Завеі, снежань - Мележ Іван Паўлавіч 5 стр.


«Як паглядзіш, дак і не знаеш: ці любіць ён яе?» – прайшло ў яе галаве, і яна не адчула, што шкадуе Параску. Здалося нават, што давольна, што ў іх, можа быць, не ўсё гладка. Ёй стала няёмка, брыдка за сябе: нібы бядзе Параскі, сваёй збавіцельніцы, рада, і яна зазлавала на сябе. «Любіць не любіць – не знаеш! А што табе да таго?! Любіць! Любіць, канешне! Калі не дурны!»

Думкі яе ўчапіліся ў яго. Нібы ўбачыла зноў, як стаяла побач, льючы ваду з карца. Адчула дужасць яго рукі, якой памагаў вылезці ёй са склепа. Пасядзеўшы з ім за сталом, паслухаўшы яго скупыя, цвёрдыя заўвагі, яна мала што ўведала пра яго. Паглыблены ў сябе, скрытны, ён нібы знарок хаваў, што там у яго душы. Толькі адно Ганна добра адчула: ёй гэта асабліва кінулася ў вочы і адразу вылучыла, узняла нявіднага Башлыкова сярод іншых.

«Еты знае, куды ісці і што рабіць. І зробіць, што б там ні було», – падумала яна цяпер асабліва ясна. І ад таго, што гэта ў цяперашнім яе жыцці было самым важным, што ад гэтага залежала ўсё ў яе лёсе, адчула вялікую павагу да яго. «Еты не нам раўня», – прызнала яна яго перавагу. Тое ж, што так мала ведала яго, што ён быў незразумелы, яшчэ нібы прыдавала яму значэння.

«Не нашаго поля ягада…» Хтосьці рыпнуў дзвярыма, выйшаў на ганак, і яна азірнулася. Параска.

– Ты чаго тут? – здзівілася Параска.

– А от, пастаяць захацелася… – Параска была ў паліто, у хустцы. – А ты – куды?

– У сяло. Каб не сарвалі сход, чаго добрага.

У голасе яе Ганна ўлавіла прыхаваны смутак. Адчула вінаватасць за нядаўнія думкі, пашкадавала Параску.

– Ідзі ў хату. Прастудзішся. – Параска сышла з ганка, падалася ў цемру.

Вярнуўшыся ў хату, на кухню, Ганна доўга не магла сагрэцца. Прытулілася спіною да цёплай печкі, уціскала далоні ў цяплынь абтынкаванай цэглы, стрымліваючы дрыжыкі, чула за дзвярыма мерныя, няспынныя крокі. Раз, другі крокі набліжаліся да самых дзвярэй, прыпыняліся, і яна мімаволі чакала, што Башлыкоў зойдзе. Але крокі за гэтым аддаляліся. Яна падумала, што скажа, калі Башлыкоў загаворыць з ёю. Скажа, што ён чэрствы і нялюдскі, калі так абышоўся з такім чалавекам, як Параска. Дасць яму добры ўрок.

Потым яна перастала чакаць, зразумела, што ён не зойдзе. У яго сваё на думках. Свой клопат, зусім іншы. Падумала звыкла: можа б, запаліць ужо лямпы ў класах, але стрымала сябе – рана яшчэ. Чаго свяціць у пустым пакоі. Тым больш што сход будзе, пэўне, доўгі. Пагарыць яшчэ газы…

Ганна ўзрадавалася, калі пачула крокі на ганку. Ухапіла запалкі, хутка падалася ў калідор. Прыйшлі Барыс Казачэнка і Дубадзел.

– Чаму святла няма? – патрабавальна сустрэў Дубадзел. Не так запытаўся, як пагразіў.

– Няма для каго свяціць, – спакойна заявіла Ганна.

– Таму і няма нікого, што цёмно! – павысіў голас Дубадзел. – Хто будзе ісці, калі цёмно ў вокнах!

– Хто захоча, прыйдзе.

Адчыніліся дзверы з Парасчынага пакоя, і ў светлай пройме паявілася постаць Башлыкова. Ад таго, што святло было ззаду, постаць віднелася цёмнай і твар ледзь быў бачны. Башлыкоў павёў галавою, аглядваючы ўсіх, мабыць, стараючыся зразумець, пра што была гаворка.

– Ну што? – спытаў ён праз момант Дубадзела строга і патрабавальна.

Дубадзел стаяў выпрастаны, усім сваім выглядам паказваючы павагу і адданасць. Нібы і не ён толькі што гразіўся Ганне.

– Аб'явілі, – амаль тонам рапарта адказаў ён.

– Усім? – У голасе Башлыкова не знікла патрабавальнасць.

– Усім. Некаторым – па два і тры разы.

– Усім, – памог Дубадзелу Барыс.

– Святла от няма, – Дубадзел як бы пазваў Башлыкова на падтрымку, зноў пагрозна павёў вачыма на Ганну.

– Ды будзе святло! – Ганна нібы засмяялася з яго кпліва.

Не хапаючыся, з годнасцю пайшла ў цемру класа, запаліла лямпу ў адным, потым у другім пакоі. Дзверы між пакояў былі расчынены на адну палавіну, яна адчапіла зашчапку і адчыніла другую – расхінула дзверы на ўсю шырыню. Расхінула дзверы ў калідор.

Тады, калі яна гэта рабіла, Башлыкоў, а за ім Дубадзел і Барыс таксама зайшлі ў клас. Башлыкоў строгім позіркам агледзеў пакой – парты, праходы між іх, плакаты на сцяне. Усё моўчкі, невядома што тоячы. Не сказаў нічога, лёгкім, цвёрдым крокам падаўся ў другі пакой, агледзеў таксама. Ганна цікаўна сачыла за ім, бачыла: цяпер ён быў яшчэ больш незразумелы, загадкавы.

Вярнуўшыся ў першы пакой, ужо каля дзвярэй ён стаў, павярнуўся да Дубадзела і Барыса, сказаў важка:

– Трэба забяспечыць стопрацэнтную яўку ўсіх калгаснікаў. Усе да аднаго павінны быць.

Ён гаварыў і глядзеў так, нібы хацеў перадаць, як усё гэта важна. І як бы папярэджваючы, што ўся адказнасць за няяўку ляжа на іх. Разам з адказнасцю за тое, што ўжо здарылася.

– Мы аб'явілі ўжэ – па два, па тры разы, – пачаў быў Дубадзел, нібы супакойваючы і разам выказваючы сваю стараннасць. Але Башлыкоў так зірнуў, што ён змоўк: апраўдваючыся і стараючыся падмацаваць уражанне дзелавітасці сваёй, дадаў асцярожна: – Не тое што акціў, а і школьнікаў мабілізавалі – каб прасачылі за яўкай!

– Яно і відаць, як вы мабілізавалі! Дамабілізавалі да таго, што выпраўляць становішча трэба!..

Башлыкоў, недавольны, падаўся ў Парасчын пакой. Дубадзел і Барыс хвіліну стаялі ў роздуме, мабыць, разважаючы, што рабіць, потым Дубадзел рашуча закінуў вайсковую сумку за спіну, кіўнуў Барысу: «Пайшлі!» – і яны зніклі ў калідоры.

Ганна засталася ў пакоі. Стараючыся не слухаць крокаў Башлыкова за калідорам і разам з тым дзіўна ловячы ўсё, што адтуль ішло, востра адчуваючы, што ён там, неспакойны, трывожны, – яна знарок нецярпліва чакала: калі ж гэта пачуюцца галасы на дварэ, калі ж гэта пачнуць сыходзіцца. Яна ўзрадавалася, калі на ганку пачуліся тупат і з ім валтузня за дзвярыма; адразу здагадалася, што – дзеці, ахвотна адчыніла дзверы і весела загадала ўваходзіць.

Увалілася адразу цэлая чарада хлопчыкаў і дзяўчат – школьнікаў. Выткнуўшыся з калідора на святло, усе раптам сціснуліся каля дзвярэй, прыціхлі; паглядваючы насцярожана на Ганну, сталі падштурхоўваць адно аднаго, шморгаць насамі. Ганна загадала ім праходзіць, яны момант павагаліся, нясмела рушылі да парт, паселі.

«Першыя наведвальнікі. Акцівісты!» – мімаволі пажартавала сама сабе Ганна.

– Што ж ето вы бацькоў не папрыводзілі? – папракнула вельмі сур'ёзна малых.

Ёй адказаў рознагалосы гоман:

– Прыйдуць шчэ…

– Сабіраюцца…

– Унё, ён паслухае мяне!

– Куёўдзяцца недзе!..

Яна хутка адчула, што лішняя пакуль тут, і выйшла на кухню. Паспрабавала рабіць, што трэба; хоць стрымлівала сябе, зноў слухала, што чуваць за дзвярыма, у Парасчыным пакоі, мімаволі гадала, пра што ён думае, што адчувае, незвычайны, незразумелы чалавек. «Цьфу, прыліпла!» – зазлавала яна хутка на сябе і падалася да класа, у які, яна чула, зайшло некалькі чалавек. У пакоі былі жанкі, сярод іх Ганне адразу кінуліся ў вочы даўняя знаёмая Годля, глінішчанская швейка, і рослая, дужая цётка Маня, пра якую гаворкі таксама хадзілі ў Куранях, але з якой Ганна пазнаёмілася толькі нядаўна. Пра цётку Маню гаворкі ішлі, пэўна, далёка: казалі, неяк у Алешніках, каля млына, дзе сабраўся добры натоўп мужчын, счапілася яна неяк борацца з мужчынамі. З адным, з другім, з пятым – і ўсіх паклала. З той пары па сёлах ішла слава, што няма такога мужчыны, якога яна не паборала б. За гэтымі дыміла папяросінай яшчэ адна нядаўняя знаёмая, сухая і злая з выгляду, як вядзьмарка, старая, якую чамусьці звалі Гечыха. З мужчын быў адзін Годлін чалавек – Эля; уціснуўшы пад парту доўгія ногі, курыў з Гечыхаю – трымаў папяроску далікатна, няўмела. Курыў, было відаць, каб падтрымаць мужчынскую годнасць.

Амаль адразу за Ганнай з вуліцы паявіўся Апейка з Міканорам і Гайлісам. Сцягнуўшы з галавы стаўбун, расшпільваючы каўнер паддзёўкі, Апейка акінуў позіркам клас, голасна і весела адзначыў:

– Самыя смелыя ўжэ прыйшлі!

– Аге! Можно і пачынаць! – адгукнулася хрыплым басам Гечыха.

– Пачнем! – бадзёра запэўніў Апейка. – Толькі от трохі пачакаем іншых. Каб не наракалі потым, што – без іх.

Ён прайшоў да парт, стаў здаровацца за руку: з аднымі, маладзейшымі ці роўнымі яму па гадах, – як роўны, як таварыш, з жанкамі і старэйшымі – больш стрымана і пачціва. Амаль увесь час жартаваў. Гайліс стаяў каля дзвярэй: вузкі, у зашпіленым шынялі, глядзеў строгімі блакітнымі вочкамі, чакаў. Касцісты, са сцятымі вуснамі твар быў засяроджаны, няўсмешлівы.

Яны неўзабаве пайшлі ў Парасчын пакой. Амаль адразу пасля таго, як яны зніклі, з двара паявіўся зноў Казачэнка Барыс. Заклапочана акінуўшы вачыма пакой, ён кінуў позірк у суседні, заявіў насмешліва:

– Дзе ж ето мужчыны ўсе падзеліся? Ці мужчын ужэ не стало ў Глінішчах?

– Шкадуем… Беражэм!.. – адказаў знарок задзірыста хтосьці з жанчын.

– Мы што – не людзі?

– Аге! Не канешне мужчыны!

– Цётка Агапа, а дзе ж ето ваш Пятро? – не саступіў, насмешліва ўкалоў у дружны гоман Барыс. – Чаго ето ён вас прыслаў за сябе?

– Нядужы нешто, Барыско…

– І ваш Апанас занядужаў? – так жа едка пацікавіўся Барыс ужо ў іншай жанчыны.

Не стаў слухаць, паківаў галавою з папрокам, з абурэннем:

– Эх, людзі!..

Ён сабраў дзяцей, разаслаў па сяле – зваць мужчын, адразу ж сам зноў рушыў на вуліцу.

Прыйшло яшчэ некалькі мужчын. Па два, па адным. У світах, у кажухах. Выткнуўшыся з цемры на святло, хмурна мружыліся, пільна аглядваліся і, уткнуўшы галаву ў плечы, стараліся прашыцца між жанок за спіны пярэдніх. Некалькі мужчын у клас не пайшлі, тоўпіліся ў прыцемку калідора, нервова дымілі папяросамі. У прыцемку, каля дзвярэй, дыміў цыгаркаю і Чарнаштан Павел – старшыня былога калгаса. Дыміў, заўважыла Ганна, ніякава і падобна – безнадзейна.

Раз-пораз то там, то тут завязвалася гаворка, але яна амаль адразу ж ірвалася. І ў калідоры, і ў класах найбольш панавала маўклівасць, нядобрая, насцярожаная. Зацятае чаканне, адчувалася, поўніла людзей. Гэтая зацятасць мацнела, чым далей, тым больш. Чым больш сыходзілася народу.

Сярод маўклівасці і зацятасці асабліва вылучаліся двое мужчын, што сядзелі каля сцяны, нібы знарок на самым відавоку. Адзін – чырванатвары, дзіўна бесклапотны, мабыць, п'яны, а другі – худы, высушаны працай, з кепачкай на макаўцы. Чырвоны – лагодны і гаварлівы – штосьці расказваў: мабыць, непрыстойнае, бо мужчыны, хоць нявесела, пасмейваліся, а жанкі – адварочваліся, пляваліся. Сухі, з кепачкай, не смяяўся, уссеўшы на край парты, глядзеў навокал бясстрашна і задзірыста, нібы толькі і чакаў, каб счапіцца.

Раздзел чацверты

1

Было вельмі позна, але ўсё не пачыналі. Усё збіралі людзей. У пакоях ужо густа вісеў дым і ўсё часцей чуліся недавольныя галасы: «Дакуль жа ето ждаць?», «Ці да рання?».

Нарэшце дзверы з Парасчынага пакоя расчыніліся, і ў іх паявіўся заклапочаны Барыс, за ім – Дубадзел, важны і вельмі энергічны. За імі выйшлі стрыманы, цвёрды ў хадзе Башлыкоў, спакойны, нібы бесклапотны, Апейка, сабраны, нацяты Гайліс, сціплы Міканор. Апошнім, вінавата горбячыся, ступаў Чарнаштан.

Гоман, што прабіваўся там-сям, адразу апаў, але ў суседнім пакоі хтосьці гаманіў. На яго кінуліся нецярплівае шыканне, галасы: «Ціхо вы там!», «Пачынаецца ўжэ!». Пад гэтыя гукі Барыс зайшоў за стол.

– Дак е прапанова выбраць прэзідзіум, – аб'явіў ён у цішыні.

Барыс прачытаў з лістка паперы спіс. Спрэчак не было, прагаласавалі. У тым, як стрымана ўздымалі рукі, як пільна маўчалі, чакаючы далейшага, адчувалася, што насцярожанасць яшчэ павастрэла. З маўклівай насцярожанасцю сачылі, як заходзілі за стол, сядалі Гайліс, Апейка, Башлыкоў. Нават на сваіх аднавяскоўцаў, што ішлі ў прэзідыум, глядзелі недаверліва.

– А вы, цётко Мар'я, чаму не ідзеце? – паглядзеў Барыс у пакой.

– А чаго я там не бачыла? – адказала пракураным голасам Гечыха.

– Выбіралі. Значыць – трэба ісці.

Гэчыха адрэзала:

– А я не хочу!

Ускінуўся і адразу аціх смех. Барыс намерыўся ўступіць у спрэчку, але Апейка даў знак: не трэба. Пачынай сход.

Барыс стрымаўся. Памаўчаў, настроіўся на іншы лад.

– От што мы нарабілі з вамі, дзядзькі і цёткі, – пачаў ён засмучона, такім тонам, быццам запрашаў усіх раздзяліць агульную, вялікую бяду. – Нарабілі такое, што на ўвесь раён шум пайшоў. Усё раённае кіраўніцтва кінуло другія справы і зразу прыбуло к нам у Глінішча. На ўсё Глінішча мы палажылі пляму перад цэлым раёнам. Просто сорамно глядзець у вочы людзям. Што пра наша Глінішча ідзе такая слава. Што ў нас такі несазнацельны народ… Трэба адумацца, пакуль не позно!

– Хто шчэ хоча сказаць? – павёў ён вачыма па зале.

– Дай мне! – устаў з падаконніка Дубадзел. Яшчэ да таго, як Барыс даў згоду, Дубадзел рушыў да стала прэзідыума.

Момант стаяў моўчкі, сярод нацятай цішыні. Выцягнуў шыю, ускінуў галаву, рашучы, адважны.

– Граждане, а такжа гражданкі сяла Глінішча! І асобенно – калхознікі, якія ўчора разабралі сваю маёмасць і тым самым выйшлі з калхоза «Рассвет»! – Голас яго быў поўны настойлівасці і закліку. Нервова абцягнуўшы зашмальцаваны картовы пінжачок, Дубадзел, вастраплечы, з касцістым тварам, на якім крывіўся, торгаўся сіняваты шрам, імкліва кінуўся ў наступ: – Тут ужэ ў сваім выступленні Барыс Казачэнко, які выступаў перада мной, правільно сказаў, што вы сваім учарашнім паступкам паклалі пляму на ўсё сяло. Але ён не сказаў, што ета пляма, якую вы ўчора паклалі, легла не толькі на ваша сяло, а легла яна і на ўвесь сельсавет, Алешніцкі сельсавет, а такжа і на ўвесь Юравіцкі раён. Бо сваім паступкам, усім тым, што вы зрабілі, а іменно – тым, што вы самавольно расхваталі ў прошлом часных коней і кароў, а такжа свае ў прошлом часныя калёсы, плугі, бароны і ўвесь іншы абагулены інвентар, вы паказалі ўсяму народу, якое ў вас яшчэ мужыцкае, некалхознае нутро. Якое думае толькі пра сваю выгаду і якому напляваць на тое, што робіцца ў перадавом нашым раёне і ў нашым окрузе, а такжа ў нашым Савецкім Саюзе, які ў даны мамент акружаны з усіх бакоў рознай буржуазіяй, якая з усіх сіл стараецца задушыць наш Савецкі Саюз, а іменно – стараецца, штоб сарваць нашу пяцілетку, нашу індустрыялізацыю і калекцівізацыю, якія наносяць ёй смярцельны ўдар!

Дубадзел гаварыў амаль без прыпынку, усё высокім голасам – вінаваціў, заклікаў. Па тым, як ён гаварыў, адчувалася, што для яго не так важныя самі словы, думкі, якія ішлі часта без ладу, паўтараліся, – колькі тон прамовы, той запал, якім ён не даваў прытухаць ні на секунду.

– От рэжа! Як рэпу грызе! – сказаў нехта каля Ганны, у прыцемку калідора. Яна ўлавіла ў голасе непрыхільнасць.

– Стараецца! – адгукнуўся хтосьці іншы, хрыпаты, прастуджаны. – Прапіўся, паляцеў з сельсавета, дак цяпер са скуры лезе!

– Начальство ж унь, побач сядзіць! Заўважыць можа!

– Аж ахрып! І патыліца – умокла!..

Патыліца, праўда, мокла ад поту, Дубадзел нецярпліва раз-пораз выціраў яе далоняй. І хрып, што далей, то больш: усё часцей вымушан быў прыпыняцца, пракашлівацца. Але і не думаў канчаць гаворку. Ганна не першы раз дзівілася яго настойлівасці і ўпартасці. Здзіўленне яе, як і ў тых, што смалілі цыгаркі побач у прыцемку, было не толькі без якой-небудзь спагады, а рэзка непрыхільным: за ўсім тым, што гаварыў Дубадзел, увесь час адчувала яна жывога яго, даўно ўжо і непрыемна знаёмага ёй. «Даў жа Бог сілу чалавеку і зацятасць!..» – думала яна з насмешкай, цярпліва чакаючы, калі ж ён зможацца. Водзячы вострым позіркам па тварах людзей, што сядзелі ў пакоі, яна бачыла, што многія з іх таксама амаль не слухалі і чакалі таго ж самага. Вельмі ж добра вядома была ўсім асоба гарачага прамоўцы! Ганна захацела пабачыць, як слухае Дубадзела Башлыкоў, але з калідора відна была ёй толькі спіна. Усё ж яна суцешыла сябе: «Етаго не правядзе, пэўне! Еты бачыў ужэ такіх, не інакш!..»

2

Гайліс пасля Дубадзела загаварыў, здалося, незвычайна спакойна, ціха. Выпрастаны, у вайсковым кіцелі, з акуратна зачасанымі назад русявымі валасамі, стаяў ён за сталом і нехапатліва, старанна вымаўляючы кожнае слова, выразна выказваючы кожную думку, разважаў:

Назад Дальше