Але ж мо гэтая знаходка і прыцягнула да балотца людзей, адразу пасля мітынгу на тым месцы, дзе знайшлі самалёт, паставілі абеліск, а потым пачалося і асушэнне балотца, рачулку спрамілі, паглыбілі экскаватарам метраў да пяці, высеклі кусты, і вёскі, што стаялі адна супраць адной за насыпам белага пяску, за кучамі алешніку і пнёў, перасталі бачыць адна адну. Гэтыя кучы так і не паспелі прыбраць. Над імі закурэў спачатку тоненькім струменьчыкам дым, і струменьчык гэты то знікаў, то з'яўляўся зноў, нібыта хтосьці дыхаў там, у глыбіні, уцягваў і пускаў дым, і дыханне яго рабілася ўсё больш гарачкавым і ліхаманкавым, і дыму большага, пакуль не зацягнула ім абедзве вёскі, якія стаялі паміж гэтымі тарфянікамі, і толькі пасля гэтага захваляваліся сяляне, не было чым дыхаць каровам, кінуліся тушыць, ды было позна, агонь быў ужо глыбока ў зямлі, тачыў яе норамі і хадамі. I небяспечна было ўжо хадзіць па зямлі, па балоце, куды больш небяспечна, чымсьці па дрыгве. Ад дрыгвы яшчэ быў паратунак, а торф, што схапіўся агнём, нічога не аддаваў назад, жэр усё. На вачах у Мацвея гэтае жудаснае пекла паглынула карову. Ён паспеў паглядзець толькі ў вочы ёй і ўбачыў такі жах, што здрыгануўся, вочы яе не наспелі нават набрыняць слязьмі, такая была спякота, яна і не замычэла, не раўнула ад болю, роў яе спапяліўся ў перасохлай, разадранай ад пакут глотцы, карова толькі вываліла даўжэзны да неверагоднасці. язык, нібыта прагла адкусіць яго, і пайшла пад зямлю, абсмаленая і спечаная адразу, пры жыцці яшчэ. Пасля таго балота гарэла месяц, і месяц было не прадыхнуць ні ў адной, ні ў другой вёсцы і ў гарадку таксама.
Згарэў і абеліск – памяць аб лётчыку, які загінуў пад балотам, праваліўся пад зямлю. Быў – і няма. I маўклівасць, з якой ён знік, непрыкметнасць, з якой гэта адбылося, больш за ўсё ўразілі Мацвея. Абеліск і цяпер стаяў паміж ім і той справай, да якой ён сябе рыхтаваў. Пра лётчыка Мацвей успомніў недзе ўжо ў капцы іх сумеснай з Шахраем паездкі на Палессе, калі яны паспелі нагаварыцца, што яму рабіць з гэтай зямлёй і якой яна будзе пасля яго працы. Карціна, якую маляваў Шахрай, была прыгожай. Плёскала, біла ў бераг хвалямі мора – вадасховішча, якое створыць ён сам. Яго павольная і журботная рэчка пераўтварылася, ёй наканавана было стаць магутнай воднай артэрыяй, якая звяжа гэты край з пяццю сапраўднымі морамі. I плылі па ёй марскія параходы, і ляцелі над ёй марскія чайкі, а там, дзе былі балоты, чэзлыя кусцікі алешніку і лазы, сцяною стаяла пшаніца, хвалявалася пшанічнае мора. I паўсюдна жывёлагадоўчыя комплексы, амаль што гарады на месцы вёсак. Цудоўная карціна, але, але…
Ён не быў бы Роўдам, не быў бы палешуком, Дзям'янам з самага сэрца Палесся, калі б безразважна паверыў Шахраю. I карціна, якую намаляваў яму Шахрай, грэла яго толькі дзень. А потым ён звыкся з ёю і пачаў думаць. Быць памяркоўным – гэтага патрабавала само Палессе, яно таксама было ў роздуме. Нястомна і безупынна думалі і нашэптвалі нешта сваё рэкі, што беглі між травы і пад зямлёю, пад падманным берагам, утвораным, сатканым з той яга травы. I гэты бераг-дыван увесь час угінаўся пад нагамі, пагражаў падламацца, парвацца і ўцягнуць чалавека, які не думаючы ступіў на яго, уцягнуць так, што і бурбалак ад яго не застанецца. Думаў лес, шапочучы веццем, калі набягаў ветрык, а ў спакоі некуды збягаючы сам, ці не ў вечнасць, тую самую вечнасць, якой заўсёды ўласціва думка, у якой і жыве думка. Лес, дрэвы і жылі гэтай думкай, здабываючы яе глыбока ў зямлі. сваімі каранямі. Думалі антоны-буслы, што ў белых світках выйшлі на сенажаць і замерлі, зачараваныя самі сваімі світкамі і адзеннем, у якое прыбралася зямля, абяцаючы добрую восень і зімку. Дзеля гэтага і працавалі рэкі, дубровы, сонца, птушкі і мурашкі нават. I Мацвей таксама працаваў дзеля гэтага, ён разумеў, што гаспадарыць па гэтай зямлі, як гаспадарылі раней ён і іншыя палешукі, нельга, цесна ўжо. Ён кожны год усё больш і больш адчуваў, як душаць яго балоты. Не хапала зямлі, не хапала прастору яму і яго тэхніцы. I гэта ў той час, калі столькі зямлі, здавалася, без аніякай карысці марна гіне, захоплена балотам, дрыгвой. Але, з сумам гледзячы на балота, ён бачыў на ім і абеліск, і дым, што едка вісеў над вёскамі і гарадком. I балота рабілася як бы часткаю яго самога, яно, здавалася Мацвею, ведае аб ім больш, чым ён сам ведае пра сябе. I не падымалася яго рука на гэтае балота, нібы нешта разумнае было перад ім, здавалася, што балота мае і памяць. На тым я?а балоце, на якім жылі буслы, рос аер, рос, жыў і ён сам, Мацвей Роўда, пакаленні княжборцаў раслі і жылі. Ён жа сам выйшаў з аеру, антонаў-буслоў, таму і адбыўся, што былі ў ім і вакол яго: буслы, алешнік, аер, рачулкі і крыніцы, балота і абеліскі. I сёння яшчэ слёзы ў яго вачах ад таго дыму, праз які ён ездзіў рабочым паяздком, шчыміць сэрца, калі прыгадваецца абеліск, які паглынулі агонь і зямля. Пра ўсё гэта Мацвей і расказаў Шахраю, калі яны пераначавалі каля рэчкі і зноў рыхтаваліся ў дарогу. Шахрай, як заўсёды раніцай, галіўся, прыстасаваўшы абломак люстэрка да алешыны. Яму заставалася толькі разы з два правесці брытвай, але якраз па тым месцы, дзе і сядзела тая злаўмысная дакучлівая радзімка, як след, пакінуты куляю ад стрэлу ва ўпор. Шахрай баяўся парэзаць яе, як агню, таму што за гэтым блюзніўся яму рак, і мо з-за боязі рэзаўся, колькі галіўся. I цяпер Шахрай памацаў радзімку пальцам, нібыта хацеў пераканацца, ці не знікла яна, паднёс і адвёў брытву, і рука яго дрыжала. I гэтая няўпэўненасць Шахрая была ў навіну Мацвею, вымушала яго адначасова быць асцярожным і шчырым. Але абачлівасць перамагла, збаяўся і свайго недарэчнага, як яму здавалася, хвалявання, і таго, каб не сказаць чаго-небудзь лішняга пад руку Шахраю. I, пэўна, усё ж сказаў, толькі пачаў пра абеліск, пра лётчыка.
Алег Віктаравіч рашуча і злосна правёў брытвай па шчацэ, змахнуў пену, і паплыла па падбародку чорная стужка крыві.
– Зноў, так і ведаў, дагалюся да раку, – з прыкрасцю прамовіў ён і не вытрымаў, закрычаў: – Пад суд, пад суд за такія справы!
– Каго пад суд? – не зразумеў Мацвей, – За якія справы?
– За такія… I колькі гектараў тарфянікаў згарэла? – ён беспаспяхова спрабаваў спыніць кроў і адэкалонам, і ёдам.
– Да тысячы паўтары.
Шахрай амаль застагнаў:
– А мой дзед з кумам трыццаць гадоў, да рэвалюцыі яшчэ, судзіліся за паўтары дзесяціны… Ды… Гэта толькі адной бульбай каля трохсот тысяч рублёў. Ды гэта ж наш саўгас ці калгас, які мы толькі думаем будаваць, спалілі… Пазнаю, пазнаю, хто пад суд пайшоў? – Кроў усё яшчэ бегла.
– Ды ніхто, здаецца. Стыхійнае ж бедства…
Стыхійнае бедства Мацвей уплёў, каб паслухаць, што скажа Шахрай. Сам ён так не думаў, не думаў так і Шахрай.
– Пазнаю, пазнаю, стыхійнае бедства. Нічога неверагоднага няма сёння… Залатое дно, павер мне, Мацвей, у нашых палескіх тарфяніках. Жылінскі недарэмна ж, і калі, і колькі той тэхнікі было – лапата, пайшоў у наступ на гэтае дно. Дваццаць пяць тысяч кіламетраў каналаў лапатаю… – I раптам, як хто кухталя яму ў бок сунуў: – I ты сумняваешся, што меліярацыя – залатое дно? – Кроў яму так і не ўдалося спыніць.
– Ды як вам адказаць…
– Шчыра, як я пытаю цябе…
– Шчыра – не. Кожны старшыня калгаса за меліярацыю. Гэта ж раз-два – і ў дамках. Патрэбны нам новыя землі, тыя, што маем, ужо спустошаны. I латка на латцы. Але…
– Што але, працягвай, – Шахрай урэшце спыніў кроў і цяпер ляпіў на радзімку пластыр.
– Ды так, дробязі, эмоцыі. Карова з адкусаным языком, і тое ж стыхійнае бедства, і характар наш… натура наша…
– Які характар, якая натура?
– Шырокія мы і багатыя.
– Не разумею яго.
– А што разумець? Кітаец у кашы на гарбу на гару зямлю цягне, каб граду нейкую займець, японец галінкі, сучкі, кару збірае – і. ўсё да справы. А мы маем вунь колькі гэтых дрэў, і зямлі, і балот, вокам не ахапіць, аж галава кружыцца.
– Усё роўна не разумею. Гэтаму ж толькі радавацца трэба.
– А я і рады. Толькі галава кружыцца, кажу. Іншым разам не-не дый наведае думка: былі б мы трошкі не такімі багатымі…
– Заносіць цябе, Мацвей. На самым пачатку, бачу, заносіць, – у голасе Шахрая не было асуджэння, а толькі цікавасць, і Мацвей загаварыў больш смела.
– Мо і так, нас усіх заносіць. Гарэлку піць дык піць, каб усім чарцям моташна было, будаваць дык будаваць, а крышыць… Сакера наша мужыцкая – толькі першы раз ёй цюкнуць, з болем, з крыкам адзін палец наважыцца адсекчы. А потым ужо можна і ўсю руку прэч. Не шкада ўжо ні рукі, ні галавы, калі пачалі гваздаць – дык гваздаць, каб на ўвесь свет бачна і чутна было. Сакеры самыя вострыя, цвікі – такіх нідзе ўжо і няма. Я на цаліне быў – я бачыў.
– Адтуль, я думаю, і эмоцыі. Усё ўжо ў цябе?
– А вам што, мала?
– Дастаткова… Цікава, цікава. Я сам аб гэтым неаднойчы думаў. Але ж як, па-твойму, ставіць праблему, калі не па-дзяржаўнаму. Шкада будзе, калі я памыліўся ў табе. Кожнай новай справе патрэбны новыя, маладыя людзі. Усё новае бязлітасна да старога.
– Вы хочаце сказаць – і да зямлі.
– Так, і да зямлі. Мы перакрайвалі адносіны, цяпер прыспеў час перакрайваць зямлю. Таму і свет больш суровы. Ты не знаходзіш?
– Дакрануліся да запаветнага, да недатыкальнага…
– Да запаветнага – так, а наконт недатыкальнасці, прабач мне… Есці, жраць, разумееш, свет хоча. Ты жыў у гэтым суровым свеце, таму я цябе і знайшоў. Так, знайшоў я. Ведаю, рос без бацькоў. Ведаю, быў на цаліне. Ты думаеш, мне гумар твой спадабаўся, акрамя ж гэтага, за табой яшчэ нічога няма. Я першы, пэўна, хто курсавыя твае і дыпломную тваю да канца дачытаў.
– Ну і як?
– Супчик жиденький, но наваристый… Пчаляр.
Мацвей засмяяўся. Ён мімаволі, сам не прыкмячаючы таго, працягваў усміхацца і цяпер, калі яны пад'язджалі ўжо да Княжбора. Вяртанне яго ў родную вёску нельга было лічыць ні прыемным, ні вельмі жаданым, яно больш было абумоўлена тым, чаму імя: осознанная необходимость. Выклікалі на бюро, спыталі:
– Вымовы ёсць?
– А як жа? – здзівіўся нават наіўнасці такога пытання Мацвей, – I простыя, і строгія… Але з занясеннем – яшчэ не. Чаго няма, таго няма, – члены бюро засмяяліся, а ён хапатліва прыгадваў, дзе і калі саграшыў, і рыхтаваўся яшчэ да адной вымовы, мо і да гэтай – з занясеннем. Што гэта за старшыня калгаса, калі ён не гатовы атрымаць вымову, а грэх на яго душы быў яшчэ свежы, цёпленькі яшчэ. Дзён са тры перад тым, як адбыцца бюро, зазірнуў ён са сваім галоўным інжынерам і сябрам яшчэ па інстытуце Паўлам Рачэўскім на пасеку. Пчаляр пачаставаў іх бражкай, і трэба ж так… Калі не шанцуе, дык ужо не шанцуе, да гэтага варта было сакратару райкома чхнуць у яго бок і ён чуў, а тут… Толькі яны з Паўлам выпілі па два кубкі той бражкі, намерыліся трэці браць, як сам ужо вось ён, тут. Сам быў за рулём, а побач з ім сядзеў яшчэ хтосьці, незнаёмы Мацвею. I гэты незнаёмы пачаў выдзірацца з газіка, быў ён высокі, крыху сутулаваты і кабінетна чысты з твару. I хаця гэтую яго кабінетную ўходжанасць крыху псавалі велікаватыя вушы, Мацвей здагадаўся: начальства, не менш як абласное, а мо і больш высокае. А сакратар райкома з машыны не стаў вылазіць, націснуў на гудок, прачыніў дзверцы:
– Чым займаецеся?
– Трутняў лягчаем, – зашумела, пэўна, ужо ў галаве ў Паўла.
Роўда хацеў быў растлумачыць неяк больш далікатна, чым яны тут займаюцца, але яго апярэдзіў Шахрай, а гэта ён быў з сакратаром райкома.
– I колькі ўжо лягчалі? – сур'ёзна і строга запытаў Шахрай Рачэўскага. Той не саступіў, зыркнуў вокам па тры кубкі, што стаялі з бражкай перад ім:
– А вось ужо да чацвёртага прыступілі.
– I колькі ж часу на гэта патрацілі?
– Ды вось, лічыце, ад раніцы, – плюнуў на тлумачэнні і Роўда, усё роўна гарэць.
– Лайдакі,– незразумела, ці то пазайздросціў ім, ці то асудзіў іх Шахрай. – Мы вось з сакратаром ад суседа вашага. Там за паўгадзіны на нашых вачах амаль тузін парасят выхаласцілі. Трутні…
Вось за гэтых трутняў на бюро і рыхтаваўся панесці кару Мацвей Роўда. I было яму вельмі сумна: свой жа брат старшыня сядзеў перад ім, з'едлівы, зубасты, і гэтая з'едлівасць яго была Мацвею куды больш страшнай, чымсьці тая вымова. Усплывуць на бюро трутні – і хоць у пастухі падавайся, хоць на Камчатку збягай, уплятуць у байкі і паданні, знойдуць пад зямлёй, засмяюць на векі вечныя. I Мацвей ужо чуў гэты іх рогат. Ах, як не хапала яму на тую хвіліну Рачэўскага, ён паказаў бы яму саву смаленую, навучыў бы, як трутняў лягчаць.
– Нішто сабе кадр, біты, а за аднаго бітага двух нябітых даюць, – парушыў цішыню, якая здалася Мацвею ўжо вечнай, Хведар Ліпай, той самы сусед, ветэрынар якога быў асам, здольным выхаласціць за паўгадзіны на вачах начальства тузін парасят. Яго, Ліпая, больш за іншых баяўся Мацвей Роўда. Гаспадарка ў Ліпая ўзорная, таму ён ні бога, ні чорта не прызнае. Мінулым годам пабудаваў у калгасе рэстаран. I такі, што ў сталіцы зайздросціць будуць, майстроў, разьбяроў па дрэве выпісаў з Прыбалтыкі, шэф-повара зацёг з міжнароднага поезда вагона-рэстарана. Другога на месцы Ліпая за гэты рэстаран і начальства, і той жа брат старшыня задзяўблі б, зацюкалі, а Ліпаю хоць бы што. Усе да яго з паклонам, руку ловяць, у вочы зірнуць імкнуцца: віншуем, віншуем, Хведар Кандратавіч, прыйдзе Новы год, Першамай, маўляў, не забудзьце пра нас, столік нам, майце на ўвазе. Вось што такое Ліпай. I гэта не дзеля прыгожага слоўца, Зорка Героя ў яго кішэні, і зноў не ў пераносным сэнсе, на самай справе так і ёсць. Зорку гэтую залатую без дай прычыны на свет божы ён не дастае. Вось і цяпер сядзіць ён перад сваім братам старшынёю ціхі, сціплы, пінжачок на ім нейкі куртаты, але варта паглядзець на Ліпая, калі ён наладзіцца па нейкай справе даставальнай, накшталт той, што ў мінулым годзе вертануў. Самавіты і мажны, пры поўным парадзе, да міністра ўваліўся, кангрэсмен, сенатар амерыканскі, а не старшыня калгаса, што на Палессі, і вокамгненна ўвесь парк сваіх камбайнаў абнавіў. Дваццаць камбайнаў купіў адразу. Нікому, акрамя Ліпая, у раёне, ды нават і ў вобласці, не адужаць гэтага. Канец года, грошай ні ў кога за душой ані. рубля, а Ліпай, спатрэбіцца яму, і крэйсер можа купіць. I трутні гэтыя клятыя, калі б ён быў у галоўнай ролі, на карысць бы яму пайшлі. Як піць даць усе кпілі б не з яго, старшыні калгаса, з сакратара і гэтага, кабінетнага, пацяшаліся б. Во, маўляў, сказануў, во ўрэзаў. А яму, Роўду, шыю намыляць і паголяць, і галоўным цырульнікам будзе той жа Ліпай.
Але ўсё атрымалася не так і зусім нечакана для Мацвея.
– У Княжборы сваім даўно быў, ты ж княжборскі? – спытаў яго сакратар райкома.
– Княжборскі, гадоў сем-восем назад быў там, – шчыра адказаў Мацвей, не разумеючы, навошта гэта сакратару, але цалкам разлічваючы на яго літасць, як здаючыся яму, А скажы, Мацвей Антонавіч, – гэта падаў голас Шахрай, – ці не з таго ты самага Княжбора, у якім калісь валоў сеялі?
Ну, пачалося, Мацвей успрыняў гэтае пытанне як пераходнае да галоўнай тэмы, княжборскі фальклор ён ведаў добра, хоць і мінула восем гадоў, калі апошні раз сустракаўся са сваімі землякамі. Было такое з яго аднавяскоўцамі, з княжборскімі мужыкамі, якіх толькі казак пра іх не расказваюць. У Балгарыі, гавораць, усё было ў Габраве, ну, а тут – у Княжборы. Вырашылі і пастанавілі княжборскія мужыкі, каб кожны меў сваіх валоў і каб раслі яны хутка, як расце трава ў полі, як жыта ці бульба, паабразалі валам хвасты і пасадзілі ў зямлю. I паліваць кінуліся. Да сённяшняга часу, гавораць, паліваюць і чакаюць, чакаюць, калі волікі з зямлі прарастуць і ў ярмо іх можна ставіць. Так што закід зразумеў ён і палёгку нават адчуў, пазбавіўся суму:
– А вы што, тых волікаў на ўлік ужо ўзялі, уключылі ў план мясанарыхтовак?
– Гарачы, гарачы, – ухваліў Ліпай, – плюнь на яго – пара ідзе.
– Уключылі. I трутняў уключылі. Дарэчы, ты іх ужо ўсіх выхаласціў, можна іх і на сяўбу?