Канец адзіноты - Вишневский Януш Леон 9 стр.


Яна вельмі ганарылася сваім таткам, але вывучаць архітэктуру не хацела – гэтая галіна падавалася Надзі занадта матэрыяльнай, ды яшчэ і вынікі змушалі доўга сябе чакаць. Але на цэглу, муры, камень, падлогі, столі і ўсё астатняе яна з дзяцінства глядзела зусім як бацька – з цікавасцю, увагай і захапленнем. І калі яна чатыры гады зжывалася са сваёй падвойнай жалобай, падарожнічаючы па свеце, то ведала, што калі-небудзь да гэтага захаплення вернецца. У вольныя гадзіны Надзя сядзела над нямецкімі падручнікамі па рэстаўрацыі, а калі з’яўляўся доступ да тэлевізара ці інтэрнэту – глядзела справаздачы з аб’ектаў, а яшчэ самастойна вывучала гісторыю мастацтва, матэрыялазнаўства, геалогію і хімію.

У Нікарагуа яна ўпершыню вывучала кансервацыю каменю не з кніг. У ваколіцах Леона месцілася штосьці кшталту папраўчага прытулку, збудаванага і абстаўленага на сродкі дабрачыннага фонду з Ніжняй Саксоніі. Надзя працавала там восем месяцаў. Аднойчы ў нядзелю, падчас прагулкі, яна схавалася ад гарачыні ў холадзе барочнага сабора ў цэнтры горада, куды ўвогуле заходзіла часта. Яна любіла цішыню гэтага месца – яно нагадвала гамбургскі касцёл, куды вадзіў яе бацька. У адным з бакавых нефаў стаялі высокія рыштаванні. На дошках пад самымі скляпеннямі сядзеў барадаты хлопец з валасамі да плячэй, які заўважыў Надзю і нешта ёй крыкнуў. Потым яшчэ раз, а калі яна не адказала, жвава спусціўся ўніз, сеў побач на касцельную лаву і пачаў заляцацца. Ён аказаўся ўдзельнікам каманды рэстаўратараў з Барселоны, якія ўжо тыдзень аднаўлялі сабор на сродкі ЮНЕСКА, і ўвесь час паўтараў, што «адчувае сябе вельмі адзінокім». Калі ўсхваляваная Надзя выказала прафесійны інтарэс да праекта і пачала выпытваць падрабязнасці, хлопец – хутчэй за ўсё фліртуючы – спытаў, ці не хоча яна залезці наверх, каб «дакрануцца да гісторыі». Вядома, яна захацела. Прычым неадкладна. Кудлаты барадач спачатку не паверыў, але ўбачыўшы, што Надзя ідзе да рыштаванняў, паспрабаваў адыграць назад – высока, маўляў, інструкцыі, у наяўнасці толькі адна каска. Урэшце яна паабяцала, што сходзіць з ім на каву, а можа, нават на вячэру, і ён дазволіў ёй залезці па драбінах на самы верх.

Тады дзякуючы нейкаму залётніку з Барселоны Надзя ў базіліцы Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыі ўпершыню ўдыхнула пыл «з-пад уласных пальцаў», і гэта была сапраўдная «язда без рук».

Яна расказвала пра ўсё гэта Якубу неяк мімаходзь, бо не бачыла ў сваёй біяграфіі нічога незвычайнага. Часцей за ўсё нагодай была сапраўдная дробязь: фатаграфія ў якасці закладкі, лісток з календара, пачуты па радыё ўрывак навіны пра месца, дзе яна была, колькі радкоў з песні. Гэтага хапала для чарговага аповеду. І аказвалася, што гэта зусім не дробязь. Яе гісторыі перапляталіся адна з адной, як у шкатулачным рамане, адна з адной вырасталі. Звычайна гэта былі сумныя гісторыі, звязаныя з нейкім няшчасцем, а часам – з пакутай. Але Надзя кампанавала іх так, каб у канцы з’яўлялася надзея.

Радзей за ўсё яна расказвала пра сябе, ды і тое ў асноўным пра хібы, памылкі, страхі, прамашкі і сумневы. Яна знаходзіла сілы смяяцца з сябе, кпіць з няправільных рашэнняў, сурова ацэньваць пэўныя паводзіны. А яшчэ яна ніколі не параўноўвала сваё жыццё з жыццём іншых, бо «хто можа ведаць, пра што іх падарожжы».

Некалькі тыдняў таму Надзі споўнілася дваццаць чатыры. І хоць яны з Якубам былі з аднаго пакалення, жылі ў адным горадзе, вучыліся ў адным універсітэце, мелі адны каштоўнасці і паходзілі з сем’яў інтэлігентаў, іх біяграфіі былі зусім розныя. Нібыта Надзя жыла ў іншым свеце, да таго ж значна даўжэй. Часам Якуб задумваўся, колькі ж яшчэ шкатулак чакаюць, каб іх адчынілі.

Ён узяў у рукі фатаграфію і доўга глядзеў на ўсмешлівую бялявую дзяўчынку. Калі яны былі разам, Надзя часта смяялася і часта паўтарала, што шчаслівая. Але ніколі яна не смяялася так бесклапотна, як на гэтым здымку.

Якубу стала казытліва, калі яе валасы кранулі яго голыя плечы. Ён і не пачуў, як яна зайшла ў пакой. Надзя нахілілася да яго і сказала:

– А ты заўважыў, якая я канапатая? У мяне рабацінне кожны год, з канца лета да лістапада. Я яго вельмі саромелася. Гэтую фотку зрабіў дзядзька Ігнацы, мне тут дванаццаць гадоў. Памятаю, мы ў той дзень вярнуліся мокрыя і змерзлыя з лесу – з кошыкамі, поўнымі грыбоў. Бабуля адразу паставіла самавар, а потым зварыла на абед грыбны суп з лазанкамі.

– Ты тут такая шчаслівая. Вы ўсе, – сказаў Якуб, ставячы фатаграфію на стол.

– Так, – ціха адказала Надзя. – Ты маеш рацыю. Татка вельмі стараўся зрабіць маё дзяцінства шчаслівым, а бабуля сачыла, каб ён пра гэта не забываў. А ты хадзіў з бацькамі ў грыбы? – спытала яна і села на стол перад ім.

– У грыбы? Пра гэта я табе таксама не расказваў? – Якуб ціха ўздыхнуў. – Так, вядома, хадзіў. Але толькі з татам. Мама не хацела. Яна панічна баялася, што не адрозніць баравік ад сатанінскага грыба і ўсіх нас атруціць. Але гэта была адгаворка. Мая мама баіцца лесу – кляшчоў, павукоў, вужак, нават мурашак. А бацька ў лес закаханы. Ён браў мяне ў грыбы, калі я яшчэ пад стол пехатой хадзіў. І мне заўсёды хацелася сабраць столькі ж грыбоў, колькі ён. Я хацеў быць як ён. Спачатку ён даваў мне меншы кошык. Потым я гэта прасек, і мы хадзілі з аднолькавымі, але ён браў яшчэ вялікі заплечнік – ну, нібыта каб пакласці тэрмас, бутэрброды, салодкае. Вядома, ён знаходзіў нашмат больш грыбоў, чым я, а каб я не заўважыў, хаваў іх у заплечнік, і з лесу мы заўсёды вярталіся з аднолькава поўнымі кошыкамі. Памятаю, я вельмі сабой ганарыўся.

– Цудоўная гісторыя. Узрушвае, – шапнула Надзя. – А што ты зрабіў, калі заўважыў гэта?

– Нічога, бо я так і не заўважыў! Праз шмат гадоў мама пра гэта расказала на бацькавым дні нараджэння. І бацька, помніцца, быў вельмі незадаволены.

Надзя абняла яго і пацалавала. Потым прынесла на балкон коўдру, сабрала з падлогі адзенне і сышла на кухню. Праз хвіліну Якуб пачуў музыку і гукі мітусні.

Ён вярнуўся да працы. На паддашшы зрабілася душна. Якуб апусціў жалюзі і запаліў лямпу. Потым зрабіў некалькі спроб уключыць вентылятар, але той трымаўся цвёрда.

– Гаўно кітайскае! – злосна прашыпеў Якуб, пацягнуўся па кед і пульнуў ім у вентылятар. Трапіў у лопасць, якая на колькі секунд раскруцілася.

Наступную гадзіну Якуб кодзіў.

Паабедалі яны на тэрасе, не ўспамінаючы ранішняй сваркі. Надзя не згадвала назвы няшчаснай кнігі, праз якую ўсё пачалося.

Пасля абеду дзяўчына вярнулася да падлікаў, патрэбных Карыне, а Якуб памыў посуд, адрамантаваў зашчапку на брамцы, скасіў траву і спецыяльным секатарам падрэзаў шарападобную тую, што расла на клумбе пасярод палісадніку.

У другой палове дня яны ўзялі ровары і паехалі на сажалку. Гарачыня не спадала. На беразе тлуміліся людзі, бегалі задыханыя сабакі, верашчалі спацелыя дзеці, на якіх пакрыквалі бацькі. Якуб з Надзяй адразу ўцяклі на сваё месца: бакавымі алеямі абышлі сажалку, перакацілі ровары праз невялікі гаёк і па драўлянай кладцы трапілі на травяністую водмель, якая вясной і восенню ператваралася ў балота. Людзі бывалі тут рэдка. Якуб з Надзяй селі пад ніцай вярбой, чые галіны дакраналіся да паверхні сажалкі і былі такія густыя, што служылі натуральнай заслонай. «Іх месцам» назвала аднойчы гэтую парослую травой пустку Надзя.

Тады акурат скончылася маёўка. На апошні сеанс у кінатэатр яны пранеслі віно. У вялікай зале было ўсяго некалькі чалавек. Якуб з Надзяй селі на апошні рад. Калі святло пагасла, Якуб абняў дзяўчыну і прынік вуснамі да яе рукі. Бутэльку яны адкаркавалі, яшчэ калі ішла рэклама. Надзя схілілася да яго і пачала цалаваць. Калі яна расшпільвала Якубу кашулю, на падлогу ўпаў тэлефон. Хлопец споўз з крэсла, каб навобмацак пашукаць гаджэт. Надзя задрала доўгую сукенку, накрыла ёю галаву Якуба і асцярожна сціснула яго каленямі. Потым аслабіла захват, развяла ногі і прыцягнула хлопца да сябе.

– Хадзем адсюль, – са стогнам прашаптала яна.

Найкарацейшая дарога дадому вяла ўздоўж сажалкі. Паркавыя алеі разыходзіліся мноствам сцежак, адна з іх нырала ў гаёк. Якубу з Надзяй гэта і трэба было – яны прабеглі па траскучай кладцы, трымаючыся за рукі, і зноў апынуліся ля вярбы. Надзя расставіла ногі і абаперлася аб ствол дрэва. Калі Якуб задраў ёй сукенку – паднялася на пальчыкі. Спачатку ён цалаваў выгнутую спіну, а потым укленчыў на траве – прыкусваў ягадзіцы, рассоўваў галавою сцёгны і ўрэшце ўстаў, моцна схапіў Надзю за валасы і прыціснуў да дрэва.

– Гэта юр, Куба. Звярыная пажада, – выдыхнула яна яму ў вуха, калі яны апусціліся на траву.

Якуб усё яшчэ дрыжаў, намагаючыся выраўняць дыханне і не ў стане выціснуць з сябе хоць нешта.

– Ведаеш, чаго я не адчуваю? – неўзабаве спытала Надзя, прыціскаючыся да яго. – Ну вядома, не, не можаш ведаць. Акрамя таго, што мне цяпер цудоўна і спакойна, я не адчуваю ніякага сораму. Нават найменшага. Хаця і падставілася табе, як самка баноба ў цечцы. Мне падабаецца, што ты часам перастаеш быць пяшчотным, ні пра што не пытаеш і бярэш мяне як гаспадар. І я абсалютна гэтага не саромеюся, калі што, – Надзя асядлала яго голы жывот. – І што будзем рабіць? Няўжо пасля гэтага ты зможаш са мной застацца? – спытала яна, удаючы страх, і адразу засмяялася.

Якуб схапіў яе за валасы, прыціснуў да сябе і, пераймаючы тэатральнасць, сказаў:

– У нас праблема. І вырашыць яе трэба тэрмінова, таму што ў баноба няма цечкі. І што цяпер, Надзя? Што цяпер? Як жыць? Ну як? – усклікнуў ён.

– Няма? Праўда? – здзівілася яна. – Вось гэта навіна, я ж са школы памятаю, што ва ўсіх звяроў ёсць цечка. Ды што, баноба хочуць і могуць трахацца круглы год?

Якуб пяшчотна прыцягнуў яе галаву да сябе, пальцамі зачасаў уверх валасы і, прыкусваючы мочку вуха, прашаптаў:

– Менавіта. Баноба хочуць і могуць трахацца круглы год. Проста як я. А яшчэ мухі і камары, – захіхікаў ён. – На шчасце. Бо якая была б з цябе карысць, калі б ты хадзіла са мной у кіно толькі падчас цечкі?

– Ты агідны сэксіст! Але тут кантэкст такі, што дарую, – шапнула яна.

Якуб не памятаў, колькі гадзін яны праляжалі пад вярбой. Звычайна пасля сэксу ён прыціскаўся да Надзі, падносіў яе далонь да вуснаў, слухаў яе пяшчотны шэпт і, так і не здолеўшы хоць нешта сказаць, засынаў. Але гэтым разам было іначай.

Яна паклала галаву яму на плячо, ён накрыў яе пінжаком, і пачалася размова. Надзя апавядала яму пра вербы ў гамбургскім парку, куды бацька вадзіў яе кожную суботу. Яна не памятала, высокія яны былі ці нізкія, раскідзістыя ці тонкія, але памятала, што ў тамтэйшых вавёрак, якія падбягалі, калі яны з бацькам садзіліся на лаўку, вочы былі як у плюшавай цацкі – яе Надзі падарыла бабуля Цэцылія, і ў Надзі яна дагэтуль была, толькі адно вока адвалілася. У моманты вялікай тугі дзяўчына даставала цацку са скрыні, абдымала і ўспамінала вялікія цёплыя рукі бацькі і тых вавёрак. Потым Надзя папрасіла Якуба зноў расказаць ёй пра зоркі з сузор’ямі. Яна паказвала пальцам на нейкую і пытала: «А чаму гэтая такая яркая? А чаму тая мігціць? А вунь тая чаго такая маленькая? А чаму…» Надзя любіла, калі ён расказваў пра Сусвет, пра чорныя дзіры, якія зусім не чорныя, пра звышновыя, падобныя да здымкаў у снэпчаце, што хутка знікаюць, пра галактыкі, якія сутыкаюцца адна з адной або адна адну паглынаюць. Патрабавала, каб ён яшчэ раз патлумачыў, адкуль вядома, што Сусвет пашыраецца і чаму гэта значыць, што кожную ноч людзі глядзяць на зоркі, якія ад іх усё далейшыя. Для Надзі зорнае неба было, як яна аднойчы прызналася Якубу, «нечуванай мастацкай падзеяй, якую ўсе людзі на свеце могуць наведваць штоночы, прычым бясплатна». Яна сцвярджала, што калі б верыла ў Бога, то павіншавала б яго з такой задумай і з такім талентам. Астраномія, касмалогія альбо астрафізіка раней не надта яе цікавілі. Яна лічыла, што калі зоркі запальваюць, то гэта камусьці патрэбна.

Са свайго вербнага схову яны выйшлі ўжо на світанні. У парку з’явіліся першыя раварысты, вясёлыя пенсіянеры з кійкамі і ранішнія бегуны. Якуб і не думаў, што людзей, якія добраахвотна крыўдзяць сябе, устаючы так рана, – аж столькі. Калі праз некалькі дзён яны вярнуліся пад вярбу, ён заўважыў на кары няроўныя драпіны, пакінутыя Надзінымі пазногцямі. Сёння ён крадком зірнуў на дрэва – і яны ўсё яшчэ былі там, хоць прайшло два месяцы. Не такія глыбокія і не такія выразныя, але былі.

Надзя дастала з заплечніка кнігу, легла на траву, паклаўшы галаву Якубу на ногі, і пачала ўголас чытаць пра Грузію.

Гэта яна прыдумала туды паехаць. З палаткай, заплечнікамі, кацялком, без канкрэтнага плана, абмінаючы ўсе турыстычныя месцы моднай апошнім часам Грузіі. Адзінае што – яны хацелі ўсё ж з’ездзіць у Горы, дзе нарадзіўся Сталін, і даведацца, як грузіны, што ўзносяць свабоду (асабліва маладыя, з іх пакалення), ставяцца да гэтага варвара цяпер. Акрамя таго, яны збіраліся ўпівацца мясцовым віном, гутарыць з грузінамі, гаварыць бясконца доўгія тосты, танцаваць да світання і без згрызот сумлення таўсцець ад чурчхелы, пра смак якой хадзілі легенды.

Натхнілі іх на гэта вядомы журналіст з жонкаю, якія так палюбілі Грузію, што ўзялі там шлюб і адгулялі вяселле. Яны захапляльна апісвалі краіну, але, што яшчэ важней, раскрывалі яе інакшасць, адрознасць, менталітэт жыхароў, не спрашчаючы пакручастай гісторыі.

Калі яны вырашылі ехаць, Надзя проста-такі захварэла на Грузію – купляла толькі грузінскае віно, шукала ў сеціве рэцэпты грузінскіх страў, вучыла па ютубаўскіх роліках грузінскую і катавала Якуба песнямі Кэці Мелуа, якая там нарадзілася і толькі ў 90-я, падчас вайны, з’ехала з бацькамі ў Белфаст. Урывак пра дзевяць мільёнаў ровараў у Пекіне і каханне да магілы Якуб ведаў на памяць.

У яго з’явілася ўражанне, што кнігі пра Грузію Надзі зусім не патрэбныя і што калі яна іх і чытае, то толькі праз яго. І яшчэ каб мець нагоду пачаць уласны аповед.

Калі ў 1940 годзе, праз некалькі месяцаў пасля высылкі пад Краснаярск, памерлі ад тыфу бацькі бабулі Цэцыліі, асірацелую дзяўчынку забралі грузінскія сваякі, таксама ссыльныя. Цэцыліі тады было трынаццаць, Марыям, дачцэ сваякоў, – амаль на год болей. Яны зрабіліся найлепшымі сяброўкамі: зімой абняўшыся спалі на печы, летам збягалі са школы, ратуючыся ад гарачыні купаннем у Енісеі, а восенню разам капалі бульбу на ўчастачку перад гумном, якое было іх домам. Ва ўспамінах бабулі Цэцыліі Сібір зусім не была замёрзлым пеклам, якім уяўляла яе большасць палякаў. Калі ў 1947 годзе паўналетняя ўжо Цэцылія атрымала дазвол на рэпатрыяцыю і вырашыла вярнуцца ў Польшчу, мацней за ўсё яна сумавала па Марыям. Прайшло больш за дзесяць гадоў, перш чым ім удалося аднавіць кантакт. Марыям тады ўжо жыла ў Батумі на Чорным моры. Гэта з яе лістоў бабуля Цэцылія ведала, што робіцца ў Грузіі, і расказвала пра ўсё Надзі. У канцы жыцця бабуля пачала слепнуць ад глаўкомы, і ўнучка чытала ёй сяброўчыны лісты. Таму – у сілу абставін – Надзя ведала пра Грузію вельмі шмат. Якуб ніколі не пытаў, як яна дзіцем магла чытаць лісты ад грузінкі, а пра тое, што Надзя бегла размаўляе па-руску, даведаўся зусім выпадкова аднаго суботняга вечара ў канцы сакавіка. У філармоніі.

Білет ляжаў у канверце з лістом. Надзя пісала, што гэты канцэрт – падзея выключная, а ў прыпісцы, як заўжды, дадала: «Я б хацела быць там з табой. Вельмі». Канцэрты ў філармоніі былі для яе чымсьці асаблівым і ўрачыстым, яна выбірала самае элегантнае адзенне, купляла самыя дарагія білеты, цудоўна ведала, хто будзе дырыжорам, хто – салістам, а таксама чаму менавіта гэты, а не якісьці іншы, аркестр сыграе найлепш.

У тую суботу маскоўскім аркестрам дырыжыраваў малады геній з Украіны, а за фартэпіяна сядзела чарнаскурая амерыканка. Надыходзілі ўгодкі смерці Рахманінава, і канцэрт быў прысвечаны яго памяці. Калі падчас антракту яны пілі віно ў фае і Надзя захоплена пераказвала Якубу пакручастую біяграфію кампазітара, да іх падышла маладая дзяўчына з мікрафонам у руцэ. Праз хвіліну паказаўся аператар у абтрапанай скураной куртцы з чырвонай зоркай на грудзях, а за ім – хлопец з невялікім пражэктарам. Дзяўчына ветліва спытала ў Якуба па-англійску, ці не хоча ён пракаментаваць выступ расійскага аркестра для… партала расійскай газеты. Калі ён пацікавіўся назвай газеты і даведаўся, што гэта «Комсомольская правда», то без вагання адмовіўся. Бацька яму расказваў, што ў свой час гэта была «найжаўцейшая дрындушка і рупар савецкай прапаганды». Калі ж дзяўчына звярнулася да Надзі, адбылося нечаканае: Надзя выйшла з-за высокага століка і прыязна загаварыла з журналісткай па-руску. Тая падняла руку і падсунула да Надзі мікрафон, хлопец уключыў пражэктар, а аператар пачаў запіс.

Назад Дальше