Жывёла раўла ўжо няспынна, бы рэзалі яе. А сабакі ашалелі, здаецца, збіліся ў гайню каля закутка, дзе ўжо стаяла пад дахам з руберойду Мілка Ненене, і вылі там, што ваўкі. I Ненене нібыта ўкалоў хтосьці ў самае сэрца.
– Ой, жанкі, ой, жанкі,– пляснула яна, заламала рукі – і да сваёй Мілкі.
I акурат паспела, яшчэ б трошкі – і не было б у яе каровы. Воды адышлі, яшчэ калі яна, пэўна, цягала тыя Цупрыкавы клункі. Зараз вытыркалася ўжо белай плямінкай цялё. Мілка ўжо знемаглася. Ненене на бягу ласкава дакранулася да яе гарачай пысы. Карова ўдзячна лізнула гаспадыні руку і застагнала. Застагнала і Ненене, цялё ішло галоўкай, ножкі ў яго падгарнуліся, і яно ўжо нават не хрыпела, пэўна, нічым не здольнае было дапамагчы ні маці, ні сабе. Ненене ўхапілася за яго нерухома звешаную галаву, але зразумела, што ўсё гэта дарэмна: цела зрабілася млявым і як бы не яе. Яна амаль што выпаўзла з загародкі, туды ступілі. Дзям'ян з Хвядорай Махахей. Ненене кінулася за імі: абараніць, дапамагчы сваёй Мілцы.
– Тут табе няма чаго рабіць, – сказаў Роўда, трымаючы перад сабой закасаныя па локаць рукі,– Самой карове не справіцца, трэба прырэзаць, хоць мяса будзе.
– Ой, не-не-не, ды што ж гэта ты, Мілка… Рабая, раджай… – Карова толькі скоса павяла ў яе бок хваравіта мутным вокам.
Праціснулася ў загародку Барздычыха, высокая, кашчавая, мокрая, і вочы нядобрыя, чорныя. Ненене адціснула яе вон, пастаяла, прыслухалася, як Барздычыха адразу ж пачала сплятаць:
– Ой, не к дабру, жанкі, ой, не к дабру, з дзвюма галовамі бычок ідзе белы…
– Рэзаць, Хвядора? – падышоў да Махахеіхі Дзям'ян.
– Не будзь на тое мужык, – усміхнулася, нібыта прыгадаўшы нешта сваё, мінулае, Махахеіха, – ледзь што – рэзаць… Ну, рагуля, мілая, рабая, – Махахеіха амаль што ўсім маленькім сваім тварыкам улезла ў абвіслае каровіна вуха, нашэптвала нешта ласкавае ў гэтае вуха. Нашэптвла, як пела, прыгаворвала, дзьмула. I Мілка калыхнула вухам, бы ўспрыняла, што гаварыла ёй бабуля, засаромелася, закрыла вочы, сама нешта вымавіла ў адказ, раўнула, спачатку коратка і глуха, а потым, хапіўшы паветра, доўга, голасна.
– Пайшоў, пайшоў,– сказаў Дзям'ян.
– Ну і трымай, дапамагай дзеўцы, – на імгненне паказала твар, зірнула з-за вуха каровы Махахеіха. Ненене кінулася да цяляці. I вось яна ўжо трымае яго па руках: – Цялічка, цялічка, з белай плямінкай…
Дзям'ян разам з Ненене ўзяліся выціраць цялічку. А Махахеіха ўсё працягвала штосьці нашэптваць, толькі ўжо не на вуха Мілцы, а кудысьці крышку ўбок, гладзіла высахлай, як без крыві рукою шыю, галаву Мілкі. Словы яе цяпер чутныя былі і Дзям'яну, і Ненене:
– Мая кароўка будзе ўросная, праросная, будзе добра малосная. Будзе па чысту полю пахаджаці і капыцікам траўку збіваці і роску злізаці… Будзе?..
– Усё ж ужо, баба, – прыраўнавала раптам Махахеіху да сваёй Мілкі Ненене.
– Маладая ты яшчэ, доньку, вучыць мяне, – адказала ёй Махахеіха і дурасліва паківала пальцам: – Трымайце яшчэ аднаго.
Ненене не паверыла ёй. Але з'явілася і другое цялё, белы, як снег, бычок, таксама з плямінкай, з чорнай пралысінкай пасярод галавы.
– Не карова, а трусіха, – здзівіўся Дзям'ян. – Ідзі, ідзі адсюль, – паперла яго Махахеіха, як спахапілася, – тут ужо наша, жаночая справа пачалася.
Змяркалася. Усё абышлося. Усё было добра. З хаты Ненене выйшла з Мілкай, цяпер жа іх стала чацвёра, дабавіліся Ягадка і Партызан. Ягадкай яна назвала цялічку, а бычку далі мянушку дзеці. I ўсё ж, калі, здавалася, можна было ўжо і адпачыць, уздыхнуць вальней, таму што ніякіх падстаў для трывогі не было, дзеці асвятлілі цяпельцамі ноч за могілкамі, бацькі іх ужо ўкладваліся, Ненене стала зноў ніякавата, і не ноч і не няўтульнасць былі таму прычынай. Надыходзіла нешта іншае, чаму яна не ведала і назвы, што не здольная была зразумець, вытлумачыць ні галавой, ні сэрцам. Яна вымушана была спаць на святой зямлі, што само па сабе было страшэнным непарадкам, заўчаснасцю, разбуралася нешта векапомнае, устаялае. I зараз яе палохала ўжо не ноч, а дзень, які прыйдзе на змену. Палохала і напружвала невядомасць, што гэты дзень прынясе ёй, у які гэта бок павернецца яе жытка, ці на шчасце ацялілася бычком і цялічкай Мілка. I недзе варухнулася ў ёй цьмянае ўсведамленне, што ўсё гэта ўжо было, было з людзьмі. Толькі калі…
Зялёна зжата, сыра з'едзена
З таго часу, як Мацвей Роўда апошні раз бачыў Шахрая, прайшло больш як тры гады. Мацвей адмаўляўся і верыць гэтаму. Дні ж так сцягваліся, так марудна ішлі яны, як усё роўна бясконцыя, а скласці іх у гады – нічога і не застаецца. Ні памяці, ні задавальнення, нават рэха ў душы не пакідаў гэты скончаны дзень, ніякай нітачкі, якая б звязвала дні, час у нешта адзінае, перакідвала б масток у дзень будучы. Адчувальнай была толькі хвіліна. I суткі, тыдні, месяцы драбніліся на гэтыя неспакойныя, запарныя хвіліны-імгненні. Так павялося з ад'ездам Шахрая, нібыта ён і тут прыклаў руку, украў нешта ў часе і звёз з сабой, пазбавіў яго счапленняў, выпусціў сокі, выцягнуў начынне, пакінуў дням толькі абалонне іх: святло, рух сонца па небе, заходы і світанні. I ўзыходзіла сонца, чырвона каналі дні, палыннай горыччу асядалі на патрэсканых ад беганіны і мітусні губах. I гэты пыл марна патрачанага часу не змываўся, запасіўся ў ім, раз'ядаючы цела. I Мацвей, як закаркаваны, зняможана мільгацеў у гэтых днях, высільваўся адкаркавацца, хоць галавой ды выбіць гэтае гарачае заткала над сабой, распраміцца, азірнуцца, ухапіць і стачыць парваныя ніці часу, падпарадкаваць час сабе. Усё было марна, дні, як і раней, заставаліся нетрывалымі, а калі шчасціла, выпадала стачыць іх, імгненна ўсё рвалася зноў, і не проста рвалася, а з выбухам і аскабалкамі, раніла ж яго, секла хвілінамі і секундамі вочы, сцябала цела. Мацвей не паспяваў латаць час, нічога не паспяваў.
Ён наракаў на Шахрая, хоць той і даўно ўжо быў далёка, але ж менавіта Шахрай уцягнуў яго ў гэтую калаверць, навесіў на шыю яму гэтую новую пасаду. Праўда, тады ён, Мацвей, быў маладзей, здаецца, на добрую чвэрць веку, зусім хлапчуком быў, і прапанову і рэкамендацыю Шахрая ўспрыняў як нейкую асабістую адзнаку. Хто ж тады мог меркаваць, што так яно ўсё скруціцца. Ён, як камень у ваду, не боўтнуў нават, скочыў у новую сваю работу, заступіў на новую пасаду. А Шахрай таксама атрымаў новае назначэнне, узляцеў адразу высока і крута і з'ехаў у Мінск. I больш яны не бачыліся. Напачатку перазвоньваліся, слухалі голас адзін аднаго, але галасы іх год ад году рабіліся ўсё больш невыразнымі і цьмянымі, пазбаўляліся цеплыні і адценняў, нібы адлегласць паміж Мінскам і Княжборам усё павялічвалася і павялічвалася, пакуль не дасягнула нейкай крытычнай кропкі, на якой скончылася гэтае тэлефоннае, дротавае сяброўства. Мацвей працягваў сачыць за Шахраем па газетах, але гэта нічым не адрознівалася ад таго, калі сочаць не за чалавекам, а за яго ценем, таму што газетны Шахрай неяк размываўся, ён быў аддзелены ад таго Шахрая, якім ведаў яго Мацвей: быў падобны на сябе не больш, чым хмара ў небе падобная на свой адбітак па зямлі ці вадзе. I Шахрай уяўляўся Мацвею і хмарай, і ценем адначасова. Мацвею здавалася, што той павінен выглядаць больш самавіта, гэтага ж патрабавалі высокія яго абавязкі, і таму, думаў Мацвей, каля Шахрая павінна існаваць нейкае кола, прастора, што запоўнена толькі яго голасам і дыханнем.
Але гады, што яны не бачыліся, і высокая пасада ніяк не адбіліся на былым начальніку Роўды, ён здолеў захаваць сябе і тут, у Мінску, амаль што без змен, застацца такім, якім быў і на Палессі. Толькі калі ўжо Шахрай абняў Мацвея і Мацвей даверыўся гэтым абдымкам, сам прыпаў да яго, адчуў: не, не той ужо Алег Віктаравіч. Не той, хаця і не існавала ніякага кола, стала менш і маршчынак на яго твары, і менш ён горбіўся, але здаецца, і касцей не было ў яго ўжо зусім. Іх і раней, калі памятаецца Мацвею, было няшмат, але ж яны адчуваліся. I не толькі адчуваліся, часам Шахрай здаваўся Мацвею нават маслакавата-грувасткім, ён запаўняў усё вакол сябе гэтай сваёй грувасткасцю, непадступнасцю, з такім Шахраем на шырокай дарозе не надта проста было размінуцца. I Мацвей, калі купаўся з ім у рэчцы ці ў лазні, толькі здзіўляўся: адкуль што бярэцца ў Шахраю, такім розным быў ён нават перад тымі, хто добра яго ведаў, адкуль толькі бярэцца самавітасць, калі сам ён – як кнот, варта на яго дзьмухнуць – ён і пераломіцца. I твар яго падманліва малады і гладкі, на самай справе ён ацёчны, ацёчнасць расправіла маршчыны, загладзіла іх, нібы прысыпала попелам, закрыла плеўкай.
I Мацвей адначасова быў рады і шкадаваў, што наскочыў да Шахрая, і не на працу да яго наскочыў, дзе нават сцены, падлога вымушалі б яго гаварыць коратка і толькі аб тым, што датычыцца справы, а сунуўся ў кватэру, дзе можна гаварыць, не зашпільваючыся, нібыта такія ўжо ў іх адносіны. I сам сябе няёмка адчувае, і Шахраю будзе мулка, будзе вымушаць Шахрая вымаўляць нейкія пустыя і непатрэбныя зараз словы. А што Шахраю нейкі там старшыня калгаса, хаця ён і хадзіў з тым старшынёю ў адным хамуце, цягнуў адзін воз. Толькі калі тое было. Цяпер жа хамут у яго другі і карэннікі другія, а такіх, як Мацвей, сотні.
Мацвей свядома прыніжаў сябе. За вольнасцю і нейкай нават нахабнасцю ў думках былі і збянтэжанасць, і разгубленасць, і горыч. Ён ведаў, чаго варты сам, ведаў сваю сілу і віну, ведаў, чаго варты і Шахрай, магчымасці яго і межы гэтых магчымасцей: як бы высока ні занесла таго, проста так ён бы не адмахнуўся ад яго, ад Мацвея. Калі б на тое пайшло, Мацвей не пасаромеўся б грымнуць і кулаком па стале, прыперці Шахрая і сказаць яму: што, запамятаў, як і над табой былі Шахраі. Але ён прыйшоў да Шахрая дамоў і пазбавіўся менавіта гэтай зброі, пазбавіўся свядома. За плячыма яго самазнішчэння стаяў ганарлівец – апошні абаронца жабрака, які працягвае руку па кусок хлеба з паставай дабрадзея. I Мацвей з'явіўся да Шахрая як пераможца. Жабрак-пераможца, які праг убачыць, ці дрыжэцьме рука таго, хто дасць яму хлеб. Яму патрэбен быў зараз другі чалавек, чалавек, аднолькава павінны ў тым, што здарылася ў Княжборы, але воляй лёсу вызвалены ад пакарання. Яму карцела даведацца, што крыецца за гэтым лёсам: проста – спрытнасць рук і ніякага махлярства ці нешта больш значнае, недасягальнае разуменню старшыні калгаса. Ён праг верыць у гэтае недасягальнае, што хоць нейкім чынам ды ўсё ж апраўдвала яго, на самай жа справе, што ён, Мацвей, зрабіў няправеднага, колькі на гэтай вялікай зямлі жыве людзей, а чыстых праведнікаў сярод іх Мацвею яшчэ не даводзілася бачыць. Не бачыў ён і такіх, якія ўжо страцілі ўсё чалавечае ў сабе. Зразумела, не роўнымі былі людзі, жыццё ўздымала, брала на шчыт адных, таўкло, змешвала з граззю другіх, і ўсе яны ў меру таргаваліся з ім за месца пад сонцам, за годнасць сваю, былі ў меру сумленнымі, а ў меру і не. I гэтая мера заўсёды ўлічвалася, планавалася і наверсе, і ўнізе, заўсёды аптымальна вызначаўся яе абсяг, аптымальнай была будучыня, якая паўставала за гэтай мерай, будучыня адзінкі і мноства. Ніхто нікога не адзначаў так, як адзначылі яго, Мацвея, і людзі, і зямля, і нават час. Адзначылі менавіта за тое, што быў працавіты, старанны без меры і, па магчымасці, сумленны. Не падмануў, не ўкраў, не забіў… I ўсё ж…
А што ўсё ж? Гэта павінен ён высветліць зараз, высветліць у гаворцы з Шахраем.
Шахрай уяўляўся яму чалавекам ужо крыху за мерай, які не ведае хістання, усё, што ён рабіў, рабіў не азіраючыся, нібыта і на самай справе ведаў нешта такое, чаго не дадзена было ведаць яму, Мацвею. Шахрай, думаў Мацвей, абавязаны гэта ведаць, зыходзячы хаця б з таго, што ён знаходзіцца над ім. Гэта было простае і наіўнае тлумачэнне, але хацелася верыць, што так яно і ёсць, ці страціць гэтую веру раз і назаўсёды, падмануць сябе ці пазбавіцца ад падману.
Ён пакутаваў, ісці ці не ісці яму да Шахрая, усю дарогу, але, выпраўляючыся ў гэтую дарогу, ён ужо ведаў: няма да каго больш ісці яму ў Мінску. Быў яшчэ чалавек, але ён зарокся, што таму чалавеку пакажацца на вочы толькі перад смерцю. I ў аўтобусе ў паўдрымоце яму мроілася, што тая апошняя, абагульняючая ўсё хвіліна ўжо настала і ён, не марудзячы, з прывакзальнай плошчы кінецца на адрасе, які прапісаны ў яго памяці палаючымі літаркамі. Але толькі спыніўся аўтобус, Мацвей, не вагаючыся, пакрочыў да Шахрая. Ён не прызнаваўся ў гэтым нават сабе, але ўвесь час спадзяваўся па нейкі цуд: усё, што адбылося з ім, – сон, насланнё, яму здавалася, што ўсе гэтыя тры гады ён жыў, боўтаўся, плёхаўся ў нейкай цёплай і соннай вадзе, дастаткова выйсці з гэтай вады, ступіць на бераг, на халодны і жорсткі пясок, ён зноў будзе ўсё бачыць, стане відушчым цела, насланнё згіне, пачнецца жыццё, нічым не падобнае на тое, што было раней.
Мяккія абдымкі Шахрая працвярэзілі яго, ён зноў быў у той жа самай ачмуральна цёплай вадзе. Ніхто і нішто не здольныя перамяніць яго лёс. Надзея знікла, і ён раззлаваўся на сябе, на Шахрая, таму і прыдумаў сабе яго, хацеў убачыць на твары Шахрая маску і ўбачыў. А калі папраўдзе, дык Шахрай які быў, такі і застаўся. I зараз, калі абдымаў яго, як і раней, паводзіў сябе, як артыст перад публікай, хаця ніякай публікі не было. Гэта была яшчэ адна прыроджаная, пэўна, рыса Алега Віктаравіча – усюды і ўсім падыгрываць, аддаваць першы ход каму-небудзь іншаму, нават і сярод сяброў паводзіць сябе так, нібыта яго фатаграфуюць зараз. Тут Мацвей зноў спахапіўся, што ён несправядлівы, што ён мо і зайздросціць Алегу Віктаравічу, які заўсёды такі роўны з кожным, але спыніцца ён ужо не мог. Наўмыснай падалася яму і прастата, з якой быў абстаўлены кабінет Шахрая, хаця гэта больш за ўсё і выяўляла ранейшага Алега Віктаравіча, у спартанскай прастаце быў водгук таго часу, у якім пачаў свой шлях Шахрай.
Вандроўнае жыццё па Палессі таксама патрабавала гэтага: нічога лішняга ні за плячыма ў рукзаку, ні ў кішэнях, ні ў кабінеце, ні ў хаце – усе рэчы простыя і прызначэнне іх зразумелае. Менавіта па гэтую прастату і паразуменне і прыйшоў Мацвей да Шахрая. I ўжо як бы сам кабінет Алега Віктаравіча сцвярджаў, што імкнуўся сюды ён недарэмна. Кабінет хаця і быў аглушальна вялізны, але голы, пусты. На адной сцяне, амаль напалову яе, – схема меліярацыі Палесся. А ў самым нізе гэтай схемы была маленькая чорненькая кропачка – Княжбор, макавае зярнятка і вока змяі адначасова, быў, уласна кажучы, сам ён, Мацвей. Яго жыццё, лёс. Мацвею і на самай справе здавалася, што гэтая чорная кропка на вялізным аркушы фотапаперы і ёсць ён. Усё, што ён рабіў, чым жыў, выснавалася, сфакусавалася ў гэтую нямую зрэнкавую кропку. I няма ніякай драмы, таму што такіх кропак на карце мноства. I яго вока абыякава слізгаціць па іх, не спатыкаецца ні сэрца, ні душа, а калі і ўзнікае што ў сэрцы, то нікому гэта і не цікава, ні яму, ні каму-небудзь іншаму – гэта рэха таго, як і дзе ён жыў раней, тая самая геаграфія і крыху біяграфія, якую мае кожны чалавек, мае і па-свойму асвятляе яе. Мацвей адвёў вочы ад карты Палесся, але тры іншыя сцяны былі ўжо зусім голымі. Не загрувашчаны быў паперамі і стол Шахрая. Горка ганчарных дрэнажных трубак – вось і ўсё. I ад гэтых трубак, ад схемы меліярацыі Палесся – пах тарфянікаў, балот, балотных траў – уяўны пах, пры поўнай адсутнасці яго.
I Мацвей зноў абрынуўся на Шахрая. Цяпер ён абвінавачваў яго ў тым, што той умее вось так – адным-двума штрышкамі – стварыць нават паветра сваёй дзейнасці, пазначыць і высветліць тое, чаго няма, што толькі жадаецца. I ў гэтым таксама ўвесь Шахрай, які навідавоку, для старонняга, Мацвей я;а ведаў яго і іншым і паважаў у ім таго іншага, настырнага, які б'е ў адну кропку, імгненна адсякае ўсё, што не тычыцца справы. I Шахрай стаў такім вокамгненна, як толькі яны дайшлі да справы, маслакаватым, грувасткім, нязручным. I Мацвей уздыхнуў з палёгкай, пачуўшы знаёмы голас, убачыўшы знаёмага чалавека.
– Дык ты за мае шырокія плечы… – пасля гэтых прамых слоў Шахрай трошкі вільнуў убок, загаварыў больш па-сяброўску, амаль з даверам: – Як толькі перабраўся ў Мінск, сеў у крэсла, усе былыя дружбакі згадваюць пра Шахрая, калі ім толькі прыпячэ, калі смажаным запахне. Думаў, хоць ты як чалавек зазірнуў, пагамонім, чарку возьмем. – 1 распаліўшыся: – Адзін, адзін, і выпіць няма з кім. I ты такое ж г…, Мацвей, як і ўсе астатнія. Памыліўся я ў табе. На каго толькі не паглядзіш, адзін і той жа твар: карысць, карысць…