Толькі не гавары маёй маме… (зборнік) - Глобус Адам 5 стр.


Да прыкладу, у Артэку я пазнаёмiўся яшчэ з петразаводскiм Ванем, чарнавокiм велiказубым хлопцам. Ён i падараваў мне паштоўку з архiтэктурным краявiдам Кiжоў. На паштоўцы пад сiнюшным небам стаяла шэрая цэркаўка, збудаваная без адзiнага цвiка. Белазубы Ваня расказваў, што ў VIII стагоддзi расейскiя майстры маглi будаваць з адной толькi сякераю. Хто яго ведае, можа, яно i так. Паспрабуй, зацягнi на Поўнач тыя цвiкi. А так, з адной сякераю на плячы, расейскiм каланiстам было ямчэй рухацца на ўсе чатыры бакi ад Масквы. Сякера вельмi зручная рэч у справе мiрнага далучэння чужых земляў да iмперыi. Асаблiва да Расейскай, асаблiва ў VIII стагоддзi, калi ў яе быў ваўчыны апетыт. Хто не згодны? Сякера хутка знойдзе шлях да згоды. І не трэба нiякiх цвiкоў, каб распiнаць i будаваць саборы ў гонар распятых, трэба прасцей: хто не згодны – кладзi галаву на калодку. Хру-у-упсь!

Вось з такiм – касцяным i адначасна плюгкiм гукам вылецелi два верхнiя пярэднiя зубы ў петразаводскага Ванi, калi ён упаў тварам на прыступку. Акуратную, майстравiта абкладзеную белай кафляй, а таму вастрарэбрую прыступку, якая вяла з калiдора на гаўбец. Ваневы далонi прызямлiлiся, прыпадлозiлiся каля самай прыступкi, i каб яе не было цi каб яна была крышку далей, дык твар аднаатрадаўца спынiўся б на бяспечнай адлегласцi, а два пярлiнна-блiскучыя разцы не вывернулiся б з верхняе дзясны i не выплюнулiся б на слiзкую кафлю разам з крывёю. І Ваня не плакаў бы, седзячы на кукiшках па-над чырвоным пляўком. Ну i я разам з Вiцем з Вiцебска не туляўся б побач i не задаваў бы сабе малапрыемнае пытанне… А цi не выганяць мяне з Артэка за бойку, у якой пiянер страцiў пярэднiя верхнiя разцы? Цi вышлюць толькi мяне, цi разам з Вiцем патураць? Што я скажу бацьку? Да пытанняў далучалiся розныя неразумныя развагi… Каб вылецелi не пярэднiя, а бакавыя зубы, дык можна было б угаварыць Ваню, каб шырока не раскрываў рот пры важатай Галiне, i гэтак у таямнiцы схаваць вынiкi бойкi. Толькi iнцыдэнт i бойкаю назваць цяжка. Я ж падышоў да Ванi зусiм блiзенька, каб ён не змог размахнуцца i ўдарыць. Памiж нашымi насамi засталося сантыметры са тры, не болей. І я цiхенька штурхануў яго ў грудзi. Ён, вядома, чакаў штуршка цi ўдару, але i думаць не думаў пра Вiцю, якi ў яго ззаду прысеў i скурчыўся каля самых ног. Ваня кульнуўся праз Вiцеву спiну вельмi па-цыркавому i нават паспеў перакруцiцца, каб упасцi спружынiста на рукi. А тут, лiха на яе, – прыступка.

Толькi буду шчыры: калi б петразаводскi Ваня ўпаў больш удала i не згубiў зубы, я б даў яму па твары нагою. Быў у мяне такi баявы намер, пакуль не пачулася ломкае хру-у-упсь i Ванева галава неяк страшна i рэзка тарганулася, нiбыта хлопца кальнула токам. Намер дабiць ворага знiк. А ворагам Ваня стаў неспадзявана i для самога сябе, ён прагаварыўся, ён зусiм не намерваўся нiкога крыўдзiць, сказаўшы ўголас тое, што думалася. З кожным можа такое здарыцца, але далёка не кожнаму за неабачлiвасць выбiваюць пярэднiя разцы. І вядома ж, пасля бойкi я пашкадаваў Ваню, але далёка не на ўсе сто працэнтаў, бо так цi iнакш, але ён павiнен быў прыняць пакаранне за абразу, кiнутую ў мой бок.

Я стаяў на калiдоры разам з Вiцем i спакойненька гаварыў, як цяпер памятаю, пра кедравыя шышкi. Мы дамаўлялiся пайсцi пашукаць iх у артэкаўскiм парку. Звычайная размова. Адна асаблiвасць яе была ў тым, што я гаварыў па-беларуску. А петразаводскi Ваня, стоячы поплеч, цiха ўсклiкнуў: «Какое мерзкое наречье!» Пачуўшы голас сэрца, якi вылецеў з савецкага пiянера, я падышоў да яго, каб удакладнiць несвоечасовыя думкi наконт маёй роднай беларускай мовы. Ваня ж замест прабачэння прачытаў зусiм кароткi, але вельмi змястоўны курс лекцый пра злiццё нацый i моў. Мяне, дарэчы, заўсёды здзiўляла наiўнасць савецкiх чалавечкаў, яны ж сапраўды верылi i вераць у тое, што ўсе нацыi сальюцца ў савецкую нацыю i на зямлi запануе бела-жоўта-чорны iнтэрнацыянальнамоўны чалавек. Ванеў iмперскi шавiнiзм я падбадзёрваў бясконцым паўтарэннем слова «гавары». І Ваня дагаварыўся. Вось так мы пакаралi петразаводскага хлопца, пакаранне атрымалася крыху больш жорсткае, чым меркавалася, але я i цяпер нiколi не дарую чалавеку, якi абразiць маю нацыю. Гэта зусiм не азначае, што я адразу пачну выбiваць яму пярэднiя зубы, але надыдзе момант, i я… Хай сабе i буду пакараны, як тады ў Артэку: мне i Вiцю з Вiцебска забаранiлi ў той вечар iсцi на танцы. І мы стаялi на гаўбцы i глядзелi, як пад намi на ярка асветленай пляцоўцы бяззубы Ваня вытанцоўвае «летку-еньку». Я не зайздросцiў яму.

Не зайздросцiў я i астраханскаму Ваню, якi выхваляўся, што ў iзалятары вельмi смачна i добра кармiлi, ледзь не ў сто разоў лепей, чымся ў агульнай сталоўцы. А ў iзалятары вялiкагаловага, падобнага да павука Ваню пратрымалi амаль палову змены. Крышку менш за месяц, бо калi ён развiтаўся з родным волжскiм горадам, там усё было цiп-топ – спакойна i цiхмяна, але пакуль даехаў да Артэка, у Астраханi знайшлiся дурнi, што захварэлi на халеру, пэўна ж, рукi не мылi. Чутка пра халеру абляцела СССР, не абмiнуўшы i паўвыспу Крым. І ўсiх астраханцаў упяклi ў iзалятар i трымалi за кратамi, пакуль газеты не адсвяткавалi перамогу савецкiх лекараў над стыхiяй iнфекцыi. Ваня прыйшоў у мой атрад у вельмi адметны дзень – 1 верасня. У першы дзень восенi лагернiкаў, як i ўсiх хатнiх дзяцей, чакала яе вялiкасць школа, халера ясная.

Пасля снядання нас пашнуравалi на святочную лiнейку. Начальнiк Горнага лагера, мардаты, як мiнiстр авiяцыi гiтлераўскай Германii, i такi ж высокi, як той самы Герынг, доўга-доўга i нудна-нудна гаварыў пра глыбокi сэнс ленiнскай думкi – вучыцца, вучыцца i вучыцца. За начальнiкам слова бралi i доўга не аддавалi розныя падначаленыя, розныя наглядчыкi, выхавальнiкi ды важатыя. Сонца добра-такi пякло, але нас яно не ўзяло, а вось астраханскага Ваню ўдарыла, захiрэў ён у iзалятары, цi ад прыроды слабы быў, хто там ведае. Адно дакладна: Ваня страцiў прытомнасць; тоненькiя павучыныя ножкi склалiся напалам, а шырокi твар упаў на бетонную плiту, скура на твары луснула ды разлезлася. На белым пляцы распаўзлася крывава-зыркая плямiна. Што казаць?! Свята ведаў атрымалася запамiнальнае. Ваню занеслi ў медыцынскi iзалятар. А нас, гарналагернiкаў, пашнураваных у даўжэзную, як бразiльская анаконда, калону, павялi ў школу.

Нiколi ў жыццi я не любiў школу, але, дзiва, артэкаўская навучальная ўстанова мне спадабалася. Вучыцца ў ёй трэба было тры днi на тыдзень ды толькi чатыры ўрокi на дзень. Нiякiх хатнiх заданняў не задавалася. Усе сшыткi з падручнiкамi ляжалi ў стале, i нiхто iх не краў. Вучыўся я ў 7 «М», якi наш класны кiраўнiк, культурыстычны маладзён, ахрысцiў «моймы». На першым жа ўроку давялося запатрабаваць падручнiкi на беларускай мове. Культурыст на першым жа перапынку завёў мяне на склад i выдаў пачак новенькiх, нiбыта толькi надрукаваных, падручнiкаў. Я ў Мiнску такiх i не бачыў, бо вучыўся ж у расейскай мiкрараённай школе. «Твае?» – спытаў атлетычна складзены класны. «Не… яны малдаўскiя. Тут во прачытайце: Кi-шы-нёў!» «Чакай…» Настаўнiк знiк за стэлажамi, а праз хвiлiну ў мяне на руках быў пачак беларускiх падручнiкаў, таксама блiскучых i нiкiм не чытаных.

Але гэтае дзiва яшчэ i не дзiва. Больш за ўсё мяне радавалi настаўнiкi, я ж нiколi не думаў, што настаўнiк можа растлумачыць тэму, што ён так раскажа i перакажа, ажно не трэба ў падручнiку корпацца. У сваёй мiнскай школцы, седзячы за партаю i слухаючы педагога, я разумеў толькi меншую палову тэмы. А большую i асноўную вычытваў у падручнiку. І таму быў цалкам упэўнены: нiводзiн настаўнiк не ведае лепш за падручнiк. А вось артэкаўскiя ведалi i лепей i болей i маглi ўсё гэта вельмi хутка перадаць вучням, якiя прыходзiлi на заняткi. А прыходзiлi не ўсе. Пакуль калона пiянераў пакрывала адлегласць ад Горнага лагера да школы, што прыблiзна складала кiламетры два, даволi значная частка лагернiкаў сыходзiла ў партызаны i ў басмачы. У асноўным у прыдарожныя хмызы шасталi каўказцы з азiятамi. Амангельды не схадзiў у школу нi разу, ён нават выкiнуў абавязковую для ўсiх картку з адзнакамi. Што яму тая картка, ён займаўся нарыхтоўкаю кедравых арэхаў, налушчыў кiлаграмаў дзесяць, пакуль астатнiя сядзелi на занятках. У маёй жа картачцы стаялi адны танканогiя чацвёрачкi. Гэта чамусьцi расхвалявала дырэктара маёй роднай мiнскай школы 9. «Няўжо, Адам, ты не мог пастарацца i атрымаць хоць бы адну выдатную адзнаку?» Я прамаўчаў. Не гаварыць жа, якiя выдатныя настаўнiкi ў Артэку i якiя цельпукi ў нас. Дырэктар не зразумеў бы. А можа, i зразумеў бы, бо сышоў жа ён з школы, уцёк на партыйную працу. І слушна зрабiў. У кожнага школьнага дырэктара павiнна быць душа кар’ерыста.

А вось у мяне вельмi слабыя кар’ерныя здольнасцi. У Артэку, дзе было столькi розных пасадаў, я не займаў нiводнай. Не быў абраны нi старшынёю рады дружыны, нi старшынёю атрада, нi старшынёю пакоя, нi нават звеннявым. Таму на ўсiх лагерных фотакартках стаю з краю. У гэтым нiчога кепскага няма, бо калi чалавека ўмоўна прызнаць не чаротам, якi думае, а сцяблiнаю, якая затрымлiвае святло, дык з краю святла якраз i болей. І калi чалавечыя статкi кампануюцца не па прынцыпах раўнамернага размеркавання сонечнага святла, дык не я ў тым вiнаваты. І не я першы заўважыў – Бог не роўна дзелiць. І выправiць гэта не выправiш. Хiба што сам сябе падманеш цi прымусiш падманваць iншых.

Вось i ў Артэку я паўдзельнiчаў у непрыстойнасцi. Чорт пацягнуў за язык, i я задаў важатай Галiне з Ноўгарада сакраментальнае пытанне: «Чаму вы не любiце мяне?» Цудоўна разумеючы, што пра такое нельга пытацца, я не ўтрымаўся, як петразаводскi Ваня не стрымаў сваёй нянавiсцi да беларускай мовы. Бывае. І ў мяне быў не самы горшы варыянт, тым больш – Галiна сказала: «Ты, Адаме, памыляешся. Я вельмi цябе люблю!» Важатая з гiтлераўскiм чубком мяне ненавiдзела, яна любiла петразаводскага Ваню, якому я выбiў разцы. Але маё, зададзенае пры ўсiм атрадзе, пытанне загнала яе ў сiтуацыю, у якой, абвяргаючы мяне, давялося засведчыць любоў. Парадокс. Ну адно ў яе апраўданне – любоў наша была зусiм кароткая, як i ва ўсiх артэкаўцаў. Калi я вяртаўся з Артэка дамоў, дык вёз цэлы нататнiк адрасоў i тэлефонаў, а патэлефанаваў толькi Сяргею з Мiнска, i тое каб аддаць пазычаныя спартовыя штаны. Болей нiколi нiкому не пiсаў i не тэлефанаваў. Каб той нататнiчак захаваўся, я б сёння, можа, i затэлефанаваў бы якому жыхару блiжэйшага замежжа, а можа i не. Адно ведаю дакладна – дзяўчатам я б не званiў.

З дзяўчатамi ў лагеры адносiны ў мяне не склалiся. Трынаццаць гадоў – якраз той узрост, калi заўважаеш: дзяўчаты раптам сталi дарослыя, а хлопцы ўсё яшчэ дзецi. Мае аднаатрадаўкi з замiлаваннем паглядалi на мужчын кшталту культурыста настаўнiка, а на такiх, як я, зiркалi з пагардаю. Зрэшты, асабiста мяне тое мала хвалявала, бо прырода яшчэ не выспелiла ўва мне мужчынскiя функцыi i жаданнi. І таму будзе слушна, калi скажу, што ў Артэк я патрапiў у апошнi год свайго дзяцiнства.

А на заканчэнне скажу табе яшчэ адну сумную рэч… Праз Артэк прайшлi мiльёны дзяцей, i нi разу ў жыццi я не сустрэў нiводнага сумленнага слова пра гэты найвялiкшы ў свеце лагер. Адны дурнаватыя дрындушкi…

Гэта – месца добрага знаёмства.

Гэта ён – наш сонечны Артэк.

Усе нiбыта вады ў рот панабiралi. Ведаем, ведаем. Бачылi. Але, хто старое згадае, таму вока прэч. Лепш не ўспамiнаць. Забыцца. Ну i сапраўды, каму хочацца помнiць правiлы, па якiх праходзiла купанне ў моры?! А мне вось хочацца…

Спачатку, ну вядома, трэба было распрануцца i змянiць трусы на плаўкi i пятнаццаць хвiлiнаў ляжаць (можна сядзець) на сонцы. Потым пятнаццаць хвiлiнаў сядзець (можна стаяць) у ценi, пад шыферным брылём. І толькi пасля ценю дазвалялася на пяць хвiлiнаў зайсцi ў Чорнае мора. Не забегчы, не заскочыць, не запаўзцi, а зайсцi. Заходзiлi ўсе, як гаварылася раней, «у нагу». Даваць нырца забаранялася. Галава ўвесь час павiнна тырчаць над вадою. За тры метры ад берага быў нацягнуты тоўсты канат з паплаўкамi. Заплываць за канат забаранялася. Размаўляць у вадзе забаранялася. Дакранацца да каната забаранялася. Выходзiць без каманды… Любое дробнае парушэнне вяло да таго, што ўся «дзесятка», а ў мора заходзiлi «дзесяткамi», страчвала права на марскую ванну. Таму, зайшоўшы ў ваду, усе стаялi на камянiстым дне. Зрэдку сёй-той лагернiк падскокваў – рабiў выгляд, што купаецца з радасцю i асалодай. Каб нехта ўцёк i пакупаўся самастойна, я не чуў. Уцячы ў горы можна было, а вось прарвацца на ўзбярэжжа – нi ў якiм разе, яно ахоўвалася не горш за дзяржаўную мяжу, зрэшты, гэта ж i была мяжа СССР, пра якую я паглядзеў у вялiзным адкрытым лагерным кiнатэатры прыгоднiцкi фiльм…

Артэкаўцы-героi знайшлi на ўзбярэжных скалах шпiёнскi акваланг, высачылi яны i самога шпiёна, i пасля кароткай, але вельмi змястоўнай, бойкi канчаткова перамаглi ворага народу на адным асобна ўзятым кавалку ўзбярэжжа. Пра несапраўднасць падзей у фiльме, дзе артэкаўцам дазвалялася гадзiнамi сядзець у Чорным моры, а начамi бадзяцца каля яго, здагадваўся нават наймалодшы лагернiк з найапошняга атрада. Але паход у кiно запомнiўся мне iншым, перад iм нам выдалi па цёплай куртцы. Дарэчы, калi пасля першай лазнi я выбраў сабе форму адпаведнага памеру, дык заўважыў, што яна вельмi зручная i вельмi моцная, нiхто нiчога не адарваў у ёй, нават пагоны трымалiся мёртва. А што ты думала?! Самы вялiкi, самы-самы ў свеце дзiцячы лагер… Артэк.

Ракаў. 20.I.1993

Сінема

(аповесць пра суперажыванне)

1 – Алкаголь

Сiнема лепш чым кiно, бо да слова «кiно» занадта многа рыфмаў – вiно, даўно… А Жуль Рэнар пiсаў, што рыфмы псуюць прозу, праўда, я з iм не згодны. Вось, напрыклад, «вiно – кiно», тут жа не толькi рыфма, тут ёсць i сэнсавая сувязь. Што рабiць увечары? Пiць? Большасць маiх суайчыннiкаў так i робiць. А калi не пiць? Тады iсцi ў кiно.

Толькi гэта не галоўнае. У слове «сiнема» чуецца нешта iтальянскае, можа, сiняе мора, можа, сiняя смуга, а можа яшчэ што-небудзь. А без Італii няма кiно. Але пра гэта пазней. Вернемся да алкаголю.

Была ў мяне дзяўчына. Нiшто сабе габрэйка з вельмi заможнай сям’i, яе бацька помнiкi на могiлках рабiў. Адносiны ў мяне з габрэйкаю былi абуральна-цнатлiвыя, вось мы i хадзiлi ў кiно. У той раз, пра якi буду гаварыць, я ўзяў квiткi ў кiнатэатр «Цэнтральны». Кiнатэатр неблагi, толькi стаiць занадта блiзка ад вакзала, i адпаведна публiка там, выбачайце, свiны мешань. На кiначасопiс мы спазнiлiся, i, як на гора, мне яшчэ захацелася ў прыбiральню. Праўда, я не з тых людзей, што саромеюцца сваiх жаданняў. Яшчэ ў дзiцячым садку мяне прывучылi паважаць арганiзм. «Пачакай, я хутка», – сказаў я габрэйцы i пайшоў. Іду праз курылку. І якi разумнiк прыдумаў буфет i курылку з прыбiральняй побач зрабiць?! Буфет быў зачынены, а ў курылцы на лаўцы пляшка гарэлкi стаяла. Ну стаiць i стаiць. Мне што? Паглядзеў я кафлю над пiсуарам, вяртаюся. Пляшка на месцы. Зiхцiць! Узяў яе ў рукi. Закаркаваная. «Чыя гарэлка?» – спытаў я ў буфетных i прыбiральных дзвярэй. Цiха! Адкаркаваў я пляшку i выпiў з рыльца больш за палову цёплай, ледзь пракаўтнуць, вадкасцi. Паставiў я пляшку на месца i пайшоў цешыцца з дасягненняў кiнематографа. Як iшоў, як па чужых нагах таптаўся, як сеў – помню. А што на экране было – не помню. Адныя плямiны чырвоныя i зялёныя i яшчэ жоўтыя засталiся ў памяцi. Дзiва, што хоць плямiны засталiся. Кепска мне зрабiлася. Заля поўная, цёмна, дыхаць няма чым. Выйшаў я разам з брыдкiмi словамi, што ў мяне гледачы запускалi. Добра, што не званiтаваў iм на плечы. Абышлося.

А вось у кiнатэатры «Партызан» не абышлося. У Алеся Ласевiча была хата, так выйшла, што кватэру яму далi, а хату не знеслi. Мы ў ёй майстэрню зрабiлi. Мальберты, карцiны на сценах, канапа i, вядома, натуршчыцы. Маладыя гады, маладыя жаданнi, як пiсаў класiк. Запрасiлi мы Касю Рогаву. У Касi пастава, я вам скажу, усе мужыкi азiралiся. Не фатографы i розныя там кiна-тэле-клiпа-рэжысёры, а звычайныя пралетарыi. Высокая васемнаццацiгадовая дзеўка, а важыла, пэўна, цэнтнер. Вось так. «Верх здыму, а нiз не!» – сказала, як адрэзала, наша натуршчыца. «Здымеш, гэта толькi пачатак. Сорам адолееш i здымеш свае майткi. Як i ўсе папярэднiцы здымалi», – падумаў я i пачаў фарбы на палiтру выцiскаць. «У цябе што, лажа?» – спытаў Алесь. Кася паружавела i сказала, што, калi б у яе была менструацыя, яна зусiм не прыйшла б, бо ў хаце нават гарачай вады няма. «Адвярнiцеся». Мы адвярнулiся. «Усё!» Я павярнуўся i… закусiў шчаку, каб не засмяяцца. Кася Рогава стаяла пасярод майстэрнi, шырока расставiўшы свае манументальныя ногi i высока ўзняўшы галаву, не раўнуючы Жанна д’Арк у парыжскiм натоўпе. Важкiмi кулакамi Рогава ўпiралася ў свае смятанныя клубы. У адным з кулакоў яна зацiснула станiк. Я глянуў на Алеся i мацней закусiў шчаку. Што зрабiў Алесь, каб не зарагатаць, не ведаю. А я пракусiў сам сабе левую шчаку. У роце зрабiлася салёна. Я схiлiўся i плюнуў на палiтру, каб запэўнiцца, што поўны рот крывi, а не слiны. Смех прапаў.

Назад Дальше