Таму так прыцягвае Шаўчэнку магія паэтычнага слова, якая валодае здольнасцю абуджаць міфапаэтычнае мысленне, выклікаць з глыбіняў памяці пачуццёвыя асацыяцыі, бачныя ва ўяўленні вобразы, патухлыя галасы… Слова творыць сістэму духоўнага ўзаемадзеяння паміж паэтам і яго народам. Шаўчэнка адчувае эстэтычную неабходнасць абуджэння індывідуальнай духоўнай энергіі, якая ўлівалася б у працэс нацыянальнага самаўсведамлення народа. Таму ён пасылае свае думы ва Украіну, туды, дзе яшчэ жывая народная душа, сагрэтая родным словам, хай і не друкаваным, але моўленым, спяваным, малітоўным…
Сваё духоўнае «я» ён нібы аддзяляе ад сябе, асуджанага на фізічнае быццё ў халодным ненавісным Пецярбургу, і адсылае яго ва Украіну з прароцкай місіяй абуджаць нацыянальную свядомасць.
Шаўчэнка ведае, што ён абавязаны гэтым вышэйшым, боскім поклічам адбыцца ва Украіне, – вяртанне ў «нашу Украіну» непазбежнае. Успомнім «Запавет». Але для яго яшчэ больш важна вярнуць, паслаць ва Украіну сваё Слова.
Дні дваццаціпяцігадовага Шаўчэнкі, вучня Акадэміі мастацтваў, кіпяць прагай пазнання – ён вывучае французскую мову, наведвае тэатры, мноствам кніг пашырае межы свайго гістарычнага мыслення. Чытае пра мінулае Украіны ў працах Д. Бантыш-Каменскага («История Малой России…»), М. Маркевіча, творах Гогаля, вывучае «Історію Русів», захоплена перачытвае І. Катлярэўскага, Г. Квітку-Аснаўяненку, Я. Грэбінку… Яго трывожыць забыццё народам свайго слаўнага і свайго няшчаснага мінулага.
Дзе падзелася казацтваЎ жупанах чырвоных?Куды гетманы прапаліРазам з доляй-воляй?Дні пралятаюць віхурай у спешцы наведаць модны літаратурны салон, канцэрт, прэм’еру ў тэатры, мастацкую выставу… Але маладая душа пакутуе, думкі раздзіраюць спакой вячэрняй адзіноты і кладуцца «на паперы сумнымі радкамі»…
Паэту цяжка са сваімі думкамі, якія «ліха на свет на смех спарадзіла». Ён пытае ў сябе, у свайго лёсу: навошта любіў, навошта даглядаў іх – свае кветкі, сваіх дзяцей, навошта з імі плакаў? Ці знойдзецца ў свеце хоць адна душа, адно «дзявочае сэрца», «што аплача гэтыя думы»?
Адну слязу з вачэй карых —І… пан над панамі!..Шаўчэнка хваравіта перажывае, куды падзець свае думы, якія ён так любоўна гадаваў, даглядаў?
Ва Ўкраіну йдзіце, дзеці!У нашу Ўкраіну,Бы няшчасныя сіроткі,А я тут загіну.У пачатку 1840 года паэт прароча сведчыць: яго паэтычныя думы, яго песні, яго кветкі-дзеці пойдуць ва Украіну, а сам ён тут, у імперскай сталіцы, загіне.
Тады ж Шаўчэнка малюе алейнымі фарбамі першы аўтапартрэт. Рамантычны, пышнавалосы, з вострым позіркам вялікіх цёмных вачэй, рэзкія «хвалі» неспакойных броваў, моцна сціснутыя вусны – колькі душэўнага напружання, валявой рашучасці і творчай дзейнасці выпраменьвае гэты пластычна дасканалы вобраз мастака! Сіне-зялёныя тоны адценьваюцца чырвоным пробліскам гарачага дыхання неўміручасці.
У канцы 1839 года Я. Грэбінка пазнаёміў Шаўчэнку з украінскім памешчыкам П. Мартасам, якому захацелася мець свой акварэльны партрэт. Падчас сеансаў П. Мартас убачыў рукапіс вершаў маладога мастака і вырашыў аплаціць выданне твораў Шаўчэнкі.
18 красавіка 1840 года ў Пецярбургу з’яўляецца на свет першы зборнік паэта пад назвай «Кабзар», рукапіс якога да друку падрыхтаваў Я. Грэбінка. У кнігу ўвайшло восем твораў: «Думи мої, думи мої…», «Перебендя», «Катерина», «Тополя», «Думка» («Нащо мені чорні брови…»), «До Основ’яненка», «Іван Підкова», «Тарасова ніч». Нягледзячы на цэнзуру і выкрэсліванні ў «Катерині», у вершы «До Основ’яненка» і паэме «Тарасова ніч», гэта была вялікая духоўная перамога паэта над маўчаннем, якое неміласэрнай перашкодай стаяла на шляху да творчага самаздзяйснення. Шаўчэнка стварыў кнігу – духоўнага ваяра, якому даверыў барацьбу за чалавечыя душы, здранцвелыя ў бяздзейнай адзіноце. Адпраўляў малады Шаўчэнка свае думы – «кветкі мае, дзеці!» – ва Украіну ў вобразе народнай кнігі, напісанай на мове свайго народа. Адпраўляў у надзеі-перакананні:
Стрэнеце там шчырасць сэрцаСа словам ласкавым,Стрэнеце там шчырасць-праўду,Яшчэ, можа, й славу…Унутрана самотны паэт уяўляў сябе кабзаром, старым Перабендзяй, які спявае ў стэпе на кургане, сумуючы, што вецер па полі развее яго словы.
Каб людзі не слухалі Боскае слова,Што сэрцу пра волю ад Бога гучыць,І сэрца шчабеча Гасподнюю славу,А думка на хмары па свеце ляціць.Няма ў Шаўчэнкі ўпэўненасці ў тым, што ягонае слова запаліць у сэрцах людзей іскру сумненняў і разважанняў аб сваім нявольніцкім лёсе. У снежні 1844 года ён піша вершаванае пасланне Гогалю, якога не аддзяляў ад украінскага этнакультурнага арэала:
Каму ж яе пакажу я,І хто тую мовуПрывітае і пазнаеВялікае слова?Людзі зглухлі і паніклі:У ярмах – не ў лаўрах…Ты смяешся, а я плачу,Вялікі мой сябра.Каб, у надзеі на даверную размову, бліжэй прыхінуцца да чытача, малады Шаўчэнка перадавярае свае думы «бяздольнаму старому кабзару», якога прывыклі слухаць па вёсках, верылі яго кобзе, яго думе. І сёння гэты стэрэатып успрымання Шаўчэнкі – у вобразе старога кабзара ў смушкавай шапцы, у цяжкім кажусе, змрочнага і сярдзітага гайдамацкага мсціўца, пераважае. А паэту было ўсяго дваццаць чатыры гады, калі ён напісаў «Кацярыну», «Гайдамакі» былі завершаны на 26-м годзе жыцця.
Гайдамаччына – гэта апошняе парыванне ўкраінскага народа атрымаць свабоду, гэта трагедыя даведзенага да роспачы прыгнечанага народа, які ў шалёнай празе помсты за здзек губляе маральныя засцярогі і не зважае на Божыя запаведзі. Шаўчэнка хваравіта перажывае гэты немы крык заняволенага народа, што выбухнуў гневам «за святую праўду-волю» і асудзіў сябе на шматгадовыя бязмежныя пакуты:
У старых спытаю:«Чаго, бацькі, сумуеце?»«Нявесела, сыне!Дняпро на нас раззлаваўся,Плача Украіна…»Слова, якое толькі плача, у смутку і тузе калыша ўспаміны, а не акрыляе дух, не напаўняе чалавека і нацыю энергіяй самаздзяйснення, – для паэта мёртвае.
Шаўчэнкавае слова ўваскрашае гістарычныя падзеі, факты такімі эстэтычнымі сродкамі, каб спачатку разбурыць стэрэатыпы іх успрымання, а затым гэтую падзею або факт падаць у новай інтэрпрэтацыі. Для гэтага паэт пашырае карціну першапрычын і развіцця з’явы. Вымярэнні гісторыі, іх свядомае сутыкненне ў Шаўчэнкі накіраваныя на тварэнне цэласнага ўяўлення аб той ці іншай падзеі, з’яве, фігуры (Хмяльніцкі, разбурэнне Сечы, Калііўшчына). Асэнсоўваныя Шаўчэнкам падзеі нібы ахутваюцца духоўнай энергіяй унутранага ўгадвання-спазнання ім сапраўдных глыбінь і зместу гістарычных з’яў і працэсаў. Так, у паэме «Гайдамакі» паэт «паварочвае» падзеі мінулага трагічным бокам і пераасэнсоўвае ўражанні і «сведчанні» ўдзельнікаў Калііўшчыны. Ён перарывае плынь гістарычнага аповеду, каб, уплятаючы ў яе тканіну глыбокія аналогіі, асацыяцыі і ўласны ацэначны погляд, стварыць рухомую сістэму мастацкіх сувязяў, якая нараджае новыя ўспрыманні і ацэнкі.
Гайдамацкі «чырвоны баль» па ўсёй Украіне – для Шаўчэнкі не толькі справядлівая помста за прыгнёт і здзекі, але і глыбокая рана ў душы і свядомасці ўкраінскага народа. Яго трагедыя заключалася таксама ў супрацьстаянні праваслаўнай і ўніяцкай веры, у рэлігійнай раз’яднанасці этнічных украінцаў, якую ўсяляк узмацняла і культывавала польская шляхта. З глыбокім болем піша паэт пра жорсткае ліхалецце:
Не спыніла завірухаПякельнае кары…Пекла мала!.. Людзі, людзі!Калі ж досыць будзеТаго дабра, што маеце?Дзіўныя ж вы, людзі!Не спыніла вясна крыві,Ні злосці людское…Шаўчэнка славіць правадыроў свайго народа за іх ахвярнасць, мужнасць і сілу духу, за веру ў незалежную Украіну і адначасова папракае за разлад і неапраўданыя кампрамісы, за паражэнні, якія прывялі да нацыянальнага бяссілля, палітычнай пасіўнасці:
Гетманы, гетманы, калі ж бы вы ўсталі,Калі б паглядзелі на той Чыгірын,Што вы будавалі і дзе панавалі!Заплакалі б цяжка, бо вы б не пазналіКазацкае славы нікчэмных руін.Паэт рыдае, успамінаючы «справы незабытыя дзядоў нашых». Гэта «цяжкія справы», бо пралівалі яны кроў сваю, свайго народа «за Маскву і Варшаву» і перадалі сынам «свае кайданы, сваю славу!».
Вялікія творчыя намеры маладога Шаўчэнкі і Шаўчэнкі-старэйшага, бязлітасна прыгнечанага шматгадовай няволяй, жывуць таксама на старонках яго вядомых на сёння пяці альбомаў – нататнікаў – «штамбухаў» для малюнкаў, эскізаў і запісаў. «Я малюю цяпер Украіну, – піша Шаўчэнка 29 чэрвеня 1844 года Восіпу Бадзянскаму. – …Намалюю краявіды, што ёсць ва Украіне, ці то гісторыяй, ці прыгажосцю адметныя; у другі раз – як сённяшні народ жыве, у трэці – як ён калісьці жыў і што вырабляў».
Пакінуць Пецярбург Шаўчэнка змог толькі ў траўні 1843 года, хоць мара ўбачыць Украіну ўзбуджвала яго творчае ўяўленне і нецярпліва зазывала ўзнавіць вобраз роднага краю ў серыі афортаў «Живописна Україна».
Ён просіць грашавітых людзей, тых, хто мае «і сілу і славу» і любіць «тую краіну, што я цяпер узяўся маляваць», дапамагаць яму. Шаўчэнка верыць, што калі «добрыя людзі скінуцца і дапамогуць, тады ажыве наша краіна хоць на паперы».
Планы мастака Шаўчэнкі велічныя і патрыятычныя: «Калі б мне Бог дапамог закончыць тое, што я цяпер пачаў, ужо тады склаў бы рукі і ў труну. Было б з мяне: не забыла б Украіна мяне мізэрнага», – піша ён у лісце да Міколы Цэртэлева 23 верасня 1844 года.
Ён спадзяецца наведаць роднае сяло Кірылаўку, бліжэй пазнаёміцца з культурнымі людзьмі Украіны, пабываць у сяброў – нашчадкаў казацкай старшыны Чарнігаўскай і Палтаўскай губерняў, убачыць новаствораны ўніверсітэт у Кіеве.
На Чарнігаўшчыне паэта-мастака чакаў Г. Тарноўскі – гаспадар знакамітай Качанаўкі, дзе была сабраная вельмі каштоўная бібліятэка і вялікая карцінная галерэя.
Прайшло пятнаццаць гадоў з таго часу, як ён пакінуў Украіну. Вярнуўся вольным чалавекам, знакамітым паэтам і жывапісцам. Канец вясны, усё лета і ўсю восень 1843 года Шаўчэнка правёў ва Украіне.
На Палтаўшчыне Шаўчэнка пабываў у прыяцеля і сябра па Пецярбургу Я. Грэбінкі – уладальніка хутара Убежышча, які прывёз маладога мастака і паэта на імянінны баль памешчыцы Т. Валхоўскай, які яна давала штогод у сваім маёнтку ў вёсцы Мойсеўка. Там, на гэтай штопаўгадавой сустрэчы-свяце тагачаснай эліты Украіны, Шаўчэнку сустракалі з захапленнем як нацыянальнага паэта. Там Шаўчэнка пазнаёміўся з такімі дзеячамі ўкраінскай літаратуры, навукі і мастацтва, як А. Афанасьеў-Чужбінскі, А. Капніст, М. Маркевіч, Я. дэ Бальмен, М. Башылаў, В. Закрэўскі, П. Лукашэвіч. У Мосеўцы ён сустрэў Ганну Закрэўскую – можа, найбольшае каханне ў яго жыцці.
Ва Украіну Шаўчэнка прывёз альбом, заснаваны ў Акадэміі мастацтваў. У ім і маляваў эскізы афортаў для «Живописної України».
Ва Украіне паэт напіша яшчэ адну паэму – рускамоўную «Тризну», якую прысвяціў князёўне Варвары Рапніной.
Тады ж, у годзе 1843-м, 9 кастрычніка, Шаўчэнка ў маёнтку П. Лукашэвіча ў Беразані напісаў верш «Розрита могила» – твор вялікага нацыянальна-патрыятычнага болю і спадзявання.
Пабываў Шаўчэнка на знакамітых «кантрактавых кірмашах» у Кіеве, наведаў першага рэктара новага ўніверсітэта М. Максімовіча, пазнаёміўся з П. Куляшом. Далей яго шлях праслаўся да Мяжыгорскага Спаса, на востраў Хорціцу.
Перажыванні ад убачанага і пачутага ва Украіне былі эмацыйна глыбокімі і спарадзілі такія паэтычныя шэдэўры, як «Чигрине, Чигрине…», паэмы «Сон» («У кожного своя доля…») і «Сова». У разлуцы з Украінай, на чужыне, яна згадвалася яму ў настальгічнарамантычных фарбах. Цяпер жа, убачыўшы сумную рэальнасць, ён больш цвяроза асэнсоўвае яе сацыяльныя і нацыянальныя беды; у яго паэзіі мацнеюць выкрывальныя і сатырычныя матывы; антыпрыгонны, антыманархічны і антыкаланізатарскі пафас яго паэзіі дасягае вышынь вострых інвектыў, сатырычных экспрэсій і балесных перажыванняў.
Другі раз прыехаў Тарас Шаўчэнка ва Украіну ў красавіку 1845 года. Адправіўся ён у родны край як «вольны мастак» ад Акадэміі мастацтваў, падарожнічаў па Украіне з паўнамоцтвамі супрацоўніка Кіеўскай археаграфічнай камісіі, і яго дарогі праляглі ў Берасцечка, Астрог, Луцк, Крэмянец і Пачаеўскі манастыр, на Палтаўшчыну і на Падолле, у Нежын і ў Пераяслаў…
Якія гэта былі творча плённыя, натхнёныя месяцы і гады! Пэндзаль і аловак вабяць творчае ўяўленне Шаўчэнкі з не менш неміласэрным запалам, чым вобразнае слова.
Альбомы Шаўчэнкі маюць розны лёс – пра адны вядома больш, пра іншыя – менш, некаторыя патрапілі да прыватных асоб, іншыя – да паліцэйскіх архіваў. Апошнія былі вызваленыя з-пад арышту толькі ў 1906 годзе па хадайніцтве сенатара А. Маркевіча – сына гісторыка М. Маркевіча.
Шаўчэнкавы альбомы – суцэльныя мастацка-літаратурныя сведчанні творчага жыцця мастака, паэта, якія выяўляюць яго цікавасць да гісторыі, этнаграфіі, археалогіі, фальклору, краязнаўства. Гэта ўнікальная скарбніца, якая захоўвае невычэрпныя магчымасці для пазнання жыццёвага і творчага лёсу Шаўчэнкі, яго мастацкіх задумаў і прывабаў, захапленняў і інтарэсаў, надзей і жаданняў, яго нерэалізаваных імкненняў, якія былі так жорстка абарваныя і не адкрылі цалкам каласальных магчымасцяў духоўнай рэалізацыі нацыянальнага генія.
З асаблівай яркасцю паказалі гэтыя магчымасці кастрычнік— снежань 1845 года, калі былі напісаныя пятнаццаць надзвычай эмацыйных, палітычна вострых твораў.
19 снежня 1845 года ва Уюнішчы пад Пераяславам, гасцюючы ў прыяцеля Сцяпана Самойлава і раскашуючы сярод кніг яго багатай бібліятэкі, Шаўчэнка завяршыў паэтычны цыкл «Давидові псалми».
Вялікі сімвалічны сэнс тоіцца ў звароце Шаўчэнкі да гэтых песень, якія, па Бібліі, пастух Давід пачаў складаць і выконваць пад акампанемент псалтыры – струннага музычнага інструмента.
Аб чым думаў малады Шаўчэнка, перачытваючы ва Уюнішчы Псалтыр, які ён ведаў з дзяцінства, па якім вучыўся грамаце, які чытаў над памерлымі? Чаму менавіта гэтыя, а не іншыя (а іх у Бібліі 150, з іх 73 належаць Давіду) песні Шаўчэнка абраў для перакладу? Старажытны горад Ерусалім сімвалізуе ў Шаўчэнкі Украіну, якую ён ніколі не забудзе на чужыне. А сваю цярністую Галгофу ён прадчувае, прадугледжвае.
І калі цябе забуду,О Ерусаліме,Забыт буду, пакінутыЎ рабстве на чужыне.І язык мой анямее,Высахне, рухавы,Як забуду памянуць яЦябе, наша слава.Нацыянальная слава, веліч і хрысціянская вера хвалююць маладога паэта, і дзеля адраджэння гэтай славы і веры, дзеля адраджэння Украіны звяртае ён надзею да Бога.
Неяк Бог нам верне волю,Разаб’е няволю,– верыць Шаўчэнка, але калі? На каго спадзявацца? На аднаго толькі Бога? Духоўна знясілены, дэмаралізаваны народ чакае прарочага знака ад Бога, яго блаславення на вызваленне. І паэт, як і біблейскі Давід, літаральна патрабуе:
…Дзей, Божа,Годзе Табе спаці,Нашых горкіх слёз не бачыць,Боль наш забываці!Кангеніяльна ўзнаўляючы пафас Давідавых псалмоў, Шаўчэнка запытальна размаўляе з Усявышнім, заклікае яго звярнуць свой погляд на прыгнечаны народ, які не адчувае сіл, каб падняцца з каленяў і атрымаць свабоду.
Скарылася душа наша,Ліха ў нашых хатах!Устань, Божа, памажы намЗноў паўстаць на ката.Завяршаецца цыкл псалмом 149-м – своеасаблівым гімнам радасці, выкліканай вызваленнем з Вавілонскага палону. Персідскі цар Кір у 538 г. да н. э., заваяваўшы Вавілон, дазволіў габрэям вярнуцца на родную зямлю. Яны вярнуліся, каб аднавіць уласную дзяржаву і адрадзіць сваю веру.