Праведная галеча - Силланпяя Франс Эмиль


Франс Эміль Сіланпя

Праведная галеча

Усе правы абаронены. Ніякая частка гэтага выдання не падлягае адлюстраванню, капіяванню, захаванню ў базах дадзеных альбо пошукавых сістэмах, распаўсюджванню любымі магчымымі сродкамі і спосабамі без папярэдняга пісьмовага дазволу выдавецтва


Серыя заснавана ў 2017 годзе

Рэдактар серыі Сяргей Макарэвіч

Пераклад з фінскай паводле выдання:

Frans Emil Sillanpää. Hurskas Kurjuus. Nuorena nukkunut.

Ihmiset suviyössä. Kustannusosakeyhtiö Otava. Helsinki, 1955.


© Frans Emil Sillanpää, 1919

© Лапатка Я., пераклад на беларускую мову, 2019

© Выданне на беларускай мове, афармленне. Выдавец А. М. Янушкевіч, 2019

© Афармленне і распаўсюджванне e-book

ТАА «Электронная кнігарня», 2020

Тойвала Юсі, Юха, Янэ, а паводле царкоўных кніг – Ёхан Абрахам, сын Беньямінаў, быў старым, страхалюдным чалавечкам. У апошнія гады ягоную галаву ўпрыгожвала вялізная лысіна, вакол якой з-пад шапкі кучаравіліся ніколі не стрыжаныя кудлы. На твары, падобным да морды дваровага цюцькі, праз густое шчацінне выдзяляўся толькі востры, нібы птушыная дзюба, нос. Густая поўсць вілася і вакол вачэй, зацененых краямі капелюша, і адтуль свяціліся толькі дзве вострыя кропачкі, у якія прыстойныя людзі не надта імкнуліcя заглядваць. Пэўным людзям не хочацца заглядваць у вочы, але зусім па іншых прычынах, чым у вочы Юсі Тойвалы. У ягоных вачах не было нічога пагрозлівага і змрочнага, наадварот – у яго позірку праглядвалася лёгкая добразычлівая ўсмешка. Аднак было ў ягоных вачах нешта вар’яцкае, а што можа больш гнясці чалавечую душу, чым усмешка вар’ята, бо гэтая ўсмешка спачувальна гаворыць аб усёведанні таго, у чым чалавек нізашто не хоча прызнавацца нават самому сабе. Во тады і чакай, што гэты прыдурак возьме ды прылюдна выкажа што-небудзь такое. Але Юха Тойвала не быў вар’ятам, і, хоць меў чэзлы розум, душа ягоная была ў поўным парадку і раўнавазе. Мясцовыя заможнікі лічылі яго вялікім прайдзісветам і заўзятым баламутам-завадатарам. А калі празналі, што ў час паўстання ён удзельнічаў у жорсткім забойстве, нядоўга думаючы, вынеслі яму заслужаны вырак. І егер, якому даручылі правесці ачышчальную работу, аднойчы вясновай ноччу абарваў ягонае бязладнае жыццё, а разам з ім прыкончыў яшчэ восем такіх жа гаротнікаў.

Смяротныя прысуды агаломшылі ўражаных вяскоўцаў, якім раней нічога падобнага і ў галаву не прыходзіла. Першымі днямі пра іх гаварылі прыцішана і толькі дрыготкімі галасамі. Што ж да Юсі Тойвалы, дык ягоны канец вызначыўся адной маленькаю акалічнасцю, успамінаючы якую, міжволі ўсміхнешся – так гэта было характэрна для Юсі. Паўстанцаў расстрэльвалі на могілках, паставіўшы каля загадзя выкапанай магілы. І сталася так, што Юсі быў апошні. А калі надышла ягоная чарга, дык Юсі не стаў ля магілы, а ўлёгся, выцягнуўшыся ва ўвесь рост, на трупах забітых перад ім – маўляў, ну во, я гатовы. У тым і быў увесь Юсі. Аднак яму загадалі падняцца, паставілі каля ямы і толькі пасля таго расстралялі.

«На вайне трэба адчуваць асалоду ад забойства – іначай вайну не выйграць», – пісаў адзін фінскі чарнільны ваяка (вылучэнне ягонае), і магчыма, тое была праўда.

Аднак калі быць дакладным, вайна сама па сабе – гэта нішто, а ўсяго толькі нейкі момант, што лучыць лёсы як асобных людзей, так і цэлых груповак. Вайна сціхае, а чалавечыя лёсы становяцца каштоўным скарбам людзей, якія ваявалі, але засталіся сярод жывых. Неўзабаве пасля ўсіх бітваў для чалавека ў душы настае такі момант, калі ягоны ўнутраны позірк болей не жадае затрымлівацца на такіх другасных і нязначных рэчах, як цялесныя пакуты, бруд, голад і няўмольная жорсткасць, а няспынна імкнецца пранікнуць глыбей, туды, дзе ўсё застыла ў знямелай нерухомасці. Там ніхто не бывае вышэйшым або лепшым за другога, там усе роўныя, бо выяўляюцца акалічнасці, датычныя ўсіх праціўнікаў, аб чым ніхто з іх раней не меў ніякага ўяўлення. Нябожчыкі ўстаюць і здзіўляюцца, чаму іх пахавалі ў розных магілах, яны ніяк не могуць спасцігнуць, што гэта значыць. Там Юсі Тойвала і егер – старыя знаёмыя, бо егер аднойчы вясновай ноччу недзе ў іншым месцы, у тым пакінутым свеце, расстраляў Юсі. Вядома ж, гэта адбылося зусім выпадкова, бо тады ён не зразумеў, які напраўду добры чалавек гэты Юсі.

Раздзел І

Нараджэнне і дзяцінства

Юха Тойвала паходзіў з сялян, хоць мала хто з цяперашніх маладых ведаў пра тое, ды ніхто і не цікавіўся ягоным паходжаннем. Але да нашых дзён у двух-трох прыходах ён меў заможных і паважаных родзічаў, хоць яны болей чужаліся, чым радніліся, і Юха не ўспомніў пра іх нават тады, калі трапіў у бяду з прычыны свайго бунтарства.

Ён нарадзіўся ўвосень 1857 года ў адным з прыходаў на паўночным усходзе правінцыі Сатакунта, на хутары Нікіля вёскі Хар’якангас. Адбылося гэта ў пятніцу вечарам напярэдадні дня Міхаіла Архістратыга. Прадчуванне восеньскага свята агарнула сядзібу, змешваючыся з дзіўнай саладжавасцю, што праменілася ад парадзіхі.

Уранні ішоў даволі моцны дождж, але адвячоркам раз’яснела, заблішчалі пад сонейкам стракатыя купкі бяроз ды асін, ажывілася зеляніна самотных елак. Пяцідзесяцігадовы Пеньямі, гаспадар хутара Нікіля, кволы мужычок з жоўтым ад тытуню падбароддзем, хістаючыся, спусціўся з гарышча ў двор. На ім была даўгаполая неахайная сярмяга, апаясаная скураным рэменем; і сярмяга, і кашуля пад ёю былі расшпілены зверху данізу, адкрываючы чырвоныя кашчавыя грудзі асенняму ветрыку. Чалавек паціху згасаў, жыць яму заставалася нядоўга. Стары ў зношанай сярмязе, ціхае булькатанне самагоннага апарата ў прысценку – усё гэта спалучалася ў нейкую лагодную гармонію, якая драмала ў спарахнелых кутах хаты і ў зарослай пахкай травою прызбе. Пеньямі быў жанаты трэці раз, і цяпер ягоная жонка нараджала сваё першае дзіця. Успацелая баба-павітуха ў адной кашулі несла ваду з прысценка ў лазню. Убачыўшы, што Пеньямі ідзе ў вёску, яна сярдзіта выгукнула:

– Гэй, дзед, ты хоць бы цяпер застаўся дома!

– Гэта вы, баб’ё, седзіце ў сваіх стойлах! – буркліва агрызнуўся Пеньямі і падаўся ў вёску, зберагаючы самаздаволеную ўсмешку на старэчым пачырванелым твары, на якім адбівалася святло вечаровага сонейка і блукалі нейкія глыбока захаваныя прыемныя думкі старога чалавека.

«Бабы нараджаюць дзяцей… На тое яны і бабы, каб нараджаць дзяцей… Во і трэцяя мая баба родзіць дзіця, а павітуха болей не зможа… Эхе-хе-хе, мальцы… А я іду да Олілы… Татку Олілу наведаць… Ён добры дзед, хоць і з Кокемякаў… Ён часцяком выпівае, як і я… Можа, і цяпер ужо дзюбнуў… А хоць бы і так… Сын у яго ўжо вялікі… Амаль як мядзведзь… І жыта хапае заўсёды… І не бяднее, нячысцік, хоць і п’янтос страшэнны… А ў мяне трэцяя жонка, і дзіцё цяпер будзе… Павітуха там шчыруе, яна сабе, а я хутка выб’ю з баб усю дурасць… Так слаўна даводзіць баб да розуму… Кожная паспытала майго кійка… Хутка і гэтую пачастую…»

Гарэлка поўніла жылы Пеньямі хмельнаю асалодаю, зачырванелі, нібы гронкі рабіны, ягоныя шчокі, а вочы так і бегалі туды-сюды, шукаючы, што б яшчэ ўчыніць ад усёй павесялелай душы. Удосталь налаяўшыся з работнікамі, што капалі бульбу, ён спытаў у дзяцей Хусары:

– Бацька дома?

– Дома, – адказаў хлопчык.

– А што ён зараз робіць?

– Не ведаю.

– Не іначай як трэцца пад бокам у маткі, – сказаў Пеньямі, засмяяўся свайму жарту і пайшоў далей па дарозе да Олілы.

Цяперашнюю, трэцюю, жонку Пеньямі звалі Мая. Родам яна была з хутара Оліла, але цяперашнім гаспадарам нікім не даводзілася, бо гэтым прыхадням з Кокемякаў хутар прадаў яе старэйшы брат. Тады Маін брат быў зусім маладым і нежанатым, але хутка ажаніўся і, прадаўшы гаспадарку, пайшоў у прымы некуды пад Тамперэ. А Мая засталася адна, нібы птушка на хісткай галіне. Вядома, ёй таксама дасталася крыху грошай, але так мала, што ніводзін жаніх не спакусіўся такім вартым жалю капіталам. Яна паспрабавала моднічаць ды шыкаваць, але гэтыя спробы выклікалі толькі насмешкі аднавяскоўцаў, і ўрэшце іхні аднадушны прысуд спраўдзіўся: Мая трапіла ў бяду. Праўда, дзіця памёрла адразу ж, але грошы як ветрам вынесла, і перад ёю застаўся адзіны спрадвечны шлях такіх жанчын: пайсці ў дамашнія прыслугі. Людзі прадказвалі ёй новыя няшчасці, бо ўрадзілася яна бесхарактарнай размазнёй. Аднак гэтыя прароцтвы не спраўдзіліся. Калі ж напярэдадні Міхайлава дня памерла гаспадыня хутара Нікіля, а Мая той жа восенню пайшла ў парабчанкі да гаспадара хутара, людзі загаварылі: «Хутка ў Пеньямі будзе новая жонка». Вось гэтае прадказанне збылося. А цяпер Мая ляжала на палку ў саўне, збіраючыся радзіць, і павітуха Ловіса завіхалася каля яе.

Мая ўсёю душой хацела і чакала родаў, бо да гэтай пары яе жыццё нагадвала блуканне ў цемры і стаць поўнай гаспадыняй хутара не было цвёрдых спадзеваў, а таму, хоць і мела невялічкі розум, яна даўмелася, што дасягнуць усяго можна, толькі нарадзіўшы дзіця. Нічога яна так не хацела, як замацавацца ў жыцці, стаць на ногі, а калі гэта не ўдавалася, дык чым яна вінаватая, што жыццё пайшло зусім не так, як павінна ісці ў звычайных сялянскіх дзяўчат? Пяць гадоў яна прабыла парабчанкай, але ніколі не лічыла сябе знядоленай і прыніжанай, бо ўсё гэта было часова, а неўзабаве пачнецца сапраўднае жыццё. Таму яна адразу ж паддалася дамаганням гаспадара. Мая была нават задаволена, што ён такі стары, зжаўцелы ад тытуню, удовы п’янтос. Усё гэта было толькі да лепшага, і зусім не таму, што яна думала аб сваім прыніжэнні, а таму што як гаспадар і гаспадыня яны выдатна падышлі б адзін аднаму.

Так думала Мая ў поўнай упэўненасці, што хутка стане гаспадыняй, і кожны дзень на працягу ўсяго тыдня ёй салодка мроіўся голас пастара: «Удовы селянін Пеньямі, Пеньямінаў сын, і сялянская дзяўчына Мая Ёсэфіна, Стэфанава дачка…» Аднак пастар у царкве абвясціў толькі «парабчанка з таго ж хутара» – і ні слова аб маладой дзяўчыне. А неўзабаве і сама Мая заўважыла, што пачатак новага жыцця застаўся недасяжным, нічога ў яе жыцці не змянілася пасля вянчання. І цяпер яна не магла называць мужа іначай як «гаспадар» і толькі на вы. І абедзве дачкі гаспадара называлі яе па-ранейшаму – Мая. Гаспадар жа, калі казаў пра жанчын, называў іх толькі баб’ём, а калі быў у асабліва добрым гуморы – бабамі. Той жа самы безыменны страх, які валодаў ёю, калі яна жыла спадзевамі і мроямі, так і не пакінуў яе пасля таго, калі мары збыліся. Пачатак новага жыцця адкладваўся. Яна займалася і тым, і гэтым, і Бог ведае чым яшчэ, а ўсё астатняе заставалася толькі яе ўяўленнем. Толькі адзін раз Мая зрабіла бездапаможную спробу паставіць сябе гаспадыняй: груба і рэзка абышлася з Ловісай, каб адлучыць яе ад дому. А ў выніку гаспадар, вярнуўшыся дамоў у шале, заявіў, што «калі вы, баб’ё, паганыя вы каровы, зараз жа не разбежыцеся па сваіх стойлах, дык тады…» Так Пеньямі высоўваў напаказ сваю застрашальна грубую існасць састарэлага мужчыны, нібыта хацеў давесці, што ён стаіць нашмат вышэй за ўсялякае там баб’ё. Пеньямі ніколі не меў патрэбы думаць пра тое, як уладкавацца ў жыцці, яму патрабавалася толькі пашана. Выявілася, што павітуха Ловіса не такі ўжо і дрэнны чалавек, бо пасля ўсяго яна пачала ставіцца да Маі лепей, чым раней.

Больш удала жыццё ў Маі не складвалася. Часам, калі выдавалася вольная ад гаспадарчых клопатаў хвіліна, яна казала сама сабе, што гады ідуць, яна старэе, трапіўшы ў гэты дом, дзе над усім валадараць счырванелы старэчы твар Пеньямі і ягоныя п’яныя воклічы. Так і цягнецца жыццё, якое складвалася такім чынам на працягу дзесяцігоддзяў, – панылае, непахіснае і нязменнае. Апроч таго, павітуха і дочкі гаспадара клапоцяцца толькі пра сябе, а збоку за ўсім назірае замшэлая вёска. Напэўна, так яно і будзе цягнуцца далей… У такія хвіліны роздуму Маін нос яшчэ больш выцягваўвася; два пярэднія зубы ўжо выпалі. А калі Пеньямі памрэ, што з ёю будзе, калі няма спадкаемца і яна наўрад ці зможа нарадзіць яму нашчадка?

Але потым з’явілася надзея. І тады ў вачах Маі, што свяціліся над бяскроўнымі шчокамі, часам з’яўляўся летуценны выраз. Яна народзіць Пеньямі спадкаемца! Але гэтая акалічнасць патрабавала ад яе дакладнага разліку, памяркоўнасці і прадбачлівасці. Давядзецца выхоўваць і гадаваць дзіця, ды яшчэ і глядзець за тым, каб ягоная доля ў спадчыне не памяншалася, а павялічвалася. І заўсёды, калі гэтыя неадчэпныя думкі апаноўвалі Маю, яна спасцігала ўсю складанасць свайго становішча. Усе памкненні і намаганні дасягнуць чаго-небудзь у будучым палохалі, стамлялі і прыгняталі яе. Хоць у сваіх самотных летуценнях яна прадбачыла такі пажаданы і такі патрэбны ёй вынік, але пры гэтым разумела, што дасягнуць яго нельга без загадзя складзенага плана і дзейнай энергіі. Тысячы і тысячы дробязных перашкод і цяжкасцей перажыла Мая ў сваім жыцці, а нічога так і не ўдавалася давесці да канца. А цяпер такімі перашкодамі былі дочкі гаспадара Ева і Марке, ягоная старасць ды шмат чаго іншага. Чаму яе шлюб быў зусім не такі, як у іншых дзяўчат? Замуж вось жа ідуць менавіта дзеля таго, каб потым болей ніколі не пакутаваць ад розных непатрэбных памкненняў.

Аднак прырода не слухала такіх довадаў, а працягвала накіроўваць усё сваім чарадом. Безумоўная нязменнасць прыроды з аднаго боку і чалавечыя задумы ды турботы з другога – уся гэтая чалавечая трагедыя і развівалася ў гэтым выпадку – так, як кветка развіваецца ў гармоніі з законамі свайго віду нават у самых глухіх кутках лясных нетраў. Калі наблізіліся роды, Мая на нейкае імгненне вызвалілася ад усіх жыццёвых турбот і гароты. Ёй здавалася, што надышоў нейкі цудоўны стан, калі ўсе тыя Евы, Марке, Пеньямі ды бабы-павітухі ўжо ўспрымаюцца ёю з поўнай абыякавасцю.

Тры чалавекі сядзяць у пякарні Олілы, асветленай жоўтым агеньчыкам сальнай свечкі. Тата Оліла – сямідзесяцігадовы мужчына з гладка паголеным тварам, на падбароддзі ад вуха да вуха кучаравяцца бялявыя валасы. Ён гаворыць на дыялекце Кокемякаў, прытым ягоная шыя і ўся верхняя частка цела стынуць у здранцвенні. Чарку ён трымае беражліва і выпівае з належнаю годнасцю, а калі Пеньямі Нікіля пачынае занадта нецярпліва круціцца і злаваць яго, тата Оліла спакойна і бесцырымонна спыняе госця, і той нават не спрабуе пярэчыць. Побач з татам Олілам сядзіць ягоны сын Франсу, такі ж здранцвелы і нерухомы мужчына гадоў пад трыццаць з роўна падстрыжанымі валасамі. Час ад часу ён устаўляе ў размову колькі слоў; твар ягоны застаецца няўсмешліва абыякавым. Вядома ж, ён робіць свае заўвагі, але яны толькі пацвярджаюць сказанае бацькам. Абодва Олілы п’юць не п’янеючы. У сваім доме яны прымушаюць Пеньямі скакаць пад сваю дудку – вось жа, таго самага Пеньямі, што такі ўсеўладны ў сваім доме на хутары Нікіля.

Кокемякінцы нядаўна пачалі адзін за адным сяліцца ў гэтым прыходзе. Усе яны занадта фанабэрыстыя, каб шанаваць мясцовыя звычаі. Нават на пагорку каля царквы яны стаяць, закруціўшыся ў вялікія хусткі ды кажухі, і гучна размаўляюць між сабою сваёй мяккай немясцоваю гаворкай.

Свечка дагарае, запал Пеньямі Нікілі таксама аціхае. «Бадай што болей чым на адну свечку цябе не хопіць», – кажа тата Оліла. Ён толькі-толькі пачынае жвавець, а Пеньямі ўжо страціў імпэт. «Дарэмна ты злаваў на мяне, калі я не даў табе грошай… Адкуль жа я ведаў, што там у цябе творыцца… І скажы ты мне, на ліха ты звязаўся з гэтаю жаніцьбай?..»

Хоць Пеньямі і моцна зап’янеў, але нават праз хмель разумее, які чужы ён для гэтых людзей, як раздражняе яго іхняя невыносная фанабэрыстасць. Але ён сам і ягоны хутар цалкам залежаць ад гэтых людзей, хоча ён таго ці не хоча. У Пеньямі абуджаецца нейкая бяздумная злосць, ён устае, нібыта збіраючыся штосьці зрабіць. Але тата Оліла таксама ўстае і кажа:

– Давай, суседзе, ідзі-тка ты дамоў, наведай сваю бабу. Яна ўжо, напэўна, і радзіла.

Тата Оліла і Франсу выводзяць Пеньямі з хаты. Ён занурваецца ў цёмны завулак і, намацваючы дарогу нагамі, ідзе на другі канец вёскі. Ён павольна сунецца наперад, бяздумна ўтаропіўшы вочы ў цемру, а хмель тым часам выветрыў з галавы ўсё паўсядзённае, і Пеньямі бачыць сваё жыццё і цяперашняе сваё становішча ва ўсіх непрыглядных драбніцах. Гэтую зямлю, гэтае неба і гэтых людзей з Кокемякаў нельга ўзяць рознымі хітрыкамі. Каго іншага – можна. Нясцерпна брыдкае пачуццё ад таго, што ёсць на свеце нешта такое, чым завалодаць табе не пад сілу, але ад чаго ніяк не пазбавішся. Старога Пеньямі бязлітасна душыць думка пра тое, што на свеце існуе нешта такое, што абавязкова трэба прызнаваць больш моцным за сябе.

Дальше