Ты – гімнастка
І вось зімою, даведаўшыся, што мы нешта там граем на сваіх лесьвічных пляцоўках, нас заспрасілі выступіць у актавай залі на школьным сьвяце. Клясычная гісторыя… Арганізатары ня мелі ніякага ўяўленьня пра тое, што мы граем і якія ў нас музычныя здольнасьці. І сваю памылку яны зразумелі занадта позна.
У прызначаны час мы выйшлі на галоўную школьную сцэну. Апошні раз я выступаў тут у пятай клясе, у ролі месяца Апреля з казкі «Дванаццаць месяцаў». І вось я зноў тут – гэтым разам як рок-зорка.
Слава загрукаў у імправізаваныя барабаны – пазычаныя ў бацькоў тазы рознага памеру. Яму было добра. Яго ніхто ня бачыў.
Макс пачаў гітарную партыю, якая складалася з набору гучных, рэзкіх і да немагчымасьці простых аднастайных рыфаў: ту-ду, туду-ту, туду, туду-ту… Ён быў цалкам заняты сваёй справай і, здавалася, не заўважаў, што адбываецца ў залі.
А на мяне ўтаропілася ўся школа. Я выгнуўся, зрабіў жудасны твар, скурчыў пальцы ў эфэктнай сутарзе і зароў у мікрафон нядаўна прыдуманы тэкст, прысьвечаны невядома каму і чаму:
Які Мікола? Якія, блін, кветкі? Пра што яны і навошта? Я зразумеў, што гэта правал. Уласная бяздарнасьць і нашая поўная бездапаможнасьць раптам выявіліся перада мной ва ўсёй сваёй жахлівай паўнаце і неаспрэчнасьці. Але адступаць было нельга. Макс перайшоў на іншы акорд, і я зароў яшчэ мацней, гледзячы на дырэктара:
«Ты-ы-ы! Гімнастка-а-а! Ты-ы-ы! Гімнастка-а-а!»
Дырэктар пачырванеў і адвярнуўся. Нам далі дайграць да канца, але больш на сьвяты не запрашалі. Затое пасьля канцэрту да нас падышоў адзін з шабаноўскіх мэталістаў:
«Уважаю! Хоть вы и панки, но реветь ты умеешь! Вам нужно дэз играть, пацаны!»
Але нават гэта не ўратавала нас ад дэпрэсіі. І музыку мы ня кінулі – проста вырашылі, што трэба крыху падвучыцца граць. Грукат нябачных бубнаў гнаў нас наперад – да славы.
Камсамольцы-дабравольцы
Недзе ў тыя вясёлыя гады надышоў момант, калі трэба было вырашаць, ці ўступаць нам, бэйбусам, у камсамол. У піянэры нас прынялі ў разгар перабудовы, і ніхто тады не пытаўся, хочам мы далучыцца да Ўсесаюзнай ленінскай арганізацыі або не, дый мы, дзеці рабочых, не пратэставалі: взвились кострами? Значит, готов. Чырвоны гальштук насіўся як частка школьнай формы – мала хто задумваўся, што ён азначаў. Але на пачатку 90-х усе былі ўжо сьвядомыя і так проста прынцыпам здраджваць не зьбіраліся. Я, напрыклад, рашуча адмовіўся ад членства ў ВЛКСМ, абгрунтаваўшы гэта сваімі антыкамуністычнымі перакананьнямі.
Мяне спрабавалі ўгаварыць, але вяла, без імпэту, і хутка плюнулі: ня хочаш, як хочаш, табе ж горш будзе. Чаму горш? Ну, камсамол – гэта ж… Што значыць «гэта ж», патлумачыць ніхто ня здолеў. У выніку з нашай клясы ў камсамол на ўсялякі выпадак уступіў толькі актыў: выдатніцы і выдатнікі, дый тое ня ўсе. Любому разумнаму чалавеку было ясна, што камсамолы і леніны – гэта сьмешны архаізм, усю гэтую чухню самі дарослыя выкінулі на звалку, і асаблівых дыскусій з гэтай нагоды сярод нас не было.
Затое ў 1991-м я ўступіў у партыю. Партыя звалася так: БНФ.
Алежка ўступае ў партыю
А гісторыя была такая. 20 жніўня я паехаў на 98-м на плошчу перад Домам ураду, каб далучыцца да першай у сваім жыцьці дэманстрацыі пратэсту. У Маскве быў путч, беларускія камунякі вырашылі яго падтрымаць – 19 жніўня парлямэнцкая апазыцыя БНФ абвясьціла путчыстаў па-за законам, заклікала дзяржаўных службоўцаў не выконваць іхныя загады, запатрабавала скліканьня пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету і падрыхтавала законапраекты аб забароне КПСС, наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйнай сілы і іншыя вельмі правільныя паперы. БНФ заклікаў людзей пратэставаць супраць хунты – і я адразу ж рвануў у цэнтар гораду. Уся плошча была запоўненая змрочнымі і незадаволенымі людзьмі – настроенымі дужа рашуча. Дух рэвалюцыі лунаў над Менскам. Я пастаяў у натоўпе, некалькі разоў крыкнуў «Жыве Беларусь!», я быў поўны нянавісьці і пагарды да тых, хто спрабаваў спыніць гісторыю, – час, у які я жыў, мне падабаўся, і будучыня таксама. Я ўжо звыкся з тым, што буду жыць у незалежнай і дэмакратычнай краіне, да гэтага ўсё і ішло, ад Савецкага Саюзу патыхала трупным смуродам – а тут нейкія пердуны, у якіх трэсьліся рукі, а вочы сьлязіліся ад жаху, сабраліся раптам забраць у нас свабоду. Вядома, я мусіў быць на Плошчы! Паўсюль нешта прадавалі і раздавалі: кніжачкі «Што трэба ведаць сапраўднаму беларусу», гістарычныя брашуры, улёткі, паэзію, значкі, сьцяжкі, плякаты. За столікам сядзелі дзядзька зь цёткай і запісвалі ўсіх у БНФ. «А школьнікам можна?» – спытаў я. Яны паглядзелі на мяне зьнізу ўверх. «У такі вырашальны для радзімы момант, хлопча, ня проста можна, а трэба! Пашпарт ёсьць?» – «Не». – «Ну нічога, запішам і так». Увечары я расказаў пра сваю партыйнасьць бацькам. Мама пабялела, тата засьмяяўся.
Так я зрабіўся сябрам Беларускага Народнага Фронту задоўга да ягонага расколу. Праўда, спадзяюся, зрабіўся не насамрэч. Бо ўжо даўно любая палітычная партыя, дый наогул аб’яднаньне людзей па нейкай прыкмеце выклікаюць у мяне шчырую агіду. Але галоўнае тое, што мы тады перамаглі – і хай я ня знаў анікога на плошчы (толькі здалёк бачыў і чуў Пазьняка і іншых лідэраў БНФ, твары якіх ведала ўся Беларусь), анікога з тысяч гэтых суворых людзей, усё роўна я адчуваў сваю прыналежнасьць да гісторыі, якую мы пісалі ў тыя дні, хто як мог. Хаця б і так, як я: прысутнасьцю, крыкам, недарэчным памкненьнем сказаць сваё «не» тупасьці і няволі, проста – унутранай нязгодай з усімі свалачамі і цемрашаламі, якія вырашылі скрасьці ў мяне будучыню. Употай, вядома, я спадзяваўся, што траплю ў тэлевізар – але дзе там, я нават ня памятаю, ці паказвалі па БТ нашу Плошчу…
Камэрун!
Што да тэлевізара, дык ён, вядома, займаў тады ладную частку жыцьця. Гэта цяпер я ўжо дваццаць гадоў жыву безь яго і дзіўлюся, як можна трымаць дома гэты кавалак гаўна – я бачу людзей, якія тупеюць выключна дзякуючы тэлевізару, і думаю, што гэтую прыладу, інструмэнт самых паскудных маніпуляцый чалавечай сьвядомасьцю, даўно варта забараніць. Але тады, натуральна, ад тэлевізара было не адарвацца: прыходзячы са школы, ты глядзеў новы выпуск мульцікаў пра мішак Гамі, «До 16 и старше» і ўрокі гішпанскай мовы, увечары – добрае старое савецкае або перабудовачнае кіно, перад сном – «Праграму А», «Крок», НТВ, «Взгляд» і кучу іншых перадач. І, вядома ж, футбол.
Першым чэмпіянатам сьвету, які я паглядзеў, быў мундыяль 1986-га. Потым былі фантастычна яркі чэмпіянат Эўропы-88, Алімпіяда і Ўнівэрсіяда, а ўлетку 1990-га я ўжо тырчаў перад экранам як сапраўдны фанат. Італія, чэрвень, сьпёка, Лаўрэнцій, Лёха і я сядзім дома, глядзім усе гульні і пасьля гэтага бяжым гуляць самі – утрымацца немагчыма. Макс і Слава былі да футболу абыякавыя… Пазьней я і сам спрабаваў паставіцца да маёй адзінай любімай гульні звысака – маўляў, пралетарская забава, але, прачытаўшы, што Набокаў любіў футбол і быў брамнікам, я плюнуў на ўсю арыстакратычнасьць: калі ўжо шляхетны сноб ВН гуляў і захапляўся, дык можна і мне, карона ня зваліцца…
Любоў таго лета – камэрунцы! Я заўзеў толькі за іх – афрыканская каманда пад кіраўніцтвам савецкага трэнэра Няпомняшчага сэнсацыйна дайшла да чвэрцьфіналу. Усё было крута: і дзіўнае прозьвішча коўча, і стракатая, сонечная форма маіх улюбёнцаў у спалучэньні з бліскуча-чорнымі адчайнымі і вясёлымі тварамі, і прыгажосьць рухаў, і воля да перамогі, і танцы каля вуглавых сьцяжкоў!
Група В:
Камэрун-Аргентына 1:0! (гол – Амам Біік)
Камэрун-Румынія 2:1! (галы – Ражэ Міла)
Камэрун-СССР 0:4… (стаміліся, дый Саветы былі ў той час моцныя…)
Але Камэрун праходзіць далей!
Камэрун-Калюмбія 2:1 у дадатковы час (у нашых зноў абодва разы адзначаецца Ражэ Міла!)
І чвэрцьфінал… Незабыўны, найдраматычнейшы, такі, што сэрца вырывалася з грудзей і ўсе Шабаны выбягалі на бальконы і лямантавалі: ну бля, ну даюць! Памятаю той матч. Плат выводзіць ангельцаў наперад, у другім тайме Кундэ з пэнальці зраўноўвае лік, праз пару хвілін забівае Экеке, і ўжо камэрунцы апынаюцца зусім блізка да перамогі. Але перад фінальным сьвістком Лінэкер са спрэчнага пэнальці вырывае нічыю. Дадатковы час – і зноў спрэчны пэнальці на карысьць ангельцаў, і зноў Лінэкер не прамахваецца… Ангельшчына ў паўфінале, Камэрун едзе дамоў, падарыўшы ўсяму сьвету такую радасьць, што і цяпер успамінаеш той турнір як нейкае вар’яцкае сьвята, у якім табе пашчасьціла ўзяць удзел.
А выйгралі той чэмпіянат немцы. Што да зборнай СССР, якая таксама адчувалася намі сваёй (усё ж там гулялі і беларусы: Алейнікаў, Зыгмантовіч, напэўна, яшчэ і Гоцманаў) – дык перамога над Камэрунам была яе адзіным трыюмфам, Саветы не далі рады выйсьці з групы.
Супраць сваіх
За камэрунцаў мне было прыемна яшчэ і таму, што я бачыў, як за іх перажываюць людзі навокал – а гэтых людзей я небеспадстаўна лічыў клінічнымі расістамі. Асабліва пасьля таго, як мы з бацькам неяк схадзілі на «Дынама», на эўракубкавы матч: менскія заўзятары ўсяляк палівалі афрыканскага легіянэра супернікаў адборным расісцкім дзярмом.
Ён, відаць, здагадваўся, што яны крычаць, гэты чарнаскуры хлопец, але быў звыклы і стараўся не зьвяртаць увагі. Я сядзеў як на іголках, я быў на ягоным баку, мне хацелася крыкнуць яму на ягонай мове, што ён супэр, што ён герой, што ня ўсе ў гэтай краіне такія мудзілы. Мне хацелася, каб ён забіў нам – каб зрабіў хэт-трык, каб парваў сёньня нашую браму, адпомсьціўшы гэтым расістам і даказаўшы, што ён лепшы за ўвесь стадыён. Ня ведаю: у пэўны момант мне падалося, што ён адчуў маю маўклівую падтрымку, паміж намі ўсталявалася нейкая няўлоўная сувязь… Але потым яго замянілі і ён сышоў з поля, пахілы, кульгаючы, пад зларадныя крыкі менскіх заўзятараў. Упершыню я чуў і бачыў, як людзі, сярод якіх я жыву, могуць так ненавідзець кагосьці выключна за колер скуры. Для мяне гэта быў шок – усе мае кнігі, усё савецкае інтэрнацыянальнае выхаваньне, маё пачуцьцё справядлівасьці і ўласнай годнасьці казалі мне, што такога ня можа быць. Человек добр, добр, добр – ненавідзець за колер скуры, мову, зьнешнасьць, імя, беднасьць ці багацьце забаронена, гэтак робяць адны пашлякі і ліхадзеі. Але гэтыя людзі, якія крычалі: «Умри, шоколадка», «Обезьяна! На пальму!» – не, яны не былі ліхадзеямі. Яны былі нармальныя – і я ўпершыню зразумеў, наколькі паскудная, тупая і небясьпечная рэч: нармальнасьць.
Заводзкі Менск
Стадыён «Дынама», цырк, плошча Леніна, якая потым зрабілася Незалежнасьці, праспэкт ад плошчы Перамогі да Парку Чалюскінцаў, Опэрны тэатар – такі Менск мне быў тады ўжо знаёмы, але асноўнымі пунктамі на ягонай мапе былі ўсё ж іншыя, бліжэйшыя. Калі я выяжджаў з Шабаноў, дык мая дарога ляжала або да бабулі, туды, дзе цяпер станцыя мэтро «Аўтазаводзкая», або да ДК МАЗу, або ў Дражню, дзе ў вялікім прыватным доме з садам жылі мае дзядзька і цётка, якія дужа мяне любілі. Або на Шарыкі: туды, дзе ўнівэрмаг «Беларусь», кіно «Камсамолец», парк імя 50-годзьдзя Кастрычніка і, далей, стадыён «Трактар» і чабурэчная паблізу – бабуля вадзіла мяне ў яе як на сьвята, і чабурэкі там і праўда былі што трэба, значна лепшыя за цяперашнія.
Аднойчы мы са Славам паехалі на шпацыр у раён Аўтазу – ёсьць там такі невялікі парк… Ідзем, гутарым, выходны дзень, сонца, міма праходзіць чалавек пяць мясцовых – адзін зь іх, параўняўшыся з намі, б’е мяне нагой у жывот, я падаю, хапаючы ротам паветра, астатнія абступаюць Славу… Мілы, родны Заводзкі раён. Я сэрцам табе прысягаю ў шчырай сыноўняй любві.
Праўда, Дражня, у якую я хадзіў ад бабулінага дому пехатою, гэта ўжо з пэўнага часу раён Партызанскі… Але якая розьніца. Усё роўна: рабочыя, заводы, ПТВ, пралетарскі дух, зьмяшаны зь вечна сялянскім, вечна абшчынна-патрыярхальным… Усё роўна: штосэкундная пагроза. У тыя часы толькі адно месца на сьвеце было больш-менш бясьпечным: мой ложак у бацькоўскай кватэры. І ўсё ж я любіў выбірацца за межы Шабаноў – у вялікі і нязьведаны горад, які я яшчэ не адчуваў як родны і які заўжды абяцаў прыгоды і натхняў на авантуры.
Усё магло здарыцца інакш. Маё жыцьцё магло б аказацца намёртва прывязаным да Заводзкага раёну, як гэта здарылася з большасьцю маіх аднаклясьнікаў. І, відаць, гэта адна з маіх траўмаў: усё жыцьцё я бягу адтуль, імкнуся апынуцца чым далей, мару жыць то на чужыне, то на Асмалоўцы, я хачу заставацца ў цэнтры: гораду, жыцьця, культуры, свабоды, хачу выціснуць зь сябе той страх і тое жаданьне агрызацца, хачу забыць тыя Шабаны, Енісейскія, Ангарскія, Аўтазы, Чыжоўкі… Бягу – і не магу ўцячы.
Талент заіканьня
Яшчэ ў пачатку 80-х я заўважыў неяк, што блізкія людзі ставяцца да мяне зь дзіўным шкадаваньнем. Я доўга ня мог зразумець, у чым прычына. І толькі ў 1990-м, на ўроку беларускай літаратуры, мяне агаломшыла страшнае адкрыцьцё: я ж заікаюся і кепска вымаўляю гук «р». Пра гэта са мной размаўлялі так рэдка, што я неяк і не пераймаўся… І часта забываў пра свой дэфэкт маўленьня. Памятаю той дзень. Мы праходзілі Кузьму Чорнага, мяне выклікалі чытаць уголас (сумнеўнае заданьне – чытаць уголас «Трэцяе пакаленьне»), я добрасумленна пачаў – і раптам за сьпінамі пачуўся зьдзеклівы сьмех. Настаўніца паспрабавала яго абарваць, але марна – хтосьці запярэчыў, што заіка мусіць ведаць, што ён заіка, і наогул я мучу ўсю клясу сваім заіканьнем і лепш бы я заткнуўся.
Цяпер, пішучы ўсё гэта, я горды тым, што перамог асяродзьдзе: звычайна жыцьцё людзей з маімі асаблівасьцямі маўленьня ня надта шчасьлівае, што асабістае, што грамадзкае. Лічыцца, што ім ня варта лезьці ў публічныя сфэры і чакаць ад сябе нейкіх дасягненьняў, зьвязаных з мовай. Я – жывое абвяржэньне гэтых страхаў. Я быў адвязным і эфэктным вакалістам рок-гурту, я выступаю са сцэны ў розных гарадах і краінах, раздаю інтэрвію, мадэрую сустрэчы, добра чытаю ўголас свае і чужыя тэксты, я навучыўся не заікацца тады, калі гэта трэба, і літаратура і музыка дапамаглі ў гэтым, яны сьцьвердзілі мяне, умацавалі і прагналі страх. Я ўжо даўно пачуваюся пераможцам, упэўненым у сабе чалавекам, я падабаюся жанчынам, у мяне чароўная жонка, разумная і прыгожая дачка, і наогул – у жыцьці мне шмат хто зайздросьціў і зайздросьціць, а значыць, я вырваўся з таго сумнага дня і з таго бясконцага ўроку белліту. Дня, калі хацелася плакаць ад невыноснай крыўды на сьвет, калі будучыня падавалася безнадзейна сапсаванай, калі я адчуваў віну за сваё маўленьне… Уроку, пасьля якога хацелася павесіцца ад ганьбы і роспачы. «Мяне ніхто не палюбіць, ніводная жанчына, у мяне ніколі ня будзе ні флірту, ні сэксу, ні дзяцей, ні славы, ні прызнаньня, я асуджаны да сьмерці хавацца ад людзей і маўчаць, бо так будзе лепш для ўсіх», – так я тады думаў. Сьмешна, праўда?
У 2001-м я напішу апавяданьне «Талент заіканьня», якое будзе перакладзенае на розныя мовы, выйдзе ў амэрыканскай анталёгіі «Best European Fiction» і прынясе мне шмат славы. І ў ім я скажу, горда і з годнасьцю: літары вынайшаў заіка.
«Корабль, летящий вдаль»
Мая кляса… Як і ва ўсіх клясах усіх школаў, у ёй вучыліся розныя людзі: свае нармальныя пацаны, шчырыя хлопцы, адмарозкі, пасрэднасьці, кар’ерысты, шэрыя мышкі, рана сасьпелыя прыгажуні, дубаломы, летуценьніцы і летуценьнікі. Дзяўчаты ў аднолькавых карычневых сукенках зь белымі карункамі, банты, касмэтыка – і мы, хлопцы, у сініх касьцюмах і гальштуках-селядцах. Дзіўна, што юначы школьны дрэс-код дазваляў больш за дзявочы: касьцюмы, прынамсі, можна было насіць рознага пакрою, розных фабрык, рознага адценьня сіняга або шэрага, а бедныя дзеўкі мусілі надзяваць аднатыповыя сукні. Больш за ўсё ў сваіх апранахах мы нагадвалі каманду афіцыянтаў, якая абслугоўвала чужое сьвята. Падручнікі і сшыткі ў той час было прынята насіць у «дыпляматах» з мэталічнымі бліскучымі зашчэпкамі – прэстыжная была рэч, а партфэлі мелі вучні найменш заможных бацькоў. Дзявочы сьвет у старэйшых клясах рашуча перайшоў на сумкі. А потым зьявіліся пакеты – з надпісамі на «інастраннам», мода на іх была павальнай, пакет з лацінскімі літарамі зрабіўся сьцягам школьніцтва і студэнцтва, сымбалем новага чалавека – Кліента і Спажыўца.