Крутагорскія казкі - Глобус Адам 3 стр.


35. Чырвоная хустка

Мужчына ехаў па кальцавой дарозе, як раптам ягоны «мэрсэдэс» спынiўся. Нiякiх вiдавочных прычын для паломкi не было. Мужчына выйшаў з машыны i пабачыў жанчыну ў памаранчыкавай камiзэльцы. «Калi ты мне паабяцаеш прывезцi Чырвоную хустку, твой «мэрсэдэс» завядзецца». Мужчына паабяцаў прывезцi Чырвоную хустку. Рухавiк цiха замуркатаў. «Калi ты падорыш мне Чырвоную хустку, я змагу адказаць на любое тваё пытанне…» – паабяцала жанчына. Твар у яе быў шэры, як халодны i прыбiты дажджом попел. Мужчына сеў за стырно i паехаў далей па кальцавой дарозе. Дома ён распавёў жонцы пра Чырвоную хустку. Тая сказала, што варта завезцi хустку i задаць пытанне. «Адказ на якое пытанне ты хочаш пачуць?» – спытаў муж. «Цi будзе ў нас дзiця», – адказала жонка. Мужчына паехаў на кальцавую дарогу. Жанчына ў памаранчыкавай камiзэльцы стаяла ў тым жа ж месцы, дзе ён яе пакiнуў. Мужчына аддаў падарунак i спытаў: «Бог ёсць?» Жанчына павязала на галаву абнову i дастала з кiшэнi памаранчыкавай камiзэлькi чырвонага галуба. «Паглядзi, якi дзiвосны птах. Паглядзi, паглядзi… Больш нiдзе i нiколi ты яго не пабачыш». Мужчына злым голасам паўтарыў пытанне: «Бог ёсць?» «Бог для цябе ёсць!» – адказала жанчына ў Чырвонай хустцы i прапала, як i не было. Мужчына вярнуўся дадому, дзе яго чакала цiкаўная жонка: «Што яна сказала? Будзе ў нас дзiця?» Мужчына ўздыхнуў i выдыхнуў: «Будзе! Дзяўчынка…»

36. Блакiтная агароджа

Хлопчык з пэндзлем i бляшанкаю фарбы прыйшоў на пагост. Бацькi папрасiлi яго пафарбаваць агароджу вакол прадзедавай магiлы. Стаяў ясны лiпеньскi ранак, на высокiм небе не было нiводнай аблачынкi. Хлопчык адкаркаваў бляшанку i паспрабаваў фарбаваць жалезныя пруткi. Фарба клалася камякамi. Як ён нi стараўся, як нi намагаўся, атрымлiвалася ў яго кепска – так кепска, хоць ты вазьмi ды заплач. Хлопчык заплакаў. Тут зямля i рассунулася, а з глыбокае магiлы ўзняўся сiвы прадзед: «Не плач. Я навучу цябе класцi фарбу акуратна i роўна». Нябожчык дастаў з кiшэнi маленечкую бутэльку з залацiстым пакостам, развёў iм густую фарбу, i яна пачала класцiся на метал акуратна i роўна. Хлопчык з прадзедам хутка скончылi працу. Блакiтная агароджа радавала вока.

«Ты пра мяне нiкому не кажы!» – папярэдзiў праўнука нябожчык. Хлопчык акуратна склаў пэндзаль i бляшанку ў папяровы пакет: «Не скажу, бо не павераць».

37. Белыя валасы

Жанчыне прыснiлася, нiбыта яна маладая, i быццам любiцца яна з гожым хлопцам. Той цалуе яе i гладзiць па Белых валасах. Так ён пяшчотна ласцiў яе валасы, што хоць ты i не прачынайся зусiм. Прахапiлася жанчына, не хацелася ёй, а ўсё ж прачнулася, абмацала сваю светлую галаву, а на ёй дзве касы заплецены. Звечара яна расчасала валасы, ды i косы не заплятала гадоў з дзесяць, а тутака косы. У наступную ноч жанчына зноўку снiла гарачыя любошчы i пяшчотныя хлапечыя рукi. Прачнулася яна iзноў з заплеценымi косамi. Абмацала сябе ўсю, косы абмацала i спалохалася. Так яна спужалася, што нават былому мужу патэлефанавала i распавяла пра косы. Муж прыехаў, i яны разам абшукалi ўсю кватэру, але нiчога падазронага не знайшлi. Тады муж параiў схадзiць да варажбiткi. Жонка саромелася iсцi, але муж яе ўгаварыў. Варажбiтка ўважлiва агледзела косы i абвясцiла, што жанчына любошчылася з маладым Дамавiком. Маўляў, толькi малады Дамавiк можа так ласкава заплятаць косы з Белых валасоў. А каб ён болей не прыходзiў i не палохаў сваiмi любошчамi жанчыну, варажбiтка прапанавала абрэзаць валасы i пагалiць галаву. Жанчыне было шкада свае валасы, але i з Дамавiком любiцца больш не хацелася. Белыя валасы варажбiтка зрэзала i спалiла. Муж акуратна пагалiў галаву сваёй былой жонкi. Да паголенай жанчыны Дамавiк не прыходзiў, i нават калi валасы адраслi, ён не з’явiўся ў жаночым сне.

38. Залацiстая рыба

Разбiўся байкер. На вялiкай хуткасцi не ўпiсаўся ў паварот i ўляцеў у цагляную сцяну. На пахаванне назбiралася процьма народу. За хаўтурным сталом людзi сядзелi доўга. Пiлi, закусвалi, цёплыя словы казалi пра нябожчыка, плакалi. Мацi байкера была несуцешнай: адзiны сын, адзiнае дзiця пакiнула яе. Пацiху-патроху людзi разышлiся. За сталом засталася толькi мацi нябожчыка i ягоны найлепшы сябар – Валодзя. Так яны i сядзелi ўдваiх за непрыбраным сталом. Быў чэрвень, быў доўгi, задушлiвы, цяжкi дзень. Быў доўгi стол, пазастаўляны бутэлькамi ды пачастункамi. У самым цэнтры таго стала стаяла вялiкая талерка з засмажанай Залацiстай рыбаю. Тую рыбiну нiхто нават не пакаштаваў. Валодзя хацеў ужо пайсцi, але мацi байкера ўгаварыла яго пасядзець з ёю яшчэ якую гадзiнку. Сядзелi яны ў цемры. За вокнамi сцямнела, а нiхто святла не запалiў. Сядзелi яны i маўчалi. Раптам аб талерку задзынькаталi нож з вiдэльцам, i чужы старэчы голас сказаў: «Смачна! Смачная ў iх атрымалася Залацiстая рыба!» Мацi нябожчыка ўскочыла з крэсла, падляцела да выключальнiка i запалiла святло. Акром збялелага Валодзi, за сталом нiкога не было. Талерка, на якой ляжала Залацiстая рыба, стаяла пустая.

39. Чорная скарбонка

Стары мужчына ўзяў сабе маладую жонку. Доўга выбiраў, перабiраў, нарэшце выбраў дзяўчыну з анёльскай знешнасцю i вяселле згуляў. Пражыў ён з жонкаю месяцы са тры, а тады яна папрасiла мужа паехаць да яе мацi. Прыехалi, павячэралi, пагутарылi i спаць ляглi. Не спалася зяцю на цешчынай канапе. Ляжаў ён цiха i ўдаваў нiбыта спiць, а тут бачыць: жонка ўстала i крадком пайшла са спачывальнi ў вялiкi пакой, дзе яе ўжо мацi чакала. «Матуля, як жа даўно я сапраўднага мяса не ела!» – «Зараз, дачушка мая, злётаем i паямо свежанiны…» Цешча дастала з шафы Чорную скарбонку. У той скарбонцы ляжала чартадзейная мазь. Жанчыны наклалi той мазi сабе на рукi i ступакi ды вылецелi ў адчыненае акно. Мужчына не збаяўся чартадзейства ды таксама намазаў сабе босыя ступакi i далонi. Адчуў ён лёгкасць неверагодную i паляцеў услед за жанчынамi. Тыя прыляцелi ў радзiльню, дзе ў цяжарнай, проста з жывата, укралi дзiцятка. Замест дзiцяцi вядзьмаркi запхалi ў жаночы жывот свае начныя кашулi. Голыя, з паўжывым немаўляткам у руках яны паляцелi ў лес. Там, на паляне, расклалi вогнiшча. На вялiкiм агнi чартадзейкi падсмажылi немаўлятка i зжэрлi. Як сталi людажэркi вогнiшча раскiдаць, мужчына паляцеў назад у цешчыну кватэру. Толькi ён лёг на мулкую канапу, толькi коўдраю накрыўся, а тут ўжо i людажэркi ў акно заляцелi. У тую ноч мужчына так i не заснуў, а ранiцай сказаў, што яму тэлефанавалi з працы, i трэба тэрмiнова вяртацца. Жонка намервалася паехаць разам з iм, але мужчына параiў ёй застацца, а яшчэ папрасiў больш нiколi не турбаваць яго. «Што ж табе не спадабалася ў маёй матулi?» – анёльскiм голасам запыталася жонка. «Чорная скарбонка!»

40. Шэрая цаглiна

Было тое даўно, тады яшчэ вакол Кальварыйскiх могiлак стаялi аднапавярховыя драўляныя дамкi, абсаджаныя яблыневымi садамi. Пасярод тых дамоў ляжаў невялiчкi пляц, на якiм узвышалася цагляная прадуктовая крама. Тамтэйшыя мужчыны i хлопцы набывалi ў ёй мацаванае вiно. Выпiвалi яны тут жа ж, у садах, пад яблынямi. Пiлося i гаварылася там лёгка. Аднаго разу паспрачаўся хлопец з мужчынамi на пляшку вiна: хлопец пайшоў у заклад, што а дванаццатай ночы зойдзе ён на могiлкi ды прынясе цаглiну з паўразбуранага касцёла. Сказаў i зрабiў. Прынёс ён Шэрую цаглiну, выпiў выспрачанае вiно i сышоў, так нiкому нiчога не расказаўшы. З той ночы пачаў гэты хлопец хварэць. Твар ягоны пашарэў, вочы згаслi, плечы сагнулiся, цела высахла. Мацi i так да яго i гэтак, а ён маўчыць. Пачала мацi плакаць, i так яна горка плакала, так галасiла, што сын не вытрываў, пашкадаваў мацi i распавёў праўду пра свой паход на Кальварыйскiя могiлкi. Калi прыйшоў той хлопец да касцёла, пачаў каля абрынутае сцяны цаглiну шукаць, нахiлiўся, з зямлi высунулася белая рука i схапiла яго за горла. Пералякаўся хлопец, знямеў i здранцвеў. Тым часам з зямлi выйшла белацелая голая дзяўчына: «Дам я табе Шэрую цаглiну i адпушчу, i спрэчку з сябрукамi ты выйграеш. Толькi паабяцай, што возьмеш мяне ў жонкi!» Хлопец паабяцаў могiлкавай прыгажунi ўзяць яе ў жонкi. «Буду чакаць цябе! А паспрабуеш падмануць, дык i памрэш неўзабаве!» – сказала на развiтанне дзяўчына i пад зямлю сышла. Пачуўшы такое ад сына, мацi пабегла да папа. Поп паверыць не паверыў, але на могiлкi схадзiць пагадзiўся. Хлопец з мацi i поп пайшлi ноччу на Кальварыйскiя могiлкi, падышлi яны да касцёла, тут iм насустрач проста з-пад зямлi выйшла голая прыгажуня ў белым вэлюме. Поп паспрабаваў быў адхрысцiцца ад спакушальнiцы, але нi крыж, нi малiтва на яе нiяк не паўздзейнiчалi. Бачачы такiя безвыходныя варункi, поп надзеў на дзяўчыну свой палiтон i дазволiў хлопцу забраць дзяўчыну дадому. Так той спрачальнiк i стаў жыць з жонкаю, знойдзенаю на Кальварыйскiх могiлках. Праз год у iх нарадзiўся хлопчык. Бацькi вырашылi дзiця пахрысцiць i сабраць на хрэсьбiны сваякоў. «Трэба ж i маiх сваякоў пазваць!» – прапанавала зазвычай маўклiвая жонка. «А што ў цябе за сваякi, i дзе яны жывуць?» – «Тут недалёка жыве мая мацi, жыве яна ў сваiм доме на вулiцы Харкаўскай…» Муж з жонкаю паехалi на тую Харкаўскую, зайшлi ў дом i пабачылi старую кабету, якая гушкала дзiцячы вазок. Зазiрнулi госцi ў той вазок, а тамака замест дзiцяцi ляжала Шэрая цаглiна. «Мама, я вярнулася!» – сказала падземная прыгажуня i заплакала. Толькi яна заплакала, як Шэрая цаглiна прапала. Мацi пазнала i прызнала сваю дачку, i ўнука яна хрысцiла разам з вялiкай сям’ёю. На хрэсьбiнах дасведчаныя людзi казалi, што гэта мерцвякi з Кальварыйскiх могiлак скралi маленькую дзяўчынку. Мацi пакiнула вазок з дзiцяткам пад крамаю, а мерцвякi дзiця знеслi, а замест яго пакiнулi Шэрую цаглiну. Дзяўчыну мерцвякi пратрымалi пад зямлёю ажно дваццаць гадоў… Хтосьцi верыў, хтосьцi не верыў, але напiлiся на тых хрэсьбiнах усе. Было тое, праўда, вельмi даўно, калi вакол Кальварыйскiх могiлак яшчэ стаялi аднапавярховыя драўляныя дамкi ў яблыневых садах.

41. Белы абрус

У мужчыны захварэў сын. Да якiх толькi дактароў нi вазiлi хлопчыка, якiх толькi лекараў нi выклiкалi, а рады хваробе даць не маглi. Мужчыну адчай ахапiў, што i зразумела, калi адзiны сын проста на вачах памiрае, а ты нiяк дапамагчы не можаш. Мужчыну ахапiў такi глыбокi i чорны адчай, што ён вазьмi ды скажы: «Д’яблава сiла, бяры, што заўгодна, а хлопчыка майго выратуй!» Тут i пачуў мужчына голас: «Вазьмi Белы абрус, графiн гарэлкi i дзве гладкiя празрыстыя чаркi. Пайдзi на могiлкi, накрый Белым абрусам стол, пастаў на яго графiн з чаркамi i чакай. Ісцi трэба неадкладна!» Паслухаў мужчына той голас i пайшоў пасярод ночы на могiлкi. Знайшоў там стол, якi стаяў каля магiлы ягонага дзеда, заслаў Белы абрус, паставiў на яго графiн гарэлкi, чарачкi паставiў i стаў чакаць… (Вот жа ж чорт, казку не даюць табе даказаць. У дзверы звоняць. Хто? Вадаправодчыкi! Прыйшлi здымаць паказчыкi вады. Знялi, лiчбы на паперцы пазапiсвалi. Далi распiсацца. Сышлi… Чорт iх носiць так позна. Добра, што цвярозыя. Мусiць, з самай ранiцы выпiлi i ўдзень праспацца паспелi. Слухай далей…) Прастаяў мужчына над Белым абрусам сам не ведае колькi. Тутака чуе, што гарэлка ў чарку налiваецца. Прыгледзеўся, паазiраўся, да самых чарак нахiлiўся. Нiдзе нiкога, i чаркi стаяць пустыя. Тут голас загучаў з цёмнага нiадкуль: «Не на сваiм месцы жывеш! Не ў тым доме ты кватэру купiў. Не падабаешся ты мне – Дамавiку тутэйшаму. За пачастунак дзякуй i асобнае дзякуй за Белы абрус! Таму дазваляю табе разам з сынам перабрацца ў iншае месца!» Мужчына хутка, бо зусiм танна, прадаў кватэру i пераехаў жыць у новы раён. А сын ягоны, дарэчы, паправiўся ў тую ж ноч, калi мужчына схадзiў на могiлкi з Белым абрусам.

Назад