– Плачу? Праўда? – адказаў ён, нахіляючы галаву, каб схаваць збянтэжанасць. – Тата мяне ўзрушыў, – дадаў ён, памаўчаўшы. – З табой таксама часам здараецца.
– Тата? Узрушыў? Цябе? – прамовіла яна, і недавер у яе голасе ўзрастаў з кожным словам. – Ясна, сынку, ясна. Дзень сёння такі – людзі ўзрушаюцца. Але пагаворым пра гэта пазней, – шапнула яна і пацалавала яго ў шчаку.
Маці пачала слаць белы абрус на стол, і Якуб ускочыў, каб ёй дапамагчы.
– Я сама. А ты, калі ласка, схадзі надзень што-небудзь прыстойнае замест гэтай зацяганай кофты. Можа, якую кашулю для разнастайнасці? Вось убачыш: і бацька ўзрушыцца – будзеш як банкір, – жартам дадала яна.
За святочны стол Якуб сеў у кашулі. Блакітнай. І ў сінім касцюме з васільковай узорыстай насоўкай, што вызірала з верхняй кішэні. Бацька падазрона паглядзеў на яго, не хаваючы здзіўлення, а мама ціха ўсміхнулася.
Пасля доўгай і пафаснай бацькавай прамовы яны падышлі да ялінкі, каб падзяліцца аплаткай. У мамы, як звычайна, у вачах стаялі слёзы, а бацька марна спрабаваў схаваць хваляванне, калі яны абдымаліся. А потым яны елі, распакоўвалі падарункі, спявалі калядкі.
Якуб думаў пра Надзю. Што яна робіць? Як выглядае? Хто цяпер побач з ёю? Ці чакае яна яго, Якуба? Што будзе сёння ўвечары? Каля дзявятай гадзіны ён забраў з пакоя цяжкі заплечнік з перавязанымі стужкай слоікамі фарбы. Перш чым ён зняў з вешалкі куртку, маці зашпіліла яму верхні гузік на кашулі і, пацалаваўшы, прашаптала на вуха:
– Ты самы прыгожы хлопец, якога я ведаю. Табе трэба часцей касцюм насіць. Неабходна, сынку.
Потым хутка пабегла на кухню, а вярнуўшыся, увапхнула яму ў рукі форму для выпечкі, завернутую ў фольгу, і сказала:
– Куды б ты ні ішоў, макоўнік ніколі не лішні. Калі будзеш начаваць не дома, калі ласка, вярніся да снядання. Без цябе не сядзем. Будзем чакаць. Памятай пра гэта, – дадала яна, цалуючы яго ў шчаку.
Надзін дом пераліваўся агнямі. На ўсіх шыбах зіхацелі падсвечаныя з сярэдзіны ялінкі, блішчалі зоркі і зорачкі на сініх і блакітных небасхілах, караскаліся на балконы святыя Мікалаі ў чырвоных мантыях. У палісадніку на некалькіх голых парэчкавых кустах мігцелі гірлянды. Аднапавярховы фахверкавы дамок на фоне раскошных пяціпавярховых шматкватэрных будынкаў, што акружалі яго з трох бакоў, выглядаў як фрагмент ілюстрацыі з іншай казкі.
– Я ўсё думаю, як жыхарам з «васьмёркі» ўдалося захаваць дом і ўчастак. Па сённяшніх часах гэта альбо гераізм, альбо да чорта грошай. Ведаеш пра гэта што-небудзь? – спытаў малады кіроўца, калі яны спыніліся перад Надзіным домам.
Якуб са здзіўленнем паглядзеў на яго.
– З чаго б мне ведаць?
– Бо я цябе, дружа, ужо васямнаццаты раз сюды вязу, калі паглядзець у гісторыю паездак. Ну, я і падумаў, што ты можаш нешта знаць, – з усмешкай адказаў кіроўца.
– Праўда? – спытаў уражаны Якуб. – А, ну так, гэта ж «Убер». Я для вас кавалак кода пісаў. Усё вы ведаеце. Больш, чым падатковая. І паліцыя нораваў, – ён паківаў галавой. – Крыху ведаю, але гісторыя гэта доўгая і заблытаная, а я вельмі спяшаюся. Раство і ўсё такое. Да таго ж не ўпэўнены, што гэта не падпадае пад закон аб абароне дадзеных. Як і гісторыя паездак. Правільна я кажу, дружа? – ён саркастычна засмяяўся і паспешліва вылез з машыны.
Праз хвіліну ён стаяў на ганку, прыслухоўваючыся. З дому не даносілася ні гуку – там панавала поўная цішыня. Якуб асцярожна пастукаў у драўляныя дзверы чыгунным дзвярным малатком у форме падковы і раптам адчуў дзіўную нервовасць і трывогу. Вось як перад экзаменам. І падумаў, што гэта нейкі ідыятызм.
Нарэшце дзверы зарыпелі, і на парозе асветленай вітальні паказалася Надзя – з бакалам віна ў руцэ, у кароткай чорнай карункавай сукенцы з голымі плячыма, з заплеценымі ў касу валасамі, перавязанымі залацістай стужкай у буйны чорны гарошак. Якуб ніколі раней не бачыў яе такою. Вочы, падкрэсленыя ценямі, падаліся яму неймаверна вялікімі, як і вусны, нафарбаваныя чырвонай памадай. Невядомая яму Надзя. Іншая. Яшчэ і плечы гэтыя голыя. І абрысы грудзей, абцягнутых сукенкай. Помніцца, яна заўважыла яго ступар. Усміхнулася, паднялася на дыбачкі і, далікатна пацалаваўшы ў шчаку, шапнула:
– Нарэшце ты прыйшоў.
Узяла яго за руку і праз вузкі цёмны калідор правяла ў вялікі пакой. Ён адчуў пах старога дрэва і сушаных грыбоў. Пакой асвятляла некалькі бра ў форме падсвечнікаў.
Надзя моўчкі аддала яму свой кілішак і, гледзячы Якубу проста ў вочы, пачала расшпільваць гузікі на яго куртцы. Павольна. Адзін за адным. Было ў гэтым штосьці пачуццёвае і сэксуальнае. Ён застыў на месцы, гледзячы на яе рукі, і ў нейкі момант выпусціў заплечнік, які ціха споўз па яго назе на падлогу. Якуб зарыўся пальцамі ў яе валасы і моцна прыціснуў дзяўчыну да сябе.
– Божа мой! Боршч! Ён мне кухню залье! – раптам усклікнула яна, выслізнула з яго абдымкаў і пабегла да вузкіх дзвярэй.
Якуб агледзеўся. Калі не лічыць аграмаднага дубовага прастакутнага стала на разьбяных ножках, пакой быў цалкам пусты. Пасярэдзіне стала стаяла вялікая ваза з рознакаляровым узорам. Ніводнага крэсла. Уздоўж сцен на падлозе з шырокіх дошак выстраіліся драўляныя аконныя рамы – некаторыя з рэшткамі фарбы, некаторыя падгнілыя, некаторыя з камячкамі масцікі і кавалкамі шыб. На сценах, нібы ў якой галерэі, віселі фатаграфіі. Адзінкавыя – з эфектам сепіі, большасць – чорна-белыя. Самых розных памераў. Маленькія нібыта толькі выцягнулі з альбома і кнопкамі прышпілілі да шпалераў з грубай шэрай тканіны, вялікія ўставілі ў паспарту і драўляныя рамы.
Якуб прыкрыў заплечнік курткай і пачаў паволі праходжвацца туды-сюды, уважліва разглядаючы фатаграфіі. Каля некаторых ён спыняўся даўжэй.
– Давай урэшце зладзім куццю, – раптам пачулася за спінай. – Дом мой потым паглядзіш. Абяцаю, што правяду ўсюды і што гэта не зойме больш за пяць хвілін. Я жахліва галодная. Не хацела сёння есці без цябе.
Ён павярнуўся. Надзя сядзела на стале, трымаючы ў руцэ вялікі драўляны відэлец. На ёй быў кароткі белы фартушок з кішэнькай наперадзе, палоска белай тканіны сцягвала валасы крыху вышэй за лоб. Якуб заўважыў на сцягне белую падвязку. Надзя ўсміхалася яму, гулліва аблізваючы лыжку, і ў галаву прыходзіла якая-небудзь развязная пакаёўка з эратычнага фільма. Надзя саскочыла са стала і спытала:
– Так нармальна?
На кухні яна зняла фартушок і распусціла валасы. Потым пасадзіла Якуба пры авальным століку, накрытым бліскучай узорыстай цыратай. Па ўсім відаць, новай.
Ён памятаў пах такой цыраты з дзяцінства – з паездак да прабабкі, бацькавай бабулі. І так пахла толькі новая. Калі бацькі прывозілі яго на канікулы, прабабуля Леакадыя заўсёды купляла новую цырату «ў хату», а яму, «чарцяняці Кубусю», – кожны год новыя скураныя «пантофлі» і срэбны ланцужок з крыжыкам. Крыжык прабабуля свяціла ў нядзелю «спецыяльна для Кубуся ў пробашча з касцёла на горцы». Якуб да гэтага часу захоўваў пакрытыя пацінай крыжыкі з ланцужкамі ў металічнай каробцы на шафе ў сваім пакоі.
Якуб крадком агледзеўся. Кухня да вар’яцтва нагадвала прабабуліну – тую, вясковую. Нізкая хлебная шафка з адтулінамі, каб праходзіла паветра. Прамасленая падлога з дошак, спярэшчаных сучкамі, з драўляных бэлек звісаюць дыванкі-макаткі, вышытыя цёмна-блакітнымі ніткамі. Адна – са знаёмым любому паляку надпісам пра карысць халоднай вады «Zimna woda zdrowia doda» (акурат такая была ў прабабулі) – у Надзі вісела над белым эмаліраваным тазікам з сінім абадком. У такім самым тазіку прабабуля мыла Якубу ногі, калі ён вяртаўся з поля ўвечары. Ваду яна грэла на вельмі падобнай дрывяной пліце з круглымі чыгуннымі фаеркамі. На кухні ў Надзі на невялікім узвышэнні з аднаго боку стаяла газавая пліта, з іншага – мікрахвалёўка.
Побач з талеркай, дзе ляжала маленькая яловая галінка, і кубкам з духмяным посным баршчом з «вушкамі», над якім падымалася пара, Надзя паставіла парцалянавую місу з варэнікамі, а сама села насупраць. Яны паглядзелі адно аднаму ў вочы, і Якуб убачыў, як твар і шыю дзяўчыны паволі залівае румянец.
– Мне падабаецца, калі ты ў гэтай блакітнай кашулі, дарэчы. Твае вочы тады робяцца яшчэ больш… – яна не дагаварыла і рэзка ўскочыла. – Не, пачакай! Спачатку аплатка. Ну Куба! Стой!
Яна падскочыла да пафарбаванай алейнай фарбай фісташкава-зялёнай шафкі, зняла з верхняй паліцы невялікую талерку, пашчэрбленую і ад старасці спярэшчаную плямкамі, падышла да Якуба і ціха сказала:
– Аплатка ж. Наша першая.
Ён ускочыў з крэсла і зашпіліў гузік на пінжаку. Надзя ўзяла яго руку, пацалавала, а потым паклала ў яе аплатку. Адхілілася, адставіла талерку і, трымаючы аплатку, сказала:
– Слухай, Куба, я ў гэтым не тое каб дасведчаная. Гавару шмат, але аратарка з мяне ніякая. Але зараз хачу сказаць менавіта прамову. Я доўга думала наконт прыдатнага моманту і прыйшла да высновы, што лепшага за сённяшні вечар не будзе.
Надзя змоўкла і зморшчыла лоб. Выгляд у яе быў такі, нібыта яна засяроджана збіраецца з думкамі.
– Я даўно, – нарэшце пачала дзяўчына, – не была на Раство з кімсьці блізкім. Мабыць, таму і забылася на тую аплатку, – з усмешкай дадала яна і тут жа зноў пасур’ёзнела. – Некалькі гадоў таму памерла мая бабуля, і, каб перажыць навагоднія святы, я ўцякала ад іх як мага далей. Не так ад адзіноты ўцякала, як ад успамінаў. Бо адна я заставалася з дзяцінства, таму прывыкла да адзіноты. Ты можаш падумаць, што гэта глупства, бо ўспаміны баляць усюды, няважна, дзе яны цябе захліснуць. Гэта праўда, але больш за ўсё мне балела тут. У гэтым доме. Бо менавіта тут са мной здарылася самае важнае, самае цудоўнае, але і самае жудаснае ў маім жыцці. Таму я пакавала валізу і ўцякала. Бо Раство вось тут было для мяне невыносным. Часам я ўцякала вельмі далёка – думала, што чым далей, тым цяжэй будзе ўспамінам мяне дагнаць. Але гэта не так працуе, гэта дурата выдуманая.
Яна змахнула са шчакі слязу і працягнула. Яе голас дрыжаў.
– Сёлета я дакладна ўцякла б куды-небудзь зноў, але з’явіўся ты. Як нейкі прыхадзень з іншага свету. Спачатку я баялася, што ты з цікаўнасці спыніўся на хвілінку і хутка знікнеш. Баялася, што перарасцеш мяне. Што адзначыш мяне птушачкай, як канікулы, што прайшлі. Але не. Ты не знікаў. Быў. Клапаціўся. Кідаўся да мяне на першы ж покліч. Мужчынская клапатлівасць мяне неймаверна расчульвае і абуджае цудоўныя ўспаміны. Ты быў пяшчотны. І цярплівы. Гэтая твая цярплівасць мне спачатку падабалася, але потым пачала даводзіць да шалу. Ты не спрабаваў узяць мяне за руку ў кіно, не кранаў плячом у тэатры, не накрываў маю далонь сваёю, калі мы пілі каву. Ты шалёна адрозніваўся ад усіх, што былі да цябе. І я раптам заўважыла, што, нягледзячы на гэта, ты – па-свойму нязграбна – паказваеш мне, што без мяне не можаш. Можа, тут мала рамантыкі, але менавіта гэтага жанчынам і трэба. Адчуваць, што без іх не могуць. Толькі брахухі і крывадушніцы скажуць, што не. Я гэта адчула, Якуб, – прашаптала яна. – Аднаго вечара адчула, што ты без мяне не можаш і што я хачу, каб ты клапаціўся пра мяне далей. Пыха? Эгаізм? За адзін вечар, ты падумай! А можа, гэта каханне – ну раптам?
Надзя замаўчала, апусціўшы галаву, нібыта саромеючыся таго, што сказала. Але неўзабаве зноў ускінулася і, гледзячы Якубу ў вочы, дадала:
– Гэта для цябе, мабыць, дзіўна, але ў мяне нікога блізкага няма на цэлым свеце. Акрамя цябе. Шчаслівых свят, Якуб.
Ён зусім не чакаў такіх слоў. Якуб памятае, што дакладна хацеў нешта сказаць. Хацеў сказаць, што сёння вельмі-вельмі чакаў яе. Што чакаў доўга-доўга і што тая яго цярплівасць была ад страху яе, Надзю, страціць. Што тады на прыпынку, калі яны вярталіся з тэатра, ён сказаў найпраўдзівейшую праўду. І, магчыма, ён можа жыць без яе, але ранкам, прачынаючыся, пра яе ён думае найперш. А потым зноў пра яе і зноў. І так цэлы дзень, пакуль не засне. І нават пасля таго як засне, бо часта яе сніць. Калі гэта сведчыць пра тое, што ён без яе не можа – то так, дакладна не можа.
Ён хацеў сказаць Надзі шмат чаго яшчэ, але яна не дазволіла, бо паднялася на дыбачкі і пачала яго цалаваць. Абхапіла ягоны твар далонямі і цалавала, часам прыкусваючы вусны і язык. Потым расшпіліла гузік на пінжаку і запусціла рукі пад Якубаву кашулю. Ён не адкрываў вачэй, адчуваючы, як яна дрыжыць; у галаве круцілася. Калі ён паспрабаваў вуснамі пацягнуць верх сукенкі, Надзя прашаптала яму на вуха:
– Куба, зладзім куццю пазней, добра?
Ён не памятае, ці адказаў хоць нешта. Усё адбылося так хутка… Надзя ўзяла яго за руку, яны пабеглі праз пакой з фатаграфіямі, ён спатыкнуўся аб заплечнік, упаў, яна дапамагла яму ўстаць. Яны забеглі на вузкую рыплівую лесвіцу – яна крута вілася і заканчвалася прастакутнай адтулінай, якая, падалося Якубу, праз люк выводзіла на дах. Калі ён высунуў галаву ў тую адтуліну, Надзя падала яму руку, зацягнула наверх, і ён апынуўся ў пакойчыку на паддашшы. Вялізная грушападобная лямпачка, што звісала са столі на доўгім дроце, рассейвала аранжавае святло. У пакоі пахла апельсінамі – Якуб да сёння не ведае чаму. За некалькі метраў ад люка на двух «паверхах» палетаў з неапрацаванага дрэва ляжаў тоўсты матрац, накрыты зеленаватай тканінай. Надзя стала побач з ім і зняла сукенку. Калі Якуб наблізіўся, яна павярнулася спінай і расшпіліла станік.
Гэта быў іх першы раз. Шалёны, прагны, дзікі, нязграбны. З тых пятнаццаці хвілін Якуб памятае сваё зачараванне Надзінай аголенасцю, смак скуры і вільгаці паміж яе сцёгнамі, свае дрыготкія пальцы, што блукалі ў яе валасах, калі яна ўкленчыла перад ім. Апрача гэтага – зусім няшмат. І ў той жа час добра памятае пазнейшую пяшчоту, калі яны, абняўшыся, спляталі пальцы, дакраналіся да твараў, гладзілі па валасах, прытуліўшыся. Памятае, што збольшага яны маўчалі, зрэдку вышэптваючы асобныя словы. У пэўны момант Надзя адсунулася на край матраца і пачала шнарыць рукою па падлозе. Грушападобная лямпачка паволі згасла. У цемры Якуб пачуў крокі, а потым убачыў на іншым канцы пакоя Надзін твар, трохі падсветлены экранам тэлефона. Паддашша напоўніла музыка.
– Не памятаю калі, але аднаго вечара мне вельмі захацелася паслухаць гэта з табою ў ложку, – сказала яна, кладучыся на жывот побач з Якубам. – Ведаеш такое? – спытала яна праз хвіліну.
Якуб дачакаўся чарговага прыпеву і ціха зацягнуў:
Застанься, не шукай таго, што маеш,Застанься і нічога не кажы.
Надзя прыпаднялася, паклала яго руку сабе пад грудзі і пачала падпяваць. Калі музыка сціхла, Якуб сказаў:
– Гэта старая песня Кортэза. Мабыць, вельмі старая. Неяк я заспеў маму ў слязах – яна на паўторы слухала гэта на ютубе. Папрасіла, каб я ёй гэта званком на тэлефон паставіў. Так і стаіць. А потым яна мяне на яго канцэрт павяла. Яна мяне, а не я яе, уяўляеш? – ён засмяяўся. – Гэта быў нейкі маленькі клуб, яна і там рыдала. На сцэну выйшаў непрыкметны худы хлопец у чорным балахоне, трэніках і кепцы, павітаўся ціхім «добры вечар», за наступныя паўтары гадзіны ўсхваляваў усіх да аднаго, а потым гэтак жа нясмела развітаўся і знік. Выходзячы, усе спявалі радкі з яго песень.
– Твая мама? – здзіўлена ўсклікнула Надзя. – А ты пытаў, чаму яна плакала? – ціха спытала дзяўчына і, не чакаючы адказу, адвярнула галаву і змоўкла.
Якуб схіліўся над ёю і пачаў цалаваць спіну. Менавіта тады ён упершыню дабраўся да той чароўнай выпукласці над азадкам. Паддашша па-ранейшаму поўніў смуткам Кортэз, а яны другі раз, гэтаксама прагна, гэтаксама шалёна кахаліся на матрацы.
Якуб памятае, што яго абудзіў надакучлівы холад. Ён падняў галаву. У запацелай шыбе віднеліся невыразныя абрысы. Аголеная Надзя нерухома стаяла спінай да яго, выцягнуўшы ўверх рукі, за шклянымі дзвярыма балкона. На паддашшы панавала ціша, на вузкім падаконні дрыжалі ад ветру вогненныя языкі свечак.