І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным або Грак і Монця Хрысцік - Гапееў Валеры 2 стр.


У гэты вечар, відавочна, псіхалагічныя прыёмы наўрад ці ўратавалі б Мацвея, бо Раман быў злы, як чорт – крылы ягонага вялікага носа разляталіся ў бакі і сцягваліся назад ад сапення.

– Я яго папярэджваў, каб не лез да Марго! Сёння ў мяне білеты ў тэатр былі!

– Ого, ты зацікавіўся драматургіяй? – падначыў Даніла, але ўмомант змяніў свой тон пад злым позіркам Рамана: – Прабач, разумею… Сядай да нас, хоць, па праўдзе, частавацца асабліва няма чым…

Рамана працверазілі гэтыя словы, мабыць, ён згадаў, што за ўсё-ўсякую інфармацыю пра Марго і яе справы з Мацвеем абяцаў частаваць Данілу ў любы час, як ні завітае.

– Прабач, ды ж як пазваніў, сказала, што ўжо запрошаная на мінулым тыдні на сёння, дык выскачыў з хаты без грошай.

– Шкада, халера… – задумліва прагаварыў Даніла, і было не надта зразумела, аб чым ён больш шкадуе: што Раман без грошай, ці што не застаў Мацвея.

– Грошы – не праблема, калі ёсць сябры, – адважыўся ўстрэць у гутарку Андрусь, які да гэтага часу маўчаў, злёгку перапалоханы ад уварвання ваяўнічага Рамана.

– Ну, за пазычаныя гуляць – не задавальненне, – паморшчыўся Даніла, бо ён быў вінен Андрусю пэўную суму і не хацеў яе павялічваць.

– Але ж ёсць магчымасць і зарабіць…

– Во зараз? І як? – здзіўлена зірнуў на таварыша Даніла.

– Давай, заробім! – выгукнуў Раман, шумна усеўся за стол. – Душа гарыць, нечым заліць яе неабходна…

– І душу заліць, і падумаць… – загадкава прадоўжыў Даніла, павярнуўся да Андруся: – Рэальна цяпер зарабіць?

– Рэальна, – хітравата ўсміхнуўся Андрусь, ягоны праставаты твар быў падобны ў гэтую хвіліну на гандляра хамутамі на рынку. – А наколькі я магу давяраць спадарству? Прашу прабачэння, як незнарок пакрыўдзіў каго.

Даніла зразумеў, што Андрусь кажа сур’ёзна, таму адказаў цвёрда:

– Раману я веру як сабе. Ты верыш мне – вер Раману.

– Добра… Я прычыню дзверы…

Даніла з Раманам пераглянуліся. Яны былі заінтрыгаваныя. У вачах Рамана адбіўся лёгкі неспакой, Даніла ціхім голасам яго супакоіў:

– Не нервуемся раней часу. Андрусь – не дурань. Хіба на выгляд просты…

А Андрусь за гэты час прымкнуў знутры дзверы, выцягнуў з-пад ложка аб’ёмістую сумку, пакорпаўся, пашамацеў паперай і пластыкам, прыцягнуў і паклаў на стол бы загорнуты том якога класіка. Нажом надрэзаў паскі ліпучкі, расхінуў абгортку.

То быў стос тонкіх каляровых лістовак.

– Тваю маць, – працягнуў Даніла, узяў у рукі адну лістоўку. – “Выходзь на вуліцу! Усе на Плошчу! Бла-бла-бла… Зубр”. Ты гэтак зарабляеш? Ды за адну такую паперчыну выкінуць з універа, сама мала, не ведаеш? Ці ты ідэйны змагар і нам заплаціць хочаш са сваёй кішэні? Ці мо сам і надрукаваў? – рагатнуў Даніла, занерваваўся, бо выгляд такой колькасці лістовак на стале яго бянтэжыў.

– Не нервуемся, грамада, – спакойна, нават з загаднымі ноткамі загаварыў Андрусь, паклаўшы руку на стос лістовак. – Так, можна і на гэтым зарабляць. Задача была такая: разнесці гэтыя лістоўкі і паўкідаць у паштовыя скрыні ў пэўных дамах па пэўнай вуліцы. Тут тысяча штук…

– Пайшоў ты на з такой работай, – грэбліва паморшчыўся Раман. – Не хапала яшчэ пэцкацца аб свядомых! У мяне дзядзька – у КДБ!

– Ды чакайце, я ж не дагаварыў, – паблажліва ўсміхнуўся Андрусь. – Умовы простыя. Яшчэ даецца фотаапарат. Лічбавы. Для справаздачы зрабіць здымкі. З усіх пад’ездаў. У мяне – чатырнаццаць. Здымак такі: рука апускае лістоўку ў паштовую скрыню. Значыць, робім так… – Андрусь сагнуў адзін рог лістоўкі да сярэдзіны, правёў пазногцем па згібу, адарваў акуратна. – От, маем такую штуку. Адну. Тут відаць толькі нейкія літары… Як і затрымаюць з такім ражком – дык і што? А мы бяром гэты ражок і ходзім па пад’ездах. Нас трое, адзін на шухеры, другі дэманструе апусканне лістоўкі, трэці здымае. Паўгадзіны часу, а маем дваццаць баксаў…

– Жартуеш?! Дваццаць? – не паверыў Даніла, адкінуўся на спінку крэсла, расцягнуў твар ва ўхмылцы: – Ну ты, спрытнюга вясковы, і даеш! Дзе ты такіх працадаўцаў знайшоў?

– Гэта няважна, – адмахнуўся Андрусь. – Я ж табе казаў: добра, калі многа сяброў. Ну што, хадзем?

Фокус з адарваным ражком падзейнічаў і на Рамана, які быў набычаны, як пабачыў лістоўкі. Грэла будучая роля хітруна, які “пракіне” тых апазіцыянераў. Ён адно кіўнуў на стол і спытаў:

– А гэтыя лістоўкі… куды потым?

– Ды ў смецце во і выкінем, – патлумачыў весела Андрусь.

Было бачна, што перспектыва хутка, за нейкіх паўгадзіны “зрабіць справу” ды яшчэ без клопату і ў поўнай бяспецы, якія давалі яму хаўруснікі, яго ўзрадавала. Насамрэч, ён мог бавіць два наступныя вечары з нечым іншым, а затым зноў прапанаваць свае здольнасці. Ведаў: падобная работа яшчэ прапануецца. Там ён ужо будзе шчыраваць адзін – грошы заўжды трэба. А цяпер льга і падзяліцца часткай (ён прамаўчаў пра поўную суму), бо такая справа ўсякі раз збліжае людзей ды яшчэ з добрай выпіўкай…

– Не, пакуль не будзем выкідваць, – па-змоўніцку зазірнуў у вочы сябрам Даніла. – Потым памазгуем. Ёсць адна думка…

Праз паўтары гадзіны яны вярнуліся ў пакой Данілы, напакаваныя бутэлькамі з розным пітвом і закуссю. Узрушаныя і зробленым, і наяўнасцю на стале прысмакаў, гучна размаўлялі, смяяліся. Пасля трэцяй чаркі паспакайнелі, Раман нагадаў Данілу:

– Ты там нешта нейкае задумаў, як я здагадаўся. Выкладвай, ці як?

– Ага, выкладу… – Даніла прыжмурыўся на Рамана: – Ты не заліваеш, што ў цябе дзядзька у КДБ?

– На халеру мне заліваць? Ты за каго мяне прымаеш? – наструніўся Раман. – Кажу як ёсць.

– Дык вось… – Даніла памарудзіў, задраў галаву, абхапіўшы яе далонямі закінутых угару рук. – Добра б было, каб сябры твайго дзядзькі знайшлі гэтыя лістоўкі ў аднаго майго сябра, праз якога сёння мне пастаўлены крыж на аспірантуры. І ў цябе, дарэчы, адразу паменела б турбот з Марго.

Нейкі час усе маўчалі.

– А гэта добрая думка, – Раман хакнуў і пацягнуўся да бутэлькі. – За яе можна выпіць. Сябры майго дзядзькі людзі такія… умеюць знаходзіць.

– Западозрыць… – паморшчыўся Андрусь. – Трэба, каб чыста было…

– Зробім чыста! – выгукнуў Даніла, выпіў налітае Раманам, загаварыў пераканаўча: – Я быў зайшоў да яго, ён пісаў на калені, на ложку седзячы. Зазірнуў чыста па-сяброўску – што пішаш? Там нейкія формулы, фантазіі ягоныя. Дык ён ці не падскочыў. І мяне хутчэй за дзверы, маўляў, там пачакай. Я выйшаў, як апляваны. А там шчыліна ў дзвярах засталася, а праз яе люстэрка было відаць… Ён пад матрац засунуў такі вялікі скураны нататнік, у чахле з “маланкай”. Ён упэўнены, што ніхто не ведае пра схованку, – Даніла зрабіў націск на апошнім сказе і пры гэтым ухмыльнуўся.

– Таго цюхцяя, што з Мацвеем жыве, я знаю, – задумліва працягнуў Андрусь. – Ён мне трошкі вінен. То я магу яго выклікаць на хвілін пяць-дзесяць сюды, знайду пра што гаварыць… Інтэрнат сёння амаль пусты, раз’ехаліся. Іхні пакой насупраць кухні, зручна зайсці…

– Пайшлі! – рэзка падхапіўся Раман. – Нечага цягнуць. А то яшчэ вернецца.

Словы прагучалі загадам. Даніла па-гаспадарску адшчапіў са стоса лістовак палову, падсунуў за пазуху. Супольна рушылі на паверх ніжэй – там быў пакой Мацвея, які ён дзяліў з ціхамірным першакурснікам. Андрусь зайшоў і неўзабаве выйшаў з высокага росту, але цельпукаватым юнаком, які пакорліва пасунуўся следам за ім. Змоўшчыкі зайшлі ў адчынены пакой. Не марудзячы, Даніла ўпэўнена рушыў да ложка Мацвея, памацаў хутка, засунуў руку ў матрац і выцягнуў нататнік у чахле.

– А я казаў!

Шмаргануў замок, адкрыў чахол, рашуча вызваліў з яго нататнік, засунуў у чахол лістоўкі з-за пазухі, зашмаргнуў.

– Усе справы! Пайшлі.

Добра п’яныя, яны разыходзіліся праз дзве гадзіны, задаволеныя кожны сабой і хаўруснікамі.

Частка 2

Музыка ў кавярні грымела моцна, і каб размаўляць з Марго, даводзілася казаць ёй у самае вуха – і ўдыхаць такі вабны пах яе скуры і валасоў. І сам Мацвей падстаўляў сваё вуха да вуснаў Марго, па-шчанячы ў душы папіскваючы ад адчування (ці яму здавалася) не пругкага паветра з вуснаў дзяўчыны, а кранання саміх вуснаў ягонай скуры.

Але такая гаворка яўна надакучыла Марго, і яна выгукнуўшы: “Потым паразмаўляем!”, лянотна пацягвала праз саломінку кактэйль і без асаблівай цікавасці азірала залу ў рознакаляровых сполахах святла. Па ўсім, ёй было не вельмі весела, і Мацвей адчуваў сябе вінаватым. Пасля таго, як Марго двойчы адмовілася ісці танчыць, ён ёрзаў на сваім стуле, раўніва зіркаючы на дужых дзецюкоў, што раз-пораз праціскаліся да барнай стойкі акурат паўз высока аголеных кароткай спадніцай ног Марго, не прамінуўшы кінуць зацікаўлены позірк на іх і на гаспадыню. То калі Марго, дапіўшы напой, нахілілася да яго і пракрычала: “Хадзем!”, Мацвей адчуў палёгку.

– Ну, расказвай, што ты новага накапаў пра сваіх дзядоў? – запыталася Марго, апынуўшыся на вечаровай вуліцы.

– Прабач… Не паспеў як след, – прамармытаў Мацвей. Яго трошкі злавала упартасць Марго ў пытанні яго спадчыннікаў: чаму яны так важныя ёй? Раней ён баяўся выказаць услых гэтую думку, цяпер жа, трошкі разняволены порцыяй алкаголю мозг загадваў супраціўляцца поўнаўладдзю над ім дзяўчыны. І Мацвей выказаўся: – Я не разумею ўвогуле, навошта гэта ведаць? Мінулае – гэта пыл, гэта мярцвячына, ад яго трэба абтрасацца і рухацца наперад. Што мне дало веданне пра дзеда, які ўсё жыццё прарабіў у нарыхтоўчай канторы, спачатку рахункаводам, потым – загадчыкам? А бабуля – бухгалтарам у спажывецкім таварыстве?

– Бо ты – малы дурань, які яшчэ не раскрыў вочы на патрэбныя рэчы, – паблажліва заўважыла на гэта Марго. – Падобнае цягнецца да падобнага, Твая бабуля пайшла замуж не за нейкага дворніка – яна абрала для сваіх дзяцей бацьку з кагорты таго ўзроўню, на якім знаходзілася сама. Так урэшце нараджаецца і эліта.

– Вось як, эліта… – з жалем уздыхнуў Мацвей. – Выходзіць, я туды не цягну са сваім радаводам?

– Якраз цягнеш, – глянула на яго Марго, быццам толькі зараз ацэньваючы юнака. – У цябе ўжо ёсць зачаткі інтэлігентнасці, у будучым справа будзе паляпшацца, як не ажэнішся з якой калгасніцай.

– А што, інтэлігентным стаць нельга, ім неабходна нарадзіцца? – пад’юдзіў Мацвей, хоць гэта было рызыкоўна ў адносінах з Марго, але яна ажно прыпынілася ад той важнасці, якое пачула ў пытанні.

– Вось іменна! Нельга! Стаць – нельга! – казала Марго так пераканаўча і так упэўнена, усё роўна як сцвярджала, што Зямля круглая, а Месяц свеціцца адбітым святлом. – Інтэлігентнасць – справа пакаленняў, прытым, непарушных у сваёй сувязі! Выхаванне, навучанне плюс генетыка! Інтэлігент у нейкім дзясятым пакаленні, хоць змалку апынецца закінутым у любыя ўмовы, зможа ўсё адно захаваць у сабе гэтыя рысы высакародства. Ён бачны!

– Добра, згодзен. Але навошта? Сёння – навошта? Тут так усё змяшалася: учарашні крымінальны аўтарытэт робіцца бізнесменам-мецэнатам, шпана з раёна становіцца уладальнікам казіно і рэстарана. Яны сёння дыктуюць жыццём, хіба не?

– Аха-ха-ха, дурнічка! – шчыра рассмяялася Марго. – Гэта ўсё – вонкавасць, мішура. А розумам грамадства кіруюць іншыя. Інтэлігенты. Сапраўдная эліта грамадства, а не гэтая, якая на глянцавых вокладках часопісаў. То папса. Зразумела табе?

– Ды быццам так, – уздыхнуў са згодай Мацвей, але чорцік супярэчнасці ў ягонай галаве не збіраўся адпачываць: – Ды, шчыра кажу, Марго, не разумею я гэтых гульняў у эліту. Светам кіруе навука. Свет трымаецца на навуковым прагрэсе. І я не кажу пра тэхнічныя задачы, якія якраз навуцы сёння рашыць. Я кажу пра палітычныя тэхналогіі, якія распрацоўваюцца зыходзячы з аналізу, што можа даць толькі навука. І распрацоўваюцца яны па законах, адкрытых навукай…

– Вой, цябе вучыць і вучыць, – зірнула з сапраўднай скрухай у вочы хлопцу Марго. – Ты будзеш вучоным, будзеш! Але будзе той, хто пачне табе ставіць задачы для рашэння. Зразумеў, мілы магістрант?

Мацвей стаў ужо збірацца з думкамі, каб адказаць гожа – у яго было што адказаць, ён згадаў бы і фундаментальныя навукі, і выпадковыя адкрыцці. Яны ішлі сярэдзінай вуліцы, і хіба што асвятленне указвала на тое, што зараз не дзень, а позні вечар – уся прастора вакол поўнілася людзьмі, даносілася музыка як са шматлікіх бараў, так і наперадзе група музыкаў уладкавалася на тратуары і грала віскліва-бухаючае. Паветра было сумессю з пахаў дарагога парфуму, гарэлачнага перагару, кавы і смуроду з кальянных – несла ад сустрэчных людзей, з дзвярэй бараў.

Ён не паспеў адказаць – раптам перад імі ўзніклі двое. Мужчыны гадоў па сорак, апранутыя зусім не для тусовачных мясцін, нагадвалі чыноўнікаў сярэдняга звяна – з-за іх незалежнага трымання сябе на гэтай пярэстай вуліцы, што відавочна была для іх чужой.

– Адну хвіліну, прабачце… Мацвей Хрысцік?

Голас спакойны, нават ветлівы, але колькі ў ім ўлады пачулася! Ажно мурашкі пабеглі па Мацвеевай спіне гэтага тону, а можа, – ад прадчування.

– Так, я Мацвей…

– Вам трэба прайсці з намі…

І ўжо Марго апынулася ўбаку, адціснутая ветлівым, але жалезным плечуком, а Мацвей адчуў, як справа і злева ягоныя рукі ля локцяў захапілі моцныя абцугі пальцаў.

– Ды што такое? – хацеў абурыцца, але голас выдаў ягоны спалох – Мацвей адчуў пагрозу не быць збітым, а нечага больш значнага для сябе. Таму было ў яго голасе трошкі плаксівай просьбы.

Усё заняло нейкі адзін момант, ніхто з мінакоў і ўвагі не звярнуў, і Марго не паспела нічога зразумець. Яна і памкнулася была да Мацвея з ягонымі нечаканымі ахоўнікамі, але тут бы з пахаў вуліцы матэрыялізаваўся трэці, на гэтых двух падобны, спыніў яе і стаў ціха казаць. А ўжо прайшлі два ці тры крокі, Мацвей намогся быў спыніцца, азірнуцца назад і крыкнуць ёй, але з абодвух бакоў рукі яго цісканулі моцна, ажно да болю і злева ў вуха пачуўся кароткі, як стрэл, шэпт:

– КДБ. Ціха!

І гэты шэпт, надзіва, супакоіў Мацвея. Гэта не нейкія гопнікі, КДБ – сур’ёзная арганізацыя, можа, самая сур’ёзная з усіх, дык яму, Мацвею, няма чаго хвалявацца. Ён ім трэба – што ж, ён гатовы адказаць на іх пытанні, бо паважае гэтую службу. Ён ажно выдыхнуў, расслабіўся, пайшоў спакойна, імкнучыся патрапіць у крок сваім “ахоўнікам”.

Падышлі да машыны, селі на задняе сядзенне. Ніхто не сказаў ні слова, машына кранулася з месца.

– Мацвей Хрысцік, магістрант, пражываеце на Кульмана?.. – гучна спытаў той, што сядзеў спераду, правільней, не спытаў, а запатрабаваў пацвярджэння сваім словам.

– Так, Хрысцік, магістрант, – спакойна адказаў Мацвей. – Прабачце, а што здарылася?

– Даведаешся, – холадна тыкнуў у адказ гэты спераду і Мацвей адчуў кволы халадок у жываце.

Але ён быў спакойны да таго моманту, пакуль не дайшлі да ягонага пакоя ў інтэрнаце. Праўда, непрыемна было бачыць перапалоханы твар вахцёркі. І зусім прыкра было уяўляць сябе збоку: яго вялі, не сам ён ішоў, трымалі яго. Як… арыштанта.

Ля свайго пакоя мозг Мацвея ліхаманкава запрацаваў, спрабуючы падабраць магчымы варыянт развіцця падзей і пошукаў галоўнай прычыны: навошта гэта ўсё? Зайшлі ў пакой, сужывец-першакурснік нейкім невядомым чуццём адчуў, што перад ім – людзі без жартаў, падскочыў і стаяў на выцяжку, не варухнуўся за ўвесь час.

Зайшлі ўсё чацвёра – Мацвей і трое мужчын, у пакойчыку стала цесна і няўтульна.

– Дзе твой ложак? – спытаўся той, які сядзеў спераду. Мацвея цяпер ужо разанула ягонае “тыканне”. Ён паказаў кіўком галавы:

– Вось…

– Прапаную аддаць самому. Ну?

– Што… аддаць? – неўдавана здзівіўся Мацвей. Раптам яму уявілася – на імгненне адно – што ў ягоным вялікім блакноце сярод тых накідаў ідэй ёсць нейкая такая важная, такая грандыёзная, выключная для свету і міру, што з’яўляецца дзяржаўнай таямніцай! Але… гэтыя людзі не могуць ведаць пра ягоны нататнік, у якім яшчэ ў канцы запісаны тры нязграбныя вершы, прысвечаныя Марго…

Яму не задавалі больш пытанняў – гэтыя занятыя людзі, мабыць жа, спяшаліся, у іх на сёння было яшчэ безліч важных і пільных спраў, а тут марнуй час з гэтым магістрантам… Таму адзін падышоў і рэзкім рухам адгарнуў коўдру, падушку адкінуў, сцягнуў прасціну, памацаў у адным, другім месцы, захапіў край матраца, перавярнуў яго…

Назад Дальше