Было гадзiн адзiнаццаць ранiцы, той час, калi на вулiцах Мiнска менш за ўсё народу. Я наважыўся перайсцi праз падземны пераход на другi бок праспекта, а з перахода якраз i выходзiла Вольга. Мы змушана павiталiся. Вольга пачала расказваць пра дачку, пра тое, як любiць дачку Юра.
Мне страшэнна хацелася як хутчэй развiтацца, бо нарэшце я ўбачыў, якая ж яна непрыгожая, Вольга Пакроўская: нiзенькая, шырокая ў крыжы, з тоўстымi кароткiмi лыткамi, з круглым, нiбы надзьмутым тварам, на якiм ружавее дробны задраны ўгару нос, а яе касаватыя вочкi зацягнутыя нейкай жаўтаватай мутнасцю. О Божа, i гэтую жанчыну я мог любiць!
Адкрыццё ўласнага асляплення агаломшыла, збянтэжыла, прыбiла. А Вольга спакойна расказвала пра тое, што ў яе быў мастыт, што хiрург жахлiва парэзаў ёй грудзi i што нарадзiць яшчэ адно дзiця яна ўжо нiколi не зможа. Маё ўяўленне намалявала Вользiны парэзаныя грудзi з жахлiвымi кiлоiднымi шнарамi. Нейкая нябачная сiла адштурхнула мяне ад Вольгi, я паспяшаўся развiтацца i сысцi.
Я ж табе казаў, нiчога цiкавага ў маiм першым каханнi так i не адбылося. Нiхто не ўтапiўся i не парэзаў сабе вены.
Сочы. 14.IV.1992Артэк
(іранiчная аповесць)
Ахвярую артэкаўцы Вользе Сокал з горада Арла i Яўгену Вапу з Беласточчыны
Ты пытаешся пра пiянерскi самы вялiкi ў свеце лагер Артэк? Калi ласка…
Пуцёўку ў крымскi летнiк прынёс бацька. Звычайна маiм прыладкаваннем падчас вакацый займалася мацi. Яна працавала ў бiблiятэцы будаўнiчага трэста № 4, а на той час у пралетарскiх канторах канцэнтравалiся выгоды кшталту пуцёвак на спартовыя базы дый турыстычныя цягнiкi. А тут нечакана, як снег на галаву ў чэрвенi: «Адам, ты паедзеш у жнiўнi ў Артэк!». У падтэксце, пра якi так любiлi разважаць у пачатку 70-х гадоў, чыталася: радуйся, сын, бо мала каму шанцуе адпачыць у найзнакамiцейшым лагеры, куды збiраюцца найлепшыя з найлепшых з усяго зямнога шара. А мая душа мiнскага сямiкласнiка сцялася ад сполаху, бо я ж нiколi не быў найлепшы нават у сваёй вельмi сярэдняй школцы 9, нават у сваiм адным з найгоршых 6-м «В». Скажу так, я быў хранiчны харашыст, якi мужна змагаўся з тройкамi. А ў Артэку, хто не ведаў, дастойныя з дастойных, разумныя з найразумнейшых, найспрытнейшыя з суперспрытных, нешта накшталт алiмпiйцаў. Менавiта так пiсалася, гаварылася i паказвалася ў газетах i часопiсах, на радыё i ў тэлевiзары. І я не хацеў выглядаць на разумова непаўнавартаснага.
Вось так, у страху i сумневах – ехаць цi не ехаць – прайшлi два месяцы чакання. Спалох мой выпарыўся, нiбыта шаптуха загаварыла, каля змрочнага будынка ЦК ЛКСМБ, як толькi пабачыў тых, з кiм давядзецца разам ехаць на паўвыспу Крым. Звычайныя мiнскiя мамчыны дачушкi i сынкi стаялi з бацькамi, а да iх ног тулiлiся, не раўнуючы сабакi, яркiя валiзкi. Было гадзiн 11 вечара, сцямнела, нас – будучых артэкаўцаў – пашнуравалi па двое i павялi на вакзал. У цемры мы нагадвалi калону палонных.
У цягнiку Мiнск – Сiмферопаль выдалi сухi паёк: печыва, хлеб, цукеркi ды кансароўку з свiной тушанiнай, адну на траiх. Першы ўзяўся есцi з бляшанкi вiсланосы Мiхась з Нясвiжа. Пакуль астатнiя пазiралi ў акно i запiвалi цеплаватай гарбатай чэрствы хлеб, нясвiжскi Мiхась выеў з кансароўкi ўсё чыста мяса i сказаў, што такая трапiлася бляшанка – адно сала, адзiн тлушч. Кемлiваму нясвiжскаму пiянеру натаўклi ў каршэль, але ж мяса не вярнулi.
Не ведаю, як у каго, а ў мяне першыя лагерныя днi праходзiлi заўсёды пад шарым i халодным крылом голаду. Як найкаштоўнейшы талiсман я насiў у нагруднай кiшэнi лусту чорнага сухара, а калi клаўся спаць, дык хаваў хлеб пад падушку, загарнуўшы ў кашулю, каб не раскрышыўся.
З лустай чорнага хлеба ў кiшэнi я даехаў ажно да артэкаўскай лазнi, а там давялося пацiху яе выкiнуць, бо хударлявы маладзён, апрануты ў гарчычную паўвайсковую форму, загадаў распрануцца дагала i скласцi ўсе рэчы ў мех, якi знеслi ў камеру захоўвання ажно на два доўгiя месяцы. На мне засталiся адно шкарпэткi i сандалi, а ў цэлафанавым пакецiку, прыцiснутым да пэўнага органа, былi толькi мыла, зубная паста, шчотачка дый кеды з запаснымi шкарпэткамi. У правым кедзе хаваўся вацок з чырвонцам. Зразумела, што ў другi вольны кед я мог засунуць сухую лустачку хлеба, але ўяўны сорам не дазволiў. Знойдуць, i пачнецца… Вы што, з галоднага краю да нас прыехалi? Гэта вас бацькi навучылi хлеб у абутку хаваць? Карацей, я не пашкадаваў, што выкiнуў харч, бо аглядалi вельмi ўважлiва: i ў валасах вошы шукалi, i мiж пальцаў – каросту, i нават клубы рассоўвалi i ў дупу зазiралi… Ад чаго я пачырванеў i заiкаўся, калi надыктоўваў доктарцы ў акулярах уласныя даныя.
З доктарскага кабiнета доўгiм калiдорам давялося шыбаваць у душ, дзе ўжо назбiралася чалавек трыццаць голых хлопцаў i дзе адсутнiчала гарачая вада. З вiскатам, ровам i рогатам кожны па чарзе ўскокваў пад ледзяныя струменi, а ўсе астатнiя заходзiлiся ад смеху, нiбыта ў апякальна-сцюдзёным душы i ў курчах пад iм ёсць нешта вясёлае.
З душа было загадана iсцi ў даўжэзны пакой, пасярод якога цягнулася даўжэзная лава, на ёй гурбiлася форма: шорты, майкi, трусы, кашулi i пiлоткi. Я нiколi не бачыў у сапраўднасцi, як дзiкуны нападаюць на маманта, толькi ў амерыканска-ангельскiм фiльме «Мiльён гадоў да нашай эры», а яшчэ ў дакументальнай стужцы мяне ўразiла сцэна нападу гiенаў на льва. Нiзказадыя, тупарылыя, лапавухiя сабакi раздзiралi на шматкi старога цара звяроў. Нешта падобнае адбылося з дзяльбою формы. Трэба ж было ўадначассе схапiць майку, пачаць яе апранаць, бегчы ўздоўж лавы да гурбы трусоў, хапаць, усцягваць, прасоўвацца, прадзiрацца да кашуль, намячаючы шлях да шортаў i пiлотак. Тое самае рабiла яшчэ трыццаць найспрытнейшых з усiх спрытных. Пэўна ж, скончылася б бойкай, калi б хударлявы маладзён не ўскочыў у доўгi пакой i не зароў, не раўнуючы паранены гiпапатам: «Ста-а-аяць! Ма-а-аўчаць!»
Як равуць гiпапатамы, мне давялося чуць у перасоўным заацырку. І скажу, што страшна яны равуць. У Мiнск прывезлi перасоўны звярынец, была там i гiпапатамава самка, што цэлымi днямi сядзела ў вялiзнай балеi. Гiпапатамы любяць ваду i балота. Але нiхто ж i думаць не думаў, што 1 кастрычнiка ляснуць маразы. Вада ў балеi вымерзла, а самка гiпапатама прымерзла да жалезнае сценкi. Як яна раўла! Яе бок, ададраны ад балеi, быў пяшчотна ружовы, як чыстае неба марознага ранку. А яе густы рык выкочваўся з самых глыбiняў вялiзнага чэрава, i не было яму нi канца, нi краю.
Адкуль у хударлявым маладзёне ўзяўся звярыны рык, я не высвятляў. Я скамянеў, сказаўшы самому сабе чароўнае слова «замры». На мне ўжо былi: майка даволi нармалёвая, трусы амаль да каленяў, шорты, удвая меншыя за трусы, i кашуля невядомага памеру, бо трымаў я яе разам з вiсланосым Мiхасём з Нясвiжа. Ён за рукаво, а я за каўнер. Маладзён у форме прымусiў нас зняць усе апранахi i скласцi зноў на лаву, а потым выдаў кожнаму больш-менш адпаведныя памеры.
У артэкаўскай лазнi я ўсё ж прамучыўся недарма, бо зрабiў для сябе генiяльнае адкрыццё: вопратку, асаблiва форму, трэба браць на памер большую. У такой, крыху завелiкаватай (затое нiдзе не цiсне i не рэжа) форме давялося з гадзiну прасядзець каля лазнi ў начным скверыку на лаўцы, пакуль пульхная важатая не загадала пайсцi за ёю.
Стомлены за два днi дарогi, я ледзь валокся за вельмi загарэлай жанчынкаю з доўгiм, падобным да жолуда, тварам. А думалася мне пра тое, што добра было б знiкнуць у стракатлiвай крымскай ночы дый з’явiцца ў кватэры 44 на восьмым паверсе ў доме 68 па вулiцы Апанскага ў горадзе Мiнску, карацей – хацелася дамоў. У мяне засмактала пад лыжачкай, у грудзях узнiкла пустата i холад, у носе заказытала, а на вачах навярнулiся слёзы. Плакаў я бязгучна. Крочыў за пульхнай жанчынкаю дый крадком выцiраў шкарпэткамi мокрыя шчокi. Але ты i сама ведаеш, цi мала каму што захочацца i зажадаецца.
Маркота знiкла зусiм нечакана, у той момант, калi мы зайшлi ў ярка асветленае фае вялiкага пяцiпавярховага будынка. Падобны да жолуда твар павярнуўся да мяне, наблiзiўся i сказаў: «Запамiнай… Твой лагер – Горны, твая дружына – Крыштальная, твой атрад – Пяты, твой паверх – Трэцi, твой пакой – Трыста адзiнаццаты. Паўтары!» Я паўтарыў. А чаму, зрэшты, i не паўтарыць, калi просiць маладая жанчынка з хай сабе i нязграбна павязаным на шыi пiянерскiм гальштукам. Мне нават падабаўся пах сухое кастрычнiцкае лiстоты, якi сыходзiў з-пад праса, калi я павольна сунуў яго па шаўкавiстым, добра намочаным чырвона-памаранчавым трохкутнiку. Далiбог. А ў важатай, якая сказала, каб iшоў адпачываць, замест хрусткiх ражкоў целяпалiся над высокiмi грудзямi вялыя матузкi.
Пакуль я шукаў свой 311-ты пакой, дык быў цалкам упэўнены – там поўна неграў i кiтайцаў. Я ж не ведаў, што мiжнародная змена з мурынамi, iндыйцамi ды iндзейцамi бывае толькi раз на год у лiпенi. І ўявi сабе маё здзiўленне, калi, цiхенька адчынiўшы дзверы, я пабачыў самотнага, цалкам белага (нават бровы ў яго былi светлыя) хлопца, якi сядзеў у позе пакрыўджанага воiна на адным з пятнаццацi ложкаў каля акна.
Белагаловы, кучаравы хлопец быў Вiця з Вiцебска. І трэба ж было ехаць у няблiзкi свет, каб пазнаёмiцца з вiцебскiм Вiцем?! З тым самым Вiцем, што меў крэпкiя вузлаватыя локцi i каленi, з тым, з якiм я моцна пабiўся з-за палiчкi ў тумбачцы. Пасля знаёмства мы адразу ж падзялiлi тумбачку: у мяне нiжняя палiчка, а ў яго верхняя. І розная драбяза накшталт зубной шчотачкi ды паштовак увесь час падала з Вiцевай палiцы на маю. А я такога не любiў нiколi. Маё – гэта маё, мне чужога не трэба, але за сваё я i галаву адарваць, фiгуральна кажучы, магу. Зразумела, я папярэджваў, што, калi яшчэ раз ягоныя брудныя i смярдзючыя рэчы апынуцца на маёй чыстай палiцы, павыкiдаю iх у акно. А акно ў пакоi было проста гiганцкае, не акно, а цэлая шкляная рассоўная сцяна, за якою разгортваўся экзатычны марскi краявiд. Сапраўднае неба, сапраўдныя горы i скалы, сапраўдныя кедры, а не фоташпалеры. І не пацэлiць у такое шырокае акно я не мог, ружовая Вiцева мыльнiца паляцела ў бок хiсткiх смарагдавых кiпарысавых вершалiн.
Гаспадар выкiнутае мыльнiцы спачатку смяяў-ся, як i ўсе прысутныя ў пакоi, а потым, зразумеў-шы, што рагочуць не з мяне, а з яго, зусiм збялеў, а ягоныя балотныя вочкi пазелянелi, як вiцебскiя азёры ў жнiўнi. Ударыў першы ён… Вiця ўдарыў мяне першы, i ўдарыў нагою па маёй назе, калi я бег па акуратна засланых ложках. Можаш сабе ўявiць, як мне давялося грымнуцца на дубовы паркет, як абадралася i пабiлася сцягно, месяц не сыходзiлi сiнякi. Ты ж ведаеш, у мяне вельмi белая i далiкатная скура, пальцам ткнi, i расцячэцца лiловая плямiна. І яшчэ была адна праблема са скураю: я вельмi кепска загараю. Калi выязджаў з Артэка, дык быў самы незагарэлы, а на руках i нагах вёз найбольшую колькасць сiнякоў i драпiнаў. Знарок лiчылi: 43 сiнякi i 18 драпiнаў. Толькi ад падзення на дубовы паркет да развiтання з лагерам Горны было яшчэ далёка.
Побач на падлозе мiж ложкамi расцягнуўся i Вiця, бо ўдарыць ён ударыў, а раўнавагу згубiў. Я павалiўся першы, але i ўскочыў першы, каб адразу ж упасцi на Вiцькавы грудзi, ашчаперыць ягоную шыю i душыць. Ён выкручваўся з-пад мяне, як чарвяк з-пад курынае лапы. Ды дзе там… Я раскiрэчыўся, як яловы корч, i цiснуў Вiцю, колькi хапала вагi i моцы. Ён ужо намерыўся здавацца, ён сам пазней прызнаўся, што хацеў папрасiць маёй лiтасцi, але не паспеў, я выпусцiў яго. Сапраўды. Давялося ўскочыць i вызверыцца на аднаатрадаўцаў, якiя, назiраючы бойку, пачалi крычаць: «Беларусы б’юцца! Беларусы б’юцца!..» Праз iмгненне поплеч са мною, супраць усяго атрада, стаў прыдушаны Вiця з Вiцебска. Умацаванне баявога духу натхнiла мяне, я пачаў лаяцца, я выкрыкваў такiя расейскiя брудныя словы i так гучна, што працiўнiкi вырашылi за лепшае выйсцi за дзверы, якiя я зачынiў нагою. Дзверы хлопнулi-стрэлiлi. І стрэл выбiў з мяне агрэсiю, якая вылецела залацiстым пылам у шырока адчыненае акно. Спакойны i спустошаны я павярнуўся да Вiцi з намерам памiрыцца. «Паглядзi на маё сцягно!» – сказаў я даверлiва. «А ты ледзь не зламаў мне шыю», – зусiм ласкава паведамiў ён. Мы памiрылiся з Вiцем, якi самотна сядзеў на ложку, калi я цiхенька адчынiў першы раз дзверы ў 311-ты пакой.
Другi мой знаёмец у Артэку быў Сярожа з Мiнска, ён зайшоў у пакой трэцi. Меланхалiчны Сярожа, у якога на правай назе ад нараджэння былi нераздзеленыя самыя маленькiя пальцы, нават пазногаць на iх быў адзiн, гэткiя сiямскiя блiзнюкi на адной асобна ўзятай назе. Але варта зазначыць, што гэты цялесны феномен зусiм не перашкаджаў майму другому знаёмцу бегаць i скакаць, а ў скачках у вышыню быць першым у Горным лагеры. Сярожа грунтоўна займаўся на мiнскiм стадыёне «Дынама» лёгкай атлетыкай i прывёз у Артэк выдатны спартовы строй, якi давялося пакiнуць у камеры захоўвання.
Але шаўкавiста-блакiтны строй усё ж недарэмна з’ездзiў на паўвыспу ў Чорным моры, бо на зваротнай дарозе з сонечнага лагера дружбы ў мяне затырылi, а калi па-чалавечы, дык скралi штаны. Звалаклi самым непасрэдным чынам… Я лёг спаць i паклаў нагавiцы за падушку, каб не надта пакамячылiся, i яшчэ я iх рукою прытрымлiваў. А калi прачнуўся, дык у руцэ быў зацiснуты рог падушкi, а штаноў i след прастыў. Суправаджальнiца – акулярыстая маладзiца з таўсценнымi шчыкалаткамi i танклявым галаском – адно развяла ўшыркi кароткiя рукi, маўляў, трэба было класцi пад падушку, а не за падушку.
Я ледзь не заплакаў, разам з штанамi прапалi дзве поўныя кiшэнi значкоў, якiя падаравалi аднаатрадаўцы. Якiх там толькi не было! I блакiтны герб Зеленаграда Калiнiнградскай вобласцi. І мячэць з Джамбула, што ў шыракаскулым Казахстане. І вузенькая панарама Ульянаўска. І карэльская бяроза з Петразаводска. Ледзь не ўся гiсторыя з геаграфiяй тагачаснага СССР. І ўзялi, i панеслi… А запасных штаноў у мяне не было. Гэта цяпер, выбiраючыся ў дарогу, я абавязкова прыхоплiваю спартовыя нагавiцы. А тады мне пашанцавала, што ў адным купэ са мною вяртаўся ў Мiнск аднаатрадавец Сярожа. У яго я i пазычыў навюткiя блакiтна-шаўкавiстыя штаны. Як ён не хацеў iх даваць! I вельмi здзiвiўся, калi праз дзень я прынёс iх яму дамоў. «А я быў упэўнены, што больш нiколi iх не ўбачу!» – усклiкнуў Сярожа, убачыўшы мяне. Ён пабачыў свае штаны, а вось я больш нiколi яго не сустракаў, хоць i жыў ён у самым цэнтры Мiнска, на плошчы Якуба Коласа, над гастраномам «Сталiчны». Мусiць, не хацелася сустракаць артэкаўцаў. Дый наогул я больш нiколi нiкога з iх не спатыкаў.
Толькi вось аднойчы на кнiжнай вокладцы я прачытаў прозвiшча аднаатрадаўца – Абашаў. Я пацiкавiўся, дзе выдавалася кнiга… Уфа. Так што цалкам можа быць, што зборнiчак фантастычных апавяданняў выдаў Юра Абашаў з Башкортастана, а тады Башкiрыi. Юра, якi клаўся спаць у шкарпэтках, а праз гэта i патрапiў ў малапрыемную сiтуацыю. Зрэшты, у сiтуацыю патрапiў не толькi Абашаў з Башкортастана…
Пасля абеду па артэкаўскай завядзёнцы трэба было гадзiну адпачываць i, абавязкова распрануўшыся, ляжаць у ложку пад прасцiною. Можна, хто пажадае, – i пад коўдраю, але – Крым, жнiвень, гарачыня 30° у ценi. Так што пад прасцiною лацвей. Папалуднаваўшы, лагернiкi залеглi. У пакой зайшла важатая Галiна з Ноўгарада з сваiм загарэлым жалудовым тварам, над якiм пагойдваўся выбелены чубок. Галiна загадала ўсiм устаць. Загады ў лагеры не абмяркоўвалiся. Устаць! – значыць, уставай i не думай. І я не думаў, стаяў i глядзеў на сваiх супакойнiкаў у форменных трусах. На ўсiх былi адно чорныя, крыху злiнялыя трусы. А на Абашаву былi яшчэ акуляры з бруднавата-зялёнай аправаю, гадзiннiк на скураным парэпаным раменьчыку i чорна-сiнiя шкарпэткi з рамбiчным малюнкам. «Ты чаму не распрануўся?» – наглядчыца Галiна насунулася на башкiра. «Я распрануўся», – вочы ўфiмца спалохана залыпалi ў акулярных лiнзах. «Ты чаму шкарпэткi не зняў?» Паўза пасля «чаму» была такая глыбокая, што з яе выразна вызiрнула слова «скацiна». «А ў нас усе так спяць». «Дзе гэта ў вас? Можа, у Амерыцы? Дык вось, у нас у СССР i ў прыватнасцi ў Артэку савецкiя людзi кладуцца ў ложак без шкарпэтак! Зняць! Хутка!» – доўгi, як у Адольфа Гiтлера, чубок узляцеў над ускiнутым тварам. Цiкава, цi бачыла Галiна з Ноўгарада амерыканскiя фiльмы, у якiх жыхары ЗША кладуцца ў ложак, не зняўшы шкарпэтак? I, вядома, не яе справа параўноўваць жыццё дзвюх iмперый зрозным грамадска-палiтычным ладам. Яе абавязак быў больш просты: выконваць самой i прымушаць астатнiх выконваць правiлы артэкаўскага жыцця. А розных завядзёнак у лагеры было больш чым дастаткова…