Чырвоныя плямінкі
У краме «Карона» да хлопца падышла дзяўчына і прапанавала выпіць па келіху чырвонага віна ў кавярні «Амстэрдам». Хлопец здзівіўся, але не адмовіўся. Дзяўчына замовіла віно. Выпілі. Яна разлічылася і папрасіла хлопца крыху пагуляць з ёй па вечаровай сталіцы. Маладыя людзі прайшлі праз мост у накірунку Кальварыі. Каля могілак хлопец захваляваўся, папрасіў прабачэння, развітаўся і пакінуў дзяўчыну. У час развітання ён пацалаваў яе ў шчаку. Дзяўчына ажно здрыганулася, такі пякуча-ледзяны быў дотык чужых вуснаў. Хлопец накіраваўся да могілкавай брамы і знік за ёй. Дзяўчына пайшла за хлопцам і пабачыла, як той расхінуў жалезныя дзверы, зайшоў у старую капліцу і там зачыніўся. Здарылася тое, як вядома, увечары, а раніцай дзяўчына знайшла на Кальварыі вартаўніка і папрасіла адчыніць неагатычную капліцу. Вартаўнік за бутэльку гарэлкі пагадзіўся прагуляцца па могілках. У капліцы пахла свежай зямлёю. Пасярод незасыпанай магілы стаяла новая труна. Вартаўнік прыўзняў века. Дзяўчына пабачыла хлопца, з якім надоечы піла чырвонае віно ў «Амстэрдаме». На белай манжэце яго святочнай кашулі цямнелі вінныя плямкі. Калі ўчора яны пілі за знаёмства і чокаліся, некалькі вінных кропель патрапілі на манжэту. Пабачыўшы Чырвоныя плямінкі, дзяўчына так перапужалася, што пераехала з Мінска ў Вільню, каб больш ніколі нават выпадкова не сустрэцца з маладым нябожчыкам.
Чырвоны кінатэатр
Некалі ў Мінску на вуліцы Харкаўскай стаяў клуб, дзе кожную суботу ладзіліся танцы. У той клуб сцякалася моладзь з усяго раёна. Нават з вуліцы Апанскага ды вуліцы Альшэўскага хлопцы падыходзілі на Харкаўскую. А шлях іх ляжаў каля Кальварыйскіх могілак. Два хлопцы з маёй дзявятай школы – Сяргей Бурак ды Вова Дрожын – кіраваліся на танцы. Яны спяшаліся, бо заседзеліся ў кафэ «Рабінка». Каб хутчэй трапіць у клуб, хлопцы не сталі абыходзіць старыя могілкі, а пайшлі праз іх. Хлопцы ішлі подбегам, а таму і не заўважылі, як, ідучы па крывой сцяжынцы, наступілі на стары капец. Зайшлі яны на могілкі ўдвох, а выйшлі ўтрох. Бурак з Дрожыным, вядома, пабачылі, што побач з імі крочыць трэці, але вырашылі маўчаць. Так яны і прыйшлі моўчкі ў клуб. Настрою танцаваць у хлопцаў ужо не было, бо невядомы паўсюль хадзіў за імі. Вова і Сяргей выйшлі з танцаў, за клубам выпілі прынесеную бутэльку віна. Выпілі яе на трох, бо прапанавалі глыток хлопцу, які прычапіўся на Кальварыі. Хлопец узрадаваўся, выпіў, захмялеў і прапанаваў шчодрым людзям схадзіць з ім на іншыя танцы. Бурак пачаў быў адмаўляцца, але Дрожын яго ўгаварыў, і яны рушылі праз начны Мінск услед за новым знаёмым. Неўзабаве той прывёў іх у вялікі Чырвоны кінатэатр, дзе ў фае граў спраўны ансамблік. Публікі назбіралася не так каб і многа, але ўсе былі апранутыя па-святочнаму і мелі цудоўны настрой. Дрожын і Бурак пачалі танцаваць. Яны танчылі ўсе хуткія і ўсе павольныя танцы, якія ў нас на раёне называлі «медлякамі». Хлопцы танчылі несупынна і не заўважалі, як ляціць час. Калі ж Бурак і Дрожын стаміліся і, падзякаваўшы новаму знаёмаму за гасціннасць, выйшлі з кінатэатра, на вуліцы быў ясны дзень. Толькі гэта быў не наступны дзень, як падумалі Уладзімір Дрожын і Сяргей Бурак, гэта быў дзень, які для ўсіх астатніх людзей надышоў праз адзінаццаць гадоў. Бурак і Дрожын пратанцавалі з нябожчыкамі адзінаццаць гадоў. Добра сабе так патанцавалі, паскакалі, пакруціліся. У дзявятую школу хлопцы не вярнуліся, давучваліся ў вечаровай школцы для працоўнай моладзі, а потым з’ехалі з Мінска. Каму прыемна, калі зноў і зноў пра цябе кажуць: «Ён танцуе з мерцьвякамі!»
Шэрая чарка
Адбылося тое, пра што тут апавядаецца, у Мінску на Дзяды. Жанчына пайшла адведаць магілу мужа, які трынаццаты год адпачывае на Паўночных могілках пад шэрым каменным шурпатым крыжам. Дзяцей у жанчыны не было, таму помнік мужу, разам з якім сыходзiла ў зямлю і прозвішча, быў зроблены ў выглядзе дрэва з паабразанымі каля самага камля галінамі. Над крываватым каменным камлём шарэў і невялікі крыж. Жанчына прынесла мужу-нябожчыку пачастунак – пляшку гарэлкі. Дастала дзве чаркі, адну поўную паставіла пад помнік, на зямлю, а з другой паціху, седзячы на лавачцы, выпіла ўсю бутэльку. Ап’янеўшы, жанчына крыху паплакала над сваім лёсам і сабралася была сыходзіць, але з каменага крыжа высунулася каменная рука з Шэрай, чаркай поўнай духмянай гарэлкі. Удава ўзяла Шэрую чарку і выпіла пачастунак. Выпіла і павалілася мёртвая пад каменны камель з абрэзанымі галін.
Шэры дым
Мужчына стаяў на гаўбцы, пазіраў на цёмны Мінск і курыў «Мальбара» з чырвонага пачака. Шэры дым плыў па сталічных праспектах, плошчах і вуліцах. Гарэлі тарфянікі і лясы. Пачатак лета выдаўся сухі, ветраны і спякотны. У лясах забаранілі раскладаць вогнішчы, але лясы ўсё адно загарэліся, за лясамі закуродымілі балоты. Шэры дым запоўз у вёскі, мястэчкі, гарады. Ад яго каламуціліся краявіды, чырванелі вочы і біў кашаль. Уночы з’яўляўся слабкі халадок, але і ён не цешыў змучаны гарачынёю народ. Мужчына ледзь датрываў да адпачынка. Увечары ён выклікаў таксоўку, што ранкам мусіла завезці яго з дачкою ў аэрапорт. Яны планавалі даляцець да Сухумі, адтуль даехаць аўтобусам да Піцунды і цэлы месяц адпачываць пад высознымі хвоямі на беразе чыстага мора. Тры месяцы мужчына марыў пра сустрэчу з лагодным морам. Перад сном ён мора ўяўляў. Вялікае, спакойнае, празрыстае мора. Нават уяўнае мора супакойвае. Цяпер мужчына хваляваўся і курыў адну цыгарэту за другой. Ён пачуў з радыё, што ў Абхазіі распачалася вайна. Ён не паверыў навіне. Праз кожную гадзіну мужчына праслухоўваў навіны. Халодны голас зноўку казаў, што ў Абхазіі пачалася вайна з грузінамі. Абхазы паўсталі супраць Грузіі. За ноч мужчына скурыў цэлы пачак «Мальбара». Яму вельмі хацелася далучыцца да паўстанцаў. Праглася прыляцець у Сухумі і разам з абхазамі ды чачэнамі вызваліць шматпакутную Абхазію. Раніцай мужчына не стаў будзіць дачку, калі пад гаўбцом спынілася таксоўка. Мужчына заплаціў шафёру за памылковы выклік і вярнуўся дамоў. Золак у той дзень быў дымна-шэры. У такія шэрадымныя золкі і пачынаюцца войны. Мужчына пабудзіў дачку, і яны паехалі на рэчку Іслач купацца. Вада ў рэчцы плыла ледзяная. Навокал стаяла сцяна Шэрага дыму. У гэтым Шэрым дыме гарэла і згарэла адна з самых вялікіх у свеце імперый.
Залатая крэдытка
Камуністы кажуць: надыдзе час, калі грошы знікнуць. Ага! Раней камунякі квакталі, што безграшовы час прыйдзе неўзабаве. Квактуны праквакталі свае жыцці, незабава працягваецца, а светлы час татальнага безграшоўя так і не надышоў. Грошай заўжды мала, капейчыны паўсюль не хапае, любоў да рубля – грэх… Толькі без іх не атрымліваецца ні жыць, ні любіць, ні квактаць пра будучыню, нават у чырванатварых ад перманетнага п’янства камуніздаў з камуняздамі не атрымліваецца. За «так» не наліваюць! Таму можаш уявіць, як я не па-дзіцячы ўзрадаваўся, калі чырвананосы Дзед Адмароз падарыў мне на Новы год Залатую крэдытку. Так і было! Вер! Я сумаваў каля маленечкай елачкі. Прыбраная цацкамі, паабчапляная лямпачкамі, узнагароджаная шкляной зоркаю мая штучная ялінка цешыла вока. Я піў і цешыўся. Тут і зайшоў Дзед Адмароз у чырвоным каптане. Зайшоў выпіў «штрафную», бо спазніўся, бо прыйшоў не а дванаццатай, а ажно а трэцяй гадзіне ночы. Выпілі мы, і ён падарыў мне Залатую крэдытку. Сказаў, што магу жыць, як пры камунізме, магу працаваць адпаведна здольнасцям, а набываць усяго столькі, колькі спатрэбіцца. Адна ўмова… Адна… Адна адзіная… Не трын-дзець! Трэба, каб пра Залатую крэдытку ніхто нічога не ведаў.
Мяне надоўга не хапіла. Дацягнуў да нашага праваслаўнага старога Новага года і прантрындзеўся. Напіўся з сябрунамі пад гастраномам «Цэнтральны». Яны пацікавіліся, на якія шышы гуляем. Мелі права пацікавіцца. Я заўжды цікаўлюся, за які такі рубель п’ю. Таму і расказаў пра Дзеда Адмароза і цудоўны крэдыт. Ніхто не паверыў, бо Залатая крэдытка, ліха на яе маці, перастала разлічвацца.
Жоўты пінжак
Ёсць у Мінску мужчынскі кравец, вялікі майстра шыць пінжакі. Вядома, калі навокал гурбы гатовага адзення, краўцу жывецца не так каб і соладка. Але прырода апякуецца краўцамі. Яна лепіць нестандартныя чалавечыя экзэмпляры. Некаму рукі да каленяў выцягне. Камусьці зробіць дупу ўдвая шырэйшую за плечы. Хтосьці атрымае ад яе куртатыя ногі. Тут і патрабуецца кравец. Ён так спрытна абаўе нестандартную паставу рознымі тканінамі, што прыродныя заганы зробяцца нябачнымі. Ёсць! Ёсць і ў нас такія майстры. Адзін такі – Ян Навіцкі – жыве насупраць Камароўкі. Кожную нядзелю ён выпівае некалькі чарак гарэлкі ў кавярні «Акварыум». Там я і пачуў ягоную гісторыю пра Жоўты пінжак. Вядомы на ўсю Беларусь бізнесовец Іван Старыкевіч вырашыў пашыць сабе Жоўты пінжак. Пінжакоў у таго заможнага капіталіста было шмат, але ў юнацтве ён пабачыў у амерыканскім часопісе Жоўты пінжак і вырашыў, што некалі абавязкова атрымае яго сабе ў гардэроб. Вырашыць вырашыў, але ўсё не было часу мару сваю запаветную здзейсніць. Так бы і пражыў Іван без Жоўтага пінжака, каб зноў не пабачыў яго ў новым амерыканскім фільме пра старыя часы. З фільмам на флэшцы і жоўтым матэрыялам у пакеце бізнесовец Старыкевіч прыйшоў да краўца Навіцкага, прыйшоў да найлепшага мужчынскага краўца. Ян узяў замову, атрымаў ад Івана аванс і пачаў працу. Бізнесовец, хай цяпер яму ў раі складаецца добрая банкаўская гісторыя, разбіўся на матацыкле. Заехаў у сцяну. Як так атрымалася? Каб хто растлумачыў. Цвярозы, ехаў і заехаў у цагляную сцяну. Смерць на месцы. Ян Навіцкі, ясная справа, працу над Жоўтым пінжаком спыніў. Паклаў недашыты пінжак у папяровы пакет і засунуў той пакет на самую высокую паліцу свайго працоўнага стэлажа. Уночы да краўца прыйшоў замоўцанябожчык і запатрабаваў неадкладна дашыць Жоўты пінжак. Навіцкі сваю работу любіць. Трэба ўстаць пасярод ночы і дарабіць пачатае? Устане і даробіць. Замоўца заўжды мае рацыю. Пад раніцу Іван Старыкевіч выйшаў з атэлье Яна Навіцкага ў выдатным Жоўтым пінжаку. З той ночы і пачаў лётаць па Мінску на грукатлівым матацыкле нябожчык у Жоўтым пінжаку. Лётаў ён глыбокімі начамі, людзям спаць не даваў і так усім надакучыў, што давялося раскопваць магілу, адразаць Івану Старыкевічу галаву і класці пад ногі. Такі зомбі не можа падняцца з магілы датуль, пакуль галава ягоная ў нагах ляжыць. Мужчыны, што адразалі і перакладалі бізнесоўцу галаву, выказалі сваё захапленне Жоўтым пінжаком. Некаторыя нават пазамаўлялі ў Яна Навіцкага падобныя пінжакі. Ён іх пашыў, толькі з іншай тканіны, бо такой, як была ў Івана Старыкевіча, ніхто дастаць не змог.
Чырвонае даміно
Дырэктар ЦУМа вырашыў шукаць сабе новага начнога вартаўніка, бо ранейшыя штораз напіваліся. Тым часам у магазіне завялася нячыстая сіла. Штоноч розныя рэчы псаваліся ды раскідваліся па падлозе. Дырэктар абвясціў кастынг. Калі хлопцы даведваліся пра перспектыву начнога змагання з нячысцікамі, дык адразу ж адмаўляліся ад такой працы, нават на вялікія грошы не спакушаліся. Толькі адзін маладзён – Жэнік Рэпа – пагадзіўся праз тыдзень пайсці вайною на чорную сілу. Раніцай Яўген узяў сваю старую салдацкую форму і занёс яе на Вайсковыя могілкі, дзе і закапаў у тлустую зямлю. Форма праляжала ў могілкавай зямлі шэсць дзён і шэсць начэй. На сёмы дзень Рэпа надзеў яе і пайшоў у ЦУМ. Пасярод ночы, калі астатнія вартаўнікі моцна спалі і бачылі хмельныя сны, Жэнік пачуў галасы. Пайшоў Рэпа на іх і пабачыў жывых нябожчыкаў. Тыя паставілі пасярод крамы стол з крэсламі ды селі гуляць у Чырвонае даміно. Вартаўнік папрасіў жывых нябожчыкаў, каб і яго прынялі ў гульню і дазволілі пагуляць на грошы. Нябожчыкі абнюхалі вартаўніка, пачулі свой земляны могілкавы салодкі дух і прызналі Жэніка Рэпу за свайго чалавека. Пачалася гульня. Колькі ні гулялі ў тую доўгую ноч, а ўсе ўвесь час прайгравалі Яўгену. Праз пару гадзін нябожчыкі прайграліся дарэшты.
Яны прайгралі нават сваё права прыходзіць у ЦУМ. Атрымаўшы ганебную паразу, нябожчыкі сышлі. Нават сваё Чырвонае даміно пакінулі на стале. Яно і зараз захоўваецца ў ЦУМе, ляжыць у дырэктарскім кабінеце. За дырэктара там працуе… Правільна! За дырэктара цяпер працуе спадар Яўген Рэпа, паважаны чалавек.
Блакітная русалка
У возеры Нарач завялася Блакітная русалка. Шмат хто яе бачыў. Яна свяцілася ў цемры халодным месяцовым святлом. Нарачанцы нават любілі сваю русалку. Любілі, пакуль яна не заказытала хлопчыка з дзіцячага лагера «Зубронак». Заказытала хлопца да смерці, кінула ў чароце і схавалася ў азёрныя глыбіні. Нарачанцы злавілі Блакітную русалку электратралам, пасеклі яе на кавалкі і спалілі ў вялікім вогнішчы. Хто ж гэта ў наш час дазволіць дзіця заказытаць беспакарана?
Зялёная кветка
Красуе ў Беларусі Зялёная кветка. Часам яе называюць і папараць-кветкаю. Цвіце наша Зялёная кветка адзін раз на год. Цвіце ўлетку, на Купалле, пасярод ночы. Зазвычай чароўную кветку шукаюць глыбока ў лесе ці ў вялікай пушчы. А мне добрыя людзі расказалі пра Зялёную кветку, знойдзеную ў горадзе. Знайшла яе простая жанчына. Знайшла каля канцэртнай залы «Мінск». Ішла жанчына з канцэрта праз мост, ішла над Свіслаччу і пабачыла пад вербамі, каля самай вады, зялёны агеньчык. Спусцілася да рэчкі і сарвала там Зялёную кветку. Як толькі ўзяла яна ў рукі Зялёную кветку, дык адразу свет навокал перамяніўся. Свет стаў празрысты. У новым празрыстым свеце жанчына і пабачыла скарб – вялікі алюміневы бідончык, поўны залатых манет. Той бідончык быў закапаны пад аркай на стадыёне «Дынама». Жанчына ўзрадавалася і пабегла дамоў па рыдлёўку. Балазе жыла яна побач са стадыёнам. Дома яна ўзяла рыдлёўку і пакінула Зялёную кветку. Калі жанчына з рыдлёўкай прыбегла пад стадыён, дык зразумела, што страціла чароўную здатнасць бачыць скрозь сцены. Бідончык з золатам жанчына не знайшла. Шукаць пашукала, але не знайшла. Вярнулася дамоў і пабачыла завялую, пачарнелую, мёртвую кветку. Жанчына хацела ўзяць яе і пакласці ў ваду, але ад лёгкага дотыку кветка рассыпалася на шэры пыл.
Шэры заплечнік
Студэнт прыехаў з мястэчка ў сталіцу. Ён пайшоў праз ярка асветлены чыгуначны вакзал. Падстольны сухі жаночы голас папярэджваў пасажыраў, каб яны былі пільныя, уважліва глядзелі навокал, каб пры знаходжанні нічыйных ці падазроных рэчаў абавязкова выклікалі праваахоўнікаў. Студэнт заўважыў нічыйны Шэры заплечнік. Ён падышоў да знаходкі і нахіліўся, каб як мага лепей разгледзець стыльны і новы дарагі заплечнік. Як толькі студэнт схіліўся, Шэры заплечнік ускочыў яму на спіну. Студэнт паспрабаваў скінуць заплечнік, але не змог. Ён хацеў крыкнуць, хацеў гукнуць каго на дапамогу, хацеў паскардзіцца на Шэры заплечнік, але голаса ў студэнта не было. Голас прапаў. Тады студэнт вырашыў вынесці Шэры заплечнік з люднага месца. Вынесці яго з асветленага вакзала, занесці ў цёмны бязлюдны халодны сквер і тамака працягнуць барацьбу з Шэрым заплечнікам. Студэнт пайшоў, пайшоў подбегам, шпарка-шпарка пайшоў. Заплечнік быў цяжкі, ён усё цяжэў і цяжэў, нарэшце стаў такі цяжкі, што студэнт спыніўся. Ён выцер успатнелы лоб і зірнуў на гадзіннік, што чарнеў на прывакзальнай вежы. На тым гадзінніку было шэсць гадзін раніцы. Студэнт падумаў, што ўсю ноч нёс Шэры заплечнік. І толькі ён сказаў сам сабе, што нёс чортаў заплечнік усю ноч навылёт, як адчуў палёгку. Шэры заплечнік прапаў, як і не было. Студэнт заплакаў ад радасці.