І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным або Грак і Монця Хрысцік - Гапееў Валеры 3 стр.


– Там… там мае запісы, навуковыя. Накіды ідэй, – нечакана для сябе заспяшаўся Мацвей, але ніхто не звярнуў увагі на ягоныя словы.

Наступны момант стаўся для Мацвея эпізодам сюррэалістычнага сну: кэдэбэшнік расшмаргнуў замок, разгарнуў чахол, перавярнуў яго – і на брудны паласаты матрац упалі і расцякліся тонкія каляровыя лістоўкі.

– Там… там павінен быць блакнот… там мае запісы… Адкуль, адкуль… – мармытаў ён, аглушаны пабачаным. Яшчэ да гэтага моманту ён мог успрымаць рэальнасць – ці мала што ў жыцці можа здарыцца, але цяпер мозг запанікаваў, не могучы знайсці лагічнае тлумачэнне атрыманай інфармацыі.

Яму задавалі яшчэ нейкія пытанні, але што ён мог адказаць? Адно запала ў памяць: збялелы твар мешкаватага першакурсніка, і дробнае трымценне яго адвіслай ніжняй сківіцы. Працягам гэтай жудасці сталіся ягоныя заломленыя назад рукі і холад металічных бранзалетаў. Ён ішоў калідорам, спускаўся ўніз, зноў некуды ехала машына. Нейкі будынак… пакой, дзе адамкнулі кайданкі, ён выцягваў нягнуткімі пальцамі ўсё з кішэняў. Зноў калідоры, цёмныя, доўгія, шмат дзвярэй, адны раптоўна расчыніліся – Мацвея запіхнулі ўнутр. Ляпнула з-заду, Мацвей прыўзняў свае рукі да вачэй, цёр чырвоныя пісягі на іх.

– Праходзь, што стаў! – пачуўся добразычлівы голас.

І гэта вярнула Мацвея ў рэчаіснасць.

То была камера.

У святле нязыркай лямпы, што мацавалася на высокай столі, ён пабачыў некалькіх чалавек. Маладых, мо сваіх аднагодкаў. Толькі адзін быў нашмат старэй з тых, хто сядзеў на драўляным ўзвышэнні, якое выдавала на тапчан. Адзін малады, цыбаты і белагаловы, стаяў тварам да Мацвея.

– Добры… Добры вечар, – прамармытаў Мацвей.

– Хай будзе добры і табе. Праходзь, сядай, – на тапчане пасунуліся хлопцы, вызваляючы месца.

Мацвей паслухмяна сеў. Здаецца, ён быў гатовы рабіць адно: падпарадкоўвацца.

– За што цябе? – пацікавіўся цыбаты.

– Не разумею… У мяне… пад матрацам знайшлі лістоўкі.

– Ясна, наш! – зарадаваўся ў адказ юнак. – Нас тут трое – за лістоўкі, ты чацвёрты. Яшчэ адзін – за хуліганку, а дзядзька Фёдар – сямейны скандал.

– А… дзе мы?

Ягонае пытанне выклікала лёгкі смяшок ва ўсіх.

– Акрэсціна гэта, следчы ізалятар! Знаёмся! Дарэчы, цябе як зваць? Я – Зміцер.

– Мацвей…

– Ну, Мацвей, ладкуйся лацвей! Нам тут доўга кантавацца!

– Ды не, павінны разабрацца! То ж не маё, я ні ў чым не вінаваты, я магістрант, я нічога не ведаю пра лістоўкі. Палітыка – не маё! – Мацвей казаў таропка, з просьбай у голасе, нібыта насельнікі камеры маглі паўплываць на тое, што выйдзе далей.

– Супакойся… Следчаму заўтра так кажы. І менавіта так: не ведаеш, падкінулі. Не ўздумай здаваць каго – табе ўсё адно палёгкі не будзе, а людзі пацярпяць, – цыбаты казаў павучальна і спакойна.

Мацвей толькі міргнуў. Хлопцы перагаворваліся між сабой аб нейкіх незразумелых для яго справах. Час цягнуўся марудна. Мацвей усё паглядваў на дзверы, чакаў: вось яны адчыняцца, яго паклічуць, ён сустрэнецца з якім начальнікам, і на гэтым дурны сон скончыцца. Але прайшла мо гадзіна – ніхто не адчыняў дзвярэй. У гэты час насельнікі камеры палеглі на тапчане, дзядзька ўжо хроп . Зміцер сеў, павярнуўся да Мацвея, параіў: – Кладзіся… Не мякка, але ж магчыма адпачыць.

– Гэта памылка, памылка! Я не ў палітыцы! – адчай Мацвея вырваўся вонкі.

– Ты, Мацвей, можаш казаць, што палітыка – не тваё, але ж ты ў палітыцы, – амаль з жалем заўважыў Зміцер.

– У якой я палітыцы? – амаль спуджана выдыхнуў Мацвей.

– У якой усе. Поліс – гэта грамадскае жыццё…

– Маё жыццё – навука!

– Цішэй, хай хлопцы спяць, – з усмешкай папярэдзіў Зміцер. – А навука ў палітыцы па самыя вушы сядзіць. Ты навуковец, дык чуў жа пра генетыку і Лысенкоўшчыну? Чуў пра Вавілава?

– Чуў, не ўнікаў, праўда…

Зміцер павярнуў да Мацвея свой твар, са здзіўленнем зазірнуў яму ў вочы.

– Ты прабач, у які час жывеш?

– Я займаўся навукай. Матэматыка, метады аптымізацыі, цяпер вузкае – сістэмы кіравання…

– Ага, зразумела. Такім чынам, распрацоўваеш новыя сістэмы кіравання? І для каго? – чамусьці з’едліва спытаў Зміцер.

Мацвей не разумеў, чаму ўзнік халадок. Паспрабаваў тлумачыць:

– Я… мы распрацоўваем, удасканальваем кіраванне ў складаных сістэмах… – і спатыкнуўся, згадаўшы нядаўнюю размову з Марго. Замаўчаў.

Маўчаў і Зміцер, нарэшце уздыхнуў і, быццам нешта зразумеўшы, , папрасіў удакладніць:

– Значыцца, чыстая навука, усё для навукі. Што дзе робіцца, рабілася, будзе рабіцца вакол цябе – не цікавіла, не цікавіць. Так?

– Так.

– Ну дык я табе скажу, дружа: аднойчы і да такіх як ты, чыстых ідэалістаў, прыходзяць ці прыязджаюць, закручваюць рукі за спіну і вязуць у Курапаты…

– У якія Курапаты? – механічна, сустрэўшы малазразумелае слова, спытаў Мацвей.

– Вось гэта піпец, – пачуўся нечы голас здзіўлення збоку. Аказваецца, у камеры мала хто спаў, слухалі.

Зміцер пільна углядваўся ў вочы Мацвея і сапраўды бачыў там толькі пытанне.

– Не ведаеш Курапатаў? А год адна тысяча трыццаць сёмы табе таксама нічога не кажа? А расстрэлы інтэлігенцыі беларускай – гэта табе невядома? – без абвінавачвання, але з непрыхаванай крыўдай і вінаватасцю ў голасе пытаўся Зміцер, усё адно як ён сам нёс адказнасць за тое, што ў вачах субяседніка ад гэтых пытанняў не ўспыхвала і знічкі разумення.

Мацвей не адказваў, засяродзіўся ў сабе, нешта ці то згадваючы, ці то раздумваючы над нечым.

– Цікава як, – выдыхнуў нарэшце. – За колькі хвілін, як мяне… затрымалі, мы размаўлялі, ну, з дзяўчынай ішлі, пра інтэлігенцыю. Пра яе кіруючую ролю.

– Кіруючую ў якім сэнсе? – пацікавіўся Зміцер.

– У прамым. Яна мне казала, што гэта – эліта грамадства, яна кіруе не непасрэдна, але ўся ўлада ў яе.

– Бацюхны свет… – працягнуў ці не роспачна Зміцер. – Мацвей, скажы мне: дзе ты жывеш? Я хачу на тваё месца! У тваім свеце так цудоўна!

– Я на Кульмана, у інтэрнаце. Родам з райцэнтра, – не зразумеў сарказму Мацвей. – Я праўда не цямлю пра гэту… лысенкоўшчыну. І пра Курапаты… Не цікавіўся. Чуў толькі…

– Хочаш пачуць падрабязна? Ноч доўгая… Але мне не дапяць, як табе даверылі лістоўкі.

– Я ж казаў: я не ведаю, адкуль яны ўзяліся ў маім матрацы! – па-дзіцячы апраўдаўся Мацвей.

– Ну і стой на тым перад следчым, – згадзіўся Зміцер. – То слухай. Найперш: інтэлігенцыя – гэта, акцэнтую тваю ўвагу, – духоўны і навуковы складнік грамадзянскай супольнасці, без якой існаванне грамадзянскай супольнасці немагчымае. Той складнік, які здольны да крытычнага мыслення. Але ніяк не чыноўнікі, якім супольнасцю дэлегуецца абавязак практычнага выканання і рэгулявання законаў. Ды стоп… Што такое грамадзянская супольнасць, разумееш?

Недзе з гадзіны дзве Зміцер расказваў: нетаропка, папраўляючы сам сябе, вяртаючыся назад у гісторыю, робячы адхіленні, прыводзячы прыклады. Мацвей слухаў уважліва, часам перапытваў, не даючы сабе веры і адначасова неймаверна ўражаны ад пачутага: няўжо так сапраўды ёсць? Як жа атрымалася, што такі пласт ведаў заставаўся ад яго ў баку? Чаму ён не цікавіўся ім? Чаму падобнага не чуў ад маці? (Бацька выправіўся, казала яму бабуля, як яшчэ была жывой, “касіць сабакам сена” у пяцігадовым узросце сына.)

Калі Зміцер пачаў апавядаць пра рэпрэсіі, пра расстрэл у адну ноч паўтары сотні лепшых дзеячаў літаратуры, культуры і навукі Беларусі, пачулася варушэнне, потым голас мужчыны, “сямейнага скандаліста” Фёдара:

– Не чапалі б вы, хлопцы, мінулага… Надта моцна яно можа адгукнуцца і стрэліць у сённяшняе.

Мужчына сеў, цяжка ўздыхнуў. Аказваецца, і ён не спаў.

У маўчанні і звернутых да Фёдара позірках было пытанне і просьба патлумачыць свае словы, і ён праз колькі секунд працягнуў, уздыхнуўшы:

– Мой дзед па маці простым селянінам быў. Ужо і ў калгас паспеў уступіць пасля “вызвалення” ў 1939. Тут вайна, немцы стварылі ў вёсцы “самаахову” – далі дзецюкам ды маладым мужчынам палкі ў рукі, сказалі, каб па вечарах патрулявалі вуліцы. Праз два месяцы збеглі ўсе ў лес, у партызаны, бо пачалі моладзь адпраўляць у Германію. Дзед партызаніў, потым – на фронт. На Эльбе пабыў. Прыйшоў з вайны з медалём “За адвагу”. А яго заарыштавалі і ў Сібір. 20 гадоў далі – за тое, што чатыры разы прайшоўся па вёсцы з палкай у той нямецкай “самаахове”. А на сельсавет прыходзілі ўзнагароды на дзеда: ордэн Славы, ордэн Айчыннай вайны, медалі розныя… То адзін сельсаветчык, які вайну за вёскай у яме прасядзеў, жонка есці яму штодня туды насіла, стаў героем: тыя медалі сабе на грудзі пачапляў. Ды яшчэ прыляцеў аднойчы да бабулі з участковым, запатрабаваў усе іншыя ўзнагароды аддаць, а то самую засудзіць… У школах выступаў, на мітынгах. Людзі пляваліся, а начальству добра: свой чалавек жа, сельсаветчык, вось і партызан заслужаны. А сведкі памруць скора, затое герой застанецца. От так у нас… Але ж пра дзеда. Бабуля тады з’ехала з вёскі, у іншую вобласць, да сястры – тая замуж пасля вайны выйшла, удала, дом вялікі ў гарадскім пасёлку… Бабуля да дзеда колькі разоў ездзіла. Так вось дзяцей сваіх нараджалі – маю маці і двух братоў. Набярэ з сабой часнаку, цыбулі, перад зонай тое ў свае рэйтузы пахавае, бо не дазвалялі прывозіць. Вось чаму? Там жа цынга страшная была, дзед без зубоў вярнуўся, усе дваццаць адседзеўшы… Вярнуўся, гадоў тры пажыў, кроўю харкаючы ды памёр. Я вунь колькі пражыў, ніц не пытаўся – было ды сплыло. Просты токар на заводзе, мне крамя заробкаў добрых што важна? А во дачушка вырасла да шаснаццаці, давай у маёй маці, у сваёй бабулі, усё выпытваць. Мне расказвае – я толькі дзівіўся. Аказваецца, мая маці нейкія паперы захавала. Пачалі разам чытаць. У адной паперыне пра асуджэнне сказана. Але пра тое, што дзеда ўзнагарод пазбавілі – не. Дачка і загарэлася, упартая яна не па гадах. Пачала пісаць лісты, куды можна, прыходзілі ёй адказы. Угаварыла мяне, паехалі на радзіму маёй бабулі, у сельсавет прыйшлі. Там толку не дабіліся, хадзілі па людзях. Усё нам расказалі. І дзе шукаць родных таго сельсаветчыка, які дзедавы ўзнагароды прысвоіў. Адшукалі… От якая неспадзяванка выйшла: жонкінай сястры муж, участковы міліцыянт, з таго роду. Жонка як пачула пра тое, вызверылася. Ёй яе родная сям’я заўсёды даражэйшая за сваю была, а родная сястра тым больш даражэй за мяне. Я ж – чужы, а тут – кроў родная. Пайшла ў нас сварка. Я трохі нападпітку быў, дачкі дома не было, разышоўся. Ну, а ў сямейных сварках як? Пачнецца з аднаго, то ўсё згадаецца. То і згадвала мне жонка за ўсе гады. Не утрымаўся, талеркі там разбіў на кухні, яна міліцыю выклікала. І што далей – Бог ведае…

Змоўк Фёдар, нейкі час маўчалі ўсе.

– Варта паспаць крыху, – пачуўся голас, і яго як чакалі – палеглі ўсе. Мацвей ляжаў з краю на драўляным насціле, але не адчуваў жорсткасці. Стомлены і перагружаны інфармацыяй мозг адмаўляўся аналізаваць, мроілася рознае, фантазійнае: ён заўтра выйдзе, усё стане на сваё месца, выявіцца, у каго ягоны нататнік, хто так па-дурному пажартаваў, яны сустрэнуцца з Марго… А яшчэ Мацвей думаў пра той свет, які адкрыўся яму, які палохаў сваім начыннем з несправядлівасці, бесчалавечнасці, але адначасова быў той часткай жыцця, без якой ён адчуваў сябе непаўнацэнным.

Раніцай прынеслі цёплы чай, ячную кашу з хлебам. Хлопцы распакоўвалі свае торбы, даставалі прысмакі. Мацвей не крануўся кашы, сёрбаў вадкасць.

– Ніхто, акрамя той дзяўчыны, не ведае, што цябе забралі? – падышоў да яго Зміцер, працягнуў бутэрброд з сырам. – Гэта дрэнна. Нам сядзець да панядзелка мінімум. Я скажу, каб перадалі на цябе дробязі кшталту шчоткі зубной. Ты галіцца збіраешся? Зарасцеш…

– Як – да панядзелка? Чаму? – не паверыў Мацвей.

– Дзівак! Мы ж – палітычныя, а хто такіх перад выбарамі адпускае? А выбары ў нядзелю. То рыхтуйся адпачыць…

Мацвей падзякаваў за бутэрброд. Ён не паверыў Зміцеру. Магчыма, гэтыя хлопцы сапраўды нейкая страшная апазіцыя, а ён хіба нешта здзейсніў варожае для ўлады?

Ягонае прозвішча назвалі ад дзвярэй бліжэй да абеду. І цяпер, ідучы цёмным калідорам з рукамі, складзенымі за спінной, падпарадкоўваючыся рэзкім камандам ахоўніка, Мацвей адчуў сапраўднае прыніжэнне, сваю нікчэмнасць у гэтым будынку і поўную залежнасць ад абставін. Унутры жыла адна надзея: зараз ён усё патлумачыць, раскажа пра сваю навуковую дзейнасць, пра новую, такую патрэбную ў сістэме кіравання складанымі працэсамі на вытворчасці, распрацоўку. І яго адпусцяць. Зразумела, адразу ж адпусцяць…

Частка 3

Увайсці ў кабінет следчага было як ступіць у новы свет. Гэта думка мільганула ў галаве, і Мацвей на імгненне застыў – такую ён выпрацаваў у сабе практыку фіксацыі ў памяці нечага вартага. І адначасова здзівіўся: чаму следчага? Хто казаў яму, што яго вядуць менавіта да следчага? Ці не ўчарашнія доўгія размовы пра арышты-допыты-расстрэлы ўрэшце трансфармаваліся ў раней неіснуючыя ў ягонай галаве веды? Але тут сапраўды быў іншасвет: цёмны вузкі калідор, шэры, у жоўтых паўкружжах ліхтароў на сценах упіраўся ў дзверы, якія расчыняліся – і наперадзе зыркім святлом, насычаным сонцам і блакітам адкрывалася акно. Так, што балела вачам, і толькі праз колькі імгненняў за сталом паўстала постаць, яна яснела і вось ён – мужчына гадоў сарака, трохі стомлены, твар мысліўцы і чыноўніка.

– Мацвей Генрыхавіч Хрысцік, правільна? Сядайце, – ён спытаў-удакладніў добразычліва, сесці прапанаваў дзяжурна-ветліва. – Я следчы, мне даручана весці вашу справу… Вось пратакол затрымання і вынятку ў вас лістовак – усяго ў колькасці 217 штук. Тэкст на лістоўках мае выразны экстрэмісцкі складнік: тут прамы заклік не прызнаваць вынікі выбараў, выходзіць на вуліцы, выказваючы пратэсты… Што скажаце?

Ён узняў галаву і паглядзеў у вочы Мацвею – позіркам халодным і цэпкім. Не міргаючы глядзеў, усё роўна як закочваў у Мацвея трывогу і страх, бяссілле, і Мацвей, яшчэ хвіліну назад амаль спакойны, прамямліў, ледзьве здолеўшы перамагчы сваё нечаканае заіканне:

– Я… н-не ведаю. Не м-магу сказаць, адкуль яны там узяліся. Там быў мой нататнік, вельмі важны для мяне, я туды запісваў розныя ідэі для сваёй будучай навуковай работы, я – магістрант…

– Ты – ніхто! – раптам зароў следчы. – Нам вырашаць, кім ты будзеш! Ты можаш выйсці адсюль чалавекам, а можаш – дэбілам заікастым! За паўгода ў камеры з цябе зробяць разумовага інваліда! Адказвай! Хто даў лістоўкі? Імёны і прозвішчы, нумары тэлефонаў, колькі плацілі! Хутка і не мямлі!

Гэта была памылка следчага. Ён не ведаў матэматычна-лагічнай натуры Мацвея. Ад самага маленства ён вызначыўся упартасцю, якую нельга была зламаць прымусам ці загадам, крыкам ці лаянкай. “Мый рукі да яды!” – загадвала яму маці, і ён застываў над кранам з вадой, пакуль не чуў пра неабходнасць такой дзеі: брудныя рукі – забаліць жывот. “Вучы ўрокі!” было пустым загадам, пакуль не патлумачылі дакладны ланцужок сувязяў выдатнай адзнакі з магчымасцю самастойнага жыцця і пэўнай волі. Матэматыка, якой ён літаральна захварэў з моманту адкрыцця для сябе вытворчай, інтэграла і дыферэнцыяла, аперыравала дакладнымі лічбамі. Мацвей быў матэматыкам, таму сусвет вакол яго мог існаваць толькі ў дакладных фактах, правераных лічбах, ясных пасылак і дакладных наступстваў. Мацвей ніколі не мог сказаць няпраўду. Гэта было для яго гэтак жа немагчыма, як і няправільна рашыць прасцейшае квадратнае ўраўненне і паверыць у тое, што рэзультат – слушны. Мацвей проста ігнараваў, не упускаў у сваё жыццё хлусню, як матэматыка не можа аперыраваць няпэўнымі дадзенымі. Ён мог без боязі адказаць – і ўсцяж адказваў на любое пытанне, якіх бы таямніц ягонага жыцця яно не тычылася, але ніколі не мог схлусіць. І таму не мог прыняць ціску над сабой, калі той ціск не мог існаваць з яго пункту гледзішча па прычыне лагічных прадпасылак. Ён адказвае шчыра і кажа праўду – чаму могуць быць пагрозы, бо ў іх няма ніякай неабходнасці, рэзультат запыту ўжо выкладзены!

Ён напачатку ўздрыгнуў ад непрадбачанага крыку, але ўмомант сцяўся ўвесь, наструніўся, кулакі і сківіцы сціснуліся, ён засоп.

– Я сказаў праўду! – вымавіў ён па слову, не адводзячы сваіх вачэй ад зрэнак следчага.

І следчы зразумеў усё. Але працягнуў усё яшчэ з пагрозай:

– Твае словы правяраюцца на раз-два. Зробім выгляд, што я табе паверыў. Ты думаў, што цябе чакае?

– А… што мяне можа чакаць? Я закон які парушыў?

– Хай я табе веру, але: ты думаеш, суд паверыць, што тыя матэрыялы, накіраваныя супраць канстытуцыйнай улады, з’явіліся ў тваім матрацы самі па сабе? – зноў мякка, быццам размаўляе з дзіцём, загаварыў следчы.

– Мяне будуць судзіць? За што?

– За захаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў з мэтай распаўсюджвання.

– Але ж я не збіраўся нічога распаўсюджваць! Я не знаю, адкуль у мяне тыя лістоўкі! – смялей запярэчыў Мацвей следчаму, адчуўшы спагаду да сябе. – Чаму мне не павераць? Я ж кажу праўду… – з лёгкай разгубленасцю паўтарыў, як мантру, Мацвей, бо ён і па-праўдзе не уяўляў: як можна не верыць таму, хто гаворыць праўду?

– Суд верыць фактам. Факты супраць цябе. А таксама суд ведае, што дзевяць з дзесяці падсудных імкнуцца ўнікнуць адказнасці, і ў большасці выпадкаў з лістоўкамі ўсе тлумачэнні слова ў слова паўтараюць тваё: “Я нічога пра іх не ведаю”, – дзяліўся досведам, бы з сябрам, следчы, дадаў са шкадаваннем: – Цябе чакае прысуд у выглядзе штрафу, да пяцідзесяці базавых. Ды страшна іншае: у магістратуры судзімага з артыкулам за процідзяржаўную дзейнасць трымаць не будуць – дзяржава не дурная вучыць сваіх ворагаў. Ты вылятаеш без права на узнаўленне. З унясеннем у чорныя спісы – шлях у навуку для цябе закрыты. Па вясне цябе чакае служба ў войску – даведаешся, што там не мёд. Вось такая твая будучыня…

– Але ж… Я не вінаваты, гэта… гэта не лагічна! Няма ніякіх доказаў…

– Вось доказ! – Рэзка выгукнуў следчы і ляпнуў па аркушу. – Тут – пра знойдзенае пры табе у тваім матрацы. Якія яшчэ пытанні?

Мацвей маўчаў.

Следчы ўстаў з-за стала, падышоў да акна, павярнуўся спінай да Мацвея. Нейкі час ён маўчаў задуменна, не пазіраў на Мацвея. Потым гукнуў:

– Падыдзі сюды.

Мацвей разгублена узняўся са стула, зрабіў крок.

– Падыходзь да акна, паглядзі…

За акном была вуліца. Самая звычайная, ужо вясенняя, сонечная. Святлафоры бязгучна рэгулявалі сваімі пукатымі вачамі плыні людзей і аўтамабіляў.

– О, там пабач, на тым баку! – нечакана ўзрушана сказаў следчы, нават паказаў рукой. – Бачыш – жанчына пайшла на чырвонае святло… Бач, апомнілася, спынілася, павярнула назад. Так у жыцці заўсёды – ёсць правілы. Можаш парушыць – і трапіць пад колы. Вядома, кожны некалі робіць памылковы крок. Але кожнаму даецца шанс вярнуцца назад… Сядзь на месца.

Назад Дальше