Усе лагернiкi павiнны былi хадзiць «у нагу», я не ведаю, як хто, цi як палонныя, цi як салдаты, карацей, толькi «ў нагу». І не важна, iдуць двое, трое, чацвёра цi сто чатыры, усе абавязкова крочаць толькi «ў нагу». Мусiць год, калi не болей, пасля вяртання да цывiльнага жыцця, я з усiмi хадзiў толькi па-лагернаму. Нават з жанчынамi, дзяўчатамi, бацькамi – толькi па-артэкаўску. І нiяк не мог адвучыцца. Ідзеш-iдзеш з чалавекам, зiрк унiз, пераступiш з падскокам i заспакоiшся, i палёгку нейкую адчуеш, бо ўжо ў ненармальнасцi хаджэння «ў нагу» бачыцца нармальнасць, патрэбнасць i неабходнасць.
Лагернiкам забаранялася казаць пры сустрэчы са старэйшымi «прывiтанне», «вiтаю вас» i розныя «здраўствуйце». Вiтацца дазвалялася наступным чынам: з ранiцы i да 12.00 – «добрай ранiцы», з 12.00 да 18.00 – «добры дзень», з 18.00 i да ранiцы – «добры вечар». А я, нiбы ўпарты iрландзец, якi дэманструе аднаасобны суверэнiтэт, упарта даваў «дзень добры». Але мяне не праследавалi i не каралi за перастаноўку слоў, ад якой сэнс не змяняўся. Наогул нацменам дазвалялася крыху болей, чым расейцам, маўляў, малодшы брат – ён дурнейшы, тое-сёе варта i не пачуць i дараваць.
Што да пакаранняў, дык яны ў Артэку насiлi больш назыўны, чым матэрыяльны характар. Важатыя пагражалi, што патэлефануюць бацькам; начальнiк казаў, што напiша лiсты. Усе разам абяцалi выгнаць з лагера i выправiць дамоў. Толькi нiхто iм не верыў. У рэальнасцi ж яны маглi наступнае: не пусцiць на танцы, не ўзяць у кiно, не дазволiць ехаць на экскурсiю i, у самым крайнiм варыянце, паклiкаць увечары ў пакой для важатых, а там палохаць i абяцаць, што ў наступны раз паб’юць. Каб каго сапраўды бiлi, я не чуў, бо наогул у Артэку ўсё брыдкае вельмi старанна ўтойвалася, i яшчэ там была сiстэма замены.
Да прыкладу, я ўзбунтаваўся – адмовiўся вучыць 10 абавязковых пiянерскiх песень. Калi на палянцы нас пасадзiлi ў кружок i пачалi надыктоўваць словы, я ўзняў руку i заявiў, што зусiм кепска пiшу па-расейску. За такi жарт мяне, як мiнiмум, можна было б паставiць пасярод пляца на вечаровай лiнейцы i перад усёй Крыштальнай дружынай высмеяць i прынiзiць, сказаўшы: вось пiянер, якi не здатны вывучыць мову, на якой гаварыў Ленiн. I, павер ты мне, сораму не абабраўся б. Толькi Галiна з Ноўгарада павяла сябе iнакш. Не хочаш быць як усе? Выдатна. Будзь лепшы. Яна спытала: «Хто яшчэ не ведае расейскага правапiсу?» Маё непадпарадкаванне падтрымалi два казахi, Мухтар i Амангельды. Тады важатая вельмi ўрачыста паведамiла, што мы вызваляемся ад 10 пiянерскiх песень i накiроўваемся ў бiблiятэку, дзе зможам узяць кнiгi на родных мовах i чытаць iх, пакуль астатнiя будуць спяваць. З боку важатай усё было зроблена вельмi тактоўна, так, што падумалася: мусiць, папярэдняя мiжнародная змена з неграмi ды кiтайцамi ўсё ж прывучыла сяго-таго паважна ставiцца да iншародцаў, якiя не вывучылi вялiкую ды магутную мову мiжнацыянальных зносiн. Але ж i з майго бунту выйшаў пшык.
Толькi калi я ў пэўным сэнсе падмануў Галiну, дык Амангельды з-пад Джамбула быў шчыры. Галавасты апалонiк, iнакш i не скажаш пра яго, звычайны хвастаты зародак жабкi. I вочы ў казаха былi вузкiя i лупатыя адначасна; вочныя яблыкi так i хацелi выскачыць з чэрапа, а напятая смуглявая скура iх не пускала. Імя маленькага крываногага казаха з-пад Джамбула спачатку нiхто не мог запомнiць. Але калi такое вымавiш i запомнiш, дык ужо i не забудзеш, каб i хацеў. Пабудзi мяне сярод ночы i спытай, з якiм казахам давялося пазнаёмiцца ў Артэку, i пачуеш – Амангельды. У ягоным Джамбуле адбыўся землятрус, таму разам з нашчадкамi начальнiкаў у Крым паехалi дзецi шматдзетных пралетарыяў i сялян. Амангельды быў восьмае, але не апошняе дзiця ў бацькоў. Я не цiкавiўся, кiм працаваў бацька жабкападобнага казаха, але сям’я iхняя яўна не гаравала i не галадала. Ты б толькi бачыла, як ён расцiснуў падэшваю на асфальце скрыль кавуна…
Недзе напрыканцы першага тыдня нам далi на дэсерт кавун. Скрылi былi чырвона-сакаўныя, падобныя да вялiзных пеўневых грабянёў. А з-пад-джамбульскае жабяня вазьмi ды скажы: «У нас такiмi кавунамi ў футбол гуляюць!» Нiколi не бачыў, як гуляюць у футбол кавуном, а вось як гулялi глобусам – бачыў. Вясковы школьны заўгас выкiнуў на сметнiк можа з дваццаць геаграфiчных наглядных прыладаў. А вясковыя дзецi не знайшлi лепшага занятку, як бiць па iх нагамi. Потым за школаю на сметнiку доўга ляжала брудная гурба папераламаных глобусаў, такiх падобных да чарапоў. Як глобусы, так i кавуны я вельмi любiў i люблю. Што да кавуноў, да гэтых ягадаў з гароднiны, дык магу есцi не толькi ружовыя, а i ледзь-ледзь ружовыя i прахалодна-несалодкiя. А вось Амангельды, запэўнiўшы, што нiводзiн казах не будзе есцi крымскiя кавуны, пайшоў мiж радамi крэслаў i сталоў i ўсiм землякам загадаў выкiнуць дэсерт. Землякi, нечакана для астатнiх, паслухалiся свайго апалонiка i, выйшаўшы з сталоўкi, пакiдалi скрылi хто ў сметнiцу, а хто i на зямлю. Амангельды радаваўся i цiснуў кавуны абцасамi. Крышку пазней я даведаўся, што зусiм i не Амангельды прыдумаў выкiнуць на сметнiк дэсерт, яму загадаў Мухтар.
Высакаваты i чыстатвары Мухтар, сын старшынi райкома камунiстычнае партыi, пэўна, ад бацькi пераняў волю да ўлады. І ўсе, хто прыехаў з Джамбульскага раёна, а iх па розных атрадах было параскiдана чалавек сорак, без пярэчанняў выконвалi ягоныя даручэннi ды парады. Азiя, як казаў Кiплiнг, ёсць Азiя, а Захад ёсць Захад, i разам яны нiколi не сыдуцца. Вядома, што гара з гарою зусiм не так, як чалавек з чалавекам у музеi касманаўтыкi, дзе я пабачыў, як Мухтар адчуў на сваёй, крыху цямнейшай за маю, скуры, што жыве, жыве цёмны расiзм на белым свеце.
Музей, заўважу, даволi шматрэчны, напакавана ў iм усяго рознага было шмат. Гэта ж цяпер я разумею, што скафандр з шыльдачкаю «Юры Гагарын» мог належаць i Герману Цiтову. Ты ж i сама ведаеш, як робяцца музеi… Галоўнае, каб экскурсавод не забыўся сказаць пераканаўчым тонам: «З гэтае талеркi еў першы касманаўт Гагарын!» Толькi дух расiзму хаваўся не за талеркамi i скафандрамi, а за дзейнымi трэнажорамi. Мне яны адразу не да сэрца прыйшлiся, розныя моцамеры, рэакцыязамяральнiкi, вагапавелiчальнiкi…
Правяраць рэакцыю мог кожны. Сядаеш у зручны фатэль i глядзiш на тэлеэкран (кампутараў я тады не ведаў). На экране раз-пораз у розных кутках успыхваюць рознакаляровыя кропачкi: сiнiя, жоўтыя, чырвоныя. Падобныя кропкi ўспыхваюць i плаваюць уваччу, калi доўга працаваў, апусцiўшы галаву, а потым рэзка ўскочыў, каб iх згасiць, трэба зноў схiлiцца, каб кроў у мозг прылiла. А каб знiклi экранныя кропкi, трэба цiснуць на кнопкi ў пэўным парадку, бо сiнюю кропку гасiла жоўтая клавiша, а жоўтую – чырвоная, а чырвоную – сiняя. Кропкi ўспыхвалi ў iрваным рытме. Асабiста я пачуў: можаш, калi захочаш, быць касманаўтам. Мухтару з Джамбула вынеслi iншы вердыкт… Трэнiруй рэакцыю, гуляй у настольны тэнiс, у Кiтаi добра гуляюць у настольны тэнiс. Спачатку я не ўцямiў, пры чым тут Кiтай. Але па тлумачэннi далёка хадзiць не давялося. Каля цэнтрыфугi ўсё праяснiў даўгашыi экскурсавод: «Жоўтым у цэнтрыфугу залазiць нельга. У жоўтага чалавека арганiзм слабейшы, чым у белага. Таму дзеля ўласнай бяспекi прашу жоўтых не падыходзiць да трэнажора цэнтрыфуга!» «А я не жоўты! Я – казах!» – чысты Мухтараў твар так збялеў ад злосцi, што зрабiўся бялейшы за крамнае бутэлечнае малако. «Папрашу не пярэчыць i пакiнуць музей. Акрамя фiзiчнае падрыхтоўкi для касманаўта вельмi важныя дысцыплiна i выкананне загаду»… Спрачацца не мела сэнсу. Мухтар, а за iм Амангельды, пакiнулi залю з цэнтрыфугаю. Астатнiя пiянеры толькi ўзрадавалiся. Чым меней людзей у чарзе, тым лепей, ёсць i такая думка.
У блiскуча-срэбную цэнтрыфугу ўлезла трое беларусаў: я, Вiця ды Сярожа. Мы селi на кукiшкi i зацiснулi галовы мiж каленямi. Даўгашыi ўключыў трэнажор. Па спiне пабег скразнячок. Здаецца, не прайшло i хвiлiны, а экскурсавод ужо крычаў, што трэба ўстаць i ўзняць рукi ўгару. У галаве гуло i грукала, нiбыта нехта дужы кiдаў у пустым вагоне на падлогу мяхi з цэментам. Бух, густая цiша, гудзенне… Ізноў бух… А рукi, Бог сведка, былi такiя цяжкiя, што я ледзь адарваў iх ад сцёгнаў. Аднаатрадаўцы клалiся са смеху, гледзячы, у якiх раскiрэчаных паставах стаялi мы ў цэнтрыфузе. Было смешна i мне, было смешна глядзець на Вiцю i Сяргея, што стаялi як два стогадовыя разбiтыя паралюшам карчы. Але смяяцца я не мог, шчокi i вусны не рассоўвалiся. Калi б мне хто сказаў, што вось зараз з цябе выцягуць у цэнтрыфугу ўсе вантробы, я б нi хвiлiны не сумняваўся ў праўдзiвасцi папярэджання. Але, як ты здагадалася, вантробы засталiся на месцы. А вось уяўленне пра беларусаў зрушылася ў лепшы бок.
Беларус – дужэйшы за ўсiх азiятаў… Ён, як i астатнiя ўсходнiя славяне, створаны, каб кiраваць светам…. Нiякая цэнтрыфуга не перамяшае беларускую мову з казахскай… Захад ёсць Захад… Беларус можа быць касманаўтам, а казах… Пра гэты выпадак я згадаю праз дваццаць гадоў, калi па швах распаўзецца СССР, калi казахi абяруць свайго першага прэзiдэнта, якi нацыяналiзуе касмадром i валявым загадам выпхне казаха ў космас. Цiкава, як у яго беднага са здароўем? Цi ўсiм усё адно? Як з тымi сабакамi, выпхнулi ў космас Белку i Стрэлку, i там пакiнулi, i iхныя мёртвыя выпручаныя целы ўсё круцяцца i круцяцца ў беспаветранай прасторы, не могучы нават раскласцiся як след. У музеi касманаўтыкi я пашкадаваў Мухтара, бо ён быў адзiны ў атрадзе, хто чытаў на роднай мове.
Калi я, Мухтар i Амангельды адмовiлiся вучыць дзесяць пiянерскiх гiмнаў i пайшлi ў бiблiятэку, дык там спаткалi вельмi ветлiвы прыём. На другiм паверсе цаглянага катэджа нас сустрэла дробненькая, амаль карлiца, жанчынка ў блакiтным парыку. Яна i паказала мне беларускую, а Мухтару казахскую палiчкi. Амангельды меў больш сцiплыя запатрабаваннi, яго цалкам задаволiла падшыўка маскоўскага гумарыстычнага часопiса «Кракадзiл». Пакуль я, седзячы на кукiшках (беларуская палiца была пры самай падлозе) выбiраў чытанку, Амангельды рагатаў на ўвесь двухпавярховы катэдж. Сорамна было не толькi мне, але i Мухтару. Толькi я зрабiў выгляд, што не бачу таго сораму: вы – казахi, самi i разбiрайцеся мiж сабою, мая справа ў iншым баку…
На прыпадложнай палiцы вышнуравалiся новенькiя, амаль негартаныя томiкi аўтараў са школь най праграмы, нi больш нi менш. Толькi хрэстаматыйныя мелi пропуск у артэкаўскую бiблiятэку. Бог з iмi, з пропускамi, не горшыя ў беларусаў хрэстаматыi, калi ёсць Купала, Колас, Багушэвiч i Багдановiч. Мне, вядома, як большасцi сямiкласнiкаў, а не сямiкласнiц, хацелася ўзяць прозу. Кнiгу ў пiянерскiх лагерах успрымалi неадназначна. З аднаго боку, гэта адзiная рэч, якой дазвалялася ляжаць на тумбачцы, а з другога боку, калi нехта ўбачыць, што хлопец чытае вершы, дык мог узнiкнуць цэлы абвал кепiкаў i падначак. Зразумела, калi вершыкi не пiянерскага зместу (пра iх будзе асобны абзац). Дык вось, беларуская хрэстаматыйная проза, кажучы па-бiблiятэкарску тактоўна, мяне зусiм не зацiкавiла. Пасля бойкi з Вiцем з Вiцебска розных здзекаў я не баяўся. З палiцы ўзяў сiнi том Максiма Багдановiча. Чытаў я тады, як i цяпер, вельмi марудна, таму кнiга i праляжала на тумбачцы амаль усю змену. Том Багдановiча быў мне за сiмвал адметнасцi, за знак няроўнасцi i суверэннасцi хоць бы адной асобна ўзятай тумбачкi. І калi хто з расейцаў казаў пра аднолькавасць нашых моў, дык i трох радкоў было дастаткова, каб давесцi адваротнае.
Не ведаю, наколькi гэта натуральна, але беларусам я сябе адчуваю за межамi Беларусi. На Радзiме я – лiтаратар, журналiст, мастак, асоба мужчынскага полу, вайсковаабавязаны, пасажыр, пешаход, мiнак, настаўнiк… Хто заўгодна, сто разоў нехта i толькi потым беларус. Раней мяне вельмi палохаў той факт, што расейцы i габрэi ўсё больш i больш пачуваюць сябе ў Беларусi менавiта габрэямi i расейцамi. А цяпер я нават вiтаю iхняе вяртанне ў роднае нацыянальнае ўлонне. Хай у маёй Айчыне кожны небеларус адчувае сваю нацыянальную прыналежнасць, лёгкi смутак i настальгiю, якую па вечарах адчуваў я, лежачы на другiм ад акна ложку, у 311 пакоi на 3 паверсе, Крыштальнай дружыны, Горнага лагера, у Артэку, калi трымаў перад вачыма томiк Максiма Багдановiча, любiмага паэта нацыi.
У кожнага народа ёсць вялiкi паэт: у ангельцаў – Байран, у немцаў – Гётэ, у японцаў – Басё. Але ў кожнай нацыi, акрамя вялiкiх, народных, прызнаных, вядомых i малавядомых, маладых i пачаткоўцаў, ёсць паэты любiмыя: у японцаў – Ісiкава Такубоку, у ангельцаў – Джон Кiтс, у расейцаў Мiхаiл Лермантаў… Вельмi сумна, што ўсе яны сышлi з жыцця ў маладым веку. А можа, гэта неабходная адзнака ў бiяграфii паэта, каб яго спачатку пашкадавала, а пасля палюбiла нацыя? Але гэта пытанне зусiм не артэкаўскае, яно з часоў сённяшнiх, калi зрабiлася вiдавочна, што нават у лагерах дружбы выспельвалася iдэя незалежнасцi як беларуса, так i казаха. Ужо дзецьмi мы ведалi пра неабходнасць аддзялення ад СССР з ягоным паталагiчным жаданнем ашчаслiвiць усiх, навучыўшы бiць у чырвоны пiянерскi барабан. А я замест дзесяцi гiмнаў чытаў лiрыку Багдановiча, ягоныя генiяльныя вершы пра смерць. І яшчэ я зразумеў, што ў савецкiм лагеры не так ужо кепска гаварыць з акцэнтам, не з гаварком, якiм рознiцца адзiн расеец ад другога, а менавiта з акцэнтам.
Менавiта ў Артэку я заўважыў, што расейцы вельмi дэмаралiзаваная нацыя. У iх размылася паняцце рускi, яно стала вызначэннем iмперскiх паводзiн i перастала быць уласна нацыянальнасцю. Рускiя зрабiлiся падобныя да габрэяў, яны расцяклiся па прасторы СССР, i ў iх пачало не хапаць колькасцi i моцы, каб трымаць усё пад кантролем. У Артэку расейцаў было болей за ўсiх астатнiх, але яны нiколi не аб’ядноўвалiся ў нацыянальныя групоўкi, яны былi кожны сам за сябе i свой рэгiён – Сiбiр, цi Карэлiю, цi Архангельскую поўнач. Адных Ваняў у 311 пакоi было ажно тры, архангельскi Ваня, петразаводскi Ваня i астраханскi Ваня.
Архангельскi Ваня казаў, што вельмi любiць паэзiю Сяргея Ясенiна, толькi з усёй спадчыны апошняга паэта расейскай вёскi я пачуў, праўда, разоў са сто, толькi два радкi.
А далей кацiўся раскацiсты рогат ясенiналюба. Аднаго разу бессмяротныя радкi пачула важатая Галiна, яна матлянула сваiм гiтлераўскiм чубком i заўважыла, што лепш бы ён паўтарыў словы песнi пра Зiну Партнову, пiянерку-геройку. Архангельскi Ваня пачаў дэкламаваць тэкст, дзе былi i такiя радкi:
Што-што, а смерць у пiянерскай паэзii мяне зусiм не палохала, яна наадварот нават весялiла. Ну i як можна было не смяяцца, калi атрад спяваў хорам наступныя словы пра чарговага пiянера-героя, якi загiнуў у смяротнай схватцы з ворагамi?!
Мы смяялiся, бо радкi з афiцыйнай лагернай паэзii вельмi нагадвалi неафiцыйную лiрыку, накшталт:
Былi ў падпольнай лiрыцы i больш кранальныя, эратычныя вобразы:
Каб скончыць з усёй пiянерлагернай паэзiяй, артэкаўскай i неартэкаўскай, я працытую табе яшчэ адзiн урывачак з афiцыёзнага вершыка-дрындушкi.
Ура! Таварышы! Ура! Ну, вядома, блiжэйшых сваякоў за iндусаў беларусы нiколi не мелi, бо расейцы i ўкраiнцы не рыфмуюцца. А iндусы i беларусы рыфмуюцца, толькi чаму iндусы, а не тунгусы? Га? Але не ў гэтым закавыка, а ў iншым. Гэты вершык з назовам «Лагер Дружбы» мае яшчэ адну каштоўнасць. Яго склаў чалавек, якi адсядзеў за калючым дротам у канцэнтрацыйным сталiнскiм лагеры больш за дзесяць гадоў. І што, спытаеш ты? А нiчога, скажу я. Можа i сапраўды, калi глядзець на Артэк з Гулага, дык ён i нiшто сабе, i дружбаноў можна займець цi проста пазнаёмiцца з кiм цiкавым.