Гісторыі пра Мінск і ваколіцы (зборнік) - Глобус Адам 3 стр.


Шэрая стрэльба

Мужчына вырашыў схадзіць на паляванне. Не тое каб сам узяў ды вырашыў, а яго запрасілі, і ён даў згоду. Што за паляванне без уласнай стрэльбы? Таму мужчына пайшоў да аднаго ўжо зусім старога знаёмага і выкупіў у таго Шэрую стрэльбу разам з ладуннікам ды рознай іншай паляўнічай амуніцыяй. Стары спытаў, каго хоча ўпаляваць мужчына, і пачуў пра ваўка. «Добра, ваўка дык ваўка, упалюеш ты свайго ваўка!» – сказаў стары перад развітаннем. Нядзельнай раніцаю мужчына разам з іншымі паляўнічымі паехаў з Мінска ў Бярэзінскі запаведнік, дзе мелася адбыцца паляванне на ваўкоў. У запаведніку мужчына вырашыў пасля дарогі крыху прайсціся каля рэчкі. Адышоў ён ад гурта паляўнічых і пабачыў старога, у якога Шэрую стрэльбу прыдбаў. Стары дзед ішоў уздоўж Беразіны з пугай у руцэ. Той доўгай пугаю ён гнаў паперадзе сябе зграю вялікіх ваўкоў. Ваўчыная зграя ішла спакойна, як статак авечак. Мужчына зняў з пляча Шэрую стрэльбу, прыцэліўся ў самага магутнага ваўка, які вёў шэрую зграю, і стрэліў. Мёртвы воўк паваліўся на снег. Зграя рассыпалася. Ваўкі разбегліся. Дзед з пугаю прапаў, як і не было. Вярнуўшыся з запаведніка ў сталіцу, мужчына вырашыў на тыдні адведаць дзеда і падзякаваць яму за ўдалае паляванне і добрую стрэльбу. Прыйшоў мужчына ў дзедаву кватэру, а там незнаёмая жанчына ў чорнай хустцы сказала, што ў нядзелю раніцаю стары памёр, светлая памяць.

Чорная гітара

Хлопцу страх як захацелася навучыцца граць на гітары. Ён пайшоў у краму з музычнымі інструментамі, што на плошчы Перамогі. Пахадзіў па краме, папрыглядаўся, да коштаў папрымерваўся, але купіць нічога не купіў. На выхадзе з крамы хлопца запыніў танкавусы мужчына ў чорным кацялку. Вусаты прапанаваў набыць за невялікія грошы Чорную гітару. Хлопец завагаўся. Чарнавусы паабяцаў навучыць хлопца граць на гітары за адзін урок. Хіба цвярозы ў такое паверыць? Але хлопец пагадзіўся зайсці ў двор і крыху пайграць на Чорнай гітары. Нічога добрага ў хлопца не атрымалася. Тады мужчына паклаў свае пальцы на хлопцавы, і яны зайгралі разам, ды так зайгралі, як мала хто на белым свеце зайграе. Хлопец падзівіўся з самога сябе і сказаў, што сам жа ён не зможа так дзівосна граць.

«Зможаш, – запэўніў танкавусы, – набудзеш Чорную гітару і будзеш граць, як сам д’ябал!» Хлопец выграб з партманеткі назапашаныя грошы і перадаў мужчыну з блакітнымі ад педантычнага галення шчакамі. Увечары хлопец прыхапіў Чорную гітару і паехаў у Зялёны луг на дзень народзінаў да знаёмай дзяўчыны. Замест падарунка ён паўвечара граў на гітары. Прысутныя слухалі і наслухацца не маглі. Хлопец граў, граў і граў, ажно пакуль на вечарынцы не з’явіўся чарнавусы мужчына ў смокінгу і чорным кацялку. Мужчына вольна хадзіў па дому, але, апрача маладога гітарыста, яго ніхто чамусьці не бачыў. Мужчына хадзіў па пакоях і спраўляў малую патрэбу ў келіхі з віном. Хлопец падбег да танкавусага чорта і ўдарыў яго левай рукою, кулаком у лоб. Ударыў так, што чорны кацялок зляцеў з вастрарогай галавы. Ударыў і крыкнуў: «Згінь рагаты!» Чорт прапаў, разам з чортам прапаў і чорны кацялок, а разам з кацялком прапала і Чорная гітара. Прысутныя падумалі, што хлопец проста перабраў з алкаголем і яму прымроіўся чорт. Імянінніца крыху пасуцяшала знерваванага хлопца і выправіла на таксоўцы дамоў, у няблізкую Серабранку.

Блакітныя канваліі

У газетцы «Рэспубліка» працавала маладая журналістка Таццяна Мірная. Жыла яна адна. Здымала аднапакаёўку каля станцыі метро «Маладзёжная». Усё ў Таццяны складвалася выдатна, пакуль не стаў да яе прыходзіць начны мужчына. Мірная засынала, і да яе ў сон заходзіў вялікі мужчына. Забаўляўся той ненатольны мужчына з Таццянаю да самай раніцы. З-за тых забавак пачала яна худнець, марнець, сохнуць і зрабілася зусім як цень. Прыбірачка з «Рэспублікі» паспачувала Мірнай і асцярожна параспытвала пра прычыну такога хуткага змарнення. Жанчына баялася казаць пра начнога мужчыну з шасцю пальцамі на левай руцэ, але расказаць пра яго ўсё ж наважылася. Прыбірачка параіла змучанай Тацяне пайсці ў батанічны сад і знайсці каля возера Блакітныя канваліі. Тыя канваліі Мірная паклала ўвечары на сваю коўдру. Пасярод ночы жанчына прачнулася ад гучнай лаянкі. Шасціпалы абураўся тым, што жанчына схавалася за чароўную кветку. Палаяўся ён, паабураўся, пасварыўся і сышоў назаўжды. Праўда, трэба сказаць, што Блакітныя канваліі мужчына знёс.

Сінія людзі

Былы міністр фінансаў Станіслаў Лыч набыў і адрамантаваў вялікую кватэру ў Бранявым тупіку. Гэта была зусім не простая кватэра. Лыч выкупіў цэлы паверх у двухпавярховым дамку. З цягам часу ён збіраўся і першы паверх выкупіць, але суседзі з першага былі яшчэ не гатовыя да продажаў і пераездаў. Станіслаў іх не прыспешваў. Чыноўнік умее чакаць. Сядзенне па розных прыёмных зрабіла яго цярплівым. Але ні сам Лыч, ні хто іншы з яго сям’і не чакаў, што ўночы прыйдуць да іх Сінія людзі. Яшчэ і сямі дзён не пражылі Лычы ў свежай адрапараванай кватэры, а Сінія ўжо з’явіліся. Яны заявіліліся і пачалі душыць былога міністра. Той прасіўся і прапаноўваў Сінім людзям у якасці ахвяры ўласнага сына. Сінія пагадзіліся. Яны пайшлі і задушылі Лыча-малодшага. Цяжка было Сінім задушыць маладога асілка Станіслававіча. Бо асілкам ён быў сапраўдным. Каб Сініх людзей у страшную ноч было не пяць, а тры, дык яшчэ не вядома, хто б каго замардаваў. Лыч-старэйшы і паспадзяваўся на сынаву дужасць. Але паспадзяваўся дарэмна. Сінія задушылі і сына ягонага, і жонку ягоную і яго самога. Задушылі ўсіх, кватэру абрабавалі і сышлі ў тую непралазную цемрадзь турэмных сутарэнняў, адкуль і з’явіліся.

Шэры шэпт

Студэнт-архітэктар штодня ездзіў паўз могілкі. У адну золкую лістападаўскую раніцу ён і пачуў Шэры шэпт. Студэнт якраз праязджаў на аўтобусе адчыненую могілкавую браму, калі пачуў запрашэнне: «Хадзі сюды…» Архітэктар не надаў патрэбнай увагі Шэраму шэпту, таму той паўтарыў запрашэнне тройчы. «…хадзі сюды, хадзі сюды». Пасля заняткаў студэнт вырашыў не рызыкаваць, не спакушаць лёс і паехаць паўз могілкі на метро. Але Шэры шэпт і ў метро пераняў студэнта, і, як толькі вагон пайшоў пад магіламі, запрашэнне прагучала выразна і настойліва. Вячэраючы, студэнт расказаў бацькам пра Шэры шэпт з ягонымі запрашэннямі. Бацькі ўспрынялі аповед як чорны жарт і дарма, бо ўвечары напраўду здарылася трагедыя. Сын выправіўся ў начны клуб. Ён выйшаў з кватэры, выклікаў ліфт на свой шосты паверх, зайшоў у кабіну, а яна ўзяла ды абарвалася. На хаўтурах толькі і было размоў, што пра Шэры шэпт.

Шэры салдат

Ён вярнуўся з далёкага поўдня, дзе тры гады праваяваў з духамі. У гарах яго кантузіла, і часткова знік слых. Таму ў кампаніях, дзе выпівалі пад магнітафон, Шэры салдат прасіў узмацніць гук. Ён піў і не п’янеў, ён еў і не мог наесціся, ён слухаў царкоўную музыку, а наслухацца не мог. Усё ўжытае Шэрым салдатам хутка праходзіла праз яго. Ён пачаў чэзнуць ды сохнуць. Куды толькі ні звяртаўся салдат! Пахадзіў ён нямала па далёкіх і блізкіх лякарнях ды дактарах, пакуль не пазнаёміўся са старой Зояю з мінскай Грушаўкі. Сівакудлая Зоя і сказала Шэраму салдату, што ён жыве не толькі за сябе, але і за сваіх таварышаў, пазабіваных духамі ў далёкіх паўднёвых гарах. Каб паправіць парадак рэчаў і вярнуць жывое жывому, трэба дачакацца поўні, пайсці на могілкі і закапаць у зямлю тры гімнасцёркі. Шэры салдат так спакутаваўся ад вечнага голаду ды бясконцай ненажэрнасці, што пайшоў на могілкі, асветленыя поўняю, і закапаў там тры новыя гімнасцёркі. Так і вылекаваўся Шэры салдат ад ненажэрнасці.

Чырвоная скарбонка

У бар, што на піваварні «Аліварыя», кожную пятніцу прыходзілі тры сябрукі. Выпівалі па куфлі падмацаванага гарэлкаю піва і сыходзілі. Аднаго разу гэтая троіца завяла гаворку пра скарб. «Каб я знайшоў на дарозе скарбонку з золатам, дык узяў бы золата і сумленна падзяліў на тры часткі паміж намі, хлопцы!» – запэўніў адзін аматар разліўной «Аліварыі». «А я не браў бы ўсё. Узяў бы толькі палову. Гэта ж палюдску – узяць палову ад знойдзенага?» – разважаў другі наведнік бара. «Лепей зусім не чапаць чужога золата. Мяне ў дзяцінстве так вучылі: не бяры чужое, бо калі возьмеш, рукі паадсыхаюць!» – так выказаўся трэці з сябрукоў. Дапілі яны сваё піва з гарэлкаю і пайшлі ад «Аліварыі» да метро, на плошчу Перамогі. Каля крамы «Яхант» убачылі мужчыны Чырвоную скарбонку. Адчыненая скарбонка стаяла на ганку крамы і паблісквала залатымі манетамі. Пабачылі сябрукі скарб і аслупянелі. Першым выйшаў са здранцвення той, якога ў дзяцінстве спрабавалі навучыць, каб чужога не браў. Ён і падбег да скарбонкі і схапіў поўную жменю залатых манетак. Тут Чырвоная скарбонка ўзяла ды зачыніся. Скарбонка зачынілася і адхапіла сквапную руку па самы локаць. Скалечаны сквапнік зароў і пачаў уцякаць, каб Чырвоная не з’ела яго цалкам. За скалечаным паўцякалі ад «Яханта» і астатнія ўдзельнікі гаворкі пра золата. Паўцякалі і цяпер радуюцца, што жывымі засталіся. У бар «Аліварыя» яны, вядома, не ходзяць, але ў іншых мінскіх барах сядзяць і часам расказваюць гісторыю пра Чырвоную скарбонку і закляты скарб. Лепш за ўсіх распавядае аднарукі.

Чорная кроў

Пра Чорную кроў расказвалі мне людзі з Раўбічаў… Багаты чалавек вырашыў збудаваць сабе дом каля возера. Набыў кавалак зямлі, замовіў праект дома і наняў прараба, каб сачыць за будоўляй. Багаты быў багаты не толькі праз прыродныя спрыт ды хітрасць, ён быў багаты і праз беражлівасць, ашчаднасць і сквапнасць. Таму заробак у прараба быў мізэрны, але існавала дамоўленасць, што пасля заканчэння будоўлі ён забярэ рэшткі матэрыялаў. Як ты ні лічы, але і цэгла застаецца, і плітка, і дошкі, і фарба… Дабудаваў прараб дом. Гаспадар з ім разлічыўся, і нават той маленькі заробак выдаў беларускімі рублямі па самым нявыгадным для работніка курсе. Дамаўляліся пра заробак у далярах, а сплочвалася ўсё ў рублях. Прараб падзякаваў за грошы і сказаў, што забірае матэрыялы. Падышоў да жонкі гаспадара, падняў яе і закінуў сабе на плячо. Ніхто не чакаў такога нахабства. Жонка сцішылася. А сквапны гаспадар так раз’юшыўся, так заперажываў, так закалаціўся, што розум яго пацямнеў, і чалавек зубамі парваў сабе на руках жылы. З папарываных жылаў і засвістала Чорная кроў. Чарнакроўны вар’ят пабег вакол возера. Ён бег, а Чорная кроў цякла з яго, цякла-цякла і ўся выцекла. Калі людзі дабеглі да вар’ята, ён ужо ляжаў мёртвы. Гісторыя пра Чорную кроў мае шчаслівы канец, бо прараб з багатай удавою ўзялі шлюб і зажылі шчасліва ў вялікім доме каля возера ў Раўбічах.

Чорны мяшэчак

На рагу вуліц Кузьмы Чорнага і Чарнышэўскага жылі-былі два таварышы. Прыйшоў час тым хлопцам пайсці ў войска. Купілі яны гарэлкі і зладзілі праводзіны. У час той сумнаватай балюшкі таварышы схадзілі да вечаровай школы, што стаяла пасярод іх двара. Пад школьным плотам хлопцы закапалі глыбока ў зямлю дзве чакушкі – каб тыя іх чакалі па-сапраўднаму, каб абавязкова дачакаліся і каб узрадавалі, дачакаўшыся. Не пашанцавала таварышам у войску, патрапілі яны на вайну. Адзін з іх загінуў пад Кабулам, а другі адваяваў прызначаны тэрмін і вярнуўся на рог Чарнышэўскага і Чорнага. З нагоды вяртання купілі гарэлкі і зладзілі гучную гулянку. У час гулянкі пайшоў салдат да вечаровай школы і адкапаў хованку. Пад плотам ён знайшоў адну чакушку і аксамітны Чорны мяшэчак, поўны золата.

Шэрая хвароба

Яна з’яўляецца напрыканцы нашага змрочнага лістапада, калі краіну апаноўвае ледзяная золь. Шэрая хвароба ходзіць па начных гарадах і вёсках, заходзіць у дамы, грукае ў дзверы дубовай кульбаю і пытаецца: «Усе спяць?» Калі ніхто не адгукнецца на грукат, не пацікавіцца: «Хто там?», тады за тымі дзвярыма ніхто больш і не прачнецца.

Светлы муж

У разумнай жанчыны было ажно трое каханкаў – Чмок, Жмак і Шпок. Ёй хацелася выйсці замуж, і каб усе чмокі-чмокі, жмакі-жмакі ды шпокі-шпокі рабіў ёй адзіны законны Светлы муж. Але такога спрытнага на ўсе патрэбныя справы мужа жанчына не знайшла. Шукаць шукала, а каб знайсці, дык і не знайшла. Так і пражыла яна сваё доўгае шчаслівае жыццё з трыма каханкамі – Шпокам, Жмакам і Чмокам.

Срэбная лыжачка

Малады фотамастак убачыў узорны жаночы твар. Ён пазіраў на мастака з фотаздымка на помніку. Малады чалавек вырашыў зняць жанчыну з керамічнага медальёна. Людзі казалі, што фатаграфаванне на могілках – занятак небяспечны і кепскі. Толькі фотамастак моцна захапіўся ўзорнай жаноцкасцю і нават не ўзгадаў пра папярэджанні дасведчаных людзей. Ідучы з могілак у студыю, фатограф наведаў кавярню «Грунвальд». Там каля барнай стойкі сядзела жанчына з узорным тварам, рыхтык такім, які быў на могілках. Мастак вырашыў пазнаёміцца з уладальніцай яркай узорнасці. Ён сеў пры барнай стойцы, замовіў чорнай гарбаты і завёў гутарку, як ён спадзяваўся, са сваёй будучай узорнай мадэлькай. Гутарка была лёгкая і вясёлая. Фатограф сам не заўважыў, як згадаў у гутарцы чорта. Размова зрабілася змрочнай, і фатограф сказаў: «Чорта няма!» Жанчына збрыдчэла і тэатральна зарагатала на ўвесь «Грунвальд». Яе суразмоўца нязграбна павярнуўся на высокім крэсле і локцем скінуў з барнай стойкі Срэбную лыжачку. Тая паляцела на падлогу. Срэбная лыжачка праляцела палову адлегласці і спынілася ў паветры. «Чорта няма?» – спытала брыдкатварая жанчына і зноў гучна зарагатала на ўсю кавярню. Фатограф кінуўся ўцякаць. Ён бег, скакаў, ляцеў, імчаў, ажно пакуль не схаваўся за металічнымі дзвярыма сваёй фотастудыі. Толькі праз тры дні ён наважыўся зазірнуць у фотаапарат. Ніякага ўзорнага твара там не было. Здымкі Паўночных могілак меліся ў вялікай колькасці, а жанчына з узорным тварам прапала. У «Грунвальдзе» фатографу сказалі, што ён не разлічыўся за чорную гарбату. Давялося прыніжацца, выбачацца і разлічвацца. Фатограф выйшаў на ганак кавярні, дзе прыняў рашэнне – забыць чортаву гісторыю. З гэтай нагоды ён вырашыў выпаліць цыгарэту. З кішэні разам з запальнічкай выцягнулася і Срэбная лыжачка.

Шэрая паштоўка

Яна – віншавальная Шэрая паштоўка – можа з’явіцца і ў тваёй пад’езднай металічнай скрынцы з нумарам. Друкуюць яе на шчыльнай, амаль як кардон, паперы і падпісваюць шэрым, амаль як срэбра, алоўкам. Такую паштоўку лепей браць у пальчатках ці рукавіцах. Чытаць яе не трэба, бо прачытанае можа хутка спраўдзіцца. Шэрая паштоўка прыходзіць ад тых, хто ведае амаль усё пра твой лёс. Яна з’яўляецца напярэдадні старога Новага года. У ёй віншаванне з надыходам апошняга года твайго зямнога хуткаплыннага жыцця. Зазвычай прароцтва спраўджваецца, але можна і пазмагацца з наканаванасцю. Калі Шэрую паштоўку спаліць не чытаючы, цёмныя сілы могуць і адступіцца. Большасць людзей, якія атрымлівалі Шэрыя паштоўкі, спадзяваліся, што паштоўка прыйшла не да іх. Спадзевы на тое, што паштар пераблытаў адрасы і ўкінуў Шэрую паштоўку не ў тую скрынку, – марныя, але ж менавіта спадзевы доўжаць нашае з табою жыццё, таму паштоўку трэба спаліць.

Шэры гузік

Ён такі прывабны, такі маціцовы і пералівісты, такі гладкі, што падаецца жывым. Жаданне падняць з зямлі знойдзены гузік неадольнае. Падымаюць… Як толькі ты возьмеш у руку Шэры гузік, адразу ўзнікне новае жаданне – прышыць яго на сваю кашулю. Робіцца неістотным тое, што ўсе астатнія гузікі на белай кашулі – звычайныя і белыя. Ты спорваеш звычайны гузік і прышываеш знойдзены, чароўны і жаданы. Кашулю з Шэрым гузікам ты надзяваеш на сябе, зашпіляешся і страчваеш памяць. Ты больш не памятаеш, ні хто ты, ні адкуль ты. Нават імя свайго ты не можаш згадаць. Увесь свет робіцца для цябе спакойны, ціхі і аднолькава-шэры.

Назад Дальше