Бяздзетныя Садоўскія хлопчыку шчыра ўзрадаваліся.
– Усё ж такі наважыліся? – запытаў Садоўскі. – Калі б не прывезлі, зрабілі б вялікае глупства: усе кажуць, што такога добрага настаўніка, які цяпер у Вончы, ва ўсёй акрузе няма. Не бойцеся, кепска ў нас хлопцу не будзе. Паглядзіце, да Калядаў во такі мардаты будзе, – расцягнуў ён пальцамі шчокі. – А ў вас там як? Уладзь ужо ходзіць, не кульгае?
– Ходзіць-ходзіць. А Бронік, дзякуй Богу, перастаў крывёй плявацца.
Запісу трэба было чакаць да вечара – менавіта тады ў школе ўжо некалькі тыдняў праходзілі ўрокі, а Садоўскі ведаў, што пан настаўнік падчас лекцыі новых вучняў не запісвае.
Пасля пятай гадзіны яны пайшлі ў школу ўтраіх з Садоўскім.
Міхаіл Іванавіч Грывень прыняў іх за сталом у сваім пакоі, праглядаючы сшыткі. Гэта быў шатэн сярэдняга росту гадоў дваццаці пяці. На ім былі шаўровыя боты з бліскучымі халявамі, цёмна-сінія нагавіцы, цёмная кашуля і блакітны рускі пояс з кутасамі. Валасы каротка стрыжаныя вожыкам, твар акуратна паголены, пульхныя рукі.
– Здраствуйце, гаспадзін учыцель, – павіталіся яны так, як навучыў Садоўскі – чалавек местачковы, ён ведаў расійскія тытулы і звычаі.
– Здравствуйте, – адказаў настаўнік, падпісаў правераны сшытак і падняў вочы на гасцей. – Што, вучань? Чаму так позна? Урокі ўжо два тыдні ідуць.
– Не хацелі мы хлопца голым у людзі выводзіць, а пакуль справілі яму ўсё, што належыць, час прайшоў. Дый не ведалі мы, што навука так рана мае пачацца, – патлумачыў Балашэвіч, спрабуючы як найлепей па-расійску казаць.
– А вы не з мястэчка? – угледзеўся ў іх апратку настаўнік.
– Не, з хутару, адсюль далёка.
– Ага. А колькі ж яму гадоў? – дапытліва зірнуў ён на Стаха.
– Толькі-толькі дзесяць споўнілася.
Стах не вытрымаў і шмыгануў за бацьку.
– Ну вот, такі сільны хлопец, а за бацькам хаваецца. Хадзі сюды.
Балашэвіч за руку падвёў сына да стала.
– Чаго баішся? – супакоіў Стаха настаўнік, гладзячы па галаве. – Варта смялейшым быць. У мяне ў школе хлопцы ёсць яшчэ меншыя за цябе – і не баяцца. Скажы мне, ты чытаць ужо ўмееш?
Стах кіўнуў.
– Чытае, і ўжо нават хутка, – паведаміў бацька.
– Праўда? На вось прачытай мне адсюль, – паказаў Грывень у падручніку для другога аддзела.
Стах той урывак прачытаў – ціха, баязліва і не ўсюды правільна ставячы націскі, але бегла.
– Вельмі добра, маладзец, – пахваліў настаўнік і пацягнуўся па тоўстую кнігу, што ляжала на рагу стала. – Пойдзеш адразу ў другі аддзел. А зваць цябе як?
– Стась Балашэвіч.
Па ясным і прыязным дагэтуль твары настаўніка прабегла грымаса.
– Стась… Добра… Да-да, Стась… – мармытаў ён сабе пад нос, гартаючы старонкі і ўглядаючыся ў некаторыя. – Ведаеце што, панове, – сказаў ён урэшце, – не магу я вашага хлопца прыняць. Ужо зашмат запісалася. Няма месцаў. Чаму ж раней не прыйшлі!
Ад радасці Стаху хацелася руку настаўніку пацалаваць. Садоўскі з Балашэвічам панура пераглянуліся.
– Дык, значыць, мы горшыя за рускіх? – прамовіў гарачы норавам Балашэвіч высокім голасам. – У войску аднолькава служым, падаткі тыя самыя плацім, а як у школу – дык месцаў няма. Такая ў вас справядлівасць?
– Я не магу яго прыняць таму, што вы позна прыйшлі і няма месцаў. Я па нацыянальнасці не дзялю. І палякі ў школе ёсць, і габрэі. Але ўжо запісалася больш як сто вучняў, таму не магу больш прымаць і маю на гэта права.
Садоўскі хацеў быў сказаць, што адмоўнае рашэнне Грывень прыняў пасля таго, як даведаўся прозвішча хлопчыка, але падумаўшы, хітра падміргнуў куму і лагодна прамовіў:
– Да мы, гаспадзін учыцель, знаем, што чэлавек вы правасудный, але мы пакорнейшэ вас просім. Будзьце ласкавы, прыміце і гэтага паршыўца. Як ёсць сто, дык і ён між імі змесціцца.
– Так, мы пакорнейшэ вас просім, – змяніў тон і Балашэвіч. – Будзьце ласкавы, прыміце майго хлопца. Я ручаюся, не пашкадуеце.
– Так, не пашкадуеце, – пацвердзіў Садоўскі. – Яны багатыя хутаране. Прывязуць для вашага каня цэлы воз маладой канюшыны, пару мяхоў аўса, мех грачанай мукі – першы гатунак, на бліны вам. Колькі кумпякоў вэнджаных прывязуць, масла з пуд – з дваццаццю дойнымі кароўкамі ніякіх стратаў іхнай гаспадарцы гэта не прынясе. Мёду таксама з пуд, бо на пасецы дваццаць пяць толькі старых раёў маюць, час ад часу могуць і рыбкі свежай падкінуць, а яшчэ шкуру воўчую, пад ногі паслаць пры ложку, каб, прачнуўшыся, на голую падлогу не ступаць, – шчодра пералічваў ён цудоўныя падарункі, аж пакуль кум не запярэчыў, крыва зірнуўшы ў ягоны бок.
Твар Міхаіла Іванавіча паяснеў.
– Ну, калі ўжо так настойваеце, прыму. Але каб на наступны год запісваліся трохі раней.
Яны падалі неабходныя для запісу звесткі пра хлопца, уручылі дзесяць рублёў задатку і развіталіся.
V. Заўзяты педагог
Наступнага ранку Стах прыйшоў у школу сам. Ішоў сумны, прыгнечаны, напалоханы. Упершыню ў жыцці ён застаўся адзін, без сям’і. Сэрцайка сціскалася ад тугі па доме і страху перад мужыкамі.
Хоць Садоўскія і запэўнілі, што настаўнік нікому не дазволіць яго крыўдзіць, Стах ім не надта паверыў.
У сенцах яго ахапіла яшчэ мацнейшая трывога. З-за дзвярэй класа былі чуваць піск, стук, смех, пранізлівыя крыкі, і хлопчык пачуў у гэтым водгук таго памятнага галасу падчас нападзення Нітаў на Рагі. Яму здавалася, што калі ён увойдзе, усе кінуцца на яго і пачнуць лупіць. Стах спыніўся перад дзвярыма, дачакаўся, пакуль з падворку прыйдуць яшчэ два вучні, і толькі за імі зайшоў.
Клас аж дыміўся ад рою разгарачанай дзятвы, якая барукалася, выкідвала каленцы, насілася па лаўках і гула.
Стах уціснуўся ў сцяну ля дзвярэй і спалохана пазіраў на ўсё гэта. Спачатку на яго ніхто не звярнуў увагі, але неўзабаве новага прыбыша ўбачылі і абступілі.
– Гэй, а ты хто такі, жыд ці лях? – запытаў хлапец гадоў чатырнаццаці з кірпатым носам на забіяцкім твары.
– Ды жыд гэта, – заўважыў другі. – Морды бледнай не бачыў ці што.
– Морда бледная, а боты шляхецкія, – улез трэці.
– Кажы, хто такі! – загадаў кірпаты.
Стах яшчэ мацней прыціснуўся да сцяны, злякана пазіраў на нахабаў і маўчаў.
– Я – намеснік настаўніка, ты мне мусіш адказваць, – паведаміў самы нахабны.
– Так-так, ён намеснік, – пацвердзілі ўсе прысутныя.
– Ад сцяны адліпні, – пацягнулі яго за руку. – Як зваць?
– Стась, – выціснуў хлопчык.
Пасыпаліся смяшкі і фантазіі на тэму мянушак:
– Стась! Плясь! Мазь! Гразь! Злазь!
– Ціха мне! – абсек «намеснік». – Што ў цябе тут? – паказаў ён на другі зверху гузік Стахавага палітона.
Стах зірнуў уніз, а кірпаты ў гэты час таргануў яго за нос так, што з вачэй іскры пасыпаліся. Не паспеў хлопчык нават ускрыкнуць, як нехта пхнуў яго ззаду і ягоным ілбом даў кірпатаму ў нос.
– Ах ты морда ляшская! Прыпёрся ў расійскую школу ды яшчэ і б’ешся! – зароў той і адпіхнуў Стаха ад сябе. Хлопчык адляцеў і ўдарыў яшчэ кагосьці. Там яго зноў піхнулі і так кідалі туды-сюды пад смяшкі і абразы. Стах расплакаўся ўголас.
Праз хвіліну прыйшоў настаўнік са стосам сшыткаў падпахай і кніжкамі. Пры яго з’яўленні ўсе імгненна заціхлі, выцягнуліся ў струнку і знерухомелі.
– Доброе утро, дети, – павітаўся настаўнік.
– Добрае утра, гаспадзін учыцель, – разнеслася па класе.
– Габрэі могуць выйсці. Да малітвы, – скамандаваў той, кладучы сшыткі на стол.
Паўтара дзясятка хлопцаў-габрэяў выйшла ў сенцы, астатнія разам з настаўнікам павярнуліся да кута, у бок святога абраза, і пачалі гаварыць малітвы: адзін перад самым абразом – голасна, астатнія ціха.
Калі зайшоў настаўнік, Стах шмыгануў на ранейшае месца ля сцяны і цяпер цікаўна аглядаў клас.
Па левым баку доўгай хаты стаялі ў чатыры шэрагі лавы, на пяць чалавек кожная. Па правай, у куце, з боку дзвярэй, – грубка, потым дошка, за ёю вялікі стол і крэсла, далей другая дошка і ў канцы – шафа. На версе першай дошкі былі замацаваныя вялікія літары з кардону, другую пакрывалі зямныя паўшар’і. Тынкаваныя і пабеленыя сцены абвешаныя партрэтамі цароў у прыгожых рамах. Над святым абразом у куце вісела вузкае, як ручнік, палатно, аздобленае каляровай вышыўкай.
Па заканчэнні малітвы вярнуліся габрэі, усе расселіся на свае месцы па лаўках, і пачалася праверка прысутных. Кожны выкліканы настаўнікам уставаў і абвяшчаў пра сваю прысутнасць словам «есть». У самым канцы настаўнік выклікаў Стаха.
– Станіслаў Балашэвіч.
– Я, – амаль шэптам адгукнуўся хлопчык.
– Станіслаў Балашэвіч, – паўтарыў настаўнік.
– Я тутай естэм, – вырваліся ў Стаха польскія словы.
Клас выбухнуў бурным смехам разам з настаўнікам.
– Я тутай, пане, естэм, – перадражніў апошні. – Ты што, не чуў, як іншыя адказваюць?
Стах адчуў такі балючы і раптоўны сорам, нібыта яго кіпнем аблілі. Ён праваліўся б пад зямлю, толькі б не чуць гэтага смеху, назаўсёды адмовіўся б ад усіх на свеце ўцех, калі б мог забраць назад словы, праз якія з яго рагаталі, і зняць з сябе страшную ганьбу.
– Ну ідзі сюды, чуеш мяне? – крыкнуў настаўнік.
Стах падышоў да стала пад з’едлівымі позіркамі сотні вачэй, праз несціханы рогат і насмешкі ў свой адрас. Атрымаў ад настаўніка кнігі, заняў вызначанае яму месца на другой лаўцы трэцяга шэрагу і ўперыўся ў падлогу.
Кпіны ўсё сыпаліся і сыпаліся, пакуль настаўнік не заклікаў да парадку, пачынаючы ўрок.
– Ну, досыць ужо. Ціха! Увага.
Ён раздаў двум старэйшым аддзелам сшыткі і пачаў зачытваць з лістка:
– Мікалай Баран, адна лінейка, да дошкі. Давід Драка, дзве лінейкі, да дошкі. Міхаіл Дыра, лінейка, да дошкі. Браніслаў Нядзведскі, дзве лінейкі, да дошкі. Ілёша Салавейчык, дзве лінейкі, да дошкі. Сідар Біклага, тры лінейкі, да дошкі.
Усіх выкліканых ён паставіў у рад, зняў са сцяны тоўстую дубовую лінейку – спецыяльна для пакаранняў – і кожнага біў па пальцах, падымаў руку і джгаў з размаху. Пяці вучням раздаў належнае, а Біклагу, найстарэйшага па гадах, а значыць, найвялікшага злачынцу, пакінуў на дадатковае пакаранне.
– Па месцах, аслы, – прыкрыкнуў ён на пакараных і павярнуўся да Біклагі. – Скажы мне, Сідар, як пішацца «белка»?
– Цераз «яць», гаспадзін учыцель, – прамямліў напалоханы хлопец.
– Здагадаўся? Што ж ты напісаў цераз «е»? Добра, а як пішацца «елка»?
– Цераз «яць», гаспадзін учыцель.
– Цераз «яць»?! То бок ты, тваю маць, чацвёрты год у школу ходзіш, а элементарных словаў не знаеш?! Вот табе! – і адвесіў хлопцу поўху. Потым дадаў па левай шчацэ і яшчэ раз па правай. Лаянка і абразы як з меху сыпаліся, і ён біў Сідара па твары, пакуль у таго юшка носам не пацякла.
VI. Сутычка з папом
Вярнуўшыся апоўдні на кватэру, Стах кінуўся апекуну ў ногі з роспачным крыкам:
– Дзядзечка дарагі, залаты, родны, адвязі мяне дадому! Не пайду я болей у школу. Не змагу. Заб’юць мяне там!
Садоўскі такім скаргам зусім не здзівіўся і не спытаў, што ж там у школе здарылася. Раззлаваўся, схапіў Стаха за вуха, падвёў да скуранога бізуна, які вісеў на сцяне, і спытаў:
– Што гэта?
Стах маўчаў.
– Я пытаюся, што гэта! – паўтарыў апякун, круцячы Стаху вуха.
– Плетня, – адказаў той.
– Запомні: калі ты мне яшчэ толькі пікнеш пра дом, я табе гэтай плетняй усю шкуру перапляту і завяду да настаўніка, каб паправіў. Што хочаш у мяне прасі, усё гавары, але пра дом – ні гуку.
– Дзядзечка, родненькі, мяне ў школе заб’юць.
– Як заб’юць, то пахаваем, не бойся.
Выйсця не было. Ён застаўся і з таго дня ані скардзіўся апекуну, ані хваліўся.
Першыя пару тыдняў школа была для Стаха сапраўдным пеклам. Ён не ведаў многіх расійскіх выразаў, сваімі адказамі выклікаў смех і, не могучы адважыцца супрацьстаяць нападкам, быў аб’ектам здзекаў і кпінаў усяго класа. Нават некаторыя землякі, паддаўшыся агульнаму меркаванню, глядзелі і гаварылі пра яго з пагардаю, быццам ён і сапраўды быў апошні доўбень.
Але потым стала лягчэй. Ён вызначыў узровень аднакласнікаў і ўпэўніўся, што разумнейшы за многіх. Гэта яго падбадзёрыла і дадало адвагі. «Ужо ж не горшы за іншых», – думаў ён. Калі вучань, не здольны адказаць настаўніку на простае «пяць на пяць», назваў Стаха шэршнем, хлопец агрызнуўся «аслом». Іншаму, роўнаму па сіле, смаркачу за падножку даў у нос і ўвогуле пачаў плаціць той самай манетай. Некалькі хлопцаў з суседніх лавак, што мелі горшы ад Стахавага розум, захацелі, каб ён у цяжкіх месцах ім падказваў альбо не перашкаджаў спісваць са свайго сшытка, а таму паставіліся да яго прыязна і пры патрэбе баранілі кулакамі. А для адточвання дасціпнасці неўзабаве падвярнуўся пацешны габрэйчык, і да Стаха зусім перасталі чапляцца.
Кожны тыдзень дзяцей у класе большала, але Міхаіл Іванавіч неяк усё знаходзіў вольныя месцы. І толькі з надыходам зімы ўсе лаўкі былі занятыя – на іх змясцілася каля ста трыццаці вучняў. У першым аддзеле сядзела недзе восемдзесят, у другім, Стахавым, – трыццаць тры, у трэцім – сямнаццаць, а ў чацвёртым – усяго пяцёра. Такая дыспрапорцыя тлумачылася тым, што як толькі дзіця пачынала чытаць, большасць бацькоў яго ў школу ўжо не адпраўляла або адпраўляла ненадоўга, акурат пасярэдзіне зімы. Праз тое вучань не мог засвоіць неабходныя прадметы і па дзве-тры зімы сядзеў у адным аддзеле.
Тых, хто называў сябе палякам, агулам было пятнаццаць чалавек: чацвёра ў першым аддзеле, Нядзведскі і два Паўловічы, стрыечныя браты, – у трэцім, адна дзяўчына, Галіна Аніхоўская, – у чацвёртым, і пяцёра хлопцаў у другім.
Побач са Стахам сядзеў Эдвард Мачуга. Называўся ён палякам, але апроч імені і прозвішча, нічым не адрозніваўся ад рускіх аднакласнікаў: па-польску не толькі не гаварыў і мовы не ведаў, а яшчэ і іншых перадражніваў. І такіх была большасць. Стах і Мачуга крыху пасябравалі, бо сядзелі побач. Мачуга часта зазіраў да Садоўскіх, і яны са Стахам разам рабілі ўрокі. Уважліва да іх прыслухоўваючыся, Садоўскі зразумеў, што Стах разумее болей і робіць у навучанні вялікія поспехі. Калі Ян Балашэвіч, прывёзшы частку абяцаных настаўніку падарункаў, зайшоў да кума і спытаў пра сына, кум скупа падзяліўся сваімі назіраннямі, і Ян Стаха пахваліў.
У першыя дні Стаху і не снілася, што ўсё так хутка для яго палепшае: вучні перасталі нападаць, заданні ён выконваў выдатна і без асаблівых высілкаў пазбягаў пабояў, займеў прыяцеляў, апякун і сваякі хвалілі. Толькі па Рагах Стах сумаваў вельмі і нецярпліва лічыў тыдні і дні да калядных вакацый.
За паўтара тыдня да святаў здарыўся ў яго жорсткі канфлікт з педагогамі.
Поп Максім Клімовіч, настаяцель ванчанскага прыходу, аднойчы папаўдні, расказваючы на ўроку рэлігіі «о крещении Руси», заўважыў, што Стах размаўляе з Мачугам.
– Гэй там, ты чаму не слухаеш? – упікнуў ён.
– Я слухаю ўважліва, отчэ Закона учыцель, – адказаў Стах устаючы.
– Слухаеш? А ну паўтары.
– Калі князь кіеўскі Уладзімір Вялікі зразумеў, што руская паганская вера кепская, ён выправіў у свет пасланцоў, каб шукалі дзе лепшай веры. Пасланцы абышлі свет і вярнуліся ў Кіеў, пакланіліся князю і так сказалі: «Абышлі мы свет, бачылі шмат вераў паганскіх, магаметанскую бачылі і габрэйскую, але лепшай ад грэцкае нідзе няма. Калі мы ў іхных храмах былі, дык не разумелі, на небе ці на зямлі знаходзімся…»
– Дрэнна, – перарваў поп. – Чыю яшчэ веру бачылі пасланцы? Паўтары!
– Калі князь кіеўскі Уладзімір Вялікі зразумеў, што руская паганская вера кепская, – паўтарыў Стах свае ранейшыя словы, – ён выправіў у свет пасланцоў, каб шукалі дзе лепшай веры. Пасланцы абышлі свет і вярнуліся ў Кіеў, пакланіліся князю і так сказалі: «Абышлі мы свет, бачылі шмат вераў паганскіх, магаметанскую бачылі і габрэйскую, але лепшай ад грэцкае…»
– Досыць! – крыкнуў поп. – Дрэнна. У каго яшчэ пасланцы былі, чыю веру бачылі? Ты не сказаў, што яны ў каталікоў былі.
– Отчэ Закона учыцель, пасланцы не маглі быць у каталікоў.
– Не маглі? Гэта яшчэ чаму?
– Калі б пасланцы ў каталікоў пабывалі, Русь бы каталіцкую веру, а не грэцкую, прыняла. Нашая каталіцкая, польская, вера ад усіх лепшая.
– Я так бачу, ты больш за мяне разумееш і гэта не я цябе, а ты мяне вучыць павінен, – абурыўся поп. – Сядай, дурань, – і ўваліў Стаху ў лоб важкую пстрыку.