I ёй стала радасна ад таго, што ўсё так разумна на свеце. Ноч, што так палохала яе, усё ж прыйшла, а гэта значыць – і пройдзе. I да новай ночы, пакуль яшчэ не скончылася гэтая, ой, як яшчэ далёка, яшчэ ж нават і не развіднела. А развіднее, уднее – яе, што дзеці, абступяць клопаты. Сена трошкі, але яшчэ ёсць, яна дасць яго Мілцы, спачатку надыхаецца ім сама, як духам новага дня, потым накорміць Мілку, напоіць яе. Паспее – расчыніць капец з бульбай. А не – потым паспеецца – збегае па нарад. Брыгадзір скажа, што ёй сёння рабіць, каб і не цяжка па яе гадах, і на людзях. Мо на тыя ж капцы з бульбай паставіць, а мо загадае збожжа на насенне веяць. Ёй і гэта рабіць будзе радасцю, не сама работа, а тое, што яна яшчэ такая спрытная, што цела яе і рукі звычныя і спраўныя рабіць, і, канечне, тое, што яна на людзях, і накпіць з каго можа, і. з яе таксама могуць пакпіць. Не- не-не, яна яшчэ хоць куды. I Ненене засмяялася сама з сябе і спахапілася: гэта ж чалавек сядзіць у хаце, а яна пра яго ўжо і не памятае.
Але ў хаце ўжо нікога не было. Пайшоў Іван, яна і не прыкмеціла калі. I ў жыцці ён быў такі ж непрыкметны. Збяруцца на вячоркі дзеўкі, прыйдуць хлопцы і пачнуць – зубы ўвесь час сушаць, а ён хоць бы рот раскрыў, хоць бы слова прамовіў. I з вайны вярнуўся – як у суседняе сяло схадзіў.
Хаця пасля вайны ім і некалі было адно аднаму нейкія там словы гаварыць. Тры-чатыры гадзіны ноччу толькі і бачыліся. Мо ён і ходзіць зараз таму, што не выгаварыўся тут, на белым свеце, ходзіць з таго свету, але і з таго свету слова ёй не прыносіць.
Дуб за сцяной, калі знік Іван, ужо не прасіўся ўвайсці ў хату, ён, здавалася, патрабаваў, каб усе жывыя выйшлі з гэтай хаты. Ненене за думкамі, клопатамі і не прыкмеціла, калі і пачалася такая бура. Хісталася і дрыжала старая хатка, хатка, якая ўвогуле ніколі не была новаю, не пабудаваная нават, хутчэй вырасла, як расце грыб, з зямлі; так і яна пачала расці з зямлянкі-закапухі, крытай зялёным мохам. Зямлянку гэтую капала сама Ненене, калі старая хата ўжо развальвалася. Прыйшоў Іван, паставіў закапуху, нешта дагэтуль неверагоднае ні ў якім краі, з жэрдак, што ў два рады былі забітыя ў зямлю, паміж імі палажылі моху, угнялі, уціснулі яго і самі сабе сказалі: будзем жыць. У музей бы такую хатку, дык ніхто б і не паверыў, што ў ёй можна жыць. Ні падлогі, ні даху. Жылі. I вецер жыў разам з імі ў той хаце, усе скразнякі былі іх: і як спявалі ім жэрдкі, кожная мела свой матыў і свой голас. I сёння такі ж вецер і такі ж стогн у хаце. Тупае і тупае карова ў сваім куце, калі б не чула гаспадыні, пэўна, роўма раўла б.
Ненене ўстала, у цемры знайшла, накінула на плечы кухвайку і, як была босая, выйшла на двор. Ноч была вераб'іная. Яна спынілася каля дуба, прыслухалася, не наважылася прайсці куды-небудзь далей, збаялася, што хтось можа прыкмеціць яе на вуліцы ў гэты час і абгаварыць, падумаць бог ведае што. А вакол яе тварылася нешта жахлівае і жудаснае. Як цягнік, грукатаў буравей, лютавала рака. Рака выйшла з берагоў, крышыла, зносіла ўсё, што ні паўставала на яе шляху, і падыходзіла ўжо да вёскі. Але паводка Ненене не палохала: мокры вады не баіцца. Ды іх ужо ў гэтым годзе папярэджвалі, што ідзе вада, вялікая вада, прапаноўвалі нават эвакуацыю. Толькі на гэтую эвакуацыю ніхто не пагадзіўся. Пачаў пакрапваць дожджык, і яна заспяшалася зноў у хату.
Дождж разышоўся і не сціхаў ужо да раніцы, да раніцы выў вецер і раўла рака, нібыта заблукаў у вёску валацужны воўк, знайшоў костку і грыз яе, выў і стагнаў над ёю. Так вада грызла і бурыла вёску. Раніцай яна стаяла ўжо каля ганкаў. I зноў жа ні. Ненене, ні яе аднавяскоўцы не адчулі перад гэтай вадой аніякай трывогі, а Барздыка і рыжы Васька Брытан, яго сын, нават былі радыя: такая вялікая вада, значыць, з горада прыйдзе дапамога, тое-сёе падвязуць. Мукі падкінуць, гэта факт, потым – кілбас, тушонак. Потым яшчэ чаго – кансерваў розных, якіх яны ў добры час не бачылі. Усё гэта можна спажыць і адразу, а лепей прыхаваць на пасля, калі прыспее касавіца і выйдзе ці будзе на зыходзе сваё, вось тады спатрэбіцца і гарадское, якраз у пару прыйдзецца.
Але вада прыбывала і прыбывала, занепакоілася жывёла ў хлеўчуках. Яе непакой перадаўся гаспадыням. I яны перш-наперш, падпарадкоўваючыся нейкаму загаду, якога ніхто ім не даваў, выгналі з хлявоў жывёлу і кінуліся ратаваць бульбу. Не прыёмнікі і тэлевізары, не сваё дабро, што пажылі пасля вайны, не падушкі і пярыны – што, здавалася б, больш за ўсё баялася вады, – бульбу. Чырвонымі ад холаду рукамі жанчыны выграбалі яе з вады, паграбоў і сцёбак, а дзе магчыма было даступіцца – і капцоў, чырвоную і белую, скараспелку і ракаўстойлівую, і зносілі яе да лодак, яшчэ не маючы ў галаве, куды звозіць, дзе схаваць. А калі дайшла чарга і да гэтага, зняможана апусцілі рукі. Вада ўжо была паўсюдна, куды ні кінь вокам, на ўсе чатыры бакі. Сярод стрэх хат і хлявоў, якія адразу ж сталі. такімі бездапаможнымі, сярод электраслупоў, што панура звесілі да вады такое, здаецца, нетрывалае зараз павуцінне дратоў, цьмяна вылучаўся адзіны толькі ўзгорбак – астравок зямлі.
Могілкі вада не кранула, не паднялася да могілак, а мо й пашкадавала, спынілася каля плота, ля капліцы. Пашкадавала не толькі іх вясковыя могілкі, але і тыя магілы, што належалі невядома каму, магілкі, якія насыпамі белага пяску спакон веку ўзвышаліся над вёскай. Да могілак і кінуліся людзі. Першую лодку, човен, гнала старая Махахеіха. Веславаў, праўда, сам Цімох Махахей, але Махахеіха сядзела наперадзе і сваім чорным носам-дзюбай як бы кіравала ім, і ў тым, як яна сядзела ў гэтым чоўне, як рашуча гнулася і распрамлялася, і нават у паглядзе, было нешта вельмі нядобрае. Да таго нібыта прывязаныя да родных селішчаў і не ланцугамі і вяроўкамі, а нечым больш трывалым, непарыўным, следам за Махахеем паплылі і іншыя лодкі. Барздыкі, Махахеі, Роўды прыставалі да берага, падцягвалі лодкі і чаўны і спяшаліся кожны да свайго блізкага. Тое, што належала не ім, з чым яны былі ніяк не звязаны – старажытныя насыпы з жоўтага пяску, – абыходзілі, не краналі, не трывожылі спакою чужых нават у ліхую для сябе часіну. Мо і грэбавалі, захоўвалі сябе, чысціню сваю, імкнуліся да сваіх, хай і мёртвых, але сваіх.
– Ты прабач, прабач, Іване, – ціха прамовіла Ненене, пакланілася ў пояс роднай магілцы, потым яшчэ двойчы пакланілася і астатнім. – Я яшчэ не па вечнае карыстанне ў зямельку. Ноччу ты ў мяне гасцяваў, удзень я да цябе прыйшла. Не ад дабра да цябе, ад ліха.
– Ой, ліха-лішанька, – завыла, успляснула рукамі Барздычыха.
– Памаўчы, – сурова спыніла яе старая Махахеіха. – Не той час, самі. бачаць… Не крыўдуй, Сцяпане, паціснісь тут, нам месца дай, не праклінай…
– Ратуй, мама…
Хто гэта выгукнуў, хто ўзмаліўся, па голасу Ненене не паспела пазнаць, зноў залямантавала Барздычыха:
– А татачку мой, а мамачка родненькая, а ці думалі-гадалі, што вашы дзеткі на магілках вашых хавацца будуць. Прабачце вы мне, прабачце, людцы добрыя.
I адразу, не паспела Ненене падумаць, што тут адбываецца, ці не вайна зноў пачалася і таму жывыя зноў прыйшлі і звярнуліся да мёртвых, усталявалася цішыня. Ні галашэння, ні ляманту, ні ўздыхаў. Жывыя аддалі ці палічылі, што аддалі ўсё, што трэба, мёртвым. Пачалася праца. Захлынулася на паўслове, перакуліла вядро з бульбай Барздычыха, і бульба мякка, амаль бязгучна пасыпалася на магілку. I на іншыя магілкі сыпалася ўжо яна, вылежалая, прыгатаваная для зямлі і лунатая, таму што чула ўжо вясну і зямлю, чула і рыхтавалася ўжо выбухнуць у вясну і зямлю гэтым сваім лупатым вокам, прастрэліць зямлю і вясну вострым верацяном-парасткам.
Суровымі цёмнымі мачтамі ўзвышаліся над могілкамі, пад тымі, хто даўно ўжо выправіўся ў апошні свой шлях, і над тымі, хто з'явіўся сюды, каб знайсці тут паратунак, крыжы, патрэсканыя ад часу і ад няспыннай працы, дзе самым руплівым працаўніком быў той жа самы час, паўсюдным працаўніком – і на зямлі і пад зямлёй. Па завядзёнцы, па першым, пэўна, яшчэ нябожчыку, крыжы тут ставіліся вялізныя, дрэва для сваіх не шкадавалі, працы таксама, рыхтавалі ў далёкую дарогу старанна. Але крыж крыжам, хоць да неба ўзнясі ты яго і не з дрэва, а з каменю ці бронзы пастаў, толькі зямелькі, як ні круці, як ні вярці, як ні спрыяй свайму роднаму чалавеку, а больш двух метраў – не ўхопіш. I магілкі гэтыя, два метры чаўна, ладдзі ці палескага дашчаніка-душагубкі, выглядалі ў параўнанні з крыжамі кволымі і ненадзейнымі. Асабліва абвострана гэтая кволасць і ненадзейнасць адчуваліся ў сувязі з тым няўчассем, якое стаяла зараз: жыццё – трава, ліст яшчэ не праклюнуліся, і ўсё вакол было шэрым і сумным, як вока позняй восені ці то ранняй вясны. Але людзі, што рушылі гэтым днём на могілкі, усё ж спадзяваліся выплыць, кожны на сваім чоўне-магілцы, кожны на сваім нябожчыку, а карабель быў на ўсіх адзіны – пагост. I ён таксама быў аснашчаны мачтамі, цёмнымі вячыстымі дубамі з адмерлым і жывым веццем, старымі ўсхваляванымі хвоямі. I на гэтыя дубы і хвоі, на жывое і адмерлае вецце людзі ўжо вешалі, каб сохлі, коўдры, ручнікі, каляровымі ручнікамі абвязвалі крыжы. Дапамагалі адзін аднаму, хто чым мог, былі такімі ж адзінымі і дружнымі, як у вайну ці то адразу пасля вайны, калі мала яшчэ чаго хто з іх меў, калі іх адзіным агульным скарбам было толькі гора.
Ненене ўправілася з бульбай, цяпер можна было падумаць і пра карову. Бульба выратавана, гэта было галоўным, у гэта яна непарушна і свята верыла: ёсць кардопля – жывы будзем, не прападзём. Зараз жа да гэтай кардоплі трэба было і карэчак малака. Карова Ненене хадзіла і рыкала каля могілак, нібыта спрабавала разглядзець, дзе там згубілася сярод крыжоў яе гаспадыня. I Ненене стала крыху лягчэй на душы: не-не-не, яна не пакіне сваю Мілку адну, не пакіне і ў бядзе. Радасная, бегла яна да сваёй Мілкі, вяла яе за сабой, прытыкала да плота каля могілак. Прыткнула і замерла амаль што ў роспачы: што ж далей? Мілка прывыкла да цяпла, холадна ёй, дрыжыць уся, бакі ходырам ходзяць. I Ненене жаночай сваёй істотай, ужо, здавалася, адмерлым, забітым жыццём і гадамі адчула, зразумела: вось яно, надыходзіць. I тут няхай свет перавернецца, хоць прыйдзе канец свету, а працу гэтую рабіць жывому трэба, не, не было і не будзе нікога на свеце, хто мог бы адкласці, спыніць яе ці перанесці на потым. Але ж як гэта ўсё на вачах, на людзях. Ды ты ж сама на вачах, на людзях, папікнула яна сябе за тое, даўняе, паглядзела ў стомленыя і рахманыя вочы каровы і адчула, што несправядлівая да сваёй Мілкі. Ёй, Ненене, што, яна баба, а бабы – яны трывалыя, ды тады сярод жыцця ўсё было, сярод жыта, у разоры, у разоры сярод жыта вясковыя бабы звычныя раджаць. А тут жа няхораша атрымоўваецца, нядобра, непрыстойна жывёле апраставацца сярод пагоста, дзе людзі адпачываюць, разумець жа трэба. Шывы асудзіць, абгаворыць і забудзе, даруе, а нябожчыкі не даруюць. У людзей вока нядобрае бывае, сурочыць могуць людзі, а хто ж гэта ведае, якое вока ў нябожчыка.
I стаяла яна перад могілкамі на вачах жывых і мёртвых са сваёй каровай Мілкай, чортавай Рабой, усёю жаночай сваёй істотай адчувала, што ўжо час, падпірае ўжо Мілцы, і не ведала, куды кінуцца з гэтай сваёй бядой, як схаваць яе. I ў тую толькі хвіліну яна нарэшце зразумела сваю дачку – і даравала ёй, даравала нават тое, што яна сама загубіла сябе. Вось так яна бедавала і яна, адна як вока ў вялікім і чужым горадзе, і не наважылася нікому даверыцца, нікому, акрамя маці, гора не нарабіла.
– Жывёле страха трэба… – Ненене і не прыкмеціла, як падышоў Махахей. – Далікатная яна ў цябе, да цяпла, да печы прывыкла.
– Не-не-не, яна трывушчая, – Ненене спалохалася, што Махахей здагадаецца аб усім. I прагоніць яе разам з Мілкай з могілак. I, нібы спрабуючы ўтаіць, прыкрыць гэты міжвольны грэх сваёй Мілкі, стала каля распёртага бока каровы, крыжам раскінула рукі.
– Што хаваеш? – усміхнуўся Махахей. – Жыццё. Не ў прыполе яе прынесла. – Сказаў гэта і, нібыта згадаўшы штосьці, збянтэжыўся, загаварыў груба: – Жывёла ўсё вытрывае, ды нечага ей глядзець, як людзі на могілках перабіваюцца. Нечага і ім, – паказаў на крыжы, – як жывое на свет з'яўляецца, бянтэжыць іх.
Ненене яшчэ нічога не цяміла, а Махахей, добрая душа, некуды знік і тут жа з'явіўся зноў з коллем над пахай і рулонам рубсройду па плячы. Пачаў забіваць колле ў зямлю, выгароджваць каля могілак месца жывёле. Ненене даверылася Махахею, даручыла яму сваю Мілку і пачала азірацца, каму б гэта дапамагчы і ёй. Старая Махахеіха ўскараскалася на табурэт і з вышываным ручніком у руках цягнулася да крыжа, што быў на ўваходзе па могілкі.
– Баба Хвядора, ці да ручнікоў зараз, не свята ж, не радуніца.
– Ой, доньку, яны нас прымаюць, мы да іх прыйшлі, а ты ім ручніка пашкадавала. Грэх… Тут у вайну немцы ішлі, дык адзін ручнік з крыжа ўхапіў – ногі памуляў, здарожыўся. Пераабуцца не паспеў – знайшла куля. Паважаць мёртвых заўсёды трэба, жывыя дабрэйшымі будуць.
– Так, баба, так, – толькі і знайшла што адказаць Ненене.
А да могілак плылі і плылі. з няхітрым скарбам чаўны і лодкі. і нават плыты. Акурат на тую хвіліну перацягваўся з берага са сваёй сям'ёй аднаногі крамнік Лявон Цупрык. Пажыткаў у яго было вышэй галавы. І Ненене кінулася дапамагаць Цупрыку. Схапіла клунак і абышла ўжо крамніка, скіравалася туды, дзе былі ўсе, але Лявон махнуў кавенькай: далей трэба, да тых чужых, да курганоў белага пяску. Ненене хацела ўжо адмовіцца, ды апамяталася, пасаромелася што-небудзь і сказаць супраць Цупрыку, прыгадала, што ён вёсцы не родны, прыблудны, і не было ў яго яшчэ тут сваіх магілак, сваіх крыжоў, і нага яго пахавана недзе ў іншым месцы, а дзе дакладна, яна не ведала і не імкнулася даведацца. Цупрык выдаваў сябе за франтавіка, але наракалі па яго: згубіў ён нагу пасля вайны ўжо. Ненене не асуджала яго раней, не судзіла і цяпер, калі дапамагала яму ўладкавацца ў адзіноце на курганах. Кожны жыве, як ведае, як умее, і кожны сваё атрымае калі не на гэтым, дык па тым свеце. Нясоладка яму і зараз, як гургану па тым кургане. Не пазайздросціла яна і заможнасці Цупрыка, вось толькі ўмарылася, цягаючы яго клункі і пакункі. Але Цупрык паабяцаў: скончыцца ўсё гэта, вырашыць ёй куль мукі. Куль мукі адразу быў непатрэбны Ненене, але яна ўсё ж падзякавала Цупрыку і пабегла да сваіх.
Астравок зямлі, застаўлены высокімі цёмнымі крыжамі, быў заселены і абжыты, і дзеці пахаджвалі ўжо там, глядзелі з вышыні могілак на ваду. За дзецьмі прыйшоў катэр з горада, каб забраць і адвезці туды ж, у горад, пасяліць у інтэрнаце. Але ж некаму, асабліва ў апошнія гады, было раджаць гэтых дзяцей, а тыя, што ўжо нарадзіліся, былі амаль дарослымі, хадзілі ўжо ў школу. Бацькі параіліся і дзяцей на катэр не пусцілі: пры сабе спакайней. Астравок з дарослымі і дзецьмі падобны быў на Ноеў каўчэг: усялякай пачвары па пары – кошкі, сабакі, пеўні, куры. Вось толькі парсюкоў не дазволілі сяляне завезці на могілкі. Барздыка, праўда, імкнуўся прыцягнуць двух, але яму заступілі дарогу, выйшлі ўсе і пагналі ледзь не ў каршэнь.
– Вунь прычэп ад трактара стаіць, – сказаў Махахей. – Там свінням і месца. Хлеў на калёсах.
– Такі хлеў і мне добрая хата, – заўпарціўся быў Барздыка.
– Не хочаш з людзьмі, ідзі да свіней і ты, – патурыла яго Ганна, жонка Махахея. – Ох, нялюдскі ты чалавек, Аркадзь.
– А што людскага ў пас, калі ўсе мы на могілках?
Ненене, як і іншыя, не хацела свіней на могілках, але, мусіць, толькі яна адна адчула горкую праўду ў словах Барздыкі. Адчуць адчула, а пагадзіцца ў тую хвіліну, калі ўсе былі такімі згуртаванымі, не дазволіла сабе.
– Так то ж бяда, Аркадзька, перамагнёмся – і зноў будзем людзьмі.
– Куды яшчэ жыццё гэтае паверне…
– А куды ні паверне, паганіць іх хату мы табе не дадзім, – азваўся ўрэшце дзед Дзям'ян Роўда, адзін з апошніх, а колісь шматлікіх Роўд у вёсцы. Ён як знямеў гэтым днём, прыйшоў на могілкі толькі з тым, што надзета на яго, і, здаецца, без слова, без языка.
– Ты не дасі,– панура ўсміхнуўся Барздыка, – недавака знайшоўся. Не мае больш наша вёска могілак. Сам, сваімі вушамі чуў, з катэра гаварылі.
– Чаго, чаго не будзе? Ненене, Ганна, Цімох, сынку, што чаўне боўдзіла гэта балотнае? Цімох, а я ўжо сабе і месца прыгледзела, добрае, утульнае, і з дарогі відно, хто ні пойдзе, не міне. Што ж гэта, Дзям'ян, Роўда, я цябе пытаю… – I старая Махахеіха насунулася на дзеда Дзям'яна. Дзям'ян, цяжка ступаючы нязношанымі, бадай што з пары даваеннага старшынства, ялавымі ботамі, пакрочыў у ваду да Барздыкі.
– Адчапіся, з'яд, – адмахнуўся ад яго Барздыка.
– Паводка, гавораць, у нас апошняя, табе не далажылі яшчэ гэтага. Забаронены з гэтай вясны, гавораць, паўсюдна паводкі, і паміраць забаронена.
– Корч ты, доўбень, смяешся з чаго і дзе, – Махахеіха распасцерла рукі над могілкамі.
– Не, баба Хвядора, не да смеху мне сёння. Сваімі вушамі чуў. Пакаранне, гавораць, нам будзе, што пад эвакуацыю, калі паводка пачалася, не пайшлі і дзетак не далі эвакуіраваць. Усю вёску нашу побаку, мяне пад хвост сабакам…
– Ой, не брэша, ой, не брэша, чуе маё сэрца, – раптам пусціла слязінку Ненене. – Што ж будзе, што ж будзе…
I трывожна забрахалі сабакі, роспачна зараўла ўзбуджаная іх брэхам жывёла, і як ачмураныя стаялі каля могілак людзі, глядзелі і, пэўна, не бачылі, як аддаляецца ад іх Барздыка са сваімі падсвінкамі, не чулі і віску тых падсвінкаў, не прыкмецілі, як і адплыў з імі Барздыка, скіроўваючы да хат, якія вымусіла іх пакінуць паводка, а цяпер…