф жыццярадасна ўпляталася астматычная нота плавікавай кіслаты з труб шкло-завода, прыпраўленая тонкім амбрэ сінтэтычных мыйных сродкаў. Але тым ранкам жыхары горада замест звыклай хімічнай амброзіі адчувалі ачмуральны пах супакойлівага настою і паціскалі плячыма ў неўразуменні: няйнакш, штосьці пераблыталася ў гарадскім гадзінніку.
У школьных парадках гэтаксама нешта парушылася. Вось ужо звініць званок на ўрок ваеннай падрыхтоўкі, але ніхто не спяшаецца мянціць пра абарончую моц СССР і раз’юшана тыркаць ме-талічнай указкай у плакаты, на якіх атрутнай кветкай распускаецца воблака атамнага выбуху. І вось у клас, рухаючыся, нібыта на шарнірах, як рабатызаваная статуя Камандора, уваходзіць кіраўнік «ваенкі». Уваходзіць са спазненнем на шэсць хвілін – неве-рагодна! Палкоўнік у адстаўцы не адказвае на «здравияжелаем», не дае каманды «вольна». Стаіць, цяжка дыхаючы, сашчапіўшы рукі за спінай, абвіслыя зморшчыны на барвовым твары трасуцца, як у ратвейлера. Пачалася вайна з ЗША – здагадваецца Юля. Яна нават перастае адчуваць звыклую ранішнюю млявасць. Палкоўнік, робячы натужлівыя глытальныя рухі, паведамляе, што савецкі народ пацярпеў незаменную страту… памёр Гене-ральны сакратар ЦК КПСС, Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР… чатыры разы Герой Савецкага Саюза… і г. д. – безліч тытулаў. Дзіка прароўшы «сміррррна!» (Юля аж здры-ганулася), педагог абвяшчае хвіліну маўчання.
Выдатніца стаіць каля сваёй парты не дыхаючы. Чутно, як паміж рамамі б’ецца нейкая ідэйна хісткая муха, якая своечаcова не заснула. Палкоўнік пільна ўглядаецца ў твары, шукаючы крамолу. Раптам Юля адчувае: з ёю адбываецца нешта жахлівае. Яна зараз засмяецца! У адчаі яна паварочваецца да Тані Савіч, суседкі па парце. Зірнуўшы на скажоны твар выдатніцы, тая пырскае са смеху. Спробы ўшчыкнуць сябе за сцягно не даюць належнага выніку. Між тым, стараста Люда Грыневіч, што прыгожа застыла ў вобразе грамадзянскага смутку, пачынае дзіўна кашляць. Твар Сашы Сомава, які стаіць, выпрастаўшы рукі па швах, са шкляным позіркам (Саша збіраецца ў ваеннае вучылішча, яму патрэбна добрая характарыстыка), паступова чырванее…
«Прэч з класа!»
Жалезная ўказка лупіць па парце выдатніцы. Божа, які жах! Яна падхоплівае партфель.
«Заўтра прыйдзеш з бацькамі!!» – равуць ёй у спіну трубы Страшнага Суда.
Юля вылятае ў калідор. Бязглузды смех да спазмаў у жываце, да цемнаты ў вачах распірае яе, ён ірвецца вонкі з усіх пор яе скуры. Як вихри враждебные, яна праносіцца па прыступках уніз, імчыцца міма «чырвонага кутка» з расцягнутым уздоўж сцяны лозунгам «КАМУНІЗМ – НАША МЭТА!», міма настаўніцкай, куды дырэктарка англійскай спецшколы якраз вядзе за распухлае вуха чарговую бунтарку-дзесяцікласніцу, што адважылася парушыць асновы асноў ды пракалоць мочкі вушэй, у якіх – скандал! – красуюцца новенькія завушніцы; міма «шклянкі» піянерскага пакоя, што нагадвае акварыум, у якім плавае ў паўзмроку гіпсавы бюст Правадыра, і дае нырца ў душную цямрэчу гардэроба, на шчасце, не зачыненага. Нарэшце выдатніца можа разрагатацца ўголас…
Дзень смерці Правадыра стане для Юлі адным са шчаслівейшых дзён жыцця. Ніколі – ні раней, ні потым – яна не спазнае такога трыумфу, такога ўсеагульнага захаплення. Калі, перачакаўшы ў гардэробе ўрок ваеннай падрыхтоўкі, яна з’явіцца ў клас, усе будуць старацца паціснуць ёй руку, а непрыступная ганарліўка Зоя Мардасава нават падорыць часопіс «Равеснік» з каляровымі ілюстрацыямі, зрэшты, дрэннай якасці.
А пакуль што, утульна ўладкаваўшыся сярод куртак і паліто класа, Юлечка раздумвае пра ўчынак старасты, якая напісала ліст (зразумела, на англійскай мове) генеральнаму сакратару кампартыі ЗША, поўнаму сляпцу. У лісце паведамлялася пра тое, што яна, Люда Грыневіч з 9 «Б», гатова аддаць яму свае здаровыя вочы, каб паскорыць камуністычную рэвалюцыю ў Амерыцы. Тэкст быў надрукаваны ў «Камсамольскім пражэктары», а потым і ў раённай газеце, і пра ўчынак старасты даведаліся ўсе. Сур’ёзна наморшчыўшы лоб, Юлечка раздумвае, ці вартая перамога камунізму ва ўсім свеце таго, каб ніколі не бачыць дрэў, кветак, не чытаць кніг. (Урэшце, праз месяц стараста была вылучана ў бюро райкама камсамола – і мэта ліста ў Амерыку праяснілася. Але тады, у цемры гардэроба, Юля яшчэ не разглядзела такой яе дальназоркасці).
Ва ўсялякім выпадку, выдатніца таксама з радасцю аддала б свае вочы. Не, не дзеля камуністычнае рэвалюцыі, – а калі б яны спатрэбіліся аднаму чалавеку…
7
Улетку Юля праходзіла вучэбную практыку ў канцылярыі гарадскога суда. Я лёгка магу ўявіць, як яна стукае, збіваючы пальцы, на дагістарычнай «Маскве». Далікатныя пальчыкі выдат-ніцы параспухалі і баляць, яна непрыкметна мажа іх падушачкі сілікатным клеем; цяпер пальцы нібыта здранцвелі – зрэшты, гэта мала дапамагае. Адпрасіцца дамоў, як зрабіла б любая нар-мальная дзяўчына, ёй і ў галаву не прыходзіць. Карэтка машынкі дзіка ўзвывае, як трактар, што забуксаваў у глінішчы, адбіткі літар нагадваюць п’яненькіх трактарыстаў мясцовага калгаса «Маяк камунізму», калі Юля старанна выстуквае прысуд раскрадальніцы сацыялістычнай маёмасці – шматдзетнай маці, якая вынесла з калгаснага сховішча вядро бульбы. У канцылярыі стаіць гвалт, як у жаночай лазні, і такая ж духата. Начальніца штодня даганяе і пераганяе самую сябе ў несупыннай спробе аказацца адначасова ў двух месцах – за сваім сталом і ў суседнім прадмагу, дзе «выкідваюць» то бляшанкі з тушонкай, то дэфіцытныя сасіскі. Аднойчы ў кабінет уваходзіць ён – гадоў трыццаці сямі, шыракаплечы, але з выразным жывоцікам. Народны суддзя. Уздыбленыя наўсторч валасы на патыліцы надаюць яму хлапечы выгляд. «Што, бацюхна, усё цвіцем?» – вітае ён Юлю. Гэтую фразу (ён не вынаходлівы ў сэнсе кампліментаў) яна цяпер будзе чуць штораз, калі ён зойдзе ў канцылярыю. Як яе завуць, ён так і не пацікавіўся. Але яна адчувае хваляванне ўжо ад таго, што ўладальнік аголенага мяча правасуддзя (фрэйдысцкія аналогіі з’яўляюцца без запрашэння) зрабіў ласку яе заўважыць. Яна раптам набывае нейкую каштоўнасць ва ўласных вачах! Выдатніца ўпотай разглядае валаскі, што стаяць тырчма на яго макаўцы, і знаходзіць у тым знак патаемнага дысідэнцтва і прыхаванай гатоўнасці праігнараваць кодэкс, у прыватнасці, шлюбна-сямейны. Бо ён, зразумела, жанаты, аб чым недвухсэнсоўна сведчыць заручальны пярсцёнак на правай руцэ. Нягледзячы на гэта (а мо, і менавіта з тае прычыны) яна піша яму па вечарах палкія лісты, якія хавае сярод старонак раманаў. Практыка скончыцца, але выдатніца будзе прыходзіць у суд усю восень і зіму, як па раскладзе: двойчы на тыдзень.
8
Убачыць Ягоны твар. У ружовым штучным футры, у кішэні якога зліпся ў камяк салодкі арахіс – яе ўлюбёны ласунак – яна стаіць пад Яго вокнамі. Жоўтыя прастакутнікі вокнаў (зімой у судзе рана запальваюць святло) падобныя да раскладзенага пасьянса, вынік якога, на жаль, прадвызначаны. Асмялеўшы, яна падымаецца па лесвіцы ў залу судовых пасяджэнняў. У калідорах савецка-партыйнае Феміды, наскрозь прадзьмутых скразнякамі капеечных сварак ды скончаных лёсаў, увесь час тоўпяцца нейкія азызлыя мужыкі ў расхлістаных ватоўках ды ўвішныя маладзічкі ў паношаных «дзюмісязонных» паліто. У гэтым натоўпе, што патыхае часнаком ды курывам, Юлю не пазнае нават начальніца канцылярыі. Не заўважае яе і Ён – у поўнай адпаведнасці з класічным сюжэтам.
…Сёння ў судзе разглядаецца справа прызыўніка, які ў дзень праводзінаў у шэрагі «несокрушимой и легендарной» вырашыў пакатаць сяброў і, будучы нападпітку, скраў грузавік і выпадкова наехаў на жанчыну на дзявятым месяцы цяжарнасці. Плод, вагой у тры кілаграмы пяцьсот грамаў, мужчынскага полу, па заключэнні экспертаў, загінуў ад асфіксіі ў целе смяротна траўміраванай маці. Шлейка баваўнянага фартуха Юлі трапеча на левым плячы, як матылёк-махаон, – так моцна калоціцца ў яе сэрца. Прызыўнік замест ташкенцкай «вучэбкі» ды закіду адной спякотнай ноччу ў паўднёва-азіяцкую краіну атрымае дзевяць гадоў строгага рэ-жыму, і невядома яшчэ, што лепей. Дзесяцікласніца, якая сядзіць у апошнім радзе (галоснасць – вядомы прынцып савецкага правасуддзя, і справа слухаецца адкрыта), таксама зняволеная, але пажыццёва. Яна сама сабе і вязень, і вязніца. Свой пухлы дэр-мацінавы партфель выдатніца прыціскае да форменнай сукенкі, каб схаваць латку на прыполе. Яна ганарыцца невыпадковым супадзеннем картаграфіі латак: менавіта так прыкрывала старую зацыраваную сукенку закаханая ў белетрыста Р. школьніца, калі падымалася па лесвіцы дома, дзе жыў Ён. Юля скапіравала гэты жэст, яна ўяўляе сябе цвейгаўскай Незнаёмкай, патаемна закаханай; як тая маладая жанчына, яна мае намер (зразумела, калі скончыць школу) нарадзіць ад Яго дзіцёнка (зразумела, хлопчыка). Бацька ніколі пра сына не даведаецца. Дзяўчынка вычытала ў даведніку для цяжарных, што трэба загадзя рыхтаваць сябе да кармлення грудзьмі, і ўжо ўшыла ў свой станік нулявога памеру кавалачкі махровага ручніка, каб скура на смочках загрубела. Але гэтага, на яе думку, недастаткова (выдатніца калі штосьці робіць, дык без хітрыкаў): прымаючы ванну, яна не забывае выконваць работу над памылкамі і да чырвані націрае мачалкай смочкі. Цяпер скура на іх ужо дакладна не патрэскаецца, калі незаконны нашчадак суддзі пажадае атрымаць сваю законную порцыю малака. Яна наперад прадумала ўвесь план шчаслівага завяршэння цяжарнасці (яна заўжды ўсё прадумвае наперад), а п’яных прызыўнікоў ды іншыя нечаканасці лёсу прадугледзець немагчыма. Дзяўчынка здагадваецца, што пры ажыццяўленні подзвіга самаахвярнасці ёй спатрэбяцца грошы, і, ухваляючы сябе за практычнасць, адкладвае ад школьных сняданкаў ды абедаў: у скарбонцы з выявай Кіева-Пячэрскай Лаўры (сувенір ёй падарылі як пераможцы алімпіяды па англійскай мове) паўнюсенька зэканомленых медзякоў. Зрэшты, калі грошай не хопіць, яна магла б заняцца прастытуцыяй, як Незнаёмка. На жаль, яна нарадзілася ў краіне, дзе прастытуцыя, нічога не паробіш, забароненая. Вось і стварай трагічны раман свайго жыц-ця ў такіх неспрыяльных умовах! Што ж, тады яна будзе эканоміць на самым неабходным: гэта не так выкшталцона, як гандля-ваць сваім целам, але больш-менш упісваецца ў рамантычны стандарт. Пакуль іншыя школьніцы рыхтуюцца да экзаменаў, Юля, уважліва падлічваючы вочкі, вяжа бясконцыя шалікі будучаму плоду незаконнага кахання (гэта адзінае, што яна ўмее вязаць), выклікаючы сваёй «гаспадарлівасцю» бурнае адабрэнне суседак-пенсіянерак. Яна так старанна выцягвае вочкі, нібыта спрабуе ваўнянай ніткай злучыць вытанчаную тканіну сваёй астэнічнай мары з грубай ды нездаровай тканкай жыцця, якое горача дыхае Юлечцы ў патыліцу, расцякаючыся па стадыёнах і першамайскіх дэманстрацыях з партрэтамі правадыроў…