Выбар
Прамільгнула вёска ў адну сумную, хаця і нядоўгую, вулачку, спустошаную спакоем і цішынёй, дрымотай пракавечнага, зляжалага пяску – маркотнымі сведкамі той былой і вялікай працы, што тварылася тут ці то морам, ці то ледніком. З гэтага пяску, што белымі гурбамі ляжаў уздоўж дарогі, і на самой дарозе, і каля хат без платоў – дзвярыма адразу на вуліцу, лена падняўся рабы, як карова, страшэнна худы і таму, здаецца, неахайны сабака, раздумліва і скрушліва паглядзеў на машыну, хапатліва азірнуўся на шэрыя хаты, што п'яна валюхаліся па абодва бакі дарогі, нікога не згледзеў, пазяхнуў і зноў лёг у цёплы, як прысак, пясок, ведаючы па вопыту, пэўна, ужо, што ніхто не адзначыць яго руплівасці. Хлеб, як і ўсе вясковыя сабакі, ён павінен здабываць сам, і не пустым брэхам. Худы рабы сабака і апошняя хатка адбегліся назад, і адразу ж пачалося балота, як хаткі вулачку, абціснула з абодвух бакоў дарогу чорным вокам вады, што не ведала турбот, жалезна-рудой тванню, што спачывала ў гэтай цьмянай вадзе, атрутна-яркім бабоўнікам і капытнікам, зараснікамі алешніку, а дзе-нідзе і дубам з ясенем.
Месцам алешнік з ясенем і дубам закрывалі балота, нібыта саромеліся паказваць яго Роўду і Шахраю, не хацелі да пары да часу палохаць іх бясконцасцю і непраходнасцю дрыгвы, аддзеленыя ад асноўнага лесу вадой, ціха і безабаронна задыхаліся і чэзлі ў ліпкім паветры дрэвы на малых лапіках зямлі, што адваявалі яны ў той жа вады. Толькі з мосцікаў, якія ішлі адзін за адным, цяжка плюхаліся ў свінцовыя канавы рабыя балотныя чарапахі.
– Нечысць, брыдота, – пазначыў і чарапах, і балота Шахрай, наглядаючы, як чарапахі нязграбна перакульваюцца ў паветры, аголенай знізу косткай, нібы голым целам, бліскаюць на сонцы. Мацвей змоўчаў, яго заўсёды бянтэжыла і прыгнятала бездапаможнасць гэтых рахманых, хаця і грозных на выгляд стварэнняў, былі яны нечым падобныя на чалавека, якога захапілі знянацку. Чарапах жа тут было шмат, і не толькі ў балоце, вадзіліся яны і ў рэчцы, Мацвей калісьці лавіў іх вудай нават на чарвяка, ледзь не плакаў, выдзіраючы такі каштоўны ў дзяцінстве кручок са змяінай, здавалася, але такой пакорлівай, такой палахлівай пашчы. Яны мёртва трымалі ў гэтай пашчы сваю здабычу, сцяўшы зубы да скрыгату, пэўна, ад нясцерпнага болю, які ўваходзіў і ў Мацвея, уцягвалі пад уратавальны панцыр адрузлую шыю, адступалі ад цяпла бязлітасных яго рук і толькі што не крычалі крыкам. I крыкам сыходзіла ўсё ў ім, але страх згубіць кручок быў усё ж больш гучны, чымсьці. гэты немы крык. I цяпер ён вінаваціўся ад той міжвольнай сваёй жорсткасці, таму і не адазваўся на словы Шахрая.
– Каб пераўтварыць усё гэта, і жыцця не шкада, – Шахрай як зразумеў яго, вылучыў з таго, што было перад імі, толькі балота, развёў рукі ў бок гэтага балота. Мацвей пагадзіўся з ім, але зноў нічога не адказаў, а Шахраю, пэўна, хацелася вымусіць яго пачаць гаворку.
– Гэта можна толькі ненавідзець, – ён зноў кіўнуў на балота. Мацвей паглядзеў на Алега Віктаравіча і зразумеў, што памыляюцца – той размаўляў сам з сабою, адказваў на нейкія свае пытанні, што хвалявалі яго. I хаця ў душы Мацвея не было нянавісці да гэтых балот, і да балот наогул, яны не толькі засцілі свет, пладзілі з'яд і жоўта марылі княжборцаў ліхаманкамі, але і кармілі іх, адорвалі ягадай-журавінай, давалі траву і дровы і птушку на стол, укрывалі ад ворага. I больш цяжка, і больш вольна ўсё ж дыхалася мужыку за гэтымі балотамі. Мацвей не мог уявіць свайго Княжбора без балота, але ён усё ж паспяшаўся згадзіцца з Шахраем, не хапіла яго вытрымаць і процістаяць вуснам Шахрая, таму, як той рашуча сцяў іх; вачам Шахрая, іх скіраванасці ў нейкую невядомую Мацвею далячынь, як бы адсякаючы ўсё, што не датычыла гэтай скіраванасці і гэтай далечыні. Ён нібыта ўбачыў раптам ворага і напружыўся, гатовы да схваткі з гэтым ворагам, зацвярдзеў, як у браню закаваў сябе. I нішто звонку, здавалася, ужо не магло крануць яго, даступіцца да яго душы. I жах апаноўваў бачыць Шахрая такім, але і спакойней было на душы, адчуваючы побач такую моц, калі, зразумела, ты не супраць яго, а з ім. Падобным на яго імкнуўся быць і Мацвей, такім хацеў ён бачыць сябе, калі прыйдзе час сустрэцца з роднай вёскай, хаця ў душы яго ўсё трымцела ад радасці, а ў той жа час і аблівалася крывёю. Няпэўна ўсё было ў ім, пераблытана, змешана ўсё, як у тым балоце, і ён здольны быў бегчы па верхавінах дрэў і паўзці, што рак, ад спапяляючай, радаснай і тым жа часам горкай сваёй памяці. Мацвей, здавалася яму, ужо даўно выпаліў, вытруціў яе, нішто, здаецца, не звязвала яго з Княжборам, усе карані былі абсечаны і заараны, каб не засталося і знаку ад яго мінулага. А цяпер наадварот: усё – і. гэтыя задушаныя вадой дрэвы, і спарахнелыя масткі, і пужлівыя чарапахі – зрабілася да болю дарагім і любым, нібыта ён сутыкнуўся са сваім уласным ценем, які заблудзіўся сярод гэтых балот, знясілены і змардаваны чаканнем і пошукамі таго, каму ён належаў. Мацвей, і сам не заўважыўшы таго, уступіў і наступіў на гэты цень, цень ускрыкнуў, ускрыкнула ўсё і ў ім. Іх галасы зліліся і нарадзілі плач, галашэнне.
Шахрай і ён, Мацвей Роўда, ужо другі тыдзень калясілі на Палессі, дзе можна, ехалі на машыне, а больш ішлі пешшу. Паабдзіраліся, абнасіліся, месячы балоты, былі непадобныя па саміх сябе. Но такімі яны выпраўляліся ў гэтую дарогу на новенькай машыне, самі што з іголачкі, у новых гумавых ботах-броднях, якія яшчэ не страцілі ні складскога бляску, ні паху, у шчытных энцэфалітніках з капюшонамі, у аднолькавых, з той жа тканіны, што і энцэфалітнікі, штанах. Абмундзіраваліся, агледзелі адзін аднаго і пасмяяліся адзін з аднаго – спадабаліся сабе. Але злінялі яны ў першы ж дзень, як толькі ўлезлі ў балота, балота з'ела бляск і глянец. Палессе падраўняла іх пад сябе, вымаклі па вушы, наглыталіся балотнай тарфяной вады і палеглі каля цяпельца, за ноч і не прасохлі. I другі, і трэці дзень былі падобныя на першы. Да ўсяго цела Шахрая не трывала камароў: не паспяваў камар сесці на яго твар ці ўжо адваліцца ад твару, як адразу ж уздуваўся пухір. I твар Алега Віктаравіча паступова пакрываўся адзіным вялізным бурым струпам. I гэта здзіўляла Мацвся. Непахісным, нязломным, як бы ўжо закаваным у браню, і пайшоў Шахрай па спатканне з балотамі, пайшоў – як на вайну, і як жа лёгенька камары-камарыкі, дудары-дударыкі прабілі яго браню, аніякай пашаны і павагі, адзіны здзек толькі. Ад балотнай вады ў Шахрая збіваліся і секліся валасы, утвараючы той сумна славуты палескі каўтун, пра які Мацвей ужо і думаць забыўся. Ён не разумеў, як гэты чалавек мог нарадзіцца і жыць на Палессі, калі яно яму супрацьпаказана. Дзесьці на чацверты дзень марных блуканняў яны дазволілі сабе адпачынак, атабарыліся на беразе рэчкі, што выбягала з тарфянікаў і бегла па тарфяніках, спаласнулі робы, але самі ў ваду лезці не наважыліся: была яна яшчэ крынічна халоднай. Леглі па траву, чакаючы, калі высахне адзенне. Нячутна падкралася машкарэчча і, здаецца, грызці не грызла, толькі раніцай Алег Віктаравіч адчуў, што захварэў, апухлі, схапіліся агнём ногі, падскочыла тэмпература. Мацвей настойваў па тым, каб ехаць у горад.
– Дробязь, – адмахваўся Шахрай, – Гэта ў мяне проста алергія на балоты. Цяпер яна ўжо не адстане, пакуль не завершым справу. Моцная і ўчэпістая хвароба нашага веку.
– Пакалення, а не веку, – паправіў яго Мацвей, і Шахрай пагадзіўся з ім:
Няхай і пакалення, сутнасці гэтым не змяніць. Адно да аднаго, а ўсё на тое, каб нам з табой упраўней быць, дзейнічаць больш акрэслена і рашуча.
А яны павінны былі знайсці пляцоўку пад будаўніцтва саўгаса ці калгаса. Добры надзел зямлі, балот і лесу, дзе можна было распачаць меліярацыйныя работы і будоўлю. Але пакуль што такога зручнага надзелу ім не трапляла: то лес быў ужо вельмі стары і магутны, першай групы, то зусім ужо непраходнае балота ці, наадварот, балотца з мізэрным пластом торфу, а калі ж і было што вартае, то ў такой глушэчы – не пад'ехаць і не падысці.
– А трэба ж, каб з мінімальнымі затратамі,– засмучана ўздыхнуў Шахрай, – капейку дзяржаўную трэба берагчы. I тарфянікі глыбокія, каб паўсюдна, каб на вякі, і дарога недалёка – на першы выпадак хоць тэхніку, матэрыялы падвезці. I каб усё паказальна, каб сляпы і той убачыў, што такое меліярацыя.
– Княжбор, – адказаў Мацвей, са спачуваннем наглядаючы, як пакутуе Шахрай, расціраючы скамянелыя лыткі. Ён яшчэ на пачатку гэтага падарожжа ведаў, што выбар падзе на Княжбор, прадчуваў, але не спяшаўся гаварыць пра яго Шахраю, штосьці стрымлівала яго, невядома чаму, нібыта таксама штосьці прадчуваючы, смуткавала сэрца. Была нейкая ненадзейнасць і штучнасць у той хуткасці, з якою вырашылася ўсё гэта – і пераход на новую пасаду і працу, і гэтая вандроўка па Палессі – гульня нейкая: ідзі туды, не ведаю – куды, вазьмі тое, сам не ведаю – якое. А само падарожжа падабалася, камары, мошкі не дапякалі яго, не назалялі яму, ён пасвяжэў у дарозе, абветрыўся, загарэў, хаця загар да гэтага амаль што і не прыставаў да яго: лупілася цела, але не прымала сонца. Нос дзям'янаўскай пароды лупіцца і зараз, як у дзяцінстве, сонца на гэты раз перамагло дзям'янаўскую пароду, кінула чарноты на скулы, лоб, дадало блакіту, нябёс вачам. I вочы глядзелі зараз на неба, на зямлю, на балоты больш пільна, прыкмячалі ўсё, на што раней і не звярталі ўвагі, слізгацелі з абыякавасцю вандроўніка. Мо вінавата ва ўсім было надвор'е. Дні стаялі ціхія, без подыху ветрыку нават, і сонца не дакучала, у небе і на зямлі задумлівасць, засяроджанасць на нейкай адной думцы. Думка гэтая была спрадвечнай, але не старой. Яна была і ў Мацвею, толькі ён аніяк не мог ухапіць яе, звязаць з тым, што бачылі вочы, што было вакол яго, што адбывалася з ім. Не было ў ім спакою і суцэльнасці, усё ўспрымалася паасобку, раздроблена: асобна дрэвы, асобна куст, асобна рэчка і птушка ў небе. А ў прыродзе ўсё было адзіным, хаця і патаемным, апаслівым. Вось гэтай апаслівасці ў сабе таксама не здольны быў зразумець Мацвей. Чаго было перасцерагацца рэчцы, калі яна бярэ пачатак з-пад бярозы, бяроза тая не ведае свайго веку, з надломанай галінкі яе капае сок, бярозавік, і там, дзе датыкаецца ён зямлі, дзе праточвае капелька зямлю, з жоўтага разлому гліны, як са шкарлупінкі арэха, б'е крынічка, клякоча бурбалкамі бярозавік, сцюдзёнай празрыстасцю збягае па гліне ў лагчынку і зліваецца з сінню і празрыстасцю іншых крыніц, з цёмнай адстоенасцю вады балот. I крынічка няхай сабе яшчэ і не рэчка, але ўжо ручаёк. I ручаёк гэты з кожнай лукавінкай, з кожным выгібам пашыраецца, ператвараецца ў рэчку, а яна, пачаўшыся з крынічкі над бярозай, з арэхавай шкарлупінкі, беражліва збірае росы Палесся, дажджынкамі па кроплі, кроплі, што прынеслі ў дзюбах птушкі, вялікай ужо ракой скіроўваецца і коціць да самага сіняга мора. Казка, толькі ніхто яе не прыдумляў, складзена Палессем, яго дубровамі, барамі, балотамі, ніцымі лозамі і ракітамі, мо знарок складзена, каб укалоць, пацвяліць чалавека ўбоствам яго фантазіі, убоствам тых прамых і панурых рэк, што стварае ён. Мацвей глядзеў на гэтую пераменлівую, кожны дзень новую казку, і яму карцела адцягнуць, адтэрмінаваць тое імгненне, калі ён застанецца адзін на адзін з зямлёю, даручанай яму тэхнікай, насцярожвала само слова «меліярацыя». Мялі, перамолвай. Хаця, што ён ведаў аб ёй. Бачыў неяк хлапчуком яшчэ, як загарэліся асушаныя тарфянікі. Жыў ён тады ў невялічкім і сумным некалі пагранічным, паміж Заходняй і Усходняй Беларуссю, гарадку, і адбітак пагранічнасці, раз'яднапасці, вайны, якая толькі што скончылася, адчуваўся там яшчэ ва ўсім; пачуццё абяздоленасці і нейкай закарэлай як бы пакрыўджанасці згадвалася ў крывых і прапыленых вулачках, ацалелых, але напаўразбураных цэрквах і касцёлах, у той журбоце і асуджанасці, з якой глядзелі на свет маленькія, з накіднымі жалезнымі заваламі польскія і яўрэйскія крамы; гэта згадвалася і па тым, як паводзілі сябе людзі, негаваркія, задуменныя, яшчэ не зусім усвядоміўшы, што ж такое адбылося. У вёсцы Мацвея, у Княжборы, была толькі школа-сямігодка, і ўсе княжборцы, якія вучыліся далей, прайшлі праз гэты гарадок. Жылі на прыватных кватэрах, толькі па выхадныя ездзілі дамоў. Рабочым паяздком, а то і на таварняку ехалі да раз'езда, ад якога да Княжбора сцежкамі рукой падаць – пятнаццаць кіламетраў. I вось па гэтым перагоне ад гарадка да раз'езда Мацвей упершыню ў тое выпускное лета ўбачыў меліярацыю, убачыў з акна вагона і запамятаў як нешта шчымліва сумнае, як само жыццё ў пагранічным гарадку.
Рабочы паяздок, здавалася Мацвею, калі ён ехаў дамоў, бег праз вайну. Па-за гарадком ён адразу я «трапляў у клубы густога, едкага да слёз дыму, расхлябаныя вокны і тамбуры вагонаў не маглі стрымаць яго. Гарэлі нехаця і чадна маладыя бярозы, хвоі, алешнік. Яны выраслі на балоце, і іх нялёгка было запаліць. Працягвалі расці і піць балотную ваду і тады, калі іх пазбавілі глебы, трактарамі і бульдозерамі зграблі на паласу адчужанасці, сцягнулі ў вялізныя валы, і яны спляліся, пабраліся голлем і скалечанымі стваламі адно з адным, ляжалі – як у брацкай магіле, уставіўшы ў неба сухажылле каранёў, толькі для блізіру прыкіданыя зямлёй. Таму такі едкі быў дым, полымя не прабівалася вонку. Дым слаўся нізам, як на папялішчы паўзалітай вадою хаты. I здавалася, што гэта менавіта так і ёсць: гарыць нейчая хата. Тады, яшчэ падлеткам, Мацвей, ды і ўсе, хто ездзіў рабочым паяздком, не разумелі, як гэта так пусціць агнём, кінуць па вецер столькі дрэва, такога неабходнага, такога дарагога адразу пасля вайны. Было ў гэтым нешта па-за іх розумам, аднолькава па-за розумам селяніна, дарослага і дзіцяці. Сцягнутыя ў кучу, пакалечаныя дрэвы, глыбокія траншэі-канавы з брустверамі свежакопанага белага і чырвона-рудога пяску, куродым, гар, сажа. I нідзе ні душы. Толькі паяздок, што хапатліва бег прэч адсюль на чыстае паветра, да нескалатушанай зямлі. Усё было проста і жахліва, адтуль, з не такога ўжо і далёкага мінулага.
Усё было проста і жахліва і побач з гарадком, у якім вучыўся Мацвей. Непадалёку ад гарадка стаялі дзве вёскі за тры кіламетры адна ад другой. Ляжала між імі напаўсухое балотца, бегла сярод гэтага балотца невялічкая крынічная рачулка, вадзілася ў той рачулцы нават стронга. Рай зямны для дзятвы. Пачынаўся гэты рай з вясны, як толькі сходзіў снег, угравалася зямля і можна было бегаць па ёй і босаму, калі хутка рос даўкі на смак малады і сакавіты аер. Асабліва вабіла рачулка хлапчукоў, калі рак сядзеў у норах яе з ікрой пад хвастом, калі прыспяваў час цвісці аеру, аер яшчэ не стрэліў кветкай, а толькі рыхтаваўся стрэліць, быў зараджаны ёю, песціў між сцяблін каля кораня хрусткую і салодкую завязь яе. Вось па гэтую завязь і ішлі да рачулкі, да балотца хлапчукі. I аднойчы, здабываючы яе, здабылі парашут. Пачалі капаць далей – і адкапалі самалёт. Наш, савецкі самалёт, які збілі немцы перад самым ужо канцом акупацыі. Балота паглынула яго, хлапчукі адкрылі. Быў мітынг. На мітынгу зачыталі пісьмо, якое лётчык не паспеў паслаць сваёй маці. Пісьмо ўратаваў і данёс да нашых дзён цэлулоід планшэткі лётчыка. Захаваўся і лётчык, тое, што засталося ад яго, калі ўпаў самалёт. Мёртвы, у балоце, у кабіне скалечанага самалёта, ён сядзеў больш як дзесяць гадоў, мёртва трымаючы штурвал перабітымі ў локцях рукамі, больш як дзесяць гадоў ён чакаў, калі вырасце над ім аер, калі набракне ікрою рак, калі па гэты аер і рака прыйдуць дзеці. Балота паглынула лётчыка, але захавала яго для дзяцей такім, якім ён быў у апошнія імгненні свайго жыцця. I ён быў не страшны дзецям, таму што на ім не было і адбітку смерці, аб гэтым паклапацілася балота, ён ляжаў, як у маўзалеі, як ляжаць усякія там Тутанхамоны ў сваіх пірамідах. I Мацвей упершыню адчуў вялікую літасць балота, як жывога чалавека з памяццю і розумам адчуў.