Сяргей Балахонаў
Бог кахання Марс
© Балахонаў С. А., 2020
© Афармленне. Выдавец А. М. Янушкевіч, 2020
* * *
Забобоны суть честь не Богу, але Слонцу, Звездам, Луне и прочïим сотворенïям данная, называется иначей балвохвалоство, то ест тая честь, которая отдается балваном, а не Богу.
«Собраніе припадков краткое», 1722 г.
Быццам вайсковая справа – каханне.
Авідый. «Навука кахання», І ст. н. э.
З рэкруцкай песні. «Белорусский сборник», 1885 г.Вы, салдацікі мае, абучайцеся!А пагонюць вас у чужу дальню старану,Ідзе шабелькі звучаць, з плеч галовушкі ляцяць…
Вы адчуваеце таямніцу, і рэчы проста пачынаюць здарацца самі сабой.
Дэвід Лінч. «Злавіць вялікую рыбіну», 2006 г.
Мне хорошо с тобой.
З песні гурта «Радость моя», 2012 г.
1
Як там з навукай кахання? Пакахаліся – сышліся. Не склеілася – разбегліся. Даўно наладжаны алгарытм, якому сёння не замінаюць ані царкоўныя настаўленні, ані феадальны гаспадарчы інтарэс. Аднак дагэтуль знаходзяцца людзі, якія незнарок трапляюць у пастку – пякучую пятлю моманту, калі ўзаемнасць з таго боку раптоўна абрываецца, а яны ў бессэнсоўным імпэце ўсё намагаюцца яе сашчапіць ці склеіць.
Гэта рыхтык пра Ягора. Сказаць, што ён успрыняў такі абрыў хваравіта, – усё адно што жартаўлівы матыў на дудачцы прасвістаць. Да часу расстання з каханай яны бавіліся разам амаль год. Суцэльная ўзаемнасць. Паравозік шчасця, кахання і пяшчоты, што адправіўся з сонечнага Рамонкава, узбіўся на прамяністую радыяльную каляіну, каб, як здавалася, не спыняцца ніколі. У рэчаіснасці такім Рамонкавам сталі старажытныя Юравічы. Там, на археалагічных раскопках, усё і пачалося.
Кіраваць раскопкамі Ягору Руткоўскаму было няпроста. Такі-сякі досвед ён меў, але ж і год ад году розніўся. Калі адны выпраўляліся ў той куток Гомельшчыны на покліч сэрца, то многіх іншых вялі жаданне добрых адзнак у залікоўках і магчымасць заслужыць лаяльнасць не самага ліберальнага выкладчыка. Існавала і трэцяя група, якая складалася з валанцёраў, падахвочаных абяцаннямі гучных адкрыццяў.
Звычайна адкрыцці не былі гучнымі. Але тады год расшчодрыўся на вынятак: пад канец сезона ў адным з пластоў знайшлі істотны фрагмент ідала з біўня маманта. Знаходка ўнікальная. І для Беларусі, і для ўсёй Усходняй Еўропы. Нябесныя апекуны айчыннай археалогіі падбалі на славу. Пабочным эфектам іх дбанняў, відаць, стала і асабістае адкрыццё адной з валанцёрак. На раскопкі яе проста за руку прывяла аднагрупніца – сяброўка па хімічным факультэце. «Потым будзеш, Марына, дзякаваць», – пераконвала сяброўка.
Марына Гваздовіч спачатку не ведала, за што яна мусіць складаць падзякі. Хлопцаў у археалагічным летніку назбіралася не пад яе густ. Кіраўнік здаваўся занадта самаўпэўненым і цвердалобым. Цешыла толькі надзея раскапаць сапраўды нешта адметнае. Думку пра кіраўніка яна з цягам часу перамяніла. Тое, што на першы погляд успрымалася як самаўпэўненасць, было азнакаю прафесійнага стаўлення да справы. Цвердалобасць жа была ўсяго толькі маскай, якую змушана напінаў на сябе педагог, каб не згубіць кантроль над, як ён сам казаў, чамярвой учарашніх школьнікаў. І калі раптам праз мур адпрэчвання валанцёрка лавіла ў словах Ягора Сяргеевіча цікавы досціп ці небанальныя развагі як пра археалогію з гісторыяй, так і пра само жыццё, ёй займала дыханне, быццам ад моцнага павеву ветру. Яна не палохалася. Адчувала, што вецер вабіць яе не ў пагібельную прорву, а на парог новых важных адкрыццяў. Руткоўскі старанна рабіў выгляд, быццам ніякіх вятрыскаў не заўважае. І чым болей ён стараўся, тым мацней вабіла дзяўчыну да памянёнага парога.
Месяцамі пазней яны блыталіся ва ўспамінах, прыпісваючы адно аднаму першынство ў пяшчотных усмешках і ласкавых позірках. А тады, у тое чароўнае, поўнае спадзяванняў лета, усё адбывалася само сабой. Знаходзіліся артэфакты. Разгараліся пачуцці. І калі аднойчы, вяртаючыся пасля ўтомнай дзённай працы да намётавага лагера, Марына раптам накінула Ягору на галаву рамонкавы вянок, ён нават не здзівіўся. Хіба толькі самую капку. Ухапіў дзівосніцу за далонь і замест пытанняў моўчкі засыпаў яе ўсмешлівымі яскаркамі сваіх вачэй. Поўніцай абяззброіў. «Паровозик-облачко вдаль бежит, качается», – аднекуль з вёскі ляцела песня, зліваючыся з гукамі падэспаня, які маладыя капачы развучвалі ў летніку.
«Аксамітны летні вечар». Пятніца. Тыдзень да заканчэння раскопак. Студэнты і валанцёры пасля вячэры распачалі культурную праграму з агучвання «Ночы жывых мерцвякоў» Джорджа Рамэра. Фільм, выключыўшы гук, запусцілі праз праектар на нацягнутую між яблынь прасціну і па ролях камічна агучвалі дзею, абыгрываючы археалогію і любоўныя серыялы. Руткоўскі колькі разоў выбухаў нястрымным смехам. Гваздовіч як аўтарка часткі выбуховых рэплік крадком пазірала на яго. Пасля фільма пачалася гітара. «Это лето не вернуть уже», – перабіраючы струны, надрывалася адна са студэнтак. Вырываючы шанец у лета, Ягор пакінуў лагер на сябра з універсітэта транспарту і ціха пакрочыў да возера Ліцвін. Доўга чакаць Марыну не давялося…
Пакахаліся – сышліся. Прычын разбягацца не было. «Нават меліся шлюб, як належыць, узяць». Дакладней, думалі пра яго як пра падзею самай блізкай будучыні. Марына сапраўды дзякавала аднагрупніцы. Амаль год. Амаль цэлы-цалюткі год. А потым нешта парушылася…
Гадавіну кахання святкаваць разам у Марыны з Ягорам не атрымлівалася. Праз абмен яна ехала на два месяцы ў Ірландыю. Вывучалі ўздзеянне рэчываў, выкінутых чарговым вывяржэннем ісландскага вулкана Эйяф’ятлаёкютль на сунічныя палеткі краіны святога Патрыка. Важнасць абмену для кар’еры Гваздовіч была відавочнай. Каханы нават словам не запярэчыў, адно пашкадаваў, што гадавіна міне ў расстанні. Яна суцешыла абяцанкай неўзабаве вярнуцца ў яго абдымкі.
– Я буду сумаваць без цябе, – шаптаў ён у апошнюю перад яе ад’ездам ноч.
– Я таксама, – не крывіла душой Марына, тулячыся да яго.
– Нават не ведаю, што са мной будзе, калі ты раптам застанешся там.
– Калі я там раптам застануся, ты знойдзеш сабе іншую, – завяла дражнілку дзяўчына.
– Не.
– Так. Усюды, дзе ты з’явішся і ўсміхнешся, дзяўчаты адразу павіснуць у цябе на шыі.
– Такога не будзе, – запэўніў Ягор, змагаючыся з неспадзяванай вогкасцю на вачах.
Ні ён, ні яна тады яшчэ не ведалі, што гэтыя словы стануць эпіграфам да надлому, які адбудзецца з ёю на радзіме лепрыконаў і Джэймса Джойса. Дый спачатку ўсё ішло як мае быць. Марына выправілася пад Дублін. Ягор – у Юравічы. Ліставаліся праз сетку. Перакідваліся віртуальнымі буськамі і фотаздымкамі з месцаў падзей. Неба было сінім. Усмешкі – шчырымі. Чаканне – нясцерпным. І нічога, зусім нічога не прадказвала пакручастага павароту.
У нейкі момант Руткоўскаму забракавала часу на чарговы сеанс любасцей ды мілосцей. Яно і не дзіўна, калі ўлічыць новую хеўру, з якой у часе раскопак выкладчык мусіў вылепіць штосьці путнае. Не, ён не запетаўся настолькі, каб забыцца зазірнуць у сеціва і напісаць каханай колькі слоўцаў. Увесь час памятаў. Але магчымасці зрабіць гэта не знайшлося нават за абедам. То пра нечыя драпіны клапаціўся, то нядбальцаў шыхтаваў, то дамаўляўся з нябеснай канцылярыяй. Проці ночы і ўзяўся быў за тэлефон, але не змог нават разблакаваць экран – папросту адключыўся ад дзённае стомы.
Калі ж пасля гэтага выпадковага перапынку даўжынёю ў адзін дзень, ужо акурат на іх гадавіну (усё-ткі паспеў! не прагэпаў!), Ягор напісаў Марыне, тая не стала адказваць. Адпраўленае ім паведамленне вісела і вісела непрагледжаным, дарма што каханая заходзіла на сваю старонку. Паспрабаваў ёй патэлефанаваць. Падняла. З сёмага разу. Была збянтэжанай і адначасова безуважнай. Такой, як ніколі за час іх стасункаў. Пытанні, што прагучалі ад яго, праігнаравала. Абдала няўцямным наборам слоў і скінула выклік.
З ніякаватым выглядам Руткоўскі стаяў пад яблыняй, пазіраў на чырвонае вечаровае неба і не мог зразумець, што спрыгодзілася. Ні назаўтра, ні пазней яснасці не дадалося. Марына раптам убачыла іх стасункі тупіковымі і захацела расстацца: «Чым больш я разумею сябе і цябе, тым болей для мяне робіцца відавочным, што мы крочым рознымі дарогамі і што раней мы разам памыляліся», – напісала яна. Адкуль узяліся такія высновы, не тлумачыла. Неўзабаве, аднак, нештачка высветлілася. А як высветлілася, дык і адзначылася, чаго былі вартыя ірландскія суніцы і попел ісландскага вулкана: дзякуючы ім Гваздовіч пазнаёмілася з увішным румынскім студэнтам. Да маладога віна юнак паспяшае таропкі. Паравозік з Рамонкава пайшоў пад адхон. Ягор нехлямяжа адбіваўся ад цэтліка «кінутая цацка», які назольным матыльком важыўся прыліпнуць яму на лоб.
Вярнуўшыся дадому, Марына ўпарта ўхілялася ад сустрэч з Ягорам. Ён і тэлефанаваў ёй, і пісаў у сетцы, і нават вычэкваў пад пад’ездам. Усё было марна. Адказы, калі і даваліся, то, зноў жа, вельмі цьмяныя. Часцей дзяўчына пакідала яго высілкі без увагі. Калі-нікалі пагражала накатаць заяву ў міліцыю за пераслед. Сітуацыя, з яго гледзішча, паўставала дзікай. Невытлумачальнасць і беспрычыннасць раптоўнага разрыву руйнавала сілы. Ён не верыў, што за пару дзён магчыма зрабіць ажно такі зрух у стасунках, калі сёння цябе кахаюць, а заўтра – ужо не, да таго ж, мяняючы на кагосьці, каго яшчэ заўчора зусім не ведалі. Містыка з фантастыкай. Былі б стасункі Ягора з Марынай звычайным раманам, мімалётнай інтрыгуляй, ён не стаў бы так марнавацца. Пабедаваў бы трохі, а потым, плюнуўшы на ўсё, знайшоўся б у пачуццях іншай ненаглядкі.
Але гэта было каханне. Палкае. Безразважнае. Самазабыўнае. Каханне з такім утрыманнем шчасця ў душы і целе, пра якое раней даводзілася толькі марыць, то гойсаючы, то блукаючы ад спадніцы да спадніцы. Вось жа, шчасце выпаралася, як, здавалася, выпаралася і яго душа, кідаючы цела на вырак здзеклівых абставін.
У тую восень Ягор шмат піў. Не было і дня, каб ён не нацвіртаваўся. Набіраўся як жаба твані. Зазнаваў праз гэта нямала дакукі на працы. На лекцыі нярэдка спазняўся ці наогул не прыходзіў. Калі ж прыходзіў, то мусова ператвараў свой выклад у мітынг са скамарошым балаганам, дзе гэткім мухаморам на браневічку выступаў з хваравітымі прамовамі пра марнасць марнасцей шчырага кахання, якія густа перасыпаў цытатамі ад Герадота да тваёй мамкі. Студэнтам гэта падабалася, а вось універсітэцкае начальства яго фортэлі не ўхваляла. І калі на ўзроўні дэкана праблему намагаліся хоць неяк злагодзіць, то гутарка рэктара з безразважным выкладчыкам выйшла вельмі жорсткай. Вялося нават пра звальненне. Аднак адкрыццё Юравіцкага ідала, якое прынесла Руткоўскаму еўрапейскую вядомасць, у букеце з яго каяннем за няправільныя паводзіны здолелі адвесці пагрозу за лясок на жоўты пясок.
Ён выправіўся. Звонку стаў ранейшым – такім, якім быў да знаёмства з Марынай. Аднак унутры працягвала бурліць і віраваць неўразуменне. Ягору хацелася пазбавіцца ад гэтага настырнага паразіта. Ды выйсцем бачыліся толькі два спосабы: або забіць сябе разам з паразітам, або знайсці разумнае тлумачэнне паводзінам каханай. Першы спосаб ён адразу адмёў. Другі ж пры належным падыходзе вымагаў бы зашмат часу, высілкаў і сродкаў, не гарантуючы плёну. Таму Руткоўскі навучыўся жыць з паразітам унутры сябе. Жыць і песціць яго, пішучы чарговы навуковы артыкул. Жыць і трымаць свайго гадаванца на аборцы, зрэдку ў перапынках між заняткамі і канферэнцыямі выгульваючы яго па пустках свядомасці. Зрэшты, старанны навуковец за ўсім гэтым не забываўся сачыць за жыццём нявернай каханай.
З сацыяльных сетак вылавіў трохі больш, чым меў раней, звестак пра яе кавалера. Марку Пыркэлаб з Канстанцы. Руткоўскі доўга круціў на языку гэтыя словы. Нібыта ўпадаў у медытацыйны транс. Абудзі яго тады ноччу і спытай імя заснавальніка навуковай усходнеславянскай археалогіі, ён сказаў бы спрасоння: «Марку Пыркэлаб з Канстанцы», – а толькі потым, агоўтаўшыся, успомніў бы пра Зарыяна Даленгу-Хадакоўскага.
Папраўдзе, нічога не лучыла з археалогіяй Марынінага кавалера. Той даводзіўся ёй калегам. Вучыўся на прыродазнаўчым факультэце Канстанцкага ўніверсітэта імя Авідыя. «На азёрах чарот, а пад Пінскам Авідый», – згадаў археолаг некалі прыдуманую ім самім прыказку. Ну, як прыдуманую? Яшчэ ў студэнцкія гады яго ўразіла містыфікацыя этнографа Паўла Шпілеўскага. У сярэдзіне пазамінулага стагоддзя з трыбуны аднаго маскоўскага «учёно-литературного журнала» Шпілеўскі голасна заявіў, што глухой правінцыяй, куды ў свой час з Рыма выслалі слыннага паэта Авідыя, былі ваколіцы Пінска. Маўляў, там ён жыў у пячоры на высокай гары, аточанай азёрамі з чаротам, дзе натхнёна ствараў свае «Метамарфозы» на «польско-пинском, или белорусском, наречии». Ягору гэта запала ў душу. Гамяльчанін часцяком даймаў жартам пінскіх калег, пытаючы, калі ж Палескаму дзяржаўнаму ўніверсітэту нарэшце прысвояць імя Авідыя. І вось цяпер, пасля невытлумачальнай метамарфозы каханай, Авідый, скалячыся, махаў рукой Ягору, адкуль яму і належала – з заходняга берага Эўксінскага Понта…
Тое, што Марку – хлопец з пантамі (ці пнуўся такім выглядаць), лёгка чыталася з яго старонкі. Коратка стрыжаная галава, брэндавы спартыўны касцюм і важкі залаты ланцужок напаказ менш за ўсё гаварылі пра яго заняткі навукай. Але здымкі шматлікіх дыпломаў і сертыфікатаў сведчылі акурат пра пэўныя даследчыцкія дасягненні паспяховага студэнта. Вызначальным жа штрыхом у агульнай карціне былі бясконцыя фота і відэа, якія крыкам крычалі і сцягам гайдалі, сігналячы пра захопленасць маладога мужчыны гонкамі на матацыклах. «Марку – хлопец ганаровы: мае ровар матаровы», – мог бы сказаць пра канкурэнта Ягор. Але не сказаў, бо ў галаву завітала іншая асацыяцыя.
«Тры метры над небам», – успомнілася гамяльчаніну назва даўняга фільма, якім пэўны час трызніла Марына. Там галоўны герой таксама ганяў на матацыкле. Але ж Марына даўно не дзяўчынка-падлетак, каб зачмурыць сабе розум жывой копіяй любімага кінагероя. Зрэшты, цалкам адкідаць верагоднасць уплыву на каханку гэтага супадзення Руткоўскі не стаў. Неўзабаве ён напісаў песню, у тэксце якой згадаў і сунічныя палі, і – не без высмешкі! – мотагонкі, і нават Авідыя. У немудрагелістым, але прыгожым кліпе, які дапамаглі зняць знаёмыя сябра з універсітэта транспарту, Ягор крочыў гомельскімі вуліцамі, што нібыта зліваліся ў адну. Песня, якая атрымала назву «Тры метры над каханнем», выбухнула ў сеціве з неспадзяванай для аўтара сілай. Датуль у Беларусі падобнае здаралася вельмі рэдка – песня (і сама па сабе, і з кліпам) стала папулярнай імгненна і загучала паўсюль, дзе толькі можна было загучаць. Як той казаў, з кожнае жалязкі.
У казках АвідыяЗгубілася ты, а яПавевам сунічнага ветруПадняўся на раз-два-тры метрыНад тым, што каханнем было…Яе бралі ў музычныя чарты ўсе – ад папсовых радыёстанцый, на якіх амаль ніколі не гучала беларуская мова, да культавага ў сваёй беларускамоўнасці «Тузіна гітоў». Студэнты Руткоўскага тут жа зрабілі адмысловую перапеўку – «Тры метры над шурфам», з гумарам абстаўляючы паўсядзённасць археалагічных раскопак. Праз тыдзень сваю пераробку выдалі працаўнікі «Магілёўліфтмаша». Яшчэ праз тры дні – машыністы мінскага метрапалітэна. Потым – спецназаўцы з Мар’інай Горкі. І закружылася ў мазурцы ваяводства! Ягора гэта ўсё цешыла. Калег цешыла яшчэ і тое, што ён перастаў піць. З гэтай нагоды яму перадавалі прывітанне нават з рэктарата…