Праведная галеча - Силланпяя Франс Эмиль 2 стр.


Ён штосьці мармыча сабе пад нос і садзіцца каля дарогі.

У лучніку гарыць лучына, і ў яе святле відаць, што ў доме на хутары Нікіля сядзяць дзве рудыя дзяўчыны – дочкі старога Пеньямі – старэйшая Ева і малодшая Марке. Абедзве яны – дзеці ад другой жонкі Пеньямі і адзіныя, што засталіся ў жывых, вельмі падобныя на сваю памерлую маці. Абедзве яны выглядаюць панылымі і хмурымі і нават паміж сабою размаўляюць вельмі мала, аднак заўсёды трымаюцца разам. Сёння яны пачуваюць сябе ў асаблівай лучнасці, бо ўвесь вольны час яны могуць вытвараць што хочаш у родным доме. Калі дома няма ні гаспадыні, ні гаспадара, а ўсе парабкі разышліся па сваіх хатах, то гэта самы лепшы час папіць гарэлкі або заняцца яшчэ чым-небудзь прыемным. І толькі цвыркуны стракочуць за печкаю ды неяк прывідна патрэсквае, завіваючыся ў кальцо, абвугленая лучына. Марке сядзіць пад самаю лучынай і чытае доўгую вузкую кніжку катэхізіса, а Ева прадзе, круцячы нагою калаўрот. Калі Ева спыняецца, каб закінуць нітку на наступны зубчык, Марке падымае галаву, нібыта хоча нешта сказаць, але Ева, паслініўшы палец, працягвае сукаць нітку. Марке яшчэ амаль дзіця, нават не прайшла канфірмацыю, а Ева ўжо амаль дарослая.

Усё іхняе разумовае багацце і жыццё складаецца толькі з таго, што адбываецца ў маленькім свеце вакол іх. Калі заканчваецца лета і вечарамі запальваюць лучыны – хутка прыйдзе зіма. Так аднастайна праходзіць год за годам, і дзяўчаты заўважаюць, што паціху становяцца дарослымі. Пазалеташняй восенню якраз такою парою памерла іхняя маці, цяпер Мая распараджаецца як у сябе дома, лазіць па свірнах і склепах, а цяпер во родзіць у саўне, бацька ж заўсёды на добрым падпітку. Год пасля матчынай смерці быў для сясцёр самым шчаслівым годам: бацькі амаль ніколі не было дома, і біў ён іх не так часта, як нябожчыцу жонку. Ключы ад гаспадарчых пабудоў былі ў Евы, яна моцна трымала іх у сваіх руках, і баба-павітуха Ловіса тады не надта гаспадарыла, хоць увесь час круцілася ў доме. Яна была з бацькам на ты і зусім яго не баялася, хоць ён такі сярдзіты.

Марке апусціла кніжку на калені і загаварыла з сястрою:

– Ну і дзе бацька зноў прападае?

– У Олілы.

– А чаго Ловіса заўсёды тут круціцца? Чаго яна ўвесь час смяецца з бацькі?

– Яна таксама была бацькавай нявестай.

– А чаго яна ўсё тут, калі ў нас Мая? І чаму гэта Мая павінна быць тут?

– Яна тут гаспадыня.

– Мама ж была гаспадыняю.

– Дык ведай, што Мая тут гаспадыня, а цяпер яна родзіць.

– Як гэта так? І чаго яна ў саўне?

– Во й спытай у яе сама.

– А калі яна народзіць?

– Калі, калі… Ці доўга ці мала – рыба наспявала… – адказала Ева, стомлена ўсміхаючыся. Яна паднялася, адсунула калаўрот, пазяхнула і паправіла валасы.

Абедзве дачкі Нікілі – рудыя, з маленькімі вачыма, ахопленыя звычнай заўсёднай нудой – пачалі ўкладвацца спаць. Мая і баба-павітуха Ловіса ўсё яшчэ былі ў саўне, стары Пеньямі забавіўся недзе ў вёсцы. У непрагляднай восеньскай цемры час ад часу чуліся дзікія спевы п’яных вясковых парабкаў, і тры гэтыя чалавечыя купкі міжволі цураліся адна аднае. Ева патушыла лучыну, зачыніла валакавое акенца і лягла каля сцяны ў рыпучы ложак. Марке ўжо чакала і моцна прытулілася да сястры. Гэта не надта спадабалася Еве, але яна змоўчала.

У сенцах пачуліся таропкія крокі павітухі Ловісы. Яна заглянула ў адзін, у другі пакой, адчыніла дзверы ў памяшканне для работнікаў і зноў пайшла. Хлопчык ужо з’явіўся на свет, яго памылі і спавілі. Пакуль павітуха шукала кошык пад калыску, маці перахрысціла немаўля і прамармытала над ім нешта падобнае і да закляцця, і да блаславення. Потым яна, з палёгкаю ўздыхнуўшы, зноў выпрасталася на палку, і прыроднае пачуццё млявага шчасця напоўніла ўсё цела і душу. Страхі і турботы некуды зніклі, яна на нейкі кароткі час засталася сам-насам са сваім дзіцем у цішыні саўны.

Загадкавая чалавечая істота адной гадзіны ўзростам пішчала ў кошыку ў саўне на лясным хутары Нікіля, суботняй ноччу, за шэсцьдзясят гадоў да чырвонага паўстання. Час яе нараджэння не стаўся нечым незвычайным, усё ішло заведзеным прыродаю парадкам. Ева ў хаце прачнулася, калі п’яны Пеньямі, спатыкаючыся, дабіраўся да свайго ложка. Потым яна прачнулася яшчэ раз, таму што бацька пачаў голасна скардзіцца на жыццё, а з ложка ад дзвярэй пачуўся адказ: «Угаманіся, стары чорт, а то ўстану, дык адразу сціхнеш!» Гэта быў парабак Аапелі, які таксама позна вярнуўся дамоў. Стары і сапраўды на некаторы час сцішыўся, потым падняўся, выйшаў у сенцы і пачаў клікаць Ловісу. Хлопчык на пабягушках захіхікаў у сваім ложку. Усё гэта Ева добра чула, і не было ў тым нічога ні новага, ні дзіўнага. Марке не пачула нічога і спала, усё шчыльней прыціскаючыся да Евы. Напэўна, у сне яна лічыла Еву за маці.

Пасля нараджэння доўгачаканага сына Маю ахапілі радасныя пачуцці, якія абуджаюцца самой прыродаю. Але такія пачуцці хутка праходзяць, і ўсёмагутная штодзённасць зноў напаўняе жыццё, і тады нараджэнне дзіцяці ператвараецца ў нешта цяжкае, што прыстойныя людзі павінны ўспрымаць пакорліва і цярпліва, бо гэта такія плады, якія жыццё прыносіць нам і якія надаюць існаванню чалавека шэрыя і нават гнятлівыя адценні. Калі дзіця памірае яшчэ малым, дык гэтая падзея падаецца больш радаснаю за ягонае нараджэнне. Вядома ж, маці пралье нямала слёз, але не будзе нават хаваць, што гэта слёзы радасці, а не жалобы.

Аднак Мая кожную хвіліну, нават адыходзячы ад сына, памятала, што для яе самае галоўнае, каб дзіця засталося жывым. З цягам часу ў яе нарадзілася думка, што старому Пеньямі напляваць на сына, і новыя, зусім іншыя пачуцці прачнуліся ў Маіным сэрцы. Паступова гэта пачало выяўляцца ў размовах паміж імі. Мая імкнулася – і гэта выходзіла неяк само па сабе – трымацца ў размовах з мужам той самай вольнай манеры, якая збераглася ў яе з дзявочай пары, і часам сярод грубаватых жартаў без аніякага страху звярталася да Пеньямі на ты. І гэта, здаецца, дзейнічала на старога. Мая адчувала, што яе аўтарытэт і ўплыў паступова мацнеюць.

Пакуль Юсі быў яшчэ зусім малы і няцвёрда трымаўся на нагах, ягоныя дні праходзілі досыць аднастайна. Старая, збітая з дошак калыска месціцца ў запечку. У вечаровым сутонні відаць, што там ляжыць двухгадовы хлопчык. Побач з калыскаю сядзіць Марке, і малы паклаў свае ногі ёй на калені. Дзяўчына нешта маркотна напявае і нехаця гойдае старую калыску, якая пранізліва рыпіць, шморгаючы па вострых сучках у падлозе. Хлопчык не хоча спаць. Раз-пораз ён падымаецца, імкнецца сесці і кліча маці, калі Марке спрабуе зноў укласці яго. Дзіця баіцца насоўвання густой цемры, яго кусаюць клапы і блохі.

Калі хлопчык захліпаецца плачам і каторы раз падымаецца ў калысцы, Марке бярэ яго на рукі, злёгку паляпвае рукою па крываватых ножках і падносіць да акна, за якім усё яшчэ свеціцца сутонне дня. Хлопчык супакойваецца, колькі часу глядзіць на постаці, якія мільгаюць каля калодзежа і хлявоў, а потым зноў пачынае ціха плакаць. На двары ляскаюць дзверы, у запечку пачынае стракатаць цвыркун, адвечная дамашняя жывёлінка сялянскіх хат, сучаснік лучыны.

Марке надакучыла ўсё так, што яна безуважна слухае дзіцячы плач і абыякава разглядае хлопчыкаў твар, пакрыты бруднымі палоскамі ад слёз. Гэта Маін сын, але ж бацька ў іх адзін…

У хату вяртаюцца людзі, прыходзяць Аапелі і хлопчык на пабягушках Кустаа. Падзённы найміт Мастамякі кіруецца да варотаў – відаць, пойдзе дамоў. У сенцах чуюцца Маіны крокі, яна ідзе ў пякарню. Увечары кожны займаецца сваёю справай.

Аапелі скідвае сярмягу, засоўвае ў печ рукавіцы і тоўстыя шкарпэткі з воўны, а потым здымае з жэрдачкі звязку лучыны і, чыркануўшы запалкай аб печку, падпальвае лучыніну. Немаўля сціхае і жмурыцца на святло. Дзіця стамілася, але калі пакласці яго ў калыску, дык зноў пачне плакаць.

Аапелі ўжо каторы вечар майструе сані. Хлопчык Кустаа, пакуль няма даручэнняў, водзіць носам на лаўцы. А вось і сама гаспадыня Мая, прыходзіць, бярэ на рукі малога і, пакінуўшы астатні клопат, дае яму цыцку. Юсі ідзе ўжо трэці год, але ад матчыных грудзей яго пакуль што не адвучылі.

Мая ўмее гаспадарыць. Яна загадвае Кустаа і Марке чытаць. Кустаа адразу дастае свой катэхізіс, а Марке марудзіць. «Во пачакай, прыйдзе бацька», – пагражае Мая.

Толькі Кустаа пачаў: «Адказ: Каб вызваліцца ад састарэлага Адама, які штодзённа пасяляецца ў нас… а… а… а… і разам з тым раскаяцца… а… а… а… і ачысціцца ад кепскай пажадлівасці… а… а… а… і ўзняцца…», як Аапелі бесцырымонна перабіў яго: «Малец! Хадзі-тка пасвяці мне!»

Шуршыць гэблік, ціха гудзе калаўрот, аднастайна гучаць пытанні-адказы катэхізіса. А тут у хату ўвайшоў Пеньямі з абярэмкам дроў і моўчкі ўзяўся шчапаць лучыну. Сёння ён быў цвярозы цэлы дзень, і таму ў вачах усіх прысутных выглядаў больш прыстойна, чым заўсёды.

Праз некалькі гадзін усе гэтыя рознаўзроставыя чалавечыя істоты будуць спаць глыбокім сном. Бязмежная, непраглядна цёмная ноч цяжка дыхае вакол іх і, нібыта самая мудрая на свеце істота, глядзіць на гэтых неразумных людзей, якія бездапаможна боўтаюцца ў неабсяжным моры часу. Шасцідзесяцігоддзе, якое нясе з сабой грознае наканаванне лёсу, пачалося, але гэтыя людзі за стракатаннем цвыркуна не чуюць ягонага цяжкога поступу. Сямёра толькі ўдыхаюць і выдыхаюць паветра ў цеснай хаце.

Малы Юсі дыхае ледзь чутна. Ён нарэшце супакоіўся і заснуў каля матчыных грудзей, а потым яго паклалі ў смярдзючую калыску. Там і ляжыць ягонае маленькае цельца, і дзіця, само таго не ведаючы, ужо імкнецца па моры часу насустрач сваёй далёкай даросласці і яшчэ больш аддаленай старасці ды нікому не вядомай смерці, пасля якой усё будзе па-ранейшаму нязменным, а бераг мора часу так і застанецца нябачным і недасяжным. Гэта малое цельца з плоці, крыві, касцей. Але і яно ўжо на пачатку свайго нялёгкага шляху насустрач смерці.

У ягоных касцях ужо ідзе нейкае пакуль што нікому не бачнае пераўтварэнне, якое выяўляецца толькі ў скрыўленых нагах і бугрыстых нарасцях на галаве.

А калі цемра гусцее, з кутка калыскі вылазіць клоп і надзвычай спрытна пачынае поўзаць у прасцінах, пакуль не дабіраецца да мэты. Звесткі пра тое няспынна ідуць у чуйныя клеткі мозга. Калі ж паток звестак ускіпае, тады пачынае гучаць далёкі голас, абуджаючы сваімі хвалямі таемную дзейнасць у галовах заснулых людзей. Але толькі адзін з іх адгукаецца на гэты кліч.

Мая ўстае, працірае запаленыя вочы, пачухвае бок і, пакінуўшы храпучага Пеньямі, ідзе да малога. Маці гушкае дзіця, але той не супакойваецца, а крычыць яшчэ мацней. Тады Мая нахіляецца над калыскаю і раздражнёна дае сыну цыцку. Калі ж нарэшце ён адвучыцца ад матчыных грудзей? Пачуццё глыбокай абыякавасці ахоплівае Маю, калі яна скупа корміць сына пасярод глухой ночы. Цяжка ўсё гэта. Акрамя таго, яна ведае, што гаспадарка загразла ў пазыках.

На нейкі час хлопчык супакойваецца, а тысячы знешніх і ўнутраных акалічнасцей працягваюць сваю няспынную працу, ператвараючы гэтую малую істоту ў чалавечую асобу. Мая ўздыхае і зноў укладваецца побач з Пеньямі. Нешта мармыча ў сне Кустаа, потым зноў наступае цішыня. Цвыркун грызе вокладку пакінутага каля сцяны катэхізіса.

Ад тае пары ў памяці Юсі зберагліся толькі паасобныя ўрыўкі: пералівы сонечнага ці месячнага святла на падлозе, сярдзітыя воклічы, трэск запаленай лучыны. Надоўга запомнілася малому адна карціна: ярка асветленая свечкамі, упрыгожаная саламянымі вянкамі, з саломаю на падлозе і гучаннем псалмоў калядная хата. Аднак першы цвёрды ўспамін, які незалежна ад ягонага жадання збярогся ў памяці, застаўся ад наступнага выпадку.

Ён адзін у вялікім пакоі. І такая хвіліна, што не хочацца рабіць нічога. Ён толькі што быў у памяшканні, дзе пякуць хлеб, і маці пачаставала яго кавай. Кажуць, што яму ідзе ўжо шосты год. Ён хлопчык. Ён сядзіць на падлозе і разглядае вокны і аконныя вушакі. Яму здаецца, быццам штосьці спынілася і замёрла. А можа, ён толькі што заўважыў тое, што было заўсёды. Субота, нядзеля, аўторак…

У сенцах нешта грукае, і праз нейкую хвілю ў хату ўваходзіць Пеньямі – бацька. Стары Пеньямі і малы Юсі глядзяць адзін на аднаго, і на імгненне паміж імі ўзнікае нейкае страшнае невядомае пачуццё, асэнсаваць якое яны не ў змозе. Таямнічы, нікім не бачаны чалавек раптам заварушыўся ўнутры старога Пеньямі, нібыта ён убачыў з засады, як па лесе крадзецца нейкі дзіўны звер. Пеньямі хоча хоць што-небудзь зрабіць хлопчыку. Усміхаючыся, ён глядзіць на сына, потым падымае і садзіць на прыпечак. Стары дастае з кішэні пáраную бручку і загадвае малому есці. Хлопчык паслухмяна пачынае жаваць пачастунак, не ведаючы нават, ці смачна гэта, ці не. Ён чуе знаёмы пах гарэлкі і тытуню, незвычайна блізка, на ўзроўні са сваім тварам, бачыць барадаты бацькаў твар, ягоныя маленькія вочы. Бацька – гэта страшнаватая істота… А той усё ўсміхаецца і мітусліва штосьці шукае па кішэнях, вымае з-за шчакі кавалак зжаванага тытуню і ляніва, нібы гуляючы, запіхвае смярдзючую жвачку хлопчыку ў рот. Малы не адважваецца супраціўляцца, сілы на тое ў яго няма, ён толькі крывіць рот у надрыўным плачы. П’яны стары Пеньямі задаволены сваім паскудным жартам. Гэта ж Маін сын… Тут у п’янтоса прачынаецца дзікае жаданне ўчыніць што-небудзь кепскае і самой Маі. Ён ніяк не можа ўспомніць, ці лупцаваў ён калі як след гэтую Маю. Раней у яго былі дзве жонкі, і стары ўжо не памятае, чым ён «частаваў» кожную з іх.

Мая ўваходзіць у хату якраз тады, калі Пеньямі сілком спрабуе засунуць свой замазаны тытунём палец у рот малому. Яна падыходзіць, намерваючыся ўзяць хлопчыка і паставіць яго на падлогу. Жанчына бурчыць:

– Чаго ты зноў нажлукціўся…

У адказ Пеньямі раве старэчым голасам, знарок распальваючы сваю лютасць:

– Сціхні, баб’ё! – і адштурхоўвае жонку.

– Што ты будзеш жэрці налета, п’янюга ты паганы! Адчапіся ад хлопца!

– Замаўчы, праклятая карова! – крычыць Пеньямі і ў шаленстве паварочваецца да Маі.

Тады Юсі саскоквае з прыпечка так шпарка, ажно нешта хрусціць у пятцы, і, выціраючы запэцканы тытунём рот, выбягае на двор. Змяркаецца. Праз вароты ў двор заходзіць муж павітухі Тааветці з вялікім берасцяным куфэркам пад пахай.

– Ці дома бацька? – пытаецца ён сіпатым голасам.

Юсі не адказвае. Ён назаўсёды застанецца ў памяці Тааветці гэткім няветлым паскудным падшыванцам. Тааветці прынёс старому Пеньямі тытуню, бо ў таго самасад панішчылі замаразкі.

Счакаўшы кароткі час, Юсі ціхенька крадзецца ў хату.

– Добрая ў цябе баба, – кажа Пеньямі, заціснуўшы адкрытую табакерку паміж каленяў. – Хэ, я ж ведаю тваю бабу лепей, чым ты сам.

– Вядома, тут ты ў нас вялікі знаўца, – сіпіць Тааветці. – А ці ведае гаспадар, як зіму перажываць будзем?

– А мне напляваць на тое, я пра тваю бабу кажу. Ты яе хоць раз адлупцаваў як след ці не?

У хату зноў уваходзіць Мая. Пеньямі скоса глядзіць на яе і заўважае Юсі.

– А гэты паўшабэлак усё яшчэ тут? А во табе тытуню! – у строгім голасе чуюцца добразычлівыя ноткі, але Юсі на ўсялякі выпадак паціху адсоўваецца да дзвярэй. Мая выходзіць, гучна грукнуўшы дзвярыма.

– Што!!! Ды я цябе!!! – захліпваецца шалёным крыкам Пеньямі, ускаквае, але не кідаецца следам за жонкай, а бяссільна апускаецца на лаву.

А Тааветці зноў за сваё:

– А-а-а… Што ні кажы, а ліхая сёлета будзе зіма. Хоць у Нікілі яшчэ ёсць крыху жыта…

– Нечага тут скавытаць, хадзем лепей вып’ем, – сярдзіта перапыняе яго Пеньямі.

Тааветці ахвотна ідзе следам за гаспадаром, бо выпіўка – гэта куды лепей, чым скаргі на дрэнны ўраджай, шкада толькі, што стары нічога пра тое не кажа. Абодва падымаюцца ў каморку пад самым дахам.

Назад Дальше