Вараціш-гара - Латышкевіч Маргарыта


Маргарыта Латышкевіч

Вараціш-гара

© Латышкевіч, М, 2019

© ТАА «Электронная кнігарня», 2019

Intermezzo

Ільга

Ты сумуеш каторы дзень.Па слядах тваіх крочыць іней,скроні ломіць успамін – ды нерасступаецца прыцемак сіні.Стромых сценаў зубчаты хвостаблягае тваю святліцу.Сон, твой доўгачаканы госць,ноччу стукае ў аканіцы.Сёстры раніцаю пяюцьсерабрыстымі галасаміпра вясельны баль, пра бяседны гуд —і твой сон-успамін згасае.Колькі можа цягнуцца ніцьу клубок сярэбранай поўні?Хіба можна кагось забыць,але ўсё ж – забытага – помніць?Ты сумуеш – адно па кім?У клетцы жаласна ўсхліпне зяблік,і ў руку, быццам спелы ўспамінляжа самы звычайны яблык.

Fuga a 2 voci.

Вараціш–гара

Аповесць

Гэта быў яблык.

Самы звычайны, падрумянены сонцам, наліўны, цяжкі, з кароткім сухім хвосцікам.

Спелы хрусткі яблык.

– Салодкі, быццам першае каханне, – сказала ёй старая гандлярка, ласкава ўсміхаючыся. Вецер трапаў гандлярчыну блакітную хустку, і колькі русявых пасмаў наліпла ёй на потны лоб, амаль бронзавы ад загару. Вакол светлых вачэй павуцінкамі пазначыліся дробныя смяшлівыя зморшчынкі, на белай кашулі, на хвартуху чырвоным і чорным ззяла вышыўка. Зоркі, і птушкі, і дрэвы, і кветкі прарастаюць адно з аднаго, змешваюцца, блытаюцца.

Блытаюцца – зусім як думкі.



Ільга ўважліва глядзела на яблык у сваёй руцэ, на самы звычайны надкушаны яблык, сакавіты, з пяшчотным мядовым духам. І ўвесь кірмаш, шумны, поўны руху, і колеру, і чалавечых галасоў, як бы выцвіў, як бы застыў.

– …быццам першае каханне!..

Яблык сапраўды быў салодкі, але Ільзе да горла падкаціла горыч – даўняя, палыновая, невыносная. Выплыла з глыбыні, ускіпела на павеках, балюча апякла шчокі. Здзіўленая Ільга ацірала горкія слёзы рукавом цяжкой аксамітнай сукні, а слёзы ўсё не сціхалі, ліліся шчодра, быццам назапашваліся ў ёй доўга–доўга, быццам стрымліваліся нечым, быццам застылі ў грудзях кавалкам лёду, а зараз расталі і лінулі вонкі, нястрымныя, як рака, што прабіла плаціну.

Слёзы лінулі, выліліся, вырваліся. Унутры засталася пустка, страшная, ледзяная, ад якой трывожна сціскала сэрца, ад якой ажываў неспакой. І птушкай білася ў галаве не думка нават, а яшчэ толькі цень думкі: нешта знікла. Нешта было – і прапала, сцерлася з памяці. І ад гэтага так балюча і страшна.

Колеры і гукі патроху вярталіся, ажывалі, а вось дзіўнае адчуванне страты не сыходзіла, горыч не ападала. Гандлярка яблыкамі, пабачыўшы Ільзіны слёзы, жахнулася і ажно змянілася з твару:

– А дзетачкі, а што ж гэта такое? Ці ж не салодка? Ці ж не смачна?..

За спінай у Ільгі вырасталі ўзброеныя княжыя воі – тая абавязковая ахова, без якой ёй цяпер анідзе ходу не было. І гандлярка, падобна, так захвалявалася, заклапацілася менавіта з гэтай прычыны.

– Смачна, – азвалася Ільга глуха. І яшчэ раз працерла твар рукавом, змушаючы сябе сціхнуць. Намацала ў паясным кашалі срэбную манету, кінула на прылавак. Гандлярка расплылася ва ўсмешцы, закланялася, прыціскаючы рукі да сэрца, заўсміхалася. Усмешка, праўда, было не такой, як раней, бо вочы засталіся напружанымі, заклапочанымі. Вочы ў яе болей не смяяліся.

Зрэшты, за апошнія два гады да такіх усмешак Ільга паспела звыкнуць.

Яна павольна пакрочыла далей. Грызла яблык, насцярожана прыслухоўваючыся да смаку, спрабуючы зразумець і, калі не ўспомніць, дык хоць здагадацца, чаму раптам навалілася скруха, і чула, як двое дружыннікаў цяжка крочаць за ёю. І вясёлы кірмашовы люд, зазірнуўшы ёй за спіну, рассыпаўся, расступаўся перад Ільгай, расцякаўся на дзве ручаіны. Да гэтай усеагульнай халаднаватай паважлівасці, мусіць, таксама трэба было б звыкнуць, але яна не магла. Іншым разам Ільга зазлавала б. але зараз куды больш важна было ўспомніць.

Успомніць, аднак, не атрымлівалася. У памяці зеўрала, патыхала зімовым холадам ледзяная пустка, быццам штосьці было бязлітасна выдрана з коранем, і гэтая пустка была вусцішнай безданню, зазірнеш – і галава закруціцца. Ільга хмурылася, кусала вусны, напружана ўспамінаючы. Не дамаглася анічога: бездань была неадольная. Адзінае, што было ясна, што адчувалася сэрцам: там, у прадонні памяці, хавалася, апроч усяго іншага, нешта нядобрае, нешта амаль непапраўнае.

А вакол быў кірмаш. Адзін з тых, шумных і тлумных, калі, ідучы праз натоўп і размаўляючы са спадарожнікам, не пачуеш ані яго, ані самога сябе. Калі вакол стракацяць стужкі і б’юць паветра, быццам птушыныя крылы, каляровыя сцяжкі, калі вакол кружэнне, і рух, і смех, і абрыўкі музыкі ды спеваў. У гэтым радасным кружэнні Ільга раптам адчула сябе чужой, пакінутай і самотнай, жудасна адной ды безабароннай, нягледзячы на ўзброеную ахову, і ледзьве зноўку не расплакалася.

Але стрымалася, сціснула зубы. Успомніла, што ўсё пачалося з яблыка – а значыць, запаветная выратавальная нітачка зараз у яе руцэ.

Яблыні раслі побач з хатай, дзе яна нарадзілася і вырасла. Цвілі белай завеяй штовясну, спелі чырвонашчокія яблыкі пад восень. Але ані той хаты, ані тых яблыняў зараз не засталося: усё згарэла, усё развеялася попелам у адну страшную ноч. Ільга добра памятала і полымя з неба, і цень на зямлі, што быў цямнейшы за саму ноч, і людскія крыкі, жах і смерць вакол. Але тых мёртвых і тыя страты яна ўжо аплакала, папялішча зарасло травою, і зараз туды нават вярнулася колькі сямей з былых Лыцавічаў, разбураных цмокам. Ільзе вяртацца не было куды, і два гады таму яна засталася ў Вугерцы, пры княжым двары.

Ільга прыпынілася. Тут, за шатрамі гандляроў, паставілі доўгія лавы, і на лавах ужо цясніліся дзеці. А па–над белымі, русымі, рудымі галовамі ледзь відно было сіні выцерты плашч ды нязграбны вастраверхі капялюш. Дзіцячыя галовы, быццам сланечнікі за сонцам, паварочваліся, прагна лавілі кожны рух, кожнае слова. Бледны падлетак у двухколерным камзоле прабіраўся між лаваў са слухачамі, збіраў медзякі ў рэшата. Ільга таропка ўкінула і сваю манетку.

Словы падалі з белай даўжэзнай барады, з–пад доўгага кручкаватага носа, аздабляліся ўсплёскамі гусляў, калі на струны апускалася высахлая старэчая далонь. Словы былі адмысловыя, складаліся ў казку пра цмока ды князёўну. Праўда, гэтую князёўну ніхто не ратаваў: перад тым як зажыць доўга і шчасліва, цмока яна перамагала сама, але дзецям, здаецца, так нават болей падабалася.

Зрэшты, так і было. Ільга сапраўды перамагла таго цмока. Праўда, Ільга не была князёўнай – але ў казках, здаецца, ёсць такая завядзёнка.

– Не–князёўна, – прамармытала Ільга. У гэтым слове, як і ў яблыку, таксама хавалася амаль нябачная нітачка памяці. Таму, згледзеўшы вольнае месца, Ільга прысела побач з чародкай дзяцей. Глядзела на старога гусляра, падпіраючы падбароддзе рукою, слухала ўважліва, хаця гэтую казку чула ўжо, можа, добрую тысячу разоў, бо і казка была, уласна кажучы, пра яе. Словы супакойвалі, спавівалі ласкава і надзейна, утваралі вакол Ільгі надзейнае абарончае кола. Усё так і было: яна рушыла па лясной дарозе за крыважэрнай пачварай, высачыла яе ў бярлогу і разам з вугеркаўскай дружынай і Дубынічам, княжым братам, забіла цмока на Калінавым мосце. Так усё і было, і іначай быць, вядома, не магло.

І ўсё–ткі прагал ў памяці не даваў спакою. Аднойчы адчуўшы перарванасць успамінаў, Ільга ўвесь час вярталася і вярталася да гэтай бездані, як дзеці, у якіх нядаўна выпаў зуб, увесь час спрабуюць нязвыклую пустку языком. І таму, як толькі аповед скончыўся і маленькія слухачы пачалі разбягацца, яна падышла да гусляра, згорбленага і высахлага, і спытала, быццам бы той мог нешта ведаць:

– А гэта ж усё… праўда?

Стары падняў на яе твар са сляпымі вачыма, зацягнутымі бельмамі, пажаваў вуснамі. Змрочны падлетак у залатаным двухколерным камзоле, мабыць, памочнік сляпога музыкі ці яго вучань, змерыў Ільгу позіркам і непаразумела прыўзняў бровы: мабыць, пазнаў і здзівіўся, чаму яна пытаецца пра саму сябе.

– Пакуль у гісторыі вераць, дзяўчынка, – сіпла адказаў стары, перадаючы гуслі памочніку, – яны і ёсць праўда.

– А што… – Ільга змяшалася і ледзь прымусіла сябе працягваць, настолькі дзіка гэта прагучала нават у галаве: – Што, калі ёсць… дакладней, мусіць быць яшчэ адна праўда? Проста пра яе не атрымліваецца ўспомніць?

Гусляр прысвіснуў, прыўзняў кусцістыя бровы і пачасаў у патыліцы, ажно скасавурыўся востры капялюш на ружовай лысіне. Пасля стары шумна ўцягнуў у сябе паветра і ахінуў сябе ахоўным знакам.

– Я, дзяўчынка, проста бедны музыка, – мовіў гусляр паўшэптам. – Тое, пра што ты кажаш… праўда, якая мусіць быць, але якую забылі… Гэта не для чалавечага розуму. Не нам з табой пра такое задумвацца.

– Але… – пачала была разгубленая Ільга, але змрочны падлетак, падскочыўшы, рашуча перапыніў яе:

– Чула, што майстра сказаў? Адчапіся, няма чаго тут!

Ільга сціснула кулакі. А падлетак дапамог свайму майстру падняцца на ногі, і абодва сышлі – настолькі таропка, наколькі маглі. Гусляр абапіраўся свайму памочніку на локаць і штосьці горача нашэптваў, а падлетак увесь час аглядаўся на Ільгу – з падазрэннем і незадаволенасцю, быццам яна сказала нешта не проста дурное, але і неймаверна небяспечнае.

Тым часам над каляровымі шатрамі ўзвіліся паветраныя змеі – пярэстыя, даўгахвостыя, абвешаныя стужкамі. Дзіўна было вось так стаяць побач на застаўленым лавамі між шатрамі пятачку – плешы ў густым і шумным натоўпе. Стаяць, закінуўшы галаву, і глядзець на тых, хвастатых, што падскоквалі, ныралі і танчылі на хвалях ветру. Ільга загледзелася, на імгненне забыўшыся пра ўсё на свеце, і адчула, што вось–вось павінен перакінуцца праз бездань ва ўспамінах трывалы і надзейны мост, і стане ўсё так, як трэба, так, як павінна.

Адзін з вояў–ахоўнікаў асцярожна крануў яе за рукаў.

– Васпані, – сказаў няголасна, паважліва. – Мусім вяртацца.

І ўяўны мост, які, здаецца, працягнуўся праз памяць, абрынуўся ў прадонне. Ільга незадаволена зморшчыла нос, але, зірнуўшы на нізкае сонца, пакорліва паківала. Сапраўды, трэба было вяртацца, прапіхвацца праз вясёлы шумны натоўп, які з кожнай хвілінай толькі большаў. Ільгу даўно чакала карэта з княжым гербам і пара сівых коней.

У падсіненым паўзмроку цёмны княжы замак, набліжаючыся, навальваўся амаль невыносным цяжарам, і хацелася збегчы, уцячы назад, туды, дзе віраваў і сыпаў урыўкамі песень кірмаш. Ільга трэслася ў карэце, сцяўшы зубы, увабраўшы галаву ў плечы, і стрымлівала сябе высілкам волі, супакойвала сябе і самой сабе здзіўлялася.

За замковымі варотамі чакаў усхваляваны княжыч. Пабачыў Ільгу, у два крокі апынуўся побач, падхапіў пад руку, дапамагаючы выбрацца з карэты. І загаварыў, што так жа нельга, што мала што можа здарыцца, што кірмаш – не самае лепшае месца для шпацыру. Ільга слухала яго і ўспамінала: два гады таму, калі яна прыехала ў Вугерку разам з Тамашам Дубынічам, князевым братам, Алізар вось так жа сустракаў дружыну за замковымі варотамі. І, пабачыўшы Ільгу побач з Дубынічам, сумеўся, пачырванеў і не мог вымавіць ані слова. А пасля дні тры хадзіў за ёй, назіраючы здаля, аглушаны і прыціснуты гучнай Ільзінай славай змеяборцы, і аніяк не мог адужаць сваю маўклівасць, калі яны сутыкаліся ў цесных замкавых калідорах ці за ўрачыстым сталом. Дубыніч, які, здаецца, самым першым заўважыў пакутлівае маўчанне і нязграбную сарамлівасць пляменніка, рагатаў і строіў кепікі з іх абаіх – з Алізара ды Ільгі. А княжыч толькі чырванеў, хмурыў чорныя бровы і, нарэшце, раз’юшваўся і імкліва выскокваў з–за стала, паваліўшы пазалочанае крэсла. Праз тыдзень нават выклікаў дзядзьку на двубой – на поўным сур’ёзе, за непавагу да дзевы ды абразу. І, паколькі Тамаш Дубыніч спачатку аніяк не мог разагнуцца ад смеху, так–такі патрапаў старога воя. Пасля, вядома, раз’юшыўся ўжо Алізараў дзядзька і па–свойску надаваў малому кухталёў.

– Настырны, гонару і адвагі бясспрэчнай, – казаў пра пляменніка Дубыніч у выніку. І дадаваў не без шкадавання: – Але дурны ж як пень, каб яго трасца.

А княжыч, як толькі акрыяў пасля таго свайго не надта ўдалага двубою, прыйшоў да Ільгі і мовіў, хвалюючыся, так: ён цяпер будзе абараняць Ільгу ад любой шкоды і крыўды, ад каго б тое ні сыходзіла. Ільга перад тым якраз практыкавалася ў мечным баі разам з княжымі дружыннікамі і, потная і брудная, толькі чмыхала, лацвей перахопліваючы драўляны шчыт з груба намаляваным вугеркаўскім мядзведзем. Алізар жа быў вельмі сур’ёзны, хаця і пяшчотна ружавеў і старанна адводзіў вочы, і толькі знервавана патрэсваў густымі цёмнымі кудзерамі.

Да князя ўсё гэта дайшло пазней, дакладней, князь захацеў звярнуць на гэта сваю ўвагу адно месяцы праз тры, калі не звярнуць увагі было нельга, бо пра Алізараву непрыхаваную прыхільнасць пачалі гаварыць усе: і ў замку, і ў Вугерцы, і нават у ваколіцы. Князь паклікаў да сябе Ільгу, каб пагаварыць асабіста. І, калі яна прыйшла так, як была – то бок, як практыкавалася з дружынай у двары, – здаецца, нават трохі здзівіўся, быццам чакаў пабачыць нешта зусім іншае. Княжае здзіўленне, аднак, было добрага кшталту: ён засмяяўся і досыць мякка і прыязна пачаў распытваць пра Ільзіна мінулае, пра Лыцавічы, пра цмока і цмокаву смерць на Калінавым мосце. І вось што дзіўна: тады аніякага прагалу ў памяці Ільга дакладна не адчувала, распавядаючы пра ўсё роўна і спакойна, з непарушнай упэўненасцю, што ўсё было менавіта так, як яно помніцца і як расказваюць людзі вакол. Князь, пагутарыўшы, раптам працягнуў вялікую далонь і нечакана пагладзіў Ільгу па галаве.

– Што ж, – сказаў. – Быў у мяне адно сын, а зараз будзе і дачка. Смелая, моцная, шчырая. Чаго яшчэ шукаць?

Тады здзівілася ўжо Ільга: яна ўвогуле не зусім разумела ад пачатку, дзеля чаго ўся гэтая размова, і ўнутрана падрыхтавалася, што князь проста загадае ёй з’ехаць з Вугеркі, бо яна, Ільга, тут зусім чужая і непатрэбная, лішні рот. Але тон ягонага голасу быў такі прыязны, такі дабрадушны, што Ільга адразу ж супакоілася і з палёгкаю ўсміхнулася, прапусціўшы апошняе міма вушэй, не задумаўшыся, што князевы словы маглі б азначаць.

А азначалі яны рэч досыць дзіўную, калі задумацца, і намячалі будучыню, пра якую Ільга аніяк не задумвалася. І калі на першай жа княжай бяседзе князь з кубкам віна абвясціў пра сынавы заручыны, Ільга здзівілася не менш за ўсіх астатніх, апроч, можа, Алізара. Той, бледны, уражаны, агаломшаны нават, глядзеў то на бацьку, то на яе, і квола ўсміхаўся дрыготкімі вуснамі. і часта міргаў, і ўсё намагаўся нешта сказаць. Ільга сядзела нерухома, халаднела, разумеючы, што адбылося нешта не тое, нешта, чаго яна не хацела і не чакала. Але, мабыць, упершыню за ўсё жыццё смеласць ёй здрадзіла. Ільга паглядзела на шчаслівы прасветлены твар княжыча, на ўрачыстага і паважнага князя, які піў за здароўе будучай нявесткі, і не знайшла ў сабе сілы, каб падняцца і запярэчыць, каб разбурыць прывід новай будучыні. Ногі, быццам назнарок, саслаблі, у горле перасохла, вусны ацяжэлі, і ўсё, што яна магла рабіць – гэта сядзець і глядзець.

Выратаванне было ў тым, што і Алізар, і Ільга былі яшчэ надта маладыя: Ільзе было няпоўных шаснаццаць, а княжыч аказаўся на паўгады маладзейшы. Таму з вяселлем вырашылі пачакаць, а заадно і сабраць Ільзе пасаг. Жанчыны–чалядніцы ткалі, і пралі, і вышывалі, і шылі, падбіраючы тканіны колерам Ільзе пад твар. Апраналі яе ў дарагія сукні, туга зацягваючы шнуроўку, так што цяжка было ўздыхнуць, спавівалі валасы залатымі ніткамі, закручвалі косы, ажно торгала скуру на галаве. Ільга намагалася не думаць пра наступствы ўсіх гэтых старанных падрыхтовак, упарта збягала, вылузвалася з шаўкоў і аксаміту, з’язджала з раніцы на паляванне, з гіканнем скакала на сваёй кабылцы па ваколіцы, ледзь не да ночы прападала ў лесе, вяртаючыся з парай курапатак ці зайцоў ля сядла. Прыкладна ў той жа час князь загадаў, каб з ёй разам заўжды былі воі з дружыны, куды б ні ішла. Ільга злавалася, спрачалася, гнеўна даводзіла, што яна не дзіця, што нагляд ёй не патрэбны, што цмока ж яна неяк здолела перамагчы, але яе, вядома, не слухалі. Алізар з бацькам быў згодны і наўпрост дзівосна разважлівы:

Дальше