Крутагорскія казкі - Глобус Адам 2 стр.


23. Сiнi язык

Дзяўчына чытала кнiгу, доўга чытала, ад пачатку i да канца, ад канца i да пачатку, а прачытаўшы, кнiгу спалiла. Парвала дзяўчына кнiгу i спалiла ўсю чыста разам з вокладкаю.

Спалiла яна кнiгу i лягла спаць, а пасярод ночы прахапiлася ды раўцi пачала: «Душаць мяне, душаць!!!» Бацькi паўставалi, паспрабавалi дзяўчыну супакоiць, а яна не супакойваецца, па падлозе качаецца, енчыць, вiшчыць, падскоквае, на сцены кiдаецца, па кватэры скача. Бацькi спрабавалi яе злавiць, ды не змаглi. Пабеглi бацькi да суседзяў, дактароў выклiкаць, а калi вярнулiся, дзяўчына ўжо на падлозе ляжала нежывая. У сцiснутых кулаках былi валасы павырываныя з галавы, а з рота тырчэў даўжэзны Сiнi язык. Дактары сказалi, што нiколi ў жыццi такога брыдкага трупа не бачылi. Поп, якi на пахаванне прыйшоў, моцна дзiвiўся, маўляў, Сiнi язык такi доўгi, страшны, што i да чалавечага не падобны. Прывезлi труну з дзяўчынаю на могiлкi, толькi ў ямiну апусцiлi, тут такая навальнiца пачалася, такi гром грымнуў, што нават далакопы i тыя ўцяклi. Калi залева спынiлася i людзi да магiлы вярнулiся, ды ямiна тая была поўная вады. У вадзе пустая труна плавала, а дзяўчыны з Сiнiм языком не было. Поп сказаў, што яе, пэўна, Пярун да сябе забраў. Сказаў – i сам сваiх словаў спалохаўся. Далакопы пустую магiлу сырым пяском закiдалi, бо ўсе пагадзiлiся, што лепей пра такое не гаварыць, лепей пра такое забыцца. Ды дзе ж ты забудзешся пра Сiнi язык…

24. Сiвая Сольнiца

Жанчына вярнулася з працы, паставiла машыну ў гаражы i ўзнялася па прыступках у варэльню. Жыла тая жанчына на ўскрайку сталiцы ў сваiм вялiкiм, на тры паверхi, доме. Зайшла жанчына ў варэльню, а тамака пагром. Посуд папабiваны, крупы парассыпаныя, лядоўня стаiць наросхрыст, лужына каля яе вялiзная, а каля той лужыны кот сядзiць. Жанчына хацела крыкнуць на свайго ката, бо вiдавочна, што ён той пагром i ўтварыў, але ж не паспела. Кот узняўся на заднiя лапы i пайшоў на сваю гаспадыню. Вочы кацiныя гарэлi зялёным агнём. Жанчына выскачыла з варэльнi i дзверы за сабою зачынiла, ды яшчэ ключ у замку павярнула тры разы. Праз два дамы ад жанчыны жыў ветэрынар. Ён параiў усыпiць ката. Але жанчыне стала шкада свайго, хай i ашалелага, але ж любiмца. Тады ветэрынар прапанаваў схадзiць да Сiвой Сольнiцы. Маўляў, тая Сольнiца можа на соль нашаптаць, а соль можа ката ад шаленства ўратаваць. Сiвая Сольнiца дала жанчыне маленечкi мяшочак з нашаптанай соллю i сказала той соллю тры разы на ката-шаленца сыпануць, а не адыдзе, то ўжо хай ветэрынар яго ў кацiны вырай выпраўляе, бо вылечыць кацiнае шаленства нiхто ўжо не зможа. Яшчэ Сiвая Сольнiца папярэдзiла жанчыну, што, калi будзе вяртацца дамоў, да яе можа падысцi вядзьмарка, якая ката зачаравала. Вядзьмарка з ёю загаворыць, але жанчына мусiць маўчаць. Так i здарылася: каля самага дома жанчыну пераняла суседка i пачала дарогу заступаць. Заступiць i пра рознае пытаецца, а жанчына маўчыць як вады ў рот набраўшы. «Што ж ты маўчыш? Што ж ты мяне зневажаеш так? Што я табе такога зрабiла?» – сыпала пытаннямi суседка. Жанчына ледзь было не сказала, што яна яе ката зачаравала i ў шаленства абрынула, але стрымалася.

Кот, пабачыўшы мяшочак з соллю, паспрабаваў уцячы, але жанчына спрытна сыпанула солi яму на хвост. Кот замёр. Жанчына яшчэ раз сыпанула на яго соллю, а калi сыпанула трэцi, дык з ката пасыпалiся ў розныя бакi вогненныя блохi. Блохi ссыпалiся з ката i расталi ў паветры. Кот стаў такiм, якiм быў заўсёды – ласкавым, добрым i муркатлiвым. Жанчына прыбралася ў доме, а, прыбраўшыся, затэлефанавала суседцы. «Яшчэ раз чэпiш майго ката, я табе хату спалю!» – сказала так i супакоiлася. Маленечкi мяшочак, прынесены ад Сiвой Сольнiцы, жанчына схавала ў сейф. Можа, яшчэ каму спатрэбiцца…

25. Белатварая ашыйнiца

Старая яна была, а на працу хадзiла. Вартаўнiцай яна служыла ў iнфекцыйнай бальнiцы. Яе ставiлi толькi ў начную змену, бо паўз яе не праскочыш i не прапаўзеш. Людзi яе баялiся: i лекары, i медсёстры, не кажучы ўжо пра пацыентаў. Пужалiся яе бяскроўнага твару. У вартаўнiцы твар быў такi белы, што выглядала яна на мёртвую. Толькi дзецi са школы, што побач з бальнiцаю стаяла, той вартаўнiцы не лякалiся, бо насiлi ёй крэйду. Яна тую крэйду ела, а за кавалак крэйды расказвала школьнiкам розныя брыдкiя гiсторыi. Школьнiкi яе нават любiлi, ажно пакуль бяда не здарылася з Мiколам Караткевiчам. Ён ёй крэйду прынёс, яна тую крэйду зжавала, а гiсторыю не стала распавядаць, сказала, што другiм разам раскажа. Мiкола i абазваў вартаўнiцу старой чапялою. Аблаяў ён яе, абмацюкаў брыдотна i дамоў пайшоў. А дома кепска яму стала, i на шыi з’явiлася чырвоная паласа. Шырокая такая паласа, нiбыта след ад ашыйнiка. Нiхто тады i не падумаў на вартаўнiцукрэйдаедку. Меркавалi, што алергiя. А Мiкалаю ўсё горш i горш рабiлася, яго па хуткай дапамозе ў бальнiцу заiмчалi, але i тамака рады нiхто даць не змог такой дзiўнай хваробе. Задыхаецца хлопец. А чаго ён задыхаецца? Якая трасца яго душыць? Нiхто не ведаў. Цэлую ноч Мiкола Караткевiч прапакутаваў. А ранiцай нейкая прыбiрачка сказала, што вядзьмарка начапiла хлопцу ашыйнiк, i трэба шукаць ведзьмака, каб той ашыйнiк зняў, бо адны яго начэплiваюць, а iншыя здымаюць. Той, хто начапiў, сам яго не здыме, нават калi i захоча. Павезлi Мiколу на край горада, да старога ведзьмака, i ён той рабскi ашыйнiк зняў. Пашаптаў вядзьмак, указальным пальцам вакол шыi павадзiў, i чырвоная паласа прапала, як i не было. Дыханне лёгкае да хлопца вярнулася. Тут ён усiм i расказаў пра Белатварую ашыйнiцу, што крэйду есць. Увечары людзi пайшлi ў iнфекцыйную бальнiцу, каб пакараць ашыйнiцу, але яе там не было, прапала яна. Замест Белатварай ашыйнiцы ў вартаўнiчым дамку людзi знайшлi на стале гурбачку белай крэйды.

26. Белыя коткi

Жылi на ўскрайку мястэчка, у невялiкiм дамку, дзве старыя тартаркi. Чаму iх клiкалi тартаркамi, нiхто не ведаў. Тартаркi ды тартаркi. Адкуль тыя тартаркi ў мястэчка прыехалi, з якой тартарскай мясцiны прыйшлi? Каб хто сказаў. Прыйшлi i прыйшлi. Спачатку цiха ўсё было, а потым ва ўсiм мястэчку гарбузы пагнiлi. Нiхто на тартарак i не падумаў. Праўда, той-сёй заўважыў, што гарбузы пагнiлi ва ўсiх, акром тартарак. За гарбузамi пачалi гнiсцi памiдоры. Ва ўсiх гнiюць, а ў тартарак проста ззяюць. Пачалi местачкоўцы да тартарак прыглядацца. Адна з iх была высокая-высокая i худая-худая, а другая кароценькая i тоўстая. Абедзве былi сiвыя, як дзьмухаўцы. І заўважылi нашыя местачкоўцы, што кожны вечар з двара тартарак выбягаюць дзве белы коткi: адна доўгая i худая, другая тоўстая ды кароткая. Выбягаюць Белыя коткi i шастаюць па чужых гародах. У каго з’явяцца, у таго гароднiна i загнiвае. Пабачыўшы такое шкоднiцтва, тутэйшыя людзi вырашылi прагнаць Белых котак з мястэчка. Уночы людзi абклалi дамок тартарак травою-дзiвасiлам. Спачатку хацелi дамок спалiць, але перадумалi. Вырашылi, што трава-дзiвасiл тых вядзьмарак тры днi з дамка не выпусцiць. Так i было. Так i прасядзелi шкадлiвыя тартаркi тры днi i тры ночы ў зачыненым дамку. Нават да ветру схадзiць не маглi – гадзiлi ў вядро. На чацвёрты дзень тутэйшыя людзi сказалi тартаркам з’ехаць з мястэчка. Тыя i з’ехалi. Белых котак больш нiхто на сваiм гародзе не бачыў. Ну i гарбузы болей не гнiлi.

27. Лiловы сабака

У пятнiцу хлопец пайшоў у начны клуб. Хацеў крыху выпiць, трохi патанчыць i з якой дзяўчынаю пазнаёмiцца. Звычайная справа, маладыя гады i жаданнi маладыя. Сеў ён за столiк, выпiўку замовiў, а калi хацеў паўтарыць, дык не знайшоў партманеткi. Ляжала партманетка на столiку, побач з тэлефонам. Сотавiк застаўся, а партманетка прапала. Акром рудой афiцыянткi, да столiка i не падыходзiў нiхто. Хлопец да рудой: «Аддавай, сучка, партманетку!» Тая ў крык. Прыбеглi ахоўнiкi, скруцiлi хлопца i выкiнулi з клуба на заднi двор. Каб толькi скруцiлi i выкiнулi, яно б i нiчога, а то збiлi невiнаватага моцна. Ён толькi пад ранiцу змог устаць i дадому пайсцi. Ідзе хлопец пустой вулiцаю, кульгае, а за iм Лiловы сабачка бяжыць. Вясёлы такi гарэзлiвы цюцiк. У хлопца настрой змрочны, ад сабачай весялосцi яму яшчэ горш робiцца. Паспрабаваў хлопец Лiловага сабачку прагнаць, а той не пужаецца, не ўцякае, а наадварот, усё падскоквае i пысаю хлопца ў дупу папiхае. Зазлаваў хлопец на Лiловага сабаку, падняў з зямлi важкi кавалак асфальту i шпурлянуў у жывёлiну. Шпурнуў моцна, але не трапна. Асфальт упаў побач з Лiловым сабакам, якраз у тое месца, дзе на зямлi быў чорны сабачы цень. Хлопец знарок прычакаў, пакуль сабака пад лiхтар забяжыць, каб святлей было, каб дакладней пацэлiць. Прамахнуўся! Хлопец падумаў, што прамахнуўся, а насамрэч ён i пацэлiў. Калi вядзьмарка абарочваецца ў Лiловага сабаку, трэба якраз у цень i бiць. Пазней знаёмыя хлопцу таму распавялi, як у начным клубе пад самую ранiцу проста пасярод залы танцоры ўбачылi рудую афiцыянтку з разбiтай галавою. Пакуль дактары прыехалi, яна ўжо д’яблу душу перадала. А таго, хто яе ўдарыў, не знайшлi. Шукалi-шукалi, а знайсцi не змаглi.

28. Шэры вядзьмак

Захварэў вядзьмак. Цяжкая хвароба ўбiлася ў старое цела. Смяротная хвароба напала на нямоглага стогадовага ведзьмака. Цiсне яна яго, круцiць i ломiць, а вядзьмак нiяк памерцi не можа. Пашарэў увесь, высах – скурка ды костачкi, валасы ўсе павыпадалi, у роце нiводнага зуба не засталося, а смерць не iдзе. Пачаў Шэры вядзьмак столь разбiраць. Над сваiм ложкам ён не толькi столь разабраў, а i дах зняў. Суседзi глядзяць на разабраны дом Шэрага ведзьмака i дзiвяцца. Ужо i неба з ложка вiдаць, i зоркi ў небе паблiскваюць, а смерцi як не было яму, так i няма. Тады Шэры вядзьмак каля свайго ложка ў жалезнай бочцы вогнiшча расклаў. Пачаў ён палiць кiпарысавыя цурбэлачкi ды ядлоўцавыя ягады. Увесь дом зацягнула сiнiм дымам, а потым i палова вулiцы тым дымам заплыла. І пабеглi праз той дым чорныя каты. Вялiзныя чорныя каты пабеглi праз сiнi дым – такiя вялiзныя каты, што можна было падумаць, што i не каты яны зусiм, а чэрцi. Разбеглiся тыя чэрцi-каты па суседнiх дамах – толькi тады памёр Шэры вядзьмак. Пахавалi яго за дзяржаўны кошт. Дах у ведзьмакоўскiм доме пачынiлi, але прадаць дом не могуць. Так ён i стаiць. Пэўна, чакае свайго новага ведзьмака.

29. Чорнае вiно-1

У мужчыны быў сябрук Уладзя. Той Уладзя ажанiўся з Веранiчкаю. Не прайшло i месяца пасля вяселля, як Уладзя жонку разлюбiў. Справа ў iх амаль да разводу дайшла. Веранiчка прыбегла да мужчыны i кажа: «Ёсць у мяне дзядзька родны Мiхась Машнiцкi. Ён чарадзей адмысловы. Ён майго Уладзю ўзяўся прыварожваць да мяне. Толькi Уладзя нiбыта адчувае чарадзейства i не п’е, не есць дзядзькавых прысмакаў. Таму дам я табе бутэльку зачараванага вiна. Ты яе з маiм Уладзем i вып’еш. Адно папярэджу: вiно Чорнае. Таму я прынесла дзве бутэлькi: адну з вiном звычайным, а другую – з Чорным вiном…» Мужчына пагадзiўся дапамагчы сябрукам. Выпiў ён з Уладзем звычайнае i чароўнае вiно. Чорнае вiно падзейнiчала. Але не толькi на Уладзю. Яно i мужчыну прысушыла да Веранiкi. Пачаў мужчына чужую жонку праследаваць. Стаў у каханнi да яе прызнавацца. Хадзiў ён за ёю, хадзiў, бегаў ён за ёю, бегаў, лётаў ён за ёю, лётаў, пакуль не зляцелiся яны да самага найгрэшнага. Злюбiлiся яны моцна. Праз тую любоў i пачалi пакутаваць. Давялося Веранiчцы зноўку iсцi да дзядзi свайго Мiхася Машнiцкага, каб адчараваў мужчыну. Дзядзька нашаптаў на бутэльку белага вiна. Мужчына выпiў бутэльку белага i адчараваўся. Веранiчка засталася з Уладзем, але не надоўга, бо чары Чорнага вiна больш як месяц не дзейнiчаюць.

30. Блакiтнавокая лялька

У доме каля могiлак прадавалi гарэлку. Гаспадары прымогiлкавага дамка наладзiлi начны гандаль, бо i самi любiлi выпiць. Гарэлачная справа рызыкоўная. Хто спрачаецца? Ды дзе ж ты бачыў лёгкiя i бяспечныя грошы? Гады два муж з жонкаю гандлявалi начной гарэлкаю, а потым бяда здарылася. Некаму той начной гарэлкi не хапiла, а ён вазьмi ды падпалi дом. Згарэла ўсё… І дом, i муж з жонкаю, i трое iх дзетак знiклi ў полымi. Падпальшчыка шукалi ды не адшукалi. А вось Блакiтнавокую ляльку на папялiшчы знайшлi. Кажуць, яна пасярод чорных вуглёў ляжала. Полымя яе чамусьцi зусiм не кранула. Блакiтнавокую ляльку гандляры начной гарэлкаю выстаўлялi ў акно. Калi лялька стаяла, дык можна было ў дом заходзiць. А як Блакiнавокай лялькi не было, тады ўжо «выбачайце».

31. Белая кашуля

Мужчына патурбаваў нябожчыц. Яму згадалiся iмёны старых вядзьмарак-шаптух – Пэлi Макоўскай i Тамары Машнiцкай. Успомнiлiся тыя шаптухi па-добраму, бо некалькi разоў ратавалi мужчыну – зашэптвалi сполах. Цяпер яны былi ў iншым свеце, а мужчына вазьмi ды паклiч iх. Шаптухi i прыйшлi. Першай з’явiлася Пэля i сказала, каб мужчына асцерагаўся новай кашулi. Праз дзень перад мужчынам паўстала Тамара i папярэдзiла, што варта баяцца Белай кашулi. Мужчына паслухаўся вядзьмарак-нябожчыц i занёс на сметнiк яшчэ не надзяваную Белую кашулю. Ён нават дакараў сябе за глупства i веру ў слова нябожчыц. Але дакараў ён сябе нядоўга, бо праз тры днi на сметнiку знайшлi задушанага смецяра. Усе рэбры ў яго былi пераламаныя. Задушылi яго не за горла. Нешта яму так сцiснула грудзi, што i рэбры патрушчылiся, i ён задохся. Труп смецяра быў у бруднай працоўнай форме, што i зразумела. Усiх здзiвiла тое, што кашуля на iм была новенькая – зусiм новая Белая кашуля.

32. Шэры пакой

У доме пачаўся капiтальны рамонт. Ішоў той рамонт марудна. Не дзiва, што людзям той рамонт нават снiцца пачаў. Аднаму мужчыну прыснiлася, што ягоны сусед падчас рамонту вырашыў зрабiць перапланiроўку. Замест трох пакояў сусед зрабiў ажно сем. Адзiн пакой атрымаўся зусiм вузкi i без акна. Ранiцай мужчына пайшоў да суседа, каб расказаць пра сон. Дзверы яму адчынiла суседава жонка. Яна, плачучы, i сказала, што яе муж ноччу разбiўся на машыне. Ён вёз з Вiльнi новыя разеткi з выключальнiкамi, заснуў за стырном i наехаў на дрэва.

33. Бельмавокая дзяўчынка

Хлопчык захварэў, ды так моцна, што доктарка выклiкала ў дзiцячы лагер машыну хуткай дапамогi. Хлопчыка павезлi з ляснога лагера ў гарадскую бальнiцу. Прывезлi яго позна ўвечары i аналiзы вырашылi рабiць ужо ранiцай. Хворага хлопчыка паклалi спаць у пустую палату. Уночы яму захацелася схадзiць у прыбiральню. Калi ён вярнуўся з прыбiральнi i лёг у ложак, дык пабачыў у кутку сваёй цёмнай палаты Бельмавокую дзяўчынку. «Хто тут ёсць?» – спытала сляпая дзяўчынка. Хлопчык стаiўся. «Я чую, што тут нехта ёсць. Ты хлопчык цi дзяўчынка?» Хлопчык маўчаў. «Ты дзяўчынка цi ты хлопчык?» Хлопчык не адзываўся. «Ты хлопчык цi дзяўчынка?» – яшчэ раз запыталася сляпая i падышла да ложка, на якiм ляжаў хворы. Хлопчык хацеў нацягнуць на галаву коўдру, але не паспеў.

«Задаўлю!» – крыкнула Бельмавокая дзяўчынка, скокнула на ложак i пачала душыць хворага хлопчыка. Той паспрабаваў закрычаць, ды не змог. Тады ён схапiў сляпую дзяўчынку за касу i наматаў тую касу на руку. Дзявочыя рукi крыху аслаблi. Хлопчык выцерабiўся з-пад Бельмавокай, сцягнуў яе на падлогу, сеў на яе конна i зламаў ёй шыю. Калi хлопчык зразумеў, якую незваротную шкоду ўтварыў, тады i пачаў крычаць. Ён так крычаў, што прыбеглi доктар i санiтарка. Хлопчык крычаў iм пра нейкую Бельмавокую дзяўчынку, якая хацела яго задушыць i якой ён зламаў шыю. Доктар зрабiў хлопчыку ўкол, каб той супакоiўся. Пасля ўколу хлопчык сцiшыўся i заснуў, а пад ранiцу ён памёр.

34. Цёмнае люстэрка

У Мiнску на пляцы Перамогi жыла пiянiстка Янiна. Працавала яна ў тэатры аперэты, заробак мела сцiплы, але ёй хапала на тое, каб эфектна апранацца i аплачваць маленькую аднапакаёвую кватэру, што дасталася ёй у спадчыну ад дзеда. Мэбля ў кватэры была не проста старая, яна была антыкварная, прывезеная з Кiтая. Янiна ганарылася той мэбляю, але мела патаемную мару пра яе продаж. Пiянiстка хацела прадаць свой антыкварыят i на атрыманыя грошы з’ехаць у Францыю. Янiна з юнацтва марыла жыць у Францыi, мусiць, таму яна выпякала сама сабе на свята торт «Напалеон». Аднойчы, напярэдаднi Калядаў, Янiна раскатвала цеста на каржы для торта, калi яе нехта паклiкаў: «Яня, даражэнькая, хадзi сюды!» Пiянiстка мела абсалютны слых, i яна магла паклясцiся, што пачула ў перадпакоi дзедаў голас. З качалкаю ў руцэ Янiна асцярожна, на дыбачках прайшла з варэльнi ў перадпакой. Зразумела, што там нiякага дзеда не было. Яня ўздыхнула з палёгкаю i зiрнула ў вялiкае Цёмнае люстэрка. Тут яна i скамянела. У кiтайскiм Цёмным люстэрку стаяла яна, толькi не ў хатнiм халацiку на голае цела, а ў доўгай чорнай канцэртнай сукенцы, i нiякай качалкi ў люстраной Янiны ў руках не было. «Удар мяне!» – уладным голасам загадала люстэркавая жанчына. Жывая Янiна з усяе моцы ўдарыла качалкаю па прывiду. Шкло трэснула i пасыпалася на падлогу, а разам са шклом пад ногi жанчыне пасыпалiся i залатыя манеты. Тых манет было так шмат, што Янiна змагла набыць сабе кватэру ў Парыжы. Цяпер кожную вясну свой травеньскi адпачынак яна праводзiць у французскай кватэры, а жыве Янiна там, дзе i жыла, – на пляцы Перамогi ў Мiнску, i працуе яна там, дзе i працавала, – у тэатры аперэты.

Назад Дальше