Валер Гапееў
І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным
Частка 1
Вечарам у сераду 15 сакавіка 2006 года прафесар Андрэй Кузьміч Мархель дачытаў у поўнай цішы кабінета апошнія старонкі работы магістрантаў Мацвея Хрысціка і Данілы Галоўчыка. Акуратна адсунуў убок аркушы, дзе-нідзе з пазнакамі алоўкам. На ягоным грубых формаў твары з’явілася задаволенасць, ён хмыкнуў і зірнуў на юнакоў, якія ўвесь гэты час сядзелі на рудой скураной канапе. Магістранты ведалі характар свайго кіраўніка, таму падчас чытання стараліся дыхаць як мага цішэй.
– Добра, вельмі добра, – Мархель паклаў цяжкую, шырокую, рыхтык рабоча-сялянскую, а інтэлігенцкую далонь на тонкі стосік паперы. – У аўторак мы з вамі сустрэнемся, да гэтага часу я сфармірую дакладныя заўвагі, будзьце гатовыя да пытанняў. Наперадзе выхадныя, адпачывайце.
Магістранты – хударлявы Мацвей, з тварам дзіцяці, які глядзіць на фокусніка, і цыганаваты Даніла – падняліся з канапы.
Прафесар выйшаў з-за стала, паціснуў абодвум рукі.
– Мацвей, беражы галаву, да сапраўднай вясны яшчэ далёка, я яна, твая галава, і табе, і мне спатрэбіцца, – пажартаваў ён, але ў інтанацыі і асабліва ў позірку Мархеля прабіліся чуллівыя бацькоўскія ноткі.
– Ды ў мяне во, валасоў многа, – трохі зніякавеў ад такой увагі Мацвей, пяцярнёй паправіўшы і насамрэч густую чупрыну доўгіх русых валасоў.
– Ага, многа, – прафесар ужо ціснуў руку Данілу. – А ты разам з галавой рукі беражы, бо як казаў адзін вядомы дзед, практыка без тэорыі сляпая, але тэорыя без практыкі мёртвая!
– Буду берагчы, Андрэй Кузьміч, – з ліслівай усмешкай адказаў Даніла. – Гэтым рукам яшчэ не адзін прыбор сабраць.
– Пад маім кіраўніцтвам адзін – абавязкова! – усміхнуўся прафесар, потым па ягоным твары прабег цень, і ён загаварыў сур’ёзна: – Сябры мае, хачу вас не тое каб папярэдзіць, але перасцерагчы. І як старэйшы сябра, і як ваш навуковы кіраўнік. Падзеі ў краіне наспяваюць не самыя прыемныя. Ужо як вы сталі на сцежку навукі, калі ласка, не збочвайце. Разумею, кроў іграе, вы маладыя, арганізм патрабуе выхаду эмоцый. Але: палітыка – не справа вучоных. Альбо – альбо. Таму не увязвайцеся ні ў якія гульні, не патрапце ў пэўныя месцы ў пэўны час. Найлепш будзе, калі ў гэтую нядзелю вашым 24-гадзінным месцам будуць вашы пакоі. Няхай з півам і жанчынамі. Няхай у вас будуць пасля ўсіх падзей учадзелыя ад гульбішчаў галовы, але – катэгарычна – ніякіх кантактаў з самі ведаеце кім ні пад якім соусам. Сваю пазіцыю рэктар агучыў недвухсэнсоўна: усякі студэнт ці магістрант будзе адлічаны за 24 гадзіны, як выявяцца хоць дробка ягонай апазіцыйнай дзейнасці. Паверце мне, тут зусім не жартачкі. Будзьце разумнымі! Усё, ідзіце.
Юнакі накіраваліся да выхаду, прафесар вёў іх позіркам, і калі дзверы адчыніліся, ён кашлянуў:
– Прабачце, яшчэ адзін момант. Непрыемны па факце.
Юнакі крутнуліся, насцярожаныя.
– Такія справы, – Мархель вінавата паглядзеў у твар кожнаму. – Аспірантура на наступны год дала мне адно месца. Колькі я ні выпрошваў, колькі ні патрабаваў, колькі ні даказваў. Фінансаванне скарацілі, і чакаецца, што яно будзе ўрэзанае яшчэ больш, бо ж… Бо ж гэтыя палітычныя гульні ў дэмакратыю выцягваюць з гэтай жабрацкай краіны апошнія сокі! – не ўтрымаўся, але ж не закрычаў, адно засіпеў ад злосці прафесар. – Прабачце за эмоцыі, – спыніў ён сябе. – Нават на абурэнне мы цяпер права не маем. Хрысцік… вам забяспечана месца. А за вас, Галоўчык, я буду змагацца, абяцаю…
Мархель кіўнуў галавой, даючы зразумець хлопцам, што размова скончаная. Яны выйшлі, асцярожна прычынілі за сабой дзверы. Доўгім гулкім калідорам універсітэта з запыленай ляпнінай на карнізах яны ішлі моўчкі, пераварваючы пачутае. Пяць гадоў ва ўніверсітэце, магістратура, разам паўсюдна, і атрымліваецца: адзін плыве далей, другі застаецца на беразе.
Высокія уваходныя дзверы будынка натужліва рыпнулі. На вуліцы ішоў невялікі снег.
– Ну, шчасліўчык, далей нам не па дарозе? – з горыччу выціснуў з сябе Даніла, укладаючы куды больш сэнсу ў сказанае, чым толькі тое, што зараз Мацвею ехаць на сустрэчы з пяцікурсніцай Маргарытай (ці Марго, як называлі яе ў вочы і за вочы).
– А? – адгукнуўся Мацвей, вынырваючы са свайго ці не заўсёднага задумення. – Ага, я паеду… Марго абяцала сёння сустрэцца, – дадаў ён вінавата.
– Ды едзь, мне што… хіба я супраць? – быццам абыякава паціснуў плячыма Даніла, а горыч прабілася не ў словах, а ў паўзах. – Сёння твой дзень, сышліся зоркі! Месца ў аспірантуры атрымаў, намалёўваецца перспектыва стаць зяцем акадэміка. Не жыццё – талерачка з маслам.
– Ай, кінь, – усміхнуўся дабрадушна Мацвей. – Марго… Мабыць, я не падыходжу да іх сям’і. Яны ж там – інтэлігенты ў пятым калені, а мы з табой – з сямей простых, з райцэнтраў правінцыйных.
– І яна цябе распытвала пра твой радавод? – з іроніяй пацікавіўся Даніла.
– Пытала, канешне, і пра сваіх з гонарам казала… А я са сваіх усяго дзядоў ведаю, прыкра было, – згадаў Мацвей. – Пра прадзедаў і не пытаўся ў маці… Ну, я пабег…
Хлопцы падышлі да метро. Мацвей махнуў рукой, паправіў заплечнік і подбегам спусціўся па прыступках. Даніла глядзеў яму ўслед і міжволі сківіцы яго сціснуліся, ўздрыгвалі жаўлакі. Яму было не тое што крыўдна – ён у нейкі момант здрыгануўся ад думкі, што гатовы кінуцца ўслед за сябрам і спіхнуць яго з платформы пад цягнік.
Каб вызваліць сабе дарогу. Бо Мацвей яе засціў.
Але пасунуўся далей па тратуары – да прыпынку аўтобуса, каб праз паўгадзіны апынуцца ў цесным пакоі інтэрната.
Даніла зайшоў у калідорчык, пачуў, што ў суседнім пакоі гучыць музыка – там жылі два пяцікурснікі, з якімі не тое каб сябраваў, але адзін з іх, Андрусь, гэтакі мацак-паляшук з вясковым тупаватым тварам, граў на ўсім паверсе немалую ролю ў жыцці інтэрнатаўцаў. У яго заўсёды вадзіліся грошы, мог пазычыць на самы розны тэрмін. Пры гэтым, не сказаць, каб ён недзе прападаў надоўга вечарамі, падпрацоўваючы у якім Макдональдсы, – ягоная праца, відавочна, была звязаная з выкананнем нейкіх разнастайных даручэнняў, надта не абцяжарваючых фізічна і часова, але ж аплачвалася нядрэнна. То павага да Андруся была, факт.
Даніла не стаў адчыняць дзверы ў свой пакой – шчыліна свяцілася бледным святлом, значыць, ягоны сужывец, другакурснік, зноў занурыўся ў свае кніжкі. Не пашанцавала: занудны і нецікавы хлопец, нават піва з ім не пап’еш. А ў душы клекатала, хацелася выгаварыцца. Таму таўхануў суседскія дзверы. Яго сустрэў з добразычлівай усмешкай Андрусь – ён увогуле ні да каго не ставіўся варожа, сваімі паводзінамі як быццам запрашаючы даверыцца яму і сябраваць.
– О, будучаму вучонаму – наша павага! – выгукнуў Андрусь. – А ці не будзеце грэбаваць падзяліць сціплую вячэру з правінцыялам, які марна пхнецца зачапіцца хоць кіпцюрамі, хоць зубамі ў навуковай эліце?
На стале стаяла літровая пластыкаўка піва, на талерцы – парэзанае на трэць кольца тонкай сыравэнджанай каўбасы, хлеб. Даніла не утрымаўся – праглынуў сліну. Парукаўся з гаспадаром пакоя, зачапіў пальцамі кавалачак каўбасы, закінуў у рот.
– Што святкуеш?
– Якое святкуеш? Піва захацелася, ды і вольны заўтра. То чыста па-сялянску, яшчэ вось агурочкаў дастану, – Андрусь палез у халадзільнік, выцягнуў трохлітровік і відэльцам спрытна патрапіў, выцягнуў вонкі два апошнія агуркі. – Як справы? Нешта ты хмурны крыху. Непрыемнасці?
Даніла сеў на крэсла, зірнуў паблажліва на суседа, які акуратна наліваў піва ў шклянкі.
– От ты мне скажы, Андрусь… На цябе глядзіш – селянін селянінам, здаецца, падыдзі бліжэй – гноем патхне. І апранахі на табе хоць і не з сэканду, але бы чужое на табе. Ты не крыўдуй… Але бачыш ты людзей.
– А што крыўдаваць? – адмахнуўся Андрусь. – Я ж у люстэрка сябе бачу. Ну так, ад зямлі, і зямля з пазногцяў ніяк не выкалупваецца. Бачыў бы ты тую вёску, у якой я нарадзіўся і рос – ваўкі зімой па надворку шнырылі. То ўжо пазней мы ў райцэнтр пераехалі. Маці з бацькам паў-кабана дырэктару ліцэя завезлі, каб узяў. “Вучыся, хоць каб ты з віламі не пражыў жыццё”. Два тыя гады я начамі не спаў – вучыў. Усё ў лепшыя меціў. Ну во і паступіў сюды… Ат, вучоба – не галоўнае, тут дапяў. Фарту як не будзе, то згніеш там, дзе нарадзіўся. Мне што свеціць? Па размеркаванні ў які калгас, інжынерам ці загадчыкам мехмайстэрні. У жонкі вазьму, як пашанцуе, настаўніцу з тых, што па размеркаванні гэтаксама запруць у балота, нараджаем аглаедаў, будзем бульбу садзіць, парсюкоў гадаваць… Перспектыва! – з лёгкай горыччу выгукнуў ён.
– Не-а, не веру, – уважліва паглядзеў на праставаты твар сябра Даніла. – Ёсць нешта ў табе… Умееш ты жыць. Думаю, у балоце гніць табе не наканавана. Бачна ж, не мамка табе з дому грошы шле, круцішся неяк. І спрытна круцішся. Колькі табе на паверсе завінаваціліся?
– Ды я не трымаю ў памяці такое, вунь блакноцік ёсць, – прастадушна кіўнуў на сваю тумбачку Андрусь. – Кручуся, анягож.
– Я б на тваім месцы гэтакім шчодрым не быў, – Даніла адпіў са шклянкі.
– Ну, нейкія капейкі ж маю ад працэнтаў, у дабрачыннасць не гуляю. Ды справа ж не толькі ў грашах, – прыжмурыўся Андрусь, і Даніла заўважыў мо першы раз у вачах хітраваты, нават драпежніцкі бляск. – Некаму я дапамагу, нехта мне дапаможа. Як людзі табе вінныя, дык ахвотней пагодзяцца. Некаму і даруеш, дык ён табе руку некалі падасць.
– Ага, разагнаўся, – рагатнуў Даніла. – Людзей ты не ведаеш, ці што?
– Ды ведаю, – адмахнуўся Андрусь. – Людзі ў наш час страшныя. І на вёсцы страшныя, што ўжо пра горад казаць. Усе па галовах да свайго ідуць. Ды нехта і запомніць. А нехта захоча яшчэ раз пазычыць. Ёсць карысць, – ён загадкава усміхнуўся. – З людзьмі трэба па-людску. Дарэчы, ты так і не адказаў: непрыемнасці ў цябе?
– Больш чым, – Даніла сам даліў у шклянку піва, выпіў залпам. – Фіяска. Катастрофа. Тупік, бля!
– Ого! Сапраўды? А праз што?
– Праз каго… Мне мой сябар лепшы урабіў.
– Мацвей? – нечакана наструніўся Андрусь.
– Мацвей… – пацвердзіў Даніла. – Я не трапляю ў аспірантуру. А ён – ідзе. Такім чынам, мяне заграбуць у армію. Бляха, як жа я ненавіджу гэта…
– Варта было чакаць, – пракаментаваў Андрусь прызнанне магістранта.
– Што чакаць? – напружыўся Даніла, адставіў убок шклянку.
– Ад Мацвея варта было гэтага чакаць, – засяродзіўшыся ў сабе, адказаў Андрусь. – Мы з ім у адным ліцэі ў райцэнтры вучыліся. Маці мая – простая калгасніца некалі, дворнічыхай працавала, а ягоная – выкладчыца ў ліцэі. Колькі яна з мяне крыві выпіла… Мову выкладала. Самая нізкая адзнака ў атэстаце – яе. Ды то не бяда. З такой пагардай яна глядзела на мяне, як на чарвяка. Пры ўсіх была сказала, маўляў, з такога калгасніка як я, выйдзе адно калгаснік з дыпломам. Нічога, некалі я дакажу ёй…
– Дык вы землякі з Мацвеем? – здзівіўся Даніла. – Год побач жывём, а не ведаў.
– Вось, ён нават і не прызнаецца… – скрывіўся Андрусь. – Навучыла маці, з кім знацца, кім грэбаваць. Землякі… Дзе яму каго бачыць? Ён жа – зорка! У ліцэі насіліся з ім, як з пісанай торбай. Што ты – на абласной алімпіядзе першае месца па матэматыцы, такі поспех. А далей і на рэспубліцы – другое. І штогод пасля ездзіў на ўсякія там канферэнцыі, семінары! – Андрусь пацягнуўся да бутэлькі, даліў сабе і Данілу піва.
– Ды ён і ў універы свяціўся, як залакіраваны, – працадзіў скрозь зубы Даніла. – А што б ён змог без мяне? Ягоныя ўсе ідэі – гэта як дзіцячыя фантазіі! Трэба было убачыць у тых ідэях рэальнае, практычнае. Я – бачыў. На трэцім курсе разам працу напісалі – кіраванне сістэмай з выкарыстаннем інфармацыйнага канала дадзеных. Я сабраў мадулятар, настроіў, па ім можна было серыю ў вытворчасць запускаць. На кафедры работа шум узняла – на патэнт жа пацягнула, па ёй доктарскую напісалі. А ўся слава – Хрысціку! Мяне нібыта не было. Над новай распрацоўкай заселі, а што былі б ягоныя голыя ідэі без мяне? Ну няхай ён фантаніруе пражэктамі, а ўмець бачыць карыснае, адсейваць?! – Даніла разгарачыўся, крычаў. – І цяпер ён – у аспірантуру, а мне ў боты вайсковыя?! Поскудзь!
– Не здзіўляюся, – ухмыльнуўся Андрусь. – Усе заўсёды ў ягоным цені. Умее сябе падаць. Такі ўжо сціплы, такі задуменны… А насамрэч ён нас не бачыць, мы не людзі для яго. Сціплы, ага…
Стукнулі дзверы ў калідорчык, нехта таргануў, пастукаў у пакой да Данілы, і ён крыкнуў голасна, раздражнёна трохі:
– Тут я!
Дзверы адчыніліся залішне імкліва – так уваходзяць альбо гаспадары, якія спяшаюцца, альбо нязваныя госці, упэўненыя ў сваіх нахабстве і сіле. Так і было: зайшоў пяцікруснік Раман, ростам пад два метры, шыракаплечы. Ягоны амаль квадратнай формы твар з цяжкім пабароддзем быў перакошаны ад злой рашучасці.
– Вітаю, – працадзіў ён скрозь зубы без прыязнасці, пабачыўшы ў пакоі Данілу і Андруся. – А дзе той гліст смаркаты? Я ў ягоны пакой заходзіў, там няма. Сужывец-заморыш сказаў, што вы разам.
– Што ж ты так непаважліва ставішся да нашай будучай гордасці, можа, – нобелеўскага лаўрэата будучага, га? – рагатнуў Даніла.
З Раманам яны былі знаёмыя з год. Асаблівае сяброўства раней не заводзілася, бо не было датуль агульных інтарэсаў: Раман вучыўся на іншым факультэце, мінчанін. Розныя тусоўкі. Спартсмен, кандыдат у майстры па грэблі. Рукі ў яго, што абцугі. Вучоба яго цікавіла мала, ён ведаў, што выгоднае месца яму забяспечыць бацька, высокі чыноўнік у міністэрстве, ды і ў маці, якая займала пасаду ў клінічнай бальніцы дзяржапарату, хапала патрэбных нітачак у руках. Калі Мацвей пачаў раз на тыдзень сустракацца з Марго, Раман выпадкова напаткаў іх у начным клубе. Марго на заняткі хадзіла і трымалася дастаткова сціпла, апраналася, прыхоўваючы прывабныя формы цела, а ў начным клубе дазволіла сабе пабыць сапраўднай сэксі. І Раман запаў. Ён быў дагэтуль распешчаны ўвагай дзяўчат і маладых жанчын, лёгка заводзіў знаёмствы, трымаючыся пашлавата-жартоўнай манеры, але з Марго, знешне вольнай ад лішніх межаў прыстойнасці, як яе разумеюць рэтраграды, атрымаў адмову ў здзеклівай форме. Раз’юшыўся, але стрымаў сябе. Ён запрасіў выпіць Данілу, які быў тады трэцім колам у веласіпедзе ля Мацвея і Марго, распытаў: што за краля недатыкальная? Даніла, удзячны за неблагую выпіўку, прызнаўся, што сам пакуль не ведае толкам – то была першая такая сустрэча за сценамі ўнівера. Але абяцаў інфармаваць пры патрэбе, як што выявіцца. Абмяняліся нумарамі тэлефонаў, праз нейкі час Даніла пазваніў. Зноў сядзелі ў кафэ, Даніла расказаў: бацька Марго – акадэмік, маці – доктар навук. Пазней ён даведаўся праз Мацвея нямала пра дзяўчыну: ці любіць кветкі і якія, якой парфумай карыстаецца, што любіць глядзець…
– І яшчэ, каб ведаў, – казаў пазней Раману. – Яе бацькі – вялікія дзяржаўнікі. Так што ніякай каб палітыкі. І сама яна выхаваная ў тым жа рэчышчы. Не актывістка, але мае вельмі катэгарычныя погляды адносна нацыяналістычных гульняў…
Запомніўшы пачутае, Раман у хуткім часе без цяжкасцей выклікаў да сябе прыхільнасць Марго. Як ён зразумеў, дзяўчына не была абцяжараная вялікімі пачуццямі ні да каго, таму Раману яна таксама не адмаўляла ў сустрэчах. А праз колькі часу сама са здзіўленнем выклала навіну: аказваецца, іх бацькі – яе і Рамана – знаёмыя, амаль сябры, бо даводзілася раней супрацоўнічаць! Для Рамана гэта было найлепшым знакам. Ён асцярожна паказаў Марго, што трошкі раўнуе да яе сустрэч з Мацвеем, якія яна не спыняла, на што дзяўчына адказала: ніхто не мае права абмяжоўваць яе волю, а Мацвей – вялікі дзіцёнак, ёй падабаецца яго выхоўваць і настаўляць на розум.
Ды Раман пакрысе зараўнаваў па-сапраўднаму. Хоць адносіны з Марго не зайшлі далей за сяброўскія пацалункі, але, хлопец адчуваў, яшчэ трошкі – і справа вырашаная. Да ўсяго, ён па сапраўднаму запаў на дзяўчыну. Ды яшчэ бацькі мякка намякнулі: не будзь дурнем, не упусці такі шанец. Таму тыдзень назад ён прыходзіў у пакой да Данілы, дзе знайшоў Мацвея, акуратна згроб яго за грудкі, прыўзняў над падлогай і папярэдзіў спакойна: Марго – не ягонага полю ягадка. І лепш яму ціхенька збочыць і не паказвацца на вочы дзяўчыне. Інакш у нейкі дзень Мацвей будзе акуратна збіты на горкі яблык.
Што праўда, Мацвей нечакана псіхануў тады. Глядзі ты, сапраўды, худы, як гліст, хліпкі, а трымаўся, як той юнак на дапросе.
– Паспрабуй і атрымаеш вялікія непрыемнасці, – прасіпеў здушана ён.
Раман, па праўдзе, разгубіўся на момант, паставіў магістранта на месца. Чорт яго ведае, якія там у яго ёсць сувязі, каб сапсаваць жыццё? Сёння кожны другі мае тыя ці іншыя падвязкі. Можа, у яго дзядзька – суддзя які значны ці пракурорскі работнік? Каб жа ён ведаў, што Мацвей, крамя іншага, захапляўся псіхалогіяй, і паколькі моцай не вылучаўся, то меў у сябе на ўзбраенні невялікі арсенал практычных прыёмаў, каб уплываць на праціўніка, а як пашанцуе, дык і перамагчы.