Гісторыі пра Мінск і ваколіцы (зборнік) - Глобус Адам 5 стр.


Сус і Gillette

Сус памыў адну жаночую нагу, памыў і другую жаночую нагу. Паглядзеў ён і ўбачыў, што гэта добра. Сус дастаў брытву Gillette Mach3 пагаліў абедзве жаночыя нагі, палюбаваўся на плён справы сваёй і сказаў, што гэта выдатна. Быў вечар…

Чортаў дом

Літаратар захапіўся чортам. Збіраў пра яго, рагатага, казкі. Калекцыянаваў малюнкі ды скульптуры з чортавымі абліччамі. Напісаў некалькі апавяданняў і вялікую гатычную прыгодніцкую аповесць, дзе чорт выступаў за галоўнага героя. Сябры казалі, што кватэра таго літаратара зрабілася Чортавым домам. Прачуў праўдзівы чорт, што ёсць чалавек, які шчыра ім захапляецца, які проста апантаны чартаўшчынай. І надумаў чорт адведаць Чортаў дом. Прыйшоў, падарунак з пекла захапіў – вілы, якімі грэшныя душы ў саганы са смалою закідваюць. Убачыў літаратар чорта з віламі, спужаўся і кінуўся ўцякаць. Чорт за ім пабег, каб сказаць пра свае добрыя намеры. Забег літаратар на могілкі – ажно ў Калодзiшчы, схапіў стары драўляны крыж, што за новым помнікам ляжаў. Перахрысціў пісака чорта крыжам так, што скалечыў на ўсё астатняе жыццё. Ведаў чорт, што нельга да людзей з дабром, ведаў, што не трэба ў Чортаў дом наведвацца, цяпер ведае дакладна, бомоцнакульгае.

Белыя кантрацэптунчыкі

Толькі імі і харчавалася. З раніцы адзін маленечкі круглы Белы кантрацэптунчык і ўвечары крыху большы Белы кантрацэптун. Больш нічога не піла і не ела. Не верыш? Я і сам слаба веру, але так было. Выглядала ўсё – акурат наадварот. Яна была тоўстая, непамерна тоўстая, невыказна тоўстая, самая тоўстая ў Мiнску. Яна была жанчына-медуза. Жанчына – мара людаедаў. Мужчыны яе любілі, любілі і любілі. Яна ела Белыя кантрацэптунчыкі і яблася. Больш нічога не рабіла. Божы чалавек. Божае стварэнне. Народжаная задавальняцца і задавальняць. Задаволіла… Канібала задаволіла. Прыйшоў, трахнуў і пусціў на антрэкоты. Казалі, еў яе з цыбуляю. Казалі, пасля яе засталося многа Белых кантрацэптунчыкаў, але па спадчыну ніхто не прыйшоў.

Шэры надмагільны камень

Ёсць у мяне таварыш – Міхась Нацэўскі. Той Міхась робіць надмагільныя партрэты. Аднойчы з Нацэўскім здарылася вясёлая гісторыя… Ён старанна павыдзёўбваў на дарагіх чорных плітах партрэты бацькоў заможнага замоўцы. Але памыліўся, і над імем Таццяна з’явіўся мужчынскі твар, а над імем Сяргей – жаночы. Давялося камяні перашліфоўваць і надпісы перарабляць, бо партрэты атрымаліся як жывыя і падобныя да ўзораў. А было і страшнае здарэнне з Міхасём… Выдзеўб ён на Шэрым надмагільным камені дзявочы твар. Стараўся, як ніколі. Пасля працы, як звычайна, выпіў гарэлкі. Прыцягнуўся раніцай у майстэрню. Бачыць: на Шэрым камені зусім іншая дзяўчына. Каб толькі твар змяніўся, не так бы Нацэўскі напалохаўся, але там імя іншае і даты смерці ды нараджэння памяняліся. Зноў шліфаваць? Зноў перарабляць? Зноў усё наноў? Міхась вырашыў папіць піва і пашукаць у Інтэрнэце дзяўчыну, што з’явілася на Шэрым камені. Знайшлася яна лёгка. Нацэўскі напісаў ёй паведамленне і атрымаў адказ. У наступным лісце Міхась распавёў дзяўчыне пра Шэры надмагільны камень і пераслаў яго фотаздымак. Дзяўчыну асабліва ўразіла дата смерці, бо гэты быў заўтрашні дзень, калі яна збіралася ехаць на маршрутцы да сваякоў у Магілёў. Дзяўчына не паехала ў Магілёў, а тая маршрутка разбілася пад Бялынічамі. Шафёр заснуў за рулём, наехаў на дрэва і загінуў. Пасажыры пакалечыліся. Дзяўчына прыйшла да Міхася ў майстэрню з бутэлькай гарэлкі «Тутэйшая», каб адзначыць цудоўнае выратаванне. Нацэўскі і дзяўчына ў той вечар моцна напіліся. Пакуль яны напіваліся, з Шэрым каменем адбылася чарговая метамарфоза. На каменную паверхню вярнуўся папярэдні дзявочы партрэт. Такія два цуды здарыліся з Шэрым надмагільным каменем. Міхась Нацэўскі сам пра іх і расказваў. Калі што, можаш у яго і перапытаць.

Назад