Завеі, снежань - Мележ Іван Паўлавіч 6 стр.


– Былі недахопы ў рабоце. Это – праўда. Былі. І недахопы немалыя. Вялікія… – Людзі і ў калідоры, і ў пакоях глядзелі моўчкі, пільна чакалі. Ён жа спакойна, важна клаў, нібы цагліны: – Чэсныя людзі работалі, работалі, а палучылі – мало. Дзвесце грамаў за дзень – это не палучка. Кілаграм картошкі – тожэ не палучка!..

– Не палучка! – выдыхнуў хтосьці побач з Ганнай.

– Правільно!

У калідоры і ў пакоях завірыў усхваляваны, гарачы гоман. Гайліс нерухома, быццам безуважна, пастаяў, перачакаў яго.

– Мало кармоў нарыхтовано, – павёў ён тым жа роўным, важкім голасам. – Скаціну вясной не будзет карміць чым. Саломай карміць трэба будзет. Скаціна будзет галадаць – это ўжэ відно… – Кожнае слова латыша адгукалася сярод слухачоў неспакойным гулам. У калідоры так гаманілі, што Ганне цяжка было слухаць. Хтосьці з мужчын не вытрываў, крыкнуў:

– Ціхо бо вы!

Слухаючы, як слова за словам строгі латыш маляваў невясёлае становішча ў калгасе, як рос нядобры гул, Башлыкоў, адзначыла Ганна, нецярпліва павярнуўся да Гайліса. Відаць, быў нездаволены кірункам яго выступлення. Але Гайліс не заўважыў – ці не хацеў заўважаць – башлыкоўскага позірку: вёў і вёў гаворку пра бядоты няўдалага калгаса. Толькі дамаляваўшы становішча, спыніўся.

– Канечно, тут дым без агня не бывает, – нібы падумаў ён услых. – Есць усякія прычыны. Віна есць… Вінавато кіраўніцтва калгаса. Праўленне, старшыня калгаса таварыш Чарнаштан. Это – правільно… Але, – голас Гайліса памацнеў, набраў упартасці, – вінаваты не толькі яны. Не адно кіраўніцтва. Вінаваты і вы самі! Калгаснікі. – Ён перачакаў гоман нездавальнення: – Які ўраджай сабралі?!

Ён глядзеў у залу, як суддзя, чакаў адказу. Адказаў Барыс Казачэнка:

– Жыта – чатыры з палавінаю цэнтнеры з гектара, картоплі – дзвесце трыццаць пудоў…

– Вот! Это не ўраджай!.. – заявіў строга Гайліс. – Чаму так палучылось? – Ён абвёў вачыма прыціхлы пакой, патрабаваў адказаць. Усе маўчалі. Адказаў сам: – Так палучылось таму, што – пагано аралі. Пагано сеялі. Пагано ўбіралі… Работалі не так, як на сябе. А як на паноў! – У цемры калідора завязалася нейкая спрэчка, у класе зноў рос гоман, але Гайліс не зважаў, вёў сваё. Многа дабра пакралі зладзеі. А нікога не паймалі. Гайліс судзіў непахісна: у калгасе не было парадку, дысцыпліны. А без парадку, дысцыпліны – няма работы. Або ёсць паганая работа… Ён заявіў горача: у калгасе павінна быць добрая дысцыпліна. І трэба працаваць – як на сябе, а не як на паноў! Скончыў, нібы распарадзіўся: трэба вярнуцца ў калгас! Умацоўваць яго!

Калі ён сеў, у абодвух пакоях хвалямі хадзіў гоман. Гаманілі і ў калідоры, каля Ганны, зацята зыркалі цыгаркамі. Гоман быў, чула Ганна, больш нездаволены, але Гайліс хоць бы варухнуўся за сталом.

Устаў Барыс.

– Здаецца, багато ахвотнікаў выступіць паявілася? – У голасе яго была кпіначка. – Дак хто хоча сказаць слово?

Гоман пачаў хутка сціхаць. Вочы амаль усіх скіраваліся да Барыса, але ніхто не прасіў слова.

– Няўжэ няма нікога?! – з кпінкай здзівіўся Барыс. – Столькі ж унь гуло!..

– Няхай начальство гаворыць! – крыкнуў задзірлівы худы, з кепачкай на макаўцы.

– Начальство ўжэ гаварыло! Добра було б паслухаць трохі і народ!

– Паслухаеце вы! – унізаўся злосна галасок.

– Аге!

3

Зноў пайшоў нядобры гоман. Барыс аб'явіў, што выступіць Міканор, сакратар алешніцкай партячэйкі. Міканор устаў, няёмка сутуліўся сярод гоману, тады як Барыс прасіў сціхнуць, паслухаць.

– Ужэ і куранёўцы вучыць будуць! – мацюкнуўся хтосьці ў прыцемку.

– Не кажы! Усе лезуць!

Ганна ад неспадзяванай прыкрасці стаілася, пачырванела. Тоячы крыўду, з асаблівай раўнівасцю сачыла за Міканорам: нібы яму трэба было абараніць гонар не толькі свой, а і яе, і ўсіх куранёўцаў. Адчула яго раптам самым блізкім сабе: адзін ён быў тут з яе роднага кутка, з яе маладосці.

Міканор пачаў таксама з дакору: усе глядзелі на Глінішчы – як на перадавую вёску, як на прыклад для іншых, на які трэба ўсім раўняцца. А выйшла так, што Глінішчы паказваюць цяпер прыклад таго, як не трэба рабіць.

– От ты і пакажы! – перабілі яго насмешлівым воклічам.

Барыс адразу моцна застукаў па стале, загадаў не перабіваць. Міканор перамаўчаў вокліч, маўкліва сцярпеў яго. Нібы не захацеў увязвацца ў спрэчку. Калгас распусціўся – стрымана вярнуўся да таго, на чым перапынілі, – і гэта ў такі час, калі Алешніцкі сельсавет у цэлым павярнуў на новую дарогу. Калі ў нас, не сакрэт, ёсць немалыя поспехі – асабліва ў калгасе «Камунар» і іншых. Апярэджваючы гоман, што стаў расці, Міканор тут жа адзначыў разважліва: канешне, у нас ёсць і калдобіны, і ў другіх, бывае, нягладка ўсё ідзе. Ён доўга гаварыў пра тое, як цяжка было спачатку наладжваць калгас у Куранях і як не ладзілася раней у «Камунары». За гэтым стаў расказваць пра тое, што трэба сельсавету зрабіць у гэты год. Гаварыў пра ўсё, што прыходзіла ў галаву, раскідана і дзіўна для яго няўпэўнена. Слухаючы яго, Ганна адчувала, што гісторыя гэта з глінішчанскім калгасам вельмі прыгнечвае яго, што ён не верыць, нібы сход можа паправіць штосьці. І гаворыць толькі таму, што трэба гаварыць па абавязку. Ганне спадабалася, што ён адчуваў настрой людзей і не задзіраўся, як звычайна ў Куранях, – гаварыў стрымана, сціпла.

За ім Барыс звонкім, давольным голасам аб'явіў:

– А зараз выступіць наша настаўніца – Параскева Андрэеўна Дарошка!

Параска пайшла да стала сваёй лёгкай, пругкай хадою, ледзь паводзячы звыкла плячыма, з вясёла ўзнятай галавой. Упэўнена паклала руку на край стала, з узнятай галавой павяла позіркам па пакоі. Ганна бачыла: проста вачавідкі адбылося незвычайнае – хмурныя, недаверлівыя твары па ўсім пакоі яснелі. Вочы глінішчанцаў глядзелі з прыхільнасцю і цікаўнасцю…

– О тут Барыс сказаў, – весела кіўнула яна на Барыса, – сказаў – зараз выступіць настаўніца!.. Я – настаўніца. Я – чалавек, якому па закону трэба вучыць. Мяне для гэтага рыхтавалі. Мне для гэтага далі многа розных парад. – Параска ўсё трымалася таго ж даверлівага, вясёлага ладу. – Вядома, могуць знайсціся такія разумныя людзі, якія скажуць, што я не наогул настаўніца, а школьная настаўніца! Што мая задача адна – вучыць школьнікаў! Ды яшчэ школьнікаў пачатковай школы, самых малых! Але так могуць казаць толькі людзі, якія носа не высоўвалі з горада. Не ведаюць, хто такі – настаўнік у вёсцы!.. Настаўнік у вёсцы, – у голасе пачулася гарэзнасць, – і кум, і сват, і – чорту брат!.. Павінен умець навучыць усяму і малога, і старога! Ён не можа сядзець толькі ў школе і не бачыць таго, што робіцца на вуліцы!.. І от я таксама, на стале кожны вечар – гара сшыткаў, стараюся не сядзець толькі ў школе. Адкладваю сшыткі на ноч, выходжу ў сяло! Паглядзець, што хто робіць! І што наогул у нас робіцца!.. І от я і цяпер гляджу – і стараюся разабрацца: што ж гэта ў нас робіцца?.. – Ганну не дзівілі ні бойкасць, ні знарокавая Парасчына шчырасць: ведала добра Параску. Бачыла, што Параска недарэмна старалася падступіцца. Па калідоры, па пакоі ішоў згодны, прыхільны гул. Жанкі ўздыхалі, ківалі галовамі: праўду кажа, хадзіла, глядзела, памагчы старалася! – Бачыла я, як гаравалі, бедавалі ўсе. І дзядзька Змітро, і цётка Мар'я, і цётка Гечыха, і ўсе іншыя… Бачыла я, як гаравалі, і думала сабе: няхай цяпер цяжка – потым лягчэй будзе! Наладзіцца!.. Быць не можа, каб не наладзілася! У іншых жа ідзе на лад, чаму ж у нашых не наладзіцца?.. Хіба ж нашы горшыя, як другія? Хіба ў нашых рукі горшыя ці рабіць яны не прывучаны? Ці не такія разумныя?.. – Параска горка пашкадавала: – А вось жа не выйшла ў нас!.. Чаму?!. – Ганна пільна чакала: што яна далей скажа, як павядзе далей? Параска не адказала адразу. Толькі шчыра, разумна адзначыла: – Я ведаю, кожнаму з вас баліць. І мне таксама баліць, вельмі баліць… А калі баліць, то хочацца крычаць, а не думаць!.. Але не трэба і гарачыцца вельмі! – асцярожна параіла яна. – Трэба падумаць добра. Падумаць, што зрабіць, каб паправіць усё, што не так!..

– Думай не думай, адна трасца! – перабіў яе нечы безнадзейны басок: відаць, Гечыхі.

– Паламалася ўсё! Сам чорт не разбярэ!..

– Няма чаго папраўляць!..

– Не збівай хоць ты, Параска!

– Я хіба кажу, што гэта лёгка… Баліць, кажу, і мне… Трудна гэта… Я кажу, што не трэба гарачыцца… Падумаць цвяроза трэба…

Яна гаварыла і цяпер са шчырасцю і спагадай, з вопытнай дасведчанасцю, але яе ўжо, як і Міканора, не раз перабівалі, слухалі нязгодна. Спрачаліся, праўда, мякка – стрымлівалі, відаць, даўняя пашана да Параскі і яе спачувальная далікатнасць. Усё ж яна, хоць і хавала гэта, было відаць Ганне, трымалася няўпэўнена, бянтэжылася. Збівалася ў гаворцы, нялёгка знаходзіла доказы. Яна, заўсёды такая знаходлівая, хуткая…

4

Апейку сустрэлі насцярожанай увагай. Ён жа падняўся ленавата, з нейкай нядбайнасцю хіліў галаву. Ва ўсёй постаці была дзіўная расслабленасць.

– Была ў нас калісьці гісторыя… – мірна, паблажліва загаварыў ён. Загаварыў так, быццам вагаўся: гаварыць ці не гаварыць. – Я быў тады смаркачом. Чужыя агароды правяраў… Пажаніліся ў нас хлопец з дзеўкай. Ён быў наш, праз дзве хаты жыў, Іван, канешне, зваўся. А дзеўка з-за ракі, з Барбарова. Алена… – Ён пальцам будзённа пачасаў макаўку. Успомнілася – от і гаворыць. Вочы глядзелі на яго збольшага спакайней. Дзе-нідзе – з цікаўнасцю. – Дзеўка – як дзеўка. І хлопец – як хлопец… Але от пабраліся, аддзялілі іх. Хатку сваяцтва скляпала. Сталі жыць сабе. Самі па сабе… Не ўломкі, старацельны хлопец ён. І яна – як тая мурашка. З рання да вечара – у полі, у хляве. Шчыруюць абое… Не ўломкі… А от што выйшла… Пасеялі. Нізінка ў іх была. Дак вясной усё вымакла. Сена накасілі. Дождж. Пагніло… Зімой у нас каля ракі – ночы вялікія. І лучыны мало. Дак – дзело маладое – летам яна ўжо раджаць гатова. А часу няма. Усё – на бягу. На бягу, у разоры, і радзіла!.. Мёртвае!.. Як наканаваў хто – то адно, то другое. Як напасць якая! Не там – дык тут!.. Праўда, калі разабрацца, дык і самі там-тут вінаватыя. Маладыя, нявопытныя… Яно, можа б, і нічога ўсё – мала ў каго не бывае! Толькі ж яны да ўсяго папаліся і гарачыя. Як от некаторыя ў нас, у Глінішчах! – падчапіў раптам Апейка. Барыс засмяяўся. Засмяялася яшчэ некалькі з тых, што глядзелі насустрач. – Яна – што не так – на яго, ён – на яе. Такая-сякая! А часам і з кулакамі!.. Яна вартая была яго. Ён ёй слова, яна – два! Век на іх двары гвалт! Як на юравіцкім базары ў нядзелю! – Зноў пайшоў смяшок. Апейка ж будзённа павёў далей: – Чубіліся, чубіліся. Не вытрывала яна. Уцякла! Чалавек яе спачатку: ну, няхай! Можа, і на лепшае! А потым – жаль узяў. Ды і гонар мужчынскі, мабыць, загаварыў!.. Адно – калі ты кідаеш, а калі цябе – ето саўсім другое!

– Аге! – чула адгукнулася некалькі галасоў. Найбольш – жанкі.

– Зашчымела ў Іванавым сэрцы! – паспачуваў Апейка. – А тут – матка і бацько з угаворамі. «Дзе ето відано такое! Пазаві!..» Угаварылі. Селі на паром – і цераз раку. Што там было – не чуў. Не скажу. А толькі – прывозяць яе… Ва-ажная прыехала!.. А ўсё-такі ўжэ не крычыць! А пра яго і казаць не трэба: цішэй вады. Абыходлівы – не пазнаць! Людзям ужэ нудна стало – спектакля няма!.. Зімой ён – на заработкі ў лес. Вясной добра ўгнаіў, пасеяў у пару. Лета ўдалае. Добра выспела ўсё. Да збожжа – сена добрае… Парадак стаў. Даўно ето было, – задумаўся, пастражэў голас Апейкі. – Як я яшчэ цялят не ганяў. Даўно ўжэ абое пастарэлі. А жывуць усё разам. Жывуць – не горай, як людзі… Усяляк, праўда, і цяпер часам бывае: загаворыць раптам гарачая кроў. А не чубяцца, як было. І не кідаюцца ў розныя бакі. Ведаюць: жыццё пражыць – усяго пабачыць. Не трэба адразу – у адчай!.. – Не разабраць было спачатку: ці то разважаў проста, ці раіў. – Усякая гаспадарка цяжка зладжваецца. Не адразу – бывае – усё складна выходзіць. Трэба часам прыцерціся, як кажуць. Ето – што да сям'і, да двух чалавек. А што казаць ужэ пра вялікую гаспадарку. Пра калектыў.

Ён памаўчаў. Як бы даваў падумаць пра тое, што сказаў, ці збіраўся з думкамі.

– От тут я і хацеў бы сказаць, што думаю пра ваш калгас… – Ён гаварыў па-ранейшаму будзённа, але ўжо вельмі сур'ёзна, значна. – Вы можаце сказаць, што – позна. Аднак, я думаю, агледзецца з толкам не позна ніколі. Трэба разабрацца, высветліць усё. Трэба выясніць: што ж такое здарылася? У чым прычына, што так здарылася?.. Я згодзен з тым, што сказаў таварыш Гайліс пра ўраджай і пра дысцыпліну. Я лічу, што таварыш Гайліс асабліва правільна сказаў: вялікая віна ва ўсім кіраўніцтва. У тым ліку і наша віна – што не паправілі ў час, не папярэдзілі… Мы з гэтай няўдачы зробім вывады. Мы паправім памылкі. – Ён павёў вачыма па ўсіх, хто быў у прэзідыуме, як бы паказваючы: тое, пра што ён гаворыць, усе гатовы ўзяць на сябе. Чарнаштан глядзеў спадылба на стол, выгляд быў такі, як бы яго гняла гэта віна найбольш. Як на судзе падсудны. Гайліс таксама, здавалася, гатоў быў узяць сваю частку віны. Башлыкоў, падобна, віны за сабой не бачыў. Апейка нібы не заўважыў гэтага, кіўнуў у залу: от прызнаём сваю віну. – Але і вы павінны прызнаць свае! – Ён, аднак, не стаў ушчуваць надта: нашто перабіраць тое, што было, яно і так добра вядома. Вінаваты ўсе. Лепш падумаць разам, як зрабіць, каб не было такога. – От я і хацеў бы даць парады на будучае… Што трэба ўлічыць вам на будучае?.. Першае, – раіў ён па-сяброўску, – не карміць болей гультаёў і трутняў! Карміць толькі тых, хто дае карысць. Па долі той карысці, якую кожны дае. Хто больш – таму больш, хто менш – таму менш. А таму, хто бокі абіваў, – дулю!.. – Неспакойны гул ухваліў яго. – Трэба паставіць добры ўлік. Усё лічыць: працу, прыбытак, палучку. Кожную капейку, кожны грам – на ўлік. Усім, у каго рукі лішне доўгія, – па руках… Адным словам – кантроль ва ўсім. Строгі кантроль. Калі не ўстановіце кантроль – усё прападзе. Ніякага дабра не хопіць!..

«От хітры, – падумала Ганна. – Гаворыць так, нібы яны яшчэ ў калгасе! Па-калгаснаму настрайвае!..» Заўважыла: прамова Апейкі растрывожыла людзей, ішоў гоман, чуліся воклічы, але воклічы былі нейкія дзелавітыя: папракалі – кармілі трутняў, разбазарвалі дабро!..

– Хто рабіў, хто не рабіў – усё адно! Кожнаму палачка!

– Хто ўрваў, той і спажыў!..

– Якая тут ахвота – старацца! Карак гнуць!..

– Усё ветрам пайшло!..

Калі Барыс устаў, гоман, воклічы пачалі хутка спадаць. Ён дачакаўся поўнай цішыні, важна, як асаблівую падзею, аб'явіў:

– А зараз выступіць сакратар райкома таварыш Башлыкоў!

5

Вочы ўсіх – мноства вачэй – глядзелі толькі на яго. Перасталі дыміць у калідоры, падступілі да дзвярэй. Сціснуліся так, што нельга было варухнуцца. Ганне сцінала дыханне.

Бачачы, як глядзяць на яго, як чакаюць, што ён скажа, разумеючы, як цяжка будзе яму разбіць насцярожанасць, Ганна раптам пачала хвалявацца за яго. Яе не супакойвала тое, што ён, адзначыла сабе, трымаўся спакойна, упэўнена.

І тон, і выгляд яго паказвалі, што тое, аб чым ён павінен будзе сказаць, вельмі сур'ёзнае і нядобрае і паставіцца да ўсяго гэтага трэба належна сурова.

Ён пачаў з міжнароднага становішча. Галоўная асаблівасць міжнароднага становішча СССР, сказаў ён, у тым, што Савецкі Саюз – адзіная рабоча-сялянская дзяржава – з усіх бакоў акружаны капіталістычнымі дзяржавамі, якія вядуць раз'юшаную барацьбу з намі. З той жа строгасцю на твары, з жорсткімі складкамі каля рота Башлыкоў стаў гнеўна расказваць пра разнастайныя злосныя ўчынкі і шкодніцтвы, якія арганізоўваюць капіталістычныя дзяржавы і іх паслугачы для таго, каб сарваць будаўніцтва сацыялізма ў СССР і, нарэшце, знішчыць Савецкі Саюз. Адабраць заводы ад рабочых, ад сялян – зямлю. У сваёй звярынай нянавісці да Савецкага Саюза, бачачы, што Савецкі Саюз не толькі не гіне, а ўсё ўзмацняецца, яны ўпарта выношваюць планы крывавай вайны супраць нас. І тон, якім усё гаварылася, і тое, што малявалася за словамі, асабліва пагрознае – адбяруць зямлю, пойдуць вайной, прынясуць знішчэнне, смерць, – гэта моцна падзейнічала на ўсіх, хто слухаў. Цішыня была важкая, трывожная.

Назад Дальше