– Старая песня… Мы павінны быць гатовымі і да такога павароту. І я паўтару табе тое, што казаў раней. Галоўнае не апанурвацца. Трэба верыць у свае сілы і памнажаць веды. Розум вядзе караблі, накіроўвае вёслы і ветразь! Будзем клапаціцца, каб тэхніка нас не падвяла. Мы столькі працуем над тым, каб наша жыццё працягвалася, што грэх паддавацца роспачы. «Цяпліцы» і цяпер даюць нам не толькі вітаміны, але і істотны адсотак кіслароду. Далей аддача будзе толькі расці. Дамо адпачыць аскігенатарам. Зоймемся іх амартызацыяй. Ветракі, дзякуй богу, працуюць без збояў. Скончыцца бура – адразу ж запражом «сланечнікі». Будзем па сітуацыі чаргаваць крыніцы электраэнергіі. А калі пачнём здабываць ваду, то можна і пра запуск партатыўнай АЭС падумаць. Глядзіш, і на Зямлі тым часам нешта зменіцца. Хваробы, нават такія дзіўныя, як сінтатадзін, не вечныя. А вось цяга да космасу ў здаровых людзей ёсць заўсёды. Хто ведае, мо і прыляцяць калі-небудзь… Не дзеля мінералу… Але мне не хацелася б гэтага. Мне дастаткова, што мы з табой разам.
Ён прыгарнуў каханую. Яна не вытрымала напругі і расплакалася.
– Абяцай… Чуеш? Абяцай, што ты не памрэш раней за мяне, што мы застанёмся з табой разам да канца, – скрозь слёзы ўмольвала Марына.
– Як Сід і Нэнсі? – тоячы трывогу, падкрэслена бадзёра спытаў Ягор.
– Як шчаслівец Дамп і яго міс Гамп, – жанчына нясмела ўсміхнулася.
– Эпічная парачка, – блазнавата мовіў каханак, спадзеючыся цалкам пераключыць увагу на іншае. – Самая ўдалая партыя на «Навухаданосары». Хто б мог падумаць, што навуковец і пілатэса так пакахаюць адно аднаго! Дамп, канешне, не без фанабэрынкі дзядзька быў. Казырнуцца любіў. Пра мнагажонства нясмешна жартаваў. Але…
– Але ў часіну ікс даказаў, што міс Гамп для яго – як здароўе тое…
– Сігануў да яе ў пультавы адсек, і нават капітан не пасмеў яго адтуль выгнаць.
– Да канца.
– Да самага.
– Я не перажыву адзіноты, – вярнулася да сваіх дакучлівых думак пасяленка. – Дзяцей у нас не будзе. Кот да таго часу ўжо апражэцца. А кнігі і фільмы мне не дапамогуць. Таму ўсё ж не памірай першым.
– Абяцаць не магу, але буду старацца, – развітаўшыся з блазнаватасцю, прачула запэўніў Ягор. – Што б там ні здарылася, не кідайся ў крайнасці. Жыві столькі, колькі адмерана. І наконт кніг ты дарэмна…
Спрацавала сістэма апавяшчэння. Нехта намагаўся звязацца з базай. Пара вомільгам ускочыла і подбегам рушыла ў рубку сувязі. Сігналу бракавала ўстойлівасці. Прабіваўся ён скрозь безліч перашкод – шыпенне, трэск, свіст… Чулася кепска. Але відавочным было адно: на сувязь выйшла Зямля.
5
Здарэнні ў Канстанцы і над Прыднястроўем трохі зацьмілі думкі Ягора пра Марыну і Марку. Але не так моцна, каб ён зусім перастаў цікавіцца іх жыццём. Заблакаваны імі паўсюль, дзе толькі магчыма, цікаўнік мусіў шукаць пралазы. Перабіраў розныя варыянты, каб здабыць доступ да іх старонак. Ад марных высілкаў страціў надзею і збіраўся адкласці тэлефон. Варта было і пра навуку падумаць. У апошні момант, аднак, натрапіў на перасланыя яшчэ тады – падчас Гедройца – вясельныя фотаздымкі. Адкрыў адну. Пасля другую. Трэцяй быць не мусіла. Але яна была! І чацвёртая! І пятая! І сто сорак восьмая! Дзякуючы памылцы распрацоўшчыкаў сацыяльнай сеткі Руткоўскі здолеў прагледзець усе здымкі, якія Марына выстаўляла на сваёй старонцы. Як і меркаваў, на публіку ішоў суцэльны пазітыў, блізір шчасця, яркія абразкі насычанага шчаслівым каханнем жыцця. Абдымкі, пацалункі, шпацыр пад ручку. А яшчэ аладкі з чарнічным сочывам. А яшчэ сушы магура і тыгравыя крэветкі. Мяса і віно. Балконы. Мансарды. Тэрасы. І матацыкл. І мора. Мора шчасця і кахання…
Праглядаючы здымкі, Ягор адчуваў, як сціскалася, абрывалася і падала ў бездань яго сэрца. Але працягваў глядзець, нібы не катаваў сябе гэтым, а загартоўваў. З фотаздымкаў хацеў атрымаць хаця б маленечкі намёк на тое, як Марына і Марку мяркуюць будаваць свой лёс далей, пасля ўніверсітэта. Сёе-тое мог бы «раскапаць» і за час канферэнцыі ў Канстанцы. Ды якое там!
Паклаўшы тэлефон на тумбачку, ён ляжаў на бальнічным ложку і вытрэшчваўся ў столю. Ведаў, што працяг будзе. Не мог даўмецца, які менавіта. «Эх, Гваздовіч, Гваздовіч…» – прашаптаў Ягор, ледзьве ходаючы хвалю маляўнічых карцін гульні ўяўлення, як бы ўсё магло быць, калі б не…
– Гэй, хлопец, табе пагана? Можа, доктара гукнуць? – падаў голас мужчына з суседняга ложка, учуўшы шэпт.
– Не, дзякуй. Са мной усё добра, – душачыся смехам, прагугнявіў Руткоўскі.
– У аднаго шаптуна таксама гэтак добра было. А назаўтра яго з галавой разбітай знайшлі, – зазначыў іншы сусед па палаце.
– Такі лёс, – падвёў рысу шаптун і адвярнуўся тварам да сцяны.
Злавіўшы сябе на думцы, што Марына пасля замужжа пакінула дзявочае прозвішча, ён развесяліўся: дробязь, а прыемна! – і неўзабаве заснуў.
Наступным днём Руткоўскага выпісалі. Не паспеў ён увайсці ў кватэру, як пачуў тэлефонны званок. На хатні нумар тэлефанавалі з усходнееўрапейскай філіі «Coböl Engineering», просячы згоду на запіс тых самых беларускіх песень ад адзіноты, пра якія ён рабіў даклад у Канстанцы. Зварот у чымсьці быў нечаканым, але і дужа здзіўляцца прычын не было. Ягор ветліва патлумачыў, што дазвол залішні, бо гаворка пра народныя песні. Абяцаў не марудзіць з удакладненнем іх спіса і неўзабаве даслаць разам з тэкстамі. На тым канцы лініі пульсавала напятая ўдзячнасць, праз якую прагучала яшчэ адна просьба:
– Не маглі б вы параіць выканаўцаў з вашай краіны, якія б праспявалі гэтыя песні?
– «Млын Сонца», «Балкомъ-Песъ», «Ягорава Гара», «Šuma»… – адразу ж з галавы пералічыў беларус, а праз імгненне дадаў: – Але адну я хацеў бы праспяваць сам.
– Тую, што спявалі на канферэнцыі?
– Так. Гэта магчыма?
– Магчыма. У нас пярэчыць не стануць.
– А чаму ў «Coböl Engineering» увогуле зацікавіліся гэтым?
– У межах захадаў па прафілактыцы сіндрому татальнай адзіноты сярод супрацоўнікаў карпарацыі. Плануецца, што рэліз з беларускімі песнямі будзе разасланы паўсюль, дзе ёсць філіі «Coböl Engineering».
– То-бок па ўсім свеце.
– Менавіта.
Калі гутарка скончылася, Ягор задумаўся пра чарговыя дзівацтвы карпарацыі. Яго выснова цалкам укладвалася ў даўняе народнае выслоўе: як топішся, то і за лязо ўхопішся. Раней за пашырэннем загадкавай пошасці ён не сачыў. Але цяпер усё выдавала на тое, што праблема напраўду была сур’ёзная, што вырашыць яе намагаюцца абсалютна рознымі сродкамі. Нават такімі экзатычнымі, як беларускія народныя песні. «Ляцелі гусі з Белае Русі…»
Сярод папер, якія Руткоўскі выграб з паштовай скрыні, былі два апавяшчэнні: адно на атрыманне бандэролі, другое – на заказны ліст. Пакруціўшы іх, ён зірнуў на гадзіннік і пасунуўся на пошту. Не стаў чакаць да заўтра, бо ліст прыйшоў з Румыніі. У галаве стрэліла шалёная думка: а раптам гэта Марына яму нешта напісала? Крадком ад мужа. Усхваляваны фантазіямі, атрымальнік не ішоў, а ляцеў – вогкімі крыламі біў, атрасаючы хмельныя росы нецярплівасці. Ледзь не праскочыў паўз патрэбныя дзверы старасвецкага купецкага даходнага дома, багата аздобленага ляпнінай. На першым паверсе і месцілася такое жаданае аддзяленне сувязі.
З усіх акенцаў працавала палова. Паўсюль стаялі чэргі. У памяшканні панавала задуха. Уключаныя кандыцыянеры не дапамагалі. Заняўшы месца ў адной з чэргаў, Ягор праз секунду адчуў, як пакрыўся потам. Шчодрыя кроплі праявіліся на лбе. Па спіне паплыў казытлівы ручаёк. Чаканне нараджала дзіўную мяшанку думак і вобразаў, якія нагадвалі такі сабе сон наяве. У няспынным віры гэтай мяшанкі апынуліся і Марына з мужам, і музычны эцюд «Gnossienne 3» Эрыка Саці, і карціна Язэпа Драздовіча «Вечар у пустэльні на Марсе». Людзі, яму здавалася, застылі і не рухаліся. Жаданне ж атрымаць запаветны ліст расло і расло.
– На Марсе, напэўна, чэргаў няма, – вырываючыся з абдымкаў вірлівага наслання, выдаў Руткоўскі ўголас.
– То і ляціце, мужчынка, на свой Марс, толькі не дурыце тут людзям галавы, – адгукнулася інтэлігентнага выгляду пенсіянерка, за якой ён акурат стаяў. – Дазвольце нам спакойна аплаціць камунальныя паслугі.
– «Утверждают космонавты и романтики, что на Марсе будут яблони цвести», – зухавата праспяваў дзядок, які стаяў паперадзе незадаволенай жанчыны.
– Скора зацвітуць, – заўважыў мацак, які заняў чаргу за Руткоўскім. – Сягоння чытаў у інтэрнэце, што з мінералу, каторы на Марсе знайшлі, будуць рабіць лякарства ад сінтатадзіну. Так што прыйдзецца ляцець асвойваць чацвёртую планету.
– Ой, гадоў дзесяць таму ўжо трубілі і барабанілі, што вось-вось паляцяць. Кастынгі па ўсім свеце праводзілі. Каманду, здаецца, сабралі. І што? Ніхто нікуды не паляцеў. Разышлося, як заечае сала. Таму давядзецца нам і без лякарства ад адзіноты, і без яблыкаў марсіянскіх жыць, – не прамінула свае тры грошыкі прыткнуць злёгку манерная дама з суседняй чаргі.
Завязалася спрэчка. Ягор моўчкі назіраў і быў не рады, што стаў яе міжвольным завадатарам. На шчасце, чарга праявіла прыкметы жыцця не толькі ў амаль шабельных дыскусіях пра марсіянскія сады, але і ў пасоўванні да аванпостаў будучыні. Не паспеўшы памерці ад духаты і вакольных баталій, навуковец атрымаў на рукі капэрту з лістом і бандэроль. На капэрце прыкмеціў надпіс «Constanţa» і, не разглядаючы, шпарка памкнуўся да выхаду. Разумеў, што данесці пасланне дадому не дазволіць гарачая цікаўнасць. Перасек вуліцу і скіраваўся на пляцоўку перад медычным універсітэтам. Усеўся на лаўку, абраўшы збольшага цяністае месцейка. Людзей на пляцоўцы амаль не было. Некалькі падлеткаў на аэраскейтах гойсалі над сцежкамі і кветнікамі, кружляючы вакол скульптуры мяшчанкі і закаханага ў яе хлопца, які марыў ператварыцца ў птушку. Турысты закідвалі манетку ў музычны аўтамат, што адгукаўся песняй, сюжэт якой і ўвасобіўся ў згаданай скульптуры:
Праўлесная дзяўчоначка, праўлесціла ты мяне,Жысць наша з табой няшчасная, што ўлюбіўся я ў цябе.Не жалаў бы большэ шчасця – сізы крылушкі сабе…Абстрагаваўшыся ад усяго, Руткоўскі уважліва зірнуў на капэрту і мусіў расчаравана прабурчаць:
Дзед пасеяў з бабай лён,а ўрадзіла віка.Пісьмы носіць паштальён,А зладзюга – піку.На капэрце красаваў надпіс «Ministerul Afacerilor Interne» («Якая ўжо ж табе Марына!»). Паліцыя Канстанцы даслала афіцыйны дакумент аб выніках следства па факце здарэння.
Дакумент паведамляў, што следства зайшло ў тупік («Ды няўжо!»), што новых сведак адшукаць не ўдалося («Хто б сумняваўся!»), што скрадзены мабільны тэлефон знайсці не атрымліваецца («І не трэба!»). Разам з тым, паліцэйскі чын запэўніваў, што следства не спыняецца, і абяцаў трымаць беларуса ў курсе, калі той сам пажадае («Пішыце пісьмы дробным почыркам»).
Ягор паставіўся да клапатлівасці румынскай паліцыі з капкай іроніі. Дапускаў, што румынам хацелася захаваць перад ім аблічча. Сам жа лічыў, што стаў тады банальнай ахвярай звычайнага вулічнага злодзея. «Гоп-стоп, мы подошли из-за угла». Што праўда, смылела думка пра Ядранку і расказанае ёю прароцтва. Але зноўку шчарэпіцца за містыку не браўся, адганяючы смарагдавых мух здрадлівых подумаў. Бандэроль на пляцоўцы распакоўваць не схацеў. Па зваротным адрасе дапяў, што з Мінска даслалі гістарычны альманах, для якога ён некалі падаваў артыкул.
Пасля выпіскі Руткоўскі яшчэ з тыдзень быў вольны ад працы. Ва ўніверсітэт не цягнула. Аднойчы ў жыцці яму выпала з паважнай прычыны пазбегнуць мітусні першага летняга месяца з сесіяй, генеральным тэставаннем і цэлай торбай іншых выкладчыцкіх радасцей. А вось прапускаць планаваныя на ліпень раскопкі археолаг не жадаў. Раскопкам здрадзіць не мог. І калі б яны меліся быць у чэрвені, то Ягор без ваганняў уцёк бы з бальніцы яшчэ да выпіскі.
Удакладняючы пытанні з арганізацыяй раскопак, ён зрабіў пару-тройку важных тэлефанаванняў, прызначыў некалькі не менш важных сустрэч. Папярэдне справа выглядала так, нібыта ўсё добра і планам нічога не пагражала. Але навуковец даўно ведаў, што гэты выгляд можа быць падманлівым, што справа любіць свавольна пакаціцца да чорта лысага на рагатку, калі ўчасна не пракантраляваць усе звёны ланцуга пад назвай «Падрыхтоўка археалагічных раскопак».
* * *
Праз пару дзён на сувязь выйшла Ядранка. Размаўлялі цэлую гадзіну праз антыскайп. Жанчына радавалася, што Ягора ўжо выпісалі, падзялілася навіной пра сваё павышэнне, асцярожна намякнула на верагоднасць прыезду ў Беларусь. Ягор стараўся быць прыязным і ветлівым, але не забываўся трымаць эмацыйную дыстанцыю, каб суразмоўца крый божа не набудавала крышталёвых замкаў, адкуль пачнецца снайперская страляніна па яго галаве. Расказаў пра ліст з Румыніі.
– А ты не думаеш, што на цябе напалі праз тую дзяўчыну? – мімаходзь пацікавілася харватка.
– Праз якую? – неразуменне Руткоўскага, як і раней, патыхала непраўдападобнасцю.
– Усё ты разумееш. Не выдурняйся, – па-свойску паўшчувала Іванкавіч. – Тваё з’яўленне ў Канстанцы магло раззлаваць яе бойфрэнда…
– Мужа… – паправіў Ягор, сцяміўшы, што адпірацца сэнсу не больш, чым кроіць хлеб гальштукам.
– Пагатоў. Ты так намагаўся не глядзець на яе ў кулуарах, што выйшла акурат наадварот – талопіўся, быццам зноў і зноў распранаў. Якому мужу гэта спадабаецца?
– Ты перабольшваеш.
– Гэта ты перамяншаеш.
– Думаеш, яе муж ужарыў мне па галаве дзеля помсты, а тэлефон забраў, каб зымітаваць рабунак?
– Лагічна ж! – аперэткава ўсклікнула жанчына. – А як скрадзены ў цябе тэлефон нідзе не ўсплыў, то, хутчэй за ўсё, нападніку ён і не быў патрэбны. Нападнік проста яго знішчыў. Трэба падкінуць гэтую версію румынскай паліцыі. Няхай там разбіраюцца.
– Я гэтага рабіць не буду і прашу цябе таксама ўстрымацца, – беларус быў вельмі катэгарычным. – Нават калі гэта ўчыніў асабіста яе муж, мне не хочацца даваць яму рады праз кагосьці.
– Дык жа не праз абстрактнага кагосьці, а праз паліцыю! Гэта ж нармальная практыка, – пачутае вельмі здзівіла яе крываватасцю логікі.
Яна паспрабавала яшчэ раз давесці слушнасць сваёй ідэі, але без плёну. На тым размову і спынілі. Падрыхтаваныя ім пытанні пра містычны складнік здарэння Руткоўскі задаць не наважыўся. Адарваўшыся ад камп’ютара, ён падняўся і стаў хадзіць па кватэры. Агучаная харваткай версія атрутнай скабкай засела ў галаве.
Наразаючы кругі і петлі па кватэры, Ягор машынальна вызіраў у вокны. За аднымі стаяла ваенная тэхніка – гэта быў падворак музея вайсковай славы. У звыклым краявідзе з танкаў, самаходных гармат, бронетранспарцёраў і нават самалёта-знішчальніка зрок выхапіў верацяно ракеты класа «зямля-паветра». Не, ракета не была новым экспанатам, і раней даводзілася бачыць яе незлічонае мноства разоў. Проста цяпер яна падалася асабліва пагрозлівай, дарма што была скіравана ў процілеглы ад вокнаў бок.
За іншымі шыбамі праглядаўся дворык, абсечаны старой цаглянай агароджай. Дворык быў такі маленькі, што колькі прыпаркаваных у ім машын амаль не пакідалі вольнага месца для дзіцячых забаў. Таму дзеці сноўдалі між клумбамі і вузкай дарожкай каля двухпавярховага дома, дзе жыў Руткоўскі. «Заціснутасць» дома ў абцугах дзвюх вуліц адбілася літарай «А» ў яго адрасе. «Не прышый кабыле хвост», – казалі на гэты конт некаторыя. Але сам Ягор любіў і дом, і двор, і адметнасці іх размяшчэння.
Адчыніўшы акно, што выходзіла на дворык, ён стаў сведкам гульні чародкі пяці-шасцігадовай малечы.
– Што гэта такое? – імітуючы ўладны голас, прамаўляў адзін з іх.