Канец адзіноты - Вишневский Януш Леон 10 стр.


Надзя гаварыла больш за дзесяць хвілін. З гэтай прамовы Якуб зразумеў няшмат: рускай мовы ён не любіў і ніколі не хацеў яе вывучыць – у асноўным таму, што не бачыў сэнсу. Ён выхопліваў толькі асобныя словы: «музыка», «культура», «Рахманінаў», «Чайкоўскі», «Украіна», «Польшча» ва ўсіх склонах. Таксама, здаецца, адзін раз прагучала прозвішча Шапэна. Звычайна нясмелая, інтравертная, крыху адстароненая Надзя, якая заўсёды трымалася ўбаку, цяпер жэстыкулявала, усміхалася, ківала, згаджаючыся з журналісткай, або, наадварот, круціла галавой, малітоўна складала рукі, моршчыла лоб. Якуб бачыў яе такою ўпершыню. У святле пражэктара ён злавіў у яе вачах водбліск невядомай яму дагэтуль дзёрзкасці.

Аператар глядзеў на яе не міргаючы. Атласная сукенка з узорам з жакардавых кветак абцягвала Надзіны грудзі, што час ад часу калыхаліся, і выглядала яна проста чароўна з гэтай кучмай светлых валасоў, заплеценых у касу. Надзя, яго дзяўчына. Яна гаварыла нізкім меладычным голасам, а руская мова, што злятала з яе вуснаў, цалкам супярэчыла стэрэатыпу, у які верыў Якуб, бо была пяшчотная, пачуццёвая і мяккая.

Потым часамі здаралася так, што, калі за вокнамі згушчалася ноч, а яны ўсё яшчэ пілі віно на кухні, Якуба агортвала пачуццё невымоўнай утульнасці. Тады ён глядзеў на Надзю, і яго ахоплівала немагчымая замілаванасць, а яго закаханасць у яе… Надзя аднекуль ведала, што ён хоча, каб яна прачытала яму які-небудзь верш па-руску, і тады замаўкала, усміхалася, брала ў рукі абкладзеную газетай кніжачку, якая ляжала на зэдліку каля пліты, клала яе на стол, не разгортваючы, і чытала верш на памяць, гледзячы ў вочы Якубу. Бывала, што ён, прыціскаючыся да яе ў ложку, ніяк не мог суняць дрыжыкі, а Надзя цалавала яго ў скронь і нешта шаптала па-руску. Тады ён засынаў.

У парку пад вярбой яны праседзелі да вечара – складалі маршрут падарожжа. На гугл-картах лічылі кіламетры і выбіралі месцы, якія хацелася наведаць, на «Букінгу» і «Эйр-Бі-Эн-Бі» вывучалі кватэры, шукалі кемпінгі і палатачныя лагеры. Больш за ўсё дапамагаў ім пошукавік «Яндэкс», расійскі аналаг «Гугла». Паколькі «Яндэкс» не быў у палоне сетак інтэрнэт-малоха, Якуб з Надзяй часта знаходзілі інфармацыю, якой «Гугл» не індэксаваў увогуле, а калі нават індэксаваў, то ўрыўкамі і недакладна. «Яндэкс» стварылі як адказ на нібыта адгароджаны ад астатняга свету высокімі сценамі «рускі мір», і з тым, што датычыла гісторыі постсавецкай Грузіі, ён даваў рады выдатна. Але Якуб не мог зразумець, якім цудам на запыты пра Польшчу гэты «Яндэкс» даваў адказаў больш, чым польскі «Гугл»! Ды яшчэ і нашмат падрабязнейшых. Надзя з характэрным для яе сарказмам прыпячатала: «У расіян заўжды былі добрыя сакрэтныя службы, да таго ж яны любяць ведаць, што дзеецца на свеце, а потым гэтым хваліцца». І Якуб вырашыў, што з гэтага часу, шукаючы нешта ў сеціве, дакладна будзе пачынаць з «Яндэкса».

Ён так радаваўся гэтаму падарожжу. Цэлыя тры тыдні разам! У радасці і ў горы. У дарозе, пад адным дахам ці спальнікам. Радаваўся, нават прадчуваючы ежу з аднаго кацялка. Але больш за ўсё радавала яго перспектыва супольных перажыванняў. Гэта самае важнае, гэта яднае людзей мацней за ўсё. Так гаварыла яго маці.

Ён рэдка размаўляў з маці пра каханне. Даўным-даўно, калі Якуб ужо быў гатовы да такіх размоў, здарылася тое, чаго ён доўга не мог ёй дараваць. Ён паводзіў сябе як смаркач, ахоплены дурной дзіцячай пыхай, а калі зразумеў гэта, то зрабіў як яшчэ большы ідыёт і маці не прабачыў. Яго кінула дзяўчына, якую маці любіла, таму захацела паслухаць і яе версію таго, што здарылася. Калі Якуба не было дома, маці запрасіла тую дзяўчыну да сябе, а ён раптоўна вярнуўся, убачыў гэта і збег, ляснуўшы дзвярыма, бо быў упэўнены, што маці за яго спінай згаворваецца са здрадніцай, якая зруйнавала яго жыццё. Вось і ўсё. Якуб не спытаў у маці, навошта тая яе запрасіла, не ўсвядоміў, што маці мела на гэта права, не бачыў у гэтым клопату – толькі змову. Істэрычным крыкам ён забараніў «залазіць у сваё жыццё бруднымі ботамі», а паколькі маці была вельмі гордая, такім чынам Якуб адрэзаў яе ад любой інфармацыі пра свае пачуцці, пра дзяўчат, закаханасці, сумневы і смуткі. Напрыклад, маці дагэтуль не ведала пра Надзю. Безумоўна, яна падазравала, што ён кожны тыдзень сыходзіць у пятніцу і вяртаецца ў нядзелю ад жанчыны, але паважала яго рашэнне і ніколі ні пра што не пытала.

Пра каханне яны з таго часу размаўлялі толькі аднойчы – калі вярталіся дадому з канцэрта польскага інды-музыканта Кортэза. За рулём – рэдкі выпадак – быў Якуб. Дома маці выпіла віна, а на канцэрце – яшчэ і віскі з колаю з бляшанкі. Яна ўсё яшчэ напявала сабе пад нос, калі ён спытаў, чаму яна так любіць Кортэза, а потым, крыху падумаўшы, адказала:

– Таму што ён спявае пра перажыванні. Як Леанард Коэн. Часам нават лепш. Калі Коэн памёр, я пачала шукаць таго, хто яго заменіць. Хто носіць у сабе такі самы смутак. Бо песні Коэна яшчэ сумнейшыя, чым вершы Галіны Пасвятоўскай4. Калісьці я нават здзіўлялася, чаму да яго дыскаў брытвы не прыкладаюць. Кортэз праз перажыванні расказвае пра каханне. Не праз прызнанні, а праз перажыванні. Гэта самае важнае, гэта яднае людзей мацней за ўсё. Памятай пра гэта. Цяпер я гэта ведаю, – яна ўздыхнула.

Ён зірнуў на яе. Маці сядзела задумаўшыся, апусціўшы галаву і разглядаючы свае рукі. Яна была вельмі сумная. Апускаючы так галаву і гледзячы на рукі, яна заўсёды намагалася схаваць сум. Якуб даўно гэта ведаў.

– Некалі вельмі даўно, – раптам сказала яна, – яшчэ не ведаючы, што хутка ў мяне будзеш ты, я вельмі сумавала па перажываннях. Рабіла шмат прыгожых глупстваў дзеля іх. Зрэшты, не я адна. Калісьці мы з цёткай Аняй і цёткай Уршуляй ехалі па іх паўдня і цэлую ноч на разваленым аўтобусе ў Парыж. Памятаю, я хацела… – яна змоўкла. Машына спынілася на паркоўцы перад домам. Маці паспешліва выцерла слёзы і выйшла. Ён так і не спытаў яе ні пра Парыж, ні пра тое, чаго яна прагнула.

Па дарозе дадому Якуб з Надзяй спыніліся ля траторыі, якая нядаўна адкрылася ў самым вялікім зашклёным будынку ў раёне шматпавярховікаў, што атачалі дамок пад нумарам восем. Не ў супермаркеце ж хіпстарам даганяцца, жартаваў пра гэтае месца вакольны «люд».

Адным з уладальнікаў траторыі быў нейкі Шыман. Надзя заходзіла туды часта – хутчэй да яго, чым паесці. Яна сядала за столік каля вешалкі, заказвала піва – і праз хвіліну перад ёю з’яўляўся Шыман з арэшкамі ці парцалянавай місачкай, поўнай алівак. Абаяльны, вытанчаны, з заўсёднай усмешкай на твары, гэты высокаадукаваны мужчына крыху за сорак пачынаў размову з бяспечных тэм – захапляўся Надзінай прыгажосцю, наракаў на надвор’е, расхвальваў піва ці аліўкі, а пасля, зачапіўшыся за любое слова, зварочваў на філасофію. Калі Надзя глытала кручок, Шыман пачынаў гаварыць пра філасофію ў два разы хутчэй, чым пра піва, нібыта баяўся, што не паспее сказаць усё. Мабыць, таму Надзя называла яго Шыманідам – такі сабе Арыстоцель (той таксама свае прамовы тараторыў) з ідэяй вытанчанай кухні ў мадэрнісцкай атмасферы італьянскай траторыі. Патрабавалася няхілая мужнасць, каб выкласці грошы на рэстарацыю па суседстве з культавай, заўсёды запоўненай сталоўкай «Жамчужынка», ды яшчэ і з цэнамі, якія значна адрозніваліся ад таго, што ў гэтым раёне лічылася дэмакратычным. Прычым Шыман, кормячы сваіх гасцей раскошнымі стэйкамі з крывёй, сам быў прававерным веганам: не еў яечні, не насіў ваўняных швэдраў і ядвабных гальштукаў, не каштаваў мёду і дзе толькі можна пратэставаў супраць выкарыстання жывёл у цырках.

Нібыта гэтага было мала, Шыман не толькі пускаў мастацтва ў сваю ўстанову, а яшчэ і часта прасоўваў яго за свой кошт. І навуку таксама. Людзі пілі віно, закусвалі піцай, лопалі лазанню і слухалі лекцыю пра генетычна мадыфікаваныя памідоры прафесара Магдалены Фікус – самага знакамітага генетыка краіны. Альбо пілі кактэйлі і думалі пра сэкс пад даклад самога Іздэбскага, таго прафесара-сэксолага. Ідзе, дапусцім, чалавек да Шыманіда на спагеці, а там эфірная Магдалена Цялецка расказвае, як рабіць добрае кіно і чаму Анджэй Хыра ёй па-ранейшаму сябар5. Аднойчы Надзя спытала ў Шымана, што трэба зрабіць, каб завабіць такіх людзей у рэстарацыю, якую, па вялікім рахунку, мала хто ведае – калі параўноўваць, напрыклад, з варшаўскім «Big Book Café», а той адказаў, што «трэба быць жанчынай і вельмі хацець». А вельмі хоча «адна рудая паланістка-мастацтвафілка з дома каля твайго палісадніку».

– Калі жанчына вельмі хоча, яна сваё возьме. За «Big Book Café» таксама стаіць жанчына. Праўда, не рудая, але затое каралева, я маю на ўвазе Аню Круль. Калі я ў Варшаве, то заўсёды туды зазіраю – падглядаю, вучуся, запісваю і зайздрошчу за кавай.

Якуб з Надзяй селі за столік насупраць бара. Нягледзячы на позні час, рэстарацыя была поўная. Балада, што плыла з калонак пад столлю, змешвалася з гулам размоў. Праз хвіліну перад імі з’явіўся мужчына ў смешных акулярах, абняў Надзю і пацалаваў яе ў шчаку. Надзя ўстала і з усмешкай прамовіла:

– А гэта Шыман, пра якога я табе столькі расказвала. Найлепшы філосаф сярод рэстаратараў. А можа, наадварот.

Яны моцна паціснулі адзін аднаму рукі. Да століка падышла маладая афіцыянтка, несучы меню, але перш чым яна паклала іх перад гасцямі, Шыман сказаў:

– Да заказу маладых людзей дадай бутэльку нашага новага сіцылійскага мерло. За кошт установы. І абавязкова прынясі пані Надзі міску алівак. Тую, што большая, – і, звяртаючыся да Якуба, дадаў: – Дык гэта вы той шчасліўчык.

Потым уважліва агледзеў хлопца з ног да галавы, пакланіўся і сышоў.

Надзя заказала для іх абаіх баклажаны, запечаныя з памідорамі. Якуб не падазраваў, што такая страва ўвогуле існуе. Чакаючы яе, яны частаваліся аліўкамі і хрумсткай пшанічнай булкай, якую мачалі ў пікантны аліўкавы алей.

Віно Надзя не проста любіла. На думку Якуба, яна ведала пра віно ўсё. У Нікарагуа дзяўчына некалькі месяцаў працавала на невялікім вінаградніку, і зусім не на зборы ўраджаю. Калі гаспадар вінаградніку, апантаны віном багаты пенсіянер з Каліфорніі, даведаўся, што Надзя можа памераць pH вадкасці і ведае, што непажаданыя злучэнні серы з віна прыбіраюцца сульфатам медзі, то адправіў яе працаваць у давільню. Памочніцай лабаранта, якім аказаўся адзін венгр, Надзя зарабляла ў дваццаць разоў больш, чым калі б збірала вінаград. У той давільні, поўнай мензурак, піпетак і кацялкоў, яна зразумела, што існуюць месцы, дзе найкаштоўнейшы капітал – веды. Там ад найразумнейшага Ласла Домакаша, былога манаха з таямнічага венгерскага горада Эгерсалак, яна даведалася пра кепскае віно столькі ж, колькі пра кепскія ўчынкі. А заадно навучылася распазнаваць добрае.

Якуб віно таксама любіў. Гэта ўвогуле быў адзіны алкаголь, які ён піў. Любоў тая, відаць, была ад маці, бо яго бацька адрозніваў віно на ўзроўні «чырвонае» і «празрыстае», «салодкае» і «кісляціна», «варшаўскае за сотню з хвастом на карпаратыўныя падарункі», і «тое з “Бедронкі” за 14,99 злотых, на падарункі сямейныя». Якуб любіў, калі Надзя піла. Асабліва ўвечары, перад тым як ісці ў ложак. І калі чытала яму пры гэтым рускія вершы.

Надзя вытрасла апошнія кроплі мерло на булку і, крадком хаваючы пустую бутэльку ў заплечнік, спытала:

– Пагуляем у бутэльку? Даўно не гулялі. Бялізны на мне сёння няма, дык, можа, урэшце дацягнемся да канца.

Ён усміхнуўся. Яны сапраўды часам гулялі ў бутэльку і сапраўды ніколі яшчэ да канца не дацярпелі, ні разу не раздзяваліся цалкам, а ўсё праз яго. У нейкі момант ён забываў, што гэта гульня, і раздзяваў Надзю, не чакаючы сваёй чаргі. Часам – пад сталом на кухні, часам – на падлозе ў пакоі з фатаграфіямі, бывала – на паддашшы, а часам – толькі пад душам, калі дзяўчына ад яго ўцякала.

Ён узяў з міскі аліўку, уклаў ёй у рот і, рассоўваючы ёй ногі сваёй, сказаў:

– Сёння? Да канца? Нават не разлічвай.

На століку завібрыраваў тэлефон. Надзя крадком зірнула на экран, крыху павагалася, але ўрэшце выцерла вусны сурвэткай, выбачылася і адказала. Якуб зразумеў, што гэта Карына. У нейкі момант на твары Надзі з’явілася трывога. Дзяўчына слухала ўважліва і зрэдку падымала вочы, каб сустрэцца з Якубам позіркам. Размова доўжылася некалькі хвілін, калі Надзя раптам спалохана спытала:

– Калі? Калі самы крайні тэрмін? Не, я не магу вырашаць гэта адна. Бо так, у нас свае планы. Як і ў вас. Ды я ведаю, што гэта важна. Кары, калі ласка, фердамт нох маль, не паўтарай мне гэта соты раз. Не! Таму што не! Не смей яму званіць! – нечакана ўскрыкнула яна. – Гэта неабходна? Думаеш, Алекс скажа мне нешта новае? Добра, давай яго сюды.

Яна доўга слухала, а потым пачала гаварыць. Па-нямецку. Якуб не здолеў зразумець, ці была гэтая размова спакойнай. Іншая інтанацыя, скрыгатлівае «р», дзіўныя доўгія словы. Нямецкая мова асацыявалася ў яго з напружаннем, канфліктам і лаянкай. А часцей за ўсё – з загадамі.

Нарэшце Надзя адклала тэлефон. Потым спыніла афіцыянтку, якая праходзіла міма, і папрасіла бутэльку халоднай вады. Зірнула на Якуба і сказала:

– Курыць хачу. Часам мне шкада, што ты не курыш.

Яна выключыла тэлефон і схавала яго ў заплечнік. Калі афіцыянтка разліла ваду па шклянках і адышла, Надзя ціха паведаміла:

– У Карыны з Алексам сур’ёзная праблема. Куратар праекта, тая шышка з міністэрства, не хоча падпісваць дамову, пакуль на аб’екце не будзе ацэншчыка з Польшчы.

– І што? – не зразумеў Якуб.

Надзя пачала нервова заломваць пальцы. Ён заўважыў на яе твары румянец, які павольна разліваўся таксама па шыі і дэкальтэ.

– А тое, што, на думку таго пана, гэты польскі ацэншчык – я.

– Што значыць ты? Студэнтка?

– Так. Карына і Алекс упісалі мяне ў тэндарную заяўку. Пад усімі разлікамі, якія я рабіла, стаяць тры подпісы: Алекса, Карыны і мой. Прычым мой – самы важны, яны толькі ўхвалялі разлікі, – растлумачыла Надзя. – І для гэтага мюнхенскага чынушы адказная за каштарыс – я. А паколькі яны акурат даведаліся, што выйгралі тэндар… Гэта вельмі тэрмінова, бо куратар сам ім пазваніў. У нядзелю! У Германіі гэта як парушэнне правоў чалавека. Раніцай я даслала ім апошнія файлы, а яны пераслалі іх далей, – ціха дадала яна і змоўкла.

І тут у галаве Якуба ўсё склалася: ён зразумеў, пра што была размова з Карынай. У іх былі свае планы. Надзя не хацела іх мяняць. Ён зірнуў на яе.

– Не хвалюйся пра Грузію, яна нас пачакае, – сказаў ён, намагаючыся заставацца спакойным.

Узяў пару алівак, паклаў у рот, потым дастаў косткі і паклаў на талерачку. Роўна. Адну побач з другой. Нібыта гэта было цяпер самым важным.

Надзя маўчала, нервова сціскаючы заплечнік.

– Калі табе трэба там быць? – неўзабаве спытаў Якуб.

– Трэцяга жніўня.

– А вернешся калі?

– У пачатку лістапада.

– А ўніверсітэт?

– Карына ўжо напісала дэкану. Мне залічаць гэта як практыку, а экзамены трэба будзе здаваць як усім.

Якуб апусціў галаву, разважаючы, ці варта пытаць, калі адказ вядомы. Яму некалі задалі гэтае ідыёцкае пытанне: «Ты хочаш ехаць?» Тады яму было шаснаццаць, а пыталіся пра Кліўленд. Жорсткае пытанне. Ён усміхнуўся і вырашыў, што пытаць не будзе. Узяў Надзіны рукі ў свае, пацалаваў і ціха сказаў:

– Дык Карына пра ўсё паклапацілася. Супер. Я буду да цябе прыязджаць, да Мюнхена тут два крокі.

Надзя кусала вусны. Па яе шчоках цяклі слёзы, якіх яна не магла выцерці, бо Якуб трымаў яе рукі ў сваіх, адчуваючы, як яны дрыжаць. Ён стараўся, каб у яго голасе не прарывалася расчараванне, ён ведаў, што гэта вельмі важна. Трэба прыкідвацца, што нічога такога не здарылася.

– А што сказаў Алекс? Бухгалтэрыя ж уся на ім.

Надзя сціснула яго рукі пальцамі.

– А што ён мог сказаць, – уздыхнула яна. – Нічога новага. Паўтарыў тое, што гаварыла Карына, толькі па-нямецку. Яны абое ведаюць, што чыноўнік мае рацыю. Я мушу быць там, гэта недзе ў кантракце напісана. І зусім не дробным шрыфтам. Яны проста не думалі, што нехта захоча той кантракт так дакладна выконваць. Хаця Алекс педант і строга прытрымліваецца ўсіх дамоўленасцей. Спаць спакойна любіць. Ён мяне пераконваў па-свойму, зусім не як Карына. Рацыянальна, без эмоцый. Як бізнесовец. Ён мне прызначыў мінімальны заробак, хоць і з магчымасцю ўзгаднення. А потым… потым ён папрасіў. Ведаеш, калі Алекс просіць, у яго голас мяняецца. І вось ён ужо не той прынцыповы і ўпэўнены ў сабе вараціла. Хацела б я яго бачыць у гэты момант. Ён папрасіў мяне паехаць у Мюнхен. Але не так, як Карына. Яна ўскрай ірацыянальная. Рамантычная. Пра грошы размаўляе толькі тады, калі можа ад багацеяў нешта для бедных атрымаць. Пра сябе яна дбае мала, я гэта з часоў Руанды ведаю. Яна за цябе больш хвалявалася, – дадала Надзя з усмешкай. – І за мяне. Пішчала, што яны цябе ў мяне забіраюць. Пра тое, што яны забіраюць мяне ў цябе, ужо не падумала, – Надзя пацягнулася па бутэльку з вадой і падняла руку, даючы афіцыянтцы знак прынесці рахунак. – Ну што, пайшлі дадому? Хачу застацца з табой сам-насам. Хачу кахаць цябе.

Назад Дальше