– Прабачце, сэр, але я звальняюся з фірмы, – з наўмыснай млявасцю тлумачыў другі.
– Чаму? Мы ж табе так добра плацім. Пяцьсот тысяч долараў у год табе мала? Давай мы тады табе будзем восемсот тысяч плаціць. Згода?
– Не, сэр. Я не хачу ніякіх грошай. Я хачу спакойна пажыць дзе-небудзь за горадам.
– Ясна. Трэба выклікаць доктара. Доктар! Доктар!
Да іх адразу ж далучыўся трэці ўдзельнік гульні – дзяўчынка ў белай шапачцы.
– Што ў вас тут? Хто захварэў? – дзелавіта казала яна, паглядаючы на сяброў.
– Доктар, праверце вось гэтага працаўніка, – загадаў хлопчык, што выконваў ролю дырэктара. – А то ён неяк дзіўна сябе паводзіць.
– Зараз мы ўсё хуценька праверым, – стала завіхацца дзяўчынка, адкрываючы валізку з цацачнага набору «Юны медык».
На хвіліну разляглося маўчанне. Дзяўчо корпалася з цацачнымі інструментамі, беручы «аналізы» ў «хворага».
– Усё зразумела. У вас сімптрон таптальнага янота. Медыцына тут бяссільная, – заявіла яна і развяла рукі, паказваючы бездапаможнасць.
Нечакана падгледжаная сцэнка вельмі ўразіла Руткоўскага. Уразіла не так манерай гульні – ён ведаў, што дзеці ў захапленні могуць выконваць ролі вельмі таленавіта. Уразіла, бо яскрава сведчыла, што праблема сінтатадзіну перастала быць праблемай, цікавай адно спецыялістам.
Ён вярнуўся да камп’ютара і пашукаў у інтэрнэце навіны, ці не дакаціўся сіндром да Беларусі. Знайшоўся адзін беларускі сайт, прысвечаны незвычайнай хваробе. Было бачна, што ён рэгулярна абнаўляўся. Ягор праглядзеў з дзясятак старонак. Сімптомы. Меркаваныя спосабы прафілактыкі. Хроніка хваробы па іншых краінах. У Беларусі аніводнага выпадку. «Гэта пакуль», – песімістычна зазначыў сам сабе навуковец, узяў са стала дасланы з Мінска альманах і скіраваўся да канапы, лежачы на якой любіў чытаць.
Свой артыкул, прысвечаны сістэматызацыі балцкай тапанімікі гомельскага Пасожжа ў святле археалагічных звестак, навуковец толькі прагледзеў, высвятляючы, ці абышлося ў публікацыі без ляпаў кшталту выпадзення сказаў ці цэлых абзацаў. Гэтым разам пашэнціла. Тады ён стаў гартаць альманах, спадзеючыся, што які-небудзь з артыкулаў яго зацікавіць. Аўтары былі з розных куткоў Беларусі і сумежных краін. Тэматычны, як і храналагічны, разбег публікацый уражваў шырынёй. Як той казаў, ад мамантаў да адкрыцця Астравецкай АЭС.
«Кухня “крывавага вяселля”: рэканструкцыя меню княскага шлюбнага застолля ў Полацку 980 г.». «Дзявочы забег на абцасах як элемент гарадской карнавальнай традыцыі першай трэці ХХІ ст.». «Францішак Багушэвіч і дамскія моды “Северо-Западного края” ў 70-я гг. ХІХ ст.». «Фемінісцкая рэвізія касмічнай тэмы твораў Язэпа Драздовіча ў святле крытычных падыходаў метамадэрнізму». «Гомельские кафтаны и проваленные петровские виктории. К вопросу о суевериях и предрассудках в российской армии времён Второй Северной войны (на материалах юго-восточной Беларуси)». «Боршч у кантэксце трансфармацыі ліцвінскага патрыятызму ў беларускую нацыянальную ідэю (канец XVIII – пачатак ХХ ст.)». «Салем і салемські процес в публіцистиці професури Києво-Могилянської академії XVIII століття». «“Crossparty ў нашай хаце”: механізмы масавай культуры і пазіцыянаванне сярод усходнееўрапейскай моладзі прывабнага вобраза рэформ выбарчых сістэм у другой чвэрці ХХІ ст.».
Урэшце Ягор звярнуў увагу на артыкул маладога мазырскага гісторыка Мікалая Лабановіча-Аскеркі. У альманаху той публікаваў абсяжныя фрагменты трактата часоў Вялікага княства Літоўскага, якія сведчылі пра захаванне язычніцкай абраднасці на паўднёвым усходзе Беларусі першай паловы XVI стагоддзя. Трактат меў красамоўную, уласцівую свайму часу назву: «Обычай, анимуш а звыкливость балвохвалцев днешних ведле многих книгочиев, кройникаров и послухов притомных описаные». Яго ананімны аўтар сцвярджаў, што ў азначаны час для некаторых жыхароў нізоўя Прыпяці было характэрным не толькі «певанье песень, которыми фалчевых богов забегають, “Коледа! Коледа!” покрыкиваючи», але і «балвохвалство, кгды в леску балвана ставили, абы втым бити ему поклоны, молитвы поганские отдавати, пляски бесовские скакати, спросность а шкаредность вшелякия, встыд а сором откинувши, чынити». Апроч усяго, аўтар трактата даў і апісанне ідала, якому «за господаря кроля Жикгимонта, за держанем пана Богдана Сербина» нібыта пакланяліся некаторыя сяляне вёскі Юравічы, якія «балвохвалницу велми скрыто, потайне в гаю на горе уставили»: «А балвана того вчынили з кости звера старовечного. Была кость тая боком одным гнутой, якобы серп або месяц молодый. Вчынивши, меж собой молвили, дей то ест кость волота або олбрима, в давнюю бытность которых теж неразумне верили. А як бы кость гнутой не была, аж бы з двух мужей взростом стала. Иллуминовали ее оздобне балвохвалцы юровския стрихами, взорами а иншими направами размоитыми».
Руткоўскі ажно падскочыў з канапы – апісаны ў трактаце ідал дужа нагадваў фрагмент, знойдзены ім у Юравічах. Позірк нецярпліва бег па радках далей: «И мнимали оные геретыки, плюгавые отметники от веры хрестьянской, иж балван той ест втеленьем змышленого ими божка поганого, некоторой планиты опекуна». Навуковец цяжка задыхаў. Раней невядомы яму гістарычны дакумент ясна сведчыў, што юравіцкі ідал XVI стагоддзя быў увасабленнем божышча нейкага нябеснага свяціла. Лабановіч-Аскерка быў упэўнены, што на ўвазе меўся Марс. Пры гэтым ён няпэўна спасылаўся на ўскосныя звесткі, змест якіх у артыкуле не канкрэтызаваў.
Артыкул мазыраніна неспадзявана ўзрушыў і даў глебу для роздуму. «Няўжо гэта той самы ідал? Ці ўсё ж супадзенне? – утрапёна разважаў Ягор. – Але ж мы знайшлі кавалак не ў слаях XVI стагоддзя. У нас адназначна гаворка пра часы першабытнасці. Слядоў пазнейшага ўмяшання ў паслядоўнасць культурных слаёў не было. Таму нельга меркаваць, што знойдзены намі фрагмент апрацаванага біўня маманта закапалі – напрыклад, хаваючыся ад пераследу, – жыхары Юравічаў часоў Вялікага княства Літоўскага. Але ж і звесткі трактата, напэўна, не на пустым месцы ўзніклі. А з улікам нашых ведаў яны не падобныя да фантазій. Так дэталёва апісаць паганскі стод мог толькі той, хто або навочна яго бачыў, або добра ведаў з нечага маляўнічага апісання. Значыць, артэфакт «за господаря кроля Жикгимонта, за держанем пана Богдана Сербина» сапраўды існаваў. Ясна, што бівень маманта тагачасныя людзі ўважалі за парэшткі легендарных веліканаў. Але ці насамрэч вераадступнікі апрацавалі яго, надаўшы атрыманай фігуры сакральны сэнс? Ці ўсё-ткі ім трапіўся адзін з імаверных варыянтаў першабытнага ідала, які мог з нейкай прычыны апынуцца па-за межамі свайго слоя? Я не веру, што ён перахоўваўся мясцовым людам некалькі дзясяткаў тысяч гадоў як рэліквія. Ніякай непарыўнай рэлігійнай сувязі ці прамой пераемнасці між першабытнымі жыхарамі тых мясцін і сучаснікамі Францыска Скарыны быць не магло. А менавіта на такую пераемнасць язычніцкіх традыцый намякае аўтар артыкула, узгадваючы ў апошнім абзацы маю знаходку. Мегаламанія нейкая. Трэба як-небудзь пагутарыць з ім».
Не валаводзячы, Руткоўскі патэлефанаваў свайму старэйшаму калегу, спадзеючыся, што той мог ведаць гэтага мазырскага гісторыка. Калега трохі здзівіўся, але адказаў, што хлопец яму знаёмы, ахарактарызаваў як неблагога ўседлівага даследчыка першакрыніц, згадаўшы, праўда, схільнасць да сенсацыйных высноў там, дзе варта было б яшчэ шмат разоў правяраць увесь комплекс наяўных звестак і прыцягваць дадатковыя крыніцы. І хоць калега часцяком так казаў ці не пра ўсіх маладых гісторыкаў, яго словы збольшага супакоілі нечаканую расхістанасць Ягора, навёўшы на думку, што трэба сядаць за напісанне дыскусійнага артыкула. Як ні круці, з публікацыі Мікалая Лабановіча-Аскеркі вынікала, што ўся кніга гомельскага археолага – адна суцэльная памылка. Думкі працягвалі віраваць, дарма што галава прасіла адпачынку. Археолаг вырашыў трохі праветрыцца і выправіўся на шпацыр.
* * *
Быў пяшчотны летні адвячорак. Сонца пачынала патроху хавацца за невідочнымі з цеснага дворыка гарадскімі даляглядамі. Уздоўж цаглянай агароджы Ягор падаўся да Румянцаўскай, дзе апынуўся праз паўхвіліны, шмыгнуўшы ў вузкі праход між домам і сцяной «дошкі пашаны» за конным помнікам вялікаму князю Альгерду. Яшчэ летась між іншых на «дошцы» вісела і шыльда, прысвечаная паспяховай археалагічнай экспедыцыі Руткоўскага. Цяпер ён нават не згадаў пра гэтае ганараванне. Абмінуўшы помнік, шаноўны археолаг збочыў на ходнік і папраставаў да галоўнай плошчы. На языку закруцілася напісаная ім яшчэ ў часы студэнцкай маладосці песенька:
Па бруку брыў вікарый –Масон і карбанарый.Ён брыў у серпентарыйГаргону спавядаць.Любіў яе ціхенька напяваць, калі апынаўся пасярод людской плыні.
Людзей на вуліцы сапраўды было багата. Кампаніі, парачкі і самотныя мінакі рухаліся з рознай ступенню імпэту паабапал напоўненай транспартным тэтрысам дарогі. Манеўруючы, між людствам праязджалі раварысты – хтосьці асцярожна, а хтосьці з рызыкай для сябе і небяспекай для мінакоў. Адзін такі рызыкант нават змусіў задуменнага археолага таргануцца, калі прамчаўся паблізу. Давялося толькі азірнуцца і няўхвальным позіркам правесці нахабніка, які за секунды паспеў даехаць аж да сквера. «Добра, што не матацыкліст», – сам сабе ўхмыльнуўся Ягор, не губляючы здатнасці іранізаваць. Імгненнем пазней ухмылка растала – заныла галава. Давялося спыніцца і моцна заплюшчыць вочы. Расплюшчыўшы, мусіў ратаваць зрок з васільковых плямаў, на тле якіх людзі на ходніках здаваліся шкілетамі. Як толькі насланнё скончылася, ён рушыў далей.
Каля кавярні «хатняй кухні» прыспешыў хаду – не меў корці назіраць за адпачыннікамі з півам, што туліліся на летняй тэрасе, а таксама не хацеў, каб адтуль нехта лупіўся на яго. Каля святлафора дзяўчына ў лёгкай маечцы з надпісам «Гэта Гомель, дзетка!» і шчодра вытатуяванымі на правай руцэ кветкамі з вяззю «In Cherry Family» папрасіла ў яго закурыць. Адмовіўшы, ён здзівіўся, чаму гэтая лялька звярнулася менавіта да яго, а не да каго-небудзь іншага. Хаця б да кампаніі хлопцаў, якія, прыкрываючыся намёкамі на змярканне, соўгаліся пры дзвюх машынах на сумежнай вуліцы, рыхтуючыся прычасціцца проста з багажніка «чым бог паслаў». Шпацыруючы, туды некалі часта Ягор і Марына збочвалі, калі меркавалі прыхавацца ад лішніх вачэй. І нярэдка відовішча было падобным: хлопцы каля багажнікаў, выкідайла ў форме чырвонаармейца на дзвярах рэстарацыі, падлеткі з грымоткімі калонкамі ў руках уздоўж кавярні.
Еду в город Гомель, в магазин «Світанак»,А она колдун ест, хоть говорит, что драник.Адольваючы хвалю ўспамінаў, Руткоўскі адмахнуўся ад спакусы прайсціся іх з каханай колішнімі ваколіцамі. Пайшоў міжволі абраным маршрутам. Абмінуў ладную купу дзяўчат, якія жыва абмяркоўвалі, дзе б выпіць добрага ліманаду. «Божа! Божа! Нанясі нежанатага – жонку дадзім!» – шукаючы ў вачах Ягора падтрымкі, пракаментаваў усмешлівы дзядулька. Ягор адно паціснуў плячыма і злёгку пасміхнуўся. Вулічны музыка каля «Бэкер-Бара» зацягваў пад электрагітарку нешта да свербу знаёмае: «It’s a god-awful small affair». Пры будыніне колішняга «Руска-Азіяцкага банка» мільганула знаёмая постаць. Сяброўка і аднакурсніца Марыны. Археолага ўразіла яе светла-чырвоная сукенка ў белы буйны гарох – гэткае наўмыснае рэтра, якое чарговым разам вярталася ў моду. Дзяўчына павіталася першай.
– Наста Ройтшванец, калі не памыляюся? – дзеля прыліку спытаў Ягор, дарма што памятаў, як яе завуць.
– Так, не памыляецеся, – з троху сарамлівай усмешкай пацвердзіла яна.
– Як поспехі? – неспадзявана для сябе працягнуў Руткоўскі, за імгненне перад тым не збіраючыся тут запыняцца.
– Дзякуй, збольшага добра, – ахвотна стала расказваць дзяўчына. – Універ скончыла. Да чырвонага дыплома не дацягнула. Выпускны ўчора адгулялі. Лімузін. Шампанскае. Асобная зала ў «Еўропе». Тамада харошы і конкурсы цікавыя. Цяпер вось да сярэдзіны жніўня вольная. А потым давядзецца па размеркаванні ехаць.
– І як, калі не сакрэт, называецца месца, куды вас размеркавалі? – не змог сысці выкладчык, спакваля здагадваючыся, чаму не хоча абмяжоўвацца абменам адно стандартных фраз, так уласцівых падобнага кшталту сустрэчам.
– Марс, – прамовіла нядаўняя студэнтка, і яе вочы хітравата бліснулі.
– Жартуеце? – страпянуўшыся, напяўся ў паняверцы суразмоўца.
– Не, – праз лёгкі смяшок узялася тлумачыць Наста. – Пасёлак Марс у Лоеўскім раёне. Настаўніца хіміі і біялогіі. Ужо ўяўляю радасці працы з юнымі марсіянамі.
– А божа! Я і забыўся, што на Гомельшчыне ёсць вёска з такой назвай, – навуковец пастараўся выглядаць нязмушана. – І ніякіх шанцаў выпліснуцца з гэтага шчасцейка няма?
– Хіба толькі замуж за гамяльчаніна, які тут пастаянна працуе. Але і з гэтым ёсць пэўныя нюансы…
– Ясна… – сказаў Руткоўскі і зрабіў паўзу, якая пагражала стаць пачаткам развітання, але ён учасна агоўтаўся і пацікавіўся: – А вы цяпер адна прагульваецеся ці, можа, кудысьці спяшаецеся?
– Адна, – шчыра прызналася дзяўчына. – Ведаеце, такі настрой пасля выпускнога… Задумлівы… Новы этап у жыцці пачынаецца.
– Калі я не перашкоджу вашай задумлівасці, то мо пройдземся разам? Мяркую, што тэм для гутаркі ў нас хопіць, – прапанаваў Ягор, заззяўшы ўсмешкай, якая цалкам адпавядала свайму фірмоваму эталону.
– Я не супраць, – трошкі чырванеючы, без манежанняў пагадзілася Наста.
«Яснымі зоркамі абсеялася. Залатым абручом абнялася». Яе чырвань кранула Ягора, але выдаваць сябе ў гэтым ён тут жа зарокся.
Яны пайшлі разам.
Міма старэнькага будынка гарадской думы, у прахадным двары якога віравала чарговае вулічнае свята, што нагадвала пра сябе казытлівым водарам кавы, няўрымслівым гукам клавішных і расхрыстанай стракатасцю разявак.
Міма Саборнай плошчы, дзе між паркам, тэатрам і адноўленым касцёлам бурліў чарговы байкерскі фэст, які апавяшчаў пра сябе рыкам матораў і шызай дымкай над галовамі цікаўнікаў, амаль заглушаючы электронную музыку з пляцоўкі перад так званымі «рэбрамі» – сталёвай канструкцыяй, што лічылася помнікам легендарнаму гомельскаму электроншчыку, піянеру і аксакалу беларускага вітч-хаўзу Мікіту Васільеву.
Наста пасмялела яшчэ больш і павяла гутарку сама. Пацікавілася навінамі з жыцця спадарожніка. Прызналася, што ведала нешта з чутак і з інтэрнэту. Праявіла жаданне даведацца пра ўсё з першых вуснаў. Той, намагаючыся не раскідвацца падрабязнасцямі, выразнымі мазкамі распісаў агульную карціну апошніх здарэнняў. Але ні словам, ні жэстам не згадваў Марыну. Яна лунала ў іх гутарцы, быццам прывід, застаючыся фігурай умаўчання. Зрэшты, доўга так працягвацца не магло. Ройтшванец сама, як нічога ніякага, задала пытанне ў лоб:
– А вы з Гваздовіч яшчэ кантактуеце?
Пытанне супала з цэлым шэрагам вакольных фактаў: бязногі жабрак, сабраўшы сваю ялмужыну, падняўся і пашыбаваў на прыпынак; купка бурклівых галубоў разляцелася гадзіць ў іншых мясцінах горада; у саборы святых Пятра і Паўла грымнуў харавы спеў:
Мне бы июньскую ночь,Лунную ночь – и тебя…Руткоўскі, намагаючыся прыхаваць збянтэжанасць, перахрысціўся. Дзяўчына на аўтамаце зрабіла тое ж. «Бачылі цудатворцы, якія мы багамольцы», – папікаючы, кінула ім пажылая жанчына. «Бачылі багамольцы, якія вы камсамольцы», – з’едліва астудзіў яе запал франтаваты мужчына ў гадах. Але шпацыравальнікі, нібыта нічога ні бачылі і не чулі, пазіралі адно на другога.
– Напэўна, Марыне цяпер не вельмі хочацца, – урэшце парупіўся з адказам Ягор.
– Дзіўна. Вы ж так сябравалі. Яна пра вас заўсёды з такім захапленнем гаварыла!