Маска Чырвонае Смерці (зборнік) - По Эдгар Аллан 3 стр.


Калі Фрэдэрык заўважыў, куды несвядома скіраваўся яго позірк, на яго вуснах з’явілася жорсткая ўсмешка, але вачэй барон не адвёў. Наадварот, ён ніяк не мог зразумець, што за неадольная трывога распасцерлася над ім шчыльным покрывам. З цяжкасцю прымірыў ён свае мройныя і бязладныя пачуцці з неабходнасцю абудзіцца ад іх. І чым даўжэй ён глядзеў, тым больш паглынала яго насланнё, тым цяжэй было паверыць, што ён здолее калісьці адвесці позірк ад гэтага зачараванага габелена. Але калі шум звонку раптам узмацніўся, ён адчайна сабраў сілы і скіраваў позірк на двор, дзе ўбачыў барвовыя водбліскі – на вокны палаца іх кідалі ахопленыя полымем стайні.

Аднак рух гэты быў імгненны: позірк барона тут жа механічна вярнуўся да сцяны. На яго вялізны жах і здзіўленне, галава гіганцкага каня за гэты час змяніла становішча. Выгнутая дагэтуль шыя жывёліны, якая нібыта смуткавала над зрынутым гаспадаром, цяпер выпрасталася ў поўную даўжыню. Вочы, раней нябачныя, палка і амаль па-чалавечы гарэлі незвычайнай пякучай чырванню, а ў ашчэранай пашчы відавочна раз’ятранага каня былі бачныя вялізныя агідныя зубы.

Скамянелы ад страху малады дваранін няўпэўнена рушыў да дзвярэй. Як толькі ён іх адчыніў, чырвоная ўспышка асвятліла пакой і кінула на габелен, які загайдаўся ад скразняку, выразна акрэслены цень, і барон скалануўся, убачыўшы, што калі ён на імгненне замарудзіў ля парога, цень гэты стаў у той самай позе і дакладна супаў з абрысам бязлітаснага пераможнага забойцы сарацына Берліфітцынга.

Каб трохі развеяцца, барон паспяшаўся на свежае паветра. Ля параднае брамы замка ён сутыкнуўся з трыма стайнікамі. Са страшнай рызыкай для жыцця яны ледзь стрымлівалі гіганцкага вогненна-рудога каня, які сутаргава і з неймавернай ярасцю спрабаваў вырвацца.

– Чый конь? Дзе знайшлі? – спытаў юнак хрыплым незадаволеным голасам, заўважыўшы, што лютая жывёліна перад яго вачыма нагадвае таямнічага скакуна з габелена.

– Ён належыць вам, сір, – адказаў адзін са стайнікаў.

– Прынамсі, ніхто іншы яго не шукаў. Мы злавілі яго, калі ён, увесь спацелы і ўзмылены ад шалу, выскокваў з ахопленых агнём стайняў Берліфітцынгаў. Падумаўшы, што ён з таго стойла, дзе стары граф трымае рэдкія пароды, мы адвялі яго назад. Але іхныя грумы не прызналі жывёліны, і гэта дзіўна: конь відавочна ледзь уратаваўся з агню.

– На яго ілбе добра відаць выпаленыя літары В, Ф і Б, – умяшаўся другі стайнік. – Вядома ж, я падумаў, што гэта ініцыялы Вільгельма фон Берліфітцынга, але ўсе ў іх замку сцвярджаюць, нібыта ніколі гэтага каня не бачылі.

– Проста неверагодна, – безуважна прамовіў барон, а думкі яго, відаць, луналі дзесьці далёка. – Маеце рацыю, конь цудоўны і нават дзівосны, хаця характар у яго, без сумневу, недаверлівы і непакорны… Добра, хай застаецца ў мяне, – дадаў ён, падумаўшы. – Такі вершнік, як Фрэдэрык з Метцэнгерштэйнаў, зможа ўтаймаваць нават д’ябла, калі ён знойдзецца ў стайнях Берліфітцынгаў.

– Вы памыляецеся, уладару. Здаецца, мы сказалі, што конь гэты не з графскіх стайняў. Бо калі б ён належаў графу, мы не схібілі б і не дазволілі сабе з’явіцца з ім перад кімсьці з вашай высакароднай сям’і.

– Так, безумоўна, – суха адзначыў барон, і ў тое ж імгненне да яго падбег расчырванелы паж спачывальні. Ён зашаптаў на вуха гаспадару нешта пра нечаканае, неверагоднае знікненне невялікага кавалка габелена ў пакоі, дзе ён служыў. Аднак, апісваючы падрабязна час і акалічнасці здарэння, ён гаварыў так ціха, што ніводны гук не падараваў стайнікам мажлівасці задаволіць цікаўнасць.

Размова, відаць, моцна ўсхвалявала маладога Фрэдэрыка, абудзіўшы ў ім самыя розныя пачуцці. Аднак ён хутка ўзяў сябе ў рукі і калі ўладна загадваў зараз жа замкнуць пакой з габеленам, а ключы перадаць яму, твар яго быў рашучы і злосны.

– Ці чулі вы пра няшчасную смерць старога паляўнічага Берліфітцынга? – спытаў у барона адзін з васалаў, калі паж сышоў, а вялізнага загадкавага скакуна, якога дваранін прызнаў сваёй уласнасцю і які цяпер з падвойным, звышнатуральным шаленствам упарціўся і вырабляў курбеты, павялі доўгімі прысадамі, што цягнуліся ад замка да стайняў Метцэнгерштэйнаў.

– Не! – адказаў барон, рэзка паварочваючыся да суразмоўцы. – Памёр, кажаце?

– Так, памёр, уладару, і здаецца мне, што весткі гэтыя будуць для вашае высакароднае сям’і не такімі ўжо непрыемнымі.

На прыгожым твары барона праслізнула хуткая ўсмешка – вельмі незвычайная і шматзначная:

– Як ён памёр?

– Неабачліва кінуўся ратаваць сваіх улюбёнцаў з паляўнічай стайні і, на жаль, загінуў у агні.

– Гэта праўда?! – усклікнуў барон, нібы паступова пачынаючы разумець, што нейкая ідэя, якая дзівіла і ўражвала яго, пацвердзілася.

– Праўда! – адказаў васал.

– Неверагодна, – абыякава сказаў юнак і ціха вярнуўся ў замак.

З таго дня паводзіны маладога распуснага барона Фрэдэрыка фон Метцэнгерштэйна прыкметна змяніліся. Ён падмануў усе чаканні і моцна падвёў тых мамак, што даўно плялі свае сеткі, аднак яго новыя звычкі і манеры яшчэ менш, чым раней, адпавядалі патрабаванням суседзяў-арыстакратаў. Яго больш не бачылі за межамі маёнтка, у вялікім свецкім таварыстве ён пазбягаў любое кампаніі, і толькі надзвычайны парывісты конь колеру агню, ад якога барон не адыходзіў ні на крок, загадкавым чынам узурпаваў права на яго сяброўства.

Аднак яшчэ доўга на барона сыпаліся шматлікія запрашэнні: «Ці ўшануе барон сваёй прысутнасцю нашае свята?», «Ці далучыцца да нас барон у паляванні на дзіка?»

«Метцэнгерштэйн не палюе», «Метцэнгерштэйн не прыедзе», – каротка і фанабэрыста адказваў барон.

Ганарлівае дваранства больш не магло трываць гэтых бясконцых абразаў. Запрашэнні рабіліся ўсё халаднейшымі, усё радзейшымі і нарэшце ўвогуле скончыліся. Казалі, што ўдава няшчаснага графа Берліфітцынга нават выказала меркаванне, нібыта «барон сядзіць дома, хаця і не хоча там сядзець, бо пагарджае кампаніяй роўных, і ездзіць на кані, хаця і не хоча на ім ездзіць, бо аддае перавагу кампаніі свайго скакуна». Гэта была, безумоўна, вельмі дурная ўспышка спадчыннае варажнечы, што дэманструе толькі, якую лухту мы можам вярзці, прагнучы пакінуць моцнае ўражанне.

Але больш памяркоўныя людзі тлумачылі змены ў паводзінах маладога двараніна натуральным горам сына, які заўчасна страціў бацькоў, забываючы, аднак, пра яго гнюсныя і безразважныя ўчынкі адразу ж пасля гэтае цяжкае страты. Былі і такія, што ганарліва тлумачылі паводзіны барона самаўзвышэннем і пыхлівасцю. Іншыя (і сярод іх варта згадаць сямейнага лекара) не вагаючыся абвінавачвалі хваравітую меланхолію і нездаровую спадчыннасць. Між простага люду хадзілі яшчэ змрачнейшыя, вельмі двухсэнсоўныя чуткі.

Упартая прыхільнасць барона да нядаўна знойдзенага скакуна – прыхільнасць, якая, здавалася, ад кожнага пацверджання лютага і дэманічнага нораву жывёліны толькі мацнела, – у вачах разважлівых суседзяў ператварылася ўрэшце ў агідную і ненатуральную жарсць. У святле дня ці ў глухую гадзіну ночы, у хваробе і здароўі, у пагоду і непагадзь, у месяцавым ззянні і змроку малады Метцэнгерштэйн здаваўся прыкаваным да сядла каня-волата, нескароная смеласць якога так добра адпавядала яго ўласнаму нораву.

Былі да таго ж абставіны, якія разам з апошнімі падзеямі надавалі і маніі вершніка, і здольнасцям скакуна нейкі звышнатуральны і злавесны сэнс. Калі хтосьці акуратна замераў адлегласць, якую конь пераадольвае адным скачком, выявілася, што яна нашмат перавышае самыя смелыя чаканні людзей з самым бурным уяўленнем. Барон, дарэчы, так і не даў жывёліне імені, хаця астатнія гадаванцы яго багатай стайні насілі вельмі трапныя мянушкі. Стойла новага ўлюбёнца месцілася воддаль ад стайні, а што да догляду, дык ніхто, апроч гаспадара, не насмельваўся наблізіцца да жывёліны ці хаця б увайсці да яе ў загарадзь. Заўважылі таксама, што хоць тры стайнікі, якія злавілі каня, калі ён ратаваўся ад пажару ў Берліфітцынгаў, і здолелі затрымаць яго з дапамогай ланцуговай аброці і аркана, ніводзін з іх не мог дакладна сказаць, што ў час небяспечных ловаў ці пасля яму давялося хаця б дакрануцца да цела пачвары. Праявы своеасаблівага розуму ў паводзінах высакароднага і гарачага скакуна наўрад ці маглі абудзіць празмерную цікаўнасць, асабліва сярод людзей, якія штодня дапамагалі на паляваннях і таму прызвычаіліся да праніклівасці коней, але асобныя выпадкі ўражвалі нават самых абыякавых скептыкаў: хадзілі чуткі, што часам жывёліна, шматзначна і выразна тупаючы жудасным капытом, прымушала натоўпы цікаўных у ціхім жаху разбягацца, і тады нават сам Метцэнгерштэйн бляднеў і нібыта курчыўся пад рэзкім, пранізлівым позіркам сур’ёзных і амаль чалавечых вачэй.

Аднак ніхто са світы барона не сумняваўся ў шчырасці незвычайнае прыхільнасці, з якой малады дваранін ставіўся да гарачага наравістага каня, – ніхто, апроч, бадай, нікчэмнага брыдкага пажа, якім усе пагарджалі і чыё меркаванне лічылася менш чым нязначным. І вось ён (калі яго думкі ўвогуле вартыя згадкі) меў нахабства сцвярджаць, што гаспадар ніколі не заскоквае ў сядло без невытлумачальнага і амаль незаўважнага трымцення і што, вярнуўшыся са звыклай ужо доўгай коннай прагулкі, барон нават не хавае выразу злоснага трыумфу, які скажае ўвесь яго твар.

У адну рабінавую ноч Метцэнгерштэйн абудзіўся ад цяжкага гнятлівага сну, з вар’яцкай хуткасцю спусціўся ўніз і, паспешліва ўскочыўшы на каня, рушыў у лясныя нетры. Начныя прагулкі былі звыклай справай, а таму ні ў кога не выклікалі здзіўлення. Аднак калі праз некалькі гадзінаў тоўстыя велічныя муры замка Метцэнгерштэйнаў пад націскам шчыльнай сіняватабарвовай сцяны нястрымнага агню пачалі трэскацца і задрыжалі да самага фундаменту, дамашнія барона пачалі чакаць яго з вялікім нецярпеннем.

Пажар убачылі толькі тады, калі ён зрабіўся неадольным, таму ўсе высілкі ўратаваць хаця б частку будынка былі марнымі, і ўражаныя суседзі маўкліва стаялі побач. Але хутка ўвагу натоўпу забрала новае вусцішнае відовішча, якое засведчыла, што чалавечая агонія захоплівае пачуцці людзей нашмат больш, чым жахлівае разбурэнне нежывое матэрыі.

У канцы доўгіх прысадаў векавых дубоў, што вялі з лесу да параднага ўваходу ў замак, з’явіўся конь, які нёс вершніка без капелюша і ў расхрыстаным убранні. Ён ляцеў так імкліва, што мог абагнаць самога дэмана навальніцы, і аслупянелыя відавочцы мімаволі выгуквалі: «Якая жудасць!»

Вершнік не мог ні спыніць, ні ўтрымаць гэты шалёны кар’ер. Скажоны агоніяй твар і сутаргавыя рухі цела сведчылі пра звышчалавечае напружанне, аднак, апроч самотнага крыку, ніводзін гук не вырваўся са змучаных і скусаных у неадольным жаху вуснаў. Імгненне – і пранізліва-рэзкі грукат капытоў перакрыў выццё пажару і скавытанне ветру, яшчэ імгненне – і, пераскочыўшы адным махам браму і роў, конь адолеў хісткія прыступкі палаца і разам з вершнікам знік сярод хаатычных вогненных віхураў.

Шалёная навальніца тут жа сунялася, і запанавала злавесная мёртвая цішыня. Бляклае полымя ўсё яшчэ ахутвала будынак, нібы саван. Струменячыся ў ціхамірную выш, яно раптам выбухнула звышнатуральным святлом, і воблака дыму, што цяжка завісла над пажарышчам, прыняла форму вялізнага, выразна бачнага каня.

Пераклала Ганна Янкута

Марэла

Αὐτὸ καθ’ αὐτὸ μεθ’ αὐτὸῦ, μονοειδὲζ ἀει ὂν.

Сабой, толькі сабой, у сваім вечным адзінстве.

Платон. «Бяседа»

З глыбокай, але дзіўнай прыязнасцю згадваю я сваю сяброўку Марэлу. Выпадак звёў нас шмат гадоў таму, і з самае першае сустрэчы душа мая загарэлася нязнаным ёй датуль полымем. Але запаліў яго не Эрот, і горка-пакутна думаў я, што ніяк не магу зразумець яго незвычайны сэнс ці кіраваць яго цьмянай сілай. Але мы сустрэліся, і лёс прывёў нас да алтара, і ніколі я не казаў пра жарсць і не думаў пра каханне. Яна пазбягала людзей і, прысвяціўшы ўсю сябе мне аднаму, зрабіла мяне шчаслівым, бо шчасце – у марах, шчасце – у здагадках.

Вучонасць Марэлы была надзвычайнай. Клянуся сваім жыццём, таленты яе былі не тымі, якімі хваляцца звыклыя людзі, – моц яе розуму была тытанічнай. Я адчуваў гэта і стаў яе вучнем – ва ўсіх сэнсах. Хутка я заўважыў, што яна – магчыма, з прычыны свае Прэсбургскае* адукацыі – давала мне містычныя творы, якія звычайна лічаць проста адкідамі ранняе нямецкае літаратуры. Я не мог зразумець прычыны таго, але яны былі ўлюбёным і заўсёдным прадметам яе вывучэння, а з часам сталі і маім, што можна патлумачыць простым, але ўладным уплывам звычкі і прыкладу.

Ва ўсім гэтым, наколькі я ведаю, розум мой не браў ніякага ўдзелу. Мае перакананні – ці я забываюся? – ніяк не закраналіся ідэальным, і ніякае адценне містыцызму, пра які я чытаў, – ці я памыляюся? – не афарбоўвала маіх думак і ўчынкаў. Упэўнены ў гэтым, я цалкам аддаўся кіраўніцтву свае жонкі і з непахіснаю рашучасцю рушыў у лабірынт яе заняткаў. А потым – потым, калі, схіляючыся над забароненымі старонкамі, я адчуваў, як забаронены дух абуджаецца ўва мне, – Марэла клала сваю халодную руку на маю і наварушвала ў попеле мёртвае філасофіі некалькі прыглушаных, дзіўных словаў, чыё цьмянае значэнне выпаленае ў маёй памяці. А потым, гадзіну за гадзінай, я ўсё сядзеў ля яе і цалкам аддаваўся музыцы яе голасу, пакуль урэшце ў мелодыю не закрадаўся страх, і падаў цень на маю душу, і я бляднеў, і дрыжаў унутры ад гэтых звышнатуральных гукаў. Так радасць раптам зрыналася ў жах, і найчароўнейшае рабілася найагіднейшым, як Гіном стаў Геенай*.

Няма неабходнасці падрабязна апісваць гэтыя даследаванні, якія, пачаўшыся са згаданых мной трактатаў, сталі адзінай нашай – маёй і Марэлы – тэмай для размовы. Хто вывучаў тое, што можна назваць тэалагічнай этыкай, лёгка ўявіць іх сабе, хто не вывучаў – наўрад ці іх зразумее. Неўтаймаваны пантэізм Фіхтэ, Παλιγγενεσια[6] піфагарэйцаў і асабліва вучэнне Шэлінга пра тоеснасць* былі найбольш прывабнымі тэмамі для багатага ўяўлення Марэлы. Тоеснасць, якая называецца асабістай, містэр Лок* слушна, на мой погляд, вызначае як нармальнасць разумнае істоты. І калі пад асобай мы разумеем істоту, якая мысліць, і калі свядомасць заўсёды ідзе з мысленнем поруч, гэта і ёсць тым, што робіць нас «самімі сабой», тым, што аддзяляе нас ад іншых існаванняў, якія таксама мысляць, і надае нам асабістую тоеснасць. Але principium individuationis,[7] ідэя гэтае тоеснасці, якая пасля смерці страчваецца ці захоўваецца навечна, заўжды выклікаў ува мне нястрымную цікавасць, хутчэй нават не праз свае дзіўныя наступствы, а праз усхваляванасць, з якою Марэла згадвала пра гэта.

Але прыйшоў час, калі таямніца мае жонкі пачала прыгнятаць мяне, бы ліхі заклён. Я не мог больш трываць дотыкаў яе бледных пальцаў, ціхае музычнасці яе мовы, бляску яе сумных вачэй. Яна заўважала гэта, але не дакарала: яна нібы ведала пра маю слабасць ці маю неразумнасць і, усміхаючыся, называла гэта лёсам. Яна ведала, мабыць, і невядомую мне прычыну майго паступовага адчужэння, але ніколі нават не намякала мне на яе сутнасць. Усё ж яна была жанчынай і чэзла з кожным днём. Прыйшоў час, калі чырвань заліла яе шчокі і блакітныя жылкі выступілі на бледным ілбе. І тады мяне ўсяго на момант ахапіла шкадаванне, але тут жа я сустрэў яе шматзначны позірк, і зноў дух мой саслабеў і галава закружылася, нібы я зазірнуў у змрочную недасяжную бездань.

Ці трэба казаць, што я неадступна і палка прагнуў смерці Марэлы? Я прагнуў, але кволы дух чапляўся за зямную абалонку шмат дзён, шмат тыдняў і надакучлівых месяцаў, пакуль мае скатаваныя нервы не адолелі розум. Мяне ятрыла гэтая затрымка, і злым сваім сэрцам я пракляў горкія дні, гадзіны і імгненні, якія ўсё расцягваліся, як цень пры канцы дня, пакуль слабела яе пяшчотнае жыццё.

Але адным восеньскім вечарам, калі вятры сціхлі ў нябёсах, Марэла паклікала мяне да свайго ложка. Над усёй зямлёй была слабая смуга, і гэткая ж над вадою, і вясёлка ўпала з небасхілу ў лісце кастрычніцкага лесу.

– Гэта дзень між дзён, – сказала яна, калі я наблізіўся, – дзень між дзён, калі прыходзіць жыццё альбо смерць. Гэта дзень сыноў зямлі і жыцця – і таксама дзень дачок нябёсаў і смерці!

Я пацалаваў яе лоб, і яна працягвала:

– Я паміраю, але ўсё ж буду жыць.

– Марэла!

– Не было дня, калі ты любіў мяне, – але калі ты жахаешся жывой, то памерлай будзеш захапляцца.

– Марэла!

– Кажу яшчэ раз, я паміраю. Але ўва мне спее плод тае прыязнасці – такой малой! – якую ты адчуваў да мяне, Марэлы. І калі адыдзе мая душа, дзіця будзе жыць – тваё дзіця і маё, дзіця Марэлы. Але твае дні будуць днямі смутку – смутку, які доўжыцца даўжэй за ўсе пачуцці, як кіпарыс жыве даўжэй за ўсе дрэвы. Гадзіны твайго шчасця злічаныя, а радасць не прыходзіць у жыццё двойчы, як ружы Пестума* квітнеюць двойчы на год. Ты больш не будзеш, як тэосец*, радавацца гадам, што мінаюць, але, забыўшыся на мірт і віно, будзеш несці свой саван па жыцці, як мусульмане ў Мецы.

Назад Дальше