Пылавы чалавек
У спякотны надвячорак, бліжэй да шарай гадзіны, яго можна пабачыць на вясковай дарозе каля Заслаўя, што пад Мiнскам. Пылавы чалавек няспешна ідзе па вузкай прыдарожнай сцежцы. Ён ідзе зусім павольна і крыху прыпадае на правую, карацейшую нагу. Міжвольна ўзнікае жаданне дагнаць і абагнаць такога чалавека. Чым шпарчэй ты ідзеш за кульгавым, тым хутчэй ён аддаляецца. Пагоня за Пылавым чалавекам – занятак небяспечны. Ты і сам не заўважыш, як апынешся ў далёкім і чужым месцы, пасярод пустога поля. Ты амаль дагоніш Пылавога чалавека, а ён возьме ды рассыплецца тонкім шэрым пылам на прыдарожную траву. Навокал пацямнее, і ў жнівеньскім небе пачнуць загарацца вялікія зоры.
Шэры мутант
Ён жыў на вуліцы Камуністычнай. Там і працаваў у майстэрні па вырабе надмагільных плітаў. Тамака і піў таннае віно – чарніла, чарлік, чарльстон. Ад таго чарліка розум яго каламуціўся, свядомасць мутнела і ўвесь арганізм муціраваў. Дзякуючы чарнілу супрацоўнік майстэрні па вырабе надмагільнай прыгажосці ператварыўся ў Шэрага мутанта. Метамарфозу ўсе заўважылі толькі тады, калі на чорнай гранітнай пліце замест генерала ў фуражцы з’явілася выява вінтарогай кошкі. Шэрага мутанта падманам завабілі ў вар’ятню і там зачынілі. Мутант асабліва і не наракаў на лёс. Ён скарыўся, піў лекі і маляваў крылатых зебраў ды паласатых кенгуру. За добрыя паводзіны і ўсмешлівую ціхмянасць Шэрага мутанта выпусцілі на волю. Вольнае паветра ён адразу змяшаў з чарльстонам, трапіў у доўгатэрміновы запой, з якога выбраўся наўпрост у лепшы свет. Майстэрня па вырабе могілкавай прыгажосці адгукнулася на падзею: на магіле Шэрага мутанта паклалі чорную гранітную пліту са сціплай шрыфтавой кампазіцыяй без малюнка.
Шэрыя фоталялькі
Стары шэльма захварэў на пыху. Ад той пыхі ягоную самаадзнаку так раздзьмула, што ён вырашыў палезці на галоўны дзяржаўны трон. Шэльма ездзіў па гарадах, мястэчках, вёсках і казаў, што ён – цар беларускі. Той-сёй і паверыў пыхліваму самазванцу. Людзі любяць абяцанкі, людзі далі веры абяцанкам-цацанкам, і пачалі людзі абяцальніка паўсюль запрашаць. Тых запрашэнняў назбіралася досыць многа. Тады шэльма нарабіў кардонных фоталялек са сваім заблураным ды адфоташопленым партрэтам. Замест сябе пыхлівец пачаў пасылаць у розныя месцы фоталялькі. Пыха хутка прагрэсавала. Стары лялькароб надумаў сабраць на сталічнай плошчы народ, каб гучна абвясціць сябе адзіным усебеларускім царом. Калі ж у час, прызначаны на ўсеагульны збор, ён прыйшоў на плошчу, народу там не было. На шэрым бруку стаялі і валяліся Шэрыя лялькі. На плошчы было шмат выцвілых пакарабачаных кардонных лялек. Замест людзей пляц Каліноўскага запаўнялі старыя фоталялькі.
Чырванатвары пакупнік
У мінскі ўніверсам «Цэнтральны» часам заходзіць Чырванатвары пакупнік. Бывае, што ён бярэ каву без цукру, а бывае, замаўляе і сто грамаў гарэлкі і да яе шклянку з таматным сокам. Паводзіць ён сябе сціпла – прыйшоў, замовіў, выпіў і сышоў. Адно дзівіць: скура на ягоным твары ажно палымнее, нібыта пад скураю не кроў цячэ, а сапраўдны агонь гарыць. Іншыя наведнікі «Цэнтральнага» пачалі заўважаць, што сустрэча з Чырванатварым адбываецца напярэдадні бяды. Сустрэў яго? Чакай гора горкага. Перад выбухам у нашым метро я Чырванатварага пакупніка сустракаў па тры разы на дзень. Пасля такога і хацеў бы не верыць у прыкметы, а не атрымліваецца. Асабіста я веру, што сустрэчы з Чырванатварым пакупніком – новы сталічны знак бяды.
Шэрае вясло
Неба пакрыўдзілася на зямлю. Паліўся дождж. Ён ішоў тры дні і тры ночы. Дарогі і сцежкі стаялі ў калюгах. Ручаіны, рэчкі і вазёры ўскаламуціліся і пашырэлі. На чацвёрты дзень дождж пачаў аціхаць, але ўсё яшчэ не спыніўся. У цёмным паветры вісела ледзяністая золь. З халоднай золі і выйшаў высокі мужчына ў доўгім вайсковым плашчы. Ён накіраваўся да пастуховай хаты, што стаяла на беразе Дзвіны. «Перавязеш цераз рэчку? Людзі казалі, што ты тут – галоўны перавозчык». – «Мо перачакаем, пакуль вада крыху спадзе ці хоць бы дождж скончыцца?» – «Не магу чакаць, спяшаюся. Калі не хочаш везці, дык якую лодку пазыч». – «Лодкі не пазычаю. Правіла такое. Рэчку нашу я ведаю, таму павязу, калі чалавек просіць, калі чалавеку трэба…» Пастух узяў прыхаваныя ў гумне вёслы і разам з высокім спусціўся да рэчкі. Там яны знялі лодку з ланцуга, селі ў яе і адштурхнуліся ад берага. Дзвіна хвалявалася, шумела і гула. Плысці было цяжка. Пастух не адразу заўважыў, што яго спраўная лодка ўсё глыбей і глыбей прасядае ў ваду. Асабліва моцна яна пачала прасядаць з боку высокага. Было ўражанне, што той робіцца ўсё цяжэйшы і цяжэйшы. Калі лодка ледзь не перакулілася і моцна чарпанула вады, перавозчык не вытрываў і спытаў: «Ты хто, чорт цябе забірай?» – «Я – чорт, і прыйшоў цябе ўтапіць!» – высокі скінуў вастраверхі капюшон. Над скронямі тырчэлі акуратныя рогі. Чорт засмяяўся, затрэсся, зарагатаў. Перавозчык выхапіў з качотаў вясло і з усяе моцы трупнуў па рагатлівай чортавай раганоснай галаве. Удар быў трапны і моцны. Чорт сціх, аплыў, згубіў прытомнасць. Пастух схапіў яго за капыты і скінуў з лодкі ў каламутны вір. Толькі ў хаце перавозчык заўважыў, што ў яго цяпер розныя вёслы. Адно як было звычайнаблакітнае, такім і засталося, а другое зрабілася Шэрым вяслом, бо ўся фарба з яго абсыпалася ад моцнага ўдару па чортавай галаве.
Казка пра Бога
«Ты верыш людзям?» – «Не!» – «Дык навошта ты паверыў тым хітрунам, якія апавядаюць старую казку пра Бога?»
Чырвоныя крылы
У парку, што ляжаў паміж рэчкаю і школай, на лаўцы сядзеў чорт з Чырвонымі крыламі. Паўз чорта праходзіў яснавокі хлопчык. Чорт высока ўзняў крыло і ласкава спытаў: «Хлопчык, ты ў гэтай школе займаешся?» – «Так. Так, у гэтай!» – «Хочаш набыць сабе Чырвоныя крылы?» – «Яны дарагія. У мяне грошай не хопіць!» – «Колькі ў цябе ёсць?» Дурнаваты школьнік дастаў гаманец і паказаў свае капіталы. «Хапае! Будзеш браць крылы?» – «Яны дакладна працуюць?» Чорт узлез на лаўку, прабегся па ёй, скочыў, замахаў крыламі і праляцеў два метры. «Разгон кароткі і вышыня маленькая. Узлезеш на школу, разгонішся па даху, лёгка праляціш над паркам і спакойна прызямлішся на другім беразе Свіслачы». Хлопчык узяў склееныя з тонкай паперы Чырвоныя крылы і панёс іх у бок сваёй школы, школы для дзяцей з абмежаванымі разумовымі здольнасцямі.
Зялёны вадзянік
Жылі ў Мінску двое рабочых, чарнявы ды бялявы. Не складаліся ў іх стасункі з жанчынамі. Дажылі да трыццаці пяці, а сем’яў не пазаводзілі. Каму ў наш час патрэбны рабочыя з бесперспектыўных заводаў? Вядома, чарнявы з бялявым папівалі. Не злосна і не моцна, а так, каб у нядзелю маркоту прагнаць. Выпілі яны ў той злашчасны вечар. Прыйшлі ў парк і выпілі піва ў рэстарацыі «Лідо». З рэстарацыі пайшлі ў бок цырка, а там, пад мостам, пабачылі ў рачной вадзе голых жанчын. Зазвычай там толькі качкі плаваюць і хлеб выпрошваюць. Тым познім цёмным вечарам плавалі там жанчыны. Рабочыя вырашылі пагаварыць з голымі дзеўкамі і прапанаваць свае рукі і сэрцы. Раптам якая і дасць згоду? Дзеўкі толькі пасмяяліся з прапаноў. Злосна панасміхаліся. Рабочыя пакрыўдзіліся на галадупых эксгібіцыяністак. Тут у іх перамовы і ўступіў Зялёны вадзянік. Ён загадаў дзвюм найпрыгажэйшым русалкам пайсці з рабочымі ды стаць іх жонкамі. Адна была ўмова: рабочыя павінны былі навязаных на вяроўку русалак весці праз увесь горад да свайго інтэрнату. Калі яны давядуць русалак і не азірнуцца, тыя паробяцца жонкамі. Той, хто за дарогу хоць раз зіркне назад, прыгажуню страціць. Зялёны вадзянік даў рабочым у рукі доўгую мокрую брудную вяроўку, павярнуў іх спінамі да сваіх аголеных прыгажунь, сказаў, што русалак навязаў, і загадаў ісці. Рабочыя павалаклі вяроўку ў бок свайго велазавода. Калі яны пераходзілі праз трамвайныя рэйкі, чарнявы спатыкнуўся, паваліўся і азірнуўся. Русалак нідзе не было. Так ён і сказаў таварышу. Бялявы рабочы азліўся на чарнявага, кінуў вяроўку і дастаў з кішэні нож з выкідным лязом. Чарнявы вывернуў з бруку важкі камень. Бялявы ўдарыў чарнявага нажом у жывот. Чарнявы трупнуў бялявага брукаўцом па лобе. Брукавец яшчэ прыклаўся да скроні, да носу і да сківіц бялявага. Пасля такога збіцця ў бялявага не засталося аніякіх шанцаў на выжыванне. Ён памёр на трамвайных рэйках. Чарнявы спрабаваў дайсці да лякарні, балазе яна была недалёка, нейкая там палова трамвайнага прыпынка. Не дайшоў, упаў, скурчыўся і сцішыўся назаўжды. Такую гісторыю распавядаюць у Мінску пра жыццё і смерць рабочых з велазавода.
Белы чалавек
Кранаўшчыца пахавала мужа, таксама кранаўшчыка. Ён, бядак, застудзіўся на верхатуры. Падхапіў запаленне лёгкіх. За тры тыдні згарэў. Кранаўшчыца занудзілася і пачала папіваць. Прыйдзе на Усходнiя могілкі, сядзе каля капца, пад якім адпачывае кранаўшчык, вып’е гарэлкі і паплача. У такую слёзную хвіліну да яе і падышоў светлы чалавек. Усё ў яго было светлае: і барада, і вусы, і бровы, і скура на высокім лобе. Нават вочы ў яго былі светла-светлыя, амаль белыя. «Што табе трэба? Калі выпіць папросіш, дык я не дам!» – «Я прыйшоў з іншага свету, прынёс прывітанне ад твайго кранаўшчыка». – «Як ён там, мой нябога, мой працаўнік?» – «Кепска. Ён там, як у турме тутэйшай Жодзінскай. Прасіў, каб ты крыху пагрэла яго, грошаў праз мяне перадала. Халодна яму». Кранаўшчыца аддала Беламу чалавеку ўсе грошы, што мела пры сабе. Белы падзякаваў і прапаў. Пасля сустрэчы з Белым чалавекам кранаўшчыца кінула піць. На могілкі яна цяпер наведваецца, як і ўсе людзі, тры разы на год – на Радаўніцу, на Дзяды і на дзень нараджэння кранаўшчыка.
Афра-чорны анёл
Адбылося тое ў раёне Усход. Да маладой жанчыны падляцеў галодны Афра-чорны анёл і папрасіў есці. Жанчына завяла афра-анёла дадому, пасадзіла за стол і пачала карміць. Раптам яны пачулі, што дамоў вярнуўся гаспадар – муж маладой жанчыны. Тая прапанавала анёлу неадкладна залезці ў шафу. Чорны анёл ледзьледзь змясціў ў шафе вялікія крылы. Муж сеў за стол і пачаў вячэраць фасолевым супам. Анёлу зрабілася млосна ў цеснай шафе. Ён высунуў з яе сваю па-дзявочы прыгожую афра-галаву і спытаў: «Як прайсці ў бібліятэку?» Агаломшаны гаспадар сказаў: «Выйдзеш з шафы, пройдзеш праз кватэру, на ліфце з’едзеш на першы паверх, выйдзеш на вуліцу, праз падземны пераход пяройдзеш на другі бок, там і стаіць бібліятэка… Канешне, ты можаш і пераляцець праспект, крылы ж маеш». Анёл падзякаваў за падрабязна растлумачаны маршрут і пайшоў. «Мала таго, што яны, ліха ім у бок, пабудавалі выродлівую бібліятэку за нашымі вокнамі, дык яны, ліха на іхніх дзяцей, яшчэ і дарогу ў бібліятэку праклалі праз нашую шафу!» – так выказаў жонцы сваю незадаволенасць муж. Выгаварыўся, замоўк і з апетытам працягнуў сёрбаць фасолевы суп са свінымі скабкамі.
Дэман і свята
Заставацца на свяце самотным можа толькі дэман, бо ў яго няма іншага выйсця… У праўдзівага дэмана ўсе дні і ночы святочныя.
Чорная галава
Стары муляр знайшоў у сутарэннях новага дома Чорную галаву. Некалі тая галава мела цела і належала нейкаму маладзёну. Цяпер яна валялася на цэментнай падлозе новабудоўлі. Муляр закаціў Чорную галаву ў цэлафанавы мех, накрыў яе прынесенымі з бытоўкі ўшчэнт стаптанымі чаравікамі і занёс у кантэйнер са смеццем.
Чорная вавёрка
У скверыку Янкі Купалы завялася Чорная вавёрка. Казалі: калі яе злавіць ды зварыць, а потым акуратна дастаць усе чыста косткі, дык можна сярод іх знайсці і костку-нябачніцу. Трэба сесці насупраць люстэрка, раскласці косткі Чорнай вавёркі на белай талерцы і браць па чарзе кожную костку ў рот. Калі возьмеш нябачніцу, дык і твой адбітак з люстэрка знікне. Акрабат з дзяржаўнага цырка Ян Паднебны ўпаляваў і зварыў Чорную вавёрку. Апошні раз Паднебнага бачылі ў грымёрцы, дзе ён клаў у рот вавёрчыны косткі. Больш Яна Паднебнага не толькі не бачылі, больш яго ніхто ніколі і не чуў.
Чорная панна
У Грушаўцы завялася вяліказубая вядзьмарка. Яна пафарбавала валасы ў чорны колер, прыдбала рудога ката, пашыла доўгую чорную сукенку. Яна зрабілася Чорнай паннаю і пачала труціць палёнай гарэлкай ласых да выпіўкі мужчын. Атруціла тузін і нарвалася на блакітнавокага ведзьмака, які ўвагнаў у яе халоднае сэрца доўгае шыла. Рудога ката вядзьмак забраў сабе.
Чорны агонь
Мастак маляваў чорную свечку з Чорным агнём. Доўга маляваў чорны пялёстак чорнага полымя на чорным кноце. Маляваў, ажно пакуль Чорны агонь не шугануў з малюнка на мастака і той згарэў ушчэнт.
Галава ды мыла
Лявона Ждановіча я не бачыў гадоў пяць. Сустрэча – нагода пасядзець, пабазарыць, выпіць. Зайшлі ў «Бярозку», узялі па сотцы з апельсінавым сокам, сядзім, показкі травім. Пасля трэцяй Ждановіч і расказаў пра галаву ды мыла… Ён штораніцы бегае на турнік, пасля турніка – душ, таму і шампуні купляе дарагія, каб можна было кожны дзень галаву памыць. Намыліў. Добра так намыліў. Чуе, як пад пальцамі галава пачала змыльвацца. Хутка змылілася ўся галава да самай шыі. Лявон апаласнуўся. Галавы як і не было. Адна шыя вытыркаецца з плячэй. Нават няма чым у люстэрка зірнуць. Безгаловы Лявон абцёрся крыху і па сценцы пасунуўся ў спачывальню. Лёг. Паляжаў і заснуў. Праз гадзіну прачнуўся з галавою. Бывае, бывае і такое намыльванне.
Д’ябал і лаціна
Раней, калі Д’ябал, спакушаючы людзей, яшчэ прамаўляў на лаціне, ягоныя пераканаўчыя словы гучалі так: «Eritis sicut dii scientes bonum et malum…» Цяпер у кожным кутку Еўропы д’ябалятам даводзіцца займацца перакладам. Тутэйшае, мiнскае д’ябалянё шэпча: «Вы будзеце падобнымі да багоў… Вы падобныя… Вы былі, ёсць і будзеце падобныя да багоў і адрозніце зло ад дабра…»
Галандскае люстэрка
Беларускі бізнесовец Алесь Качан пабойваўся пярэваратняў. Варажбітка напрарочыла яму смерць ад іклаў чалавека-ваўка. Качан так баяўся нячыстых, што прывёз у свой мінскі офіс чароўнае Галандскае люстэрка ажно з Ратэрдама. Пярэварацень, як толькі бачыў свой адбітак у круглым Галандскім люстэрку, дык адразу згараў і рассыпаўся шэрым попелам па офіснай падлозе. Алесь ганарыўся набыткам, ганарыўся моцна, ды нядоўга. У час карпаратыўных вячорак нейкі нехлямяжы госць зачапіў люстэрка, тое грымнулася на падлогу і разляцелася на дробныя аскалёпкі. Добра, што ніхто з гасцей не парэзаўся і нікога аскалёпкамі не зачапіла і не пасякло. Качан моцна заперажываў. Ён нават аблаяў усіх прысутных на тых вячорках. Але не страта чароўнага люстэрка была найгоршай бядою ў той злашчасны вечар. Ваўкалакі, празнаўшы пра пабітае люстэрка, з усіх куткоў Беларусі зляцеліся ў Мінск і парвалі бізнесоўца Алеся Качана на лахманы.
Блакітныя зубы
Маладая мiнчанка ачмурыла лядашчага француза. Той падараваў ёй старажытнае прозвішча – Бурбон. Першае, што зрабіла ўдзельніца праекта «Няроўны шлюб», – уставіла Блакітныя зубы. У яе і так былі роўныя і чыстыя белыя зубы, ды няма межаў для паляпшэння. Трыста трыццаць тры тысячы еўра каштавала трухляваму Бурбону стаматалагічная аперацыя для чарговай жонкі. Жанчына заганарылася блакітназубай усмешкай. Было чым! У асляпляльную ўсмешку і закахаўся сербскі танцор. Бурбон, як ты памятаеш, быў нядошлы, а танцор меў вялікі сэкспатэнцыял. Беларуска злюбілася з сербам. Француз даведаўся пра здраду, сабраў доказы і адсудзіў у здрадніцы Блакітныя зубы, усе як адзін.
Празрыстае паветра
Ёсць паданне, што ў старажытныя часы існавала школа мудрых асфіксістаў. Яны ўсе пражывалі на зямлі больш за сто гадоў, бо мелі лёгкае і чыстае дыханне. Калі які з асфіксістаў стамляўся жыць, ён проста выдыхаў з сябе ўсё чыста Празрыстае паветра і паміраў. Чалавек сам спыняў дыханне і адыходзіў у невараць. Ёсць версія, што школа асфіксістаў перастала існаваць, бо чалавецтва незваротна забрудзіла зямное паветра.
Чырвоная кропка
У кожнага чалавека ёсць маленечкая Чырвоная кропка. Націснеш на яе і прападзеш. Добра, што мала хто з людзей ведае, дзе дакладна знаходзіцца ягоная Чырвоная кропка. Бо ціснулі б на яе дзеля забаўкі ці дзеля цікаўнасці націскалі б, ціснулі б ад няма чаго рабіць, ад таго, што сумна і млосна, маглі б націснуць і скончыць жыццё ў самазнішчэнні. Менш ведаеш пра Чырвоную кропку – даўжэй жывеш. Смерць, калі з’яўляецца да чалавека, дакранаецца да Чырвонай кропкі. Тая чарнее, чалавек застывае і спыняецца ў шматколерным часе. Чалавечае жыццё – Чырвоная кропка.