– Што здарылася? – спалохана крыкнуў Якуб.
Спачатку яна не адрэагавала, але неўзабаве зайшла ў пакой, нахілілася, падняла сукенку і пачала адзявацца. Потым падышла да яго, села на край матраца, паклала галаву Якубу на жывот і прашаптала:
– Цудоўная ноч. Шмат зорак, таму першая таксама мусіць там быць. Наша куцця працягваецца. Поўнач яшчэ не надышла.
Яны ляжалі і маўчалі. Якуб услухоўваўся ў гукі за акном і адчуваў скураю цяпло яе дыхання. Пяшчотна гладзіў кончыкамі пальцаў яе шчокі, лоб, вусны, павекі.
– Надзенеш што-небудзь, каханы? – раптам спытала Надзя, падняўшы галаву. – А я падагрэю варэнікі і боршч. Толькі зашпілі мне кручкі ззаду, добра? – папрасіла яна і села на край матраца.
Ён памятае, як дрыготкімі пальцамі нязграбна шукаў кручок і ўсхвалявана думаў пра гэтае «каханы», якое толькі што прагучала. Так нечакана. Столькі блізкасці ў адным слове.
Яны вярнуліся на кухню і зноў селі адно насупраць аднаго: яна – у карункавай сукенцы, ён – у пінжаку, зашпіленым на адзін гузік. Яна паставіла перад ім міску з гарачымі варэнікамі, а на талерку з яловай галінкай – кубак баршчу. Усё было як тады, калі Надзя пусціла яго ў дом. Нібыта з таго часу нічога не здарылася. А здарылася ж так шмат. Толькі кавалкі разламанай аплаткі на цыраце, якая пахла як новая, нагадвалі, што яны сядзяць за сталом не ўпершыню. Іншыя. Зусім іншыя.
Яны размаўлялі. Пра ўсё, акрамя таго, што падчас іх першага Раства адбылося на паддашшы. Жартавалі, фліртавалі, успаміналі. Якуб памятае, што, калі ў місцы не засталося варэнікаў, Надзя ўзяла з лядоўні рыбу і на маленькай патэльні пасмажыла філе карпа. «Што за Каляды без карпа!» – абвясціла яна, калі ён папрасіў яе не ўставаць з-за стала.
У нейкі момант ён неабачліва спытаў, навошта Надзя сюды ўцякла і чаму яна цяпер не з бацькамі. Дзе яны святкуюць? Чаму не з ёю? І памятае, што пасля гэтага яна доўга глядзела на яго, нібыта штосьці вырашаючы. Раптам ускочыла, дастала з лядоўні дзве бутэлькі белага віна і моўчкі паставіла на стол. Знайшла ў буфеце дзве высокія шклянкі. Наліла да краёў. Не чакаючы Якуба, адным глытком напалову спаражніла сваю. І пачала гаварыць. Спакойна, часам манатонна, нервова скрабучы цырату, часам падымаючы галаву, каб праверыць, колькі віна засталося ў шклянцы, альбо крадком зірнуць у вочы Якубу. Ён не перарываў і ні пра што не пытаў – моўчкі, засяроджана слухаў яе аповед, якога абсалютна не чакаў. У тым аповедзе пра смерць было больш, чым пра жыццё. Часам ён нямеў, часам – дранцвеў. Надзя заўсёды была вельмі канкрэтная і нават калі трохі адступала ад сутнасці, то пасля ўсё адно вярталася да тэмы. Такою засталася і падчас свайго каляднага маналогу: паслядоўна адказвала на пытанні Якуба, адначасова расказваючы сваю біяграфію. Раз-пораз яна пачынала фразу са слоў «маці тады не было, бо…» ці «таткі тады не было, бо…», «я ўцякала, таму што…». І тады яе голас зрываўся, яна сціхала. Але толькі на хвіліну. Потым яна рабіла глыбокі ўдых і вярталася да спакойнага тону. Калі Надзя скончыла і ў кухні павісла маўчанне, дзяўчына пацягнулася па віно. Якуб глядзеў, як яна павольна, не спяшаючыся, глыток за глытком, п’е. Ён бачыў яе ашклянелыя ад слёз вочы і руку, якая дрыжала так моцна, што віно цякло па пальцах. Дапіўшы, Надзя прычасала валасы пяцярнёю. Потым устала, падышла да Якуба, села яму на калені, пацалавала ў вусны і сказала:
– А цяпер абдымі мяне і крыху памаўчы.
Яна паклала галаву яму на плячо, ён моцна абняў яе, і так яны сядзелі нейкі час. Урэшце Надзя ўзяла Якуба за руку, і яны вярнуліся на паддашша. І толькі там, у цемры, ён пачаў задаваць пытанні, прасіў расказаць падрабязней і растлумачыць. Прасіў прабачэння, калі яна пачынала плакаць. Спаць яны пайшлі толькі пасля чацвёртай. Якуб сказаў Надзі, што да снядання хоча вярнуцца дадому, і яна завяла вялізны старамодны будзільнік, які аглушальна цікаў, на ўсякі выпадак паставіўшы яго на стале, далёка ад матраца.
Прачнуліся яны без будзільніка. Якуб адчуў, што яго цалуюць у павекі, і адразу пасля гэтага – водар кавы. Завярнуўшыся ў адну прасціну, яны пілі на балконе каву з эмаліраваных кубкаў, моўчкі назіраючы за людзьмі, што спяшаліся ў касцёл. Калі Якуб сыходзіў, Надзя адбегла ад парога і вярнулася з дыскам Кортэза.
– Уключы яго маме сёння. Паміж калядкамі, – сказала яна, кладучы дыск у пусты заплечнік. Потым абняла і пацалавала хлопца, усунуўшы яму ў руку ключ і заціснуўшы пальцы.
– Прыходзь сюды як мага часцей, – прашаптала яна. – Але цяпер ідзі. Табе нельга спазняцца.
Калі ён зачыняў крывую брамку, Надзя крыкнула ўслед:
– Шчаслівых свят, Куба!
У трамваі Якуб разгледзеў стары масянжовы ключ, які яна яму ўвапхнула, і прычапіў да звязкі сваіх. Ён быў цяжкі, нашмат большы за астатнія, нязручны, да таго ж адцягваў кішэнь. І ўсё адно Якуб вырашыў ніколі з ім не расставацца.
Для яго гэта было нешта большае, чым проста ключ. У дзяцінстве ён насіў вельмі падобны падчас летніх канікул над Бугам у прабабулі Леакадыі. Калі прабабуля пад вечар ішла ў касцёл «на горцы» (а яна хадзіла туды штодня) і яму ўдавалася вымаліць дазвол застацца і гуляцца з катамі на падворку ці ў закінутай стайні, яна ўручала яму вось такі ключ на доўгім скураным раменьчыку, наказваючы «не пускаць бандытаў на гаспадарку». Якуб радасна і пераканаўча ківаў, вешаў ключ на шыю, хаваў яго пад фланелевую кашулю, а прабабуля Леакадыя спускала з ланцуга кульгавую шалудзівую аўчарку Тосю, якая ледзь віхляла хвастом ад старасці. Потым падпірала каменем высокія дзверы хлява, дзе трымала карову Бялянку, і вешала замок на вароты ў канцы жвіровай сцежкі. Сляпая на адно вока Тося абыходзіла вароты, адшуквала першую-лепшую дзірку ў агароджы з іржавага дроту і нейкі час павольна чыкільгала за прабабуляй палявою дарогай, тужліва выючы. А потым вярталася, задыханая, доўгім ружовым языком выхлёбтвала ўсю ваду з бляшанай міскі і хавалася ў драўлянай будцы, накрытай кавалкамі руберойду. Нейкія там бандыты яе абсалютна не цікавілі. Так і скрэблася ў будцы, пакуль не вярталася прабабуля Леакадыя.
Ключом, які ён атрымаў ад Надзі, Якуб так ні разу і не адчыніў дзверы. Не хацеў. Яму падабалася стукаць чыгуннай калатушкай і чакаць, што Надзя з усмешкай адчыніць яму сама, прытуліцца да яго, пацалуе, вітаючы, паглядзіць у вочы і запросіць у дом, прагна шэпчучы: «Ну заходзь ужо». І ўсё адно той ключ быў заўжды пры ім. Уклаўшы яго Якубу ў руку тым калядным ранкам, Надзя дала яму зразумець, хто ён для яе. Гэта было лепш за любое прызнанне.
Пасля той куцці ён наведваў дамок пад нумарам восем рэгулярна. Калі яны абое былі ў горадзе (што здаралася нячаста, бо Надзя шмат падарожнічала), Якуб прыходзіў у пятніцу пад вечар, і яны жылі разам аж да нядзелі. Менавіта так – жылі разам. Дзве ночы і амаль тры дні – бесперапынна побач адно з адным. Не адыходзячы настолькі, каб нельга было пачуць голас іншага. Як пара ў нядзельным шлюбе, якіх навокал рабілася ўсё больш.
А з панядзелка да пятніцы яны пісалі адно аднаму лісты. Не электронныя – звычайныя, папяровыя, якія прыносіў паштальён. З Надзяй гэта зусім не вязалася, бо яна была тыповай прадстаўніцай пакалення Z, мела акаўнты ў фэйсбуку, інстаграме, ватсапе ды яшчэ і твіціла. У яе было тры пошты: адна на Gmail, адна ўніверсітэцкая і яшчэ адна – на нямецкім GMX. Яна цярпець не магла цягацца па крамах, таму большасць пакупак рабіла праз інтэрнэт, і прадуктаў гэта таксама датычыла. У банку яна была адзін раз – з пашпартам, калі заводзіла рахунак. Яна перайшла на электронныя кнігі, калі яе спальня на паддашшы перастала змяшчаць паліцы, а «кнігі ў падвал я аднесці не змагу, бо гэта як пахаванне, ды і месца там няма ўжо».
І раптам гэтая дзяўчына з залежнасцю ад TCP/IP, вайфаю, GSM, NFC і яшчэ некаторых скаротаў пачала дасылаць Якубу сапраўдныя лісты. Немагчыма мілымі крамзолямі яна пісала пяшчотныя словы на высакаякаснай паперы з паштовага набору, слініла папяровыя маркі, клеіла на сапраўдныя канверты і ішла кінуць іх у скрынку, каб паспець да «гадзін вымання». Для пэўнасці Надзя сфатаграфавала скрынку на тэлефон і паставіла апавяшчэнне на пятнаццаць хвілін перад кожным выманнем. Якуб чакаў гэтых лістоў, якія мама клала яму на стол, адказваў у той жа дзень, слініў маркі і таксама бег да скрынкі. Ягоная лічбавая Надзя зрабілася рамантычна аналагавай. «Хачу, каб у мяне засталося штосьці ад цябе, нават калі ў свеце знікне электрычнасць», – сказала яна яму аднойчы, калі ён прыйшоў раней і ўбачыў яе з канвертам у руках.
Неўзабаве ў іх сумесным жыцці з’явіліся рытуалы.
Можа, і не зусім рытуалы, але сцэнарый, што паўтараўся. У пятніцу, калі Якуб прыходзіў, яны найперш кахаліся, часам – на матрацы ў яе пакойчыку, часам – на кухні, часам – у цесным ванным пакоі за тонкай, абклеенай вадастойкімі шпалерамі перагародкай пад скосам даху. Але ніколі – у цёмным пакоі з фатаграфіямі на першым паверсе. Потым сядзелі за сталом на кухні, размаўлялі да поўначы і ўрэшце ішлі на паддашша, каб, абняўшыся, паглядзець які-небудзь серыял на «Нэтфліксе» ці HBO. Якуб любіў хадзіць з Надзяй у кіно, але кіно на матрацы мела істотную дабаўленую вартасць. Бо «на стрымах», як казала Надзя, можна было ў любы момант пачаць абдымацца і цалавацца. Альбо раздзявацца.
Часам яны спрачаліся, што глядзець. Якуб памятае, што неяк паўстаў выбар паміж «Breaking Bad» і «Вавілон-Берлін». Надзя – мабыць, ад настальгіі – заўсёды хацела пра Берлін. Геніяльны прадукт. Відовішчны. Скрупулёзна ўзноўленая рэчаіснасць змрочных часоў Веймарскай Рэспублікі. Яшчэ і ў напружанні трымае, увесь – нібыта нацягнутая цеціва лука. Бясспрэчны шэдэўр. Дарэчы, першы нямецкі фільм у ягоным жыцці. У сваю чаргу, «Breaking Bad», хоць і пастаўлены з меншым размахам, асацыяваўся ў Якуба з цецівой арбалета, бо напружанне было значна большае. Менавіта дзякуючы гэтаму серыялу ён не тое каб палюбіў хімію, але, скажам так, упершыню добраахвотна да яе падышоў. Напрыклад, вывучыў на памяць усе (!) абазначэнні элементаў. У школе ніколі не выходзіла. Надзя вельмі весялілася, калі пасля чарговай серыі ён споўз з матраца, стаў перад ёю на зважай і без замінкі адтарабаніў усю перыядычную сістэму. Элемент за элементам. Атам за атамам. Горды і задаволены сабой, ён чакаў здзіўлення і заслужанай ухвалы, але яна толькі паківала галавою і, прыкідваючыся расчараванай, сказала:
– А дзе масковій, хлопча? А ніхоній дзе, не кажучы ўжо пра тэнесін і аганесон? Ты праспаў прагрэс у хіміі! У 2016-м у мендзялееўскай сямейцы з’явіліся чатыры новыя хлопчыкі. Зараз жа вярнуўся ў ложак і давучыў, – загадала яна, грозячы яму пальцам.
Надзя, гуманітарый па прыродзе і перакананнях, хімію шалёна любіла і надзіва добра яе ведала. Спачатку Якуб лічыў гэта цікавым парадоксам, але цяпер думаў іначай. Надзя меркавала, што альбо стваральнік свету не быў біёлагам, альбо, калі ніякага стваральніка не было (у чым яна, дарэчы, была ўпэўненая), «эвалюцыя таксама была спецыялісткай не ў біялогіі, а ў хіміі, бо ўся гэтая нечуваная разнастайнасць сусвету, уключна з блакітам тваіх вачэй, можа быць толькі хіміяй, пераапранутай у біялогію».
А гісторыю, якая так захапіла Якуба ў «Вавілон-Берлін», Надзя, як ні дзіўна, цярпець не магла. Улічваючы яе спецыялізацыю, яна мусіла гісторыю ведаць і несумненна ведала яе лепш за іншых, а веды Якуба ў параўнанні з ейнымі былі мікраскапічнымі. Можа, менавіта таму Надзя так часта паўтарала, што гісторыя са школьных і ўніверсітэцкіх падручнікаў – гэта перапісаная і размножаная змова палітыкаў, а чыняць змовы часцей за ўсё палітыкі, якія пакутуюць на хранічны нарцысізм. А такіх палітыкаў большасць. Вось і атрымліваецца, што да пагрозы, ад якой нібыта толькі яны маглі ўратаваць свайго ўладара і свет, у гісторыю ўплятаецца фарс, гратэск і ўсюдыіснае ідалапаклонства. А ўсё таму, што гісторыю заўжды пішуць пераможцы, ап’янёныя перамогай, якая ім часткова глузды адбіла. Вядома, здараецца, што высакародныя палітыкі перапісваюць нешта на свой манер (хаця, на думку Надзі, вельмі рэдка, а «высакародная палітыка – гэта ўвогуле аксюмаран»), адсейваюць найгоршую дурату папярэднікаў, і ў гісторыю прасочваецца трохі праўды. Часцей за ўсё гэта адбываецца выпадкова, калі яны ўспамінаюць памылкі тых папярэднікаў.
Пра палітыку Надзя гаварыла рэдка, а калі ўжо гаварыла, то сцісла, з горыччу і чужой яе мяккаму характару злосцю. З самага пачатку так званых «перамен да лепшага» ў Польшчы яна адчувала да палітыкі антыпатыю, што межавала з агідай: не глядзела тэлевізар, не хадзіла на палітызаваныя парталы, слухала толькі нямецкія інфармацыйныя радыёстанцыі, пазбягала газет, ізалюючыся ад іх як ад «ментальнай заразы». Увогуле ад усіх, незалежна ад таго, з якога боку барыкады лілася прапаганда. Аднойчы прызналася, што абыходзіць крамы і кіёскі, якія выстаўляюць вонкі стойкі з газетамі, – «каб адтуль раптоўна не выбег які-небудзь пацук са скандальным загалоўкам у пашчы». І нягледзячы на гэта, Надзя да дробязей ведала, хто, каго і як «падсмажвае на дзяржаўным грылі», – ведала, бо вельмі хацела ведаць. Яна не выбрала эскапізм, як многія з яе пакалення, – усё гэта яе вельмі хвалявала.
І часам хвалявала так моцна, што астатняе пераставала мець значэнне. Надзя бегала пратэставаць ля судоў, разам з жанчынамі ў чорным раскрывала парасон, адзявала помнікі ў майкі з надпісам «Канстытуцыя». Яна лічыла, што так правільна, што нельга заставацца ўбаку, бо гэта і яе краіна таксама і «тата зрабіў бы тое ж». І таму, напрыклад, не згаджалася з «тым хлопчыкам», што спяваў: «Не хачу жыць палітыкай. Маршыруйце па горадзе, біце ў ладкі, а я дочкам згатую вітаміннай салаткі». Тое, што ў гэтага «фердамт Паўліка Дамагалы, таксама міленіяла, толькі крышку старэйшага за мяне», аж пяцьдзясят шэсць мільёнаў праглядаў на ютубе, было для Надзі «верхам канфармізму». «Ну так, самае важнае – гэта ж чарка, скварка і вітамінная салатка». І калі Надзя так казала, Якуб выразна чуў злосць, што вібрыруе ў яе целе і голасе.
Акурат што да ўцёкаў іх пакалення ад палітыкі ён не зусім падзяляў Надзіны погляды. Не для ўсіх меў значэнне дзяржаўны цырк на Вейскай вуліцы2. А калі іх нават гэта і абражала, абурала і выклікала агіду, то часу, сілы, жадання і энергіі на тое, каб змагацца з палітычнай павесткай, ім не хапала. Бо ўсе сілы, уся энергія і ўвесь час ішлі на барацьбу са штодзённасцю. Не ўсім студэнтам жылося так добра, як Якубу. Дах над галавою, адно сняданне на стале, другое ў заплечніку, некалькі соцень злотых на шакаладкі штомесяц плюс неабмежаваная сума на кнігі, а калі трэба – то і на падарожжы з гаджэтамі. Сапраўдная ідылія, калі параўнаць яго з аднакурснікамі, якія засыналі на лекцыях, бо леглі а чацвёртай не таму, што да ранку гулялі, а таму, што працавалі ў начную змену ў KFC ці «Макдоналдсе». Але найгорш было тым, хто даўно адвучыўся: яны рабілі ўсё што можна, каб не вяртацца ў родныя вёскі і гарадкі без будучыні. «Шчасліўчыкі», якія здолелі ўладкавацца ў карпарацыю. Па руках і нагах звязаныя крэдытамі, ноччу яны дадаткова працавалі кіроўцамі на «Уберы», бо адказвалі за сем’і, якія стварылі, і за будучыню дзяцей, якіх прывялі на свет.
Але разам з тым адстароненасць ад палітыкі і замыканне на ўласных справах часта прапагандавалі маладыя людзі, якія змаглі зрабіць кар’еру ў СМІ. Прычым не толькі нікчэмныя селебрыці, якія апошнім часам, каб дадаць сабе значэння, пачалі называцца інфлюэнсерамі, але і больш-менш паважаныя творцы, людзі, якія чагосьці дабіліся. Напрыклад, «фердамт Паўлік-вымагала, ці як там яго» – так аднойчы назвала яго раззлаваная Надзя, – той, з «салаткай для дачок» і дзясяткамі мільёнаў праглядаў пад прома-ролікам новага альбома. У адрозненне ад Надзі, Якуб гэтую песню любіць. І нават лайкнуў вышэйзгаданага Паўліка, бо гэта ж цудоўна праспяваная гісторыя пра дарослае каханне. Больш за ўсё яго хваляваў урывак: «Прыгод не шукаю, бо цябе спаткаў – найлепшую прыгоду, што мне Бог спаслаў (алілуя)». І, шчыра кажучы, пасля гэтага прызнання ў каханні і далейшага «Не хачу жыць палітыкай. Маршыруйце па горадзе…» Якуб, задумаўшыся, нават не заўважыў таго крэда канфарміста праз два радкі («У мяне ёсць усё, ёсць усё, і ты, і дачушкі, і больш я нічога не вінны»). Хаця мусіў жа заўважыць, бо часта напяваў гэта сабе пад нос. Ён памятае, што аднойчы, абараняючы спевака Паўліка, падзяліўся сваім меркаваннем з Надзяй, на што тая, хвіліну падумаўшы, сказала, што лічыць тэкст гэтай «рамантычнай песенькі» страшна інфантыльным, хаця, магчыма, і перабольшвае.